СДЕЛАЙТЕ СВОИ УРОКИ ЕЩЁ ЭФФЕКТИВНЕЕ, А ЖИЗНЬ СВОБОДНЕЕ

Благодаря готовым учебным материалам для работы в классе и дистанционно

Скидки до 50 % на комплекты
только до

Готовые ключевые этапы урока всегда будут у вас под рукой

Организационный момент

Проверка знаний

Объяснение материала

Закрепление изученного

Итоги урока

К 110-летию со дня рождения рождения Алексея Михайловича Кулаковского, белорусского прозаика (1913-1986)

Категория: Внеурочка

Нажмите, чтобы узнать подробности

Просмотр содержимого документа
«К 110-летию со дня рождения рождения Алексея Михайловича Кулаковского, белорусского прозаика (1913-1986)»

24 СНЕЖНЯ 2023 ГОДА СПАЎНЯЕЦЦА 110 ГАДОЎ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ АЛЯКСЕЯ МІХАЙЛАВІЧА КУЛАКОЎСКАГА,

БЕЛАРУСКАГА ПРАЗАІКА, ЗАСЛУЖАНАГА РАБОТНІКА КУЛЬТУРЫ БЕЛАРУСІ З ВЁСКІ КУЛАКІ САЛІГОРСКАГА РАЁНА

(24.12.1913-09.04.1986)









«І ЖЫВЕ ТВОЙ РАДОК, І ЖЫВЕТ ТВАЕ СЛОВА»

Агляд творчасці

Кулакоўскі Аляксей, нарадзіўся 24.12.1913 г. у вёсцы Кулакі Салігорскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1931 г. скончыў Рагачоўскую прафтэхшколу і некаторы час загадваў дрэваапрацоўчай арцеллю ў Касцюковічах на Магілеўшчыне. З гэтага ж года перайшоў на журналісцкую работу - адказны сакратар шматтыражкі, загадчык аддзела клімавіцкай раённай газеты «Камуна», адказны сакратар жлобінскай раённай газеты «Шлях сацыялізма», а са жніўня 1934 г. - намеснік загадчыка аддзела газеты «Чырвоная змена». У 1936-1939 гг. вучыўся ў Менскім настаўніцкім інстытуце, пасля заканчэння выкладаў у Цяцерынскай сярэдняй школе на Магілеўшчыне. У канцы 1939 г. быў прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны - камандзір узвода, камандзір роты (Сталінградскі, Украінскі франты). Быў тройчы паранены. Пасля дэмабілізацыі (1945) працаваў загадчыкам аддзела ў газеце «Сталинская молодежь», у часопісе «Беларусь», адказным сакратаром газеты «Літаратура і мастацтва». У 1953-1958 гг. - галоўны рэдактар часопіса «Маладосць». Быў намеснікам адказнага сакратара, адказным сакратаром праўлення СП БССР (1965-1976). У 1977-1986 гг. - дырэктар Літаратурнага музея Янкі Купалы. У 1972 г. у складзе дэлегацыі БССР прымаў удзел у рабоце XXVII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Сябра СП СССР з 1947 г.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі «Знак Пашаны», Дружбы народаў і медалямі.

Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1974).

Памёр 09.04.1986 г.

Да вайны выступаў як журналіст. Першае апавяданне надрукаваў у 1945 г. Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Сад» (1947), «Гартаванне» (1949), «На возеры» (1950), «Новыя сустрэчы» (1950), «Хораша ўзыходзіць сонца» (1952), «Незабыўнае рэха» (1956), «Да ўсходу сонца» (1957), «Дабрасельцы» (аповесць, 1958, часопіс «Маладосць»), «Тут я жыву» (1960), «Зоркі салігорскія» (нарысы, 1960), «Салігорцы» (нарысы, 1964), «Першае чаканне» (1965), «Расце мята пад акном» (1966), «Чыстая мураўка» (апавяданні і гумарэскі, 1968), «Твой шлях перад табою» (1968), «Родныя шыроты» (1978), «Аповесці і апавяданні» (1979), «Белы сокал» (1985), «Тры зоркі» (1988), раманаў «Расстаёмся ненадоўга» (1955), «Сустрэчы на ростанях» (1962), «Васількі» (1981). У 1970-1971 гг. выйшаў Збор твораў у 4 тамах, у 1984 г. - Выбраныя творы ў 2 тамах. Для дзяцей выдаў зборнік апавяданняў «На возеры» (1950), кнігу аповесцей «Белы сокал» (1985). Па матывах аповесці «Нявестка» А.Макаёнкам напісаны сцэнарый мастацкага фільма «Шчасце трэба берагчы» (пастаўлены ў 1958).


Зрабіў літаратурны запіс кнігі В.Казлова «Людзі асобага складу» (1952). Пераклаў раманы Ш.Рашыдава «Мацней за буру» (з П.Кавалёвым, 1963) і Р.Файзі «Яго вялікасць Чалавек» (1978).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1986, пасмяротна) за творы літаратуры і мастацтва для дзяцей, за кнігу аповесцей «Белы сокал».

Кожны чалавек, у тым ліку і пісьменнік, у большай ці меншай ступені звязаны са сваім часам. Ён нясе гэты час у думках, пачуццях, выяўляе ў дзеяннях, учынках, справах. Са сваім часам, бягучым працэсам жыцця даволі цесна быў знітаваны і вядомы беларускі празаік Аляксей Кулакоўскі. Нярэдка ён трапляў у палон ідэалагічных міфалагем, падпадаў пад моцны ўплыў кан'юнктуры. Але справядлівым будзе сказаць, што гэты пісьменнік валодаў здаровым сэнсам, мужнасцю і, відаць, вышэй, чым сярэднім талентам. Гэта аберагала яго ад таго, каб не заставацца ўкленчаным нявольнікам зменлівых і няўстойлівых запатрабаванняў бягучага моманту.

«Сярэдні талент», як заўважае Гётэ, «заўсёды (разрадка мая — В. Ж.) трапляе ў палон свайго часу і міжвольна жывіцца закладзенымі ў ім элементамі». Пра А. Кулакоўскага гэта не скажаш. Аддаючы даніну (іншы раз вялікую) вузка кан'юнктурнаму фактару, ён часта быў сур'ёзным «парушальнікам спакою», узбуджальнікам крытычнай тэндэнцыі ў літаратуры і прыхільнікам аб'ектыўнасці, якая падточвала звыклыя схемы і догмы і дапамагала пракладваць дарогу праўдзе.

У той момант, калі побытавая сфера жыцця адсоўвалася ў літаратуры на задні план, А. Кулакоўскі выступіў у друку з аповесцю «Нявестка» (1956), у якой на матэрыяле бытавой рэальнасці паставіў складаныя сацыяльна-псіхалагічныя пытанні і таленавіта паказаў, што ў праявах жыццёвых будняў мастацкае слова можа знайсці сабе багатую спажыву для праблемнай размовы пра лёс чалавека і грамадства. У шэрагу выпадкаў яму ўдалося тут глыбей і паўней, чым некаторым іншым пісьменнікам, раскрыць праблему гуманізму і засяродзіць увагу на тым, што галоўнай, прыярытэтнай задачай дзяржавы з'яўляецца клопат пра самага звычайнага, простага чалавека.

Глыбока спачуваючы гэтаму чалавеку, А. Кулакоўскі падчас зусім нечакана для ўладнага афіцыёзу станавіўся смелым і прынцыповым выкрывальнікам сур'ёзных хібаў у тагачасным жыцці. Трэба было валодаць сумленным і мужным талентам, каб у перыяд шырокага панавання ў літаратуры ружовых уяўленняў аб цяжкім, складаным жыцці калгаснай вёскі асмеліцца сказаць суровую, горкую, непадмалёваную праўду ў вядомай аповесці «Дабрасельцы» (1958).

Найперш іменна такія творы А. Кулакоўскага, як «Нявестка», «Дабрасельцы», апавяданні «Сад», «Нямко», «Кватаранты», «Гарэў аганёк», «Дванаццаты жорсткі», з'яўляюцца прыкметным мастацкім набыткам аўтара і адначасна жывой часцінкай нашай літаратурнай гісторыі.

Аляксей Мікалаевіч Кулакоўскі нарадзіўся 24 снежня 1913 года ў вёсцы Кулакі Салігорскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і. Вучыцца, як заўважае пісьменнік, ён пачаў «змалку, але не ў школе, а дома». Авалодваць азамі граматы дапамагала яму маці, «якая трохі ведала літары, а пісаць не ўмела зусім», і бацька, які «іншы раз прывозіў з мястэчка кніжкі». Праходзіў ён хатнюю навуку і ў так званых «дарэктараў».

У 1924 годзе пачынае вучыцца ў пачатковай школе, па заканчэнні якой марыў працягваць вучобу ў Старобінскай сямігодцы. Але наймаць кватэру за дзевяць кіламетраў ад роднай вёскі і несці іншыя матэрыяльныя выдаткі наяўных сродкаў у яго бацькоў не хапіла. Значны прамежак часу падлетку давялося працаваць на гаспадарцы.

У 1929 годзе А. Кулакоўскі паступае ў рагачоўскую прафтэхшколу бондараў і ў 1931 г. заканчвае яе. Некаторы час загадваў дрэваапрацоўчай арцеллю ў Касцюковічах. А неўзабаве перайшоў на журналісцкую работу. Працаваў у клімавіцкай раённай газеце «Камуна» (1931 — 1934), быў адказным сакратаром жлобінскай газеты «Шлях сацыялізма» (1934), намеснікам загадчыка аддзела сельскай моладзі рэспубліканскай газеты «Чырвоная змена» (1934—1936). У 1936—1939 гг. вучыўся у Міыскім настаўніцкім інстытуце, пасля заканчэння якога выкладаў мову і літаратуру ў сярэдняй школе на Магілёўшчыне. У 1939 г. прызываецца ў Чырвоную Армію. У час Айчыннай вайны — камандзір узвода, камандзір роты, удзельнік баёў на Сталінградскім і 1-ым Украінскім франтах, тройчы паранены. Пасля дэмабілізацыі (1945), працаваў загадчыкам аддзела газеты «Сталмнская молодежь» (1945—1947), часопіса «Беларусь» (1947—1949), адказным сакратаром газеты «Літаратура і мастацтва» (1949—1953), галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць» (1953—1958). Выбіраўся намеснікам адказнага сакратара і сакратаром СП БССР (1965— 1967). З 1976 г. і да апошніх дзён жыцця (9.04.1986) — дырэктар літаратурнага музея Янкі Купалы.

Першыя творчыя імпульсы пачынаюць выяўляцца ў А. Кулакоўскага яшчэ да вайны, калі ён працаваў журналістам. У газетах быў змешчаны шэраг яго нарысаў, спрабаваў свае сілы ў жанры апавядання. Аднак аддаваць на суд чытача гэтыя апавяданні не адважваўся, бо лічыў іх яшчэ недасканалымі.

Толькі пасля вяртання з вайны А. Кулакоўскі па-сапраўднаму адчуў у сабе пісьменніцкае прызванне. З ваеннай тэмы ён і пачынае.

У 1945 г. у дзевятым нумары часопіса «Беларусь» друкуецца яго апавяданне «Мой сын», дзе ў цэнтры твора — хлапчук. Пытанням дзіцячай псіхалогіі пісьменнік наогул аддае ў гэты час шмат увагі і ў іншых творах малога эпічнага жанру («Мікіта Мінавіч», «Цімкава калясачка», «Стары млын» і інш.), якія складаюць значную частку першага зборніка апавяданняў А. Кулакоўскага «Сад» (1947).

Увага да дзіцяці як літаратурнага героя не з'яўляецца ў пісьменніка выпадковай. Сур'ёзным паказчыкам сталасці і ўнутранай культуры грамадства заўжды былі яго адносіны да дзяцей, старых і жанчын. Відаць, гэтым крытэрыем кіруецца і А. Кулакоўскі. Дарэчы, мастацкі поспех і надалей больш відавочна будзе спадарожнічаць пісьменніку там, дзе стары чалавек, дзіця, жанчына актыўна падключаны ў яго творах да складаных праблем часу.

У пэўным сэнсе гэта тэндэнцыя праглядваецца і ў зборніку «Сад», хоць шмат у чым яшчэ і нясе на сабе адбітак спрашчэння і схематызацыі. Пісьменніку часам не хапае праніклівасці (а можа, і смеласці), каб паказаць сапраўдную трагедыю мінулай вайны, якая вымушала і нярэдка пабуджала, заахвочвала прымаць чынны ўдзел у яе смяртэльна небяспечных падзеях дзяцей і Падлеткаў. Так, заўчасная смерць падлетка, які выконвае ролю партызанскага разведчыка, у апавяданні «Стары млын» паказана з яўным паслабленнем трагедыйнай псіхалагічнай танальнасці.

Аднак трэба адразу заўважыць, што схемы і, калі можна так сказаць, антысхемы знаходзяцца ў зборніку «Сад» у супярэчлівых формах узаемадзеяння. Калі ў апавяданні «Стары млын» вонкавы пафас героікі спрабуе засланіць, прыглушыць рэальную боль і трагічныя страты вайны, то ўжо ў апавяданні «Мікіта Мінавіч» непасрэдна аўтарскі голас і голас яго герояў гучыць больш натуральна, прачула і праўдзіва. Мастацкія патэнцыі гэтага твора прыкметна ўзмацняе падтэкставая думка. Пра вайну тут непасрэднай гаворкі нібыта і няма, але яе жахі адчуваюцца бакавым, асацыятыўным планам. У апавяданні прыгадваецца сумны лёс маладой жанчыны, якая, будучы цяжарнай, моцна «спужалася пажару» і ў хуткім часе памерла. Пажар успрымаецца тут як злавесны спадарожнік і сімвал вайны, што асабліва балюча раніць жанчын і дзяцей — прадаўжальнікаў і носьбітаў саміх першаасноў жыцця.

«Схема» і «антысхема» выяўляюць сваю прысутнасць ў сюжэтнай пабудове і даволі цікавага апавядання «Нямко», хоць тут ужо адчуваецца рука ўдумлівага і таленавітага майстра. Канешне, там, дзе герой гэтага твора Павел Капула кідаецца на немцаакупанта і адным ударам кулака забівае яго, безумоўна, аддаецца даніна дэкларацыйнай «шапказакідальнай» гераізацыі. Але не гэта прыкмета складае галоўны праблемны стрыжань апавядання. Аб'ектыўны, цвярозы погляд на жыццё і чалавека ў прынцыпе перамагае схему і выводзіць мастацкую думку на вытлумачэнне па-свойму загадкавага пытання: а чаму менавіта ў экстрэмальных сітуацыях вайны ў першую чаргу гінулі, як правіла, лепшыя, праўдзівыя і сумленныя людзі?

Не заглыбляючыся ў філасофскую сутнасць гэтага пытання, аўтар паспрабаваў даць на яго свой адказ, кіруючыся крытэрыямі агульначалавечай маралі і здаровага сэнсу. Вонкавыя праявы знешняй гераізацыі характару кампенсуюцца ў творы глыбокай, услых не сказанай, падтэкставай, але сур'ёзна падмацаванай і самім тэкстам думкай аб тым, што праўдзівасць і сумленнасць заўжды нясуць і тояць у сабе актыўную супраціўляльную энергію злу, хоць да пары, да часу могуць здавацца некаму пасіўнай, залішне ціхай і малапрыкметнай, памяркоўнай формай псіхалагічнага самавыяўлення.

Пісьменніцкае слова ў пэўным сэнсе набывае тут палемічную сілу, уступае ў спрэчку з тымі, хто схільны быў замыкаць само паняцце гераічнага ў вузкія межы пафасна-эмацыянальнага механічнага дзеяння, недаацэньваючы разважлівую, спакойную, ціхую мужнасць і непрыстасавальніцкі характар звычайнага шараговага чалавека, дзякуючы неймаверным духоўным і фізічным намаганням якога і была дасягнута вялікая перамога ў мінулай кровапралітнай вайне.

А. Кулакоўскі на самым пачатку сваёй творчай дарогі выявіў да гэтага чалавека непаказную, шчырую сімпатыю і засяроджаную гуманістычную ўвагу. А жылося яму, радавому працаўніку першых пасляваенных гадоў (ды і пазней) нялёгка. I гэту жыццёвую няпростасць пісьменніку ўдаецца нярэдка паказаць як балюча-драматычны сімптом часу, калі будзённым людскім клопатам колькі-небудзь істотнага значэння не надавалася.

У апавяданні А. Кулакоўскага «Сад» ёсць, напрыклад, такі драматычны эпізод. Пажылая калгасніца Хвядосіха, маці «трох загінуўшых на вайне сыноў», не маючы «чаго даць карове», назбірала каля фермы пацярухі і хацела прынесці дадому. Але «зламысніцу» заўважыла нядрэмнае вока вартаўніка і старую прыцягнулі ў калгасную канцылярыю. Тут нехта хоча закінуць за яе слова, заступіцца, і сама яна спрабуе неяк апраўдвацца, але ў гэту размову ўрываецца жорсткі і пагрозлівы голас: «Прыкусі язык... Прыструнім, пад суд... пяць год за гэта атрымаеш». I гэта былі не пустыя словы. З няўмольнай сілай дзейнічала ў той час урадавая пастанова, паводле якой усякі, хто сабраў на калгасным полі некалькі каласкоў, разглядаўся як крымінальны злачынца.

Ну, а хто ж той чалавек, што пагражае жанчыне турмою і спрабуе выдаваць сябе за праўдалюбца і шчырага абаронцу калектыўнай маёмасці? У такой ролі выступае калгасны рахункавод Ігнат Сяўрук, хоць на самой справе ён уяўляе тып людзей, якія нясуць у сваёй душы небяспечны нахіл да агрэсіўных канфармісцкіх учынкаў. Знешне ціхі, спакойны, кампрамісны Сяўрук у той жа час заўжды напагатове, каб знянацку напасці на чалавека, збэсціць, прынізіць, абняславіць яго. I яму ўдаецца ўтрымлівацца на паверхні жыцця. Чаму? Ды таму, што ў такіх людзях, як вынікае з твора, мела патрэбу само афіцыйнае грамадства, схільнае да крывадушнасці, канфармізму і падманных дзеянняў.

Чалавек-канфарміст (прытым канфарміст агрэсіўна-прыстасавальніцкай псіхалогіі), на якога А. Кулакоўскі звярнуў пільную ўвагу ў апавяданні «Сад», стане нязменным спадарожнікам сумленнага, праўдзівага і адкрытага чалавека і ў многіх творах пісьменніка пазнейшага часу. На лініях дыскусій і палемікі з гэтым прытоена-агрэсіўным чалавекам-прыстасаванцам мастацкае слова пісьменніка часта выходзіла на цікавыя і значныя праблемныя пытанні і прыкметна паглыбляла сваю псіхалагічна-пазнавальную сілу.

Ужо ў першым зборніку апавяданняў «Сад» А. Кулакоўскі паказаў сябе добрым майстрам псіхалагічнай дэталі, умеючы надаваць ёй пэўную малюнкавую, псіхалагічную і характарыстычную функцыю. Каб падкрэсліць, напрыклад, унутраную схільнасць героя апавядання «Нямко» Паўла Капулы «толькі на добрае», аўтар паказвае яго заклапочаны і старанны пошук гнязда, з якога выпала жаўтаротае птушанё. Праз нейкі час гэта дэталь адгукнецца ў сюжэтным дзеянні яшчэ адным важным і змястоўным момантам — удакладненнем той думкі, што сапраўды мужны ўчынак абумоўлівае і спараджае не нейкі імгненны ўсплёск пачуццяў, а наяўнасць у душы чалавека ўстойлівай маральна-этычнай сілы — чуйнай і ўспрыімлівай да чужой болі, дабрыні.

Ёсць у першым зборніку твораў А. Кулакоўскага і іншыя мастацкія знаходкі. Пісьменнік тонка адчувае прыроду і ўмее суаднесці яе жыццё з псіхалагічным станам героя. У шэрагу выпадкаў яму ўдаецца паглыбіць і пашырыць праблематыку твора шляхам выкарыстання такога прыёма, як асацыяцыя-ўспамін.

Праўда, у некаторых апавяданнях пазітыўная мастацкая тэндэнцыя паварочваецца іншы раз негатыўным бокам. У прыватнасці, гэта датычыцца рэтраспектыўнай лініі, якая ў лаканічным па сваёй прыродзе жанры апавядання іншы раз неправамерна расшырае свае правы і расцягвае, затарможвае сюжэтнае дзеянне («Нямко», «Радзіны ў Забродскіх» і інш.).

Гэтыя выдаткі ў пэўным сэнсе з'яўляюцца ўсё ж прыватнымі. У асноўным жа стартавы выхад А. Кулакоўскага ў літаратуру быў сустрэты прыязна. Большасць рэцэнзентаў першага зборніка яго апавяданняў «Сад» звярталі ўвагу на ўменне пісьменніка раскрываць унутраную псіхалагічную прыроду чалавека і знаходзіць дзеля гэтага патрэбныя словы. «Малады пісьменнік паказаў, — слушна адзначае Ю. Канэ, — што ў яго пільнае і добрае вока, сакавітая мова, якой ён добра валодае, як сродкам індывідуалізацыі герояў».

Пасля досыць паспяховага літаратурнага дэбюту А. Кулакоўскі, відаць, зрабіў бы новы крок наперад, хоць другая кніга бывае звычайна для кожнага пісьменніка больш сур'ёзным і цяжкім экзаменам, чым першая. Аднак тут паўставалі іншыя перашкоды. У хуткім часе пасля заканчэння вайны ў літаратуры стала набіраць сілу так званая тэорыя бесканфліктнасці, якая несла ў сабе валявое і жорсткае адміністрацыйна-каманднае імкненне кіруючай дзяржаўнай і партыйнай эліты згладзіць рэальныя супярэчнасці жыцця. Гэта жаданне «вярхоў» чуйна ўлаўлівала паслужлівая крытыка, дагматызуючы ў сваіх вывадах, ацэнках і рэкамендацыях жывую і ранімую душу літаратуры.

Асабліва «шчыраваў» у гэты час I. Кудраўцаў. У зборніку апавяданняў А. Кулакоўскага «Сад» ён чамусьці не ўпадабаў апавяданне «Шляхам жыцця». Твор гэты, можа, і не з лепшых, але насцярожвае спрошчаны і, можна сказаць, вульгарна-сацыялагічны падыход крытыка да яго аналізу. I. Кудраўцаву чамусьці падалася заганнай «у самой аснове ідэя, якая зводзіцца да таго, што «наша краіна ў вайну параўноўваецца з сям'ёй пчол». Крытык убачыў тут вялікі «крымінал» — перанос біялагічных законаў прыроды «на чалавечае грамадства».

Тэндэнцыя такой ідэалагізаванай спрошчанасці ў першыя пасляваенныя гады нарастала і не так лёгка было ёй супрацьстаяць. Наглядалася нешта парадаксальнае. Час суровых, драматычных канфліктаў і вялікіх маральных цяжкасцей спараджаў на дзіва не адпаведную і не сугучную яго складанасці бесканфліктна-ружовую літаратуру. У тагачаснай рускай літаратуры афіцыйная крытыка да нябёсаў узнімала славуты сваім бестурботнаміфалагізаваным паказам жыцця раман С. Бабаеўскага «Кавалер залатой зоркі». На лакіровачнае, павярхоўнае адлюстраванне жыцця была скіравана творчасць многіх пісьменнікаў і беларускай літаратуры. У аптымістычна-расхалоджаным стане думкі і пачуцця знаходзіцца чалавек у раманах «Пад мірным небам» (1948), «Шырокія гарызонты» (1952) А. Стаховіча, «Святло над Ліпскам» (1952) М. Паслядовіча, аповесці «Станаўленне» (1946) Ус. Краўчанкі і інш.

А. Кулакоўскі працаваў у гэты час шмат, і за адносна кароткі перыяд напісана ім (у колькасным вымярэнні) багата. У 1948 г. ён заканчвае аповесць «Гартаванне», працуе над новымі апавяданнямі, якія ў 1949 г. разам з названай аповесцю выходзяць асобным зборнікам. Неўзабаве выходзяць яшчэ два зборнікі яго твораў — «Новыя сустрэчы» (1950) і «Хораша ўзыходзіць сонца» (1952).

Даследчык творчасці А. Кулакоўскага С. Гусак лічыць, што ў гэтых творах і найперш у апавяданнях аўтар «выходзіць на новыя рубяжы як у сэнсе паглыблення і пашырэння тэматыкі, так і ў сэнсе павышэння майстэрства»5. На жаль, такое меркаванне ўяўляецца спрэчным і не вельмі дакладным.

Узяць, да прыкладу, хоць бы аповесць «Гартаванне», якая пэўным чынам і сапраўды пашырала тэматычныя абсягі беларускай прозы, закранаючы індустрыяльную тэму гарадскога жыцця. На некаторых старонках сустракаюцца тут цікавыя, жывыя і нават таленавітыя нагляданні. Гэта датычыцца пераважна тых сюжэтных ліній, якія звязаны з паказам галоўнага героя аповесці Васіля Патрончыка ў абставінах вясковай рэчаіснасці. Аднак цэнтральны лейтматыў аўтарскай задумы на колькі-небудзь паглыбленае псіхалагічнае раскрыццё чалавека не выйшаў.

Больш чым сціплыя мастацкія ўдачы А. Кулакоўскага ў гэты час і ў жанры апавядання. Нават у самых лепшых творах гэтага жанру, што ўвайшлі ў зборнікі «Гартаванне» (1949), «Новыя сустрэчы» (1950), «Хораша ўзыходзіць сонца» (1952), адчуваецца яўны недахоп праблемнай і псіхалагічнай энергіі. Канфлікты ў пункцірна-фабульным плане нярэдка намячаюцца тут цікавыя, нават вострыя, як, напрыклад, у апавяданні «Не выбралі», а разгарнуць іх на належную псіхалагічную глыбіню аўтар не рашаецца. Іменна не рашаецца. Сказаць, што пісьменніку бракавала жыццёвага вопыту ці прафесійнага ўмельства, было б несправядліва. Бо ўжо ў першым зборніку сваіх твораў А. Кулахоўскі выступіў у форме досыць сталай мастацкай падрыхтаванасці. А цяпер ён неяк асцерагаецца, аглядваецца, пабойваецца, каб раптам яго слова не загаварыла на свабодным дыханні шчырасці і адкрытасці.

Ды і было каго і чаго пабойвацца і асцерагацца. Тагачасная афіцыйная крытыка хоць некалькі і паслабіла сваю павучальнадыктатарскую функцыю ў параўнанні з вульгарна-сацыялагічнай крытыкай кульмінацыйнага перыяду сталінскіх рэпрэсій, аднак па-ранейшаму здольна была не толькі сапсаваць пісьменніку творчы настрой, але і на доўгі час выбіць яго з літаратурнай каляіны жыцця.

Вядома, цалкам і поўнасцю выгароджваць і апраўдваць А. Кулакоўскага, спасылаючыся на неспрыяльны збег акалічнасцей, нельга, бо іншы раз ён залішне старанна настрайваўся на камертон розных партыйных рашэнняў і пастаноў. Аднак заставацца свабодным у сваім творчым самавыяўленні для сумленнага пісьменніка было ў той час практычна немагчыма. Ідэалагічны прэсінг моцна скоўваў ініцыятыўную мастацкую думку і жорстка рэагаваў на ўсякія праявы непаслушэнства.

У зборніках «Гартаванне», «Новыя сустрэчы», «Хораша ўзыходзіць сонца» аўтар зрэдчасу спрабуе выйсці на сустрэчу з праблемнай і няпростай жыццёвай з'явай. Толькі вось раскрыць яе аўтар не рашаецца. Мог бы, але не адважваецца. Паказальным прыкладам у гэтым сэнсе з'яўляецца апавяданне «Не выбралі», якое П. Глебка ў аглядным артыкуле «Літаратура 1949 года» назваў яркім. Такая ацэнка, безумоўна, завышаная, але доля ісціны тут ёсць. Аўтар звярнуў увагу на трывожны сімптом свайго часу: чалавека, які не хацеў слепа падпарадкоўвацца чужой волі, а тым больш — партыйным рашэнням, амаль заўжды чакалі вельмі сур'ёзныя непрыемнасці.

Менавіта самастойнасць меркаванняў ды яшчэ крытычны, незалежны позірк на некаторыя такія рашэнні і з'явіліся повадам для адхілення ад старшынёўскай пасады героя гэтага твора Мікалая Чарнавуса. Бо ён адважыўся ўслых сказаць пра тое, што парторг калгаса Маханько глыбока памыляецца і не ўлічвае рэальных магчымасцей гаспадаркі, заклікаючы ў найкарацейшыя тэрміны звычайную вёску перабудаваць у казачны цагляны аграгарадок. На думку Мікалая Чарнавуса, ставіць на парадак дня такія грандыёзныя задачы — па меншай меры азначае займацца самаашуканствам і «пустой балбатнёй».

Пісьменнік, як бачым, закрануў няпростую і балючую сферу грамадскага жыцця і паспрабаваў глянуць на ўсё гэта цвярозым і крытычным позіркам. Узяўшы добры стартавы тэмп, крытычная думка аўтара вельмі хутка, аднак, і затухае. Пісьменнік, безумоўна, разумеў, што ўсе асноўныя каманды «спускаліся» і падаваліся адтуль, з партыйнай верхатуры, а «унізе» такія ўказы і распараджэнні належала безагаворачна выконваць. Аўтар апавядання «Не выбралі», відаць, не супроць быў бы і паспрачацца з распрацоўшчыкамі падобных, не дужа разумных планаў, але ж, паводле ўсталяванай бюракратычнай схемы рангаў, там, на вышэйшых камандных вяршынях, жылі «прарокі», «бязгрэшныя мудрацы», якія не маглі парушаць ісціну і памыляцца. Недатыкальнай для крытычнага меркавання асобай быў у літаратуры доўгі час нават сакратар райкома, а калі нейкія негатыўныя з'явы гаспадарчага жыцця раёна выносіліся на грамадскі суд, то лёгкі ўдар крытыкі прымала на сябе звычайна другая, менш значная паводле сваіх правоў галіна раённай улады — сакратар райвыканкама.

Нешта падобнае мы назіраем і ў апавяданні А. Кулакоўскага «Не выбралі». Галоўная віна і адказнасць за промахі і памылкі ўскладаецца не на тых, хто вызначаў галоўны курс і стратэгію вясковай палітыкі, а ўсяго толькі на «стрэлачніка» — калгаснага парторга Маханько. Зразумела, што свядомае звужэнне канфліктнай асновы твора вяло і да паслаблення яго псіхалагічнай глыбіні. Не здолеўшы супрацьстаяць перашкодам бесканфліктнасці, пісьменнік не змог у заглыблена-псіхалагічным ключы разгарнуць і развіццё чалавечых характараў. Адно з другім тут цесна звязана.

У асобных творах А. Кулакоўскага і гэтага часу нярэдка сустракаюцца ўсё-такі цікавыя і таленавітыя мастацкія знаходкі. У такіх яго апавяданнях, як «Вольчына праўда» (1947), «У брыгадзе Варывончыка» (1949), «Ластаўкі» (1947), «Дома» (1951), «Процькаў садок» (1951), можна напаткаць шмат трапных і яркіх дэталяў, заўважыць арыгінальныя сюжэтныя хады, павароты, звярнуць увагу на тонкі і ўспрыімлівы слых і зрок аўтара ў апісанні прыроды. Дастаткова прачытаць хоць бы ўступную частку апавядання «Процькаў садок», каб пераканацца, што А. Кулакоўскі — таленавіты майстар пейзажнага малюнку. Ён знаходзіць дакладныя словы і выразы, умее сцісла і лаканічна перадаць нюансавыя рухі і змены ў жыцці прыроды ранняй і позняй восені, заўважае адметнасць і някідкасць развітальнай прыгажосці яе фарбаў, калі «малады, раскошны клён... скідаў на зямлю такія прыгожыя, такія свежыя, хоць і жоўтыя лісты, што, здавалася, ён распусціцца нанава».

А. Кулакоўскі, як можна здагадвацца, усё ж разумеў, што кампенсаваць наўмысна прыглушаную і згладжаную канфліктнасць і супярэчнасць у творы ніякімі паўмерамі нельга. Яму ўяўлялася, што галоўную энергію мастацкага пошуку трэба павярнуць у сферу ваеннай тэмы. Тут ён, відаць, разлічваў пэўным чынам засцерагчы сябе і ад дагматычнай крытыкі, якая моцна ўтрымлівала жывую мастацкую думку ў схематычным палоне бесканфл і ктнасці.

У 1952—1954 гг. А. Кулакоўскі працуе над ваенным раманам «Расстаемся ненадоўга», а праз нейкі час працягвае сюжэт гэтага твора ў рамане «Сустрэчы на ростанях» (1959—1961).

Сур'ёзным пабуджальным матывам у адлюстраванні падзей Вялікай Айчыннай вайны быў для пісьменніка і яго ўласны жыццёвы вопыт. Ён добра ведаў франтавы і акопны побыт, бо сам быў непасрэдным удзельнікам многіх цяжкіх і кровапралітных баёў. Таму зусім натуральна, што жыццёвая біяграфія пісьменніка ваеннага часу знайшла свой адбітак у характарах некаторых герояў дылогіі «Расстаемся ненадоўга» і «Сустрэчы на ростанях» і найперш — у характары галоўнага героя гэтых твораў Андрэя Сакольнага.

На гэта пытанне пісьменнік не дае нейкага ўніверсальнага і адназначнага адказу. Ды яго, відаць, і няма. Але адну з прычын, якая негатыўна ўплывае на псіхіку чалавека і паслабляе яго супраціўленне неспрыяльнаму збегу акалічнасцей, аўтар раскрывае грунтоўна і пераканальна.

На яго думку, стрыжнявыя маральныя асновы духоўнасці (або бездухоўнасці) закладваюцца ў чалавека на ранніх, дзіцячых і падлеткавых этапах яго жыцця. Ісціна гэта быццам бы і не новая, але часта яна забываецца, свядома ці міжвольна адсоўваецца на задні план. Многім людзям нярэдка здаецца, што нават нейкія значныя хібы і пралікі ў выхаванні дзяцей і падлеткаў можна будзе потым лёгка паправіць і ліквідаваць. Аднак гэта зусім не так. Л. Талстой у свой час заўважыў, што галоўны духоўна-маральны патэнцыял назапашваецца, фарміруецца і складваецца ў чалавека да трынаццаці-пятнаццаці гадоў. А надалей пераважна расшыраюцца гарызонты яго пазнання, паглыбляецца і ўмацоўваецца рацыяналістычная сфера псіхікі.

У чымсьці, можа, Л. Талстой і завастрае тут сваю думку. Але ў прынцыпе з такою трактоўкай складанай і тонкай праблемы выхавання чалавека ў дзяцінстве і падлеткавым узросце не разыходзяцца ў сваіх назіраннях і навуковых вывадах вядомыя псіхолагі і педагогі.

У межах такіх, пацверджаных навуковай тэорыяй і жыццёвай практыкай палажэнняў трымаецца ў рамане «Сцежкі зведаныя і нязведаныя» і мастацкае слова А. Кулакоўскага. У той вельмі адказны і важны перыяд, калі неакрэплая і кволая дзіцячая душа мела асаблівую патрэбу ў надзейным апірышчы, у тактоўным і мудрым настаўленні, герой гэтага твора Багдан Хацяноўскі не праявіў належнай напорыстасці і волі, каб утрымліваць свайго адзінага малалетняга сына Панцю ад дрэнных уплываў і ўчынкаў. Усю справу хатняга «выхавання» ён, чалавек сумленны і працавіты, перадаверыў жонцы, па вясковай мянушцы Бычысе, якая жыла ў глыбокім разладзе з праўдай. Яна нязменна патурала Панцю і нават заахвочвала красці, хлусіць і крыўдзіць іншых, слабейшых і менш абароненых. I гэтыя шкодныя звычкі Панці-дзіцяці і падлетка, не знаходзячы належнага супрацьдзеяння, паступова ўмацоўваюцца, паглыбляюцца і становяцца, як паказвае аўтар, характэрнай асаблівасцю яго натуры і ў сталыя годы.

Мы ведаем, што ў час вайны на службу да немцаў людзі пераходзілі, кіруючыся самымі рознымі меркаваннямі. Нярэдка тут дзейнічаў жорсткі вонкавы прымус, складваліся такія экстрэмальныя ўмовы, калі магчымасці выбару ў чалавека былі вельмі абмежаванымі. З другога боку, у гэтых шэрагах калабарантаў знаходзілася нямала і добраахвотнікаў, хоць матывы такога дабраахвотніцтва таксама мелі шырокі спектр разнастайнасці. Героя рамана «Сцежкі зведаныя і нязведаныя» Панцю Хацяноўскага прывяло ў стан паліцэйшчыны і пабудзіла добраахвотна ўзяць у рукі карабін нястрыманае жаданне пакарыстацца чужым, узбіцца на лёгкі хлеб і «даслужыцца да новага шыняля і штаноў».

У межах высокіх прынцыпаў духоўнасці падобны ідэал шчасця, безумоўна, уяўляецца гранічна заземленым, мізэрным і бяскрылым. Але ўся бяда ў тым, што для Панці Хацяноўскага, з маленства прывучанага сваёй маці да хлусні, хітравання, няшчырасці, крадзяжу, гэта імкненне ўдосталь наесціся і напіцца, на дармаўшчыну задаволіць, як кажуць, патрэбы страўніка і даслужыцца «да новага шыняля і штаноў» з'яўляецца сапраўды залатой марай і вышэйшым жыццёвым дасягненнем. Малазначныя, на першы погляд, побытавыя дэталі становяцца, такім чынам, дзейснай мастацкай сілай у раскрыцці характару і разуменні псіхалогіі гэтага персанажа.

На пачатку літаратурнай працы і ў самым яе фінале А. Кулакоўскаму наогул больш удавалася раскрыць і выявіць сваё індывідуальнае «я» тады, калі абагульненне ў яго творах не прыспешвалася і не навязвалася аўтарскай ацэнкай, а вынікала павольна, спакваля, неўпрыкмет вырастаючы з побытавых дэталяў, з падтэксту, з паўтораў і паўнамёкаў пісьменніцкага голасу. Гэту асаблівасць стылёвай манеры А. Кулакоўскага А. Адамовіч заўважыў у лепшых яго апавяданнях, аповесцях і ў рамане «Расстаемся ненадоўга», напісаных яшчэ ў 50-х гадах. Праз дэталь, падтэкст і паўнамёк найболыхі выразна і запамінальна раскрываюцца характары герояў і ў тых творах пісьменніка, што з'явіліся напрыканцы яго жыццёвай дарогі, напрыклад, у такіх пабудаваных на аснове «ўспамінаў пра перажытае» аповесцях, як «Белы сокал» (1981), «Маршрут ад Клічава» (1982), «Хлебарэз» (1983).

Падагульняючы гаворку пра творчасць А. Кулакоўскага, трэба, відаць, зноў падкрэсліць, што менавіта перажытае, звязанае з уласнай біяграфіяй, найчасцей пераплаўлялася і трансфармавалася ў яго творах у запамінальную і роздумную форму мастацкасці. Вядома, у кожнога таленавітага пісьменніка мастацкае слова чэрпае сваю энергію з жыццёвых крыніц. У Кулакоўскага была, аднак, асаблівая ўвага і павага да жывой рэальнасці і да тых жыццёвых фактаў, што ўвасаблялі тыповую адзнаку бягучага часу і ў зародку неслі ў сабе прыкметы важных маральна-этычных і сацыяльных тэндэнцый заўтрашняга дня. На гэтых лініях выключна шчыльнай блізкасці да жыццёвай фактуры мастацкая думка А. Кулакоўскага досыць плённа папрацавала (асабліва падчас натхнёных, «зорных» яе ўзлётаў) на карысць сцверджання ў нашай літаратуры духоўна-гуманістычных прыярытэтаў і разбурэння ў ёй догмаў і стэрэатыпаў амярцвелага, рэзанёрскага афіцыёзу.




Скачать

Рекомендуем курсы ПК и ППК для учителей

Вебинар для учителей

Свидетельство об участии БЕСПЛАТНО!