СДЕЛАЙТЕ СВОИ УРОКИ ЕЩЁ ЭФФЕКТИВНЕЕ, А ЖИЗНЬ СВОБОДНЕЕ

Благодаря готовым учебным материалам для работы в классе и дистанционно

Скидки до 50 % на комплекты
только до

Готовые ключевые этапы урока всегда будут у вас под рукой

Организационный момент

Проверка знаний

Объяснение материала

Закрепление изученного

Итоги урока

Літаратурны турнір па творчасці Купалы і Коласа

Категория: Литература

Нажмите, чтобы узнать подробности

ЛІТАРАТУРНЫ ТУРНІР

ПА ЖЫЦЦЁВАМУ І ТВОРЧАМУ ШЛЯХУ ЯНКІ КУПАЛЫ І ЯКУБА КОЛАСА

Просмотр содержимого документа
«Літаратурны турнір па творчасці Купалы і Коласа»

ЛІТАРАТУРНЫ ТУРНІР

ПА ЖЫЦЦЁВАМУ І ТВОРЧАМУ ШЛЯХУ

ЯНКІ КУПАЛЫ I ЯКУБА КОЛАСА


Мэты:

- адукацыйная:

- абагульніць і пашырыць веды навучэнцаў пра жыццё і творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа, набытыя на ўроках беларускай мовы і літаратуры, а таксама шляхам самаадукацыі;

- развіццёвая:

- развіваць інтэлектуальныя здольнасці навучэнцаў, уменне прымяняць атрыманыя веды ў адпаведнай сітуацыі;

-выхаваўчая:

- выхоўваць павагу да класікаў, пачуццё гонару за нашых суайчыннікаў, любоў да Беларусі і роднага слова.

Метадычная:

- актывізацыя пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў шляхам арганізацыі групавой і індывідуальнай работы на аснове выкарыстання элементаў гульні.


Удзельнікі: дзве каманды «Каласок» і «Купалінка», выкладчык (вядучы).

Афармленне кабінета або залы: мульмедыйная прэзентацыя; насценгазеты, прысвечаныя 135-годдзю Я. Коласа і Я. Купалы; кветкі; фотаздымкі народных песняроў; столікі для камандаў і журы, засланыя нацыянальнымі абрусамі; кніжная выстава «Песняры роднай зямлі»; адведзена месца для груп падтрымкі; на дошцы запісаны ход літаратурнага турніру.


Ход турніру


Уступнае слова выкладчыка (вядучага).

(Гучыць песня «Мой родны кут...» сл. Я. Коласа, муз. І. Лучанка).

Два волаты – паэзіі, красы

У год адзін падалі галасы.

Радзіму – маці ўславілі яны –

Купала, Колас – слынныя сыны.

Зямлю – матулю родную любілі

І слова беларускае цанілі.

І Беларусь заўжды іх помніць будзе.

Чакаюць іх у кожнай хаце людзі.

Іх кнігі кожным вершам, кожным словам

Сцвярджаюць – будзе вечным наша слова!

Сапраўды, у 1882 годзе нарадзіліся на беларускай зямлі два слынныя, таленавітыя сыны, якія праславілі родную Беларусь далёка за межамі нашай Радзімы. У гэтым годзе мы адзначаем 135-годдзе з дня нараджэння славутых песняроў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Таму сёння мы з вамі ладзім літаратурны турнір «Нашы песняры», прысвечаны гэтаму юбілею. Мы яшчэ раз пройдземся сцяжынкамі Купалы і Коласа, дакранёмся да залацінак і россыпаў іх твораў, яшчэ больш спазнаем, узбагацімся новымі ведамі, пакажам свае здольнасці, адчуем асалоду іх чароўнага роднага слова. Спаборнічаць сёння будуць дзве каманды: «Каласок» і «Купалінка».

Усе конкурсы турніру будуць ацэньваць шаноўныя члены журы, у склад якога ўваходзяць... (знаёмства з членамі журы). Старажытныя грэкі казалі: «Што добры настрой – гэта палова перамогі». Таму ўсміхніцеся адзін аднаму, нашым гасцям і пажадайце ўсім добрага настрою. А я вам жадаю атрымаць перамогу ў нашым конкурсе.


Знаёмства з ходам літаратурнага турніру


  1. Візітка каманды.

  2. Размінка.

  3. Пазнай героя або твор.

  4. Тэарэтычны турнір.

  5. Творчы турнір:

VI. Падвядзенне вынікаў.

VIІ. Рэфлексія.


  1. Візітка каманды.

Выкладчык. Вітаем удзельнікаў турніру, балельшчыкаў і шаноўнае журы! Прадстаўляю капітанаў каманд.

Капітан каманды «Каласок»...


Капітан каманды «Купалінка»...

Прадстаўнікам камандаў прапануецца выцягнуць парадкавы нумар, пад якім будуць прапанаваны заданні і парадак выступлення.

А зараз пазнаёмімся з камандамі:


Прывітанне каманды «Каласок».

Дэвіз каманды «Каласок»:

Збожжа родзіць каласы

Пад вясёлы звон расы.

Людзі жыцейка пажнуць,

Хлеба ўдосталь сабяруць.

А ў каманды «Каласок»

Шмат вясёлых галасоў.

1. Прывітанне ўжо гатова

Для ўдзельнікаў каманды «Купалінка»!

2. Дзень добры, моцны наш сапернік,

Да перамогі шлях цяжкі!

3. Хай дапаможа нам вязенне,

А вам – уласныя мазгі!


Прывітанне каманды «Купалінка».

Дэвіз каманды «Купалінка»:

На Купалле кветка нарадзілася,

З слаўным Песняром на свет з’явілася.

Шанаваць яго заўсёды будзем,

Вершы і паэмы не забудзем.

Калі кветка – папараць паможа,

Сёння «Купалінка» пераможа.

  1. Не паражэнне, а перамогу

Жадаем мы камандзе «Каласок»!

  1. Хай весялосць і розум дапамогуць вам,

Нашым дасціпным, вынаходлівым сябрам!

Зварот да журы:

  1. Вядзі ачкоў падлік сумленна,

Крыштальна чыстае журы!

Камусьці будзе непрыемна,

Ды толькі праўду гавары!


Выкладчык. А я вам хачу ўсім сказаць:

І ў перамозе, і ў няўдачы

Вы – сябры! І не іначай.

Журы павінна ацаніць назвы, дэвіз, эмблемы, касцюм кожнай каманды і прывітанні. За прывітанне – 5 балаў.

А зараз распачынаем другі конкурс пад назвай «Размінка». Конкурс на лепшага знаўцу біяграфіі класікаў. Кожнай камандзе па чарзе я буду задаваць пытанні. За кожны правільны адказ – 1 бал.


II. Размінка (пытанні ў канвертах).

  1. Назавіце сапраўдныя імёны Купалы і Коласа (запішыце поўнасцю прозвішча, імя і імя па бацьку).

Адказ. Якуб Колас - Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч (1882-1956).

Янка Купала Іван Дамінікавіч Луцэвіч (1882-1942).


  1. Чаму Купала і Колас выбралі такія псеўданімы?

Адказ. Янка Купала нарадзіўся ў ноч на Купалу (таму і псеўданім - Янка Купала). Псейданім яму дала прыгожая легенда аб кветцы - папараці, якая цвіце ў ноч на Івана Купалу. Каму давядзецца знайсці яе, той зразумее, аб чым маўчаць травы і каменні, шумяць дрэвы, пяюць ветры і грымяць гром. Чароўная кветка адкрые далягляды і павядзе да шчасця.

Якуб Колас абраў сабе такі псеўданім дзеля таго, каб быць бліжэй да простага абяздоленага свайго бнеларускага народа.


  1. Назавіце дату і месца іх нараджэння.

Адказ. Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч) нарадзіўся 7 ліпеня 1882 года ў сям’і мелкага арандатара ў вёсцы Вязынка Маладзечынскага раёну Мінскай вобласці.

Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч) нарадзіўся 3 лістапада 1882 г. у вёсцы Акінчыцы на Стаўбцоўшчыне ў сям'і лесніка


  1. Параўнайце гэтых людзей: чым яны падобныя і чым адрозніваюцца?

Адказ. Адрозніваюца: Янка Купала - пераважна рамантык. Лірыка Янкі Купалы - гэта ліріка прарока, прадказальніка.

Якуб Колас - рэаліст. Лірыка Якуба Коласа - перажыванні рэальнага, звычайнага, канкрэтнага чалавека.

Падобныя. Яны нарадзіліся на беларускай зямлі ў адзін год, 1882-гі, толькі Янка Купала, Іван ДамінікавічЛуцэвіч, 7 ліпеня, на свята Івана Купалы. А Якуб Колас, Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч, 3 лістапада.


  1. Успомніце і назавіце найбольш вядомыя паэмы Янкі Купалы.

Адказ. Вядомыя паэмы Я. Купалы: «Сон на кургане”, «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва», «Яна і я»,«Адвечная песня».


  1. Назавіце паэмы Якуба Коласа.

Адказ. Паэмы Я. Коласа: «Сымон-музыка», «Новая зямля», «Адплата», «Суд у лесе» і інш.


  1. Згадайце назвы апавяданняў Якуба Коласа.

Адказ. Апавяданні Я. Коласа: «Нёманаў дар», «Тоўстае палена», «Сірата Юрка», «У старых дубах», «Хмарка», «Жывая вада» і інш.


  1. Назавіце драматычныя творы Янкі Купалы.

Адказ. Драматычныя творы Янкі Купалы: камедыя «Паўлінка», п’есы «Прымакі», «Тутэйшыя», драма «Раскіданае гняздо» і інш.


  1. Назавіце вершы Янкі Купалы, пакладзеныя на музыку.

Адказ. Вершы Я. Купалы, пакладзеныя на музыку: «Спадчына», «Явар і каліна», «Ночкай, як толькі выходзіў я з хаты…» і інш.


  1. Назавіце пасаду, якую займаў Я. Колас напрыканцы жыцця.

Адказ. У 1950-я гады Я. Колас быў навуковым рэдактарам і ўдзельнікам выдання «Руска-беларускага слоўніка» (1953). Актыўна ўдзельнічаў і ў палітычна-грамадскім жыцці — быў дэпутатам.


  1. Што вы ведаеце пра сем’і Я. Коласа і Я. Купалы?

Адказ. Сям’я Я. Коласа. . Бацькі - Міхаіл (Міхал) Казіміравіч і Ганна Юр'еўна (з роду Лёсікаў) паходзілі з сялян вёскі Мікалаеўшчына (12 км ад Стоўбцаў). З 13 дзяцей, якія нарадзіліся ў іх сям'і, да сталых гадоў дажылі 9. Бацька служыў лесніком у князя Радзівіла, маці вяла хатнюю гаспадарку. У хуткім часе пасля нараджэння Костуся (так хлопчыка звалі дома) сям'я пераехала ва ўрочышча Ласток (іншая назва - Сухошчына). У 1890-1904 гг. сям'я Міцкевічаў жыла ў леснічоўцы Альбуць недалёка ад Мікалаеўшчыны.

Сядзіба Акінчыцы, дзе з'явіўся на свет Якуб Колас, цяпер уваходзіць у рысу горада Стоўбцы. За 5 кіламетраў ад Стоўбцаў знаходзіцца сядзіба Альбуць, дзе будучы пісьменнік жыў з сям'ёй ад 1890 года і якую ён апісаў у паэме «Новая зямля» пад назвай «Парэчча». За некалькі кіламетраў, у Смольні, жылі маці, дзядзька, браты і сёстры літаратара. Менавіта тут у 1912 годзе ўпершыню сустрэліся Якуб Колас і Янка Купала. Хутар Ласток, дзе захаваўся аўтэнтычны дом, у якім з трох да васьмі гадоў жыў Якуб Колас, аддзяляе ад Смольні каля 8 кіламетраў. Тут захаваліся дом, хлеў, гумно — усе яны стаяць з тых часоў, калі тут жыла сям'я Міцкевічаў. Адзін з пакояў дома аддадзены пад музейныя экспанаты.

Сям’я Я.Купалы. Бацькі - Дамінік Ануфрыевіч і Бянігна Іванаўна - паходзілі з дробнай чыншавай шляхты, якая мела свае адметныя саслоўныя рысы, але па эканамічным становішчы і ладзе жыцця была блізкай да сялян. Дваранскае паходжанне роду Луцэвічаў Сенатам Расійскай імперыі зацверджана не было. Тым не менш пры хрышчэнні ў Радашковіцкім касцёле Іван (для блізкіх - Ясь) Луцэвіч быў запісаны дваранінам, але пазней паводле афіцыйных дакументаў належаў да мяшчан. Матэрыяльнае становішча сям' і рэзка пагоршылася, калі Луцэвічы ў 1870-х гг. былі выселены з засценка Пяскі (называўся таксама Лазараўшчына, Луцэвічы; цяпер Уздзенскі раён Мінскай вобласці), дзе род жыў з XVII ст. (Да гэтага Луцэвічы як чыншавая шляхта хоць і не мелі спадчыннай зямлі, але валодалі сядзібай на падставе бясплатнага карыстання.) Дамініку Луцэвічу давялося арандаваць чужую зямлю. Сям'я была шматдзетнай, часта пераязджала з месца на месца. Ясь як старэйшы сын быў галоўным памочнікам бацькі па гаспадарцы.


  1. Як увекавечана памяць аб гэтыхлюдзях?

Адказ. Я. Купала. Помнікі Янку Купалу Якубу Коласу пастаўлены ў Радашковічах, Мінску, Вязынцы, Ляўках, Араў-Парку ў Нью-Ёрку. У Мінску працуе Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Створаны мемарыяльныя запаведнікі «Вязынка», «Ляўкі», «Акопы». Яго імя прысвоена Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру ў Мінску, Інстытуту літаратуры АН Беларусі, Гродзенскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту, шэрагу бібліятэк, школ, вуліц у гарадах і пасёлках Беларусі. У 1959 устаноўлена Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы, з 1965 Дзяржаўная прэмія імя Янкі Купалы ў галіне літаратуры, мастацтва і выканаўчага майстэрства. Яго творчасць мае сусветнае прызнанне.

Я. Колас. У 1959—1965 гг. прысуджалася літаратурная прэмія імя Я. Коласа. З 1965 г. прысуджалася Дзяржаўная прэмія імя Якуба Коласа за лепшыя празаічныя і літаратуразнаўчыя працы. Яго імя нададзена Мінскаму паліграфічнаму камбінату, Інстытуту мовазнаўства НАН РБ, Віцебскаму драматычнаму тэатру, Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН РБ і іншым бібліятэкам. Імем Я. Коласа быў названы Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй з філіялам і Нясвіжскі дзяржаўны каледж. Імя Я. Коласа носяць школы, плошчы, вуліцы гарадоў і вёсак Беларусі.

Помнікі паэту пастаўленыя ў Мінску (на плошчы, названай у яго гонар), у вёсцы Мікалаеўшчына, Навагрудку, у вёсцы Плоскае[2] Талачынскага раёна. Бюст паэту ўсталяваны ў Нясвіжы. У Мінску працуе Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, яго філіялы знаходзяцца ў Стаўбцоўскім раёне: у Акінчыцах, Смольні, Мікалаеўшчыне і Альбуці.

У 1990 годзе ў вёсцы Пінкавічы запрацаваў музей Якуба Коласа пад кіраўніцтвам Івана Калошы. На адкрыцці прысутнічаў сын Коласа.

Выкладчык. Мы крыху ўзнавілі ў памяці звесткі біяграфічнага характару, пашырылі ўяўленне пра творчую спадчыну песняроў, а цяпер паглядзім, наколькі ўважліва вы чыталі творы пісьменнікаў, ці зможаце пазнаць героя таго ці іншага твора.


III. Пазнай героя або твор (конкурс капітанаў).


Заданні для капітана каманды «Каласок».

1) Пазнайце героя, аўтара, назву твора.

Ніхто з дамашніх не згадае,

Чым рэчка займае,

Якая іх звязала сіла,

I чым яна так хлопцу міла.

Адказ. Костусь; паэма Я. Коласа «Новая зямля», урывак «На рэчцы».


2) Пазнайце героя, аўтара, назву твора.

Вецер абнімае стан яе дзявочы,

Сонца ёй цалуе шыю, твар і вочы.

Каласкі хінуцца перад ёй паклонна,

Дзівіцца ігруша на мяжы зялёнай....

А яна, царыца, весела, шчасліва

Карануе песняй залатое жніва.

Адказ. Дзяўчына-жняя; верш Я. Купалы «Жняя».


3) Нагадайце назву рэчкі, якую так маляўніча апісвае Я. Колас у трылогіі «На ростанях».

«Срэбнай стужкай вывіваўся ................., то падыходзячы пад самы лес, падразаючы карэнне дрэвам, то бегучы сярэдзінаю лугу, то падступаючы да поля, апяразваючы бліскучым жывым паскам яго пясчаныя схілы. Сям-там па лугавых грудах раскідаліся бародкі-кудзеркі астраўкоў, дзе буяў малады, сакавіты дубняк, кусты арэшніку, чаромхі і крушыны, а самая понізь засцілалася мяккаю лугавою канапелькаю, што зацвітае летам такімі прыгожымі сіненькімі кветачкамі... Эх, як прывольны прасторы ................. лугоў!»

Адказ. Падручнік для V кл., с. 141.

Калі гэта заданне выклікае цяжкасці, можна прапанавацьнаступныя радкі: «...Эх, як прывольны прасторы наднёманскіх лугоў!»

Адказ. Нёман; урывак з трылогіі «На ростанях».


Заданні для капітана каманды «Купалінка».

  1. Пазнайце героя, аўтара, назву твора.

Але хоць колькі жыць тут буду,

Як будзе век тут мой вялік,

Ніколі, браткі, не забуду,

Што чалавек я, хоць .......

І кожны,хто мяне спытае,

Пачуе толькі адзін крык:

Што хоць мной кожны пагарджае,

Я буду жыць! – бо я ........ .

Адказ. Мужык; верш Я. Купалы «Мужык».


  1. Пазнайце героя, аўтара, назву твора.

…як толькі ажаніўся,

Тады ж ад бацькі аддзяліўся.,

Бо стала цесна.З той прычыны

Пайшоў на сплаў ён, на віціны...

....................................................

Купіць зямлю, прыдбаць свой кут,

Каб з панскіх выпутацца пут,

І там зажыць сабе нанова:

Свая зямля – вось што аснова!

Адказ. Міхал; паэма Я. Косаса «Новая зямля».


  1. Пазнайце героя, аўтара, назву твора.

У яго быў свет цікавы,

Сбае вобразы, жыццё,

I ў душы яго ўсе з’явы

Сваё мелі адбіццё.

..........................................

Ён зайграў, і струны горка

Адклікаліся-гулі,

Аддавала іх гаворка

Гневам, крыўдаю зямлі.

Адказ. Сымон; паэма Я. Косаса «Сымон-музыка».


Заданні для ўдзельнікаў каманды «Каласок».

1) Пазнайце горад, аўтара і назву твора.

Яго высокую магілу —

Дзе лес ды вецер панаваў —

Знаць, што вялікую меў сілу,

«Магілай льва» народ назваў.

Над ёю з часам дрэвы палі,

I горад вырас, як з зямлі, Яго ... назвалі,

Бо йнакш прыдумаць не маглі.

Адказ. Магілёвам; паэма Я. Купалы «Магіла льва».


2) Пазнайце героя, аўтара, назву твора.

... у вёсцы між сваімі

Найпрыгажэйшая была,

Грудзямі, шчочкамі, вачыма,

Як мак, між макамі цвіла.

Павеўна, як даспелы колас,

Ішла наперад у танок,

3 грудзей гарачых звонкі голас,

Змяняла песню — як званок.

Адказ. Наталька; паэма Я. Купалы «Магіла льва».

3) Пазнайце героя, аўтара, назву твора.

Наш мілы............., наш ...............,

Ў дзіцячым часта быў палоне;

Вось так гуртом яго абсядуць

І час работы яго крадуць;

Насі «катла», кажы ім казкі,

Ідзі на поплаў з імі ў краскі,

Давай адказы на пытанні,

Тлумач ты ім усё дазвання:

«Адкуль, з чаго дзе што бярэцца,

Вось гэта, тое як завецца

I чаму так, чаму не гэтак?»

Прыхілен .................быў да дзетак.

Ён быў настаўнікам, суддзёю,

Калі, бывала, між сабою

Паспораць дзеткі ці паб'юцца,

Дык да каго тады звярнуцца,

- Як не да ................., да ...................?

Ох, слаўна з ............... ім жылося!

Яшчэ замецце, што з малымі

Ён размаўляў як са старымі,

І з імі радзіўся, спрачаўся —

Як роўны з роўнымі трымаўся!

Адказ. Дзядзька Антось; паэма Я. Коласа «Новая зямля», урывак «Дзядзька-кухар».

4) Назавіце імёны герояў, якія сустракаюцца ў паэме «Новая зямля».

Адказ. Костусь, Алесь, Яська Базылёў, Міхал, Антось, Уладзік.


Заданні для ўдзельнікаў каманды «Купалінка».

1) Пазнайце героя, аўтара, назву твора.

Так страшна той разбойнік згінуў,

Што ўмеў любіць і забіваць;

На грэх пусціўся праз дзяўчыну

I мусіў праз яе сканаць...

Адказ. Машэка; паэма Я. Купалы «Магіла льва».


2) Пазнайце героя, аўтара, назву твора.

Насілася яна над пустэлямі, перад ёю рассцілаліся моры, якія не мелі берагоў. Ганялі вятры, ірвалі на кусочкі яе тонкія валаконцы. I нідзе на свеце не было супакою. I вярнулася яна зноў у той край, адкуль і выйшла... Стары дуб, абмыўшы дажджом... сказаў:

- От навука для тваіх дзяцей. Моцна ж накажы ты ім, дружа, каб не лёталі дарэмна па свеце, не бадзяліся: у сваім родным кутку работы досыць для кожнага.

Адказ. Хмарка; алегарычнае апавяданне Я. Коласа «Хмарка».

3) Пазнайце героя, аўтара, назву твора.

Стаялі хлопцы і маўчалі,

На ... зрэдку паглядалі,

А сам ... з вузел ростам,

Ў сваім уборы бедным, простым,

У згрэбных портках і кашулі,

Стаяў, як бы яго прыгнулі,

Такім мізэрным і маўклівым,

У халаце суконным, сівым.

Адказ. Яська, дарэктар; урывак «Дарэктар» з паэмы Я. Коласа «Новая зямля».


4) Да каго звяртаецца аўтар? Чый гэта верш? Дадатковыя заданні: вызначыць від лірыкі, знайдзіце вобраз-сімвал.

Устаньце, хлопцы, устаньце, браткі!

Устань ты, наша старана!

Ўжо глядзіць к нам на палаткі

Жыцця новага вясна.

Ці ж мы, хлопцы, рук не маем?

Ці ж нам сілы Бог на даў?

Адказ. Да беларусаў; Я. Колас, верш «Беларусам»; грамадзянская лірыка, вобраз вясны.

Да кожнага задання можна падабраць дадатковыя пытанні і даць магчымасць камандам зарабіць дадатковыя балы.

Выкладчык.

Вучаць у школе замежныя мовы,

Кожная мова гучыць адмыслова.

Вы паглядзіце – у краіне любой

Ёсць да айчыннага слова любоў.

Шчыра гаворыць француз па – французку,

Рускі прасветлена мовіць па-руску.

Піша ад сэрца па-польску паляк.

Як мы да роднае ставімся? Як?

О, загучы, як Радзімы аснова,

Ты, беларуская слынная мова!

Сапраўды, наша мова з’яўляецца самай мілагучнай і пявучай у свеце. А зараз у выкананні нашых дзяўчынак прагучыць песня «Гаворка беларуская».


Музыкальная паўза.

(Дзяўчаты ў беларускіх строях выконваюць песню

«Гаворка беларуская»).


IV. Тэарэтычны турнір.

Каманды атрымліваюць канверты з заданнямі.


Заданні для каманды «Каласок».

1) Вызначце від апісання ў літаратурным творы. Абгрунтуйце свой адказ. Праз якія сродкі мастацкай выразнасці перадаецца адухоўленасць прыроды? (Паэма Я. Коласа «Сымон-музыка», урывак з трэцяй часткі «О, край родны, край прыгожы!».)

О, край родны, край прыгожы!

Мілы кут маіх дзядоў!

Што мілей у свеце божым

Гэтых светлых берагоў,

Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,

Дзе бары-лясы гудуць,

Дзе мядамі пахнуць грэчкі,

Нівы гутаркі вядуць;

Гэтых гмахаў безгранічных

Балатоў тваіх, азёр,

Дзе пад гоман хваль крынічных

Думкі думае прастор;

Дзе ўвосень плачуць лозы,

Дзе вясной лугі цвітуць,

Дзе шляхом старым бярозы

Адзначаюць гожа пуць?


Адказ. Пейзаж. Паэт перадае пачуцці і ўражанні, выкліканыя з'явамі, малюнкамі прыроды. Маляўнічасць. Адзінства прыроды і чалавека. Адухоўленасць перадаецца праз метафары.


2) Узгадайце слова-эпітэт, якое выкарыстоўвае Я. Колас у паэме «Новая зямля» да слова «кут» і да дзядзькі Антося.

Адказ. Мой родны кут, як ты мне мілы!.. ; Наш дзядзька, мілы наш Антоні...


3) Што такое эпітэт? Знайдзіце эпітэты ў вершы Я. Купалы. Растлумачце значэнне слова «вабная».

...Згінулі сцюжы, марозы, мяцелі.

Болей не мерзне душа ні адна.

Сонейкам цёпленькім, зеленню вабнаю

Адаравала зямельку вясна...

Адказ. Прыгожаю.


Заданні для каманды «Купалінка».

1) Прачытайце вершаваны ўступ Я. Коласа да ўсяго цыкла казак жыцця. Здагадайцеся, хто з’яўляецца героямі коласаўскіх казак жыцця. Дзеля чаго складаў Якуб Колас «Казкі жыцця»? Якія галоўныя каштоўнасці ён імкнуўся сцвердзіць?

Не ў адной толькі нашай душы

Зерне ёсць хараства —

Аб ім казку складае ў цішы

Колас нівы, трава.

Не ў адным толькі сэрцы людзей

Іскра праўды гарыць -

Аб ёй песню пяе салавей,

Аб ёй рэчка журчыць...

Адказ. Героі: колас, трава, салавей, рэчка, гара, хмарка, адзінкае дрэва, камень, балота... Каштоўнасці: хараство, праўда.


2) Вызначце від рыфмы па спосабе спалучэння вершаваных радкоў (парная, перакрыжаваная, кальцавая).

(Урывак з паэмы Я. Коласа «Новая зямля».)

Ідуць касцы, звіняць іх косы,

Вітаюць іх буйныя росы,

А краскі ніжай гнуць галовы,

Пачуўшы косак звон сталёвы.

Адказ. Парная.


3) Вызначце від лірыкі паводле тэмы. Абгрунтуйце свой адказ.

Я ад вас далёка, бацькоўскія гоні, —

На чужое неба ўжо гляджу сягоння.

Але думкай, сэрцам толькі вас я знаю,

Як і жыў, жыву я ў сваім родным краю.

I няма на свеце той вялікай меры,

I няма на свеце так каваных дзвераў,

Каб хоць на часіну — ў будні ці ў нядзелі —

Беларусь са мною разлучыць пасмелі!

Адказ. Я. Купала. Грамадзянская лірыка.




V. Творчы турнір.


1) Узнавіце верш да канца (на выбар выкладчыка).

Каманда «Каласок». Урывак з паэмы Я. Коласа «Новая зямля».

Выкладчык.

Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому:

Кліча яго рэчка, цягнуць санкі з дому.


Навучэнец.

– Мамачка-галубка! – просіць сын так міла.

– Можа б, ты на рэчку пагуляць пусціла?

Я не буду доўга, зараз жа вярнуся,

Трошачкі на рэчцы ў санках паважуся.

– Ну, ідзі, пабегай, толькі апраніся

Ды, глядзі, ў палонку, сынку, не ўваліся.

Радасць і раздолле хлопчыку малому

І не пазайздросціць ён цяпер нікому!

На плячо – сякерку, саначкі – у руку,

Хлеба ўзяў акрайчык. – Цюцік! – свіснуў Жуку.

Пад скарынкай лёду тут жа, каля хаты,

Працякала рэчка скрозь лясныя шаты.

Побач той рачулкі кучы буралому,

І застыла рэчка мёртва, нерухома.

– Эй ты, лёд-гвалтоўнік! Што ты вытвараеш?!

Ты нашто вадзіцу крыўдзіш, ушчуваеш?

Дам ёй ход, дарогу, каб на свет зірнула!

І яго сякерка спрытна секанула.

Звякае сякерка, глуха стук нясецца.

Раптам клуб вадзіцы з-пада дна ўзаўецца.

Коціцца вадзіца, іней падымае

Ды такую казку-байку хлопцу бае!

На рачулцы ў лесе меў Алесь забаву.

Ну ж і пацяшаўся хлопчык тут на славу!


Каманда «Купалінка». Урывак з паэмы «Бандароўна».

Выкладчык.

Ў слаўным месце Берастэчку -

Слаўны Бандарэнка,

Ў яго дочка - Бандароўна,

Пашукаць - паненка.


Навучэнец.

Хараства такога ў свеце

Не было, не будзе;

Аб ёй людзі гаварылі,

Як аб нейкім цудзе.

Як маліны, яе губкі,

А твар, як лілея,

Як дзве зоркі, яе вочы,

Гляне - свет яснее.

З плеч сплываюць яе косы,

Як бы сонца косы,

І іскрацца, як на сонцы

Брыльянцісты росы.

Рост высокі, стан павабны,

Ўся, як цень, павеўна,

Як ідзе яна, бывала, -

Набок каралеўна!

А сягоння ж выглядае

Лепей, як заўсёды, -

У карчомцы з казакамі

Цешыцца з свабоды.

У гульні сама рэй водзіць,

Весела міргае,

Задзіўляе усіх чыста,

Як зара якая.

Ой, гуляй жа, Бандароўна,

З вечара да ранку!

Цябе вораг ужо сочыць,

Сочыць на каханку.


2) Выразна прачытайце верш на памяць (на выбар навучэнцаў каманды).


Каманда «Каласок». Урывак з паэмы Я. Коласа «Новая зямля».

Мой родны кут, як ты мне мілы!..

Забыць цябе не маю сілы!

Не раз, утомлены дарогай,

Жыццём вясны мае убогай,

К табе я ў думках залятаю

І там душою спачываю.

О, як бы я хацеў спачатку

Дарогу жыцця па парадку

Прайсці яшчэ раз, азірнуцца,

Сабраць з дарог каменні тыя,

Што губяць сілы маладыя, –

К вясне б маёй хацеў вярнуцца.

Вясна, вясна! Не для мяне ты!

Не я, табою абагрэты,

Прыход твой радасны спаткаю, –

Цябе навек, вясна, хаваю.

Назад не прыйдзе хваля тая,

Што з быстрай рэчкай уплывае.

Не раз яна, зрабіўшысь парам,

На крыллях сонца дойдзе к хмарам

Ды йзноў дажджом на рэчку сыдзе –

Ніхто з граніц сваіх не выйдзе,

З законаў, жыццем напісаных,

Або на дол спадзе ў туманах.

Але хто нам яе пакажа?

На дол вадой ці снегам ляжа?

Не вернешся, як хваля тая,

Ка мне, вясна ты маладая!..

Вось як цяпер, перада мною

Ўстае куточак той прыгожа,

Крынічкі вузенькая ложа

І елка ў пары з хваіною,

Абняўшысь цесна над вадою,

Як маладыя ў час кахання,

Ў апошні вечар расставання.

І бачу лес я каля хаты,

Дзе колісь весела дзяўчаты

Спявалі песні дружным хорам,

З работ ідучы позна борам.

Нясліся зыкі песень здольных,

Ў лясах раз-пораз адбівалісь,

І ім узгоркі адклікалісь,

І радасць біла ў песнях вольных.

А хвоі, елкі векавыя

Пад зыкі песень маладыя

Маўчком стаялі ў нейкай думе,

І ў іх ціхусенечкім шуме

Няслось вячэрняе маленне

Ўгару, святое аддаленне.


Каманда «Купалінка». Верш «Спадчына».

Ад прадзедаў спакон вякоў

Мне засталася спадчына;

Памiж сваiх i чужакоў

Яна мне ласкай матчынай.

Аб ёй мне баюць казкi-сны

Вясеннiя праталiны,

I лесу шэлест верасны,

I ў полi дуб апалены.

Аб ёй мне будзiць успамiн

На лiпе бусел клёкатам

I той стары амшалы тын,

Што лёг ля вёсак покатам;

I тое нуднае ягнят

Бляянне-зоў на пасьбiшчы,

I крык варонiных грамад

На могiлкавым кладбiшчы.

I ў белы дзень i ў чорну ноч

Я ўсцяж раблю агледзіны,

Цi гэты скарб не збрыў дзе проч,

Цi трутнем ён не з'едзены.

Нашу яго ў жывой душы,

Як вечны светач-полымя,

Што сярод цемры i глушы

Мне свецiць мiж вандоламi.

Жыве з iм дум маiх сям'я

I снiць з iм сны нязводныя…

Завецца ж спадчына мая

Ўсяго Старонкай Роднаю.


VI. Падвядзенне вынікаў.

Выкладчык. Вось і падышла да завяршэння наш літаратурны турнір. Засталося толькі падвесці вынікі. Хто ж перамог? У гэтым нам дапаможа наша кампітэнтнае журы. Шаноўнае журы просім падвесці вынікі.

(Журы падводзіць вынікі, узнагароджвае ўдзельнікаў салодкімі прызамі).

Выкладчык. З нагоды ўзнагароджвання нашых удзельнікаў прыміце такія словы-пажаданні:

Жадаю вам, дзеці, і далей лагодна

Мовай народа валодаць свабодна.

І ў жыцці, каб было вам лягчэй,

Мову сваю вывучайце хутчэй.

А сёння, мае хлапчукі і дзяўчынкі,

За веданне мовы атрымайце ласункі.

Няхай кожнаму з вас будзе дорага мова!

Любіце, шануйце, ведайце роднае слова!

Выкладчык. І ў заключэнне я папрашу вас завяршыць фразу.

VII. Рэфлексія «Завяршы фразу»:

1. Беларусь для мяне – гэта ...

2. Я ганаруся ...

3. Літаратуру і гісторыю трэба ведаць, таму што...

4. Сярод конкурсаў мне найбольш спадабаўся ...

5. У час віктарыны я зразумеў (ла) ...

6. Літаратурная віктарына прымусіла мяне задумацца пра...

7. Па адносінах чалавека да Радзімы можна меркаваць пра...


Выкладчык. Дзякую ўсім за ўдзел у літаратурным турніры, за падрыхтоўку, добразычлівую і святочную атмасферу. А вам жадаю, каб кожны з вас ганарыўся сваёй радзімай, паважаў і шанаваў сваю мову, тых людзей, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё нашай літаратурнай спадчыны.



Літаратура

  1.  Ляшук, В. Я. Якуб Колас ў школе : дапаможнік для настаўнікаў / В. Я. Ляшук. – Мінск : Аверсэв, 2006. – 320с.

  2. Міхайлаў, П. Залацінкі роднай мовы / П.Міхайлаў // Полымя. – 2001. – № 2. – С. 304–308.Пуцявінамі Янкі Купалы. Дакументы і матэрыялы. Мінск, 1991.

  3. Мушынскі М.І. Тэксталогія твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Мінск, 2007.

  4. Жураўлёў В.П. Актуальнасць традыцый: Якуб Колас у пісьменніцкім асяродку. Мінск, 2002.

  5. Янка Купала і Якуб Колас у кантэксце славянскіх літаратур. — Мн., 2002.

  6. Янка Купала і Якуб Колас: Некаторыя аспекты творчасці / С.Х. Александровіч, В.П. Іваноў, В.У. Івашын і інш.; Пад агул. рэд. А.А. Семяновіча. Мінск 1982.



Скачать

Рекомендуем курсы ПК и ППК для учителей

Вебинар для учителей

Свидетельство об участии БЕСПЛАТНО!