Дзяржаўная ўстанова адукацыі
«Сярэдняя школа №16 г. Барысава»
Абагульненне і сістэматызацыя ведаў
па тэме “Аднасастаўныя сказы”
(Урок беларускай мовы ў 8 класе)
Настаўнік
Петручэня Нона Іванаўна
Тэма ўрока: Абагульненне і сістэматызацыя ведаў па тэме “Аднасастаўныя сказы”
Мэты ўрока:
актуалізаваць, сістэматызаваць і паглыбіць веды вучняў па тэме “Аднасастаўныя сказы”, садзейнічаць фарміраванню навыкаў і ўменняў на ўзроўні кантэкстнага выкарыстання і практычнага прымянення аднасастаўных сказаў;
садзейнічаць засваенню вучнямі асноўных спосабаў мысленчай дзейнасці (параўнанне, супастаўленне, абагульненне, сістэматызацыя);
вучыцца уключаць у вуснае і пісьмовае маўленне аднасастаўныя сказы як сродак выразнасці мовы;
развіваць пазнавальную цікавасць да прадмета;
стварыць умовы для выхавання пачуцця адказнасці за вынікі слова
Лёгкія сняжынкі ў цішы
Долу апускаюцца нясмела…
Светла ў полі, светла на душы…
Лёгкія сняжынкі ў цішы…
Спіць сасна ў бахматым шалашы…
А навокал так бялютка-бела…
Данута Бічэль
Ход урока
І. Псіхалагічны настрой вучняў. Матывацыя вучэбнай дзейнасці.
Многія з вас, напэўна, чулі старажытнагрэчаскі міф пра Сізіфа. Ён цягаў
цяжкія камяні на гару, а калі да самай вяршыні заставалася некалькі крокаў, то камень зрываўся і падаў уніз. Сізіфу зноў даводзілася пачынаць усё спачатку. Гэты міф даў назву ўстойліваму спалучэнню “сізіфава праца” – г.зн. марная праца, якая не дае выніку. Так і ў нашым жыцці, каб наша праца не была марная, мела вынікі, давайце будзем добра працаваць на ўроку, набываць веды, якія спатрэбяцца вам ў жыцці. Нездарма наш народ склаў такую прыказку: не папрацаваўшы, ведаў не набудзеш.
Слайд 1
ІІ. Запіс тэмы ўрока. Пастаноўка задач урока. Тэма нашага ўрока запісана на дошцы. Падумайце, якія задачы на ўрок вы перад сабою паставіце? (успомніць, што такое аднасастаўныя сказы, іх віды, навучыцца адрозніваць віды аднасастаўных сказаў, ужываць іх у маўленні)
Слайд 2 (задачы ўрока)
Урок наш адбудзецца ў незвычайнай форме. У кожнага з вас маюцца лісты ацэньвання, у якіх указаны этапы вашай дзейнасці. Працаваць вы будзеце самастойна і ў парах. Памятайце: вельмі важна быць чэсным перад самім сабою і сваім таварышам. Ацэньвайце сябе максімальна аб’ектыўна.
Арфаграфічная хвілінка
Слайд 3
Перад тым, як пачнём працу па тэме ўрока, правядзем арфаграфічную хвілінку. Устаўце прапушчаныя галосныя літары е,ё,я , патлумачце іх правапіс:
В..траны, в..цер, в..трыска, в..тракі, цв..рды, цв..рдзець, зацв..рдз..нне, засн..жаны, сн..жаньскі, сн..жынкі, сн..гавы,сн..гір,ц..жкія, ц..жкаваты,м..с..ц.
Слайд 4 (адказы да арфаграфічнай хвілінкі)( 10 балаў за правільны варыянт напісання)
ІІІ. Работа над паўтарэннем і падагульненнем тэмы “Аднасастаўныя сказы”
Звярніце, калі ласка, увагу на эпіграф да ўрока. Як вы лічыце, чаму менавіта гэтыя радкі я выбрала ў якасці эпіграфа да ўрока? (адпавядае надвор’ю, ёсць аднасастаўныя сказы) Так, малайцы, з творчасцю Дануты Бічэль мы знаёміліся ў 8 класе і на ўроку будуць выкарыстаны радкі з вершаў паэтэсы.
Якія тыпы сказаў па мэце выказвання і інтанацыіі сустракаюцца ў эпіграфе? (па мэце выказвання – апавядальныя, а па інтанацыі – няклічныя). А па спосабу выражэння галоўных членаў? (двухсастаўныя і аднасастаўныя). Нагадай усім, што такое аднасастаўныя сказы?
Першы этап нашай дзейнасці - “Тэарытычная лабараторыя” Вам неабходна запоўніць прапанаваны кластар і агучыць яго. Працуем у парах
Слайд 5 Заданне 1”Тэарытычная лабараторыя”
Сдайд 6 запоўнены кластар
( максімальны бал – 10, Ацаніце свае веды па тэорыі)
Для замацавання ведаў па тэорыі , правядзём лінгвістычную фізкульхвілінку ў форме гульні “Веру – не веру”
Гульня “Веру – не веру” Калі вы згодны са сцвярджэннем - пляскаеце ў далоні, калі не - то сядзіце склаўшы рукі.
1. Сказ, які мае два галоўныя члены, называецца аднасастаўным.
2. Аднасастаўныя сказы могуць быць развітымі і неразвітымі.
3. Назыўных сказах дзейнік можа развівацца толькі дапасаванымі і недапасаванымі азначэннямі.
4. У пэўна-асабовых сказах галоўны член мае форму 3-й асобы множнага ліку.
5. Сэнс аднасастаўных сказаў зразумелы і без другога галоўнага члена.
6. Няпэўна-асабовыя сказы пашыраны ў мастацкай літаратуры.
7. Няпэўна-асабовыя сказы пашыраны ў гутарковай мове.
8. У безсабовых сказах выказнік выражаецца назоўнікам у назоўным склоне.
9. Выказнік абагульнена-асабовых сказаў выражаецца дзеясловам 2-й асобы адзіночнага і множнага ліку абвеснага і загаднага ладу.
10. Назыўныя сказы звычайна пачынаюць тэкст.
11. Пэўна-асабовыя сказы робяць выказванне лаканічным, даюць магчымасць пазбегнуць паўтору асабовых займеннікаў
12. Безасабовым называецца аднасастаўны сказ, у якім дзеянне і стан не ўтвараюцца дзейнай асобай.
V. Практычнае прымяненне ведаў
Слайд №7 Заданне № 1 Выпішыце нумары аднасастаўных сказаў.
1) Закінь жа ты скруху за бор у змрок (Д.Бічэль) .
2) Даўно пара пасталець (Д.Бічэль).
3) Маіх продкаў шлях, прамяністы шлях Д.Бічэль).
4) Выпаў першы снег.
5) Белай коўдрай ён улёгся на палеткі і лугі.
6) Раней за сонца ўстану рана я (Д.Бічэль).
7) Хачу пакінуць назаўжды надзею (Д.Бічэль).
8) Над палеткамі разліўся напаўторны водар канюшыны.
9) Не папрацаваўшы, ведаў не набудзеш.
10) Даверна сашчапілі дзве рукі, нібы спрадвеку, пайшлі нацянькі (Д.Бічэль).
11) Улес дроў не возяць
Слайд №8 Правер сябе: 2, 3, 7, 9, 10, 11
Ацаніце правільнасць выкананага задання. ( 1 бал за правільны адказ)
Заданне №2. Запішыце гэтыя аднасастаўныя сказы ў сшыткі, вызначце іх від, граматычныя асновы і спосабы іх выражэння.
Даўно пара пасталець (Д.Бічэль).
Маіх продкаў шлях, прамяністы шлях Д.Бічэль).
Хачу пакінуць назаўжды надзею (Д.Бічэль).
Не папрацаваўшы, ведаў не набудзеш.
Даверна сашчапілі дзве рукі, нібы спрадвеку, пайшлі нацянькі
Улес дроў не возяць
Слайд №9 Праверце і ацаніце сябе.
Даўно пара пасталець. (сказ безасабовы, галоўны член сказа – выказнік, выражаны інфінітывам пасталець)
Маіх продкаў шлях, прамяністы шлях. (сказ назыўны, галоўны член сказа – дзейнік шлях, выражаны назоўнікам у назоўным склоне)
Хачу пакінуць назаўжды надзею. (сказ пэўна-асабовы, галоўны член сказа – састаўны дзеяслоўны выказнік, выражаны дапаможным дзеясловам хачу, 1 асоба, адз.лік, абв. лад, цяп. час і пакінуць – дзеяслоў неазначальнай формы)
Не папрацаваўшы, ведаў не набудзеш. (сказ абагульнена-асабовы, галоўны член сказа – выказнік, выражаны дзеясловам не набудзеш, 2 асоба, абвесны лад)
Даверна сашчапілі дзве рукі, нібы спрадвеку, пайшлі нацянькі. (сказ няпэўна-асабовы, галоўны член сказа – выказнік, выражаны дзеясловамі сашчапілі і пайшлі, множны лік, прошлы час)
У лес дроў не возяць ( сказ абагулена – асабовы, галоўны член сказа выказнік, выражаны дзеясловам не возяць, 3 асоба, абвесны лад) ( максімальная азднака – 10 балаў)
Слайд №10 Заданне №3 “Кожны сам за сябе”. Па памяці запісаць як мага больш прыказак, якія па сінтаксічнай будове адпавядаюць абагульнена-асабовым сказам.
На заданне адводзіцца пэўная колькасць хвілін. Кожны працуе сам за сябе. Колькі прыказак – столькі і балаў атрымаеце.
Заданне № 4. Устанавіце адпаведнасць паміж сказам і тыпам. Гэта заданне я ўзяла з тэставых заданняў, якія здаюць выпускнікі пасля заканчэння 11 класаў. Звярніце ўвагу: сказаў 5, а тыпаў 6. Праверце і вы свае веды.
1 варыянт
А. Адрэзанай лусты не прыклеіш. | 1. Пэўна-асабовы |
Б. Вялікія вочы, сінія, ясныя. | 2. Няпэўна-асабовы |
В. З радасцю разглядаў Сямён скарб. | 3. Абагульнена-асабовы |
Г. Добра летам было Валодзьку | 4. Безасабовы |
Д. Традыцыйна выцінанкі выразалі з чорнай паперы. | 5. Назыўны |
| 6.Двухсастаўны. |
2 варыянт
А. Тут вее водарам вясны | 1. Пэўна – асабовы |
В. Чую подых кожнага лістка | 2. Няпэўна – асабовы |
В.Сытыя галасы варон і перапёлак | 3. Абагульнена – асабовы |
Г. Рашылі крыху прайсціся па незнаёмым горадзе | 4. Безасабовы |
Д.Выйшаў на вуліцу, стаяў і глядзеў на зоркі | 5. Назыўны |
| 6. Двухсастаўны |
Слайд №11 Адказ: 1 варыянт А3 Б5 В6 Г4 Д 2
2 варыянт А4, Б1, В5, Г2, Д6 ( па 2 балы за правільны адказ – 10 балаў)
VІ. Вяртанне да эпіграфа.
Зноў звернемся да эпіграфа. Вызначце від аднасастаўных сказаў. (Светла ў полі, светла на душы – безасабовыя сказы). Што можна сказаць пра тэматычную разнастайнасць лірыкі Дануты Бічэль? (вершы, якія адносяцца да грамадзянскай, філасофскай, інтымнай лірыкі).
Слайд №12 VІІ. Рэфлексія.
Ацаніце сваю працу праз складанне сінквейна на тэму ўрока (мае адчуванні на ўроку, я ў тэме ўрока)
Слайд №13
Сказы.
Цікавыя, складаныя.
Разбіралі, чыталі, пісалі.
Імкнуліся ўсё добра запомніць.
Ведаем.
Выстаўляем адзнакі
Слайд №14. ІХ. Інфармацыя пра дамашняе заданне.
Скласці невялічкае сачыненне з выкарыстанем аднасастаўных сказаў на тэмы “Мая радзіма”, “Мой непаўторны край”