СДЕЛАЙТЕ СВОИ УРОКИ ЕЩЁ ЭФФЕКТИВНЕЕ, А ЖИЗНЬ СВОБОДНЕЕ

Благодаря готовым учебным материалам для работы в классе и дистанционно

Скидки до 50 % на комплекты
только до

Готовые ключевые этапы урока всегда будут у вас под рукой

Организационный момент

Проверка знаний

Объяснение материала

Закрепление изученного

Итоги урока

Асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу на і ступені агульнай сярэдняй адукацыі

Нажмите, чтобы узнать подробности

Просмотр содержимого документа
«Асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу на і ступені агульнай сярэдняй адукацыі»

Дадатак 1


АСАБЛІВАСЦІ АРГАНІЗАЦЫІ АДУКАЦЫЙНАГА ПРАЦЭСУ

НА І СТУПЕНІ АГУЛЬНАЙ СЯРЭДНЯЙ АДУКАЦЫІ


1. Вучэбныя праграмы

У 2022/2023 навучальным годзе выкарыстоўваюцца наступныя вучэбныя праграмы:

Клас

I

II

III

IV

Год зацвярджэння (выдання) вучэбнай программы

2017*

2017**

2017

2018***


*за выключэннем вучэбнай праграмы па вучэбным прадмеце «Навучанне грамаце» для І класа ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, з беларускай мовай навучання і выхавання (зацверджана ў 2021 годзе);

**за выключэннем вучэбнай праграмы па вучэбным прадмеце «Літаратурнае чытанне» для ІІ класа ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, з беларускай мовай навучання і выхавання (зацверджана ў 2022 годзе);

*** за выключэннем вучэбнай праграмы па вучэбным прадмеце «Чалавек і свет. Мая Радзіма – Беларусь» для IV класа ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання (зацверджана ў 2022 годзе).

У вучэбнай праграме па вучэбным прадмеце «Літаратурнае чытанне» для ІІ класа адкарэктаваны спісы твораў, прызначаных для чытання і вывучэння ў класе і пазакласнага чытання, зменена паслядоўнасць вывучэння тэматычных раздзелаў «У свеце ветлівасці і дабрыні» і «Падарожжа ў свет казкі».

У вучэбнай праграме па вучэбным прадмеце «Чалавек і свет. Мая Радзіма – Беларусь» для IV класа устаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання ўдакладнены змястоўны аспект, які тычыцца трагедыі беларускага народа, а таксама гістарычнай памяці аб гібелі жыхароў беларускай вёскі Хатынь і дзецях – ахвярах вайны.

Усе вучэбныя праграмы размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2022/2023 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Вучэбныя прадметы. I–IV класы.

2. Вучэбныя выданні

У новым навучальным годзе ў адукацыйным працэсе будуць выкарыстоўвацца вучэбныя выданні, уключаныя ў Пералік вучэбных выданняў, якія прыгодныя для выкарыстання ў бібліятэчных фондах устаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, у 2022/2023 навучальным годзе (зацверджаны 25.03.2022). Дадзены дакумент апублікаваны ў бюлетэні Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Зборнік нарматыўных дакументаў» (№ 8, 2022), размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2022/2023 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Пералікі вучэбных выданняў.

Электронныя версіі вучэбных дапаможнікаў, якія будуць выкарыстоўвацца ў 2022/2023 навучальным годзе, размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: http://e-padruchnik.adu.by.

Рэкамендацыі па рабоце з вучэбнымі дапаможнікамі размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2022/2023 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Вучэбныя прадметы. I–IV класы.

Да 2022/2023 вучэбнага года падрыхтаваны новыя выданні для настаўнікаў:

II клас

Воропаева, В.С. Литературное чтение во 2 классе: учебно-методическое пособие для учителей учреждений общего среднего образования с русским языком обучения / В.С. Воропаева, Т.С. Куцанова. – Минск: НИО, 2022.

Антонава, Н.У. Літаратурнае чытанне ў 2 класе: вучэбна-метадычны дапаможнік для настаўнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з рускай мовай навучання / Н.У. Антонава, І.А. Буторына, Г.А. Галяш. – Мінск: НІА, 2022.

Соколова, Е.О. Изобразительное искусство во 2 классе: учебно-методическое пособие для учителей учреждений общего среднего образования с белорусским и русским языками обучения / Е.О. Соколова, Д.С. Сенько. – Минск: Адукацыя і выхаванне, 2022.

Ковалив, В.В. Музыка во 2 классе: учебно-методическое пособие для учителей учреждений общего среднего образования с белорусским и русским языками обучения, с электронным приложением / В.В. Ковалив, А.Ю. Ковалив, М.Б. Горбунова. – Минск: Народная асвета, 2022.

III клас

Муравьёва, Г.Л. Математика в 3 классе: учебно-методическое пособие для учителей учреждений общего среднего образования с белорусским и русским языками обучения / Г.Л. Муравьёва, М.А. Урбан, С.В. Гадзаова. – Минск: НИО, 2022.

Поўная інфармацыя аб вучэбна-метадычным забеспячэнні адукацыйнага працэсу на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў 2022/2023 навучальным годзе размешчана на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2022/2023 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Вучэбныя прадметы. I–IV класы.

Звяртаем асаблівую ўвагу, што ў адпаведнасці з артыкулам 86 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі да выкарыстання ў адукацыйным працэсе дапускаюцца падручнікі, вучэбныя дапаможнікі і іншыя вучэбныя выданні, афіцыйна зацверджаныя або дапушчаныя ў якасці адпаведнага віду вучэбнага выдання Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, рэкамендаваныя арганізацыямі, якія ажыццяўляюць навукова-метадычнае забеспячэнне адукацыі.

Рабочыя сшыткі на друкаванай аснове не з'яўляюцца абавязковымі для выкарыстання вучнямі, за выключэннем рабочага сшытка па матэматыцы для I класа. Настаўнік не мае права патрабаваць набыцця рабочых сшыткаў на друкаванай аснове.

3. Асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу

Звяртаем увагу на тое, што пры арганізацыі адукацыйнага працэсу настаўнік абавязаны кіравацца патрабаваннямі вучэбных праграм па вучэбных прадметах, на аснове якіх ён складае каляндарна-тэматычнае планаванне, распрацоўвае планы-канспекты вучэбных заняткаў з улікам рэальных умоў навучання і выхавання ў канкрэтным класе. Любое вучэбна-метадычнае забеспячэнне, якое выкарыстоўваецца настаўнікам, павінна быць накіравана на дасягненне адукацыйных вынікаў, зафіксаваных у вучэбных праграмах.

У вучэбных праграмах змяшчаюцца патрабаванні да адукацыйных вынікаў вучняў. Не дапускаецца прад'яўленне да вучняў патрабаванняў, якія не прадугледжаны вучэбнымі праграмамі.

Рэалізацыя выхаваўчага патэнцыялу вучэбных прадметаў

У 2022/2023 навучальным годзе неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на рэалізацыю ў адукацыйным працэсе выхаваўчага патэнцыялу вучэбных прадметаў з мэтай фарміравання ў вучняў пачуцця патрыятызму, грамадзянскасці, павагі да гістарычнага мінулага сваёй краіны. Рашэнне гэтай задачы непасрэдна звязана з дасягненнем вучнямі асобасных адукацыйных вынікаў. Пры рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу вучэбных прадметаў трэба арыентавацца на сістэму традыцыйных каштоўнасцей беларускага народа.

Рэалізацыя выхаваўчага патэнцыялу зместу вучэбных праграм па вучэбных прадметах I ступені агульнай сярэдняй адукацыі ажыццяўляецца на аснове інфармацыі аб прыродных аб'ектах, помніках матэрыяльнай і духоўнай культуры (археалагічныя помнікі, помнікі архітэктуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, вуснай народнай творчасці і інш.), памятных датах (напрыклад, 140-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа). Выкарыстанне падобнай інфармацыі падчас экскурсій, гутарак, дыспутаў па вучэбных прадметах «Чалавек і свет», «Літаратурнае чытанне», «Литературное чтение», «Працоўнае навучанне» садзейнічае фарміраванню ў вучняў паважлівага стаўлення да гістарычнага мінулага нашай краіны.

Варта ўлічваць, што патрыятызм як пачуццё любові да Радзімы на першапачатковай стадыі станаўлення і развіцця атаясамліваецца з пачуццямі любові да роднага краю, родных і блізкіх людзей, павагі да сямейных каштоўнасцей. У сувязі з гэтым рэкамендуецца актуалізаваць інфармацыю аб блізкіх сваяках, іх дасягненнях у выбранай імі сферы дзейнасці. У працэсе рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу вучэбнага прадмета магчыма выкарыстанне сямейных рэліквій, прадметаў даўніны, якія аказваюць непасрэдны ўплыў на ўяўленне вучняў аб гістарычнай сувязі пакаленняў і фарміруюць гістарычную памяць. Выкарыстанне такіх прадметаў магчыма як пры правядзенні вучэбных заняткаў, так і ў пазаўрочнай дзейнасці. Пры гэтым мэтазгодна выкарыстоўваць актыўныя формы і метады навучання і выхавання.

Важнае значэнне для рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу маюць тэмы вучэбных заняткаў аб Вялікай Айчыннай вайне. Пры вывучэнні гэтых тэм рэкамендуецца абмеркаваць пытанні, звязаныя з генацыдам беларускага народа.

У рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь падрыхтаваны інфармацыйна-аналітычныя матэрыялы. Яны могуць выкарыстоўвацца як на ўроках, так і ў пазаўрочнай працы. Метадычныя рэкамендацыі па выкарыстанні гэтых матэрыялаў у адукацыйным працэсе размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2022/2023 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Метадычныя рэкамендацыі.

З мэтай фарміравання маральна-этычнай арыентацыі вучняў магчыма выкарыстанне прыкладаў учынкаў аднагодкаў у сітуацыі выбару імі лініі паводзін. Мэтазгодна ў якасці такіх прыкладаў абраць блізкіх па сацыяльным асяроддзі вучняў людзей.

На вучэбных занятках і ў пазавучэбнай рабоце актуальным з'яўляецца прымяненне краязнаўчага матэрыялу, звязанага з гісторыяй і сучаснасцю роднага краю, дасягненнямі знакамітых землякоў у розных галінах чалавечай дзейнасці. Рэкамендуецца стварэнне школьнай (класнай) экспазіцыі з прадстаўленнем у ёй прадметаў, значных з пункту гледжання канкрэтных дасягненняў у галіне матэрыяльнай і духоўнай культуры малой радзімы, наведванне памятных мясцін роднага краю, правядзенне экскурсій у мясцовыя музеі.

Улічваючы вялікі адукацыйны патэнцыял экскурсій, значную колькасць разнапланавых экскурсійных аб'ектаў і турыстычных маршрутаў мясцовага значэння, лічым неабходным актывізаваць выкарыстанне гэтай формы работы з улікам прынцыпу тэрытарыяльнай даступнасці, а таксама неабходнасці ўключэння рэгіянальнага краязнаўчага кампанента ў адукацыйны працэс. З гэтай мэтай распрацаваны Пералік экскурсійных аб'ектаў і турыстычных маршрутаў, якія рэкамендуюцца для наведвання навучэнцамі ў рамках правядзення навучальных і факультатыўных заняткаў, пазакласных мерапрыемстваў з улікам зместу вучэбных праграм па вучэбных прадметах.

Абавязковай умовай з'яўляецца выкарыстанне ў адукацыйным працэсе вынікаў азнаямлення вучняў са славутасцямі Беларусі. З гэтай мэтай у пераліку аб'ектаў указаны раздзелы (тэмы) вучэбнай праграмы, у рамках вывучэння якіх неабходна прапаноўваць вучням заданні з апорай на веды, уражанні, уяўленні, набытыя падчас экскурсійных праграм.

Пералік экскурсійных аб'ектаў і турыстычных маршрутаў, якія рэкамендуюцца для наведвання вучнямі, размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2022/2023 навучальны год / Арганізацыя выхавання.

Да 2022/2023 вучэбнага года падрыхтавана новае выданне вучэбнага дапаможніка «Беларусь – наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі першакласніку» (аўтары суправаджальнага тэксту, складальнікі – Л.Ф. Кузняцова, А.І. Цірынава, Н.Г. Ваніна, Д.У. Аўчароў). Вучэбны дапаможнік прызначаны для арганізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў на вучэбных і пазакласных занятках (класных і інфармацыйных гадзінах, у аб'яднаннях па інтарэсах, групе падоўжанага дня). У вучэбным дапаможніку выкарыстана тэхналогія дапоўненай рэальнасці, якая дазваляе сродкамі дадатковага кантэнту пашырыць уяўленні вучняў аб з'явах навакольнага свету.

У 2021/2022 навучальным годзе праведзена вывучэнне чытання і разумення тэксту сярод вучняў IV класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Па выніках вывучэння падрыхтаваны рэкамендацыі, якія могуць быць выкарыстаны з мэтай павышэння якасці адукацыі ў гэтай галіне. Рэкамендацыі размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: http://monitoring.adu.by.

Звяртаем увагу, што ў новай рэдакцыі Метадычных рэкамендацый па фарміраванні культуры вуснага і пісьмовага маўлення ва ўстановах адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, зменены аб'ём вучэбных работ па развіцці звязнага вуснага і пісьмовага маўлення (пераказы, сачыненні) (дадатак 2) і кантрольных слоўнікавых дыктовак (дадатак 3). Пры правядзенні кантрольнай слоўнікавай дыктоўкі ў першай чвэрці або ў першым паўгоддзі бягучага вучэбнага года могуць выкарыстоўвацца слоўнікавыя словы, вывучаныя ў папярэднім навучальным годзе.

Навучанне ў I класе пачынаецца з курса «Уводзіны ў школьнае жыццё», які вывучаецца на працягу першых 20 вучэбных дзён у межах агульнай колькасці вучэбных гадзін, вызначаных тыпавым вучэбным планам агульнай сярэдняй адукацыі. Акрамя вучэбных заняткаў па курсе «Уводзіны ў школьнае жыццё», праводзяцца вучэбныя заняткі па вучэбных прадметах «Фізічная культура і здароўе», «Музыка». Астатнія вучэбныя прадметы, вызначаныя тыпавым вучэбным планам агульнай сярэдняй адукацыі, вывучаюцца пасля завяршэння курса «Уводзіны ў школьнае жыццё».

Па вучэбным прадмеце «Навучанне грамаце» ў класным журнале афармляюцца дзве асобныя старонкі: навучанне грамаце (навучанне чытанню), навучанне грамаце (навучанне пісьму).

Факультатыўныя заняткі ў І класе праводзяцца з 1 верасня. Для правядзення факультатыўных заняткаў у 2022/2023 навучальным годзе выкарыстоўваюцца вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў, зацверджаныя Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і размешчаныя на нацыянальным адукацыйным партале: https://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2022/2023 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Вучэбныя прадметы. I–IV класы.

Абноўленыя нормы ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў. Парадак правядзення бягучай, прамежкавай і падагульняючай атэстацыі, у тым ліку нормы ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў па вучэбных прадметах пры правядзенні бягучай, прамежкавай атэстацыі, вызначаюцца Правіламі правядзення атэстацыі вучняў пры асваенні зместу адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі, зацверджанымі Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Пры ацэнцы вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў трэба прымаць да ўвагі тое, што ў межах кожнага ўзроўню вучэбнай дзейнасці розніца паміж ніжэйшым і вышэйшым баламі звязана, з аднаго боку, з паўнатой прад'яўленага вучнем выніку, з другога – са ступенню самастойнасці яго дасягнення. Напрыклад, балы «1», «3», «5», «7», «9» выстаўляюцца, калі адпаведныя адукацыйныя вынікі вучань дэманструе не ў поўным аб'ёме і/або з дапамогай настаўніка, а балы «2», «4» , «6», «8», «10» – за тыя ж вынікі, прадэманстраваныя самастойна і ў поўным аб'ёме.

Адзнакі «1» бал і «2» бала з'яўляюцца нездавальняючымі, а адзнакі ад «3» да «10» балаў станоўчымі.

Бягучая атэстацыя вучняў I–II класаў па ўсіх вучэбных прадметах, вучняў III–IV класаў па вучэбных прадметах «Музыка», «Выяўленчае мастацтва», «Працоўнае навучанне», «Фізічная культура і здароўе», «Асновы бяспекі жыццядзейнасці» ажыццяўляецца на змястоўна-ацэначнай аснове, якая прадугледжвае слоўную ацэнку вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў, без выстаўлення адзнак.

Прамежкавая атэстацыя па вучэбных прадметах «Музыка», «Працоўнае навучанне», «Асновы бяспекі жыццядзейнасці» ў I–IV класах, «Выяўленчае мастацтва» ў II–IV класах праводзіцца за паўгоддзе. Па вучэбных прадметах «Фізічная культура і здароўе» ў I–IV класах, «Выяўленчае мастацтва» ў I класе прамежкавая атэстацыя праводзіцца за кожную чвэрць.

Пры правядзенні прамежкавай атэстацыі, атэстацыі вучняў па выніках вучэбнага года ў I–II класах па ўсіх вучэбных прадметах, III–IV класах па вучэбных прадметах «Музыка», «Выяўленчае мастацтва», «Працоўнае навучанне», «Фізічная культура і здароўе», «Асновы бяспекі жыццядзейнасці» выкарыстоўваюцца запісы «засвоіў(ла), «не засвоіў(ла)».

Змястоўны кантроль і ацэнка прадугледжваюць выяўленне індывідуальнай дынамікі засваення вучнем ведаў і ўменняў па вучэбных прадметах і выключаюць параўнанне вучняў паміж сабой. Індывідуальная дынаміка развіцця вучня і ступень засваення ім ведаў і ўменняў вызначаюцца ў супастаўленні з яго ж вынікамі, атрыманымі ў папярэдні перыяд навучання.

Ва ўмовах безадзнакавага навучання прымяняюцца разгорнутыя ацэначныя меркаванні, якія адлюстроўваюць ступень засваення ведаў і ўменняў па вучэбных прадметах, а таксама індывідуальны ўзровень развіцця вучняў. Любую знешнюю адзнаку, атрыманую ад педагога, вучань успрымае як заахвочванне ці пакаранне, дадатнае ці адмоўнае стаўленне да яго. У сувязі з гэтым недапушчальна ў якасці знакаў адзнакі ўвядзенне эмацыйных атрыбутаў – сонейка, смайлікаў, казачных герояў ці людзей, якія выяўляюць радасць, сум ці іншыя эмоцыі. Такія знакі перадаюць вучням эмацыйны зарад і не ўспрымаюцца імі гэтак жа нейтральна, як, напрыклад, знакі «+» і «–», якія паказваюць на адсутнасць або наяўнасць памылак у працы. Недапушчальнай таксама з'яўляецца замена адзнак іншымі вонкавымі атрыбутамі (зорачкамі, кветачкамі, сцяжкамі і інш.), паколькі пры гэтым функцыю адзнакі бярэ на сябе дадзены прадметны знак і стаўленне вучня да яго ідэнтычна стаўленню да адзнакі.

На працягу ўсяго перыяду безадзнакавага навучання настаўнік мэтанакіравана працуе над фарміраваннем у вучняў навыкаў самаацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці.

Вынікі кантрольна-ацэначнай дзейнасці могуць выражацца ў рознай форме: слоўнай (кароткія і разгорнутыя ацэначныя меркаванні), графічнай (напрыклад, лінейкі самаацэнкі і інш.), знакавай (знакі «+», «–» і інш.).

На кожным уроку педагог дае слоўную адзнаку вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў, звяртаючыся да ўсяго класа або да асобных вучняў. Прыклады слоўных ацэначных меркаванняў педагога: «Малайчына! Ты правільна рашыў задачу»; «Малайчына! Ты акуратна выканаў працу»; «Твая праца вартая высокай адзнакі»; «Сёння ты выканаў працу без памылак. Працаваў цалкам самастойна. Малайчына!»; «Пахвальна! Ты сам выправіў памылку ў сваёй працы і растлумачыў, як рашаў задачу»; «Малайцы! Вы ўсе вельмі стараліся, выконваючы гэта практыкаванне» і інш.

Для ўсведамлення вучнямі крытэрыяў ацэнкі педагог выкарыстоўвае прыём «аналіз узору». Настаўнік дае разгорнутую змястоўную ацэнку розных відаў дзейнасці, на аснове якой падчас калектыўнага абмеркавання вылучаюцца патрабаванні, якія прад'яўляюцца да таго ці іншага задання, фіксуюцца крытэрыі, раскрываецца іх змест. Напрыклад, крытэрыі ацэнкі вуснага адказу – правільнасць адказу, паўната, наяўнасць прыкладаў. Крытэры ацэнкі практычных дзеянняў – правільнасць выканання кожнага дзеяння, захаванне патрэбнага парадку дзеянняў, самастойнасць выканання. Крытэрыі адзнакі пісьмовага практыкавання – адсутнасць памылак, правільнасць выканання ўсіх заданняў, акуратнасць.

Першапачаткова настаўнік выкарыстоўвае ацэначныя меркаванні, у якіх адлюстравана адпаведнасць вынікаў дзейнасці вучняў толькі па якім-небудзь аднаму крытэрыю ацэнкі. У далейшым настаўнік аб'ядноўвае ацэначныя меркаванні ў складнае выказванне, абапіраючыся на структуру тэксту-разважання (тэзіс – доказ – вывад).

Самая распаўсюджаная графічная форма фіксацыі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў – лінейка самаацэнкі. Для адзнакі выкананай працы з дапамогай лінейкі самаацэнкі настаўнік разам з вучнямі вызначае паказчыкі, па якіх гэта праца будзе ацэньвацца, напрыклад: адпаведнасць узору, адсутнасць памылак і інш. Паказчыкаў не павінна быць шмат, паколькі для кожнага з іх неабходна асобная лінейка. Пачынаць навучанне трэба з выкарыстання толькі аднаго паказчыка, дакладна сфармуляванага і зразумелага вучням. Пасля вызначэння паказчыка настаўнік прапануе самастойна праверыць сваю працу і ацаніць атрыманы вынік з выкарыстаннем лінейкі самаацэнкі. Вучні ацэньваюць работу і ставяць умоўны знак на лінейцы. Пры гэтым выконваецца нязменнае патрабаванне: самаацэнка вучня апярэджвае адзнаку настаўніка. Пасля таго як вучні ажыццявілі самаацэнку, настаўнік правярае працу і ставіць свой значок на лінейцы. Калі самаацэнка вучня і ацэнка педагога супадаюць, то значок вучня абводзіцца ў кружок; калі не супадаюць, настаўнік ставіць на лінейцы свой значок вышэйшы або ніжэйшы за значок вучня.

Для фіксацыі вынікаў кантрольна-ацэначнай дзейнасці можна выкарыстоўваць знакі «+», «–», «?». Калі праца выканана правільна, без памылак, ставіцца знак «+». Калі ў рабоце выяўлены памылкі, ставіцца знак «–». Калі, ацэньваючы сваю працу, вучань не ведае, правільна яна выканана ці не, сумняваецца, ёсць у працы памылкі ці не, ставіцца знак «?». Настаўнік па сваім меркаванні можа пашырыць шкалу знакаў.

Для ажыццяўлення пераемнасці ў кантрольна-ацэначнай дзейнасці пры пераходзе да 10-бальнай сістэмы ацэнкі ў III класе неабходна працягнуць работу па фарміраванні адэкватнай самаацэнкі вучняў, пазнаёміць іх з крытэрыямі і паказчыкамі выстаўлення адзнак па ўсіх вучэбных прадметах, суправаджаць выстаўленне адзнак у балах слоўным каментарыем.

Рабочыя матэрыялы настаўніка для фіксацыі ступені засваення вучнямі вучэбнага матэрыялу могуць быць прадстаўлены ў выглядзе табліц на асобных лістах або ў спецыяльных журналах, сшытках. Дапушчальная электронная форма фіксацыі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў. Педагог самастойна вызначае форму вядзення сваіх працоўных запісаў і выбар умоўных знакаў.

Для ажыццяўлення кантролю і ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці кожнага вучня настаўнік вядзе сістэматычны ўлік засваення вучнямі тых ведаў, уменняў і навыкаў, якія ўнесены ў асноўныя патрабаванні вучэбнай праграмы па кожным вучэбным прадмеце. Форму і спосабы фіксацыі вучэбных дасягненняў вучняў настаўнік вызначае самастойна.

У працоўных матэрыялах можна выкарыстоўваць розныя ўмоўныя знакі:

« » – вучань добра ведае вучэбны матэрыял і можа прымяніць яго на практыцы. Гэтым знакам адзначаецца толькі трывалае засваенне вучэбнага матэрыялу, поўнасцю самастойная і беспамылковая работа вучня;

«+» ведае, умее, правільна выконвае, але зрэдку дапускае адзінкавыя памылкі;

«±» ведае, але недастаткова ўпэўнена; выконвае заданні з невялікай колькасцю памылак, гэта значыць у большай ступені матэрыял засвоены, але патрабуецца невялікая дапамога;

« » – выконвае некаторыя заданні, але дапускае вялікую колькасць памылак;

«–» – не валодае матэрыялам, пры выкананні заданняў практычна ва ўсіх выпадках робіць памылкі;

і інш.

Прыклад вядзення працоўных запісаў у табліцы на вучэбных занятках па навучанні грамаце:

Табліца

Кантроль за фарміраваннем уменняў і навыкаў вучняў

на вучэбных занятках па навучанні грамаце

Прозвішча, імя вучня

Уменне вызначаць колькасць

Уменне дзяліць словы на склады

Уменне вылучаць ударны склад

І г.д. паводле вучэбнай праграмы

слоў

у сказе

складоў у слове

Іваноў С.

+

+


Пятроў А.

+

+


Калі вучань не можа сам правільна выканаць заданне, настаўнік не ставіць у сваёй табліцы адпаведны знак або ставіць знак «–», тым самым вызначаючы для сябе неабходнасць індывідуальнай работы з такім вучнем над незасвоеным матэрыялам. Пры гэтым ніякай адмоўнай слоўнай ацэнкі настаўнік не дае. Ацэначныя меркаванні карэктуюцца па меры засваення вучнем матэрыялу па вывучанай тэме, таму табліцы, графікі, ацэначныя лісты лепш запаўняць простым алоўкам.

У табліцах можна фіксаваць колькасць памылак і іх характар. У адпаведнасці з зафіксаванымі ў табліцы дадзенымі настаўнік плануе і арганізуе дыферэнцыраваную і індывідуальную работу на вучэбных, стымулюючых і падтрымліваючых занятках. Педагог можа дадаткова распрацоўваць індывідуальныя лісты вучэбных дасягненняў вучняў.

У канцы вучэбнага года настаўнік ажыццяўляе змястоўны аналіз вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў, у якім адлюстроўвае вынікі вучэбнай дзейнасці вучняў у адпаведнасці з патрабаваннямі вучэбнай праграмы. Форма змястоўнага аналізу вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў вызначаецца метадычным аб'яднаннем настаўнікаў пачатковых класаў. На аснове аналізу робіцца вывад аб прычынах цяжкасцей вучняў у асваенні вучэбнага матэрыялу, вызначаюцца шляхі, якія дадуць магчымасць выправіць праблемы.

Вынікі вучэбнай дзейнасці вучняў III і IV класаў па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Літаратурнае чытанне», «Руская мова», «Литературное чтение», «Матэматыка», «Чалавек і свет» ацэньваюцца ў балах па 10-бальнай шкале.

Неабходна ўлічваць асаблівасці вядзення сшыткаў. У I класе вучэбныя пісьмовыя заданні і кантрольныя работы па навучанні грамаце, матэматыцы выконваюцца ў рабочых сшытках на друкаванай аснове. Дапускаецца афармленне кантрольнай работы на асобным лісце.

У II–IV класах усе віды вучэбных работ выконваюцца ў сшытках для вучэбных работ, а ўсе віды кантрольных работ – у сшытках для кантрольных работ. Сшыткі для кантрольных работ захоўваюцца ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі на працягу года і выдаюцца вучням для выканання кантрольных работ і работ над памылкамі. Усе пісьмовыя вучэбныя і кантрольныя работы правяраюцца настаўнікам пасля кожнага вучэбнага занятку. Памылкі выпраўляюцца. У I і II класах адзнакі ў балах не выстаўляюцца. Адзнакі за выкананне вучнямі III і IV класаў вучэбных работ, у тым ліку самастойных работ, пераказаў і сачыненняў па беларускай і рускай мовах, выстаўленыя ў сшытках для вучэбных работ, могуць заносіцца ў класны журнал і дзённік вучня па меркаванні настаўніка.

З мэтай папярэджання перагрузкі вучняў настаўніку неабходна сачыць за дазіроўкай дамашняга задання, тлумачыць на ўроку змест, парадак і прыёмы яго выканання. Рэкамендуецца пры выбары дамашняга задання арыентавацца на матэрыял падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, у якіх практыкаванні і заданні для выканання дома пазначаны сігналамі-знакамі. Пры гэтым трэба ўлічваць, што аб'ём і змест дамашняга задання настаўнік вызначае дыферэнцыравана, зыходзячы з канкрэтнай адукацыйнай сітуацыі і індывідуальных магчымасцей вучняў.

На дом не задаюцца:

заданні вучням I класа на працягу ўсяго вучэбнага года па ўсіх вучэбных прадметах;

заданні вучням ІІ–ІV класаў на выхадныя і святочныя дні, канікулы, а таксама пасля выканання пісьмовых кантрольных работ;

заданні, адзначаныя зорачкай;

заданні па вучэбных прадметах «Асновы бяспекі жыццядзейнасці», «Музыка», «Фізічная культура і здароўе»;

мастацка-творчыя заданні па вучэбным прадмеце «Выяўленчае мастацтва»;

практычныя работы па вучэбным прадмеце «Працоўнае навучанне».

Заданні творчага характару задаюцца дадому па жаданні вучняў.

Для завучвання на памяць трэба прапаноўваць толькі тыя вершы ці ўрыўкі з вершаваных твораў, якія вызначаны вучэбнай праграмай. Асноўная работа па завучванні вершаваных твораў на памяць праводзіцца ў адпаведнасці з методыкай на вучэбным занятку.

Пры арганізацыі пазакласнага чытання вучняў трэба кіравацца патрабаваннямі вучэбных праграм па вучэбных прадметах «Літаратурнае чытанне» і «Литературное чтение». Праца па арганізацыі пазакласнага чытання накіравана на прывучэнне вучняў да сістэматычнага самастойнага чытання кніг у пазаўрочны час. Прадметам чытання-разгляду на занятках пазакласнага чытання з'яўляецца мастацка аформленая дзіцячая кніга. Пры складанні настаўнікам рэкамендацыйных спісаў літаратуры да ўрока пазакласнага чытання трэба ўлічваць магчымасці бібліятэкі ўстановы адукацыі і раённай бібліятэкі, а таксама арганізаванага ў класе кутка чытання. У III і IV класах фарміраванне самастойнай чытацкай дзейнасці ўключае абавязковае наведванне бібліятэк з мэтай выбару кніг для чытання.

Звяртаем увагу, што Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18.04.2022 № 145 «Аб удасканаленні арганізацыі дарожнага руху» ўнесены змяненні ва Указ № 551 ад 28.11.2005, звязаныя з правіламі дарожнага руху. З мэтай фарміравання адказных паводзін неабходна на вучэбных занятках і ў пазаўрочнай дзейнасці акцэнтаваць увагу вучняў на няўхільнае выкананне правіл дарожнага руху.

У адпаведнасці з часткай 2 пункта 1 Комплексу мер па ўдасканаленні сістэмы падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву, зацверджанага Міністэрствам спорту і турызму Рэспублікі Беларусь 30.09.2015, мэтазгодна забяспечыць правядзенне вучэбных заняткаў па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе» на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі настаўнікамі фізічнай культуры, якія маюць адпаведную адукацыю па напрамках спецыяльнасцей фізічнай культуры і спорту.

4. Дадатковыя рэсурсы

Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу можна выкарыстоўваць адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс https://eior.by. Яго прызначэнне – падтрымка вучняў, якія атрымліваюць агульную сярэднюю адукацыю ў адпаведнасці з індывідуальным вучэбным планам, а таксама вучняў, якія па ўважлівых прычынах часова не могуць наведваць установу адукацыі.

5. Арганізацыя метадычнай работы

Для метадычнай работы з настаўнікамі пачатковых класаў (на ўзроўні раёна і ўстаноў адукацыі) у 2022/2023 навучальным годзе прапануецца агульная метадычная тэма «Удасканаленне прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў пачатковых класаў па фарміраванні асобасных, метапрадметных і прадметных кампетэнцый вучняў».

На жнівеньскіх інструктыўна-метадычных нарадах рэкамендуецца абмеркаваць з педагогамі наступныя пытанні:

1. Нарматыўнае прававое і навукова-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў 2022/2023 навучальным годзе:

Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, іншыя нарматыўныя прававыя акты, якія рэгулююць пытанні арганізацыі адукацыйнага працэсу на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі (асноўныя палажэнні, асаблівасці выканання іх патрабаванняў у новым навучальным годзе);

патрабаванні да арганізацыі адукацыйнага працэсу пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы пачатковай адукацыі, стварэнне бяспечных умоў арганізацыі адукацыйнага працэсу;

рэспубліканскі маніторынг якасці агульнай сярэдняй адукацыі як адзін з кампанентаў нацыянальнай сістэмы адзнакі якасці адукацыі. Карэкцыя і рэгуляванне адукацыйнага працэсу на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі з улікам вынікаў рэспубліканскага маніторынгу па вывучэнні чытання і разумення тэксту вучнямі IV класаў.

2. Прадметныя часопісы як сродак інфармацыйнай, навукова-метадычнай падтрымкі настаўнікаў пачатковых класаў і павышэння іх прафесійнай кампетэнтнасці.

3. Арганізацыя і змест метадычнай работы з настаўнікамі пачатковых класаў у 2022/2023 навучальным годзе з улікам аналізу вынікаў папярэдняга вучэбнага года.

Пры планаванні метадычнай работы з настаўнікамі пачатковых класаў трэба ўлічваць патрабаванні нарматыўных прававых актаў, актуальныя пытанні развіцця пачатковай адукацыі, вынікі метадычнай работы за папярэдні вучэбны год, інтарэсы, запыты, узровень прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў.

На працягу вучэбнага года рэкамендуецца разгледзець тэарэтычныя аспекты фарміравання асобасных, метапрадметных і прадметных кампетэнцый вучняў, пытанні методыкі выкладання вучэбных прадметаў на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў кантэксце разгляданай тэмы з улікам эфектыўнага педагагічнага вопыту настаўнікаў рэгіёну:

выкарыстанне матэрыялаў вучэбнага дапаможніка «Беларусь – наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі першакласніку» на вучэбных занятках і ў пазавучэбны час (класных і інфармацыйных гадзінах, у аб'яднаннях па інтарэсах, групе падоўжанага дня) для выхавання маральна-этычных якасцей, фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці вучняў пачатковых класаў;

далучэнне вучняў пачатковай школы да культурнай спадчыны свайго краю на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці;

фарміраванне асобасных якасцей вучняў (працавітасці, арганізаванасці, самастойнасці, мэтанакіраванасці, настойлівасці ў дасягненні мэты) і метапрадметных кампетэнцый на вучэбных занятках з дапамогай разнастайных арганізацыйных форм навучання (вучэбны прадмет на выбар);

развіццё асобасных кампетэнцый вучняў пачатковых класаў пры ажыццяўленні (арганізацыі) розных відаў дзейнасці (пазнавальнай, камунікатыўнай, пошукавай, творчай і інш.) на вучэбных занятках (вучэбны прадмет на выбар);

фарміраванне агульнанавучальных уменняў і навыкаў для паспяховай наступнай адукацыі вучня, развіцця яго асобасных якасцей;

фарміраванне рэгулятыўных (пазнавальных, камунікатыўных) вучэбных дзеянняў на ўроках беларускай мовы (літаратурнага чытання, матэматыкі і інш.);

праектная задача як сродак фарміравання прадметных і метапрадметных кампетэнцый вучняў пачатковых класаў (вучэбны прадмет на выбар);

актывізацыя самастойнай вучэбнай дзейнасці на вучэбных занятках (вучэбны прадмет на выбар);

фарміраванне прадметных і метапрадметных кампетэнцый вучняў пачатковых класаў пры рабоце з камбінаванымі заданнямі і тэкстамі прыродазнаўчага зместу;

фарміраванне сацыякультурнай пісьменнасці (функцыянальнай пісьменнасці вучняў у сацыяльна-грамадзянскай сферы) пры вывучэнні змястоўнага блока «Мая Радзіма – Беларусь» вучэбнага прадмета «Чалавек і свет»;

фарміраванне камунікатыўна-моўнай кампетэнцыі ў вучняў пачатковых класаў;

візуалізацыя вучэбнай інфармацыі ў сучасных вучэбных дапаможніках як эфектыўны сродак фарміравання прадметных і метапрадметных кампетэнцый вучняў;

фарміраванне навыкаў прымянення найпрасцейшых прыёмаў разумовай дзейнасці (аналіз, сінтэз, аналогія, абагульненне, класіфікацыя і інш.) пры вывучэнні вучэбнага прадмета «Матэматыка»;

выкарыстанне сучасных адукацыйных тэхналогій і методык, заснаваных на дыялогу і супрацоўніцтве вучняў пачатковых класаў з настаўнікам і аднакласнікамі, як сродак развіцця асобасных і метапрадметных кампетэнцый вучняў на вучэбных занятках (інтэрактыўныя тэхналогіі, гульнявая тэхналогія, тэхналогія арганізацыі групавой работы, методыка КАРТ, праектная дзейнасць);

выкарыстанне розных мадэляў змешанага навучання (у прыватнасці, мадэль «перавернуты клас») у традыцыйнай класна-ўрочнай сістэме як сродку фарміравання адказнасці вучня, стымуляванні развіцця яго асобасных характарыстык (актыўнасць, ініцыятыўнасць) і метапрадметных навыкаў (самаарганізацыя, кіраванне часам, праца ў камандзе);

праектаванне вучэбных заняткаў з выкарыстаннем сучасных метадаў і сродкаў навучання, розных форм арганізацыі вучэбнага ўзаемадзеяння, накіраваных на дасягненне асобасных, метапрадметных і прадметных вынікаў.

Рэкамендацыі па змесце і арганізацыі метадычнай работы з настаўнікамі пачатковых класаў у 2022/2023 навучальным годзе размешчаны на сайце дзяржаўнай установы адукацыі «Акадэмія паслядыпломнай адукацыі» (www.academy.edu.by).

6