ЯНКА МАЎР
Іван Міхайлавіч Фёдараў (1883-1971)
Тэарэтычны блок
Янка Маўр (Іван Міхайлавіч Фёдараў) нарадзіўся 11 мая (29 красавіка) 1883 y г. Лiбaвe (Лaтвiя). Адзін з заснавальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры, заснавальнік прыгодніцкага і навукова-пазнавальнага жанраў у беларускай літаратуры, стваральнік першай беларускай навукова-фантастычнай аповесці. Аўтар кніг для дзяцей, п’ес, перакладаў [5].
Нарадзіўся ў сям’і выхадца з Беларусі. Яго бацька быў адстаўным салдатам, паходзіў з беззямельных беларускіх сялян, працаваў сталяром. Да ваеннай службы ён насіў прозвішча Ільін, а прозвішча Фёдараў з’явілася ў выніку памылкі армейскага пісара, які запісаў Міхаіла Фёдаравіча – Міхаілам Фёдаравым. Бацька рана памёр, і маленькі Іван разам з маці пераехаў на яе радзіму – у вёску Лебянішкі (былой Ковенскай губерні). Яны жылі ў беднасці, і толькі дзякуючы намаганням маці, якая марыла даць адукацыю сыну.
У 1895 годзе ён скончыў пачатковую школу, а ў 1899 – Ковенскае рамеснае вучылішча. Пасля вучылішча ён паступіў у Панявежскую настаўніцкую семінарыю. У канцы 1902 года яго выключылі з апошняга, выпускнога класа – за вальнадумства і “за сумневы ў рэлігіі”. Тым не менш, у 1903 годзе ён усё ж атрымаў пасведчанне настаўніка пачатковай школы, здаўшы экстэрнам экзамены за семінарскі курс. Пасля навучання ў настаўніцкай семінарыі Фёдараў пачаў працаваць у школе пад Панявежам у мястэчку Наўямесціс, а потым яго перавялі ў вёску Бытча на Барысаўшчыне.
У 1906 годзе ён прыняў удзел у нелегальным педагагічным з’ездзе, які адбыўся на Мікалаеўшчыне. У гэтым жа з’ездзе прыняў удзел і будучы класік беларускай літаратуры Якуб Колас. У “Працоўным спісе”, які захаваўся ў архіве пісьменніка, адзначаны вынік гэтай падзеі для яго ўдзельніка: “1906. VIII. Звольнены са службы і аддадзены пад суд…”. Разам з Якубам Коласам і іншымі актыўнымі ўдзельнікамі быў аддадзены пад суд, пазбаўлены права выкладаць у школе і ўзяты пад нагляд паліцыі. Судовае разбіральніцтва па справе аб настаўніцкім з’ездзе доўжылася амаль два гады. Фёдарава адхілілі ад педагагічнай дзейнасці і ўзялі пад нагляд паліцыі. Пасля звальнення з працы Янка Маўр уладкоўваецца хатнім настаўнікам для дзяцей Варвары Фёдараўны Адамовіч, дачкі святара. Сям’я Варвары жыла ў Турцы, туды і пераязджае малады настаўнік [2].
П
асля смерці мужа Варвары пайшлі перасуды: недапушчальна маладому чалавеку жыць у адной хаце з удавой. Настаўнік проста апынуўся перад выбарам – ці з’ехаць з дому і шукаць работу, ці ажаніцца. У 1909 годзе яны абвянчаліся.
Працуючы хатнім настаўнікам, Іван Фёдараў не губляў час і завочна вучыўся ў Віленскім універсітэце. Экстэрнам здаў экзамены і атрымаў права выкладаць гісторыю і геаграфію. І ў 1911 годзе ён пераязджае са сваёй сям’ёй у Мінск, дзе яму пашанцавала ўладкавацца нелегальна ў прыватную гандлёвую школу. На сваіх уроках гісторыі і геаграфіі ён вандраваў разам з вучнямі па геаграфічнай карце, завочна адпраўляўся ў далёкія краіны або ў глыб вякоў, у сівую мінуўшчыну. Ён быў сапраўдным капітанам дзіцячых падарожжаў. Усе вучні верылі, што настаўнік усё гэта бачыў сваімі вачамі, быў сведкам усіх падзей, аб якіх расказваў. На самой справе Янка Маўр ніколі не выязджаў за межы Савецкага Саюза. Усе веды ён атрымліваў з кніг, якія збіраў на працягу многіх год, часта адмаўляючы сабе ў многім. Як успамінала дачка Янкі Маўра, Наталля, яго бібліятэка на той час у Мінску была адной з лепшых: “Адна сценка пакоя ад падлогі да столі была застаўлена паліцамі з кнігамі. Тут былі энцыклапедыі Бракгаўза і Эфрона, першы выпуск Вялікай Савецкай Энцыклапедыі, “Жыццё жывёл” Брэма, кнігі вядомых вандроўнікаў. Многа кніг было па гісторыі. Але больш усяго было мастацкай літаратуры – зборы твораў Пушкіна, Лермантава, Жукоўскага, Талстога, Тургенева, а таксама Марка Твэна, Джэка Лондана, Жуля Верна, Вальтэра Скота, Уільяма Шэкспіра і шматлікіх іншых аўтараў. Бацька вельмі перажываў страту гэтай бібліятэкі ў час вайны” [6].
У 1911 годзе нарадзіўся першы сын – Фёдар. Пачалася Першая сусветная вайна, сям’я эвакуіруецца ў Сібір. Там, у Томску, нарадзіўся другі сын – Арсень (1917 г.). Пасля вызвалення Беларусі сям’я вяртаецца ў Мінск, Іван Фёдараў уладкоўваецца настаўнікам геаграфіі і гісторыі ў чыгуначную школу. Пасля нараджэння дачкі Аляксандры (1919 г.) Варвара Фёдараўна цяжка захварэла і восенню 1919 года памерла. Праз год Янка Маўр ажаніўся з Стэфанідай А
ляксандраўнай Шылёнак, сястрой Марыі Шылёнак, якую запрасілі даглядаць за хворай Варварай і яе малымі дзецьмі. Стэфаніда стала добрай маці для дзяцей Івана Фёдарава. У 1924 годзе ў іх нарадзілася дачка Наталля, якая значна пазней выйшла замуж за малодшага сына Якуба Коласа Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча.
У 1920-я працаваў у Наркамаце асветы Беларусі і ў Рэспубліканскім саюзе работнікаў асветы. Працу настаўніка Фёдараў пакінуў толькі ў 1930 годзе, калі перайшоў на працу ў Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, дзе прапрацаваў да 1936 года. З 1930 года – на творчай працы. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 года.
У друку выступіў у 1923 г., змясціўшы ў газеце “Советская Белоруссия” і ў ленінградскім часопісе сатыры і гумару “Бегемот” фельетоны. Да таго часу была ўжо напісана аповесць “Чалавек ідзе” (надрукавана ў 1926-1927 гг. у дзіцячым часопісе “Беларускі піянер”, асобным выданнем выйшла ў 1927 г.). Аповесць паклала пачатак фантастычнаму і прыгодніцкаму жанрам у беларускай літаратуры. Сам аўтар вельмі хваляваўся, ці прымуць рэдакцыя і чытачы гэты твор, бо ў ім не было нічога піянерскага. Але аповесць спадабалася. Яе з захапленнем чыталі вучні, іх бацькі, настаўнікі, пісьменнікі. Народны паэт Беларусі Янка Купала гаварыў, што ён быў адным з першых чытачоў аповесці “Чалавек ідзе” і потым іншых кніг пісьменніка. Аповесць захапіла сваёй навізной і незвычайнасцю, нават і імя аўтара Янка Маўр, якім падпісаўся І.Фёдараў было незвычайным і загадкавым [1].
“
Янка” – гэта беларускі аналаг імя “Іван”. Як паказвала даследчыца творчасці Янкі Маўра беларуская літаратуразнаўца Эсфір Гурэвіч, пісьменнік, захаваўшы сваё сапраўднае імя ў першай частцы псеўданіма, недвухсэнсоўна паказваў на тое, што ён – сын беларускай зямлі. Значэнне псеўданіма “Маўр” шырока адкрыецца ў яго наступных аповесцях: “У краіне райскай птушкі”, “Сын вады”, у якіх ён паказаў сябе як абаронца правоў каланіяльных і залежных народаў, са спагадай ставіўся да карэнных народаў Паўночна-Заходняй Афрыкі.
З
а час літаратурнай дзейнасці выдаў шмат твораў для юных чытачоў: аповесці “У краіне райскай птушкі” і “Сын вады” (1928), “Палескія рабінзоны” (1930, аповесць экранізавана ў 1935), “Слёзы Тубі” (1930), “Аповесць будучых дзён” (1932), “ТВТ” (1934), “Вакол свету” (1947), “Шлях з цемры” (1948), “Апавяданні” (1951), “Аповесці і апавяданні” (выбранае, 1954), “Фантамабіль прафесара Цылякоўскага” (часопіс “Маладосць”, 1954-1955), “Аповесці і апавяданні” (1969), апавяданне “Цётка Эмілія” (1954), байкі “Пекла” (1929), рамана “Амок” (1930) – першы беларускі раман для дзяцей Я.Маўра. У яго аснове ляжаць гістарычныя падзеі – паўстанне на востраве Ява ў 1926 годзе. А напісаць раман дапамагла папулярная ў той час штучная мова свету, якая была створана ў 1887 годзе варшаўскім акулістам Лазарам Заменгофам [4].
Псеўданім Заменгофа – Esperanto (“Той, хто спадзяецца”) – вельмі хутка стаў назвай самой мовы. Эсперанта – штучная мова, прызначаная для міжнароднага карыстання. Янка Маўр быў вядомым эсперантыстам. Эсперанта ён пачаў вывучаць яшчэ ў 1904 годзе. У 1926 годзе ён вёў перадачу для эсперантыстаў на беларускім радыё. Быў ганаровым старшыней (1957-1971 гг.) арганізацыі беларускіх эсперантыстаў. Знаёміў Янка Маўр беларускіх чытачоў і з сусветнай літаратурай. У яго перакладзе на беларускую мову выйшлі творы Р.Кіплінга, М.Твэна, Ж.Верна, В.Гюго, казкі Г.Х.Андэрсэна [3].
П
амёр Я. Маўр 3 жніўня 1971 года на 89-м годзе жыцця. Пахаваны ў Мінску. На магіле пісьменніка пастаўлены арыгінальны помнік (скульптар I. Місько): над цёмнай мармуровай плітой нібы трапеча белы ветразь... Гэтую дэталь успрымаеш як увасабленне рамантычнай захопленасці Я. Маўра жыццём, як сімвал таго, што гэты таленавіты пісьменнік сваёй творчасцю вынес беларускую дзіцячую літаратуру далёка наперад, актыўна садзейнічаў яе паскоранаму развіццю [2].
За поспехі ў галіне літаратуры і грамадскай дзейнасці Я. Маўр узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак Пашаны” і медалямі. У 1968 годзе яму было нададзена ганаровае званне заслужанага дзеяча культуры БССР, а ў 1972 годзе Я. Маўр першы з беларускі дзіцячых пісьменнікаў быў адзначаны (пасмяротна) Дзяржаўнай літаратурнай прэміяй БССР. Яго імем названы вуліца, бібліятэка ў Мінску, Бытчанская школа на Барысаўшчыне. Я. Маўр – пісьменнік-класік, ён не толькі ўзбагаціў беларускую дзіцячую літаратуру новымі тэмамі, своеасаблівымі жанрамі, a і пашырыў яе абсягі, далучыў да агульных кантактаў з сусветнай дзіцячай літаратурай.
Практычны блок
Блок 1. “Біяграфічны”
1. Дзе і калі нарадзіўся Янка Маўр? (Нарадзіўся 11.05.1883 г. у горадзе Лібава (цяпер горад Ліепая), Латвія).
2. У якой сям’і нарадзіўся Янка Маўр? (У сям’і сталяра).
3. Дзе правёў сваё дзяцінства пісьменнік? (На радзіме маці – у вёсцы Лебянішкі Ковенскай губерні (цяпер Летува).
4. Якое сапраўднае імя пісьменніка? (Іван Фёдараў).
5. Якую адукацыю атрымаў пісьменнік? (Скончыў пачатковую, затым рамесную навучальню ў Коўне, а ў 1899 г. паступіў у Панявежскую настаўніцкую семінарыю, але быў выключаны за ўдзел у гуртку рэвалюцыянераў, а ў 1903 г. здаў экстэрнам экзамен і атрымаў званне настаўніка пачатковай школы).
6. Дзе адразу пасля атрымання адукацыі працаваў пісьменнік? (Працаваў памочнікам настаўніка ў Новым Месцы (Летува), у вёсцы Бытча на Барысаўшчыне).
7. За што быў пазбаўлены права выкладаць у школе? (У 1906 г. удзельнічаў у нелегальным з’ездзе рэвалюцыйна настроеных настаўнікаў у вёсцы Мікалаеўшчына і разам з Якубам Коласам і іншымі актыўнымі ўдзельнікамі быў аддадзены пад суд, пазбаўлены права выкладаць у школе і ўзяты пад нагляд паліцыі).
8. У якім годзе Янку Маўру зноў удалося ўладкавацца на працу настаўніка? (Толькі ў 1911 г. выкладчыкам геаграфіі і гісторыі ў Менскую прыватную гандлёвую школу).
9. Дзе яшчэ працаваў Янка Маўр? (У Рэспубліканскім саюзе работнікаў асветы, у Наркамаце асветы БССР, у Беларускім дзяржаўным выдавецтве. З 1930 г. быў на творчай працы).
10. Ці мае Янка Маўр дзяржаўныя ўзнагароды і званні? (Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам “Знак Пашаны” і медалямі, ён заслужаны дзеяч культуры БССР (1968 г.).
11. Калі памёр пісьменнік? (Памёр 03.08.1971 г.).
12. У якіх перыядычных выданнях перш за ўсё друкаваўся пісьменнік? (У 1923 г. у газеце “Савецкая Беларусь” і ленінградскім часопісе “Бегемот” друкаваў фельетоны, а з першай аповесцю выступіў у друку ў 1926 г. у часопісе “Беларускі піянер”).
13. Пералічыце творы Янкі Маўра, якія вы ведаеце? (“Чалавек ідзе”, “У краіне райскай птушкі”, “Сын вады”, “Палескія рабінзоны”, “Слезы Тубі”, “Аповесць будучых дзён”, “ТВТ”, “Вакол свету”, “Шлях з цемры”, “Грот Афаліны”, “Апавяданні”, “Аповесці і апавяданні”, “Фантамабіль прафесара Цылякоўскага”, апавяданне “Цётка Эмілія”).
14. Ці пісаў пісьменнік вершы? (Не, толькі байкі, якія ўвайшлі ў зборнік “Пекла”).
15. Які раман напісаў пісьменнік? (Раман “Амок”).
16. Ці былі творы Янкі Маўра экранізаваны? (Так, “Палескія рабінзоны”).
17. Якія п’есы напісаў пісьменнік? (“Памылка”, “Хата з краю”, “Балбатун”).
18. Ці працаваў перакладчыкам Янка Маўр? (Пераклаў на беларускую мову асобныя творы Г. К. Андэрсэна, Д. Маміна-Сібірака, М. Прышвіна, А. Чэхава, Р. Кіплінга, М. Твэна, Ж. Верна, В. Гюго, А. Гайдара, В. Шклоўскага, А. Конанава).
18. За якія творы Янка Маўр быў удастоены звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР? (За аповесці “Чалавек ідзе”, “У краіне райскай птушкі”, “Сын вады”, “Палескія рабінзоны”, “ТВТ”, “Шлях з цемры”, раман “Амок”).
Блок 2. “Даведайся, які гэта твор”
1. У апавяданні створаны вобраз хлопчыка, душа якога прагне сустрэчы са сваім бацькам, якога ён цярпліва чакае ў дзіцячым доме. Бацькі яго загінулі ў час вайны (тата на фронце пад Сталінградам, а маці закатавалі фашысты). Хлопчык не ведае гэтага; ён настойліва чакае жаданай сустрэчы з таткам. (“Максімка”).
2. Апавяданне адлюстроўвае трагедыю адзінаццацігадовага хлопчыка, які становіцца ахвярай такога небяспечнага занятку, як здабыванне жэмчугу з марскога дна. Цаной уласнага жыцця хлопчык дастае жамчужыну, якая затым стала ўпрыгожаннем на шыі жонкі нафтавага караля (“Слёзы Тубі”).
3. Апавяданне стварае карціну трагедыі, што разгарнулася на караблі, які, акрамя пасажыраў, перавозіў і звяроў з Гамбурга ў Нью-Ёрк. У час буры звяры – ільвы, тыгры, малпы, ягуары і іншыя – вызваляюцца са сваіх клетак. Для немца Буша – гаспадара звярынца – галоўным у такой сітуацыі становіцца справа ўратавання жывёл, што каштавалі для яго дорага, значна болей, чым жыццё звычайных людзей, якіх яны загубілі ў час гэтай буры (“Звяры на караблі”).
4. У апавяданні адлюстравана здольнасць дзіцячай фантазіі ператварыць звычайны акаляючы свет у незвычайны: зараснікі чароту – у дзікія джунглі, лужыну – у мора, бярозавы дубчык – у імклівага каня. На такім “кані” скача герой гэтага твора – шасцігадовы Толя. Пісьменнік стварае атмасферу прысутнасці маленькага літаратурнага героя ў створанай яго ўяўленнем гульнёвай сітуацыі (“Бярозавы конь”).
5. Твор, які Я. Маўр назваў эцюдам. Цэнтральны эмацыйны складнік гэтага апавядання – радасць дарослага апавядальніка і маленькага хлопчыка, якія сустракаюцца на мосце. Болей за тое, з вачэй дзіцяці “пырскала шчасце”, сутнасць якога па-свойму тлумачыць сабе апавядальнік: відаць, ад магчымасці для хлопчыка бесклапотна адчуваць прыгажосць наваколля і прыўзняты настрой людзей (“Шчасце”).
6. Гэтае апавяданне знаёміць чытачоў з мінулым індыйскага народа, садзейнічае выхаванню ў дзяцей пачуццяў нянавісці да прыгнятальнікаў. (“Незвычайная прынада”).
7. Апавяданне пачынаецца паэтычным апісаннем Неапаля, паглядзець на які прыязджаюць багатыя людзі з розных канцоў свету. Пісьменнік паказвае другі Неапаль, у гэтым апавяданні гэта горад беспрытульных і галодных. Прадстаўніком яго з’яўляецца дванаццацігадовы хлопчык лацароні, што ў перакладзе азначае беспрытульны (“Лацароні”).
8. У цэнтры аповесці барацьба чалавека са стыхіяй, напісана на сюжэт рабінзанады. Падзеі аповесці адбываюцца на Палессі ранняй вясной, таму становішча юных падарожнікаў здаецца зусім безвыходным. Аўтар ставіць перад героямі шмат разнастайных перашкод і падкрэслівае смеласць, настойлівасць, аптымізм юнакоў. Хлопцы доўга не могуць выявіць свае ўзаемаадносіны, і толькі прайшоўшы многа выпрабаванняў зразумелі, што яны блізкія сябры (“Палескія рабінзоны”).
Блок 3. Літаратурны рынг:
а) “Ці ведаеце вы жыццёвы і творчы шлях Янкі Маўра?”
1. Якое сапраўднае імя меў Янка Маўр? (Іван Міхайлавіч Фёдараў).
2. Які твор Янкі Маўра пазнаёміў вас з прыгажосцю беларускага Палесся? (“Палескія рабінзоны”).
3. Якое апавяданне задумана Янкам Маўрам як своеасаблівы працяг вядомага апавядання Чэхава? (“Васька Жукаў”).
4. Як з’явіўся псеўданім пісьменніка? (Яму прыгадалася ходкая фраза: “Маўр зрабіў сваю справу, маўр можа ісці”…).
б) “Адкуль гэтыя радкі?”
1. “Сідры застаўся жывы. Толькі нагу страціў. Але ж затое за гэтую нагу сям'я кармілася некалькі месяцаў. А потым... потым зноў зажылі, як і раней” (“Незвычайная прынада”).
2. “Яны заўжды спрачаліся паміж сабою, але былі найлепшымі сябрамі і жыць не маглі адзін без аднаго”(“Палескія рабінзоны”).
3. “Лапы гаспадароў адразу ж пацягнуліся да чарапашак. Разбілі адну, раздушылі другую, а ў трэцяй знайшлі вялізную прыгожую жамчужыну”. (“Слёзы Тубі”).
4. “Дзіцячы дом стаяў у зацішным кутку, сярод узгоркаў, парослых самымі разнастайнымі дрэвамі – хвоямі, бярозамі, дубамі. Унізе – рачулка, лазнякі, паплавы. Воддалі была чыгуначная станцыя. Гудкі паравозаў сведчылі, што гэты зацішны куток усё ж такі звязаны з шумным светам. А асноўнае насельніцтва дзіцячага дома нават вельмі звяртала ўвагу на гэтыя гудкі: яны напаміналі, што да каго-небудзь з іх можа прыехаць татка або мамка. Але да каго?” (“Максімка”).
Блок 4. “Пазнай герояў”
1. “У такі час і трапілі сюды гэтыя два хлопцы. Яны былі аднагодкі і мелі абодва разам гадоў трыццаць пяць. Але выгляд і характары іх былі зусім адметныя. Адзін быў худы, цыбаты дзяцюк, з блакітнымі вачыма, доўгім птушыным носам і доўгімі светлымі валасамі. Другі, наадварот, – прысадзісты, карчасты, чарнявы, з круглым пляскатым тварам”. (Мірон і Віктар, “Палескія рабінзоны”).
2. “На каменных прыступках сядзеў хлопчык гадоў дванаццаці і боўтаў нагамі па-над вадою. Чорныя валасы, чорныя вялікія вочы і цёмны загарэлы худы твар. На плячах кавалкі кашулі, з-пад якой на тры чвэрці галеецца загарэлае цела. Адна калашына ададрана знізу вышэй калена, а другая зусім выдрана збоку”. (Джузепе, “Лацароні”).
3. “Васька зірнуў у акно, дзе калыхалася дрэва з рэшткамі пажоўклых лісцяў, і ўявіў, як жывога, свайго дзеда. Высокі, з шырокімі плячыма і вялікай белай барадой, здаецца, ніколі не злаваў, не крычаў, а толькі жартаваў”. (Дзед Іван Сцяпанавіч, “Васька Жукаў”).
4. “Справы яго адразу палепшыліся, ён вярнуў свае страты, прынесеныя забойствам звяроў на караблі” (Буш, “Звяры на караблі”).
5. “…худы, цыбаты дзяцюк, з блакітнымі вачыма, доўгім птушыным носам і доўгімі светлымі валасамі” (Мірон, аповесць “Палескія рабінзоны”).
6. “…прысадзісты, карчасты, чарнявы з круглым пляскатым тварам” (Віктар, аповесць “Палескія рабінзоны”).
Блок 5. “Знайдзі памылку”
Янка Маўр нарадзіўся ў сям’і выхадца з Беларусі. Яго бацька быў адстаўным салдатам, паходзіў з беззямельных сялян, працаваў сталяром. Маці (бацька) рана памерла, і сям’я пераехала на радзіму бацькі (маці) у вёску Лебянішкі. У 1895 годзе скончыў пачатковую школу, а ў 1899 годзе – Ковенскае рамеснае вучылішча. Пасля паступіў у Панявежскую настаўніцкую семінарыю, але ў канцы 1902 года яго выключылі. Тым не менш у 1903 годзе ён атрымаў пасведчанне настаўніка беларускай мовы (пачатковай школы), здаўшы экстэрнам экзамены за семінарскі курс.
Янка Маўр быў вядомым эсперантыстам. Сабраў вялікую хатнюю бібліятэку. Любіў язду на веласіпедзе і добра іграў на баяне (скрыпцы). Сябраваў з Янкам Купалам (Якубам Коласам), нават парадніўся з ім.
Янка Маўр быў узнагароджаны трыма ордэнамі, а таксама медалямі. Вуліцы ў Мінску і Віцебску (Пінску) носяць яго імя. У Мінску ёсць абласная дзіцячая бібліятэка імя Янкі Маўра. З 1995 (1993) года ў Беларусі прысуджаецца прэмія імя Янкі Маўра за лепшыя творы для дзяцей. Зняты фільм пра жыццё і творчасць пісьменніка “Янка Маўр. Капітан дзіцячых мар”.
Творчыя заданні
Падрыхтуйце рэфератыўнае паведамленне на адну з прапанаваных тэм, прысвечаных Янку Маўру: “Добры і мудры настаўнік”, “Ён пісаў добрыя кнігі”, “Капітан нашых падарожжаў – Янка Маўр”, “Летуценнік з краіны райскай птушкі”, “Нястомны вандроўнік”, “Чалавек з крылатай фантазіяй”, “Чараўнік з краіны маленства”,
Падрыхтуйце электронную прэзентацыю на тэму “Янка Маўр. Рамантык. Падарожнік. Педагог”.
Падрыхтуйце супастаўляльную характарыстыку праблематыкі і псіхалагічнага аспекту апавяданняў “Лацароні”, “Слёзы Тубі”, “Незвычайная прынада”, “Звяры на караблі”.
Уявіце, што Мірон і Віктар завялі прыродазнаўчы блог. Якім падзеям, думкам, перажыванням былі б прысвечаны матэрыялы? Ад імя хлопцаў напішыце пра іх знаходжанне на востраве. Раскрыйце ўнутраны стан хлопцаў.
Прарэкламіруйце любы твор Янкі Маўра сваім сябрам так, каб ім захацелася яго прачытаць.
Гласарый
Байка – невялікі, звычайна вершаваны, алегарычны твор павучальна-гумарыстычнага ці сатырычнага характару. Жыццё чалавека адлюстроўвае ў вобразах жывёл, раслін, рэчаў або зводзіць да ўмоўных адносін. Іншасказальнасць байкі заўсёды шматзначная.
Раман – эпічны празаічны (часам – вершаваны) твор, у якім шырока ахоплены істотныя жыццёвыя з’явы пэўнага сацыяльнага асяроддзя, нацыі і эпохі, паказаны шматлікія характары ў іх развіцці, псіхалагічнай напоўненасці, створаны разнастайныя бытавыя малюнкі.
Фельетон – жанр мастацкай публіцыстыкі, які мае пераважна сатырычную накіраванасць і спалучае надзённасць і насычаную вобразнасць, дакументальную дакладнасць і высокі эмацыянальны накал.
Экстэрн (ад лац.: externus – старонні, знешні, вонкавы) – навучанне ў экстэрнатуры, форма атэстацыі, якая прадугледжвае самастойнае вывучэнне агульнаадукацыйных праграм асноўнай агульнай, сярэдняй (поўнай) агульнай, вышэйшай адукацыі з прамежкавай і дзяржаўнай (выніковай) атэстацыямі ў адукацыйнай установе, якая мае дзяржаўную акрэдытацыю.
Эсперанта (эсп. еsperanto) – найбольш распаўсюджаная планавая мова, створаная Варшаўскім лінгвістам і акулістам Лазарам (Людвікам) Маркавічам Заменгофам у 1887 годзе, пасля дзесяці гадоў працы.
Эцюд – невялікі твор навуковага, крытычнага і падобнага характару, прысвечаны якому-небудзь. асобнаму пытанню, калі пісьменнік ад празаічных эцюдаў пераходзіць да апавяданняў.
Літаратура
1. Беларуская дзіцячая літаратура : вучэб. дапам. / А.М. Макарэвіч [і інш.] ; пад агульн. рэд. А.М. Макарэвіча, М.Б.Яфімавай. – Мінск: Выш.ш., 2008.
2. Беларуская дзіцячая літаратура : вучэбны дапаможнік / А. М. Макарэвіч [і інш.]; пад агульн. рэд. А. М. Макарэвіча. – Мінск : РІПА, 2016.
3. Гурэвіч, Э.С. Янка Маўр: нарыс жыцця і творчасці / Э.С. Гурэвіч. Мінск, 2004.
Макарэвіч, А.М. Беларуская дзіцячая літаратура ў тэрмінах і паняццях: дапаможнік / А.М. Макарэвіч, В.І. Караткевіч; пад агульн. рэд. А.М. Макарэвіча. Магілёў, 2014. С. 21–24, 90–91.
Маўр, Я. Збор твораў: у 4 т. / Я. Маўр. Мінск, 1975 – 1976.
Чыгрын, І.П. Маўр Янка / І.П. Чыгрын // Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 4. Мінск, 1994. С. 256-257.
Дапаможны блок
Цікава ведаць, што…
Янку Маўра называюць беларускім Жулем Вернам і Міклуха-Маклаем у адной асобе. Працуючы настаўнікам у школе, ён добра ведаў псіхалогію дзяцей, разумеў іх прагу да невядомага, да цікавых падарожжаў і незвычайных прыгод. Ды і само жыццё пісьменніка было насычана цікавымі фактам і, якія варта згадаць.
У дзяцінстве Янка перахварэў на цяжкую хваробу. Хлопчык рос у беднасці і нястачы, але адчуваў сябе шчаслівым, бо поруч была клапатлівая маці. Яна выхадзіла сына ад воспы, якая касіла людзей. Адзнакі гэтай хваробы засталіся на твары пісьменніка на ўсё жыццё.
Не звар’яцеў і не памёр ад укусу шалёнага сабакі. Дзяўчынка, якую пакусаў той самы сабака, памерла. I, канечне, ніякія намаганні, звароты да лекараў не дапамаглі б, калі б сам Янка не прамыў адразу пакусаную руку ў бочцы са шчолаччу.
Вучыўся ў Ковенскім рамесным вучылішчы на слесара, дзе захапіўся кнігамі. Любімымі аўтарамі Янкі сталі Майн Рыд, Фенімор Купер, Жуль Верн, Густаў Эмар, Луі Бусенар. Яны адкрывалі новыя краіны, клікалі ў цікавыя падарожжы. Вось тады ў яго галаву трапіла “самая геніяльная ідэя” – адправіцца ў падарожжа вакол свету, вакол усіх кантынентаў, праехаць на лодцы па вялікіх рэках сусвету.
Мог быць застрэлены пад час юнацкіх гульняў у вучылішчы. Янка цудам пазбегнуў смерці. Адзін з навучэнцау прынес аднекуль наган і стаў наводзіць то на аднаго, то на другога хаўрусніка і націскаў на спуск. Дайшла чарга і да Янкі. Сябра цэліў яму ў лоб, але раптам над іх галавамі завішчэлі пацукі, і хлопец ускінуў наган угору і спусціў ударнік. Пачуўся стрэл – адзін патрон у барабане быў...
На першыя заробкі набыў такую рэдкую ў тыя часы рэч, як ровар. Ровар на колах з шынамі чырвонай гумы з’яўляецца ў розных куточках Барысаўшчыны і далей яе. У гэты час настаўнік знаёміцца з Алімпіядай – маладой сімпатычнай дзяўчынай з вёскі Верхмень. Яе бацька, айцец Уладзімір, мае там прыход. У тыя ж часы ў Верхменскай школе настаўнічае Кастусь Міцкевіч, таксама малады настаўнік. Але сустрэцца ў Верхмені настаўнікам не давялося.
Разам з Якубам Коласам удзельнічаў у настаўніцкім з’ездзе ў 1906 г. у вёсцы Мікалаеўшчына. З’езд быў выкрыты паліцыяй, дакументы канфіскаваныя, пачалося следства. На допытах удзельнікі з’езда, у тым ліку і Фёдараў, сцвярджалі, што трапілі на гэтае мерапрыемства выпадкова, стараліся заблытаць справу, звесці з’езд да звычайнай вечарынкі, на якой самую рэвалюцыйную справу адыграла гарэлка. Фёдарава да педагагічнай працы не дапусцілі і ўзялі пад нагляд паліцыі. А Якуба Коласа 15 верасня 1908 г. асудзілі да трох гадоў турэмнага зняволення.
З’яўляецца прататыпам Івана Тадорыка – аднаго з герояў трылогіі Якуба Коласа “На ростанях”. “Шырокі лоб і авал твару з вастраватым падбародкам, – пісаў Якуб Колас, – казалі за тое, што Іван Тадорык, як відаць, чалавек з выдатнымі здольнасцямі... Іван Тадорык меў штось агульнае з нямецкім філосафам-песімістам Шапенгаўэрам”.
Добра іграў на скрыпцы. “Манера трымаць скрыпку і смык і сама ігра сведчылі аб тым, што Іван Тадорык быў добрым скрыпачом”, – пісаў Якуб Колас. Граць навучыўся ў настаўніцкай семінарыі. Яго ўласная скрыпка экспануецца на літаратурна-дакументальнай экспазіцы ў музеі Якуба Коласа.
Каб сын пачаў вучыцца, ужываў незвычайныя педагагічныя прыёмы. Яго старэйшы сын, Фёдар, быў вельмі здольным хлопцам. Але ў юнацтве шмат часу праводзіў з сябрамі, а вучобу закінуў. I бацька прапанаваў два варыянты: альбо ён застаецца ў сям’і і будзе добра вучыцца, альбо пойдзе жыць самастойна. Сыну цяжка было разлучыцца з сябрамі, і ён выйшаў на вуліцу і спыніўся, не ведаючы куды ісці, але ў рэшце рэшт вырашыў вярнуцца ў сям’ю. Пазней Фёдар скончыў універсітэт, абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі, стаў вядомым фізікам-тэарэтыкам, быў абраны ў правадзейныя члены Акадэміі навук, стаў лаўрэатам Дзяржаўных прэмій БССР i СССР.
У дзіцячую літаратуру ўвайшоў у сталым узросце. Пачаткам сваёй літаратурнай дзейнасці Янка Маўр лічыў 1923 год, калі ўпершыню былі надрукаваны яго фельетоны ў газеце “Савецкая Беларусь” і ў ленінградскам часопісе сатыры і гумару “Бегемот”. Першым значным творам стала аповесць “Чалавек ідзе” пра жыццё першабытных людзей, навеянае вучэннем Чарльза Дарвіна. Яна друкавалася ў некалькіх нумарах часопіса “Беларускі піянер” у 1926 –1927 гг.. а таксама выйшла асобнай кніжкай у 1927 і 1933 гг.
Пісаць прыгодніцкія творы для дзяцей натхніў Цішка Гартны. Пасля поспеху кнігі “Чалавек ідзе” Янка Маўр быў выкліканы ў Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, дзе яго прыняў Цішка Гартны, тагачасны дырэктар. Ён паведаміў, што аповесць вельмі спадабалася чытачам і крытыкам і прапанаваў заключыць дамову на новую кніжку на прыгодніцкую тэму. Янка Маўр успомніў, што нядаўна на ўроку расказваў вучням пра востраў Новая Гвінея, дзе растуць розныя дзіўныя расліны, мангравыя дрэвы, карані ад якіх уздымаюцца ўверх вышэй за рост чалавека, дзе лётаюць незвычайныя райскія птушкі. Ён пачаў дасканала вывучаць матэрыялы пра Новую Гвінею: “Падарожжы” Міклухі-Маклая, энцыклапедыі, часопісы, і калі мог адказаць на любое пытанне пра гэтую краіну і яе жыхароў, стаў пісаць. Так нарадзілася першая ў Беларусі прыгодніцкая аповесць “У краіне райскай птушкі”. Пасля выхаду ў 1928 г. аповесць была перавыдадзена некалькі разоў у 1932, 1933, 1946 гг. У 1926 г. выйшла другая прыгодніцкая аповесць Янкі Маўра “Сын вады” з жыцця на Вогненнай зямлі.
Напісаць першы беларускі раман для дзяцей дапамагла мова эсперанта. У 1930 г. у Янкі Маўра выходзіць яшчэ адзін твор – першы прыгодніцкі беларускі раман для дзяцей “Амок”. У яго аснове ляжаць гістарычныя падзеі – паўстанне на востраве Ява ў 1926 г. Напісаць раман дапамагла папулярная ў той час штучная мова свету – Esperanto, створаная варшаўскім акулістам і лінгвістам Лазарам Заменгофам Янка Маўр пісаў: “У 1926 годзе было паўстанне на Яве. Упарыжскай эсперанцкай газеце я прачытаў некаторыя цікавыя факты аб ім. Тады я напісаў эсперантысту на Яве пісьмо з просьбай выслаць дадатковыя матэрыялы і атрымаў каштоўныя пісьмы, часопісы са здымкамі. Пасля я напісаў яшчэ ў Галандыю і атрымаў матэрыялы адтуль. У выніку выйшла мая кніга “Амок”. I не раз яшчэ атрымліваў я патрэбныя мне матэрыялы з Францыі, Германіі, нават з Чылі”.
Янка Маўр у 1923 –1924 гг выкладаў мову эсперанта ў Вячэрняй школе пры Мінскім гарадскім райкаме партыі, а ў 1925 – 1926 гг – на рабфаку БДУ. У 1926 г вёў урокі эсперанта на радые.
У 1926 годзе у Ленінградзе адбываўся з’езд эсперантыстаў, – пісаў Янка Маўр, – у якiм удзельнiчалі прадстаўнікі 37 краін. Пасяджэнні праходзілі ў Таўрычаскім палацы. 3 вялікай цікавасцю сачылі ленінградцы за яго работай. 3’ехалiся людзі з розных краін і гавораць, спрачаюцца на нейкай невядомай мове, у руках трымаюць газеты і кнігi на той жа мове... Многія ленiнградцы тады пашкадавалі, што не ведаюць мiжнароднай мовы эсперанто.
Не выязджау за тэрыторыю СССР, але пiсаў пра далёкія краіны так, што іх жыхары не маглі паверыць, што ён там не быў. Паэт Сяргей Грахоўскі ўспамінаў: “Янка Маўр быў выдатнейшым у рэспублiцы эсперантыстам і быў звязаны пры дапамозе гэтай універсальнай мовы бадай з усiм светам. Ён, як той Жуль Верн, нідзе не быў, а ўсё ведаў да драбніц – гадзінамі мог расказваць пра Інданезію, Барнео, Суматру, Новую Зеландыю, ці Аўстралію”.
Збіраўся напісаць раман пра паўстанне Спартака. “Буду пісаць пра Спартака. Слова пісьменніка», – так называўся яго артыкул у газеце “Літаратура i Macтацва” ад 8 студзеня 1935 г. Некалькі гадоў Янка Маўр збіраў матэрыялы праз сяброў-эсперантыстаў, рабіў накіды схем маршрутаў паўстанцаў, збіраў карты і планы бітваў, вывучаў гістарычную літаратуру. Сюжэтная канва задуманага твора была апублікавана ў часопісе “Іскры Ільіча” (№ 1 за 1936 г.), але сам твор так і не з’явіўся ў друку. Усе дакументы i запiсы былі страчаны у час вайны, і пісьменнік вельмі шкадаў аб гэтым.
У 1930 г. была надрукавана прыгодніцкая аповесць “Палескія рабінзоны”, адзін з самых папулярных твораў Янкі Маўра. Пісьменнік адзначае, што ў Беларусi “шмат куткоў, не горшых ад заморскіх”. “Ёсць пушчы, не менш цікавыя, чымся далёкiя трапічныя лясы. Ёсць азёры i балоты, якія ўвесну робяцца морамі. Ёсць звяры, якія радзей сустракаюцца на свеце, чым сланы і тыгры”.
Тэатр юнага гледача БССР адкрываўся п’есай Янкі Маўра “На штурм”. Тэатр быў створаны ў 1931 г. Рэжысёрам і мастайкiм кіраўніком яго быў М. Кавязiн. На жаль, тэкст згаданай п’есы да сёння не знойдзены.
Аповесць Янкі Маўра “ТВТ” выклікала да жыцця масавы рух пiянерау і школьнікаў. Навучыла бачыць, працаваць сваiмi рукамі – гэта была жыццёвае крэда пісьменніка, гэтаму ён вучыў сваіх дзяцей. Яго дачка Наталля ўспамінала: “Бацька вучыў мяне назiральнасцi, вучыў адразу выпраўляць тыя непарадкі, якiя я заўважала...” Пасля выхаду кнiгi пра Таварыства ваяўнічых тэхнікаў (TBT) гурткі тэвэтэтаўцаў ствараліся не толькі ў гарадах Беларусі, але і ў Іванаве, Стаўрапалі, Петразаводску і інш. Кніга была перакладзена на армянскую, латышскую, літоўскую, малдаўскую, польскую, рускую мовы.
У 1934 г. на Усебеларускім конкурсе дзіцячай кнігі Янка Маўр атрымаў першую прэмію за аповесць “ТВТ”, але на рускую мову яна была перакладзена толькі ў 1956 г. У 1934 г. выходзіць “самы піянерскі” твор Янкі Маўра з дзіўнай назвай: “ТВТ, або Апавяданне пра тое, як піянеры ўзбунтаваліся супроць уціску рэчаў і здзівілі ўвесь свет, як яны навучыліся бачыць тое, чаго іншыя не бачаць, і як Цыбук здабываў ачкі”.
На I Усесаюзны з’езд савецкіх пісьменнікаў 1934 г. Янка Маўр атрымаў персанальнае запрашэнне ад Максіма Горкага. Ён згадваў: “Перад Першым з’ездам ССП у беларускі арганізацыйны камітэт прыйшоў старшынёй М. Клімковіч”.
Творы Янкі Маўра выратавалі яму жыццё ў 1936 – 1937 гг. У тыя гады найперш за сувязі з замежжам у спіс “шпіёнаў і ворагаў народа” трапілі сябры пісьменніка – эсперантысты. У адпаведныя органы быў выкліканы і Янка Маўр, які ўжо чакаў свайго арышту. Але на шчасце, следчы быў адным з яго чытачоў, і калі даведаўся, што перад ім любімы пісьменнік – Янка Маўр, сказаў: “Ідзіце і не хвалюйцеся. Больш вас чапаць не будуць”.
Цяжкія гады эвакуацыі ў час Вялікай Айчыннай вайны перажыўу Алма-Аце. У фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа захоўваецца перапіска Янкі Маўра з Якубам Коласам часоў вайны. У лістах пісьменнікі дзяліліся сваімі перажываннямі, творчымі планам, марамі, радасцямі і горам, падтрымлівалі адзін аднаго ў цяжкія моманты жыцця на чужыне, іх перапіска-пацвярджэнне сапраўднага сяброўства.
У Казахстане здымаўся ў кіно, каб зарабіць грошы. Свой першы заробак у Алма-Аце (93 рублі) атрымаў за артыстычную дзейнасць. Здымаўся ў масоўках фільмаў “Поход Ворошилова”, “Молодое вино”.
Даслаў Ц. С. Гарбунову ў Маскву сваю п’есу “Лицо зверя”. Рукапіс да гэтага часу не знойдзены. Янка Маўр у 1942 г. у лісце да Якуба Коласа пісаў: “Лицо зверя”. Пьеса в 3-х акгах (5 картин). Перевод с белорусского. Такой твор послан мною в Москву Горбунову. Я довольствуюсь тем моральным удовлетворением, которое дала мне эта работа; я рад, что успел сказать и своё слово, может быть, последнее. А из особенностей этой пьесы по крайней мере одна является безусловно выдающейся: пьеса состоит только из одного перевода, а оригинала не существует и не существовало в природе. Только тебе доверяю я эту историческую тайну”.
З
рабіў падарунак самому сабе. Сам сабе купіў партфель і зрабіў на ім гравіроўку: “Паважанаму Янку Маўру на памяць аб яго 20-гадовай бескарыснай літаратурнай дзейнасці – ад I. М. Фёдарава. 1943”. Партфель захоўваецца ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.
Пінскі абласны тэатр адкрываў сезон 1947 г. П’есай Янкі Маўра “Шляхі дарогі”. Што гэта за п’еса, невядома.
Перакладаў на беларускую мову творы сусветнай літаратуры. У перакладзе Янкі Маўра на беларускую мову выйшлі творы Р. Кіплінга, М. Твэна, Ж. Верна, В. Гюго, казкі Г. X. Андэрсэна, асобныя творы Д. Маміна-Сібірака, М. Прышвіна. А. Гайдара.
П
рацаваў над кнігай “Ніколі не забудзем”. У 1948 г. пад рэдакцыяй Янкі Маўра выйшаў зборнік “Ніколі не забудзем” – хвалюючая і драматычная кніга ўспамінаў беларускіх дзяцей, удзельнікаў і сведкаў Вялікай Айчыннай вайны. Прадмову да кнігі напісаў Якуб Колас.
Амаль сляпы, выратаваў дзяўчынку, якая танула. У Янкі Маўра дактары знайшлі катаракту, але ў той час рабілі аперацыю толькі тады, калі катаракта выспее. I па сутнасці напаўсляпому чалавеку даводзілася доўгі час чакаць гэтага “выспявання”. Слых жа быў у яго неверагодна тонкі. Аднойчы, калі грэўся на сонцы на мужчынскім пляжы Кактэбеля, пачуў крыкі – танула дзяўчынка, ён кінуўся на дапамогу і выцягнуў дзяўчынку з вады. Занёс яе на жаночы пляж, там яе адкачалі. На некалькі дзён стаў героем Кактэбеля. Захаваўся фотаздымак гэтай дзяўчынкі з удзячным подпісам.
Лячыў хворых ад эпілепсіі. А. Міронаў наткнуўся на апісанне даўняга рэцэпта вылечвання людзей ад эпілепсіі і прапанаваў Янку Маўру паспрабаваць самім лячыць хворых, а калі вынікі лячэння будуць станоўчымі, звярнуцца ў Міністэрства аховы здароўя. Рэцэпт заключаўся ў выкарыстанні костачак, што знаходзяцца за вушамі ў малочных парасят. Калі ж пацыентаў набралася каля сотні, яны падлічылі, што дапамаглі працэнтам васьмідзесяці. Як вядома, савецкая медыцына ставілася адмоўна да народных метадаў, нават правераных стагоддзямі. Займацца лячэннем забаранілі.
Любіў піць каву з каньяком. У яго кватэры была добрая калекцыя каньякоў. Але Маўр выпівохам не быў. Ужываў каньяк па лыжцы з кавай.
Адкрыта прызнаваў свае недахопы ў літаратурнай творчасці. “Свае недахопы я ведаю: 1) Досыць шурпаты і сухаваты стыль; няма ў ім той пявучасці, якая, скажам, у Лынькова. 2) Празмерная скупасць у апісаннях; калі я раблю адзін ці два мазкі, то болей ужо не магу – мне здаецца, што будзе нудна. Мая проза чыста апавядальная, а не “мастацкая” (апісальная). 3) Небагаты слоўнік. 4) Уплывы крыху залішняй “впечатлительности”, якая часам адводзіць убок” (з ліста Янкі Маўра да Алеся Якімовіча).
Пачынальнік фантастычнага жанру ў беларускай літаратуры. Казка “Вандраванне па зорках” Янкі Маўра выйшла ў 1927 г., а аповесць “Фантамабіль прафесара Цылякоўскага” – у 1955-м.
Збіраўся напісаць пра зорныя войны. Задумаў раман “Апошнія з Эрыды”, які павінен быў складацца з дзвюх частак: “Дачка неба” і “Гібель планеты”.
Калі Іван Міхайлавіч сабраўся несці сваю першую буйную аповесць “Чалавек ідзе” ў рэдакцыю часопіса “Беларускі піянер”, ён падпісаў яе сваім уласным імем і прозвішчам – Іван Фёдараў. Але ўспомніў, што гэта імя ўжо вядомае: так звалі знакамітага рускага першадрукара. I Іван Міхайлавіч падумаў: “Які-небудзь жартаўнік скажа, што ў славутага першадрукара знайшоўся канкурэнт. Значыць, трэба браць псеўданім”. Яму прыгадалася ходкая фраза: “Маўр зрабіў сваю справу, маўр можа ісці”. Слова “маўр” прагучала ярка, прыгожа, мнагазначна і, самае галоўнае, таямніча. Сапраўды, хто такі маўр, не ўсякі ведае. (Маўрамі, дарэчы, у даўніну называлі жыхароў Паўночнай Афрыкі). Так настаўнік Іван Міхайлавіч Фёдараў стаў Янкам Маўрам.
Спіс літаратуры
Гурэвіч, Э. С. Янка Маўр // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя : У 4 т. – Минск, 1999 Т. 2.
Маўр Янка// Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т./ пад рэд. А. І. Мальдзіса. – Мн.: БелЭн, 1992-1995.
Артыкулы
Васілевіч, А. Рамантык–гуманіст: [жыццёвы і творчы шлях Янкі Маўра]/ А. Васілевіч// Алеся. – 2003. – № 5. – С. 37.
Грышкова, І.М. Пісьменнік з крылатай фантазіяй: урок пазакласнага чытання па творчасці Янкі Маўра/ І.М. Грышкова// Пачатковая школа. – 2003. – № 4. – С. 29- 30.
Давідовіч, Г. Мысліцель і летуценнік: [Янка Маўр]/ Генрых Далідовіч// Краязнаўчая газета. – 2008. – № 8. – С. 3.
Зубоўскі, Б. Другое чаканне Маўра / Б. Зубоўскі // Настаўніцкая газета. – 2001. – 19 ліпеня. – С. 1, 3.
Зубоўскі, Б. Урокі і запаветы Янкі Маўра/ Б. Зубоўскі// Беларуская мова і літаратура. – 2009. – № 8. – С. 61-64.
Зубоўскі, Б. Янка Маўр: мастацкі матывацыйны вопыт першапраходцы/ Б. Зубоўскі// Роднае слова. – 2012. – № 5. – С. 17-21.
Кавальчук, Т. Капітан нашых падарожжаў: да 130-годдзя Янкі Маўра/ Т. Кавальчук// Бібліятэка прапануе. – 2013. – 11 лістапада. – С.27-30.
Карабановіч, Э. Школьны літаратурны музей Янкі Маўра/ Эдвард Карабановіч// Роднае слова. – 2003. – № 4. – С. 103.
Кузьміч, Н. Усе мы дзеці прыроды: апавяданне «Багіра» Янкі Маўра/ Наталля Кузьміч// Роднае слова. – 2008. – № 5. – С. 5-6.
Курбека, І. Адзін вечар з Янкам Маўрам/ І. Курбека// Звязда. – 2003. – 14 мая. – С. 8.
Міцкевіч, Н. Доўгая дарога: [жыццёвы і творчы шлях Янкі Маўра]/ Наталля Міцкевіч// Полымя. – 2011. – № 3. – С. 159-177.
Рублевская, Л. 125 лет Янке Мавру/ Людмила Рублевская// Советская Белоруссия. – 2008. – 7 июня. – С. 14.
Садоўская, Л. Капітан нашых падарожжаў Янка Маўр/ Л. Садоўская// Бібліятэка прапануе. – 2003. – № 2. – С. 11-13.
Свінарэнка, В. “Партрэт Янкі Маўра”/ Вольга Свінарэнка// Роднае слова. – 2002. – № 9. – С. 102, 103.
Федарэнка, А. Мой Янка Маўр/ А. Федарэнка// Бярозка. – 2003. – № 5-6. – С. 28- 29.
Янка Маўр// Гісторыя беларускай літаратуры: ХХ стагоддзя (20-50-я гады)/ пад агульнай рэдакцыяй М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. – Мінск: Беларуская навука, 2000. – С. 455-476.
Янка Маўр: для дзяцей// Беларуская дзіцячая літаратура: вучэбны дапаможнік/ пад рэдакцыяй А. М. Макарэвіча, Б. М. Яфімава. – Мінск: Вышэйшая школа, 2008. – С. 197-220.
Яфімава, М. “Чую біцце чалавечага сэрца”: згадкі пра Янку Маўра/ Маргарыта Яфімава// Роднае слова. – 2003. – № 5. – С. 90-93.
Яфімава, М. Дзіцячых сэрцаў уладар…: [аб жыцці і творчасці Янкі Маўра]/ Маргарыта Яфімава// Роднае слова. – 2008. – № 5. – С. 3-4.
Яфімава, М. Ён пісаў добрыя кнігі: [аб жыцці і творчасці Янкі Маўра]/ Маргарыта Яфімава// Бібліятэка прапануе. – 2009. – № 4. – С. 22-24.
Яфімава, М. Сустрэчы з Янкам Маўрам/ Маргарыта Яфімава// Пачатковая школа. – 2003. – № 4. – С. 23-24.
Яфімава, М. Шляхамі роднай Беларусі: аповесць “Палескія рабінзоны” Янкі Маўра/ Маргарыта Яфімава// Роднае слова. – 2008. – № 9. – С. 30-32.
Яфімава, М. “Дзіцячым пісьменнікам трэба нарадзіцца...” : Я. Маўр / М.Б. Яфімава // Полымя. 2008. № 5. С. 160–164.