"ЧАРОЎНАЯ ГІСТОРЫЯ ВІЦЕБСКАГА ЖЛОБА:
ПАДАРОЖЖА Ў СВЕТ РАСТВА"
Аўтар: Пяшко Вольга Сяргееўна, настаўнікгісторыі і мастацтва
ДУА “Сярэдняя школа №33 г.Брэста”
Мэта: Знаёміць дзяцей з традыцыямі беларускай культуры праз батлеечны тэатр, фарміраваць духоўныя каштоўнасці, уменне разумець і перажываць дабро і зло.
Задачы:
1.Пазнаёміць з гісторыяй і значэннем віцебскага жлоба як часткі нематэрыяльнай спадчыны Беларусі.
2.Раскрыць біблейскі сюжэт пра нараджэнне Ісуса Хрыста ў мастацкай форме.
3.Выклікаць цікавасць да традыцыйнага мастацтва і развіць эмацыйную чуллівасць дзяцей.
4.Навучыць асэнсоўваць каштоўнасці дабрыні, міласэрнасці, сяброўства і сямейнай падтрымкі.
5.Стварыць у гледачоў святочны настрой і пачуццё радасці ад калядных традыцый.
Абсталяванне:
Батлеечны жлоб (трох’ярусная канструкцыя з акенцамі).
Лялькі і фігуркі (Дзева Марыя, Іосіф, Ісус, мудрацы, цар Ірад, воіны, авечкі).
Свечкі і званочкі.
Музычнае суправаджэнне (канты "Неба і зямля", "На Раство Хрыстова").
Асвятленне для стварэння ценяў.
Удзельнікі:
Вядучыя: Хлопчык і Дзяўчынка.
Хор для выканання калядных песень.
Гледачы: дзеці ва ўзросце 7-16 гадоў, іх бацькі і настаўнікі.
Асноўная ідэя:
Праз гісторыю віцебскага жлоба і біблейскі сюжэт паказаць дзецям, як важна заставацца добрымі, спагадлівымі і падтрымліваць адзін аднаго, асабліва ў цяжкія моманты жыцця.
Гісторыя "Віцебскага жлоба" паказвае нам не толькі традыцыі, але і галоўны сэнс Раства — любоў, міласэрнасць і святло, якія перамагаюць цемру, вучыць радавацца жыццю і святу.
Уступ (прывітанне да гледачоў):
Хлопчык:
"Добры дзень, дарагія сябры! Мы вельмі рады бачыць вас тут, каб разам адправіцца ў чароўнае падарожжа!"
Дзяўчынка:
"Сёння мы раскажам вам гісторыю пра тое, як нарадзіўся Выратавальнік свету, пра любоў і дабрыню, якія асвятлілі цёмную ноч. А дапаможа нам у гэтым казачны тэатр — віцебскі жлоб!"
Хлопчык:
"Сядайце зручна, заплюшчыце вочы на імгненне і ўявіце: зорнае неба, маленькая пячора і незвычайная зорка... Пачынаем!"
Дзея 1.
Чатыры анёлы выходзяць са званочкамі. Трэці анёл чытае верш-прывітанне
Анёл 1: Ведаеш, сябра, я нядаўна быў у адным цудоўным месцы, дзе паказваюць дзіўную штуку — "віцебскі жлоб".
Анёл 2: "Жлоб"? Што гэта за назва такая дзіўная?
Анёл 1: Гэта ад слова "яслі" — так называлі кармушку для жывёл, у якую, па Бібліі, паклалі малога Ісуса, калі Ён нарадзіўся. Але тут "жлоб" — гэта такі тэатр. Ён выглядае як маленькая трохвежавая цэркаўка.
Анёл 2: І што там адбываецца?
Анёл 1: Унутры ёсць лялькі і асаблівыя дыскі з фігуркамі. Калі запальваюць свечку, дыскі пачынаюць круціцца, і на экранах з'яўляюцца цені. Уяўляеш, усё гэта ў цемры — як казачны свет ажывае!
Анёл 2: Вау! І што яны паказваюць?
Анёл 1: Толькі сюжэт пра Божае Нараджэнне. Гэта старажытная традыцыя з Віцебскай губерні. Такія спектаклі рабілі яшчэ ў XVIII–XIX стагоддзях.
Анёл 2: А дзе зараз гэта можна ўбачыць?
Анёл 1: Доўга такі тэатр быў забыты, але дзякуючы майстрам і гісторыкам яго аднавіў адзін майстар з Новаполацка. Цяпер "віцебскі жлоб" можна пабачыць не толькі ў Віцебску ці Новаполацку, але і ў Брэсце!
Анёл 2: Гэта сапраўды цудоўна! Мы павінны паказаць гэты тэатр усім дзецям. Ён жа, напэўна, унесены ў спіс культурных каштоўнасцяў?
Анёл 1: Так, летам 2024 года яго прызналі элементам нематэрыяльнай спадчыны Беларусі.
Анёл 2: Тады я бягу рыхтаваць свае крылы, каб з дзецьмі паляцець і ўсё гэта пабачыць!
Дзея 2.
Хлопчык усталёўвае жлоб. Хлопчык і дзяўчынка становяцца з двух бакоў каля жлоба.
Х л о п ч ы к. Аднойчы рымскі імператар, якому належала Ізраільскае царства, загадаў правесці ўсенародны перапіс. Ён хацеў ведаць, колькі ў яго валоданні чалавек, дзе жывуць, колькі ім гадоў. Кожны павінен быў запісацца там, адкуль родам.
Д з я ў ч ы н к а. Вось і адправіліся Іосіф і Марыя ў невялікі гарадок Віфлеем пад Іерусалімам, каб запісацца там. Прыйшлі вечарам, а пераначаваць няма дзе, бо вельмі ж багата народу сабралася.
Х л о п ч ы к. Іосіф і Марыя непадалёку ад гарадка знайшлі пячору, у якую пастухі ў непагадзь заганялі авечак. Яна на той час пуставала. І падарожнікі ўзрадаваліся такой начлежцы, бо вельмі ж стаміліся.
Д з я ў ч ы н к а. Ноччу ад святой Дзевы Марыі нарадзіўся, даўно абяцаны людзям, Выратавальнік свету, Гасподзь наш Ісус Хрыстос!
На ніжнім паверсе ў сярэдняй скрыні адкрываецца акенца, дзе знаходзяцца нерухомыя фігуркі лялек: Дзева Марыя, Святы Іосіф, маленькі Ісус, авечкі, вешчуны.
Хлопчык і дзяўчынка заходзяць за лаўку са жлобам.
Па баках — хор спявае кант «Неба і зямля».
Дзеянне адбываецца на верхнім паверсе жлоба. Хлопчык запальвае свечку і распавядае біблейскі тэкст «Дары мудрацоў». Гледачу відаць, як цені лялек вешчуноў рухаюцца па крузе.
Х л о п ч ы к. Прыйшоўшы ў Віфлеем, мудрацы ўвайшлі ў дом, над якім спынілася зорка. Убачыўшы дзіцятка з Марыяй, маці яго, яны пакланіліся яму і, адкрыўшы скарбы свае, прынеслі яму дары: золата, ладан і смірну.
Дзеянне адбываецца на ніжнім паверсе жлоба справа. Хлопчык запальвае свечку і распавядае біблейскі тэкст «Збіццё немаўлят». Гледачу бачна, як цені лялек цара Ірада і Воіна рухаюцца па крузе.
Х л о п ч ы к. У сне мудрацы атрымалі наказ не вяртацца да Ірада, таму яны пайшлі ў сваю краіну іншым шляхам. Даведаўшыся пра гэта, цар Ірад вельмі разгневаўся і паслаў воінаў забіць усіх немаўлят у Віфлееме і ва ўсіх межах яго, ад двух гадоў і маладзей, — па часе, які выведаў у мудрацоў. Воіны прыйшлі ў Віфлеем і забілі нявінных немаўлят. Так споўніліся словы прарока Ераміі: «Голас у Рыме чутны, плач, і галашэнне, і лямант вялікі: Рахіль плача па дзецях сваіх і не хоча суцешыцца, бо іх няма».
Хор спявае кант «А ў свеце нам навіна была».
Хор А ў свеце нам навіна была. Святы вечар!
Дзеянне адбываецца на ніжнім паверсе жлоба злева. Дзяўчынка запальвае свечку і распавядае біблейскі тэкст «Уцёкі ў Егіпет». Гледачу відаць, як цені лялек Марыі, Іосіфа, маленькага Ісуса рухаюцца па крузе.
Д з я ў ч ы н к а. Ірад думаў, што сярод забітых немаўлят будзе той, пра якога казалі мудрацы і святары, як пра будучага цара Ізраіля. Але гэтага не адбылося. Калі мудрацы сышлі, анёл Гасподні з’явіўся ў сне Іосіфу і сказаў: «Устань, вазьмі дзіця і маці яго і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе, бо Ірад хоча шукаць дзіцятка, каб загубіць яго». Ён устаў, узяў дзіця і маці яго і пайшоў у Егіпет, і там быў да смерці Ірада, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: «З Егіпта паклікаў я сына майго». Ад Віфлеема да Егіпта — далёкі шлях, сотні кіламетраў, Іосіфу і Марыі нялёгка было бегчы з маленькім дзіцем.
Хор спявае кант «На Раство Хрыстова».
Х о р
Перад жлобам з’яўляюцца хлопчык і дзяўчынка. У руках хлопчык трымае запаленую свечку, дзяўчынка звініць у званочак.
Х л о п ч ы к. З неба ліліся цудоўныя гукі. Спяваў хор анёлаў. Яны віталі маленькага Ісуса, Цара і Творцу, якога Бог прыслаў да людзей, каб зрабіць іх добрымі і міласэрнымі.
Д з я ў ч ы н к а. Над пячорай, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос, усю ноч зіхацела незвычайна прыгожая зорка. І бачылі яе ў тую ноч многія людзі на Зямлі. Але не ўсе ведалі, у гонар каго запаліў яе сам Бог.
Згасаюць свечкі. Закрываюцца акенцы жлоба. Прадстаўленне скончана
Пытанні і прыкладным адказы для юных гледачоў:
Што такое жлоб?
Жлоб — гэта асаблівы тэатр, які нагадвае яслі, дзе, паводле Бібліі, нарадзіўся Ісус Хрыстос.
Чаму Іосіф і Марыя пайшлі ў Віфлеем?
Ім трэба было запісацца ў перапісе, які праводзіў рымскі імператар.
Дзе Іосіф і Марыя знайшлі начлег?
Яны знайшлі пячору, дзе раней хаваліся жывёлы ў непагадзь.
Хто нарадзіўся ў пячоры?
Там нарадзіўся Ісус Хрыстос, Выратавальнік свету.
Што прынеслі мудрацы Ісусу?
Яны падарылі золата, ладан і смірну.
Чаму цар Ірад разгневаўся?
Ён даведаўся, што мудрацы не вярнуліся да яго і пачаў баяцца за свой трон.
Што зрабіў цар Ірад у Віфлееме?
Ён загадаў забіць усіх немаўлят ад двух гадоў і маладзей.
Як Іосіф, Марыя і Ісус пазбеглі небяспекі?
Анёл у сне загадаў ім уцякаць у Егіпет, і яны адправіліся ў далёкі шлях.
Што рабілі анёлы пасля нараджэння Ісуса?
Яны спявалі і віталі маленькага Цара і Творцу.
Што ўказвала людзям на месца нараджэння Ісуса?
Над пячорай зіхацела незвычайна прыгожая зорка.
Дзеці, паважаныя гледачы! Гісторыя "Віцебскага жлоба" паказвае нам не толькі традыцыі, але і галоўны сэнс Раства — любоў, міласэрнасць і святло, якія перамагаюць цемру. Гэта час, калі кожны з нас можа стаць лепшым, вучачыся дабрыні і спагады ў Ісуса Хрыста.
Пытанні з прыкладнымі адказамі на рэфлексію:
Што ў спектаклі вам спадабалася больш за ўсё і чаму?
Мне спадабаліся цені лялек і тое, як яны рухаліся. Гэта выглядала як сапраўдная казка.
Які момант быў самым уражлівым або сумным? Што вы адчувалі?
Мяне ўразіла гісторыя пра ўцёкі ў Егіпет, бо гэта паказала, як складана было Іосіфу і Марыі ахоўваць маленькага Ісуса.
Чаму вас навучыла гэтая гісторыя пра нараджэнне Ісуса?
Яна навучыла мяне, што трэба быць спагадлівым і дапамагаць тым, хто ў патрэбе.
Што, на вашу думку, нельга рабіць, гледзячы на ўчынкі цара Ірада?
Нельга быць злым, зайздросным і шкодзіць іншым дзеля сваёй карысці.
Як вы думаеце, чаму важна быць добрымі і міласэрнымі, як анёлы і мудрацы?
Бо дабрыня і міласэрнасць робяць свет лепшым і дапамагаюць людзям быць шчаслівымі.
Дадатковыя пытанні, звязаныя з сябрамі, сям’ёй і аднакласнікамі:
Як вы можаце паказаць сваю любоў і клопат пра сям’ю, як Іосіф і Марыя пра Ісуса?
Можна дапамагаць бацькам, дарыць цёплыя словы і праводзіць час разам.
Мудрацы падарылі дары Ісусу. Чым вы можаце падзяліцца з сябрамі?
Я магу падзяліцца цацкамі, часам або зрабіць для сябра штосьці прыемнае.
Што вы можаце зрабіць, каб дапамагчы аднакласніку, які трапіў у складаную сітуацыю?
Падтрымаць яго добрым словам, прапанаваць дапамогу ў вучобе або проста быць побач.
Як вы можаце падзякаваць тым, хто клапоціцца пра вас кожны дзень?
Сказаць "дзякуй", дапамагчы па хаце ці зрабіць для іх нешта прыемнае.
Як можна выправіць сітуацыю, калі вы пакрыўдзілі сябра або роднага?
Папрасіць прабачэння, прызнаць памылку і паабяцаць не паўтараць яе.
Дзеці, гэтыя пытанні і адказы дапамаглі нам звязаць убачаную гісторыю з рэальным жыццём, а таксама разумець каштоўнасць дабрыні, клопату і падтрымкі ў штодзённых адносінах.
4