СЛУЖБОВЫЯ ЧАСЦІНЫ МОВЫ
ПРЫНАЗОЎНІК – гэта службовая часціна мовы, якая выражае адносіны паміж назоўнікам (або займеннікам) ва ўскосным склоне і іншымі словамі ў сказе.
Адны прыназоўнікі выконваюць службовую ролю са старажытных часоў, другія як службовыя словы пачалі ўжывацца значна пазней; дакладна вызначыць, з якога часу ўжываецца кожны прыназоўнік, амаль немагчыма.
Прыназоўнікі падзяляюцца паводле марфалагічнай будовы і паходжання. Да НЕВЫТВОРНЫХ адносяцца прыназоўнікі, паходжанне якіх з пункту гледжання сучаснай мовы цяжка ці немагчыма растлумачыць, бо яны ўтварыліся ў старажытную пару: а, аб, ад, з (са), за, без, да, для, дзеля, к (ка), на, над, пад, пра, праз, пры, у (ва), цераз .
Да ВЫТВОРНЫХ адносяцца прыназоўнікі, якія паходзяць ад знамянальных слоў: вакол, замест, акрамя, у адпаведнасці з . Гэтыя прыназоўнікі больш позняга паходжання, таму яны захавалі лексічнае значэнне тых слоў, ад якіх утварыліся.
Прыназоўнікі прыслоўнага паходжання: Вакол было ціха і глуха (К-с) і Афіцэры сабраліся вакол свайго начальніка... (К-с). Побач на касагоры стаяў лес (В.Б.) і Побач чыгункі стаяў высокі стары лес (К-с).
Адыменныя прыназоўнікі: на працягу, з выпадку, з мэтай, за выключэннем, у час, у выніку, у параўнанні з, у сувязі з, у адпаведнасці з, у адносінах да . На працягу стагоддзяў змагаліся мазуры з нямецкімі захопнікамі за хлеб з роднага поля і за родную мову (Б.). «Добра на лузе ў час сенакосу », – прызнаўся Янка (К-с).
Прыназоўнікі дзеяслоўнага паходжання: дзякуючы, уключаючы, выключаючы, не лічачы, нягледзячы на, гледзячы па, пачынаючы з. Нягледзячы на позні час , у кватэры Садовіча гарэла лямпа (К-с). Урад Індыі аб'явіў, што пачынаючы з 25 студзеня 1965 года афіцыяльнай мовай Індыі будзе мова хіндзі
Па марфалагічнай будове адрозніваюцца тры тыпы прыназоўнікаў:
- простыя прыназоўнікі: аб, без, за, у, на, для, пад, пры;
- складаныя прыназоўнікі, у якіх зліліся два словы: з-за, з-пад, па-за, па-над, паўз, замест;
- састаўныя , якія складаюцца з двух і болей слоў: поруч з, у галіне, з прычыны, у параўнанні з, у залежнасці ад.
У розным лексічным акружэнні прыназоўнік можа выражаць розныя адносіны:
- прасторавыя: На ўзгорках і ў далінах лягла ціхая зіма (Б.);
- часавыя: А ў нядзелю чуць зара сякеры запелі (Куп.);
- аб'ектныя: Дзедка заўсёды жартуе з мяне (Куп.);
- азначальныя: Міхал быў у кароткай вопратцы на кудзелях (К.Ч.);
- прычынныя: Ад радасці вочы мае расцвілі (Вял.);
- мэты: На змярканні ў школе сышліся настаўнікі для зацвярджэння пратакола (К-с);
- спосабу дзеяння: Дрозд спяваў на ўсе лады (К-с). Так яны малацілі ў два цапы (К.Ч.).
ЗЛУЧНІК – службовая часціна мовы, якая злучае аднародныя члены сказа, часткі складанага сказа, а таксама асобныя сказы ў тэксце і выражае сэнсава-граматычныя адносіны паміж гэтымі сінтаксічнымі адзінкамі. Злучнік з'яўляецца адным з важных і актыўных сінтаксічных сродкаў мовы, які звязвае сінтаксічныя адзінкі ў адно цэлае і выконвае арганізуючую функцыю.
Усе злучнікі паводле сваёй сінтаксічнай функцыі падзяляюцца на дзве асноўныя групы – злучальныя і падпарадкавальныя.
ЧАСЦІЦЫ – службовая часціна мовы, якая выражае дадатковыя сэнсавыя, мадальныя і эмацыянальна-экспрэсіўныя адценні слоў, словазлучэнняў і сказаў. З дапамогай часціц можна вылучыць, падкрэсліць найбольш важнае слова ў тэксце, узмацніць яго гучанне, сэнс, выказаць пачуццё, выразіць пытанне, сцвердзіць або адмовіць факты ці з'явы рэчаіснасці, выказаць пабуджэнне да дзеяння, пажаданне .
Як і іншыя службовыя словы, часціцы самі па сабе не маюць самастойнага лексічнага значэння, не называюць прадметаў і з'яў рэчаіснасці, не з'яўляюцца членамі сказа. Яны не ўжываюцца асобна ад самастойных слоў, па-за кантэкстам страчваюць тое дадатковае адценне значэння, якое надаюць моўнай адзінцы. Часціцы далучаюцца да асобных слоў, словазлучэнняў, сказаў .
ВЫКЛІЧНІК – гэта клас слоў, з дапамогай якіх выражаюцца пачуцці, волевыяўленні чалавека, яго эмацыянальна-валявая рэакцыя на з'явы і падзеі навакольнай рэчаіснасці. Выклічнікі могуць перадаваць вялікі дыяпазон пачуццяў і волевыяўленняў: радасць, захапленне, здзіўленне, сумненне, крыўду, абурэнне, іронію, запрашэнне, заклік і інш.
У сістэме часцін мовы выклічнік займае асобнае месца: гэта і не самастойная, і не службовая часціна мовы. Ён не мае намінатыўнага значэння: словы-выклічнікі толькі выражаюць пачуцці, волевыяўленні, аднак не называюць іх. Акрамя гэтага, выклічнікі – нязменныя словы, яны не маюць ніякіх граматычных паказчыкаў, марфемна непадзельныя і не з'яўляюцца членамі сказа. Не выконвае выклічнік у сказе і ніякіх службовых функцый, аналагічных функцыям прыназоўніка, злучніка ці часціцы.
ГУКАПЕРАЙМАЛЬНЫЯ СЛОВЫ – моўныя адзінкі, якія прыблізна ўзнаўляюць, пераймаюць гукі, характэрныя для жывой і нежывой прыроды. Гукаперайманні імітуюць крык птушак ( ку-ку, курлы-курлы, га-га-га і г. д.), жывёл ( му-у, гаў-гаў, мяў-мяў, і-га-га і г. д.), гукі і шумы прыроды ( ш-ш-ш, шу-шу-шу, гу-у-у і г. д.), гукі, што ўзнікаюць у выніку нейкіх дзеянняў, працэсаў ( бух, трах, дзынь-дзынь, буль-буль і г. д.)
Гукаперайманні, як і выклічнікі, пры субстантывацыі выконваюць функцыі розных членаў сказа: У небе пачулася працяжнае кру-кру! адлятаючых жураўлёў (I.М.).
МАДАЛЬНЫЯ СЛОВЫ – гэта асобны лексіка-граматычны разрад слоў, якія выражаюць адносіны ўсяго выказвання (ці яго частак) да рэчаіснасці. З дапамогай мадальных слоў апавядальнік перадае свае адносіны да выказанай думкі: тое, аб чым гаворыцца ў сказе, можа мысліцца як рэальнае ці толькі магчымае, пажаданае або як неабходнае, абавязковае: Сапраўды , у лесе было ціха і глуха (К.Ч.). Праўда , ружы былі ўжо пазразаныя (Я.С).
Мадальныя словы не адносяцца ні да самастойных, ні да службовых часцін мовы. Ад першых яны адрозніваюцца тым, што не выконваюць намінатыўнай функцыі, не маюць катэгарыяльнага лексічнага значэння, не з'яўляюцца членамі сказа. У адрозненне ад службовых часцін мовы мадальныя словы не служаць для сувязі слоў у словазлучэнні і сказе, не надаюць сэнсавых адценняў словам, словазлучэнням і сказам.
Паводле семантыкі мадальныя словы падзяляюцца на дзве групы: 1) мадальныя словы, якія выражаюць упэўненасць, перакананне, сцвярджэнне таго, пра што гаворыцца ў сказе: праўда, факт, сапраўды, зразумела, безумоўна, бясспрэчна, відавочна, вядома, несумненна і інш.;
2) мадальныя словы, якія выражаюць няўпэўненасць, меркаванне, дапушчэнне, магчымасць або немагчымасць таго, аб чым гаворыцца ў выказванні. Мадальныя словы гэтай групы абазначаюць так званую гіпатэтычную мадальнасць: можа, мабыць, мажліва, магчыма, здаецца, відаць, можа быць, як быццам, быццам бы .