Просмотр содержимого документа
«Ефрасіння Полацкая»
Еўфрасіння Полацкая
Еўфрасіння Полацкая (у міру Прадслава), нарадзілася каля 1104 г. у Полацку ў князеўскай сям'і. Яе бацькам быў малодшы сын Усяслава Чарадзея Святаслаў-Георгі. Усяславава ўнучка з ранніх гадоў уражвала ўсіх сваёй прыгажосцю і здольнасцямі да навукі. У тым часе дзяцінства было кароткае: у 12 гадоў князёўна ўжо лічылася нявестай. Бацькі збіраліся аддаць Прадславу замуж за каго-небудзь з князевічаў, якія прысылалі ў Полацак сватоў, але яна абрала іншы шлях. Прадслава прыйшла ў манастыр і пад імем Еўфрасінні таемна ад бацькоў прыняла манаскі пострыг, каб прысвяціць жыццё духоўнаму ўдасканаленню.
Дакументальных звестак пра жыццё і дзейнасць Ефрасінні амаль не існуе. Асновай гістарыяграфіі з’яўляецца яе «Жыціе» , а іканаграфіі — ікона, што была напісана да кананізацыі і не захавалася да нашых дзён, а ў крыніцы 19 ст. апісваецца так: «Подобием бледна лицем от пощения, ризы преподобнические, как у преподобномученицы Евдокеи». Найбольш старажытнай захаванай іканапіснай выявай лічыцца гравюрная копія 16 ст., зробленая з даўняга арыгінала.
За манастырскімі сценамі Еўфрасіння змагла цалкам аддацца кнігам, што зрабіла яе адной з самых адукаваных жанчын таго часу ў Еўропе. Апрача Бібліі яна чытала творы рымскіх і візантыйскіх багасловаў, славянскіх асветнікаў Кірылы і Мяфода. Князёўна вывучала Нестараву "Аповесць мінулых гадоў" і візантыйскія хронікі, якія знаёмілі з падзеямі сусветнай гісторыі. Да рук Еўфрасінні траплялі філасофскія трактаты, у тым ліку, як лічаць гісторыкі, і працы Арыстоцеля і Платона.
Вялікі размах пашырэнню пісьмовага слова Еўфрасіння надала, заснаваўшы у Полацку жаночы, а потым і мужчынскі манастыры. Там былі адчыненыя адмысловыя майстэрні па перапісванні кніг - скрыпторыюмы. У створаных ігуменняй школах юныя палачане, апрача царкоўна-славянскай, вучылі грэцкую і лацінскую мовы, атрымлівалі звесткі з прыродазнаўства і медыцыны. З найбольш здольнымі праводзіліся заняткі па паэтыцы і рыторыцы. Значная ўвага аддавалася гісторыі.
Праз некалькі гадоў полацкі епіскап дазволіў князёўне пасяліцца ў келлі Сафійскага сабора, дзе, як паведамляе "Жыццяпіс", яна "пачала кнігі пісаць сваімі рукамі". Праца перапісчыка была настолькі фізічна цяжкая, што ёю тады займаліся толькі мужчыны. Разам з перапісваннем царкоўных кніг, хронік, папулярных тады зборнікаў афарызмаў пяро асветніцы магло выводзіць радкі Полацкага летапісу. Еўфрасіння пісала і ўласныя творы-малітвы, павучанні, а таксама перакладала з грэцкай і лацінскай моваў.
Еўфрасіння стала нашай першаю мецэнаткай . На яе замову полацкі дойлід Іаан у 50-х гадах ХІІ ст. збудаваў за 30 тыдняў храм Спаса - найвыдатнейшы помнік полацкай архітэктурнай школы, які захаваўся да нашых дзён.
Полацкая князёўна-ігумення была замоўніцай унікальных фрэсак Спасаўскай царквы і створанага полацкім майстрам Лазарам Богшам знакамітага Крыжа , які стаў нацыянальнай святыняй Беларусі. З імем Еўфрасінні звязанае з'яўленне на нашай зямлі прывезенага з Візантыі неацэннага абраза Маці Божай Адзігітрыі, які, паводле царкоўнага падання, быў намаляваны самім апосталам Лукой.
На схіле жыцця Еўфрасіння здзейсніла паломніцтва ў Святую зямлю. Там у 1167 г. і завяршыўся яе зямны шлях. Асветніца была пахаваная ў Ерусаліме ў Феадосіевым манастыры Святой Багародзіцы . Праз дваццаць гадоў яе мошчы перанеслі ў Кіева-Пячорскую лаўру. У 1910 г. яны былі ўрачыста вернутыя ў заснаваны асветніцай Полацкі Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, дзе захоўваюцца і цяпер.
Еўфрасіння стала першай усходне-славянскай жанчынаю , якую праваслаўная царква абвясціла святой. Полацкую ігуменню паводле даўняй традыцыі прызнае святой і каталіцкая царква. Еуфрасіння шануецца як нябесная заступніца Беларускай зямлі . Дзень памяці святой Еўфрасінні Полацкай адзначаецца штогод 5 чэрвеня (паводле новага стылю).