Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Гімназія г. Буда-Кашалёва”
“Мне сняцца сны аб Беларусі…”
Янкі Купала
Эсэ
Выканала
вучаніца 8 “Б” класа
Гапеева Аліна
Кіраўнік
Церахава Людміла Мікалаеўна,
настаўнік беларускай мовы і
літаратуры
г. Буда-Кашалёва, 2016г
-1-
“Мне сняцца сны аб Беларусі…” Янка Купала
Даешся дзiву: колькi тут красы –
Вакол дарог, вакол сядзiб прыцiхлых!..
А кiнеш вокам – пушча ды лясы
І сiнь нябёс, з няспешным iхнiм рытмам…
Плывуць аблокi ў мора цераз край,
Лагодны ветрык статак падганяе…
Зямля бацькоў – рабiн чырвоных рай!..
Зямля бацькоў – зямля мая святая!..
М. Курыла “ Бацькоўскі край”
Раней я не задумвалася, ці люблю Радзіму, што гэта такое—Радзіма. А зразумела гэта, калі летам адпачывала ў Германіі. Там было добра і прыгожа, але з кожным днём я ўспамінала свой горад, сваіх бацькоў і сяброў, сваю вёску, дзе ў бабулі праводзіла кожнае лета. Невялікі, але такі цудоўны і мілы лясок, дзе ў запаветным месцы мы адшуквалі маладзенькія баравікі. Я збірала падасінавікі там, дзе хораша пахла хваінамі і суніцамі. Яшчэ прыгадвала прыгожую рачулку з празрыстай халоднай вадой. Мне здаецца, што ўсё гэта разам і ёсць мая Радзіма, без якой нельга жыць. Успаміны пра свой куточак жывілі пяшчоту ў маім сэрцы.
Я пабывала не многа дзе, але Беларусь не прамяняю ні на адну з краін. Можа і ёсць краіны з цудоўнымі звычаямі, абрадамі, святамі, але майму сэрцу дорагі нашы… Не прамяняю нашы беларускія калядкі з песнямі, з вясёлай гурбой дзяцей. Майму сэрцу дорага Купалле з яго папараць-кветкай, якую жадае знайсці кожны, з разведзеным вогнішчам, з маладымі дзяўчаткамі, якія пускаюць вянкі на ваду. Не прамяняю гэта таму, што я на гэтым вырасла, раслі мае бацькі, продкі… Нельга не ўспомніць Вялікдзень, з прыгожа размалёванымі яйкамі і вельмі смачнымі кулічамі, ад якіх пах ідзе па ўсёй хаце, калі іх выпякае матуля. Мне ўсё гэта дорага…
-2-
Ні ў адной краіне няма такіх зялёных лясоў, сініх і чыстых рэк і азёр, а якое прыгожае над нашай Беларуссю неба: чыстае, блакітнае…мірнае! Ноччу яно зіхаціць светам далёкіх зорачак, а днём над намі свеціць яркае сонейка. А ці гэта не шчасце, мець такую Радзіму?!
Куды б я не паехала, заўсёды ў памяці застаецца наша нацыянальная кухня. Так хацелася мне на чужбіне з’есці дранікаў са смятанай, адведаць матулінага баршчу, пірагоў.
Адпачываючы на чужой Радзіме, мне сніліся мае суседзі і сябры, мая хата і сям’я, дзе я шчаслівая і ўпэўненая ў заўтрашнім дні.
Я патрыётка сваёй краіны. Тут былі мае першыя крокі, першае слова, празвінеў першы званок. Было б неразумна цяпер кудысьці пераехаць у пошуку лепшых мясцін. Мне часта прыходзілася чуць, што тут дрэнна жыць… Я з гэтым не згодна, бо лічу, што са ўсіх сцежак самая знаёмая і лепшая—гэта сцежка да роднага дому. Сярод усіх твараў самыя прыгожыя—гэта твары блізкіх для цябе людзей. У кожнага чалавека ёсць свой родны і любімы куточак, дзе яму ўтульна і спакойна, дзе ў яго не баліць душа. У гэтым куточку ён шчаслівы, а шчасце—гэта стан душы…
Час хутка бег. Наша краіна цярпела шмат гора. Мы доўга ішлі да свайго шчасця, а цяпер кажам, што дрэнна жывем. Мы дзеці сваёй зямлі. Нам трэба любіць сваю краіну. Трэба радавацца кожнаму дню. Мне шкада, што гэта ўсё мы разумеем вельмі позна. І вельмі часта разумеем, што жыццё пражыта не так…
Беларусь—мая краіна, мая любімая зямля. Я вырасла тут і цяпер жадаю ўсе свае сілы, здольнасці, стараннасць укласці ў яе. Я веру, што ў маёй Радзімы вялікая будучыня, і я жадаю будаваць яе разам са сваім народам. Вельмі хочацца, каб кожны ў сваім сэрцы назаўсёды захаваў гордасць, павагу і любоў да роднай зямлі, якая яго гадуе, пестуе, стварае ўсе ўмовы для яго шчаслівай будучыні.
-3-
Я ведаю, куды б не закінуў мяне лёс, нават у іншую краіну, Беларусь будзе заўсёды ў маім сэрцы. Я заўсёды буду любіць яе такой, якая яна ёсць. Мне заўсёды будуць сніцца сны аб Беларусі…
Адзінай мэты не зракуся
І сэрца мне не задрыжыць:
Як жыць—дык жыць для Беларусі.
А без яе—зусім не жыць…
Л. Геніюш