Установа адукацыі
“Салігорскі дзяржаўны каледж”
МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ
РОДНАЙ МОВЫ
«ДАЛУЧЫСЯ ДА РОДНАГА СЛОВА»
ГІМН РОДНАЙ МОВЕ
Падрыхтавалі навучэнцы 1 курса
Выкладчык Шэнец Вера Ільінічна
Салігорск
ТЭМА: «ДАЛУЧЫСЯ ДА РОДНАГА СЛОВА: ГІМН РОДНАЙ МОВЕ»
МЭТА:
абуджэнне павагі да слова, імкненне захоўваць сваю культуру і культуру іншых народаў;
развіццё сродкамі мовы інтэлектуальнай, эмацыянальнай, эстэтычнай, маральнай сфер асобы навучэнца;
ствараць умова для выхавання павагі і пачуцця любові да роднай мовы,Радзімы.
Лёсу майго кірунак,
Долі маёй выснова,
Як паратунак, –
Матчына слова,
Бацькава слова,
Роднае вечнае слова.
П.Макаль
Уступнае слова выкладчыка:
21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Чаму для святкавання быў абраны гэты дзень? 21 лютага ў далёкім для нас 1952 годзе загінулі 5 студэнтаў, якія змагаліся за наданне мове бенгалі стуса дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш. Адзначаецца гэты дзень з 2000 года.
Па дадзеных ЮНЕСКА ў свеце існуе больш за 6000 моў, 95% з якіх знаходзіцца ва ўжытку ў насельніцтва планеты. Частка моў не мае сваёй пісьменнасці. Больш за палову існуючых моў свету знаходзяцца на мяжы вымірання. Тысячы моў не выкарыстоўваюцца ў сістэме адукацыі і не прадстаўлены ў Інтэрнеце.
Кожны месяц знікаюць 2 мовы. Яшчэ нядаўна налічвалася да 8000 самастойных моў. Сёння іх на 2000 менш.
Мова – частка чалавечай культуры, гістарычнай спадчыны. Дзякуючы ёй, працягваюць жыць традыцыі. Мова абуджае цікавасць да пазнання свету, садзейнічае праяўленню павагі да нашага мінулага і служыць элементам аб’яднання людзей незалежна ад месца і часу іх пражывання.
Прэзентацыі навучэнцаў
(конкурс газет, плакатаў або буклетаў, прысвечаных роднай мове)
Цёплыя словы – сонца і хата.
Лепшыя словы – мама і тата.
Смачныя словы – хлеб і суніцы,
Росныя словы – кветкі, крыніца.
Чулыя словы - сын, калыханка,
Ясныя словы – лета і ранак.
Мудрыя словы – жыта і поле,
Светлыя словы – вецер і воля.
Даўнія словы – водгулле, род,
Гордыя словы – звон і народ.
Навучэнцы чытаюць вершы, прысвечаныя роднай мове.
Ільняная і жытнёвая.
Сялянская.
Баравая ў казачнай красе.
Старажытная.
Ты самая славянская.
Светлая, як травы ў расе.
Вобразная, вольная, пявучая,
Мова беларуская мая! П. Панчанка
Родная мова, цудоўная мова!
Ты нашых думак уток і аснова!
Ты мне заўсёды была дапамогай,
Дзе б і якой не хадзіў я дарогай.
Чую ў табе перазвоны крыніцы,
Чую ў табе і раскат навальніцы,
Чую павевы зялёнага бору,
Водгулле працы ў родным прасторы.
Кожнай драбнічкай ты варта пашаны,
Кожнае слова вякамі стварана.
І на вякі яно жыць застанецца,
Вечнае так, як народнае сэрца. У. Дубоўка
| З легендаў і казак былых пакаленняў, З калосся цяжкога жытоў і пшаніц, З сузор’яў і сонечных цёплых праменняў, З грымучага ззяння бурлівых крыніц, З птушынага шчэбету, шуму дубровы, I з гора, і з радасці, і з усяго Таго, што лягло назаўсёды ў аснову Святыні народа, бяссмерця яго,— Ты выткана, дзіўная родная мова. Максім Танк Мы прыйшлі ў кнігарню з мамай. На паліцах — безліч кніг! Тоўстых, тонкіх — розных самых, Цэлы свет — у кніжках тых! — Я куплю табе во гэту... Гэту й гэту варта ўзяць... Ты пра ўсе краіны свету З гэтых кніжак будзеш знаць. Пра Аўстралію, Аляску, Чылі, Індыю, Кітай. Пра Еўфрат во нават казка... Толькі, сын, бяры чытай. — О, як добра! Дзякуй, мама! Я пра іх чытаць люблю. Толькі б знаць хацеў таксама Я й пра нашую зямлю. Пра яе лясы і рэкі, Пра забытыя гады, Пра той шлях з вараг у грэкі I пра казкі-гарады. I яшчэ — за што, няйначай, Буду ўдзячны я ўдвайне — Ты купі на мове нашай, Беларускай, кніжку мне. То ж айчыны нашай мова, Мова прадзедаў, бацькоў. У той мове што ні слова — Дыямент жывы вякоў. Ці паляк, ці грэк, ці швед там Мова ў кожнага свая. Як усе, хацеў бы ведаць Мову родную і я. За яе, за край наш любы У бітвах гінулі дзяды. I яе ў баях ад згубы Адстаялі назаўжды. Невук — хто яе не цэніць. Ці ж магу я здраджваць ёй: Я ж не нейкі адшчапенец, Я ж не нейкі чужаземец На святой зямлі сваёй. К. Цвірка |
Вядучы: Сёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі:
У нас сваiх хапае слоў
Крамяных, росных, васiльковых
Ад мурагоў i ад лясоў,
Ад светлых высяў жаўруковых.
У нас хапае слоў сваiх
(Іх пазычаць няма патрэбы)
Ад чыстых даляў веснавых,
Ад глыбiнi улетку неба.
Сваiх хапае слоў у нас
Суровых, мужных, як яднанне,
Яны гучаць у грозны час
I заклiкаюць на змаганне.
У нас хапае слоў такiх
Чысцюткiх, ядраных, як ранне.
Яны выказваюць услых
Пяшчоту, ласку i каханне.
Хапае слоў i гаманкiх,
I мяккiх, як у лузе травы,
І, чуйна слухаючы іх,
Запамінай не для забавы.
У нас хапае рэдкiх слоў,
I палюбi ты iх бязмежна.
Яны ад чысцінi снягоў
I ад пялёсткаў беласнежных.
Яны ўвабралi звон крынiц,
Шум лесу i дыханне ночы...
Ад лiўняў i ад навальнiц –
Грымяць, iскрацца i шапочуць.
Журыцца ўмеюць i звiнець,
Спяваць у шумным карагодзе.
Iх трэба сэрцам разумець
І ўмець знаходзіць у народзе.
Юрась Свірка
Інтэрактыўная гульня па прыказках
Вядучы: Крынічнымі словамі, залацінкамі мудрасці называюць прыказкі. З іх джапамогай мы засвойваем і перадаём нашчадкам духоўныя скарбы народа. У іх думкі цэлых пакаленняў, якія перадавалі адно аднаму сваю філасофію, вопыт, паэзію, моўнае майстэрства.
Не заўсёды світае, як певень спявае.
Над пешым арлом і варона з калом.
Рана загоіцца, а злое слова ніколі.
Слова, як птушка: выпусціў – не вернеш.
Добрае слова і кату прыемнае.
Выкладчык: З прапанаваных слоў скласці прыказку, словы на асобных лістах, кожная прыказка ў канверце.
Лепш адзін прыяцель, як дзесяць ворагаў.
Не той лепшы, хто бяжыць за стол першы.
Кулік куліка бачыць здаляка.
У людзей пытай, а свой розум май.
Дома і салома ядома, а на чужыне і гарачы тук стыне.
Лёгка пасварыцца, цяжэй памірыцца.
Урывак з беларускай народнай казкі
Вядучы: Паслухайце адну гісторыю. Ці то полем, ці то лесам ішлі тры падарожнікі. Ішлі яны тры дні і тры ночы ды яшчэ паўдня. Прытаміліся. Прыселі. Раптам чуюць — спявае нехта.
Прыслухаўся першы:
Відаць, жаўранак.
Не, — кажа другі, — гэта лес шуміць.
А трэці прыпаў вухам да зямлі і прашаптаў:
— Ды гэта ж зямля наша спявае.
Вось якая яна, наша зямля беларуская. Таму ў нас і песні, такія прыгожыя.
Вядучы: Наша мова багатая не толькі на самабытныя словы, услухайцеся ў вітальныя звароты, якія мы чуем і прамаўляем кожны дзень.
Добра, калі ты змалку
Увечары пры сустрэчы
Можаш вітаць людзей.
Знаёмым сказаць: “Добры вечар!”
Раніцай: “Добрага ранку!”
А соннаму сонейку нанач
І апаўдня: “Добры дзень!”
І ўсім добрым людзям: “Дабранач!” В. Вітка
У любімай мове, роднай, наскай,
Ах якія словы: “Калі ласка!..”
Як звіняць яны сардэчнаю струною,
Праз усё жыццё ідуць са мною. П. Броўка
Вядучы: А якія шчырыя нашы вершы пра каханне:
Як я жыў без цябе?
I не ведаў, што недзе на свеце,
За глухімі лясамі,
За сотнямі ўзгоркаў і меж,
Не на дальнім сузор'і,
А ў нас на планеце
Ты ў зялёным і ціхім
Завулку жывеш.
Як я жыў без цябе?
А маглі ж не сустрэцца ніколі,
За паўкроку адно
Аднаго абмінуць,
Разысціся,
Як сцежкі расходзяцца ў полі,
I не знаў бы,
За страту каго папракнуць.
Мабыць, трэба было
Праваліцца ў пекла,
Траціць блізкіх,
Пакутаваць, мерзнуць, гарэць,
Ратавацца,
Каб лютая сцюжа не ссекла,
Каб цябе
Пад Палярнаю зоркай
Сустрэць,
I пазнаць,
I адразу забыцца аб крыўдзе,
Каб убачыць праменьчыкі
У зрэнках тваіх,
Нарадзіцца ізноў
I паверыць, што прыйдзе
I збавенне, і шчасце
Адно на дваіх;
Падабрэць, памякчэць,
Назаўсёды скарыцца
Непадкупнай
Суровай тваёй чысціні,
Каб істоты тваёй адкрываць
Таямніцы,
Каб душу гартаваць
На высокім агні.
Час ляціць і ляціць,
Завіруха завеяла скроні,
Пакідаюць насечкі
Гады на ілбе.
Я гляжу на цябе,
Я дзіўлюся і сёння,
Чым я жыў без цябе,
Як я жыў без цябе?
Сяргей Грахоўскі
Вядучы: Родная мова шмат не патрабуе. А калі ўжо назваў яе роднай, калі лічыш яе такой для сябе – павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак. Ці хоць часам пра яе думаць. Калі хоць палова з тых, якія падчас апошняга перпапісу назвалі роднай мовай беларускую, падумае аб яе лёсе – значыць, не ўсё яшчэ страчана.
Вядучы: Калі ты чуеш яе – ці то сучасную літаратурную, ці змешаную “трасянку”, або мясцовую дыялектную – ведай, што гэта ўсё яна – наша беларуская мова. Не адварочвайся, а прымі яе, бо яе месца ў тваёй краіне. І не падчарка яна тут, а паказвае на спрадвечнасць беларусаў на сваёй зямлі. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнана як роўная сярод іншых моў свету.
Дала мне маці гэту мову...
Дала мне маці гэту мову,
Каб не нямым прыйшоў у свет,
Дала мне маці гэту мову,
Як спадчыну і запавет
Была яна не беларучкай
І на жніве, і на сяўбе;
На глебе добрай беларускай
Здабыты словы ўсе яе.
Прапахлі сонцам і падзолам,
Дажджамі, сокамі раслін,
Пад знак рукам яе мазольным,
Што мелі толькі ў сне спачын.
Дачка мая! У жыццёвай прозе
У буднях і святочным днём
Не пакідай яе ў прозе,
Калі ў нечы ўвойдзеш дом.
А. Нечай
Выкладчык: Верш Г. Бураўкіна «Ну што, Беларусь, у цябе за сыны?»
Ну што, Беларусь, у цябе за сыны?
Хто быў паштаром,
Плугаром.
Ці падпаскам,
Як толькі праб’ецца хоць трохі ў чыны,
Забыць цябе лічыць сваім абавязкам.
Ад хлева вясковага вернуць лычы,
Хоць бацькава сала ядуць як зазвычай
I матчыну мову гатовы лічыць
I — беднай,
I — хамскай,
I проста — мужычай. —
Не лезе ў вушы ім даўні назоў,
Псуецца настрой ад бабуліных строяў.
Зусім ім не трэба
Ні нашых князёў,
Ні нашых прарокаў,
Ні нашых герояў.
Хоць ты з іх і крыжык нацельны здымі,
Ніхто перад крыўдай тваёй не заплача...
Ну што тут паробіш —
У кожнай сям’і
I з сынам часамі бывае няўдача.
Ну што ж,
Калі нехта гатоў і чалму
Надзець,
Каб на месцы сваім утрымацца,
Адно толькі сэрца сціскае:
Чаму,
Чаму іх так многа ў цябе,
Мая Маці?..
Заключнае слова выкладчыка “10 запаведзяў”
Мову родную беражы.
Мовай роднаю даражы.
Мову родную шануй.
Мовай роднай не гандлюй.
Мову родную любі.
Мовы роднай не кідай.
Мову дзецям перадай.
Мовы не аддай на здзек.
Толькі з ёю жыцця век.
Віктар Швед
Гучыць песня “Малітва” ў выкананні ансамбля “Песняры” (аўдыёзапіс).