СДЕЛАЙТЕ СВОИ УРОКИ ЕЩЁ ЭФФЕКТИВНЕЕ, А ЖИЗНЬ СВОБОДНЕЕ

Благодаря готовым учебным материалам для работы в классе и дистанционно

Скидки до 50 % на комплекты
только до

Готовые ключевые этапы урока всегда будут у вас под рукой

Организационный момент

Проверка знаний

Объяснение материала

Закрепление изученного

Итоги урока

Гісторыя майго роду

Категория: Всем учителям

Нажмите, чтобы узнать подробности

Исследование родословной учащейся 10 класса Соренковой Евгении. в работе представлены родословное древо, фотореликвии рода

Просмотр содержимого документа
«Гісторыя майго роду»

Дзяржаўная ўстанова адукацыі

“Багушэвіцкі навучальна-педагагічны комплекс

дзіцячы сад – сярэдняя школа”






РЭСПУБЛІКАНСКІ КОНКУРС

“МОЙ РОД, МАЯ СЯМ’Я”




АДКУЛЬ МОЙ РОД?





Аўтар работы:

Саранкова Яўгенія Уладзіміраўна, 10 клас

Кіраўнік:

Несцярэнка Ала Дзмітрыеўна,

настаўнік пачатковых класаў

кантактныя тэлефоны: (01715) 48199

МТС +375336342448





Я – дзіцятка зямлі маёй белай,

Плоць ад плоці, душа ад душы.

Звонкай песняй, крывёю збалелай

Тут мой лёс Усявышні вяршыць.

Н. Салодкая

Адкуль наш род? Дзе бярэ пачатак мая сям’я? Якім чынам пазнаёміліся мае бацькі? Гэтыя і іншыя пытанні цікавілі мяне вельмі даўно. Нарэшце, з’явілася магчымасць даследаваць сваё паходжанне і высветліць гісторыю маёй сям’і. Кожны з нас – частка сямейнага дрэва, яго маладзенькая галінка. А нашы родзічы – гэта яго магутны ствол і карані. Яны з пакалення ў пакаленне перадавалі адзін аднаму свае веды, свой вопыт, выхоўвалі ў дзецях самыя лепшыя, самыя важныя для чалавека рысы. Гэта наша спадчына, якую трэба берагчы і заўсёды быць удзячным за яе сваім продкам.

Памятаць свае карані – наш абавязак перад продкамі, перад гісторыяй сваёй краіны, перад яе будучыняй. Не ведаючы мінулага, не паважаючы яго, нельга рухацца наперад.













Радаслоўнае дрэва нашай сям’і

















Мал.1. Радаслоўнае дрэва сям’і Саранковых – Свірыдовічаў

Радаслоўная маёй сям’і:

Я – Саранкова Яўгенія Уладзіміраўна, нарадзілася 31 сакавіка 2001 г.

Мая сястра – Саранкова Марыя Уладзіміраўна, нарадзілася 27 ліпеня 2008 г.

Мой брат – Саранкоў Аляксей Уладзіміравіч, нарадзіўся 1 красавіка 2010г.

Першае калена

Мой бацька – Саранкоў Уладзімір Дзмітрыевіч, нарадзіўся 3 кастрычніка 1973 г.

Мая маці – Саранкова (Свірыдовіч) Любоў Дзмітрыеўна, нарадзілася 6 чэрвеня 1982 г.

Другое калена

Бацькі таты:

Саранкоў Дзмітрый Мітрафанавіч, 08.11. 1935 г.н..

Саранкова (Лявончыкава) Кацярына Анісімаўна, 27.09.1936 г.н.

Бацькі маці:

Свірыдовіч Дзмітрый Яўгенавіч, 12.06. 1956 г.н..

Свірыдовіч (Няхай) Вольга Адамаўна, 26.02 1957 г.н..

Трэцяе калена

Дзядулі і бабулі бацькі (мае прадзеды і прабабкі):

Саранкоў Мітрафан Васільевіч, 1915 г.н., Саранкова (Маслакова) Аксіння Якаўлеўна, 1913 г.н..

Лявончыкаў (Сувораў) Анісім Іванавіч, 1912 г.н., Лявончыкава (Шыкава) Усціння Яўменаўна, 1912 г.н..

Дзядулі і бабулі маці (мае прадзеды і прабабкі):

Свірыдовіч Яўген Андрээвіч, 1922 г.н., Свірыдовіч Ева Якубаўна, 1923 г.н..

Няхай Адам Аляксеевіч, 1924 г.н., Няхай Аляксандра Антонаўна, 1934 г.н.

Чацвёртае калена

Прадзеды і прабабкі бацькі (мае прапрадзеды і прапрабабкі):

Саранкоў Васіль Іванавіч (каля 1895 г.н.), Саранкова (Капусціна) Фядосся Астапаўна (каля 1897 г.н.).

Шыкаў Яўмен Іванавіч (каля 1890 г.н.), Шыкава Матруна Сцяпанаўна (1896 г.н.).

Прадзеды і прабабкі маці (мае прапрадзеды і прапрабабкі): Свірыдовіч Андрэй Пятровіч (каля 1900 г.н.), Свірыдовіч Хіброня Тарасаўна (1905 г.н.)

Няхай Антон Вікенцьевіч (каля 1900 г.н.), Няхай Лізавета Антонаўна (1901 г.н.).


Нашы сямейныя рэліквіі










Пасведчанне удзельніка партызанскага руху майго прадзеда Свірыдовіча Яўгена Андрэевіча
















Пасведчанне аб узнагароджанні майго прадзеда Свірыдовіча Яўгена Андрэевіча медалём “За ўзяцце Берліна”





Ордэнская кніжка майго прадзеда Свірыдовіча Яўгена Андрэевіча

Дыплом прозвішча Саранковых

Бацькаў род

Мяне завуць Саранкова Яўгенія Уладзіміраўна. Я нарадзілася 31 сакавіка 2001 года ў вёсцы Галоўныя Ляды Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці. У мяне ёсць малодшая сястра Марыя, якая нарадзілася 29 ліпеня 2008 года і брат Аляксей, які нарадзіўся 1 красавіка 2010 года.

Цяпер мы жывём у аграгарадку Багушэвічы. Тут жа я вучуся ў школе ў 10 класе. Мне вельмі падабаецца вучыцца. Я захапляюся камп’ютарам, люблю чытаць, самастойна вывучаю ангельскую мову. Самым любімым маім заняткам з’яўляецца арніталогія. У мяне шмат сяброў, з якімі я ахвотна дзялюся сваімі ведамі, захапленнямі і ўменнямі.

Гісторыя маёго роду неадрыўна звязана з лёсам і гісторыяй нашай краіны. Усе значныя і трагічныя падзеі адгукнуліся на маіх родзічах. Нават бацька з маці пазнаёміліся ў выніку страшэннай катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі.

Мой бацька, Саранкоў Уладзімір Дзмітрыевіч, нарадзіўся 3 кастрычніка 1973 года ў вёсцы Крывяліцк Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці. Калі адбылася аварыя, ён яшчэ вучыўся ў школе. Але ў 1990 годзе вёска Крывяліцк (разам з многімі іншымі вёскамі) перастала існаваць. Людзей рассялілі, каго куды. Лепшыя дамы разабралі і вывезлі, гаспадарчыя пабудовы разбурылі і зруйнавалі бульдозерамі. Прайшло ўжо больш 30 год з тае падзеі. На месцы вёскі цяпер пустэча, парослая хмызняком. Месца, дзе стаяла дзядулева хата, можна пазнаць толькі па цудам уцалеўшай яблыньцы-дзічцы, якая расла пад акном. Мы кожны год ездзім туды на Радаўніцу, бо могілкі нельга забраць з сабой.

Я гляджу на сваіх родных: бацьку, бабулю з дзедам, цётку. Як мяняецца выраз іх твараў! Яны, як быццам бы маладзеюць, трапляючы ў гэтыя спусцелыя мясціны. Напэўна і я, калі стану дарослай і пачну жыць самастойна дзе-небудзь далёка ад нашай хаты, так жа буду радавацца, трапляючы да яе.

У маі 1990 года мой тата, тады яшчэ 17-гадовы юнак, разам са сваімі бацькамі перабраўся ў Бярэзінскі раён. Тут ён, адслужыўшы ў арміі, працаваў трактарыстам у калгасе “Беларусь” (цяпер ААТ “Багушэвічы”). Так ён і пазнаёміўся з маёй маці, Свірыдовіч Любоўю Дзмітрыеўнай, якая працавала поварам у калгаснай сталовай і развозіла абеды на палі ў час пасяўной і ўборачнай.

Мама нарадзілася 6 чэрвеня 1982 года. Скончыла школу і засталася працаваць у роднай вёсцы. Так бацькі і пажаніліся. Спачатку жылі ў Галоўных Лядах, дзе я і нарадзілася, потым набылі дом у Багушэвічах. У гэтым доме ўжо нарадзіліся сястра Маша і брацік Алёшка. Мама зараз загадвае магазінам, а тата шчыруе вадзіцелем у ААТ ”Багушэвічы”.

Але я не ўяўляю сабе нашу сям’ю без бабуляў і дзядуляў, без маіх цётак і стрыечных братоў і сясцёр.

Асабліва я люблю бацькоў майго таты і яго сясцёр. Напэўна таму, што я гадавалася ў іх на вачах, яны мяне песцяць і таксама вельмі любяць.

Старэйшая татава сястра, Несцярэнка Ала Дзмітрыеўна, працуе настаўніцай пачатковых класаў у нашай школе і дапамагае мне складаць гэты радавод.

Другая сястра, Бялосава Таццяна Дзмітрыеўна, жыве ў Расіі і прыязджае да нас толькі летам.

Я вельмі люблю слухаць гісторыі маёй бабулі. Менавіта яна з’яўляецца захавальніцай нашых сямейных традыцый. Дзякуючы ей, я цяпер ведаю сваіх прапрадзедаў і прапрабабак па бацькоўскай лініі.

Бабуля, Саранкова (Лявончыкава) Кацярына Анісімаўна, нарадзілася на хрысціянскае свята Уздзвіжанне Крыжа Гасподня, 27 верасня 1936 года ў невялічкім пасёлку Ленінскае Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці.

Апісваць яе жыццёвы шлях лепш пачну з яе бабулі, маёй прапрабабулі Шыкавай Матруны Сцяпанаўны. Пра яе бацькоў нічога не вядома, бо яна рана засталася сіратой і нанімалася ў работніцы да багатых людзей. Нарадзілася яна прыблізна ў 1890 годзе ў вёсцы Кульшычы Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці. У 15-гадовым узросце трапіла найміткай да заможнага селяніна Шыкава Івана Трафімавіча. Па бабуліных аповедах была Матруна прыгажуняй на ўсю ваколіцу. Асабліва прыцягвалі ўвагу яе каштанавыя валасы. Бабуля расказвала: “Бабка садзілася на ўслончык, а валасы клала на калені, потым збірала іх у кулак і расчэсвала знізу. Я заўсёды прасілася дапамагаць іх падтрымліваць, пакуль бабуля часала іх зверху. Такіх прыгожых валасоў я не бачыла больш нідзе”

А якой яна была працаўніцай! Бульбу садзіць паспявала адна за двума коньмі. А гаспадар падганяў і прыгаворваў: “Шлёгай, мая дзеванька, шлёгай!”, што, напэўна, азначала, паспяшай.

Апрануць не было чаго: адзіную спадніцу тыдзень насіла налева, а ў нядзелю пераварочвала на правы бок і ішла ў царкву. Аднойчы па дарозе ў царкву яе прыкмеціў багаты шахцёр. Ён ехаў у сваім уласным вазку, запрэжаным паркай коней. Размаўляць з ім Матруна не стала, бо была вельмі цнатлівай. Але той аказаўся настойлівым і пайшоў прасіць дазволу на шлюб у яе гаспадара, на што стары Шык (так звалі ў вёсцы Івана Трафімавіча) адказаў: “Не для таго я расціў гэту дзяўчыну, каб аддаць яе першаму сустрэчнаму! Такія працаўніцы патрэбны самому!” І хуценька выдаў яе замуж за свайго малодшага сына. Пачалі жыць адной вялікай сям’ёй.

Свёкар любіў і паважаў сваю малодшую нявестку за працавітасць, пакладзісты характар і прыгажосць.

Хочацца расказаць яшчэ адну гісторыю, звязаную з гэтай сям’ёй, бо яна апошняя ў ліку шчаслівых.

Свёкру данеслі, што адна з яго нявестак замест таго, каб старанна жаць, толькі прыхарошваецца ды пазірае на шлях, дзе хто едзе або ідзе. Тады той і кажа за вячэрай: “Ну, дзеўкі, хто заўтра больш налічыць падарожных, таму сінюю сукенку падарую!” Вечарам за сталом сабралася ўся сям’я, і дзед Шык пачаў распытваць, хто ішоў па дарозе, хто ехаў, на што нявесткі прамаўчалі, адказаўшы, што ім не было калі назіраць. Толькі адна пачала весела расказваць, што яна бачыла, што чула за дзень. Расказаўшы ўсё, запыталася пра ўгавор ды пра сінюю спадніцу. Дзед узяў яе за руку, падвёў да сцяны, дзе вісела яго папружка, і так адхадзіў па таму месцу, на якім сядзяць, што ўсім стала зразумела, пра якую сінюю спадніцу казаў стары.

Матруна і Яўмен нарадзілі двух дачок: Хадору (1907 года нараджэння) і Усцінню (1910 года нараджэння), абзавяліся ўласнай гаспадаркай. І ўсё было б добра, калі б не рэвалюцыя. Пачаліся ганенні на сялян. Страшная доля не прамінула і Шыкавых. Старога забралі разам са старэйшымі сынамі. Хто ўцёк па дарозе і баяўся вярнуцца ў родную вёску, каго забілі. Яўмену ўдалося выбрацца ў Магілёў і атрымаць пашпарт. Вярнуцца да сям’і ён так і не змог. Працаваў у горадзе, пасылаў сям’і невялікія грошы і гасцінцы, самааддана любіў унукаў, асабліва маю бабулю, адзіную ўнучку.

А Матруна перабралася ў маленькую лазню, дзе можна было паставіць толькі стол і лаўку. Спала на палацях. Бабуля Каця, якой тады было трохі больш за два гады, памятае, як аднойчы, калі яна наведалася да бабулі Матруны, наехалі “асабісты”. Яны ўвайшлі ў лазню, у якой не было дзе развярнуцца, абражвалі яе, называючы жонкай ворага, пагражалі Сібір’ю. Да гэтага часу бабуля халадзее, успамінаючы пра гэты выпадак.

У старэйшай Матрунінай дачкі сваіх дзяцей не было, бо муж яе згінуў недзе, ратуючыся ад ссылкі. А малодшая выйшла замуж у вялікую сям’ю Суворавых. Стары Іван меў пяцёра сыноў і дзве дачкі, а таксама невялічкі млын, з-за якога іх і раскулачылі. Малодшы Ілля, муж Усцінні, няўдала пажартаваў пра калгасы: “Калгас будзе, працаваць будзем тры дні на шапку”. Сусед данёс, ноччу яго забралі і забілі. Усціння вярнулася да маці. Там знаёмая яўрэйка прапанавала ёй паехаць у Ленінград у нянькі да заможных яўрэяў. Гаспадар там быў лётчыкам, а гаспадыня працавала ў школе. У іх быў адзіны сын, якога і патрэбна было даглядаць. Жылося там добра, але вясковая дзяўчына страшна баялася вялікага горада, баялася, што малы калі-небудзь выскачыць і трапіць пад колы машыны або трамвая. Усціння пачала прасіцца дамоў. А ў гэты час у старэйшага брата яе пакойнага мужа памерла пры родах жонка і пакінула яму пяцёра дзяцей. Усціння па просьбе Анісіма прыходзіла даглядаць малых, а потым так і засталася ім за маці. І трэба сказаць, што паважалі яны яе ўсё жыццё і ласкава называлі мамачкай. У жывых зараз застаўся толькі адзін, малодшы Аляксей.

Былі ў Суворавых Анісіма Іванавіча і Усцінні Яўменаўны і агульныя дзеці: мая бабуля Каця, яе браты Мікалай і Іван. Адзін зараз жыве ў Магілёве, да пенсіі працаваў лётчыкам, а другі жыве ў Бабруйску, быўшы механізатар.

Пра гісторыю знакамітага прозвішча майго прадзеда таксама хадзіла байка. Па Кацярынінскім тракце, які пралягаў праз Слаўгарадскі (у той час Прапойск) раён праязджаў знакаміты палкаводзец Аляксандр Васільевіч Сувораў. Мясціны гэтыя яму спадабаліся, і ён набыў маёнтак. Так і пайшлі тут Суворавы. Дакументальных пацверджанняў гэтаму няма, але гісторыя захавалася. Магчыма, род наш паходзіць ад знакамітага князя.

Толькі вось прозвішча гэта Анісім страціў вельмі недарэчна.

Няграматны ён быў, дакументаў ніякіх сялянам тады не выдавалі, ды і навошта яны былі патрэбны? А тут пачалася вайна. Прызвалі яго служыць. Пытаюць прозвішча, а ён чухае патыліцу і маўчыць, баіцца сказаць прозвішча рэпрэсіраваных родзічаў. Тады нехта з аднавяскоўцаў сказаў: ”Лявончыкаў ён, Аніс Іванавіч!” Так і запісалі. А Лявончыкамі іх звалі па дзеду. Стары ўмеў добра лячыць, вось і звалі яго ласкава: не Лявон, а Лявончык. Так і пайшла ў нашым родзе галінка Лявончыкаў.

Прадзед загінуў у першыя дні вайны пры абароне Магілёва. Баі тады ішлі па ўсім Быхаве. Казалі, што пасля доўгага адступлення фашыстаў-такі ўдалося спыніць і нават паціснуць крыху назад. Узвод, у якім ваяваў Аніс Іванавіч, як раз і быў у ліку першых. Яны занялі вёску Смаліца, а свае ж іх і накрылі артылерыйскімі снарадамі, думаючы, што на высотцы немцы.

Цяпер мы ездзім у гэту вёску на братскую магілу, памінаем прадзеда.

Прабабка Усціння засталася адна ў гэтыя страшныя часы ліхалецця. Як яны выжывалі тады – асобная гісторыя. Галоўнае, выжылі, спадзяваліся, што пасля вайны будзе лепш. Дачакацца б толькі Перамогі. Перамога прыйшла, а доля шчаслівейшая недзе заблукала. У калгасе працавалі за працадні. Ды і тое, што зараблялі, адбіралі дзяржаве. Зноў недаядалі, не было чаго апрануць, каб хадзіць у школу, таму бабуля Каця скончыла толькі тры класы. Рана пачала працаваць. У 1959 годзе выйшла замуж за дзядулю, які таксама ў гэты час ужо паспеў пабачыць гора.

Цяпер крыху пра дзядулеву сям’ю. У адрозненні ад бабулінага кулацкага роду, род дзядулеў быў цалкам бядняцка-сялянскі. У дзядулевага дзеда Васіля было сямёра братоў і сясцёр, і ўсе яны жылі ў вёсцы Крывяліцк Краснапольскага (тады Маластоўскага) раёна. Прозвішча і імя яго жонкі не захавалася. Вядома толькі, што звалі яе Капусціха. Дзядуля расказвае пра яе неахвотна, бо не любіла яна дзяцей свайго сына Мітрафана, больш любіла дзетак дачок. Толькі адна гісторыя пераходзіць з пакалення ў пакаленне. Муж яе быў вельмі старанным і добрым чалавекам, а паколькі два добрых чалавекі ў адной сям’і – гэта занадта, то Капусціха яго была гультаяватай кабетай, якая ўвесь час вадзіла мужа за нос і трымала пад абцасам.

Васіль цярпліва зносіў кпіны і здзекі і верыў жонцы. Аднойчы ў час сенакосу Капусціха раптоўна захварэла. Гэта так яна паказалася мужу. На самай справе была здаравей усіх здаровых. Вяртаецца мужык з поля, а жонка ледзьве дыхае. Спалохаўся ён, доктара клікаць далёка, ды і плаціць яму няма чым, вось ён і пытае: “Чым жа табе дапамагчы, родненькая?” А яна, не будзь то Капусціха, і кажа: “Прывідзелася мне, што павінен ты пайсці да лужы і запытаць, калі я буду дужа і ці выжыву наогул”. Дурны Васіль так і зрабіў, пайшоў да лужыны, так называлася невялікая копанка, у канцы вёскі, прысеў на кукішкі і на поўным сур’ёзе пытае:

- Лужа, лужа, ці будзе мая жонка дужа?

А жонка тым часам агародамі патрапіла да сажалкі раней і схавалася за бярозкай. І бедны муж атрымаў такі адказ:

- Калі б тваёй жонцы ды другога мужа, дык і была б яна дужа!

Невядома, які фінал гэтай гісторыі, але дажылі яны свой век разам і пахаваны побач на Крывяліцкіх могілках.

Мой прадзед Мітрафан, малодшы сын Васіля і Капусціхі, лічыўся зусім незавідным жаніхом па той прычыне, што не было ў яго ніякай спадчыны. Заляцаўся ён да такой жа беднай суседкі Хімкі, але яна адказала: “Занадта нізкія акенцы ў тваёй хацінцы, каб быць са мною ў палавінцы!” Вось і жаніўся ён на жанчыне з дзіцем, Маслаковай Аксінні Якаўлеўне. Яна пасвіла калгасных коней, а ён цяслярыў. У тыя страшэнныя 30-я гады паўсюдна ў калгасах былі неўраджаі. Пачаўся голад. Людзі пачалі кідаць наседжаныя месцы і шукаць паратунку ад галоднай смерці. Падаліся на Украіну і Мітрафан з Аксінняй. Гэта цяпер мы ведаем, што там голад падкасіў людзей больш, чым дзе, а продкі мае гэтага не ведалі. Маленькая Наста, дачка Аксінні, там і памерла. А самі яны ледзьве дабраліся назад.

Мітрафанава сястра Полька падалася ў Туркменію. Там і засталася. Сувязь з імі мы страцілі, і не ведаем, ці ёсць хто з іх жывы.

У 1935 годзе, 8 лістапада, нарадзіўся мой дзядуля, Саранкоў Дзмітрый Мітрафанавіч. Назвалі яго так, бо супала яго нараджэнне са Змітраўкай (час перад Піліпаўкай). А пасля яго нарадзіліся яшчэ Ніна, Пятрок, Міхась, Аляксандра, Іван, Уладзімір. Усе яны засталіся жыць ва Украіне, куды паехалі ўжо пасля вайны на заробкі. Пасяліліся ў Кіраваградскай вобласці, Ануфрыеўскім раёне.

У вайну Мітрафана прызвалі ў армію. Ён трапіў у Вязьму. Яны абаранялі склад з боепрыпасамі. Нашы часці адступілі далёка, а невялічкі атрад прыкрыцця трапіў у палон. Гналі іх на захад разам з іншымі палоннымі чырвонаармейцамі. Па дарозе Мітрафану ўдалося ўцячы. Пешшу ён дабраўся да роднай вёскі. Больш не ваяваў, але дапамагаў партызанам, якія размясціліся ў вялікіх сожскіх лясах.

Дзядулю ў час вайны было 7 гадоў, але геройскіх подзвігаў хапала і на яго лёс. Разам з сябрамі яны перакусвалі кусачкамі тэлефонную лінію немцаў, раскручвалі іх веласіпеды, за што іх аднойчы ледзьве не забілі каванымі абцасамі.

Баёў вялікіх каля Крывяліцку не было. Немцы з’явіліся ў вёсцы толькі пры наступленні, адступалі іншымі шляхамі. Таму пасля вайны даволі хутка адрадзілі калгас, дзе дзядуля Дзмітрый адразу пачаў працаваць.

Потым у 14-гадовым узросце паехаў з бацькоўскай хаты на торфараспрацоўкі пад Оршу. У мароз і слякоту ў гумавых ботах па пояс у гразі. Таму з юнацтва хварэе на радыкуліт.

Пазнаёміўся ён з бабуляй Кацяй, дзякуючы сваёй цётцы Кацячцы, якая жыла ў Слаўгарадзе і была знаёмая з сям’ёй Лявончыкаў.

Бабуля не хацела выходзіць замуж за маўклівага, нетаропкага хлапца. Былі ў яе жаніхі з гармонікамі, веселуны і гаваруны. А тут ідуць побач 25 км і маўчаць. Яна пытае:

- Куды ты ідзеш?

А ён адказвае:

- Куды ты, туды і я!

Так моўчкі і прыйшлі да бабулінай хаціны. Кацярына ўскочыла ў хату і пачала прасіць старэйшых братоў разабрацца з надакучлівым кавалерам. Васіль і Яфім выйшлі на разборкі. Аб чым гаварылі, невядома. Але вяселле назначылі на 25 сакавіка. Са Слаўгарада ў Крывяліцк ішлі пешшу (20 км) па адталым ужо Сажы. Дружка нявесты ўвесь час малілася, каму ж застануцца яе курачкі, калі яны патонуць. У вёску прыйшлі ўжо ў дзевяць гадзін вечара. Вяскоўцы спалі. Святло не гарэла. Зайшлі ў вёску, запелі на ўсю моц. Памалу пачалі ўспыхваць вокны. Зайшлі ў стопку, пераапрануліся ў святочнае і прыйшлі ў хату да Саранковых. Справілі вяселле.

Кацярына, увішная прыгажуня, стала любімай нявесткай у мнагадзетнай сям’і Мітрафана. Ды і Дзмітрый быў майстра на ўсе рукі. Зрабіў хату на цётчыным дворышчы. Ды нешта не зраслося, паехалі ў Магілёў. Ён працаваў шафёрам на будаўніцтве, а яна прыбіральшчыцай. Зноў пабудавалі дом. Дзядуля завіхаўся адзін. Сілы быў вялікай. У новай хаце нарадзіліся дочкі Ала і Таццяна. Ды жыць было цяжка. Грошай, што зараблялі, не хапала. Нават гаспадарка, якую трымалі ў горадзе, не выратоўвала. Зноўку вярнуліся ў Крывяліцк. І трэці дом пабудаваў Дзмітрый. У гэтым доме нарадзіўся мой бацька Уладзімір. Спадзяваліся, што тут пражывуць астатак жыцця, ды вось Чарнобыль зноў зрушыў з месца. Так і трапілі да нас на Бярэзіншчыну, куды крыху раней пераехала дачка Ала са сваёй сям’ёй. Калгас даў кватэру, дзе бабуля з дзядулем жывуць і зараз. Я іх вельмі люблю, імкнуся бываць як мага часцей. Спадзяюся, што будуць яны жыць яшчэ доўга.

Род маёй маці

Цяпер настаў час расказаць пра сям’ю маёй маці. Нарадзілася яна ў вёсцы Багушэвічы, куды бацька з маці пераехалі з Гануты, купіўшы дом каля сельскага магазіна. Бабуля, мама маёй маці, Свірыдовіч (Няхай) Вольга Адамаўна уладкавалася працаваць цялятніцай ў калгас “Чырвоная Беларусь”. Працавала старанна, з ахвотай і маладым задорам, таму неаднаразова станавілася пераможцай розных спаборніцтваў у раёне, аб чым шмат пісала ў той час раённая газета “Сцяг Леніна”. Зараз бабуля не працуе, але без працы сядзець не можа. Завяла вялікую гаспадарку: восем кароў, в’етнамскіх свіней і іншую дробную жыўнасць. Для даення кароў набыла спецыяльны даільны апарат. Абсталявала для сваіх буронак сапраўдны комплекс, як у самых заможных гаспадарках. А бачылі б вы, колькі ў яе кветак! Вочы разбягаюцца ад такой прыгажосці. Бабуля мая не толькі здатная гаспадыня, але і артыстка цудоўная. Яе дом заўсёды рады гасцям. Наогул, невялічкая Калюга, у якой яны зараз жывуць, - гэта вёсачка, дзе яшчэ захаваліся традыцыі беларускай талакі. Яе жыхары разам у працы і адпачынку, у горы і радасці.

А дзядуля, мамін бацька, Свірыдовіч Дзмітрый Яўгенавіч, працуе шафёрам. Таксама заўсёды на добрым ліку ў калгасе. Вельмі любіць і песціць нас, унукаў. У яго зараз другая сям’я, але я ведаю, што заўсёды магу спадзявацца на яго падтрымку і дапамогу. Жыве ён у вёсцы Матылянка, таксама трымае шматлікую гаспадарку. Заўсёды памяркоўны і нетаропкі.

Лёс маіх прадзедаў і прабабак па лініі маці выдаўся цяжкі і, між тым, гераічны, бо выпаў на часы ваенных выпрабаванняў.

Бацьку дзядулі, Свірыдовічу Яўгену Андрэевічу, 1923 года нараджэння, у пачатку вайны было 17 год. У 20-гадовым узросце ён ужо ваяваў у партызанскім атрадзе імя Гастэлы партызанскай брыгады “Чырвоны сцяг” Чэрвеньскага раёна. 15 ліпеня 1944 года партызанская брыгада сустрэлася з часцямі Савецкай Арміі. Бярэзіншчына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А прадзед мой пайшоў ваяваць далей. З баямі, кожную хвіліну рызыкуючы сваім жыццём, ён дайшоў да Берліна. У апошнія дні вайны быў цяжка паранены. Вярнуўся на Радзіму толькі ў 1946 годзе, дзе яго лічылі прапаўшым без вестак. А ён, цяжка паранены, качаваў з аднаго шпіталя ў другі. Апошнім прытулкам быў шпіталь дзесьці ў Польшчы. Медаль “За ўзяцце Берліна” знайшоў яго толькі ў 1947 годзе. Узнагароджаны ён таксама ордэнам “Чырвонай Зоркі” і ордэнам Айчыннай вайны.

Шмат узнагарод у майго прадзеда, але самым вялікім напамінкам аб тых гераічных, крывапралітных гадах з’яўляюцца кулі, якія так і засталіся ў яго целе назаўсёды.

Пасля вайны ён вярнуўся ў родную вёску Ганута Чэрвеньскага раёна, дзе яго чакала маці, Хіброня Тарасаўна, 1898 года нараджэння. Мужа свайго, Андрэя Антонавіча, яна так і не дачакалася. Так і жыла ўдавой. Ды ці ж мала іх было, удоў, пасля такой жудаснай вайны!

А прадзед ажаніўся на 20-цігадовай Еве, дачцэ Косак Агаф’і Якаўлеўны і Якуба Міхайлавіча (таксама не вярнуўся з вайны). Ева працавала ў сельскім магазіне, які знаходзіўся недалёка ад іх хаты. Нарадзіліся дзеці. Старэйшая дачка Галіна скончыла інстытут і ўвесь час працавала настаўніцай замежных моў у Высакагорскай сярэдняй школе Бярэзінскага раёна. Сярэдні – мой дзядуля Дзмітрый. А малодшы Міхаіл жыве з сям’ёй і Мінску.

Прадзед і прабабка пахаронены ў Гануце Чэрвеньскага раёна.

Другая мая прабабка, Няхай Аляксандра Антонаўна, 1917 года нараджэння. Выгадавала семярых дзяцей. Нарадзілася яна ў вёсцы Чырвоны Будкаў Бярэзінскага раёна. Бацька Антон Антонавіч і маці Лізавета Антонаўна Нехаі мелі моцную ўласную гаспадарку, таму, зразумела, ні ў якім выпадку не хацелі ўступаць у калгас. Іх папярэджвалі аб раскулачванні і высяленні, але ніякія прымусы не дзейнічалі. Аднаго разу да іх прыехалі з пастановай аб высяленні. Выратавала толькі тое, што у хаце было васьмёра дзяцей мал мала меней ды ў сваёй гаспадарцы яны не выкарыстоўвалі наёмнай працы. Перад вайной Антон і Лізавета выдалі сваю дачку замуж за Мірановіча Міхаіла Фёдаравіча. Нарадзіўся сын Фёдар. А зяць пайшоў на фронт. Загінуў ён на Ладажскім возеры пад Ленінградам. Быў шафёрам трохтонкі, перавозіў грузы і параненых па дарозе жыцця. Нямецкі снарад трапіў прама пад колы машыны, і яна пайшла пад лёд.

Другі раз мая прабабка выйшла замуж ужо пасля вайны за майго прадзеда Нехая Адама Аляксеевіча, які ў той час ужо быў удаўцом з чатырма дзецьмі. Жонка яго захварэла на сухоты і памерла.

Адам Аляксеевіч таксама ваяваў. Быў палітруком у Брэсцкай крэпасці. Пасля рэшткі застаўшыхся ў жывых гераічных абаронцаў пачалі з баямі прабівацца на ўсход да сваіх. Але лінія фронта была ўжо вельмі далёка. Таму арганізавалі партызанскі атрад імя Караля. Дзейнасць гэтага атрада апісана ў кнізе “Памяць” Бярэзінскага раёна. Прадзед быў вельмі адчайны і смелы, але нястрыманы ў паводзінах і ўчынках. Паміж ім і камандзірам атрада ўспыхнула варожасць. Віною гэтаму была прыгажуня-медсястра, у якую закахаліся абодва. Вайна – вайною, а чалавечыя пачуцці нікуды не схаваеш. Ваяваць побач ім стала небяспечна, і прадзед вымушаны быў пайсці з атрада. Спрабаваў стварыць свой атрад, але савецкія войскі ўжо з баямі вызвалялі Бярэзіншчыну.

У гэты час прабабка Аляксандра, якую мы ўсе ласкава завём Люсяй, была ўжо ўдавой з дзіцем на руках. Пайшла рабіць у калгас. Працавала ў паляводстве, цялятніцай і даяркай. Нараўне з мужыкамі адбудоўвала зруйнаваныя хаты. І заўсёды побач з ёю ва ўсіх справах была песня. Менавіта за вясёлы нораў ды за мужчынскую вытрымку і сілу запрыкмеціў яе гераічны партызан. Так і сышліся разам. Перабралася да мужа ў Калюгу. Нарадзіла яшчэ дваіх дзяцей: сына Віктара і дачку Вольгу, маю бабулю. Там і пахавана разам з усёй раднёй.


Я тут жыву – пяю і плачу,

Тут на зямлі сляды мае,

Дабром за добрасць шчыра дзячу,

Люблю, наколькі сіл стае.

Надзея Салодкая

Калі мы з настаўніцай пачалі запісваць і збіраць успаміны маіх родных, я спачатку не вельмі разумела неабходнасць гэтай працы. Але з кожным разам захаплялася ўсё больш. Настаўніца тлумачыла мне гістарычныя падзеі, якія ўпаміналіся ў аповедах маіх родных, мы вывучалі карту Беларусі і іншых краін СНД. Я па-новаму стала ўспрымаць сваіх родзічаў, ганарыцца імі.

Напэўна, многім апісаная мною гісторыя пакажацца даволі звычайнай, падобнай на сотні і тысячы іншых. Але ці не з такіх звычайных гісторый складаецца гісторыя майго краю, маёй Радзімы, нашай Беларусі?

Толькі ведаючы гісторыю свайго роду, можна пранікнёна і шчыра ўсвядоміць лёс краіны, спасцігнуць яе трагічныя і гераічныя старонкі


Скачать

Рекомендуем курсы ПК и ППК для учителей

Вебинар для учителей

Свидетельство об участии БЕСПЛАТНО!