АСАБЛІВАСЦІ АРГАНІЗАЦЫІ АДУКАЦЫЙНАГА ПРАЦЭСУ ПРЫ ВЫВУЧЭННІ ВУЧЭБНАГА ПРАДМЕТА
«МУЗЫКА»
Асноўнай мэтай вывучэння вучэбнага прадмета «Музыка» з’яўляецца фарміраванне ў вучняў музычнай культуры як часткі іх агульнай духоўнай культуры.
Важнейшымі задачамі вывучэння вучэбнага прадмета з’яўляюцца:
асваенне музычнага мастацтва (авалодванне музычнымі ведамі, уменнямі слухача, выканаўцы і кампазітара);
развіццё музычных і творчых здольнасцей вучняў;
выхаванне любові да музыкі, мастацкага густу;
назапашванне вопыту самастойнай мастацка-творчай дзейнасці.
У 2017/2018 навучальным годзе выкарыстоўваюцца наступныя вучэбныя праграмы:
І-ІІІ класы:
Вучэбныя праграмы для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання і выхавання. Музыка. І-III класы. – Мінск: Нацыянальны інстытут адукацыі, 2017;
Учебные программы для учреждений общего среднего образования с русским языком обучения и воспитания. Музыка. І-III классы. – Минск: Национальный институт образования, 2017;
Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце «Музыка» для III клаcа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання і выхавання // Зборнік вучэбных праграм для 3 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання і выхавання. – Мінск: Нацыянальны інстытут адукацыі, 2017;
Учебная программа по учебному предмету «Музыка» для III класcа учреждений общего среднего образования с русским языком обучения и воспитания // Сборник учебных программ для 3 класса учреждений общего среднего образования с русским языком обучения и воспитания. – Минск: Национальный институт образования, 2017;
IV клас:
Музыка / Вучэбная праграма для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання. І-ІV класы. – Мінск: Нацыянальны інстытут адукацыі, 2012;
Музыка / Учебная программа для учреждений общего среднего образования с русским языком обучения. І-ІV классы. – Минск: Национальный институт образования, 2012.
Вучэбныя праграмы размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: http://www.adu.by / Адукацыйны працэс. 2017/2018 навучальны год / Вучэбныя прадметы. I–IV класы.
У вучэбныя праграмы па вучэбным прадмеце «Музыка» ўнесены наступныя змены:
вызначаны спосабы дзейнасці, патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў па кожнай тэме вучэбнай праграмы;
І клас:
скарэкціравана назва тэмы «Блізкае і далёкае ў музыцы (дынаміка)». У новым варыянце – «Гучнае і ціхае ў музыцы (дынаміка)»;
ІІ клас:
выключаны тэмы «З чаго складаюцца мелодыі», «Сям’я працягласцей», «Пра што расказваюць песня, танец, марш у оперы», «Пра што расказваюць танец, марш у балеце», «Музычнае спаборніцтва», «Песня, танец, марш расказваюць без слоў». Іх змест на азнаямляльным узроўні разглядаецца ў межах іншых тэм;
тэма «Інструменты сімфанічнага аркестра» вывучаецца пасля тэмы «Песня, танец, марш клічуць у падарожжа»;
павялічана колькасць гадзін на вывучэнне тэм «Мелодыя – каралева музыкі», «Рытм – залаты ключык музыкі», «Музычнае падарожжа ў краіну Опера», «Музычнае падарожжа ў краіну Балет», «Музычнае падарожжа ў краіну Канцэрт», «Як сябруюць з музыкай іншыя віды мастацтва»;
ІІІ клас:
выключаны тэмы: «Песеннасць у інструментальнай музыцы», «Танцавальнасць у вакальнай і інструментальнай музыцы», «Маршавасць у вакальнай і інструментальнай музыцы», «З чаго складаецца музычнае маўленне». Іх змест на азнаямляльным узроўні разглядаецца ў межах іншых тэм;
скарэкціравана назва тэм: «Меладычнае развіццё музыкі», «Выканальніцкае развіццё музыкі». У новым варыянце: «Развіццё мелодыі», «Майстэрства выканаўцаў»;
павялічана колькасць гадзін на вывучэнне тэм «Песенны характар музычнага маўлення», «Танцавальны характар музычнага маўлення», «Маршавы характар музычнага маўлення», «Кантрасты і паўторы ў жыцці і музыцы».
Метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі адукацыйнага працэсу ў адпаведнасці з абноўленымі вучэбнымі праграмамі размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: http://www.adu.by / Адукацыйны працэс. 2017/2018 навучальны год / Вучэбныя прадметы. I–IV класы.
Да 2017/2018 навучальнага года выдадзена прыкладнае каляндарна-тэматычнае планаванне па вучэбным прадмеце «Музыка для I-IV классов» (Минск: Национальный институт образования, Аверсэв, 2017). Прыкладнае каляндарна-тэматычнае планаванне размешчана на нацыянальным адукацыйным партале: http://www.adu.by / Адукацыйны працэс. 2017/2018 навучальны год / Вучэбныя прадметы. I–IV класы.
Поўная інфармацыя пра вучэбна-метадычнае забеспячэнне вучэбнага прадмета «Музыка» ў 2017/2018 навучальным годзе размешчана на нацыянальным адукацыйным партале: http://www.adu.by / Адукацыйны працэс. 2017/2018 навучальны год / Вучэбныя прадметы. I–IV класы.
Звяртаем асаблівую ўвагу, што адпаведна з Планам мерапрыемстваў па фарміраванні ў грамадстве культу дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, які зацверджаны Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13.05.2013 №10/91, падчас выкладання вучэбнага прадмета «Музыка» ў вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі неабходна сфарміраваць уменне выконваць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь і правільна паводзіць сябе пры яго афіцыйным выкананні.
Навучанне музыцы ў І-ІV класах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ажыццяўляецца на зместава-ацэначнай аснове (без выстаўлення адзнак).
На працягу навучальнага года настаўнік павінен весці сістэматычны ўлік вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў. Форму і від фіксацыі вынікаў засваення вучнямі ўменняў і навыкаў, прадугледжаных праграмай па вучэбным прадмеце «Музыка», настаўнік вызначае самастойна.
Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх ажыццяўляецца навучанне і выхаванне на І, ІІ і ІІІ ступенях агульнай сярэдняй адукацыі з вывучэннем вучэбных прадметаў, змест якіх накіраваны на развіццё здольнасцей вучняў у галіне асобных відаў мастацтва (базавая школа-каледж мастацтваў, сярэдняя школа-каледж мастацтваў, гімназія-каледж мастацтваў), пасля завяршэння навучання і выхавання на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі разам з абавязковымі выпускнымі экзаменамі вучні здаюць выпускны экзамен па адным з вучэбных прадметаў, змест якіх накіраваны на развіццё здольнасцей у галіне асобных відаў мастацтва.
У іншых установах агульнай сярэдняй адукацыі вучэбныя прадметы, змест якіх накіраваны на развіццё здольнасцей вучняў у галіне асобных відаў мастацтва, могуць вывучацца на факультатыўных занятках у межах максімальнай дапушчальнай вучэбнай нагрузкі на аднаго вучня (дадатак 23).
Для арганізацыі дзейнасці метадычных фарміраванняў настаўнікаў музыкі ў 2017/2018 навучальным годзе прапануецца адзіная тэма «Інтэгратыўнасць, сінтэз мастацтваў і міжпрадметныя сувязі як сродак рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу ў працэсе выкладання вучэбнага прадмета «Музыка».
На жнівеньскіх прадметных секцыях настаўнікаў музыкі рэкамендуецца абмеркаваць наступныя пытанні:
асаблівасці абноўленай вучэбнай праграмы па вучэбным прадмеце «Музыка»;
сістэма работы настаўніка музыкі па абагульненні, апісанні і прадстаўленні вопыту асабістай педагагічнай дзейнасці;
планаванне работы раённых метадычных аб’яднанняў: аналіз вынікаў работы ў 2016/2017 навучальным годзе; планаванне работы раённага метадычнага аб’яднання, творчых груп, школы маладога настаўніка і іншых метадычных фарміраванняў на 2017/2018 навучальны год.
На працягу навучальнага года на пасяджэннях метадычных фарміраванняў настаўнікаў музыкі рэкамендуецца разгледзець наступныя пытанні:
укараненне ў адукацыйны працэс сучасных метадаў, прыёмаў і тэхналогій, якія садзейнічаюць арганізацыі прадуктыўнай дзейнасці вучняў на вучэбных занятках па музыцы;
вопыт правядзення факультатыўных заняткаў па музыцы ў І-ІХ, Х-ХІ класах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі;
інтэграцыя, міжпрадметныя сувязі, сінтэз мастацтваў у выкладанні музыкі як сродак развіцця творчага патэнцыялу вучняў;
сучасны ўрок музыкі: алгарытм падрыхтоўкі, мадэлявання і правядзення ўрока на зместава-ацэначнай аснове;
гарманізацыя вобразнага і лагічнага мыслення вучняў у працэсе творчай дзейнасці на ўроках музыкі;
фарміраванне духоўнай культуры вучняў на вучэбных занятках па музыцы;
асваенне беларускай музычнай культуры, вывучэнне рэгіянальных культурных традыцый у працэсе навучання музыцы;
дыдактычныя магчымасці электронных сродкаў навучання па музыцы;
матывацыя цікавасці да вучэбнага прадмета, пашырэнне і паглыбленне ведаў па музыцы ў шосты школьны дзень.
Падрабязная інфармацыя пра курсавыя і міжкурсавыя мерапрыемствы, рэкамендацыі па змесце і арганізацыі метадычнай работы з настаўнікамі музыкі ў 2017/2018 навучальным годзе будуць размешчаны на сайце Дзяржаўнай установы адукацыі «Акадэмія паслядыпломнай адукацыі» (www.academy.edu.by).