Класіфікацыя пераказаў: навучальныя, кантрольныя, экзаменацыйныя. Пераказ як спосаб фарміравання камунікатыўных уменняў і навыкаў; эфектыўныя прыёмы для аналізу тэксту, вызначэнне тэмы, ідэі, кампазіцыйных і моўных з’яў.
Пераказ
Пераказ – від работы па развіцці маўлення, які фарміруе ўменне дакладна перадаваць змест выказвання, ствараць тэкст на аснове прапанаванага.
Пераказ
- Дапамагае авалодаць маўленчай дзейнасцю на роднай мове;
- садзейнічае выпрацоўцы ўменняў слухаць, чытаць, гаварыць і пісаць;
- вучыць аналізаваць, сінтэзаваць, выдзяляць галоўнае.
Праца над пераказам звязана з фарміраваннем як агульных, так і спецыфічных камунікатыўных уменняў.
Агульныя ўменні:
- уменні, звязаныя з разуменнем зместу;
- логіка-кампазіцыйныя ўменні;
- моўныя ўменні
- уменне правіць тэкст, удасканальваць напісанае.
Спецыфічныя ўменні:
- раскрываць тэму і асноўную думку тэксту пэўнага стылю, тыпу і жанру;
- паслядоўна выкладаць падзеі, не парушаючы часавых, прасторавых, прычынна-выніковых сувязей;
- перадаваць логіку і кампазіцыю тэксту-арыгінала;
- выкарыстоўваць моўныя сродкі ў адпаведнасці з камунікатыўнай задачай.
Класіфікацыя і віды пераказаў
- Па мэце правядзення: 1) навучальны; 2)кантрольны; 3) з лінгвістычным заданнем.
- Па спосабу перадачы зместу: 1) блізкі да тэксту; 2) выбарачны; 3) з творчым заданнем.
- Па адносінах да аб’ёму тэксту: 1) падрабязны; 2) сціслы.
- Па ступені самастойнасці: 1) з папярэдняй падрыхтоўкай; 2) самастойны.
- Па ўспрыманні тэксту: 1) па праслуханым тэксце; 2) па прачытаным тэксце; 3) па тэксце, успрынятым на слых і зрокава.
- Па адносінах да характару тэксту (па тыпу і стылі маўлення): 1) пераказ-апісанне;
2) пераказ-разважанне; 3) пераказ-апавяданне з элементамі апісання; 4) пераказ тыпу характарыстыкі 5) пераказ у навуковым, мастацкім
- ці публіцыстычным стылі.
- Па форме маўлення: 1) вусны; 2) пісьмовы.
Віды пераказаў
- падрабязны пераказ патрабуе ад вучняў узнаўлення тэксту-арыгінала ў той самай кампазіцыйнай форме (з захаваннем асаблівасцей яго зместу);
- выбарачны пераказ (узнаўляецца не ўвесь тэкст, а толькі частка);
- сціслы пераказ (гэта такі пераказ, пры якім адбываецца сціслая і абагульненая перадача зместу зыходнага тэксту);
- пераказ з творчым заданнем (лагічны працяг або дапаўненне зыходнага тэксту.
ПАДРАБЯЗНЫ
перадача зместу тэксту, ідэйнай задумы з захаваннем тыпу тэксту і яго кампазіцыйных і моўных асаблівасцяў.
ВЫБАРАЧНЫ
перадача зместу часткі тэксту па абранай тэме (змест, кампазіцыя і тып тэксту не захоўваюцца).
СЦіСЛЫ
перадача галоўнага (асноўнага) са зместу тэксту шляхам выкарыстання розных моўных сродкаў сціску зместу тэксту (дэталі і падрабязнасці апускаюцца).
З ТВОРЧЫМ ЗАДАННЕМ
Унясенне пэўных змяненняў у змест або кампазіцыю зыходнага тэксту:
- замена асобы апавядальніка;
- дапаўненне тэксту элементамі апісання ці разважання;
- перастаноўка частак зыходнага тэксту…
Г. Валочка «ПЕРАКАЗ ЯК СРОДАК ФАРМІРАВАННЯ Ў ВУЧНЯЎ НАВЫКАЎ ЗВЯЗНАГА МАЎЛЕННЯ» (Роднае слова 2011/10)
Кожны з пераказаў выконвае сваю ролю ў фарміраванні камунікатыўных уменняў, мае сваю методыку правядзення і адрозніваецца характарам аналізу матэрыялу .
Методыка працы над напісаннем пераказу
- чытанне тэксту пераказу;
- комплексны аналіз тэксту, які складаецца са зместавага, стылістычнага, тыпалагічна-кампазіцыйнага аналізу і аналізу функцыянавання моўных сродкаў (пры напісанні навучальнага пераказу – з дапамогай настаўніка; пры напісанні кантрольнага/ экзаменацыйнага пераказу – самастойна);
- вусны пераказ тэксту (пры напісанні навучальнага пераказу);
- паўторнае чытанне тэксту;
- стварэнне першага (чарнавога) варыянта пераказу;
- трэцяе чытанне тэксту (пры неабходнасці і толькі пры напісанні падрабязнага пераказу);
- самаправерка, удасканаленне (рэдагаванне) напісанага.
Комплексны аналіз тэксту
- зместавы аналіз: асэнсаванне загалоўка і яго суадноснасці з тэмай і асноўнай думкай (або вызначэнне тэмы і асноўнай думкі тэксту, падбор загалоўка, які перадаваў бы тэму ці асноўную думку тэксту); вызначэнне колькасці тэм, падтэм і мікратэм, спосабу і сродкаў сувязі сказаў і частак у тэксце;
- тыпалагічна-кампазіцыйны: вызначэнне тыпу маўлення (вядучы тып, спалучэнне розных тыпаў); аналіз кампазіцыйнай схемы тэксту, вызначэнне судноснасці пачатку і канца;
- жанрава-стылістычны: вызначэнне стылю і жанру маўлення, выдзяленне характэрных для канкрэтнага стылю і жанру моўных сродкаў і стылістычных прыёмаў, якія выкарыстоўваюцца аўтарам для вырашэння пэўнай камунікатыўнай задачы.
ПЛАН АНАЛІЗУ ТЭКСТУ
1. Асэнсаванне загалоўка.
2. Тэма.
3. Асноўная думка.
4. Ключавыя словы
5. Тып маўлення: апавяданне, апісанне, разважанне .
6.Стыль:
гутарковы (зносіны, абмен думкамі сярод сяброў);
навуковы ( передача навуковай інфармацыі );
афіцыйны (дзелавая інфармацыя, законы і дакументы);
публіцыстычны (уздзеянне на слухача падчас выступу ці на чытача праз артыкул у газеце);
мастацкі (уздзеянне на чытачоў праз мастацкі твор).
7. Будова тэксту ( абзацы, простая мова, дыялог ).
8.Сінтаксічная арганізацыя тэксту (простыя і складаныя сказы; злучнікі паміж часткамі складанага сказа ; віды сказаў па мэце выказвання).
Алгарытм эфектыўнага чытання
Раскласці інфармацыю з тэксту па блоках:
-аўтар, назва;
-факты;
-дзеянні;
-асноўная ідэя тэксту;
-Выснова.
А. А. Лявонцьеў апісвае эксперымент, у час правядзення якога ўдзельнікі ўспрымалі адзін і той самы тэкст, але пры розных умовах: без інструкцыі, у форме дыктоўкі, з устаноўкай запомніць, вызначыць асноўную ідэю, выказаць меркаванне.
Вынікі эксперыменту паказалі найбольшую эфектыўнасць разумення ў трох апошніх выпадках, гэта значыць, калі мелася канкрэтная ўстаноўка на запамінанне або асэнсаванне.
-
парады вучням
- Пры першым чытанні слухайце тэкст уважліва. Звярніце ўвагу, які тып маўлення ўласцівы яму, асаблівасці якога стылю мовы вам неабходна перадаць. Сфармулюйце для сябе тэму і галоўную думку тэксту (пра што вам трэба расказаць, што апісаць, над чым паразважаць і да якога вываду прыйсці).
- Калі тэкст чытаецца другі раз, вы можаце рабіць якія-небудзь паметкі: апорныя словы і спалучэнні слоў, змест простай мовы і інш. Пры неабходнасці экзаменатар звычайна тлумачыць некаторыя словы і выразы або нават запісвае іх на дошцы (як правіла, гэта словы іншамоўнага паходжання, якія рэдка ўжываюцца, або словы з лексікі абмежаванага ўжытку: прафесіяналізмы, дыялектызмы, устарэлыя словы).
- Цяпер вам трэба пераказаць тэкст. Спачатку пішыце так, як вам запомнілася. Затым загляніце ў запісы, зробленыя падчас другога чытання, і ўнясіце патрэбныя змяненні, дапаўненні.
парады вучням
- Прачытайце, што ў вас атрымалася; пры гэтым сачыце за тым, каб выказванне вызначалася паслядоўнасцю, лагічнасцю. Каб не было сказаў, сэнс якіх цяжка або ўвогуле нельга зразумець (няправільна пабудаваны сказ, прапушчана слова, няўдалы парадак слоў і г. д.). Калі трэба, Перабудоўвайце сказы, замяняйце ці перастаўляйце словы.
- Прачытайце тэкст яшчэ раз, звяртаючы ўвагу на тое, ці ўдала вы падзялілі яго на абзацы. Пры наступным чытанні праверце напісанне слоў і пастаноўку знакаў прыпынку. Важна асэнсаваць, для чаго патрэбны той ці іншы знак прыпынку (што ён раздзяляе) і які знак павінен стаяць у кожным канкрэтным выпадку (калі вы не ўпэўнены, лепш перабудаваць сказ такім чынам, каб знак прыпынку не выклікаў у вас пытанняў).
парады вучням
- Некалькі хвілін адпачніце, а потым перапісвайце работу на чыставік. Старайцеся не рабіць выпраўленняў і пісаць разборліва, думайце над кожным пераносам.
- Прачытайце напісанае яшчэ раз. Зверце чыставік з чарнавіком (ці не прапусцілі якое-небудзь слова, знак прыпынку, ці не забыліся выдзеліць абзац). Калі дазваляе час, крыху адпачніце і потым яшчэ раз прачытайце сваю работу так, як чыталі чарнавік.
Магчымасці пераказу ў фарміраванні камунікатыўных уменняў будуць паспяхова рэалізаваны толькі пры ўмове сістэматычнага выкарыстання на ўроках беларускай мовы розных відаў навучальных пераказаў, практыкаванняў і асобных заданняў, якія садзейнічаюць фарміраванню навыкаў звязнага маўлення.
Жадаю творчых поспехаў!