Просмотр содержимого документа
«Люблю наш край - старонку гэту»
Тэма: Пазакласнае чытанне “Люблю наш край – старонку гэту”
Мэта: абагульненне чытацкага вопыту вучняў па адборы і чытанні кніг па тэме.
Абагульніць чытацкі вопыт вучняў па адборы і чытання кніг аб Радзіме за перыяд іх пазаўрочнай самастойнай дзейнасці.
Сістэматызаваць чытацкі матэрыял для арганізацыі тэматычнай выставы кніг па сувязі "пісьменнік-жанр-тэма-кнігі".
Замацоўваць уменні самастойнага выбару і чытання кніг розных аўтараў.
Садзейнічаць развіццю ўмення прадстаўляць прачытаную кнігу ці твор аднакласнікам (назва, змест, ілюстрацыі, героі, выбарачнае чытанне эпізодаў).
Выхоўваць любоў да сваёй зямлі, блізкіх.
Форма ўрока: урок-падарожжа
Абсталяванне: выстава кніг пра Беларусь, карткі з прыказкамі, папяровыя кветкі (васількі).
Эпіграф да ўрока:
Высока ў небе вырай кружыць,
Ляціць за сіні небакрай.
Не забывай ніколі, дружа,
Сваю зямлю, свой родны край.
Вера Вярба
Ход урока
Арганізацыйны этап.
Усім добры дзень!
І ў добры час!
На ўрок я запрашаю,
Усім поспехаў жадаю!
Арыенціровачна-матывацыйны этап.
(Гучыць песня “Мой родны кут, як ты мне мілы”)
Настаўнік.
Каб любіць Беларусь нашу мілую,
трэба ў розных краях пабываць.
Разумею цяпер, чаму з выраю
Жураўлі на Палессе ляцяць…
Беларусь яшчэ называюць зямлёй пад белымі крыламі. Чаму?(Шмат буслоў у Беларусі.)
Так. Прыродны сімвал нашай Радзімы – птушка бусел. Народнае павер’е сцвярджае, што буслы прыносяць у дом шчасце. Гэта азначае, што мы жывём у шчаслівай краіне.
Этап паведамлення тэмы і задач урока.
Сёння ў нас пазакласнае чытанне.
Ці здагадаліся вы, якая тэма нашага ўрока?
Менавіта так. мы адправімся ў падарожжа па нашай Радзіме, яшчэ раз нагадаем аб яе прыгажосці, багацці сродкам мастацкага слова, прачытаем творы беларускіх аўтараў.
Рашэнне задач па арыентаванні ў кнігах.
а) Знаёмства з кнігамі выставы:
б) Прэзентацыя кніг, якія прынеслі дзеці.
Я ведаю, што вы таксама дома чыталі кнігі пра нашу Радзіму і прынеслі сёння на ўрок, каб нас з імі пазнаёміць.
Калі ласка, мае маленькія спадары.
(Выступленні вучняў з кароткай прэзентацыяй прачытаных кніг, зачытваннем цікавых эпізодаў.)
в) Практыкаванні па развіцці ў вучняў уменняў працаваць з кнігай.
Я таксама хачу пазнаёміць вас з творам А. Вольскага «Беларусь». (Раздаю дзецям зборнікі.)
Прачытайце назву зборніка. Чаму гэта зборнік?
Якія творы ў зборніку: вершы, апавяданні або казкі?
Як знайсці ў гэтай кнізе верш Артура Вольскага«Беларусь»?
Чытанне настаўнікам верша А. Вольскага “Беларусь».
Гутарка-разважанне па прачытаным вершы А. Вольскага “Беларусь”.
Ці спадабаўся верш?
Які настрой ён у вас выклікаў? Чаму?
Што такое вясёлка?
Чым пахне ў Беларусі?
Як называецца наша краіна?
Чаму аўтар называе нашу Радзіму “непаўторны край”?
Давайце з дапамогай фізкультхвілінкі зробім нашу краіну яшчэ прыгажэй.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА “Мы пасадзім грушку”
(На дошку прымацоўваюцца малюнкі поля, лесу, рэчак, луга).
Якая наша Радзіна з вышыні палёту?
Асаблівае замілаванне выклікаюць палі збажыны. Яны падобныя на золата. Гэта не толькі прыгажосць, але і наша багацце.Чаму?
Так. Хлеб – гэта наша багацце, гэта жыццё.
Ці лёгка яго вырасціць?
Як неабходна адносіцца да хлеба?
Самастойная работа вучняў з новай кнігай.
(Раздаю кнігі М. Пазнякова«Спявае жыта».)
Хто аўтар гэтай кнігі?
Якую назву яна мае?
Ці шмат у ёй твораў?
Да якога жанру адносяцца змешчаныя ў кнізе творы? (Вершы, апавяданні.)
Прапаную вам прачытаць верш М. Пазнякова «Жыта». Знайдзіце яго, калі ласка.
Як вы думаеце, аб чым распавядаецца ў вершы?
Абгрунтуйце сваю думку.
Самастойнае чытанне вучнямі твора М. Пазнякова «Жыта».
Выяўленне і ацэнка якасці самастойнай работы вучняў з новай кнігай.
Гутарка па прачытаным.
Як вы адшукалі верш «Жыта» у дадзенай кнізе?
На якой ён старонцы пачынаецца прачытаны вамі твор?
Якая галоўная думка верша?
Людзі якіх прафесій вырошчваюць хлеб?
Работа ў парах “Падбяры прыказкі да твора”.
З чужой бяды не смейся.
Шануй бацьку з маткай, другіх не знойдзеш.
Дзе шчырая праца, там густа, а дзе лянота – там пуста.
Падвядзенне вынікаў урока і рэфлексія.
Калі ідзеш сцежкаю праз поле, дзе шуміць збожжа, можна ўбачыць блакітныя кветачкі з прыгожай назвай – васілёк (валошка). Яны такія прыгожыя як і наша Радзіма. Можа па-гэтаму называюць у Беларусі хлопчыкаў – Васількі, а дзяўчынак – Васілінкі.
Я прапаную вам прачытаць пачатак сказа, які запісаны на папяровых кветачках, дапоўніць яго і прымацаваць гэтыя кветачкі на дошку. (Пачатак сказа “Я люблю Беларусь таму, што … )
У канцы нашага ўрока я хачу звярнуць вашу ўвагу на эпіграф, які запісаны на дошцы:
Высока ў небе вырай кружыць,
Ляціць за сіні небакрай.
Не забывай ніколі, дружа,
Сваю зямлю, свой родны край.
Вера Вярба
Этап інфарміравання аб дамашнім заданні.