12
СІСТЭМА РАБОТЫ НАСТАЎНІКА ПРЫ ПАДРЫХТОЎЦЫ ВУЧНЯЎ ДА ЦТ
Майстар - клас
Скажы мне – я забываю.
Пакажы мне – я магу запомніць.
Дазволь мне зрабіць гэта –
і гэта стане маім назаўсёды.
Кітайская прыказка
Мэта: трансляцыя педагагічнага вопыту па падрыхтоўцы вучняў да ЦТ па беларускай мове
Задачы:
-
Стварыць умовы для фарміравання матывацыі педагогаў на авалоданне метадамі і прыёмамі падрыхтоўкі вучняў да ЦТ па беларускай мове;
-
Арганізаваць узаемадзеянне ўдзельнікаў, стварыць творчую і прадуктыўную атмасферу для атрымання новых прафесійных ведаў;
-
Садзейнічаць усведамленню ўдзелькамі практычнай значнасці атрыманага вопыту.
Абсталяванне: мультымедыйны праектар, карткі з заданнямі, наглядны матэрыял.
Арганізацыйны этап. Метад “Знаёмства”
Вядучы. Добры дзень, шаноўныя калегі! Я вітаю вас на майстар-класе «Сістэма работы настаўніка па падрыхтоўцы вучняў да ЦТ». (Настаўнік прадстаўляецца, расказвае пра свае захапленні, прапануе ўдзельнікам запоўніць візіткі, у якіх указваецца прозвішча, імя, імя па бацьку і хобі. Гэтыя візіткі далей будуць служыць для выбару тых, хто будзе адказваць на пытанні).
Вядучы. Майстар-клас будзе доўжыцца прыкладна каля адной гадзіны. Вам спатрэбяцца ручкі і добры настрой. Я пазнаёмлю вас з тымі метадычнымі прыёмамі, якія я выкарыстоўваю пры падрыхтоўцы вучняў да ЦТ. Будзе ў нас і практычная частка, калі мы будзем выконваць заданні і рашаць тэставыя заданні. Іх будзе нямнога. Будзе і жартаўлівы тэст, бо, як адзначаў Марк Твен, “гумар прыводзіць у дзеянне механізм думкі.”
Матывацыйны этап
Вядучы. Падрыхтоўка і правядзенне цэнтралізаванага тэсціравання займае важнае месца ў жыцці грамадства. Кожны год выпускнікі школ, іх бацькі і настаўнікі жывуць думкамі аб паспяховай здачы ЦТ, у чэрвені пры здачы ЦТ абітурыенты правяраюць свае веды, уменні і навыкі па выбраных прадметах, навіны аб выніках здачы экзаменаў трансліруюцца ў сродках масавай інфармацыі.
Падрыхтоўка да экзамену па беларускай мове ў форме тэсту – вельмі адказны этап, які патрабуе ад вучняў і ад настаўнікаў сур’ёзнай мэтанакіраванай працы. Як паказвае практыка, рыхтаваць вучняў да тэсціравання трэба не толькі непасрэдна ў выпускных класах, а пачынаючы з сярэдняга звяна. Але, вядома, што для вучняў 5, 6, 7, 8 класаў ЦТ – гэта вельмі далёкая перспектыва, тым больш, што многія з іх яшчэ і не вызначыліся з будучай прафесіяй. Тут актуальнай будзе праца па павышэнні пазнавальнай актыўнасці вучняў, пашырэнні іх слоўнікавага запасу і развіцця маўлення, праца па фарміраванні матывацыі да вывучэння беларускай мовы і выхавання любові да роднага слова. Гэта значыць, пазакласная праца па мове і літаратуры. Пры адсутнасці такой працы ў сярэднім звяне - у выпускных класах нам не будзе каго рыхтаваць да ЦТ па беларускай мове, дзеці будуць выбіраць для здачы ЦТ рускую мову.
Экзамен у форме тэсту патрабуе ад вучняў кампетэнтнасці як у сферы ведаў і ўменняў па прадмеце, так і ў сферы самакантролю, самарэгуляцыі псіхічнага стану.
Папацей, грамацей!
Прапаную вам выканаць невялікі тэст па тэме “Педагогіка”. Усе мы вывучалі педагогіку ва ўніверсітэце, паўтаралі, калі здавалі экзамен на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі, педагагічныя тэрміны нам добра знаёмыя.
1. Педагогика - это наука о
А) подготовке учителя к работе в школе
В) способах научного познания
С) психологических особенностях личности
Д) физиологических закономерностях развития личности
Е) воспитании человека в современном обществе
2. В переводе с греческого педагогика означает
А) повторение
B) воспроизведение
С) управление
Д) закрепление
Е) детовождение
3. Развитие педагогики как науки определяет
А) необходимость передачи социального опыта
В) управление работой педагогов-практиков
С) уровень научно-технического прогресса
D) наследие предшествующих цивилизаций
Е) повышение роли личности в общественной жизни
4. Задачи педагогической науки
А) изучение способностей учащихся
В) контроль и оценка знаний учащихся
С) сотрудничество учителя с родителями
D) вскрытие закономерностей обучения и воспитания
Е) формирование детского коллектива
Правільныя адказы: 1Е, 2Е, 3А, 4Д.
Так і дзецям не заўсёды ўсё лёгкім падаецца ў тэстах. Мову ў школе вывучаюць, перад экзаменамі паўтараюць, тэрміны ім добра знаёмыя. Але ў стрэсавай сітуацыі могуць не справіцца з хваляваннем, не дачытаць да канца заданне або варыянты адказаў, выбраць не той адказ. Хто як не настаўнік дапаможа вучню абагуліць і сістэматызаваць веды па прадмеце, сфарміраваць навык выканання тэставых заданняў, настроіцца на поспех.
Дзейнасны этап
Вядучы. Настаўнік пры падрыхтоўтоўцы вучняў да ЦТ садзейнічае сістэматызацыі і паглыбленню ведаў вучняў па ўсіх раздзелах курса беларускай мовы, стварае ўмовы для развіцця маўлення вучняў, для пашырэння слоўнікавага запасу, фарміруе навыкі выканання тэставых заданняў, спрыяе выхаванню станоўчых адносін да навучальнага працэсу, любві да роднай мовы.
-
Звычайна ў творчай лабараторыі настаўніка ёсць тэсты па ўсіх тэмах, зборнікі ЦТ папярэдніх гадоў, абавязкова – камп’ютарныя трэнажоры.
-
Дальнабачны настаўнік пачынае выкарыстоўваць тэсты ў якасці формы кантролю ведаў ужо ў 5 класе. Таксама ён выкарыстоўвае тэсты не толькі для кантролю ведаў, але і пры тлумачэнні або замацаванні вучэбнага матэрыялу, пры выкананні дамашняга задання.
-
Настаўнік умела арганізуе паўтарэнне вучнямі раней вывучанага матэрыялу, бо пры паўтарэнні ўзнікае ўпэўненасць у сваіх ведах.
-
Вопытны філолаг ведае пра эфектыўнасць выкарыстання прыёмаў абагульнення, параўнання з мэтай выяўлення заканамернасцей. Веданне заканамернасцей вядзе да паспяховага авалодання ведамі па прадмеце (правапіс не (ня) з прыметнікам, прыслоўем; правапіс не (ня) з дзеясловам, з дзеепрыслоўем; пастаноўка знакаў прыпынку ў сказах з аднароднымі членамі сказа і ў складаназалежных сказах з аднародным сузалежным падпарадкаваннем).
-
Часам бывае карысна прыцягнуць вучняў да самастойнага састаўлення тэставых заданняў, да пастаноўкі пытанняў па матэрыяле падручніка з пазіцыі ЦТ. Такі метад я называю зменай стылю мыслення, што дае магчымасць паглядзець на тэставыя заданні з другога боку, бо, як вядома, аднабаковае бачанне прадмета або падзеі звужае наш светапогляд.
Арганізацыя падрыхтоўкі вучняў да ЦТ адбываецца ў некалькіх напрамках. Гэта і выкарыстанне магчымасцей зместу ўрока і факультатыўных заняткаў, і індывідуальныя заняткі, і арганізацыя працы гуртка, і, безумоўна, самападрыхтоўка вучняў.
Разгледзім найбольш эфектыўныя метады і сродкі навучання вучняў пры падрыхтоўцы да ЦТ на асноўных этапах урока.
Этап праверкі дамашняга задання:
-
Тлумачэнне лінгвістычных тэрмінаў, запісаных на дошцы: агульны назоўнік, асабовы назоўнік, абстрактны назоўнік (6 клас); дапасаванне, прымыканне, кіраванне (8 клас)
-
Міні-віктарына па тэарэтычным матэрыяле.
-
Складанне слоўнікавага дыктанта па правіле.
-
Выкананне тэставага задання, запісанага на дошцы.
Тэст
Адзначце фанетычныя і арфаэпічныя характарыстыкі, уласцівыя падкрэсленаму ў сказе слову (ЦТ – 2011):
Аднак подых гісторыі адчуваецца тут.
-
У слове няма свісцячых зычных гукаў;
-
У слове ёсць санорныя зычныя гукі;
-
У слове няма мяккіх зычных гукаў;
-
Колькасць гукаў і літар у слове не супадае;
-
У слове 2 глухія зычныя гукі
Правільныя адказы: 2, 4, 5
Этап актуалізацыі ведаў:
-
Арфаграфічныя хвілінкі на паўтарэнне аднаго або некалькіх правілаў.
-
Творчае спісванне : л…пух, р…знае, ч…рствы, ш…снаццаць, аранж…рэя.
-
Акцэнталагічныя хвілінкі: фартух, садавіна, навіна, крапіва, вусы, спіна.
-
Лінгвістычныя загадкі: Чаму светлавалосы пішацца разам, а светла- карычневы праз злучок?
-
Выпраўленне памылак у сказах, запісаных на дошцы.
-
Моўныя разборы.
Заданне
Спішыце тэкст, дапісваючы канчаткі прыметнікаў.
Шумн.. мнагалюдн.. Осла. На галоўн.. авеню — утульн.. кафэ «Пярэст.. какаду». Гучыць прыемн.. сапрана. За столікам каля акна, дзе стаіць арыгінальн.. кашпо, сядзяць юн.. лэдзі і яе сяброўка. На адной з іх свабодн.. норкав.. манто, на другой — прыгож.. паліто. Абедзве ядуць бутэрброды з апетытн.. салямі і салату са свеж.. кальрабі. На дэсерт у іх будзе чорн.. кава, абрыкосав.. суфле і свеж.. безэ. (Паводле В. Служэўскай)
Этап тлумачэння новага матэрыялу:
1. Састаўленне апорнага канспекта.
2. Прапанаванне падказак для запамінання правіла.
-
Праблемнае пытанне: Чым адрозніваецца сонечны прамень ад сонечнага настрою?
-
Уступнае тэставае заданне.
-
Пераклад з рускай мовы на беларускую: раздолье, ночью, судья, жильё, пицца, суббота, саванна.
-
Тлумачэне некаторых моўных закамернасцей: правапіс не (ня) з дзеясловам, з дзеепрыслоўем; утварэнне ступеней параўнання прыметнікаў, прыслоўяў.
Запаўненне табліцы
Дзеяслоў | Спр. | Трыван. | Формы 1-ай асобы | Формы 2-ой асобы | Формы 3-яй асобы |
адпачыць | ІІ | зак. | адпачну, адпачнём | адпачнеш, адпачняце | адпачне, адпачнуць |
паўтарыць | | | | | |
паўтараць | | | | | |
калыхацца | | | | | |
звязваць | | | | | |
скласці | | | | | |
Этап замацавання новага матэрыялу:
-
Абагульняючыя практыкаванні: знайсці трэцяе лішняе, скласці свой рад прыкладаў, размеркаваць словы па групах.
-
Тэставыя заданні закрытага тыпу: выбраць правільнае сцверджанне, выбраць правільныя варыянты адказу.
-
Тэставыя заданні адкрытага тыпу: завяршыць фармуліроўку, аднавіць нехапаючае звяно ланцужка, запісаць адказ на пытанне.
-
Прыцягненне вучняў да самастойнага састаўлення тэставых заданняў, да пастаноўкі пытанняў па матэрыяле падручніка з пазіцыі ЦТ.
Тэст
Устанавіце адпаведнасць паміж сказамі (знакі прыпынку не пастаўлены) і схемамі:
А. Лістападу радуйся і снежню і вятрам асеннім і снягам. | 1. [ ], (як ) і ( ) |
Б. Чуваць было як б’е прыбой і рвуцца хвалі на прычал. | 2. [ ] і (калі ), [ ] |
В. Неасцярожны рух і лодка перавярнулася. | 3. Ο, і Ο, і Ο, і Ο |
Г. Адзвінела лета і птушынымі галасамі і звонам кос і пералівамі ручаёў у задуменных лясах. | 4. [ ], і, (калі ), [ ] |
Д. Мы гаворым пра ўсё і калі я раптоўна замаўкаю яна не здзіўляецца. | 5. [ ] – і [ ] |
| 6. і Ο, і Ο, і Ο |
Адказы: А3 Б1 В5 Г6 Д4
Этап выканання дамашняга задання:
-
Паўтарыць раней вывучанае правіла.
-
У тэксце практыкавання вызначыць тып, стыль тэксту, сродкі сувязі і від сувязі сказаў.
-
Выканаць фанетычны, марфемны, словаўтваральны. марфалагічны або сінтаксічны разбор.
Тэкст для дамашняга задання
Дзе схавана шчасце (прытча)
Аднойчы старажытныя богі вырашылі пазабаўляцца. Адзін з іх прапанаваў:
Пасля доўгіх роздумаў другі ўсклікнуў:
Адзін прапанаваў:
-
Схаваем яго на вяршыну самай высокай у свеце гары!
-
Не, у людзей шмат сілы. Хтосьці зможа ўзабрацца на гару, а калі знойдзе адзін, усе астатнія адразу таксама даведаюцца, - запярэчыў другі.
Тады хтосьці прапанаваў схаваць шчасце на дне мора. І яму адказалі, што людзі дапытлівыя, зробяць апарат для падводнага плавання і абавязкова знойдуць шчасце.
Самы стары бог, які да гэтага часу маўчаў, раптам сказаў:
Вядучы прапануе ўдзельнікам саставіць заданні для вучняў па прапанаваным тэксце.
Арганізацыя працы на занятках гуртка па падрыхтоўцы да ЦТ
Вядучы. Найбольш плённымі і накіраванымі на паспяховы вынік з’яўляюцца заняткі гуртка па падрыхтоўцы вучняў да цэнтралізаванага тэсціравання. Праца на занятках гуртка павінна быць накіравана на фарміраванне глыбокай унутранай матывацыі і быць у першую чаргу сістэматычнай. У час працы рэкамендуецца выкарыстоўваць наступныя метады і прыёмы навучання:
-
Правядзенне на першых занятках дыягнастычнай работы, выяўленне прабелаў.
-
Знаёмства вучняў з планам работы па падрыхтоўцы да ЦТ. Вучань павінен уяўляць сістэму работы, мэты і віды дзейнасці.
-
Выкарыстанне магчымасцей кабінета інфарматыкі, выкананне тэстаў на камп’ютары.
-
Вядзенне апорных канспектаў, наяўнасць папак у кожнага вучня з тэарэтычным матэрыялам і тэставымі заданнямі.
-
Абавязковае паўтарэнне раней вывучанага. Практыка паказвае, што праз некалькі тыдняў адпрацаваная тэма знікае з памяці поўнасцю або часткова. Дабіцца трывалых ведаў дапамагае шматразовае паўтарэнне пройдзенага матэрыялу. Такое паўтарэнне арганізуецца з дапамогай дадатковых тэстаў, якія вучні выконваюць паралельна з заданнямі па тэме заняткаў.
6. Аналіз тыповых памылак, дапушчаных на тэсціраванні абітурыентамі папярэдніх гадоў. Абавязковым будзе зварот да тыповых памылак на тэсціраванні, якія дапускаюць абітурыенты пад уплывам рускай мовы, недастатковага валодання тэрміналогіяй, несфарміраванасці аналітычных уменняў. Добра, калі пры падрыхтоўцы да тэсціравання будуць выкарыстоўвацца і тэставыя заданні “з пасткамі”: Адзначце прыметнікі, формы ступеней параўнання якіх утвораны правільна: а) самы найраднейшы; б) большы; в) менш гасцінна; г) багацейшы. Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на тое, што заданні на адно і тое ж правіла могуць утрымліваць розную фармуліроўку: адзначце сінтаксічныя канструкцыі, у якіх не са словамі пішацца асобна; адзначце сінтаксічныя канструкцыі, у якіх не (ня) са словамі пішацца разам.
7. Строгі падыход да праверкі тэстаў (напрыклад, не залічваць адказ тыпу В, калі словы напісаны з памылкай)
8. Залік па тэрмінах, па тэарэтычным матэрыяле. Не ведаючы правіла, вучань не зможа граматна пісаць.
9. Арганізацыя самаправеркі.
10. Правядзенне трэнінгу “Здаём ЦТ”. Вучні выконваюць тэст у бланку адказаў для ЦТ (бланкі раздрукоўваюцца для ўсіх вучняў). Такім чынам у вучняў фарміруецца ўпэўненасць, што падрыхтоўка да ЦТ павінна быць вельмі сур’ёзнай, а веды трывалымі, каб пазбегнуць лішняга хвалявання і сумнення.
11. Вядзенне карт вучэбных дасягненняў вучняў, улік прабелаў у ведах, зварот да раней дапушчаных памылак. На кожнага вучня састаўляецца карта вучэбных дасягненняў, дзе адзначаецца вынік дыягнастычнай работы, вынікі трох РТ. З вынікамі рэкамендавана знаёміць і бацькоў, робячы запісы ў рабочых сшытках вучняў. Работы захоўваюцца ў асобнай папцы для кожнага вучня.
Псіхалагічныя аспекты падрыхтоўкі вучняў да ЦТ
Вядучы. Настаўнік улічвае і псіхалагічныя аспекты падрыхтоўкі вучняў да ЦТ. Садзейнічае развіццю ў вучняў адэкватнай самаацэнкі шляхам арганізацыі самаправеркі тэставых заданняў, пісьмовых адказаў на пытанні, самаацэньвання. Дапамае вучням у развіцці пазнавальных працэсаў – мыслення, увагі, памяці.
Абавязковым у падрыхтоўцы да ЦТ з’яўляецца развіццё наступных уменняў:
-
Уменне валодаць сабой і адэкватна рэагаваць на фактары, якія адцягваюць увагу (на кантрольнай рабоце можна ўключыць радыё)
-
Уменне самастойна кантраляваць час (інфармаваць пра час, адведзены на выкананне задання, не даваць лішняга часу)
-
Уменне рабіць свядомы выбар (практыкаваць на ўроках выбар узроўню складанасці задання, формы прад’яўлення выніку работы)
-
Уменне мабілізаваць сябе на працу (правільнае дыханне, самамасаж, аўтатрэнінг, практыкаванні для зняцця мышачнага напружання)
Парады настаўніку пры падрыхтоўцы вучняў да ЦТ
1. Стварайце ўмовы для развіцця маўлення вучняў, для пашырэння слоўнікавага запасу.
2. Фарміруйце ўпэўненасць, што мова – гэта сістэма, што ўсе раздзелы мовазнаўства ўзаемазвязаны.
3. Патрабуйце ад вучняў правільнай фармуліроўкі адказу на пытанне, грунтоўнага валодання тэрміналогіяй.
4. Пры выкананні тэставых заданняў стварайце ў класе ўмовы, блізкія да тых, што будуць пры здачы ЦТ.
5. Састаўляйце самі тэставыя заданні з улікам тыповых памылак вашых вучняў.
6. Стварайце сітуацыю поспеху.
7. Настрайвайце сябе на тое, што вашы вучні разумныя, добра падрыхтаваныя і вельмі творчыя, таму што вы самі добра падрыхтаваны спецыяліст і творчы педагог.
Ацэначна-рэфлексійны этап
Вядучы. Сёння на занятках былі выкарыстаны разнастайныя метадычныя прыёмы арганізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў пры падрыхтоўцы да ЦТ. Калі ласка, успомніце і запішыце тыя прыёмы, якія вы гатовы прымяніць у сваёй дзейнасці. Дзякуй за супрацоўніцтва!
Жартаўлівы тэст
Гэты жартаўлівы тэст дапаможа вам лепш пазнаць сябе. Уявіце, што вы дома адна з немаўляці. І раптам адбываюцца адразу чатыры падзеі, якія патрабуюць тэрміновага вашага ўмяшання:
Немаўля плача, надрываецца
Свішча чайнік, ужо амаль выкіпеў
Нехта моцна стукае ў дзверы
Уключаны прас ляжыць на вашай спадніцы
Вызначце парадак, у якім вы будзеце рашаць узнікшыя праблемы. Што зробіце спачатку, а што потым?
Адказы
Ваш выбар падкажа вам, якія каштоўнасці ў жыцці важныя для вас у першую чаргу, у другую, трэцюю і г. д. У тым парадку, у якім вы выбралі дзеянні.
Супакоіць немаўля – любоў
Выключыць чайнік – грошы, фінансавы дабрабыт
Адчыніць дзверы – знешнасць
Выключыць прас – адукацыя, веды
Падвядзенне вынікаў
Вядучы. Такім чынам, прадуманая арганізацыя і правядзенне падрыхтоўкі вучняў да ЦТ дазваляюць павысіць веды вучняў па прадмеце, ствараюць умовы для самарэалізацыі навучэнцаў, усебаковага і гарманічнага іх развіцця, развіваюць крытычнае мысленне і творчыя здольнасці, фарміруюць навыкі самастойнай працы. Гэта працяглы і шматгранны працэс, які патрабуе мэтанакіраванай, сістэматычнай працы як ад настаўнікаў, так і вучняў. Для настаўніка такая праца з’яўляецца не толькі праверкай прафесіяналізму, але і магчымасцю павысіць свой прафесійны ўзровень. Бо, як адзначаў яшчэ Сенека, “навучаючы іншых, мы навучаемся самі.”
Літаратура
-
Дзіндзікава, Т. П., Герасімава, А. І. Сістэма падрыхтоўкі да экзамену ў форме тэставага кантролю / Т. П. Дзіндзікава, А. І. Герасімава // Народная асвета. – 2011. - № 4. – С. 71 – 74.
-
Тамашоў, М. В. Факультатыўныя заняткі як эфектыўны сродак падрыхтоўкі навучэнцаў да выпускных экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання / М. В. Тамашоў // Беларуская мова і літаратура. – 2017. - № 5. – С. 3 - 13.
-
Тестовые задания по педагогике [Электронный ресурс]. – режим доступа: https://studfiles.net/preview/965929. - Дата доступа: 22.10.2018.
-
Цэнтралізаванае тэсціраванне. Беларуская мова: поўны зборнік тэстаў / Рэсп. Ін-т кантролю ведаў М-ва адукацыі Рэсп. Беларусь. – Мінск: Аверсэв, 2014. – 245 с.
-
Якуба, С. М. Беларуская мова. 6 клас. Сакрэты словазмянення і формаўтварэння: дапам. для вучняў устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / С. М. Якуба.—2-е выд.— Мінск : Аверсэв, 2012.— 142 с.