МУЗЕЙНЫ ЗАНЯТАК ПА АЎТАРСКАЙ КАЗЦЫ
"ГАНЧАР І ЧАРАДЗЕЙНЫ ГАРШЧОК"
Пяшко В.С., настаўнік гісторыі і мастацтва,
кіраўнік этнаграфічнага музея “Спадчына”
ДУА «Сярэдняя школа №33 г. Брэста»
Мэта:
Азнаямленне дзяцей з традыцыямі ганчарства на Беларусі, раскрыццё важнасці гэтай старажытнай рамясловай справы
Задачы:
Пазнаёміць вучняў з гісторыяй і асаблівасцямі ганчарства на Беларусі.
Развіваць творчыя здольнасці праз практычную дзейнасць; развіваць уменне працаваць з пластылінам, ствараючы гліняны гаршчок тэхнікай жгуцікаў.
Выхоўваць павагу да народнай культуры і спадчыны праз музейныя экспанаты.
Абсталяванне:
Музейныя экспанаты: гліняныя гаршкі, ганчарны круг са Столінскага раёна, вёскі Гарадная.
Матэрыялы для практычнай працы: пластылін, стэкі, дошкі для лепкі.
Выявы і відэаматэрыялы па тэме ганчарства.
Удзельнікі:
Дзеці 5-9 класаў, выкладчык, музейны Домавік (у ролі апавядальніка).
Кароткі план занятка
Уводзіны:
Прывітанне, аповед пра ганчарства на Беларусі, асаблівасці вёскі Гарадная як ганчарнага цэнтра.
Знаёмства з музейнымі экспанатамі.
Казка "Ганчар і чарадзейны гаршчок":
Праслухоўванне казкі.
Абмеркаванне казкі, пытанні па сюжэце.
Практычная частка:
Інструктаж па тэхніцы стварэння гаршка з пластыліну метадам жгуцікаў.
Самастойная праца дзяцей пад наглядам выкладчыка.
Рэфлексія:
Абмеркаванне працэсу і вынікаў.
Адказы на пытанні па рэфлексіі.
Завяршэнне:
Падзяка ўдзельнікам.
Запрашэнне на наступныя заняткі.
1.Уводзіны пра ганчарства на Беларусі
Ганчарства – адно з найстаражытнейшых рамёстваў на Беларусі, якое пачало развівацца яшчэ ў эпоху неаліту. Асаблівую вядомасць атрымала вёска Гарадная Столінскага раёна – сапраўдны ганчарны цэнтр. Менавіта тут традыцыя лепкі на ручным ганчарным крузе захавалася на працягу стагоддзяў. У нашым музеі "Спадчына" можна ўбачыць сапраўдны ганчарны круг і вырабы майстроў мінулага: гаршкі, місцы, збаны і іншыя прадметы, якія служылі нашым продкам у паўсядзённым жыцці.
2.КАЗКА: "ГАНЧАР І ЧАРАДЗЕЙНЫ ГАРШЧОК"
2.1. Праслухоўванне казкі
Аднойчы ў даўнія часы, у невялікай вёсцы каля лесу жыў ганчар па імені Янка. Янка славіўся на ўсю акругу сваім майстэрствам. Яго гаршкі, міскі ды збанкі былі не толькі прыгожыя, але і трывалымі, быццам зачараваныя. Але Янка працаваў адзін, бо праца ганчара патрабавала шмат цярпення і часу.
Аднойчы, у ціхую ноч, калі Янка сядзеў за ганчарным колам, у яго майстэрню завітаў незвычайны госць — стары дзед у доўгім плашчы і з вялікім мяхом за плячыма.
— Добры вечар, майстар! — прывітаў яго дзед. — Я чуў пра тваё майстэрства і прынёс табе падарунак.
Дзед выцягнуў з мяха гліняны гаршчок. Гаршчок быў просты з выгляду, але ад яго нібыта зыходзіла цяпло і святло.
— Гэта чарадзейны гаршчок, — сказаў дзед. — Калі пакласці ў яго кавалак гліны і загадаць жаданне, ён сам створыць тое, што ты пажадаеш. Але памятай, што чараўніцтва працуе толькі для добрых спраў.
Янка быў уражаны і падзякаваў дзеду. На наступны дзень ён вырашыў паспрабаваць чарадзейства. У гаршчок ён паклаў кавалак гліны і пажадаў зрабіць міску для бабулі з суседняга хутара, якая не магла прыйсці на кірмаш. І сапраўды, гаршчок затрымацеў, і перад Янкам з'явілася прыгожая міска.
З таго часу Янка часта карыстаўся чарадзейным гаршчком, каб рабіць добрыя справы. Ён вырабляў посуд для тых, хто не меў грошай, і дапамагаў усім, хто быў у патрэбе. Але аднойчы ў вёску прыйшоў багаты купец. Ён пачуў пра чарадзейны гаршчок і вырашыў забраць яго сабе. Купец прапанаваў Янку шмат грошай, але ганчар адмовіўся.
Тады купец вырашыў украсці гаршчок. Уначы ён пракраўся ў майстэрню, але, калі дакрануўся да гаршка, той раптам знік, пакінуўшы пасля сябе толькі жменьку гліны. Янка зразумеў, што чарадзейны гаршчок пакінуў яго, бо чараўніцтва не трывае сквапнасці.
З таго часу Янка працягваў працаваць сваімі рукамі. І хоць праца была цяжэйшай, яго пасудзіны сталі яшчэ лепшымі, бо ў кожны выраб ён укладваў часцінку сваёй душы.
2.2.Пытанні і адказы па казцы
Хто завітаў да Янкі ў майстэрню? — Стары дзед у доўгім плашчы з мяхом за плячыма.
Што за падарунак атрымаў Янка ад дзеда? — Чарадзейны гаршчок, які мог ствараць вырабы з гліны па жаданні.
Як Янка выкарыстаў чарадзейны гаршчок? — Ён рабіў вырабы для тых, хто быў у патрэбе, і дапамагаў людзям.
Што здарылася, калі купец вырашыў забраць гаршчок? — Гаршчок знік, пакінуўшы пасля сябе жменьку гліны.
Чаму чарадзейны гаршчок пакінуў Янку? — Бо чараўніцтва не трывае сквапнасці і злых намераў.
Што зрабіў Янка пасля знікнення гаршка? — Працягнуў працаваць сваімі рукамі і ствараў яшчэ лепшыя вырабы, укладваючы ў іх часцінку сваёй душы.
Які галоўны ўрок гэтай казкі? — Трэба рабіць добрыя справы, і сапраўдная каштоўнасць знаходзіцца ў працы і душы, укладзеных у справу.
3.Практычная праца
1.Заданне:
Вазьміце пластылін і стварыце невялікі гаршчок тэхнікай жгуцікаў:
Скачайце некалькі тонкіх "жгуцікаў" (калоцек).
Зрабіце плоскае дно.
Наматайце жгуцікі па крузе, каб пабудаваць сценкі гаршка.
Раўнамерна згладзьце стыкі стэкамі ці пальцамі.
Па жаданні ўпрыгожце гаршчок узорамі, натхніўшыся музейнымі экспанатамі.
2.Ролевая гульня: "У майстравай хаце"
Дзеці дзеляцца на майстроў, якія ствараюць гліняныя вырабы, і гаспадароў, якія прыдумляюць, як выкарыстаць кожны гаршчок.
Майстры распавядаюць пра працэс стварэння, а гаспадары прыдумляюць гісторыі пра кожны выраб.
4.ПЫТАННІ ДЛЯ РЭФЛЕКСІІ
Што новага вы даведаліся пра ганчарства на Беларусі?
Што вас больш за ўсё ўразіла ў музейных экспанатах?
Ці атрымалася ў вас зрабіць гаршчок? Што было складаным, а што лёгкім?
Чым ганчарства падобнае на мастацтва?
Ці хочаце вы паспрабаваць папрацаваць на сапраўдным ганчарным крузе?
5.Завяршэнне
Падзяка ўдзельнікам.
Запрашэнне на наступныя заняткі.
Прапанова жадаючым зрабіць фотаздымкі.
Гэты занятак спалучае вывучэнне традыцый, творчасць і развіццё ўменняў у прывабнай і займальнай форме.
Фотаздымкі з заняткаў
Музейны занятак па аўтарскай казцы "Ганчар і чарадзейны гаршчок"
4