МУЗЕЙНЫ ЗАНЯТАК “У ГОСЦІ ДА БАТЛЕЙКІ!”
Пяшко В.С. настаўнік гісторыі і мастацтва
ДУА “Сярэдняя школа №33 г.Брэста”
Мэта занятка:
Вучыць дзяцей разумець гісторыю, віды і асаблівасці батлейкі як культурнай спадчыны, а таксама развіць навыкі вырабу батлеечных лялек.
Задачы
Азнаёміць з гісторыяй батлейкі ў свеце і Беларусі.
Растлумачыць віды батлеек і іх адметнасці.
Развіць практычныя навыкі стварэння лялек для батлейкі з кардону.
Сфарміраваць цікавасць да народных традыцый і мастацтва.
Выхоўваць павагу да культурнай спадчыны.
Абсталяванне
Узоры лялек для батлейкі.
Кардон, нажніцы, клей, каляровыя алоўкі, фламастэры.
Палачкі для лялек (драўляныя шпажкі ці трубачкі).
Гатовыя прыклады батлеечных сцэнарыяў.
Месца правядзення: этнаграфічны музей “Спадчына”
Удзельнікі: вучні 6-10 гадоў
ХОД ЗАНЯТКУ
1. Уводзіны (5-7 хвілін)
Дамавік Спадчык вітае дзяцей
Кароткі дыялог пра гісторыю батлейкі.
Прапануе пытанні для абмеркавання:
Што такое батлейка і адкуль яна узнікла ?
Чаму яна стала папулярнай у Беларусі?
Якія віды батлеек вы ведаце?
Чым батлейка адрозніваецца ад сучасных тэатраў?
Як вы думаеце, навошта нашым продкам былі патрэбны батлейкі?
2. АСНОЎНАЯ ЧАСТКА (15 хвілін)
Дамавік Спадчык: Даражэнькія сябры! Сёння ў нашай этнашколе "Спадчына" асаблівы госць — майстар-батлеечнік. Ён ведае пра батлейку ўсё, што толькі можна ведаць. Майстар, дзякуй, што завіталі да нас! Раскажыце дзецям, што такое батлейка.
Майстар-Батлеечнік: Дзякую, Спадчык! Батлейка — гэта старажытны лялечны тэатр, які прыходзіў да людзей у час Калядаў і іншых святаў. Назва паходзіць ад горада Віфлеем, бо першыя батлейкі паказвалі гісторыю Нараджэння Хрыстова ў Віфлееме.
Дамавік Спадчык: Майстар, вось вы кажаце, што батлейка такая старадаўняя традыцыя. Але адкуль яна ўзялася?
Майстар-Батлеечнік: Ах, Спадчык, гісторыя батлейкі сапраўды цікавая! Усё пачалося ў Сярэднявеччы ў Еўропе. Спачатку былі вялікія сцэны ў касцёлах, якія паказвалі гісторыі з Бібліі. Але не кожны мог наведаць касцёл, таму лялечныя тэатры сталі выходзіць да людзей.
Спадчык: А ў нас, у Беларусі, калі батлейка з’явілася?
Майстар-Батлеечнік: У XVI стагоддзі. Спачатку гэта былі касцёльныя батлейкі — вялікія кампазіцыі з фігурамі каля алтара. Але з часам батлейка выйшла за межы храма і стала народнай забавай.
Спадчык: Гэта ж трэба! У нашым музеі сабраны ўсе віды батлеек: скрынкавыя, скульптурныя і нават сінтэтычныя сучасныя варыянты. Раскажыце дзецям пра віды батлеек.
Майстар-Батлеечнік: Ахвотна! Скрынкавая батлейка — гэта тэатр у ыглядзе драўлянаў скрынкі, якая падзеленая на два ці тры паверхі. Яна падобна на хатку. На верхнім паверсе паказваюць біблейскія гісторыі, а на ніжнім — смешныя і бытавыя сцэнкі.
Такіх батлеек у нашым музеі налічваецца пяць відаў.
1.Аднапавярховая – вунь яна стаіць, на яе блакітных дзверках намаляваны белыя анёлы.
2. Двухпавярховая , магілёскага тыпу. Вунь яна, як царыца, стаіць у цэнтры.
3. Віцебскі жлоб, падобны на трохкупальную царкву з крыжамі. Жлоб сумяшчае ў сабе рысы батлейкі (змешчаны выявы сцэн Божага Нараджэння, пакланення валхвоў і бегства ў Егіпет) і ценявога тэатра.
4. Батлейка па эскізах іерэя Федара Поўнага, сучасная, адаптаванная для навучальнага працэсу ў сучаснай школе. Яна невялікая па памеру і лёгкая пры пераносе з месца на месца.
5. Батлейка-зорка. Гэта асобы від батлейкі, бо яна, як віфлеемская зорка, у цэнтры круга змешчаны выявы сцэн Божага Нараджэння.
Сучасныя батлейкі могуць быць зробленыя нават з кардону ці пластыку. Для цікавага паказу часам выкарыстоўваюць штучнае святло (у мэтах пажарнай бяспекі, бо ад звычайнай свечкі можа загарэцца папера) і медыя праекцыі.
Спадчык: Ого! Вось я зберагаю ўсе гэтыя батлейкі.А як зрабіць такую батлейку? Дзеці, ці хочаце даведацца?
Дзеці (хорам): Так!
Майстар-Батлеечнік: Па-першае, трэба вызначыць, якую батлейку вы хочаце зрабіць. Скрынкавыя робяцца з фанеры і дрэва. Гэта доўгая і крапатлівая праца, пад сілу толькі дарослым майстрам. Мы можам зрабіць просценькае падабенства з картону. Затым трэба зрабіць лялькі — з дрэва, тканіны ці нават саломы. Мы зробім з паперы і картону. Выбіраем сцэнарый — гэта можа быць калядная гісторыя, казка ці біблейская легенда. Дарэчы, можам прыдумаць і самі.
Спадчык: А дзе знайсці матэрыялы для лялек?
Майстар-Батлеечнік: Лепш за ўсё ўзяць натуральныя матэрыялы — дрэва, фанеру, тканіну (лён ці шэрсць). Скажу сакрэт: лепш браць лён ці штучныя тканіны, бо ў шэрсці можа завесціся моль, якая сапсуе лялькі. З дрэва выразаецца галава і рукі лялькі, з тканіны шыецца адзенне, а з меху (лепш штучнага) можна зрабіць валасы. Аднак мы з вамі зробім просценькія лялькі-сілуэты з картону і расфарбуем іх, затым прымацуем на драўляную шпажку, яны стануць падобныя на батлеечныя лялькі, якія вы бачыце ў музеі.
Спадчык: І сцэнарый патрэбны. Як яго скласці?
Майстар-Батлеечнік: Усё пачынаецца з ідэі. Напрыклад, калядны спектакль пачынаецца з гісторыі Нараджэння, а потым дадаюцца смешныя сцэнкі пра звычаі сялян, сустрэчы пастухоў з ангеламі ці нават анекдоты пра паноў.
Спадчык: Нашы лялькі проста цудоўныя! У нас іх больш за сто! І ўсе — розныя.
Майстар-Батлеечнік: Гэта сапраўднае багацце! А ці ведаеце, што некаторыя батлеечныя спектаклі былі настолькі папулярнымі, што іх перадавалі з пакалення ў пакаленне? Напрыклад, гісторыя пра Цара Ірада ці пра смешных чортаў, якія нічога не могуць зрабіць як след.
Спадчык: Ой, а яшчэ батлейка вучыць! Праз гэтыя спектаклі нашы продкі распавядалі пра дабро і зло, пра любоў і спачуванне.
Майстар-Батлеечнік: Дакладна, Спадчык. І, ведаеце, ствараць батлейку — гэта як маленькае цуда.
Спадчык: Ну што, дзеці, будзем рабіць батлейку?
Дзеці (хорам): Будзем!
Майстар-Батлеечнік: Тады пачнем з простай лялькі. Вазьміце кардон, нажніцы, трохі фарбаў і фантазію!
Спадчык: А потым і мы разам зробім сапраўдны спектакль!
Дзеці: Ура!
Спадчык: Хай батлейка жыве і радуе ўсіх!
3. Практычная частка (15-20 хвілін)
Заданне 1:
Вырабіце плоскасную ляльку для батлейкі.
Выберыце героя — гэта можа быць анёл, кот ці дзіця.
На кардоне намалюйце фігуру, выражце яе і раскрасьце.
Прыклейце палачку да лялькі.
5.Прыдумайце кароткі дыялог паміж персанажамі пра дабро, любоў і справядлівасць.
Заданне 2. Ролевая гульня: "Батлейка на сцэне"
Дзеці ствараюць міні-прадстаўленне па казцы, выкарыстоўваючы зробленыя сваімі рукамі фігуркі або лялькі музея.
Кожнае дзіця атрымлівае і выконвае ролю персанажа або распавядальніка.
4. Вынік і рэфлексія (5 хвілін)
Дамавік Спадчык: “Якія ў вас атрымаліся прыгожыя лялькі! А цяпер раскажыце, як вы сябе адчувалі падчас стварэння персанажаў для батлейкі?”
Пытанні для рэфлексіі:
Што было лёгка, а што складана?
Што новага вы даведаліся пра батлейку?
Ці хацелі б вы ўдзельнічаць у стварэнні сапраўднага спектакля?
5. Заключэнне.
Дамавік Спадчык: “Зараз вы ведаеце, што батлейка была не толькі забавай, але і спосабам навучання. Яна вучыла і вучыць дабру, любові, узаемадапамозе і справядлівасці”.
Дамавік Спадчык дзякуе дзяцяй і запрашае наведаць батлейку яшчэ раз у музеі "Спадчына"
Фотаздымкі батлеек і презентацыя па спасылцы: clck.ru/33mZfh Батлейка
4