СДЕЛАЙТЕ СВОИ УРОКИ ЕЩЁ ЭФФЕКТИВНЕЕ, А ЖИЗНЬ СВОБОДНЕЕ

Благодаря готовым учебным материалам для работы в классе и дистанционно

Скидки до 50 % на комплекты
только до

Готовые ключевые этапы урока всегда будут у вас под рукой

Организационный момент

Проверка знаний

Объяснение материала

Закрепление изученного

Итоги урока

Памяці Максіма Багдановіча

Категория: Литература

Нажмите, чтобы узнать подробности

Літаратурная гасцеўня,

прысвечаная творчасці Максіма Багдановіча

НЕЗАБЫЎНЫ МАКСІМ БАГДАНОВІЧ

Просмотр содержимого документа
«Памяці Максіма Багдановіча»

Літаратурная гасцеўня,

прысвечаная творчасці Максіма Багдановіча

НЕЗАБЫЎНЫ МАКСІМ БАГДАНОВІЧ

Мэты: паглыбіць веды навучэнцаў пра жанравыя формы беларускай лірыкі, пра жыццёвы і творчы шлях Максіма Багдановіча; раскрыць шматграннасць таленту паэта, яго вялікую любоў да роднага краю, прыроды; прывіваць любоў да беларускай паэзіі; развіваць творчыя здольнасці юнакоў і дзяўчат, навыкі эстэтычнага, асэнсаванага чытання; выхоўваць патрыятычныя пачуцці, у прыватнасці гонар за сваіх суайчыннікаў.

Абсталяванне: партрэт Максіма Багдановіча; грамзапіс раманса “Зорка Венера”; выстава кніг паэта “Чалавек вялікай душы і таленту”; верш У. Караткевіча “Багдановічу”; урывак з паэмы М. Багдановіча “Вераніка”; верш М. Багдановіча “Пагоня”; паланэз М. Агінскага “Развітанне з Радзімай”; пераклад М. Багдановіча, верш ”Дзве песні”; верш М. Багдановіча “Возера”; верш М. Багдановіча “Над возерам”; верш М. Багдановіча “Вадзянік”; верш М. Багдановіча “Сэрца ные”; верш М. Багдановіча “На чужыне”; верш М. Багдановіча “Па-на белым пухам вішняў…”; верш М. Багдановіча “Касцёл святой Анны”; верш М. Багдановіча “Слуцкія ткачыхі”; верш М. Пазнякова “Загадка Максіма Багдановіча”; верш М. Багдановіча

“Больш за ўсё жадаю я…”; верш М. Багдановіча “Не знайсці мне спакою”; верш М. Багдановіча “Страцім-лебедзь”; урывак з “Балады васількоў” А. Лойкі; верш А. Грачанікава “Калі паміраюць паэты”.

Гучыць мелодыя песні “Слуцкія ткачыхі”.

Дзяўчаты ў беларускіх народных касцюмах водзяць карагод і трымаюць у рукакх свечкі.

1 дзяўчына.

Васілёчкі, рамонкі, уюнок.

Ціха крочу сцяжынкаю вузкай.

Для цябе я збіраю вянок

З сціплых кветак зямлі беларускай.

2 дзяўчына.

Я зрываю валошкі і мак,

І, напэўна, зрываю не першай

Для цябе, беларускі юнак,

За твае незабыўныя вершы.

3 дзяўчына.

Мне балюча і горка зусім.

Што зрабіць мне, каб кветкі не звялі?

Каб не лёсу няўмольны прысуд,

Мог бы жыць і тварыць ты і далей.

4 дзяўчына.

Ды каму гэты кінеш папрок?

Не паможаш ні смуткам, ні плачам.

Ты прымі гэты сціплы вянок

Ад сучасных мадонн, ад зямлячак.

Падыходзяць да стала з партрэтам М. Багдановіча і ўскладаюць васількі і свечкі.

На сцэну пад музычнае суправаджэнне песні на сл. Я. Коласа

Мой родны кут” выходзяць вядучыя.

Вяд. 1. Усяго 25 свечак адпалала на зямным бяседным стале Максіма Багдановіча. Калі пагасла апошняя, тоненькая і пахілая, побач не было ні сваякоў, ні сяброў, і выпадковыя людзі, якія паклалі ў камяністую крымскую зямлю высушанае туберкулёзам маладое цела, не здагадваліся нават, што хавалі аднаго з найвыдатнейшых  беларускіх паэтаў, аднаго з самых любімых сыноў нацыі.

Вяд. 2. Яму было наканавана кароткае зямное жыццё і вечнасць у мастацкім слове. Сярод геніяў свету Максім Багдановіч самы малады, па сутнасці  юны. Такія творцы, відаць, як дар неба, сусвету для грэшнай зямлі, каб не звяліся на ёй святыя пачуцці. У самім прозвішчы паэта  Багдановіч прачытваецца: Богам дадзены.

Вяд. 1. Сёння мы сабраліся тут, каб яшчэ раз прайсці па незабыўных сцежках паэта, паслухаць чароўныя радкі яго бессмяротнай паэзіі.

Вяд. 2. Мы з вамі адправімся ў падарожжа ў мінулае стагоддзе, каб убачыць дарогі паэта з першых дзён яго і да апошніх, каб даведацца, чым жыў, аб чым марыў, пра што непакоіўся Максім Багдановіч.

На фоне ціхай мелодыі чытаецца верш У. Караткевіча. “Багдановічу”.

1 чытач.

Верш У. Караткевіча “Багдановічу”.

Ты прыйшоў

I гарачым словам

Рунь узняў на роднай зямлі.

Ты сказаў нам:

“Унукі Скарыны,

Дзе ваш гонар, моц і краса?

Ёсць і ў вас, як і ў іншых, святыня.

He давайце святыні псам!

He давайце з яе глуміцца,

Бо праспіць яна ясну зару,

Бо святы ізумруд заімгліцца

У пярсцёнку тваім, Беларусь”.

Ты устаў на лютую сечу,

Бітву вечную сонца і хмар,

Узваліўшы на юныя плечы

Святагораў народны цяжар.

I не вынеслі жылы напругі:

Знік ты, лебедзь, у хвалях сівых,

Сплыў крывёю, загінуў «за другі»,

За мяне, за вас і за ўсіх.

I застаўся ты ў нашых душах,

Хоць навекі знік у палях,

Вечна светлы і вечна дужы,

Вечна юны, як наша зямля.

Мы табой ганарымся — і плачам.

Мы нясём цябе ў сэрцы праз дым.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Нізка голаў схіляю, юнача,

Перад вечным глаголам тваім.

Смела крочу цяпер у пяскі я

Перад светлай заветнай гарой,

Бо як ёсць у народа такія —

He загіне давеку народ.

Вяд. 1. Гэты цудоўны верш Уладзіміра Караткевіча прысвечаны чалавеку незвычайнага лёсу і незвычайнага таленту, паэту Максіму Багдановічу.

Вяд. 2. Усе, хто асабіста ведаў Максіма Багдановіча, успамінаюць яго, як надта прыгожага чалавека: высокага юнака з правільнымі рысамі твару, з хвалістай прычоскай буйных каштанавых валасоў, з адухоўленымі вачыма, якія то здаваліся цёмна-блакітнымі, то загараліся карычневымі іскрынкамі, і тады станавіліся карымі, задуменнымі. І кажуць, што ніводная з дайшоўшых да нас фатаграфій нават блізка не перадае абаяльнасці гэтага чалавека. Ён пражыў 25 гадоў, але плёну гэтага жыцця, кароткага і яркага, як бліскавіца, суджана тое даўгалецце, якім лёс надзяляе ўсё сапраўды тэленавітае на зямлі.

Вяд. 1. 9 снежня 1891 года у Менску, на Траецкай гары па вуліцы Аляксандраўскай (цяпер гэта вуліца Максіма Багдановіча) пачаўся зямны шлях паэта, чалавека незвычайнага таленту і незвычайнага лёсу. Бацька - Адам Ягоравіч - працаваў настаўнікам, а потым у сувязі з хваробай горла перайшоў на працу у сялянскі банк. Маці паэта, Марыя Апанасаўна Мякота, была таксама жанчынай адукаванай, мела літаратурныя здольнасці. У сям’і, акрамя Максіма, падрастала яшчэ двое старэйшых за яго брацікаў – Вадзім і Лёва.

Вяд. 2. Калі Максіму споўніўся гадок, сям’я Багдановічаў пераехала ў Гродна. Стары драўляны дом, што стаіць на рагу вуліц Багдановіча і Першамайскай, амаль не чуў шуму гарадскіх магістраляў. Гэта была ціхая, пакрытая зелянінай садоў ускраіна.

На фоне ціхай мелодыі чытаецца урывак з паэмы

М. Багдановіча “Вераніка”.

2 чытач.

Урывак з паэмы М. Багдановіча “Вераніка”.

Удаль вядуць мяне сляды

Да вас, дзіцячыя гады.

Ўстае перад маім паглядам

І вулка, веючая сном,

І ціхі, старасвецкі дом

З цяністым, адзічэлым садам.

Над ім шпакоўніца ўгары,

А ўкруг схіліўся тын стары.

Я змалку там штодзень гуляў,

З дзяцьмі я лез на дахі смела,

Рваў яблыкі, рабіў садом

І крыкам поўніў цэлы дом.

А вечарком мы выпускалі

Ў паветра белых галубоў.

Зрабіўшы некалькі кругоў,

У вышыню яны шыбалі,

Як чысты снег, кружылі там

І падалі на дахі к нам.

Калі ж сачыўся бледнаваты

Зор сініх свет праз небасхіл,

Мы ўсе спявалі каля хаты.

І напаўняў нягучны хор

Маркотнай песняй сціхшы двор.

Так у гулянках пралятала

Маё дзіцячае жыццё…

Вяд. 1. Толькі чатыры гады бегалі ножкі Максіма ў гэтым доме ў Гродна.  А затым – страшная бяда: смерць маці, горача любімай сынам. Яна памерла на дваццаць восьмым годзе жыцця ад сухотаў. Навечна – развітанне з маці, надоўга – развітанне з Радзімай.

Вяд. 2. У той дзень ён прачнуўся вельмі рана, радасны, весела бегаў з пакоя ў пакой, смяяўся, але раптам да яго падышоў бацька, узяў за плячо і загадаў сесці. Твар у бацькі быў нейкі нядобры, і Максіму стала трывожна… Пасля да іх прыйшоў высокі худы чалавек у пенснэ – ён прыходзіў і раней, калі ў мамы з горла ішла кроў. За ім заявіўся бацюшка – Максім яшчэ ні разу не бачыў яго ў доме. ”Чаму ён тут?”- падумаў Максім, гледзячы ўслед  яго доўгай расе, але з крэсла не злез – так і прасядзеў на ім усю тую раніцу, быццам прывязаны…

Вяд. 1. Яна ляжала ў труне, рукі былі складзены на грудзях. Гарэлі свечкі. Адна з іх пачала раптам гарэць хутчэй за іншыя, задрыжэла і неўзабаве згасла, за ёю – яшчэ адна, маленькая, гэтаксама хутка… Максім падаўся назад, засланіў твар рукамі…

Вяд. 2. Усё свядомае жыццё Максіма Багдановіча прайшло ў Расіі: у Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі. Што мог запомніць хлопчык пра Бацькаўшчыну? Аказваецца, Беларусь у яго свядомасці назаўсёды аб’ядналася з самым светлым, пяшчотным вобразам матулі. Хіба мог ён забыць яе меладычны голас, прыгожую ўсмешку, цёплыя рукі?

Вяд. 1. Памяць пра маці жыла ў нотах, па якіх яна іграла на фартэпіяна, у любімых творах. І хоць Максіму ў гэты час было пяць год, дзіцячая душа не магла прыняць тыя змены, на якія рашыўся бацька. І ніводную жанчыну ён так і не  назаве больш мамай.

Вяд. 2. Вобраз той, хто даў яму жыццё, вечна жыў у Максімавым сэрцы як вобраз Радзімы, як зорка ясная, якая дарыла яму “светлыя згадкі”, будзіла ў яго сэрцы пачуццё прыгажосці, любоў да роднай Беларусі.

Вяд. 1. Пасля смерці Марылькі (так ласкава называў жонку Адам Ягоравіч) Багдановічы назаўсёды пакідалі Беларусь. Бацька з дзецьмі і сваёй малодшай сястрой, якая даглядала іх пасля смерці маці, пераехалі ў Ніжні Ноўгарад у Расію.

Вяд. 2. У 1902 годзе Максім становіцца вучнем Ніжагародскай мужчынскай  гімназіі. Шмат чытае, за што атрымлівае мянушку Максім-Кніжнік. Асабліва падабаюцца яму творы Пушкіна, Лермантава, Фета, мастацтва Адраджэння, міфалогія старажытных беларусаў.

Вяд. 1. Якія ж таемныя струны душы  павінны былі гучаць, каб з адарванага фізічна і духоўна  ад Беларусі хлопчыка вырас вялікі беларускі паэт! Бо нават бацька казаў юнаму Максіму: “Нашто табе гэтая беларусіка? Правінцыялізм”. Але зборнікі беларускіх песень і казак, бацькавы зборнікі супярэчылі гэтаму. І Максім вывучаў па іх родную мову.

На фоне ціхай мелодыі чытаецца верш М. Багдановіча “Пагоня”.

3 чытач .

Верш М. Багдановіча “Пагоня”.

Толькi ў сэрцы трывожным пачую

За краiну радзiмую жах, -

Ўспомню Вострую Браму святую

I ваякаў на грозных канях.


Ў белай пене праносяцца конi, -

Рвуцца, мкнуцца i цяжка хрыпяць...

Старадаўняй Лiтоўскай пагонi

Не разбiць, не спынiць, не стрымаць.


У бязмерную даль вы ляцiце,

А за вамi, прад вамi - гады.

Вы за кiм у пагоню спяшыце?

Дзе шляхi вашы йдуць i куды?


Мо яны, Беларусь, паняслiся

За тваiмi дзяцьмi уздагон,

Што забылi цябе, адраклiся,

Прадалi i аддалi ў палон?


Бiйце ў сэрцы iх - бiйце мячамi,

Не давайце чужынцамi быць!

Хай пачуюць, як сэрца начамi

Аб радзiмай старонцы балiць...


Мацi родная, Мацi-Краiна!

Не усцiшыцца гэтакi боль...

Ты прабач, ты прыймi свайго сына,

За Цябе яму ўмерцi дазволь!


Ўсё лятуць i лятуць тыя конi,

Срэбнай збруяй далёка грымяць...

Старадаўняй Лiтоўскай пагонi

Не разбiць, не спынiць, не стрымаць.

Вяд. 1. Шлях Багдановіча да беларускай мовы – формула нацыянальнага выратавання для беларусаў, якія хочуць вярнуцца да роднага.

Вяд. 2. Максім Багдановіч – прыклад для нас, сучаснікаў, як трэба ставіцца да беларускай мовы, як трэба любіць сваю Радзіму.

На фоне мелодыі паланэза М. Агінскага “Развітанне з Радзімай”

чытаецца верш ”Дзве песні” (пераклад М. Багдановіча.

4 чытач.

Верш ”Дзве песні”. Пераклад Максіма Багдановіча.

Калі смутак моцна дзьме душу маю,

І шкада мне дзён загубленых сваіх, -

Я паціху песні сумныя пяю,

Ўсю жуду сваю выкладваю ў іх.

Ціха песня разліваецца, звініць,

Вымаўляе, як я моладасць згубіў,

Як дагэтуль не патрапіў палюбіць,

І саўсім, бадай, праўдзіва шчэ не жыў.


А як родную згадаю старонку,

Як згадаю яе беднасць і нуду, -

Сэрца сціснецца, і я пяяць пачну, -

Мо душу хоць трохі гэтым адвяду.

Грозна песня разліваецца, грыміць,

Долю горкую мужыцкую кляне,

Бо нявідзімы ланцуг на іх вісіць,

Бо ім цяжка жыць у роднай старане.

Гучыць песня на сл. Я. Купалы “Малітва”

Вяд. 2. Першыя беларускія вершы Максім Багдановіч піша ў 11-гадовым узросце. Чытаеш раннія творы паэта – і перад табой як бы паўстае беларуская зямля са сваім хараством і таямніцамі, старымі барамі, цёмнымі пушчамі з адвечным гаспадаром лесуном, ціхія завадзі з вадзяніком і яго дочкамі русалкамі.

На фоне ціхай мелодыі чытаюцца вершы

М. Багдановіча “Возера”, “Над возерам”, “Вадзянік”.

5 чытач.

Верш М. Багдановіча “Возера”.

Стаяў калісь тут бор стары

І жыў лясун у тым бары.

Зрубалі бор — лясун загінуў.

Во след яго ад той пары:

Сваё люстэрка ён пакінуў

Маўляў у іншы свет акно,

Ляжыць, спакойнае, яно.

Жыццё сабою адбівае

І ўсё, што згінула даўно,

У цёмнай глыбіні хавае.

6 чытач.

Верш М. Багдановіча “Над возерам”.

Сонца ціха скацілася з горкі,

Месяц белы заплаканы свеціць,

Аглядае бахматыя зоркі.

Цягне з возера срэбныя ніці.

У іх русалкі заблыталі косы,

Рвуць і блытаюць срэбныя ніці.

Ноч плыве над зямлёй, сее росы,

Ноч шапоча русалкам: ”Засніце…”

7 чытач.

Верш М. Багдановіча “Вадзянік”.

Сівавусы, згорблены, я залёг між цінай

І гадамі грэюся – сплю на дне ракі.

Твар травой аблытаны, быццам павуцінай,

Засыпаюць грудзі мне жоўтыя пяскі.

Над вадой,  ля берага, ціха спіць асока

Ды лаза зялёная жаліцца-шуміць.

Хвалі ціха коцяцца і бягуць далёка,

І усё навокала сном адвечным спіць.

Вяд. 2. Першым друкаваным творам 16-гадовага юнака стала алегарычнае апавяданне “Музыка” – твор аб неўміручасці народнага мастацства, аб вернасці мастака свайму народу. З’явіўся ён на старонках “Нашай нівы” ў 1907 г.

Вяд. 1. У Ніжнім Ноўгарадзе, куды пераехала сям’я Багдановічаў, жыў і працаваў Максім Горкі. У 1899 г. Адам Ягоравіч Багдановіч ажаніўся з Аляксандрай Паўлаўнай Волжынай – сястрой жонкі Максіма Горкага. Але шлюб гэты аказаўся непрацяглым, бо яна памерла пры родах, пакінуўшы пасля сябе маленькага Шурыка.

Вяд. 2. У хуткім часе Адам Ягоравіч сыходзіцца з Аляксандрай Панасаўнай Мякота – роднай сястрой Максімавай маці. Як  ставіўся да яе Максім? Дзіцячая душа не магла змірыцца з тым, што мачахай стала родная сястра яго маці, лічыў, што тым самым Аляксандра Панасаўна кідала цень на памяць сваёй сястры,  і душэўна не мог не пратэставаць супраць гэтага.

Вяд. 1. У гэты час у Максіма яшчэ больш абвастраецца пачуццё адзіноты і настальгіі па далёкай Радзіме.

Пачынае гучаць мелодыя песні “Малітва” Я. Купалы.

На фоне гэтай ціхай мелодыі чытаюцца вершы М. Багдановіча “Сэрца ные”, “На чужыне”.

8 чытач.

Верш М. Багдановіча “Сэрца ные”.

Сэрца ные, сэрца кроіцца ад болю:

Ой, пайду я з цеснай хаты ў тое поле.

У чыстым полі вецер вые, павявае,

Ты пакінь мяне, нуда мая нямая!

Я тады б у песні звонкай, салаўінай

Выліў сум ды і на вецер буйны кінуў,

І развеяў бы яго ён па раздоллі,

Каб не бачыць мне ніколі ўжо нядолі.

9 чытач.

Верш М. Багдановіча “На чужыне”.

Вакол мяне кветкі прыгожа красуюць,

Маркотна між іх я хаджу адзінок,

Аж бачу – мне сіняй галоўкай ківае

Наш родны, забыты ў цяні васілёк.

“Панура, нявесела шэпча ён мне.

Здароў будзь, зямляча! – чуць бачны ў даліне

Успамянем, мой дружа, у багатай чужыне

Аб беднай, багатай сваёй старане”

Вяд. 2. У 1908 г. сям’я Багдановічаў пераехала ў Яраслаўль, куды быў пераведзены па службе Адам Ягоравіч. Максім пераводзіцца ў 6 клас Яраслаўскай гімназіі. Успамінае адзін з аднакласнікаў Максіма:

Вяд. 1. Асабліва ажыўлена стала на занятках літаратурнага гуртка, калі ў наш клас прыйшоў новы вучань. Яго звалі Максім Багдановіч. Сціплага, выхаванага і таварыскага, яго адразу палюбіў клас. У пытаннях літаратуры ён быў на галаву вышэй за ўсіх нашых медалістаў. Свае погляды Максім адстойваў заўсёды горача і смела…

Вяд. 2. У Яраслаўлі паэт напісаў большасць сваіх вершаў. Кранаюць нас вершы Максіма Багдановіча аб родным краі, аб сэнсе чалавечага жыцця- найвялікшага дару прыроды. Калі бярэш гэты дар, — вучыць паэт, патрэбнпа быць вартымі яго.

Вяд. 1. Тэма прыроды – асноўная ў творчасці Максіма Багдановіча. Яго пейзажныя вершы настолькі пранікнёныя, глыбокія і лірычныя , што лёгка кладуцца на музыку. Адным з такіх твораў з’яўляецца верш “Па-над белым пухам вішняў”.

На фоне ціхай мелодыі чытаецца верш

М. Багдановіча “Па-над белым пухам вішняў”.

10 чытач

Верш М. Багдановіча “Па-над белым пухам вішняў”.

Па-над белым пухам вiшняў,

Быццам сiнi аганёк,

Б'ецца, ўецца шпаркi, лёгкi

Сінякрылы матылёк.

Навакол ўсё паветра

Ў струнах сонца залатых, —

Ён дрыжачымi крыламi

Звонiць ледзьве чутна iх

I лiецца хваляй песня —

Цiхi, ясны гiмн вясне.

Цi не сэрца напявае,

Навявае яго мне?

Цi не вецер гэта звонкi

Ў тонкiх зёлках шапацiць?

Або мо сухi, высокi

Ля ракi чарот шумiць?

Не паняць таго нiколi,

Не разведаць, не спазнаць:

Не даюць мне думаць зыкi,

Што ляцяць, дрыжаць, звiняць.

Песня рвецца i лiецца

На раздольны, вольны свет.

Але хто яе пачуе?

Можа толькi сам паэт.

Вяд. 2. Здольнага юнака адразу заўважылі выкладчыкі ў гімназіі. Ён займаўся ў літаратурным гуртку і меў многа сяброў. Моцным ударам для Максіма стала смерць старэйшага брата, які памёр вясной 1909 года ад сухотаў. Максім страціў брата-сябра. Пасля смерці Вадзіма і ў Максіма стаў актыўна развівацца туберкулёзны працэс. Бацька вязе сына ў Ялту, пасяляе ў пансіён. Тут Максім бываў і раней. Падчас вучобы ў Яраслаўлі Максім сустрэў сваё самае моцнае каханне.

Інсцэніроўка “Сустрэча М. Багдановіча і А. Какуевай”.

На фоне ціхай мелодыі выносіцца на сцэну адна парта і два крэслы.

У гімназіі. Рафаіл і Максім вітаюць адзін аднаго за рукі.

Рафаіл. Дзе гэта ты, Максім, прападаў так доўга?

Максім. Ведаеш, Рафаіл, ажыццявілася мая мара - я наведаў Беларусь. Столькі пачуў і пабачыў!

Рафаіл. Прыходзь сёння да нас, раскажаш пра ўсё. Я даўно хацеў цябе запрасіць.

Максім. Мне неяк няёмка.

Рафаіл. Не, не, не адмаўляйся, калі ласка. Я ведаю ў чым справа...

Максім. Я саромеюся тваіх сясцёр.

Рафаіл. А дакладней, Ані.

Звініць званок.

Рафаіл. Ну дык як?

Максім. Прыйду.

Уваходзіць настаўнік. За партай сядзяць гімназісты.

Настаўнік. Ну што, спадары гімназісты, я прынёс вам вашы кантрольныя па матэматыцы, якія вы пісалі на мінулым уроку. Скажу шчыра, не ва ўсіх выдатныя поспехі, а хутка выпускныя іспыты. І вы павінны паклапаціцца пра сваю будучыню. Вось вы, Багдановіч, якія ў вас планы? Што вас цікавіць?

Максім. Мне падабаецца літаратура, паэзія, мовы. І ўвогуле, пасля заканчэння гімназіі я хачу паехаць на радзіму, у Беларусь, прысвяціць сваё жыццё адраджэнню роднага краю. З вашага дазволу я прачытаю невялікі верш, што напісаў учора.

Вакол мяне кветкі прыгожа красуюць.

Маркотна між іх я хаджу адзінок,

Аж бачу — мне сіняй галоўкай ківае

Наш родны, забыты ў цяні васілёк.

"Здароў будзь, зямляча!"

Чуць бачны ў даліне,

Панура, нявесела шэпча ён мне:

"Ўспамянем, мой дружа, ў багатай чужыне

Аб беднай, далёкай сваёй старане".

Настаўнік. Нядрэнна, нядрэнна, вельмі нядрэнна, малады чалавек. Я дарую вам не такія выдатныя поспехі ў матэматыцы і думаю, мы з задавальненнем паслухаем вас на пасяджэнні літаратурнага гуртка.

Максім. Дзякую.

Настаўнік. А зараз вазьміце заданне на наступны ўрок.

Настаўнік аддае заданне Максіму і выходзіць.

Рафаіл. Ну дык у колькі, Максім?

Максім. У пяць.

Разыходзяцца ў розныя бакі.

Рафаіл, Аня, Вара ў другім канцы сцэны хутка афармляюць залу.

На фоне ціхай мелодыі выносіцца на сцэну святочны стол, парту адносяць убок.

Уваходзяць Максім і Нюта Гапановіч.'

Рафаіл. Заходзьце, калі ласка, заходзьце.

Максім. Гэта мая дваюрадная сястра Нюта Гапановіч.

Вара, Аня. Вельмі прыемна.

Рафаіл. Мой аднакурснік і сябра Максім Багдановіч, а гэта - мае сёстры: Аня і Вара Какуевы.

Максім, Нюта. Рады пазнаёміцца.

Вара. Сядайце, калі ласка, а ты, Рафаіл, дапамажы мне прыгатаваць гарбату.

Вара і Рафаіл выходзяць.

Аня. Максім Адамавіч, раскажыце, калі ласка пра сваю сям’ю.

Максім. Ведаеце, Ганна Рафаілаўна, баюся, што мой расповед засмуціць вас.

Аня. Не, не, мне цікава.

Максім. Нарадзіўся я ў Мінску. Бацька мой працаваў настаўнікам, пісаў артыкулы і кнігі па гісторыі і культуры роднага краю, але навукай займаццца не мог: трэба было карміць сям’ю. Мы пераехалі ў Гродна. Там бацька працаваў бухгалтарам ва Усерасійскім сялянскім банку, а цяпер працуе ў яго філіяле ў Яраслаўлі.

Аня. А ваша мама?

Максім. А мама...

Нюта. Марыя Апанасаўна таксама мела педагагічную адукацыю, вучылася ў Пецярбургу, любіла паэзію, музыку, пісала апавяданні. Але жыццё яе было нядоўгім: яна памерла ад сухотаў.

Аня. Прабачце, я зрабіла вам балюча.

Максім. Вы не паверыце, Ганна Рафаілаўна, мне было тады пяць гадоў, але я памятаю маму, памятаю, як шмат часу яна праводзіла за фартапіяна. Я быццам чую і зараз тыя мелодыі.

Аня выцірае слёзы.

Максім. Вы бачыце, я ж гаварыў, што мой расповед навее смутак.

Аня. Не, не, калі ласка, расказвайце.

Вяртаюцца Рафаіл і Вара.

Максім. Пасля смерці мамы мы пераэхалі ў Ніжні Ноўгарад, дзе бацька пазнаёміўся з Максімам Горкім. Вечарамі яны размаўлялі пра літаратуру.

Нюта. У бацькі Максіма вялікая бібліятэка.

Аня. Прабачце, Максім Адамавіч, Рафаіл казаў, што ў гімназіі вучыцца ваш малодшы брат Леў.

Максім (з сумам). Так... У мяне быў яшчэ адзін брат — Вадзім, вельмі таленавіты чалавек. У Ніжнім ён быў адным з кіраўнікоў студэнцкай моладзі, падчас адной сходкі захварэў і памёр. Потым мы пераехалі ў Яраслаўль.

Нюта. Як бачыце, гора ўсё жыццё пераследуе іх сям'ю.

Вара. Сябры, забудзьцеся пра сумнае.

Рафаіл. Сядайце ўсе да стала, будзем піць гарбату. Максім, пачытай свае вершы.

Прапаноўвае гарбату. Моладзь сядае да стала. П’юць гарбату, гавораць.

Аня. Вы пішаце вершы?

Нюта. Ён у нас сціплы. Яго вершы ўжо друкаваліся ў газеце.

Максім. Я пішу па-руску і па-беларуску.

Аня. Па-беларуску? Вы ж казалі, што пакінулі радзіму ў пяць гадоў.

Максім. Менавіта так, але я ўвесь час чуў, як у сям’ размаўлялі па-беларуску. Але галоўнае — кнігі. Давайце я вам лепш пачытаю.

Гучыць ціхая беларуская мелодыя.

Месяц круглы ўстаў на небе,

Блішчыць невысока,

Ўвесь чырвона-жоўты, быццам

Пугачова вока.

3 мілым, задушэўным зыкам

Важкі хрушч лятае;

Пра няшчаснае каханне

Нехта запявае.

Голас полем пракаціўся,

У бары аддаўся:

"А дзе ж, твая крынічанька, г

Што голуб купаўся?"

I снуюцца сумна ўсэрцы,

Ўюцца адгалоскі

Роднай песні, простай песні

Беларускай вёскі…

Аня. Як шчыра і пранікнёна. Мне вельмі спадабалася. Я ніколі раней не чула беларускай мовы. Магчыма, я памыляюся, але яна мне нагадвае польскую ці ўкраінскую.

Максім. Я мару пасля заканчэння гімназіі паехаць на радзіму, пабываць у мясцінах. А вось вучыцца хацеў бы ў Пецярбургу.

Гучыць музыка. Паступова гасне святло, на сцэне застаюцца пры невялікім асвятленні Максім і Аня.

Аня. Як ціха і добра!

Максім. Вы любіце зорнае неба?

Аня. Вельмі.

Максім. А якая ваша любімая зорка?

Аня. Венера.

Максім. Венера, зорка Венера.

Пад гукі "Зоркі Венеры" Максім падыходзіць да Ані, танцуюць.

Аня. Хутка я еду ў Пецярбург.

Максім.Тады сустрэнемся, магчыма, толькі летам у наступным годзе.

Максім. Цэлых 10 месяцаў, Аня. Гэта так многа.

Чытае.

Мне доўгае расстанне з Вамі

Чарней ад Вашых чорных кос.

Чаму ж нядобры час прынёс

Мне доўгае расстанне з Вамі?

Я пабляднеў ад горкіх слёз

I трыялет пачаў славамі:

Мне доўгае расстанне з Вамі

Чарней ад Вашых чорных кос.

Аня. Бывайце, Максім, мне трэба ісці.

Максім. Бывайце, Аня. (Падае дзяўчыне складзены лісток.) Прачытайце вось гэта калі-небудзь. Пакідае сцэну.

Аня (чытае).

Больш за ўсё на свеце жадаю я,

Каб у мяне быў свой дзіцёнак - |

Маленькая дачушка — немаўляшка.

Аня Максімаўна…

З чорнымі валосікамі і броўкамі,

3 цёмна-карымі вочкамі,

А ручкі; як пёрацягнутыя ніткамі.

Зусім такая, як Вы,

Калі Вы былі маленькай дзяўчынкай.

Аня. Ах, Максім, Максім. •

Пакідае сцэну. Выходзяць вядучыя.

Пачынае гучаць мелодыя песні “Малітва”Я. Купалы.

Вяд. 1. 1911 год заканчваліся выпускныя экзамены ў гімназіі. Максім стаміўся і адчуваў патрэбу ў адпачынку. Бацька раіў ізноў паехаць у Крым падлячыцца, але Максіма цягнула на Радзіму, у Беларусь.

Вяд. 2. Збылася запаветная мара М. Багдановіча – ён упершыню наведаў Беларусь – край васільковых палёў, дзе асабліва блакітнае неба і асабліва буйныя зоркі. Паездка Максіма Багдановіча на Беларусь – адна з самых яркіх старонак у яго жыццёвай біяграфіі. Адарваны ад Радзімы пяцігадовым хлапчуком (неўзабаве пасля смерці маці), ён да заканчэння гімназіі не бачыўся з Бацькаўшчынай. Далёкая і нязнаная Беларусь вабіла і прыцягвала да сябе ад той пары, як ён пачаў адчуваць сябе свядома.

Вяд. 1. І вось цягнік імчыць Максіма ў Вільню. Настрой быў прыўзняты, душа спявала. Шумам і грукатам сустрэў Максіма стары Віленскі вакзал.

Вяд. 2. Максім затрымаўся каля касцёла незвычайнай прыгажосці. Ад старэнькай жанчыны ён даведаўся, што гэта касцёл святой Анны. Максім прысеў на лавачку, залюбаваўся, адчуваючы асалоду ад застылай музыкі, як называлі архітэктуру святой Анны. Ён успомніў пра сваю Анну – Анну Какуеву. Яе вобраз так запаў яму ў душу, што ён не мог ўжо уявіць сябе без яе. А ў душы нараджаліся радкі:

На фоне ціхай мелодыі чытаецца верш

М. Багдановіча “Касцёл святой Анны”.

11 чытач.

Верш М. Багдановіча “Касцёл святой Анны”.

Каб залячыць у сэрцы раны,

Забыць пра долі цяжкі глум,

Прыйдзіце да касцела Анны,

Там знікнуць сцені цяжкіх дум.

Як легка на гары, як красна

Узносіць вежы ён свае!

Іх зарыс стройны ў небе ясна

Ізломам дзіўным устае.

А вастрыя іх так высока,

Так тонка ў вышу неба ткнуць;

Што міг - і ўжо, здаецца воку,

Яны ў паветры паплывуць.

Як быццам з грубаю зямлёю

Расстаўся стройны, лёгкі гмах

І вось, чаруючы красою,

Ўступае на блакітны шлях.

Глядзіш, - і ціхнуць сэрца раны,

І забываеш долі глум.

Прыйдзіце да касцёла Анны,

Там знікне горач цяжкіх дум.

Вяд. 1. Дваццацігадовы юнак прыехаў у Вільню – цэнтр Літвы і Беларусі. Вільня! Рэдакцыя “Нашай нівы”. Ужо не па газетах, а на свае вочы ён бачыць тых, хто стварае беларускую літаратуру, дбае пра яе росквіт. Правёўшы тут некалькі дзён, амаль два месяцы жыве ў Ракуцёўшчына, што недалёка ад Маладзечна.

Вяд.2. У рэдакцыі “Нашай нівы” Максіма сустрэлі гасцінна. Тут ён пазнаёміўся з гаспадарамі і супрацоўнікамі газеты: братамі Іванам і Антонам Луцкевічамі. Максім наведаў музей, які заснаваў Іван Луцкевіч. Сярод экспанатаў яго вельмі ўразілі слуцкія паясы – яскравыя ўзоры народнага мастацкага шаўкацтва. І наступіла як бы паэтычнае азарэнне. Калі тут, на зямлі Беларусі, людзі здольны стварыць такое хараство, то гэты край- выдатны і таленавіты.

На фоне ціхай мелодыі чытаецца верш

М. Багдановіча “Слуцкія ткачыхі”.

12 чытач.

Верш М. Багдановіча “Слуцкія ткачыхі”.

Ад родных ніў, ад роднай хаты

У панскі двор дзеля красы

Яны , бяздольныя узяты

Ткаць залатыя паясы.

І цягам доўгія часіны,

Дзявочыя забыўшы сны,

Свае шырокія тканіны

На лад персідскі ткуць яны.

А за сцяной смяецца поле,

Зіяе неба з-за акна,-

І думкі мкнуцца мімаволі

Туды, дзе расцвіла вясна;

Дзе блішча збожжа ў яснай далі,

Сінеюць міла васількі,

Халодным срэбрам ззяюць хвалі

Між гор ліючайся ракі;

Цямнее край зубчаты бора…

І тчэ, забыўшыся, рука,

Заміж персідскага узора,

Цвяток радзімы васілька.

Вяд. 1 Ступіўшы на зямлю Беларусі, паэт нібы набывае крылы. Раней ён уяўляў родны край толькі ў марах-снах, родная мова звінела толькі ў душы паэта, а цяпер усё гэта ўбачыў і пачуў на яве.

Беларускі танец.

Вяд.2. Але набліжаўся час расстання з роднымі краявідамі, трэба было вяртацца ў Яраслаўль. Толькі наведаўшы Беларусь, Максім Багдановіч з поўнай сілаю адчуў: ён паэт гэтага народа і гэтай зямлі. На кожным кроку ён адчуваў павагу да сябе, разумеў: як паэт - ён прызнаны. І не так многа паэтаў мае Беларусь.

На фоне ціхай мелодыі чытаецца верш

Міхася Пазнякова. “Загадка Максіма Багдановіча”.

13 чытач.

Верш М. Пазнякова “Загадка Максіма Багдановіча”.

Змалку звезены з любай Айчыны,

Адарваны ад матчынай мовы,

Ён вярнуўся Паэтам і Сынам,

Улюблёны у край свой і слова.


Чуйным сэрцам ён Маці-Радзіму,

Боль яе шматвяковы падслухаў

І пацвердзіў усім: немагчыма

Знішчыць плынь беларускага духу.


І з якой таямнічай крыніцы

Чэрпаў сілы ён, веру, натхненне,

Каб нязгаснаю зоркай свяціцца

Для наступных усіх пакаленняў.

Вяд. 2. 1911 год Максім марыў вучыцца ў Пецярбурзе. Ён меў запрашэнне акадэміка Шахматава з універсітэта. Але ўмяшаўся бацька, пераконваючы, што туды не трэба ехаць. Прыйшлося змірыцца з лёсам, застацца ў правінцыйным Яраслаўлі і паступіць у юрыдычны ліцэй. Вучыўся там без ахвоты, бо займаўся справаю, да якой душа не ляжала. Таму больш займаўся творчасцю. З першай публікацыі у “Нашай ніве” М. Багдановіч нястомна шчыраваў на ніве беларускай паэзіі. Але не лёгка прабіваўся ён на старонкі беларускага друку. Нялёгкім быў шлях і да першага зборніка.

Вяд. 1. Максіма, як птушку з далёкага выраю, цягнула на Радзіму. “Вось толькі скончу гэты пракляты ліцэй,- пісаў Багдановіч беларускім сябрам, — і зараз жа прыеду на Беларусь, дадому. Годзе ўжо бадзяцца па свеце. І ніякая сіла мяне тут не ўтрымае”.

Вяд. 1. У 1913 г. выходзіць першы і адзіны зборнік вершаў Максіма Багдановіча “Вянок”. Колькі клопатаў і турбот давялося яму зазнаць пры выданні зборніка! Не было грошай. Разлічваць на бацькаву дапамогу не мог, бо той, як відаць з паэтавых лістоў, “жыў ад 20-га да 20-га, да таго ж і вінен шмат каму”. Заставалася адно: пазычыць пад кніжку грошы ў знаёмых.

Вяд. 1. Доўга і цярпліва ён будзе чакаць выхаду зборніка. А калі нарэшце дачакаецца, на радасць застанецца мала часу. Вельмі мала.

Вяд. 2. Пры слове “Вянок” узнікаюць розныя асацыяцыі: вянок нявесты, дзявочы вянок з палявых кветак, што імклівая плынь нясе юнаку да другога берага ў час Купалля. І, нарэшце, жалобны вянок. Ці не сабе на магілу?..

Вяд. 1. Не, бо Максім занадта любіў жыццё, быў аптымістам. Марыў бачыць сваёй жонкай Ганну Какуеву.

На фоне ціхай мелодыі чытаюцца вершы М. Багдановіча

Больш за ўсё жадаю я…”, “Не знайсці мне спакою”

14 чытач.

Верш М. Багдановіча Больш за ўсё жадаю я…”

Больш за ўсё жадаю я,

Каб у мяне быў свой дзіцёнак –

Маленькая дачушка-немаўляшка,

Аня Максімаўна.

15 чытач.

Верш М. Багдановіча “Не знайсці мне спакою”

Не знайсці мне спакою

Ні цёмнай ноччу, ні днём,

Бо любоў мяне мучыць і паліць

Пякельным агнём.

Але ведама, каб, апаліўшыся, боль заглушыць,

Трэба толькі да раны

Халоднай зямлі прылажыць.

Пэўна, прыйдзецца мне пахавацца ў сырую зямлю,

Каб уцішыць мучэнні і тую забыць,

Што люблю.

Вяд. 2. 25-гадовы юнак толькі сустрэў сваю вясну кахання, і жыццё яму абяцала так шмат. Але запаветным марам – стварыць сям’ю, мець дзяцей ад каханай – не суджана было збыцца. Некаторыя вершы паэта гучаць як трывожныя прадчуванні.

На фоне ціхай мелодыі чытаюцца вершы

М. Багдановіча. “Не кувай ты, шэрая зязюля”, “Даўно ўжо целам я хварэю”.

16 чытач.

Верш М. Багдановіча. “Не кувай ты, шэрая зязюля”

Не кувай ты, шэрая зязюля,

Сумным гукам у бары.

Мо і скажаш, што я жыці буду,

Але лепш не гавары.

Бо не тое сведчыць маё сэрца,

Грудзі хворыя мае.

Боль у іх мне душу агартае,

Думцы голас падае.

Кажа, што нядоўга пажыву я,

Што загіну без пары…

Прыляці ж тады ты на магілу,

Закувай, як у бары.

17 чытач.

Верш М. Багдановіча Даўно ўжо целам я хварэю”.

І хвор душой.

І толькі на цябе надзея,

Край родны мой!

У родным краі ёсць крыніца

Жывой вады.

Там толькі я магу пазбыцца

Сваёй нуды.

Калі ж у ім умру-загіну –

Не жалюсь я!

Не будзеш цяжкая ты сыну

Свайму, зямля.

Там хоць у гліне, хоць у брудзе,

Там пад зямлёй,

Найдуць мае слабыя грудзі

Сабе спакой.

Вяд. 2. 1916 год. Заканчвалася вучоба ў ліцэі. Максім, здаўшы апошнія залікі, пачаў збірацца ў Мінск. Ён вырашыў канчаткова: трэба вяртацца на Радзіму. Там ён патрэбен. Яна, Бацькаўшчына, дасць яму прытулак. Максім вяртаўся ў горад, дзе нарадзіўся. Прытулак паэту даў Змітрок Бядуля.

Вяд. 1. З успамінаў Змітрака Бядулі. “Канец 1916 года. Мароз. Ноч. Усё на маім двары абтрушана снежным цветам. Учора гэтай парой Максім доўга жартаваў на двары і смяшыў маіх сясцёр, як малых дзяцей. Сёння ён таксама хацеў выйсці са мной, але нечакана закашляўся.

Вяд. 2. — Дарагі Змітрок, — сказаў ён.- Вы прабачце мне. Буду ў хаце сядзець. Максім дастае са сваёй тумбачкі некалькі кніг, паперу, аловак, чарніла, кладзе на стол гадзіннік, тэрмометр. Так ён робіць кожную ноч. Пасля праверкі тэмпературы ён забываецца збіваць тэрмометр. Я не раз раніцою, калі Максім моцна спаў, глядзеў тэрмометр. Ён паказваў 38 з дзясятымі…”

Вяд. 1. “Павольна і старанна ён водзіць алоўкам па тонкай стопцы паперы. Праз некалькі хвілін шэптам чытае напісанае і тут жа энергічным узмахам алоўка ўсё перакрэслівае… Ён зноў садзіцца за стол. У цішыні чуваць шорхат алоўка па паперы.”

Вяд. 2. Ветліва сустракала паэта і “Беларусая хатка”, дзе праводзіў ён вольны час. Тут, у Мінску, Максім напіша свой перадсмяротны твор-паэму “Страцім-лебедзь”. Вобраз героя, які аддаў жыццё за шчасце іншых, трагічная пагібель яго – усё гэта ўспрымалася, і як рамантыка, і як жывая рэчаіснасць.

На фоне ціхай мелодыі чытаецца верш

М. Багдановіча “Страцім-лебедзь”.

18 чытач.

Верш М. Багдановіча “Страцім-лебедзь”.

Не анёл у трубу уструбіў -

З хмары бог старому Ною гаварыў:

"Поўна з краем чаша гневу майго

На людскія грахі ды бясчыннасці.

Вось надойдзе часіна суворая.

Лінуць з неба залівы бязмерныя

I абмыюць ад бруду смуроднага

Ўсю зямлю яны, белы-вольны свет".

Пачынаў тут Ной будаваць каўчэг

З таго дзерава ліванскага.

Ўшыркі гэтаму каўчэгу - сто лакцёў,

А ўдаўжкі - болей тысячы.

Ды узяў туды Ной і птах і звяроў,

Каб не звёўся іх род з зямлі.

Ды не плыў к яму з мора сіняга

Страцім-лебедзь - горды, моцны птах.

Яго звычаі - арліныя,

Яго ўцехі - сакаліныя;

Пер'і-пер'ечкі бялеюцца

Ды на золку агнявеюцца.

У яго ў крыле - трыста тры пяра:

Узмахне крылом - быццам бор шуміць,

Узмахне другім - што мяцель гудзіць.

Як учнуць дажджы, - пацякла вада,

Разлілася горш ад павадка.

Затапіла ўсе лугі-лагі,

Ўсе лугі-лагі, ўсе лясы-бары;

Уздымаецца вышэй ад гор.

Птахі ў небе стаяй лётаюць,

Енчаць жаласна, ад нуды крычаць,

Выглядаюць стуль прытулачку.

А па ўсёй зямлі толькі хвалі б'юць,

Толькі хвалі б'юць белай пенаю.

Ды па іх дужы, смелы плавае

Страцім-лебедзь - горды, моцны птах.

Узмахне крылом - быццам бор шуміць,

Узмахне другім - як мяцель гудзіць.

I населі тут на лебедзя

Птахі дробныя ўсёй стаяю.

Лебедзь з сілы выбіваецца,

Птушкі ажна усцяшаюцца.

Дзень ён плавае, другі-трэці дзень,

На чацвёрты стаў прасіць-маліць:

"Вы ўзляціце хоць на час які,

Выбіваюся з астатніх сіл.

Дайце вы грудзям, гэй, вальней ўздыхнуць!

Дайце вы крылам, гэй, шырэй ўзмахнуць!"

Не паслухалі птахі лебедзя.

Пацямнела у яго ў вачах,

Крыллі ўрэшце надламаліся,

Галава ў ваду апусцілася.

I пайшоў на дно мора сіняга

Страцім-лебедзь - моцны, горды птах.

Ад усіх цяпер патомкі ёсць,

Ды няма адных - Страцімавых.

Вяд. 2. Жыццё наканавала яму кароткі век. І можа таму, што ён ведаў пра гэта, так спяшаўся працаваць, каб паспець сказаць людзям пра ўсё, што вынасіў у сваім сэрцы. Спяшаўся, каб не спазніцца, не зважаючы на тое, хопіць сіл ці не. Не адкладваў нічога на потым, усё рабіў сёння, бо заўтра магло быць позна.

Вяд. 1. Аб сваім здароўі Максім Багдановіч клапаціцца не ўмеў. Усе яго думкі былі разам з народам, усю сваю душу ён аддаваў людзям. Атрымліваючы ў харчовым камітэце цукар, хворы паэт не піў салодкага чаю. Назбіраўшы каля 10 кілаграмаў цукру, ён аддаў яго ў дзіцячы дом.

Вяд. 2. У лютым 1917 г. паэту стала зусім дрэнна. Сябры сабралі грошы і адправілі яго лячыцца ў Ялту. Але дарэмна.

Вяд. 1. Нягледзячы на цяжкі стан здароўя, ён не кідаў працы над складаннем беларускага буквара, ні на хвіліну не забываўся пра сваю родную Беларусь. Гаспадыня думала, что ён піша лісты сваякам. Напісаў бацьку на паштоўцы алоўкам, што справы зусім дрэнныя, але адпраўляць не спяшаўся... Зноў браў у рукі "Вянок", перачытваў, правіў асобныя месцы, шліфаваў. Ён і назвы ўжо прыдумаў сваім новым кнігам, прыгожыя, дзіўныя: "Маладзік", "Красавік", "Пярсцёнак", "Шыпшына", "Палын- трава".

Вяд. 1. Быў май… За акном пачыналася навальніца,  і Максім  раптам убачыў, як ішла да яго маці. Яна падыходзіла да яго, усміхаючыся, з аплеценымі стужкамі валасамі, як у маладой на беларускім вяселлі, у вышыванай кашулі, з ручніком цераз плячо, але твар у яе быў бледны, змярцвелы, а наўкол дрыжэлі кволыя агеньчыкі свечак, і дзве з іх дагаралі хутчэй за іншыя: яе, матчына, і ягоная…

Вяд. 2. 25 мая 1917 г. Максіма Багдановіча не стала. Каля яго ложка знайшлі лісток паперы з радкамі:

У краіне светлай, дзе я ўміраю,

У белым доме ля сіняй бухты

Я не самотны, я кнігу маю

З друкарні пана Марціна Кухты.

Вяд. 2. Гэтай кнігай быў зборнік вершаў “Вянок”. І пахаваюць паэта чужыя людзі, для якіх ён быў усяго толькі нейкім студэнтам…

На фоне ціхай мелодыі чытаецца верш

А. Лойкі “Балады васількоў”

19 чытач

Урывак з “Балады васількоў” А. Лойкі.

Што ж?

Здавён ужо быў адзінокі ён.

Сам сабе, па сабе ён быў:

Ад бацькоўскага краю далёкі,

Адзінокі, яго любіў.

Незайздроснасць пяснярскага лёсу:

Быў адзін, а любіў – усіх,

Пагарджаных, пакрыўджаных, босых,

Згаладнелых, сляпых, глухіх.

Так пражыў на зямлі, як бязродны,

Сам не засцячы людзям нідзе:

Жыў самотны, памёр самотны,

І хавалі амаль без людзей.

Нехта бег напрасткі да порта,

Нехта ставіў радні манумент…

Хто такі малады памёр там?

Так… Якісьці прыезджы студэнт…

І адны былі толькі вочы,

У якіх плыў кругамі свет,

І сасмяглыя вусны дзявочыя

Прашапталі : “Ён быў – паэт…”

Час прайшоў. Дзень высокі ўзняўся.

Песні волі залётна звіняць…

Беларусь! Твой народ дачакаўся

Залацістага, яснага дня.

Бы з магілы, чутно з нябыту,

Пасланцы яе бачаць здалёк,

Быццам толькі што з роднага жыта

На магіле яго васілёк.

Гучыць мелодыя песні “Слуцкія ткачыхі”

Усе ўдзельнікі выходзяць на сцэну.

Вяд. 2. “Смерці ў паэта няма – ёсць нараджэнне” (усе ўдзельнікі выходзяць на сцэну) Гэта пра Максіма Багдановіча сказала Яўгенія Янішчыц, а Максіму Багдановічу на нашай зямлі належыць вечнасць.

Вяд. 1. Сваімі несмяротнымі творамі ён звяртаеццы да кожнага з нас, шчыры і мудры. І так надзённа гучаць яго пранікнёныя радкі, быццам напісаныя сёння.

1 чытач.

Калі паміраюць паэты,

Што ні перад кім не гнуцца,

У чалавецтва прасветы

На ўсе вякі застаюцца.



2 чытач.

І ні пры чым тут гены,

Што правяць жыццём і светам,

Паэтам няма замены,

Няма замены  паэтам!



 3 і 4 чытачы.

— Хто нашу зямельку адновіць,

Верне яе блакіту без меры?



— Глядзіць у вочы Максім Багдановіч

Вачамі  зоркі Венеры.



— Хто нашу мову замовіць

Ад вуснаў злых , нечытэльнай паперы?



— Глядзіць у вочы Максім Багдановіч

З надзеяй зоркі Венеры.



 — Хто нашы душы заслоніць

У душы дзяцей хто ўкладзе крыху веры?



— Гарыць высока Максім Багдановіч

Ясным агнём зоркі Венеры.



5 чытач.

Мы не ўсё, што хацелі, сказалі,

У нашых сэрцах жывеш ты, павер.

І кахання, што знаў гэтак мала,

У цябе вельмі многа цяпер.



Вяд. 1.

І твае чарадзейныя словы

Даказалі даўно ўсяму свету,

Як пяшчотна гучыць наша мова

У сапраўдных вялікіх паэтаў.



Вяд. 2.

Беларусы табой ганарацца,

Тут імя тваё дорага ўсім,

І так хораша нам называцца



(Усе ўдзельнікі хорам):

Землякамі тваімі, Максім.


Пад мелодыю ўдзельнікі кланяюцца.


Спіс літаратуры:

1. Валасюк, В. Максім Багдановіч “Раманс”: урок у VIII класе, літаратурная гасцёўня // Роднае слова. – 2008. – №5. – С.18-20.

2. Кандраценка, К. Літаратурны музей Максіма Багдановіча: музеі маёй краіны. // Пачатковая школа. – 2009 - №6.

3. Каханоўскі, Г.А. Сэрца ўсё імкне да бацькаўскага краю... – Мінск, 1991.

4. Лойка А. Паэт нараджаецца не аднойчы // Поўны збор твораў / Багдановіч М.: у 3 т. – Т. 1. – Мінск, 1992. – С. 7-49.

5. Чырскі, М.А. Максім Багдановіч у Мінску. – Мінск: Полымя.

6. Я хацеў бы спаткацца з Вамі…: літ.-публ. арт. пра Максіма Багдановіча /уклад. Т.Шэлягвіч. – Мінск: Маст. літ., 2009. – 182 с.: іл.

7. www.maksimbogdanovich.ru / (сайт Максіма Багдановіча).























Інсцэніроўка. “Вясковае вяселле”.

На сцэну выходзіць Максім.

Максім. Няўжо гэта праўда? Я еду у Беларусь?!

У гэты час з другога канца сцэны Максіма вітаюць Зося і Васіль Казіміравіч. Запрашаюць да стала, на якім гладышык малака, бохан хлеба і інш.

Максім. Добры дзень, Васіль Казіміравіч. Добры дзень, Зося.

Васіль Казіміравіч і Зося. Добры дзень, Максім Адамавіч! Мы даўно чакалі вас. Падсілкуйцеся з дарогі, адпачніце трохі.

Максім. Шчыра дзякую! Мне хочацца паглядзець ваколіцы, пазнаёміцца з людзьмі.

Васіль Казіміравіч. Тады вам пашанцавала. Сёння ў нас у Ракуцёўшчыне вяселле. Я нават за свата запрошаны.

Зося. А я за дружку.

Зося надзявае свату ручнік.

Максім. Як цікава. Я таксама хачу паглядзець.

Максим садзицца да стала. Насцэне з'яўляюцца свацця, вясельная світа, якая акружае маладую.

Госці.

Бацька добры, бацька добры,

А маці ліхая:

Не пускае пагуляці,

Кажа - маладая.

Свацця.

А чалом, чалом, мае госцейкі,

Сабірайцеся хутчэй на вяселле,

На вяселле ў хату новую,

У хату новую, сасновую,

Ды за столікі кляновыя,

За абрусікі бялёвыя —

Ой, бялёвыя - саматканыя,

І ўзоры вышываныя.

Галасы з натоўпу. Не, мы проста так вяселле не пачнем, бо ў нас скарб вялікі ёсць, наша маладая. Толькі за добры выкуп яе вам аддамо. (Малады кідае дробныя грошы.) Не, такі выкуп — знявага для нас. Наша маладая болей каштуе.

Малады. Ну болей, дык болей. (Кладзе грошы.)

3 натоўпу. Мала! (Малады кладзе значную купюру.) Вось цяпер досыць. Можна і вяселле пачынаць.

Сват. Да красно вяселле не ўзорамі,

А ласкавымі прыгаворамі,

Не прыгожымі абрусамі,

А ласкавымі прымусамі.

З натоўпу. І песнямі таксама.

Маладая выходзіць у круг, вакол яе карагод.

Маладая (спявае, можна выразна чытаць).

Зялёная вішня з-пад кораня выйшла.

Аддала мяне мама, дзе я непрывычна.

Успомні мяне, мама, хоць раз у суботу,

А я цябе, мама, ідучы на работу.

Успомні мяне, мама, хоць раз у аўторак,

А я цябе, мама, на дзень разоў з сорак.

Ой, выйду я ў поле, ды гляну дадому —

Вары, мама, вячэру і на маю долю.

Зялёная вішня.

З натоўпу. (перабіваючы). Хопіць сумную давайце вясёлую.

Выкрык. Вы чаго маўчыце, дзеўкі? Дзе вясёлыя прыпеўкі?

Да Максіма падбягае дзяўчына. Гучыць вясёлая музыка.

1 дзяўчына. Як вас клічуць, прыгожы паніч?

Максім. Максім.

Дзяўчына. А чаму не танцуеце?

Максім паціскае плячыма. Дзяўчына спрабуе выцягнуць яго ў круг, спявае.

1 дзяўчына.(Спявае).

У Максіма на кашулі вышыты галубкі;

Я за тое вышывала, што цалуе губкі.

У Максіма на кашулі вышыты лісточкі;

Я за тое вышывала, што цалуе вочкі.

У Максіма на кашулі вышыты падкоўкі;

Я за тое вышывала, што цалуе броўкі.

На змену гэтай дзяўчыне выскоквае другая і спявае “Янку”.

2 дзяўчына.

Янка стаіць на гары, а я стаю ў даліне,

Янка сее кавуны, а я - журавіны.

Журавіны не ўзьпплі, кавуны пасохлі,

Ка мне хлопцы не прыйшлі — каб яны падохлі.

3 дзяўчына.

Я на рэчцы хусткі мыла, ды на плот павесіла,

Дзесяцёх ўсяго любіла — аднаго пацешыла.

Чаго, Янка, ты галосіш? Я цябе пацешу,

Ды пашыўшы добру торбу, на шыю павешу.

3 натоўпу. Добрыя дружкі ў маладой, а як у маладога?

Выкрык. Лявоніху.

З натоўпу. Музыканцікі, грайце, або грошы аддайце.

Другая група танцуе “Лявоніху”.

А Лявонiху Лявон палюбiў,

Лявонiсе чаравiчкi купiў;

Лявонiха, душа ласкавая,

Чаравiчкамi паляскiвала.

Ой, Лявоніха бядоваю была,

Ды Лявону хлеба-солі не дала.

Ой, Лявоніха, хачу табе сказаць:

Не пайду з табой капусты ламаць,

Хоць капуста зарасла лебядой,

Не пайду яе палоць за табой.

жа ты з капустай сваёй,

Не сушы ты маладосці маёй.

Выходзяць маладыя,сват і госці.

Сват. Гэй, да нас, да нас, у госці

Дабрадзеі, госці!

Блаславіце і шануйце,

Долю светлую віншуйце;

Даставайце падарункі:

Поўны куфры, поўны клункі…

Госці адорваюць маладых падарункамі. Гучаць пажаданні маладым. Вяселле пад мелодыю “Бывайце здаровы” сыходзіць са сцэны.

На сцэне Зося, Максім, Васіль Казіміравіч.

Зося. Не шкадуеце, Максім Адамавіч, што пайшлі?

Максім. Што вы, Зося?!

Васіль Казіміравіч. На нашых вяселлях заўсёды весела.

Максім. Я ўдзячны вам, што вы мяне запрасілі. Я ж ніколі так блізка не быў сярод сваіх, беларусаў. Мне вельмі песні спадабаліся. Раней я такіх не чуў. Асабліва "Лявоніха". Пакуль там спявалі ды частаваліся, я свае куплеты напісаў. Пачытайце, Зося, калі ласка.

Зося (чытае з ліста).

Ах, Лявоніха, Лявоніха мая!

Спамяну цябе ласкавым словам я, —

Чорны пух тваіх загнутых брывянят,

Вочы яркія, вясёлы іх пагляд;

Спамяну тваю рухавую пастаць,

Спамяну, як ты умела цалаваць.

Васіль Казіміравіч. Нават не верыцца, Максім, што гэта вы напісалі так падобна да таго, што людзі даўно ўжо склалі.

Зося. Вось добра, Максім Адамавіч, цяпер і вашы куплеты будуць гучаць на нашых вяселлях.

Васіль Казіміравіч. Вы часцей прыязджайце да нас. Яшчэ многае пачуеце і ўбачыце.

Максім. Абавязкова прыеду. А цяпер мне пара. Да пабачэння. Дзякую вам за ўсё.

Васіль Казіміравіч і Зося. Да пабачэння. Хутчэй прыязджайце зноў.

Максім, Васіль Казіміравіч і Зося ідуць са сцэны.








































Скачать

Рекомендуем курсы ПК и ППК для учителей

Вебинар для учителей

Свидетельство об участии БЕСПЛАТНО!