СДЕЛАЙТЕ СВОИ УРОКИ ЕЩЁ ЭФФЕКТИВНЕЕ, А ЖИЗНЬ СВОБОДНЕЕ

Благодаря готовым учебным материалам для работы в классе и дистанционно

Скидки до 50 % на комплекты
только до

Готовые ключевые этапы урока всегда будут у вас под рукой

Организационный момент

Проверка знаний

Объяснение материала

Закрепление изученного

Итоги урока

Ручнік як атрыбут звычаяў, традыцый і абрадаў беларускага народа

Категория: Внеурочка

Нажмите, чтобы узнать подробности

    Ручнікі былі абавязковым атрыбутам у радзінных, вясельных,  пахавальных абрадах.

Просмотр содержимого документа
«Ручнік як атрыбут звычаяў, традыцый і абрадаў беларускага народа»

Ручнік як атрыбут звычаяў, традыцый і абрадаў беларускага народа

Ручнікі былі абавязковым атрыбутам у радзінных, вясельных, пахавальных абрадах.

У традыцыйнай радзінна-хрысціянскай абраднасці ручнік карыстаўся асаблівай павагай, што звязана са старажытнымі ўяўленнямі пра яго магічна-ахоўную сілу. Гэта выразна прасочваецца ў рытуалах родавага перыяду, якія мусілі спрыяць паспяховаму завяршэнню вялікага акта ўваходу ў свет новага чалавека.

На радзінах ручнік выконваў функцыю дара, пра што сведчаць шматлікія этнаграфічныя крыніцы. “Напрыклад, у Падняпроўі пасля “бабінай кашы” парадзіха давала павітусе намітку і вялікую булку хлеба, куму – хлеб з ручніком, куме – хлеб і кавалак палатна. У Віцебскай губерні кума дарыла куму – у залежнасці ад дастатку – ручнік, кавалак каленкору ці простага палатна” (9.57). Паўсюдна на Беларусі быў распаўсюджаны звычай адорваць святара, каб “атрымаць імя” немаўляці. Неслі ў падзяку найперш хлеб, ручнік, пазней грошы.

Адным з асноўных атрыбутаў паўстае ручнік у абрадах ачышчэння. Па сведчанні Т.І.Кухаронак, у паўночных, усходніх і цэнтральных раёнах Беларусі атрымаў пашырэнне абрад ачышчэння ўсіх прысутных на радзінах, што мусіў станоўча паўплываць на іх здароўе і дабрабыт. “Вось як праводзіўся ён у канцы 19 стагоддзя: павітуха налівала ў міску вады, насыпала аўса і гэтай сумессю працірала ручніком па твары, пачынаючы з парадзіхі, яе мужа, дзіцяці і кумоў. Кожнаму яна выказвала пажаданні: “Дай жа, Божа, каб ты быў крэпак, як вада, багат, як зямля, вясёл, як пчала, а красён, як вісна”. (12, 97)

Безумоўна, на Беларусі ручнікі з’яўляліся важнай часткай пасагу дзяўчыны, аб якім бацькі клапаціліся загадзя, з 14-15 гадоў, а іншы раз з маленства дачкі. “Колькасць іх залежала ад матэрыяльнага становішча сям’і, аднак пэўную ролю адыгрывала працавітасць маладой, майстэрства яе маці. Ручнікоў патрэбна было мець “каля двух тузін”, у іншых месцах – 5,6,10, а то і некалькі дзесяткаў”. (13,43) Значная колькасць іх тлумачылася тым, што яны выкарыстоўваліся на працягу ўсяго вясельнага перыяду – з першага моманту да апошняга.

Сапраўды, без ручніка не абыходзіўся ніводны этап вяселля, у тым ліку падрыхтоўчы – сватанне. Паводле матэрыялаў беларускага фалькларыста Л.А.Малаш, сватаць часцей ехалі ўвечары. У адным выпадку сваты частавання і падарункаў з сабой не бралі, у другім – неслі гарэлку, бохан ці лусту хлеба, загорнутыя ў ручнік. Калі нявеста станоўча ставілася да жаніха, маці забірала прывезены сватамі хлеб і ўзамен давала свой, а ў бутэльку, дзе была гарэлка, насыпала жыта, абмотвала ручніком і завязвала поясам, што сімвалізавала згоду на шлюб.

На запоінах ці заручынах нявеста або яе маці (а то і хросная) абвязвалі сватоў жаніха, яго сваякоў ручнікамі, наміткамі, хусткамі, і тыя ў такім выглядзе ішлі дадому.

Ручнік быў атрыбутам і запросін – традыцыйнага рытуалу запрашэння на вяселле. Гэта рабілася перад кожным этапам вяселля, аднак найбольш урачыста запросіны праходзілі напярэдадні яго – з чацвярга і да раніцы ў нядзелю. “Маладая ў святочным уборы з хлебам, загорнутым у ручнік, і з завязаным на руцэ ручніком – за гэту руку яе вяла таксама прыбраная дружка – ішла запрашаць аднавяскоўцаў. Пры ўваходзе ў хату, па сведчанні Л.А.Малаш, нявеста дзверы не зачыняла, а выходзячы, цягнула ручнік па зямлі, што мусіла спрыяць хуткаму вяселлю дачок гаспадара. Дзверы таксама пакідалі адчыненымі, каб яе сяброўка скарэй выйшла замуж.” (12,118)

Ручніком адзначана дзе-нідзе і суборная субота – апошні вечар перад вяселлем, калі адбываўся абрад развітання маладой са сваімі сяброўкамі. На дзявочнік прыходзілі бацькі жаніха з падарункамі для нявесты і яе радні. Дзяўчына прапаноўвала свае: жаніху – звычайна кашулю, пояс, штаны; свёкру і свекрыві – ручнік на абразы.

Прысутнічаў ручнік і ў абрадзе пасада, што “мусіў забяспечыць багацце, урадлівасць і шматлікае патомства будучай сям’і. Звычайнай формай пасада, паводле этнаграфічных запісаў, было саджанне жаніха і нявесты, кожнага паасобку ці сумесна, на дзяжу, пакрытую вывернутым кажухом, ручніком (пазней ужывалася падушка)”. (12, 132)

Ручнік – найбольш характэрны прадмет і для рытуальнага звязвання жаніха і нявесты падчас вянчання, пасля завівання маладой, у час пераезду да бацькоў маладога.

Тыповым на Беларусі было ўжыванне ручніка ў якасці падножніка, на які маладыя станавіліся ў час вянчання ў царкве. Адыходзячы з жаніхом ад аналою, нявеста старалася цягнуць ручнік за сабою. Паводле павер’я, рабіла так дзеля таго, каб яе равесніцы цягнуліся за ёй, г. зн. выходзілі замуж. Стаяць на ручніку азначала тое ж самае, што браць шлюб.

Як сведчаць этнаграфічныя запісы, у мінулым задавальняліся ў асноўным адным – двума ручнікамі, павелічэнне ж іх колькасці адносіцца да пазнейшага часу. Развешванне ручнікоў было знакам таго, што з гэтага дня маладая станавілася саўдзельніцай і памочніцай у гаспадарцы.

Як бачым, прысутнасць ручніка асвячала кожны этап вяселля.

Ручнік ужываўся і на працягу ўсяго цыкла пахавальных абрадавых дзеянняў, поўных трагічнай велічнасці і адначасова знешняй прастаты.

Пахавальная звычаёвасць пачыналася з перадсмяротных прыгатаванняў, асабліва клапаціліся пра адзенне “на смерць”. Загадзя назапашвалі дастатковую колькасць ручнікоў, намітак.

Паводле вераванняў, сорак (дванаццаць) дзён пасля смерці душа нябожчыка “ходзіць”, г.зн. з’яўляецца да жывых і ўмешваецца ў іх жыццё. На працягу гэтага часу для яе пакідалі на акне хлеб, ваду, ручнік. Так рабілі для таго, па-першае, каб нябожчык, вяртаючыся часам у свой дом, мог выцерціся, а па-другое, каб ведаў, што пра яго памятаюць. У іншых рэгіёнах вывешвалі з моманту пахавання на сорак дзён “найлепшы па ўзору” выраб, ставілі ваду ў кубку, побач – бохан хлеба, соль і свечку ў гарцы.

Прыведзеныя вышэй прыклады выразна адлюстроўваюць сацыяльна-знакавыя функцыі ручніка, які “вяшчаў грамадде пра сумную падзею. Заслугоўвае ўвагі і той факт, што ён належаў адначасова дзвюм сферам – зямной і нябеснай, служыў і жывым, і памёршым. Вывешаны за акно ручнік быў для жывых знакам жалобы, а для нябачнай істоты тагасвету – знакам прыналежнасці да таго ці іншага роду, сімвалам запрашэння да памінальнай трапезы, нарэшце, дарогай у зямны свет, прыстанішчам і месцам адпачынку”. (13, 65)

Акно ў народным уяўленні разумелася як сімвалічнае вока ў бачны і нябачны космас, а значыцца, і ў тагасвет – месца знаходжання памёршых. Адсюль вынікае, што акно і ручнік разглядаліся своеасаблівай лесвіцай, па якой падымаліся ў хату і спускаліся душы нябожчыкаў.

Ручнік быў абавязковым прадметам у рыштунку нябожчыка незалежна ад яго полу і ўзросту. Звычайна абмяжоўваліся адным ручніком (уціральнікам) ці наміткай, якія клалі па правую, а іншы раз па левую руку (бо правай нябожчык быццам павінен хрысціцца). Найбольш пашыранае на Беларусі асэнсаванне пакладзенага ў дамавіну ручніка – “каб выцірацца на тым свеце”.

Калі памірала дзяўчына-нявеста, яе апраналі ў святочны строй, галаву ўбіралі вянком, на левую руку надзявалі пярсцёнак, а правую абвязвалі ручніком, як на шлюбе. Сваякі памёршай раздавалі прысутным падарункі, нібыта на вяселлі, а ў труну клалі некалькі ручнікоў.

Ручніком, наміткай, настольнікам ці палатном накрывалі і самога памёршага.

Амаль паўсюдна на Беларусі дамавіну апускалі ў магілу на доўгіх ручніках (намітках) ці палатне. Тыя ручнікі кідалі ў дол ці пакідалі на могілках або аддавалі каму-небудзь, іншы раз забіралі дадому.

Нарэшце, ручнікамі на Беларусі здаўна абвязвалі надмагільныя крыжы. Яны з’яўляліся выразным, даступным і зручным сродкам упрыгожвання магілы. Між іншым, адрозненні ва ўзорах, асаблівыя прыкметы, вядомыя толькі тым, хто рабіў і аздабляў тканіну, ператваралі яе ў выдатны апазнавальны знак, з дапамогай якога можна было беспамылкова знайсці магілу блізкага чалавека.

Такім чынам, “функцыі пахавальна-памінальнага ручніка прадстаўляюцца вельмі цікавымі. Яны ўражваюць і сваёй разнастайнасцю, і тым, што за імі бачацца глыбінныя пласты велічнай сімволікі, сапраўдны сэнс якой пакуль што застаецца таямнічым”. (13, 76)

Асноўная функцыя ручніка з найбольшай выразнасцю выявілася ў абраднасці з абыдзеннікам (абудзённікам), выкліканай крызіснымі сітуацыямі – эпідэміяй, засухай, градабоем і іншымі агульнымі няшчасцямі. Такая абраднасць вядома ў беларускай этнаграфічнай літаратуры, добра захавалася яна і ў памяці старажылаў. Упершыню яе прааналізаваў і вылучыў у асноўны арэал бытавання Д.К.Зяленін. “Нягледзячы на значную варыянтнасць, абумоўленую і мясцовымі звычаямі, і часам – а гэта заўсёды накладвае свае адбіткі, - абрад меў устойлівую аснову. А менавіта: у цяжкую гадзіну колькі жанчын адной вёскі збіраліся разам у адну хату, каб на працягу дня ці ночы напрасці і выткаць ручнік. Наступныя ж дзеянні з абыдзеннікам былі самыя розныя.” (4, 35) Так, на Палессі, згодна з даследаваннямі А.К.Сержпутоўскага, у выпадку халеры “зберуцца бабы са ўсяе вёскі да ў адзін дзень напрадуць, аснуюць да і выткуць такое палатно ці ручнік, што ім аперажуць усю цэркву. Потым пасцелюць тое палатно на зямлі, а другі канец яго падымуць угору, да ўсе селом пройдуць самі, да і прагоняць гаўядо, тады пошасць уже не може тут даць рады і хутчэй пойдзе далей шукаць, дзе ёй лепш”. (12, 134) Паводле павер’я, у Слонімскім павеце на месцы прагону жывёлы ставілі драўляны дзесяціканцовы крыж, збіралі з усёй вёскі ніткі, ткалі з іх да ўсходу сонца палатно, абносілі яго кругом вёскі і вешалі на крыж.

Абрад ткання абыдзеннага ручніка ўзнаўляўся ў гады апошняй вайны. Па ўспамінах жыхароў вёскі Мокравічы Бялыніцкага раёна, ён праходзіў так: “Сабраліся разам пяць жанчын, напралі, намачылі, патаўклі, высушылі, навілі, укінулі ў ніты, у бёрда, прывязалі і выткалі губку палатна, потым вышылі чырвоным і чорным кветкі. Пачалі рабіць у суботу з ранку, гадзін з дзевяці, скончылі працу ўвечары. У нядзелю занеслі ў кляштарную царкву і павесілі на найбольш шанаваны абраз з надзеяй, што мужы вазвярнуцца жывымі і цэлымі з вайны дадому” (12,178).

Выраблялі абыдзеннік і з прычыны засухі. Павесіўшы яго на прыдарожны крыж, у вёсцы Стругі Столінскага раёна хорам прасілі:”Божа, дай дажджу!”

У некаторых мясцінах абрад выконваўся і ў апошнія дзесяцігоддзі. У вёсцы Невель, што на Піншчыне, у 70-я гады, калі здарылася некалькі выпадкаў смерці ад п’янства, паставілі пасярэдзіне паселішча вялікі дубовы крыж, зроблены мужчынамі за ноч, і павесілі на яго “ператыканы” абыдзеннік.

Прыведзеныя вышэй прыклады сведчаць аб жывой традыцыі, што бярэ пачатак з далёкай язычніцкай пары. Але як бы ні трансфармаваўся часам звычай, ва ўсіх выпадках ад абраду і яго галоўнага атрыбута – ручніка чакалі аднаго – дапамогі і прадухілення небяспекі.

Д.К.Зяленін справядліва зазначае, “што старажытныя віды звычаю звязаны з ідэяй недапушчэння пошасці, тады як прадухіленне засухі, граду і іншага ліха адносіцца да пазнейшых наслаенняў. У аналізе архаічных формаў абраднасці вылучаюцца некалькі галоўных разнавіднасцей: абыдзеннік умацоўваеццца на “дарозе смерці” і служыць перашкодай для яе; ручнік абносіцца кругом вёскі; цераз яго праганяюць статак ці пад ім праходзяць людзі і жывёла. Абыденнаму ручніку, такім чынам, прыпісваліся незвычайныя ўласцівасці ўспрымаць, убіраць у сябе рэальнае зло ці служыць як бы неадольнай перашкодай для яго пранікнення ў жыццёвы круг людзей”. (4, 134)

Ёсць думка, што сіла ручніка заключалася не ў “свяшчэннай навізне” – чысціні, г.зн. у адсутнасці якіх бы то ні было праяў, а наадварот, - у прысутнасці своеасаблівай моцы, энергіі. Яе з поўным правам можна аднесці да разнавіднасці так званай псіхічнай энергіі, тоеснай высокім духоўным імкненням.

Як вядома, псіхічная энергія пакуль яшчэ мала даследавана сучаснай навукай, але ёсць бясспрэчныя сведчанні таго, што ў мінулыя эпохі старажытныя культуры ў той ці іншай ступені былі знаёмы з яе сутнасцю і незвычайнымі стваральнымі і разбуральнымі магчымасцямі. Прыкладам неасэнсаванага выкарыстання псіхічнай энергіі і з’яўляецца абрад ткання абыдзенніка.

Абрад ткання абыдзенніка і апаясвання ім вёскі, храма пераклікаецца з абрадам абворвання (старыя жанчыны, удовы і цнатлівыя дзяўчаты, папярэдне дамовіўшыся, збіраліся разам, распраналіся да кашулі ці дагала, распускалі валасы і, запрогшыся ў саху, праводзілі замкнутую баразну(магічны пояс зямлі) вакол паселішча) і абрадам “жывога агню” (касцёр распальвалі не звычайным, а “жывым агнём”, здабытым з дапамогай трэння дзвюх драўляных цурак і праз яго пераходзілі людзі, цераз яго праганялі (абкурвалі) жывёлу).

Варта прыгадаць і рэліктавы звычай, звязаны з вывешваннем абыдзеннага ручніка на драўляны крыж, што “меўся на перасячэнні дарог”.(12, 189) У традыцыях беларусаў было ставіць на “ростаньках” (скрыжаваннях) крыжы, абавязковым дапаўненнем якіх былі абраз і ручнік. Такія крыжы ставілі таксама пасярэдзіне вёскі, у яе пачатку на ўездзе ці ў канцы на выездзе, каля могілак, на абочыне дарогі або на тым месцы, дзе “бачылі прывід”. Акрамя засцерагальнай функцыі яны выконвалі адначасова ролю “знакаў” паселішча, паколькі змяшчалі даныя аб колькасці дамоў і прозвішчы жыхароў”. (12, 78)

Скрыжаванне шляхоў лічылася слабым, неўмацаваным месцам, што патрабавала асаблівай увагі і канкрэтных перасцерагальных захадаў. Але нябачныя чужынцы патрабавалі і адпаведнай нябачнай заслоны, якой і разумелася таямнічая ахоўная сіла абыдзеннага ручніка. Сваю абарончую функцыю разам з запаветным крыжам і хрысціянскім абразом ён выконвае і сёння.

У каляндарнай звычаёвасці беларусаў ручнік выкарыстоўваўся значна менш, але ўсё ж прысутнічаў у шэрагу абрадаў. Так, у зімовым цыкле свят варта адзначыць традацыйны звычай на Вадохрышча, якім завяршаліся Каляды. У вёсцы Стругі Столінскага раёна пра яго расказвалі наступнае. На Ярдань (мясцовая назва свята) ставілі на рацэ ледзяны крыж, упрыгожвалі яго вянкамі з паперы, што спускаліся ажно да зямлі, вешалі спецыяльна прыгатаваны доўгі ручнік з “катушковымі карункамі”, прошвамі, вышыўкай.

Сярод веснавых абрадаў, звязаных з ручніком, вядомы звычай Зборавай суботы (субота першага тыдня Вялікага посту). На Усходнім Палессі ў гэты дзень праводзілі абрад “споведзі дзежкі”. Яе мылі, накрывалі новым ручніком, падкурвалі воскам, кідалі туды вугельчык. Але хлеб у ёй не расчынялі, бо лічылася, што цяжка будзе ісці дзежцы на споведзь.

На Сёмуху (Зялёныя святкі, Тройца) спраўлялі беларусы адзін з найстаражытнейшых язычніцкіх абрадаў, звязаных з культам расліннасці, свяшчэнных дрэў, гаёў. Да ліку запаветных адносіліся як адзінкавыя дрэвы, так і купы, якія выраслі на месцы разбуранага храма, капліцы ці на магіле. Свяшчэннымі лічыліся таксама гаі з незвычайна старымі, высокімі і магутнымі дрэвамі ці з якімі-небудзь анамаліямі (дуплаватыя, раздвоеныя і інш.). Адной з прымет ушанавання падобных дрэў было абвязванне (апаясванне) іх ручніком.

У многіх славянскіх народаў былі запаветныя гаі, дзе “ніколі не раздаваўся стук сякеры і дзе ворагі не адважваліся ўступіць у бой паміж сабой. Тлумачыцца згаданы звычай, на маю думку, добрай захаванасцю старажытных уяўленняў язычніцкай пары аб адухоўленасці расліннага свету, адносін да дрэў як да жывых істот”.

Паўсюдна на Беларусі ручнік ужываўся ў час жніва. “Адзін з самых ранніх запісаў жніўных абрадаў, зробленых П.М.Шпілеўскім, зафіксаваў забыты пазней абрад “пакрывання поля”. (12, 199) Заключаўся ён у тым, што ў пярэдадзень жніва раніцай на ніву выходзіла маладзіца, якая нядаўна выйшла замуж, і ў прысутнасці некалькіх дзяўчат зажынала невялікі снапок жыта. Абвіўшы яго наміткаю або ручніком ці нават кавалкам новага палатна, падкідала ўверх, прыгаворваючы:

Пакрыла ніўку

На добрую спажыўку;

Парадзі, Божа,

Наша збожжа!..

Затым дзяўчаты спявалі. Потым усе адпраўляліся да таго селяніна, чыё поле “пакрывалі”. Пры ўваходзе ў хату ўсе разам спявалі. Маладзіца падавала снапок гаспадыні, якая адорвала яе грашыма і палатнінай, пасля з дзяўчатамі падыходзіла да гаспадара з паклонам. Гаспадар частаваў іх і запрашаў на дажынкі. Тым і заканчваўся абрад.

Устойлівае выкарыстанне ручніка назіралася і ў абрадзе “жаніцьба коміна”, які праводзіўся два разы ў год: у першых чыслах верасня (звычайна на Сямёна), калі скарачаўся светавы дзень, і вясною, на Фаміным тыдні (тыдзень пасля Вялікадня). Паводле этнаграфічных запісаў, на Піншчыне яго спраўлялі так. “Прыгатаваўшы ўсё неабходнае для вячэры, гаспадыня абвязвала “комін” (прымацаваная да спецыяльнай адтуліны на столі ў хаце вялікая труба, сплеценая з лазы ці зробленая з мешкавіны і абмазаная глінай) і лучнік (звычайная патэльня ці квадрат металічнай рашоткі) новымі ручнікамі, а моладзь прыбірала іх кветкамі, стужкамі. Гаспадар выказваў у песні вялікае пажаданне сям’і дабрабыту, багацця, здароўя і г.д.” (13, 74)

Згаданы абрад беларусаў-палешукоў адносіцца да язычніцкай старажытнасці, звязанай з шанаваннем агню, які спагадае чалавеку святлом, цяплом і вялікай ачышчальнай сілай, і з культам продкаў, ад чыёй дапамогі і спрыяння залежаў сямейны дабрабыт і будучае роду.

Прыведзеныя вышэй матэрыялы неабвержана сведчаць пра тое, што ручнік – абавязковы атрыбут абрадаў беларускага народа.

Асноўная функцыя ручніка-абыдзенніка – дапамагаць і прадухіляць небяспеку, аберагаць у крызісных сітуацыях. Гэта традыцыя бярэ пачатак з далёкай язычніцкай пары. Як бачым сіла ручніка заключаецца ў прысутнасці своеасаблівай моцы, энергіі (псіхічнай энергіі).















Літаратура


1.Арнаменты Падняпроўя – Мн.:Беларуская навука, 2004 – 606 с.

2.Вяселле. Абрад. – Мн.: Беларуская навука, 2004 – 540 с.

3.Геніюш , Л. Белы сон/Л.Геніюш. – Мн.: Мастацкая літаратура, 1990 – 207 с.

4.Зеленин, Д.К. Восточнославянская этнография/Д.К.Зеленин - М., 1991

5.Караткевіч, У.С. Зямля пад белымі крыламі / У.С.Караткевіч – Мн.: Народная асвета, 1992 – 192 с.

6.Кацар, М.С. Беларускі арнамент. Ткацтва. Вышыўка / М.С.Кацар – Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі - 2009.

7.Лабачэўская, В.А. Повязь часоў – беларускі ручнік / В.А.Лабачэўская – Мн.: Беларусь, 2002 – 232 с.

8.Ліцвінка, В.Д. Святы і абрады беларусаў / В.Д.Ліцвінка - Мн.: Беларусь, 1997 – 190 с.

9.Памяць. Бялыніцкі раён. – Мн.: Вышэйшая школа, 2000.

10.Учебно-исследовательская работа учащихся (методические рекомендации для учащихся и педагогов) // Завуч, № 6, 2005.

11.Фадзеева,В. Беларускі ручнік / В.Фадзеева - Мн., Полымя, 1994.

12.Цітоў, В.С. Этнаграфічная спадчына / В.С.Цітоў - Мн.: Беларусь, 1997.

13.Янішчыц, Я. Выбранае / Я.Янішчыц - Мн., Вышэйшая школа, 1998





Скачать

Рекомендуем курсы ПК и ППК для учителей

Вебинар для учителей

Свидетельство об участии БЕСПЛАТНО!