Установа адукацыі
“Скідзельскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй”
РУЧНІКІ СКІДЗЕЛЬШЧЫНЫ
Праект
Скідзель
Тэма: Ручнікі Скідзельшчыны
Установа: Установа адукацыі “Скідзельскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй”
Адрас: г.Скідзель, вул. Кастрычніцкая, 40, тэл. 975-147
Тел/факс 80152975-493
Кіраўнік праекта – Гарэлік Марына Станіславаўна, выкладчык
І катэгорыі, закончыла МДПІ ім. Горкага
Выканаўцы праекта: Рэкець Кацярына,
Царова Кацярына,
Трайгель Вераніка,
Цебянькова Людміла,
вучні ліцэя (247 гр.)
Часавыя рамкі рэалізацыі праекта: верасень 2014 г. – красавік 2016 г.
Анатацыя
У праекце разглядаюцца даследаванні захавання нацыянальных традыцый, ручнікоў Скідзельшчыны XIX - XX стагоддзяў і вышыўкі, што спрыяе прафесійнаму развіццю вучняў, фарміраванню іх адносін да гісторыі сваёй краіны, духоўнаму ўзбагачэнню, выхаванню нацыянальнай годнасці за гісторыю роднага краю і захаванню спадчыны Беларусі.
У праекце прадстаўлена сістэма працы вучняў па распрацоўцы і вышыўцы ручніка на аснове даследчай дзейнасці па вывучэнню ручнікоў Скідзельшчыны XІX - XX стагоддзяў.
Матэрыял можа быть выкарыстаны на куратарскіх гадзінах, на пазакласных мерапрыемствах, можа быць карысным для этнаграфічных музеяў, ім могуць карыстацца пры пастаноўцы тэатралізаваных народных абрадаў, у народных танцах.
Абаснаванне праблемы
Фарміраванне нацыянальнай свядомасці грамадзяніна пачынаецца з любові да “малой радзімы”, з любові, якая перарастае ў любоў да сваёй Айчыны, свайго горада, садзейнічае выхаванню нацыянальнага духу. Сабраны ў гістарыка-краязнаўчых музеях матэрыял мае гістарычнае значэнне і каштоўнасць, аказвае дапамогу ў пашырэнні і ўзбагачэнні ведаў пра родныя мясціны, садзейнічае фарміраванню грамадзянскай пазіцыі асобы, яе каштоўнасным адносінам да гісторыі краіны і накіравана на захаванне культурнай спадчыны Беларусі.
Нашы продкі ведалі шмат абрадаў, святкавалі ўсе святы. У наш час немагчыма дакладна ўзнавіць ўсё, але адчуць дыханне жыцця продкаў хоць часткова дапамагае народная культура, народныя традыцыі, якія захаваліся ў многіх раёнах нашай краіны.
Даследчы праект “Ручнікі Скідзельшчыны” расказвае пра ручнікі, якія існавалі ў XIX - XX стагоддзях на тэрыторыі г.Скідзеля і вёсак, якія знаходзяцца каля горада. Праект раскрывае самабытнасць беларускага народа праз ручнікі, якімі карысталіся нашы продкі. У вольны час вучні і жыхары горада могуць заняцца карыснай справай, вырабы, зробленыя сваімі рукамі, застануцца на доўгі час у нашых музеях.
Праблема гэта з’яўляецца актуальнай, таму што ручнікі суправаджалі і супрваджаюць чалавека праз усё жыццё – ад нараджэння да смерці. Нараджалася немаўля – прымалі яго на ручнік, яму і маці неслі ў падарунак ручнік. Без ручніка не абыходзіцца ніводзін этап вясельнага абраду. Ручніком абовязкова ўпрыгожвалі покуць – чырвоны кут хаты. Паміраў чалавек – труну спускалі ў магілу на ручніках, клалі ручнік у труну, вешалі на акно, павязвалі надмагільныя і прыдарожныя крыжы ручнікамі.
Ручнік адносіцца да тых прадметаў, якія належаць і мінуламу, і сучаснасці ў аднолькава значнай ступені. Шмат стагоддзяў карыстаюцца беларусы ручніком. Набываюць, вышываюць яго і сёння, працягваючы ўдасканальваць яго прыгажосць, над якой працавала мноства пакаленняў.
Сёння павышаецца цікавасць да беларускага ручніка, бо выкарыстоўваецца, як і раней, і на народных святах, і на канцэртах, і на мерапрыемствах рознага ўзроўню.
Нашы вучні зацікавіліся:
Што можа расказаць ручнік пра традыцыі народа?
Як вырашаецца праблема захавання народнай творчасці сёння?
Ручнік сёння – гэта сучаснасць ці не?
Якія арнаменты вышыўкі беларускага ручніка захаваліся, якія больш распаўсюджаныя ў нашай мясцовасці?
Якія легенды ёсць пра ручнікі?
Якія ж прызначэнні ручнікоў?
Як захаваць беларускі ручнік і данесці да нашых патомкаў?
З мэтай пошукаў адказаў на дадзеныя пытанні вучні ліцэя наведалі музей Э.Ажэшкі ў вёсцы Мількаўшчына, гісторыка-краязнаўчы музей Скідзельскай гімназіі, Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей, Дом-музей М.Багдановіча ў г.Гродна, арганізавалі паездкі на свае малыя Радзімы, паразмаўлялі з аднавяскоўцамі, заглянулі ў куфры сваіх бабуль, а таксама вывучылі літаратуру па тэме наступных аўтараў: Фадзеева В. Я. “Беларускі ручнік”, Жабінская М. П “Складзі ўзор сам”, Кацар М.С. “Беларускі арнамент” і інш.
Навізна праекта заключаецца не толькі ў тым, што вучні з цікавасцю вывучаюць этнаграфічную спадчыну, цікавяцца ўзаемасувяззю арнаменту і прызначэннем ручнікоў, распрацоўваюць і самі вышываюць яго, але і ў тым, што яны духоўна ўзбагачаюцца, могуць стаць выдатнымі спецыялістамі сваёй справы, бо місія маладых спецыялістаў швейнага профілю - праслаўляць сваю краіну на сусветна вядомых выставах, паказваючы ў сваіх калекцыях нацыянальны каларыт беларускага ручніка.
Дасканалае вывучэнне вырабу, прызначэння, арнаменту на ручніках дае магчымасць больш таленавітым і працалюбівым вучням стварыць сваімі рукамі ручнік, які стане візіткай усіх мерапрыемстваў нашага ліцэя.
Мэта праекта: Распрацоўка і вышыўка ручніка на аснове даследчай дзейнасці па вывучэнню ручнікоў Скідзельшчыны XІX - XX стагоддзяў для музея ліцэя.
Задачы:
Вывучыць гісторыю ручнікоў, іх прызначэнне;
Даследаваць ручнікі Скідзельшчыны XІX - XX стагоддзяў;
Пазнаёміцца з ручнікамі, якія знаходзяцца ў музеі ліцэя і іншых музеях;
Абазначыць сувязь ручніка з народнымі святамі;
Пазнаёміцца з легендамі пра ручнікі;
Вывучыць значэнне арнаменту на ручніках;
Выкарыстаць элементы арнаменту пры стварэнні ручніка для музея.
Аб’ект даследавання: ручнікі Скідзельшчыны XІX-XX стагоддзяў.
Прадмет даследавання:
арнаменты ручнікоў як умова засваення вучнямі кампетэнцый.
Гіпотэза
Працэс праектна-даследчай дзейнасці будзе спрыяць прафесійнаму развіццю вучняў, фарміраванню іх адносін да гісторыі сваёй краіны, традыцый, духоўнаму ўзбагачэнню і стварэнню сваімі рукамі ручнік, які стане візіткай усіх мерапрыемстваў нашага ліцэя, калі:
вывучаны будзе гісторыка-этнаграфічны матэрыял пра ручнікі нашай мясцовасці, складзена інфармацыйная база;
складзена каманда вучняў, якія цікавяцца спадчынай, гісторыяй ручнікоў;
распрацаваны кіраўнікамі разам з вучнямі план, праграма праектнай дзейнасці, вызначаны накірункі даследчай дзейнасці;
распрацаваны малюнкі, эскізы, схемы ўзораў, выбраны матэрыял, ніткі для вышыўкі;
вышыты беларускім арнаментам ручнік для музея ліцэя.
Прыкладны вынік:
Самастойна атрыманая інфармацыя, веды, рэалізацыя ідэй праекта, вышыўка ручніка спрыяе развіццю творчасці ў прафесіі, засваенню вучнямі кампетэнцый, што дазваляе ім ў будучыні дзейнічаць эфектыўна ў асабістым і прафесійным жыцці.
У ходзе працы над праектам вучні засвояць наступныя кампетэнцыі:
Каштоўна-сэнсавыя кампетэнцыі – разумець сваю ролю і назначэнне праз вывучэнне гісторыі, традыцый і абрадаў свайго краю, продкаў.
Агульнакультурныя кампетэнцыі – даследчая дзейнасць этнаграфічнага накірунку садзейнічае пазнанню нацыянальнай культуры, духоўна-маральных асноў жыцця беларусаў і мясцовых жыхароў Скідзельшчыны і вёсак, якія размешчаны каля Скідзеля.
Інфармацыйныя кампетэнцыі – уменне працаваць з літаратурнымі даведнікамі, здзяйсняць пошук, аналіз і адбор неабходнай інфармацыі, яе перапрацоўку, захаванне, перадачу.
Камунікатыўныя кампетэнцыі – спосабы ўзаемасувязі з навакольнымі і аддаленымі падзеямі і людзьмі, уменне працаваць у калектыве.
Кампетэнцыі асабістага самаўдасканалення – засваенне духоўнага і інтэлектуальнага самаразвіцця адбываецца на аснове сутыкнення з гістарычным мінулым, з традыцыямі і культурай роднага краю. Асабістыя якасці сучаснага чалавека не могуць развівацца пры парушэнні нябачнай, але вельмі значнай сувязі мінулага і сучаснага. Крытэтыі і паказчыкі ўспешнага засваення кампетэнцый вучнямі ў працэсе вырабу ручніка прадстаўлены ў дадатку (дадатак2).
Метыды даследавання:
- эмперычныя: праца з літаратурай, з інтэрнэт-рэсурсамі, з экспанатамі этнаграфічных і краязнаўчых музеяў, гутаркі з жыхарамі горада Скідзеля і вёсак Некрашы, Гліняны, Бандары Гродзенскага раёна;
- тэарэтычныя: крос-культурны метад (выяўленне агульных рысаў у ручнікоў XIX-XX стагоддзяў шляхам параўнання, аналізу), мадэліраванне (эскізнае аднаўленне ручнікоў Скідзельшчыны на аснове сабранага матэрыялу); праектаванне (канструктыўна-тэхналагічнае аднаўленне ручнікоў XIX-XX стагоддзяў на аснове сабранага матэрыялу), абагульненне, сістэматызацыя.
Рэсурсныя ўмовы рэалізацыі праекта:
інтэлектуальныя: выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры, вучні 246 групы, 247 групы (3 курс), 252 групы (2 курс) ліцэя;
матэрыяльна-тэхнічныя: абсталяванне, інструменты, камп'ютар, мультымедыйная ўстаноўка;
інфармацыйныя: інтэрнэт-рэсурсы, экспанаты музеяў, літаратура пра беларускія ручнікі;
псіхалагічныя: стварэнне камфортнага псіхалагічнага клімату ў
камандзе;
фінансавыя: падтрымка экспедыцый у музеі, вёскі Гродзенскага раёна, набыццё нітак, тканіны для вырабу ручніка.
Этапы рэалізацыі праекта
Часавыя рамкі рэалізацыі праекта: верасень 2014 г. – красавік 2016 г.
1этап: верасень 2014 г. - студзень 2015 г.
Інфармацыйна-аналітычны
Мэта: аналіз інфармацыі, пастаноўка мэтаў і задач, планаванне і назначэнне накірункаў праектна-даследчай дзейнасці.
| Час рэалізацыі | Змест дзейнасці | Вынік |
| верасень 2014 г. - студзень 2015 г. | Вывучэнне і аналіз літаратуры, інтэрнэт-рэсурсаў і іншай інфармацыі па тэме праектна-даследчай дзейнасці вучняў | Вызначэнне тэмы праекта, мэтаў і задач, аб’екта, зместу і вынікаў дзейнасці |
| На працягу першага этапа | Распрацоўка плана і праекта даследчай дзейнасці | Распрацоўка плана і праекта даследчай дзейнасці |
2этап: студзень 2015г. - май 2015г.
Даследчы
Мэта: даследаванне ручнікоў XIX-XX стагоддзяў на аснове матэрыялаў, сабраных вучнямі ў горадзе Скідзеле і вёсках, якія размешчаны каля Скідзеля
| Час рэалізацыі | Змест дзейнасці | Вынік |
| студзень 2015г.- май 2015г. | Экспедыцыі ў музеі, вёскі Гродзенскага раёна, вывучэнне арнаментаў ручнікоў, гутаркі з жыхарамі | Матэрыялы і інфармацыя пра ручнікі Скідзельшчыны, фотаздымкі ручнікоў з музеяў, ручнікоў з дамашніх архіваў |
| На працягу другога этапа | Экскурсіі ў краязнаўчыя і этнаграфічныя музеі | Інфармацыя пра побыт народа нашага раёна, фотаздымкі ручнікоў |
| На працягу другогога этапа | Праца з інтэрнет-рэсурсамі, крыніцамі, дадатковай літаратурай па тэме праекта | Інфармацыя, фотаздымкі ручнікоў |
| На працягу другога этапа | Стварэнне серый эскізаў ручнікоў Скідзельшчыны XIX-XX стагоддзяў | Эскізы мадэляў і замалёўкі ручнікоў Скідзельшчыны XIX-XX стагоддзяў |
| На працягу другога этапа | Вывучэнне сімвалаў арнаменту, прыназначэнне ручнікоў XIX-XX стагоддзяў | Тлумачэнне сімвалаў арнаменту, прыназначэнне ручнікоў |
3 этап: май 2015г. – верасень 2015г.
Праектны
Мэта: праектаванне ручніка, на аснове сабраных матэрыялаў у горадзе Скідзелі і вёсках, якія размешчаны каля горада
| Час рэалізацыі | Змест дзейнасці | Вынік |
| май 2015г. – верасень 2015г. | Падбор матэрыялаў, тканіны, нітак у адпаведнасці з эскізамі і каларытам ручнікоў | Матэрыялы, тканіна для вырабу ручніка, ніткі для вышыўкі |
| На працягу трэцяга этапа | Распрацоўка чарцяжоў і канструкцый ручніка | Чарцяжы канструкцый |
| На працягу трэцяга этапа | Распрацоўка схем вышыўкі, падбор арнаменту | Схемы вышыўкі, арнамент |
| На працягу трэцяга этапа | Распрацоўка афармлення ручніка | Схема выканання афармлення ручніка |
4 этап: верасень 2015г. – студзень 2016г.
Практычны
Мэта: вышыўка ручніка для музея ліцэя
| Час рэалізацыі | Змест дзейнасці | Вынік |
| Верасень 2015г. – студзень 2016г. | Выкананне раскладкі арнаменту на тканіне | Дэталі вырабу ручніка |
| На працягу чацвёртага этапа | Выкананне вышыўкі на ручніку | Вышыўка на ручніку |
| На працягу чацвёртага этапа | Разлік параметраў узору на ручніку | Прасаванне ручніка |
| На працягу чацвёртага этапа | Выраб ручніка, захаванне бяспечных умоў працы пры вышыванні ручніка | Вышыты ручнік |
5этап: студзень 2016г. – красавік 2016г.
Абагульняльна-рэфлексіўны
Мэта: рэфлексія працэсу і выніку праектна-даследчай дзейнасці пры вырабе ручніка для музея
| Час рэалізацыі | Змест дзейнасці | Вынік |
| студзень 2016г. – сакавік 2016г. | Прэзентацыя даследчага праекта і выраб ручніка | Праект, ручнік, прэзентацыя |
| На працягу пятага этапа | Стварэнне эскізаў ручнікоў | Створаны эскізы мадэляў ручнікоў |
| На працягу пятага этапа | Арганізацыя рэфлексіі засвоеных вучнямі кампетэнцый у працэсе працы над праектам | Паспяхова засвоілі кампетэнцыі |
Апісанне дзейнасці
Ручнік адносіцца да тых прадметаў, якія належаць і мінуламу, і сучаснасці ў аднолькава значнай ступені. Шмат стагоддзяў карыстаюцца беларусы ручніком. Набываюць, вышываюць яго і сёння, працягваючы ўдасканальваць яго прыгажосць, над якой працавала мноства пакаленняў. Вучні запісалі шмат легендаў і паданняў пра ручнік (дадатак 1).
Дакладна не ўстаноўлена, як выглядаў старажытны беларускі ручнік, але можна меркаваць, што ён мала чым адрозніваўся ад сучаснага свайго суродзіча. Як сцвярджаюць навукоўцы, ён быў трошкі меншы па сваіх памерах, вырабляўся нескладанымі спосабамі ткацтва, а калі арнаментаваўся, то пераважна шыццём.
Больш дакладныя звесткі пра беларускі ручнік пакінула Сярэднявечча. У судовых дакументах 15-16 ст.ст. даволі часта ўпамінаюцца ручнікі пры пералічванні маёмасці. Паколькі ручнік упамінаецца ў дакументах судоў Мінска, Магілёва, Брэста, Слоніма, Віцебска і іншых гарадоў, можна зрабіць вывад, што ў той час ён быў адным з папулярнейшых прадметаў гарадскога і сялянскага побыту.
На інфармацыйна-аналітычным этапе намі была вывучана і прааналізавана літаратура, інтэрнэт-рэсурсы і іншая інфармацыя па тэме праектна-даследчай дзейнасці вучняў.
Вывучаная літаратура [1], [3], [6], [7], дазволіла вызначыць найбольш агульныя рысы і арнаменты ручнікоў.
Ручнік… Ён нам дарагі з маленства. За ручніком нам бачацца залатыя рукі нашых бабуль, якія выраблялі не проста ручнікі, а тварылі цуды. Скідзяльчанкі старэйшага ўзросту расказваюць, як яны ў дзяцінстве прасіліся навучыць іх ткаць, як прыглядаліся да кожнага руху ткачыхі, узору, які выходзіў з-пад рук майстрыхі.
Асноўным матэрыялам для пашыву ручнікоў здаўна былі льняныя палотны, якія ў залежнасці ад якасці сыравіны, таўшчыні нітак, шчыльнасці фактуры выкарыстоўваліся для вырабу ручніка пэўнага віду. Шырыня палотнішча вар’іравалася ў межах 40-50 сантыметраў. У 70-я гады даматканыя палотнішчы вышываных ручнікоў выцясняе прамысловы тэкстыль. Але арнаментаванне бытуе і па сённяшні дзень пераважна ў выглядзе вышыўкі.
Асноўным матэрыялам для вышыўкі арнаменту былі баваўняныя ці льняныя ніткі чырвонага, чорнага або натуральнага колеру. На Скідзельшчыне такія ніткі маюць назву “горэнь”. А з 80-х гадоў пачынаюць шырока выкарыстоўваюцца розныя сінтэтычныя ніткі, найбольш пашыраны акрылавыя.
Самы старажытны спосаб упыгожвання ручнікоў – гэта ператыканне іх геаметрычнымі ўзормі. А ўжо пасля ў побыт уваходзіць вышыўка геаметрычных узораў. У другой палове XI – папачатку XX стагоддзяў вышыванне на Беларусі было адным з пашыраных заняткаў, а вышыўка – развітым і папулярным відам мастацтва. У той ці іншай ступені ёю валодала кожная жанчына, тым больш, што ў асобных месцах вышыўка была адзіным спосабам аздаблення і арнаментавання тканін. Вышыванне здаўна лічылася ў беларусаў абавязковым выключна жаночым заняткам, хоць і з пэўнымі ўзроставымі абмежаваннямі. Жанчына замужняя аддавала рукадзеллю не так шмат часу, перш за ўсё з-за яго адсутнасці. Вышыванне было заняткам дзяўчыны ў той перыяд жыцця, калі ўсе намаганні і думкі скіроўваліся на вясельную скрыню, на тое, каб назапасіць патрэбную колькасць прыданага, як след падрыхтавацца да будучага сямейнага жыцця. Прыкладна з 12-15 гадовага ўзросту дзяўчына пачынала засвойваць працэс арнаментацыі і першыя ўрокі браліся ў маці, чым забяспечвалася бесперапынная перадача традыцый, неабходных навыкаў.
Экспедыцыі ў музеі, вёскі Гродзенскага раёна, вывучэнне арнаментаў ручнікоў, гутаркі з жыхарамі – усё гэта дало нам магчымасць зразумець, што ў XІX - пачатку XX стагоддзя асаблівай папулярнасцю карыстаецца вышыванне крыжыкам. Хуткаму распаўсюджванню і ўкараненню вышыўкі крыжыкам садзейнічалі шматлікія ўзорнікі і іншыя віды друкаванай прадукцыі, якія прапагандаваліся і прапагандуюцца моднымі часопісамі. Вышыўка крыжыкам паслужыла своеасаблівым і неабходным мастом паміж геаметрычнымі і гладзевымі ўзорамі.
Мы зацікавіліся вышыўкай на ручніках, бо музей ліцэя налічвае больш шасцідзесяці ручнікоў. Арнаментаваныя ўзоры на ручніках былі самыя разнастайныя. Выдзяляюцца наступныя віды арнаменту: раслінны, геаметрычны, кветкавы, арніталагічны [5], [6].
Самы старажытны – геаметрычны. Ён нясе зашыфраваную інфармацыю наступным пакаленням пра побытавую культуру нашых землякоў, а таксама пра разнастайныя моманты з жыцця продкаў. Бо кожная геаметрычная выява, кожная крэска расчытваецца. Акрамя вышыўкі, ручнікі ўпрыгожвалі карункамі, вязанымі кручком, пазней фабрычнай вытворчасці, махрамі, узорамі, плеценымі ўручную з нітак асновы [1], [5]. Некаторыя ўпрыгожвалі яшчэ і прошвай – палоскай вязаных карункаў з роўнымі краямі, ушытай паміж двума кускамі тканіны. Але, у любым выпадку, аздабленне ручніка вышыўкай, упрыгожванне карункамі было зарыентавана на яго функцыянальнае прымяненне.
У народным побыце кожны выраб быў строга рэгламентаваны ў функцыянальным прызначэнні, таму змест арнаменту, яго форма строга адпавядаюць прызначэнню ручніка. Мы вызначылі, што ў музеі ліцэя, а таксама ў жыхароў горада Скідзеля, вёсак, якія размешчаны каля горада, на сённяшні дзень больш распаўсюджаны пяць відаў ручнікоў: уцірачы (яшчэ іх называлі скарачы), набожнікі, вясельныя, пахавальныя і трапкачы. Як бачна, назва віду ручніка яўна ўказвае на мэты яго прымянення.
Вясельны ручнік мае найбльш яркае арнаментаванне. Пераважае кветкавы арнамент. Самы часты матыў – матыў ружы. Ружа не характэрна для нашай мясцовасці, ды майстрыхі аддаюць ёй перавагу. Відаць, гэты узор быў запазычаны з твораў мастацтва праз друкаваныя сродкі і хутка разышоўся.
Мы заўважылі, што даўнейшыя прыклады арнаменту маюць пласкасны, лінейны ўзор, што сведчыць пра іх старажытнасць.
Трывала зацвердзіўся і матыў вінаграднай лазы. Да найбольш характэрных варыянтаў адносіцца матыў лазы з гронкамі вінаграду.
Як сведчанне пра старажытнасць арнаменту - выява на ручніку птушак. У гарызантальнай частцы арнаменту яны рытмічна накіроўваюцца адна за адной ці ўтвараюць групу. Называецца такі арнамент -- арніталагічны. Такіх ручнікоў шмат у нашай калекцыі. Уражвае ручнік з выявай галубоў па ніжняй частцы ўзору. Мы даведаліся, што так можна патлумачыць падобны ўзор. [1], [7]. Голуб ідзе за галубкай - першае знаёмства хлопца з дзяўчынай, каханне толькі пачынаецца. Дзве птушачкі, павернутыя галоўкамі адна да адной, - каханне ў самым росквіце. Калі ж вышытыя птушачкі павернутыя ў розныя бакі - каханне без узаемнасці.
Сярод ручнікоў ёсць і надзвычай архаічныя сюжэты.
Выявы коннікаў у шлемах. Ля коннікаў вышыты выявы жанчын, нацыянальная вопратка якіх указвае на іх неславянскае паходжанне. Верхняя частка арнаменту аформлена ў выглядзе вазы з букетам руж, а па баках упрыгожаныя раслінным арнаментам выявы лір. Такі від аздаблення не характэрны для беларусаў, і ў нашай калекцыі гэтакі ручнік адзін. Таму прасачыць шлях ўзаемапранікнення падобных арнаментаў цяжка. Хоць нам дакладна вядома, што вышыла гэты ручнік жанчына з вёскі Бандары – Алена Сямёнаўна Гуліда. Магчыма, вышывальшчыца ўзяла гэты ўзор з друкаванага ўзорніка.
У вышыўках нашых землякоў ёсць і раслінныя формы арнаменту, звычайна стылізаваныя да геаметрычных. Найбольшай папулярнасцю карысталіся разнастайныя матывы выгнутай галінкі ці вазона. Часта сустракаюцца ўзоры ў выглядзе вянкоў. Арнаментаванаму, а не сюжэтнаму ладу падпарадкоўваліся і жывёльныя матывы. Раслінна-жывёльны арнамент вельмі распаўсюджаны на ручніках XX стагоддзя. Любімымі матывамі былі сцяблінкі вінаграднай лазы з ягадамі і з лісцем, стылізаваныя дрэвы, ліліі, ружы, галубы, пеўні жар-птушкі.
У ручнікоў-набожнікаў з гадамі страціліся ярка выражаныя адметнасці арнаменту. Цяпер ён выконвае не столькі функцыю абярэга, колькі дэкаратыўную, таму на абразы вешаюць самы яркі ручнік. Але ёсць у нас узор ручніка-набожніка, што яўна ўказвае на яго прымяненне. Менавіта праз размяшчэнне ўзора: вышыўка не толькі на канцах ручніка, але і пасярэдзіне палотнішча ручніка, якое атуляла абразы, а вышываны край звешваўся і гожа аздабляў чырвоны кут.
Канцы набожнікаў таксама ўпрыгожвалі карункамі ручной работы ці фабрычнымі. Сустракаюцца ў нашай мясцовасці набожнікі з прошвай. Арнамент прошвы і карункі па краях паўтараюць узор, які найчасцей створаны з геаметрычным фігур ці стылізаваных кветак.
Ручнікі-ўцірачы на Скідзельшчыне пераважна не з вышываным, а з тканым узорам. Прычым, тканыя ўзоры сустракаюцца двух варыянтаў: у выглядзе ператканых гарызантальных палос рознай шырыні ніткамі чырвонага колеру, і клетчастыя ўзоры па ўсёй даўжыні палотнішча. Каляровая гама такіх ручнікоў разнастайная, але прыглушаных тонаў. Па краях такі ручнік упрыгожаны пераважна махрамі або узорам, сплеценым з нітак асновы, і размешчаны ён не па шырыні ўсяго палотнішча ручніка, а выглядзе вузкай застаўкі.
Пахавальны ручнік пераважна выкарыстоўваўся і выкарыстоўваеца ў пахавальным абрадзе. У народзе ручнік успрымаецца менавіта як кладачка паміж гэтым і тым светам. Даўней меў ярка выражаныя адметнасці праз арнамент. Пераважаў менавіта геаметрычны ў выглядзе вузкай палоскі чырвонага колеру. Чырвоны колер - сімвал жыцця. Шырыня паласы – як своеасаблівае паведамленне пра заканчэнне жыццёвай дарогі.
Ручнік-трапкач арнаментаванага ўзору не меў. Упрыгожвалі іх доўгімі махрамі з нітак асновы. Канцы нітак злучалі ў пары і абавязкова ў самым нізе завязвалі вузельчыкі.
Упрыгожвалі іх доўгімі махрамі з нітак асновы. Канцы нітак злучалі ў пары і абавязкова ў самым нізе завязвалі вузельчыкі.
Гэтакае “ўпрыгожванне” мела адметнае функцыянальнае прызначэнне. Па-першае, ручнік выкарыстоўваўся ў якасці лямак для пераносу цяжкасцей, а ніткі з вузельчыкамі служылі для фіксацыі прадметаў, па-другое, трапкач быў своеасаблівым сродкам для пакарання дзяцей, якія свавольнічалі і не чулі матчыных просьбаў супакоіцца. Гэты ручнік таму заўсёды вісеў ля прыпечка, каб быць пад рукамі.
Таксама мы заўважылі, што для кожнай ваколіцы характэрны свае ўзоры, свае каляровыя гамы. Напрыклад, ручнікі з в. Гліняны яркія, кідкія, колеры нітак надзвычай стракатыя, кветкі арнаменту буйныя. Такі ручнік нам паказала Самойла Ф.І., такі ручнік ёсць і ў нашым музеі.
Арнамент вёскі Некрашы больш стрыманы ў каляровых тонах, узоры вылучаюцца наяўнасцю дробных частак у арнаменце.
Значыць, можна гаварыць пра выяўленне праз арнамент эстэтычнага густу і культуры не толькі жанчыны-вышывальшчыцы, але і цэлай вёскі.
На сённяшні дзень музейная калекцыя налічвае за шэсць дзясяткаў ручнікоў. Кожны з іх вылучаецца сваёй адметнасцю (дадатак 3).
Такім чынам, з літаратуры, інтэрнэт-рэсурсаў і іншай інфармацыі па тэме праектна-даследчай дзейнасці вучняў мы даведаліся, што рунік – верны спадарожнік беларусаў, а таксама, што кожны малюнак на ручніках, кожны колер меў сваё назначэнне.
На праектным этапе вучні ліцэя займаліся падборам матэрыялаў, тканіны, нітак у адпаведнасці з эскізамі і каларытам ручнікоў, таксама распрацоўвалі чарцяжы і канструкцыі ручніка. Дзякуючы даследчай дзейнасці, здзейснілі параўнальны аналіз з інфармацыяй, пра якую яны даведаліся з кніг, інтэрнэт рэсурсаў, фатаграфій, якія зрабілі у вёсках, музеях і прыйшлі да адзінай думкі, выбралі малюнак, які будуць вышываць на ручніку.
На практычным этапе вучні старанна выконвалі вышыўку на ручніку, разлічвалі параметры ўзору, коляровую гаму, распрацавалі тэхналагічную паслядоўнась. Вучні вышылі ручнік для музея ліцэя (дадатак 4).
На апошнім этапе ажыццяўлялася рэфлексіўная дзейнасць, якая не можа існаваць без абагульнення і аналізу.
На працягу рэалізацыі праекта ажыццяўлялася рэфлексіўная дзейнасць ўсімі ўдзельнікамі. Ручнік, зроблены рукамі вучняў, заняў годнае месца ў музеі ліцэя.
Заключэнне
Праектна-даследчая дзейнасць уключае ў сабе сукупнасць праблемных, даследчых, пошукавых метадаў, што фармуе ў вучняў патрэбу знаходзіць адказы на хвалюючыя пытанні. Немалаважную ролю ў прафесійна-асабістым развіцці вучняў адыгрывае даследчая, творчая, калектыўная праца над доўгатэрміновым праектам.
Праца над праектам спрыяла развіццю ў вучняў матывацыі да вывучэння ручнікоў, далучэнне да традыцый і культуры нацыянальнай спадчыны. У працэсе праектна-даследчай дзейнасці развіваецца суб'ектны вопыт навучэнцаў, неабходны для станаўлення асобы, яе грамадзянскай пазіцыі, пашырэнне прасторы прафесійных магчымасцяў, самарэалізацыі, самаўдасканалення асобы ў жыцці і прафесіі.
Прафесійна-асабістыя кампетэнцыі спецыяліста могуць развівацца толькі ва ўмовах творчай, праблемнай і тэхналагічна-арганізаванай інавацыйнай прасторы, дзе вучні актыўна займаюцца праектнай і даследчай дзейнасцю, вучацца шукаць свой «прафесійны почырк». Гэта дае магчымасць вучням стварыць сваімі рукамі ручнікі, якія будуць выкарыстоўвацца ў паўсядзённым жыцці.
Спіс літаратуры:
Кацар М.С. Беларускі арнамент: Ткацтва. Вышыўка. - Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1996.
Маленко Л.И. Белорусский костюм XIX-XX вв. - Мн.: Белорусская наука, 2005.
Жабінская М. П “Складзі ўзор сам”. – Мн., 2007.
Раманюк М.Ф. Беларускія народныя строі. Мн, 2003 .
Фадеева О.Е. Белорусская народная вышивка. АН БССР, Институт искусствоведения, этнографии и фольклора. Минск, «Наука и техника», 1991.
Фадзеева В. Я. Беларускі ручнік. – Мн: Навука і тэхніка, 1994.
Лабачэўская В.В. Повязь часоў. Беларускі ручнік. – Мн., 2009.
Беларуская савецкая энцыклапедыя. – т. 12. Мн., 1975.
Сахута Я.М. Беларусы. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва/ Я.М.Сахута.- Мінск: Беларуская навука, 2005
http://pogovorim.by/forum/viewtopic.php?f
http://www.ethnomuseum.ru/gallery2050/2 ... 4_3823.htm
http://knihi.com/Volha_Labaceuskaja/Bielorusskij_narodnyj_kostium-ru.html
Дадатак 1
Легенды і паданні пра ручнік
Здаўна вескі Скідзельшчыны славіліся знакамітымі ткачыхамі. Кожная жанчына павінна была ўмець ткаць. Асноўную частку пасагу дзяўчыны, што выходзіла замуж, складалі тканыя і вышываныя вырабы: ручнікі, абрусы, дываны, посцілкі.
Ручнік… Ён нам дарагі з маленства. За ручніком нам бачацца залатыя рукі нашых бабуль, якія выраблялі не проста ручнікі, а тварылі цуды.
Скідзяльчанкі старэйшага ўзросту расказваюць, як яны ў дзяцінстве прасіліся навучыць іх ткаць, як прыглядаліся да кожнага руху ткачыхі, узору, які выходзіў з-пад рук майстрыхі.
Летам, восенню рыхтавалі патрэбны матэрыял, а потым цэлымі зімамі ткалі. Спачатку ткалі кужаль, потым – абрусы і ручнікі.
Нашы беларускія ручнікі вылучаюцца прыгажосцю ўзораў, багатымі колерамі. Ручнікі адлюстроўваюць гісторыю нашага народа.
Шырокае і разнастайнае было (у некаторых вёсках і цяпер засталося) выкарыстанне ручніка ў побыце Скідзельчан. Ручнік суправаджае чалавека ад нараджэння да смерці.
Актыўна выкарыстоўваецца ручнік у шлюбным абрадзе, у час заручын. Вось што расказала нам Самойла Ф.І.: “У час заручын сватоў жаніха і яго бацькоў адорвалі ручнікамі. Дзяўчына засцілала лаву доўгім ручніком, завязвала на бутэльку, у якую насыпалі жыта. У час дарэння каравайніцы на ручніках уносілі каравай.
Ручнікі абавязкова павінны былі быць у пасагу. Яны сведчылі пра працавітасць маладой. Вясельны ручнік павінен быў быць з чырвоным колерам, арнамент – ромба, кругі, ялінкі, вазоны, якія абавязкова цвілі. Чырвоны колер на ручніку – гэта сонца, дабро, шчасце”.
А вось якую легенду мы запісалі ў вёсцы Гліняны. Бацька падарыў на вяселлі дачцэ ручнік, а ў яго паклаў палена. Ён сказаў: “Будзе цяжка, дачушка, нікому нічога не гавары, не вынось свае слёзы на чужыя людзі, а лепш паплач у ручнік”.
Прайшло нямала часу. Прыехаў бацька наведаць дачку, пацікавіцца, як яна жыве, папрасіў ручнік. Разгарнуў яго і ўбачыў, што палена спарахнела і рассыпалася. Глянуў бацька на дачушку і без слоў зразумеў, што лёс у яе цяжкі, што яна вельмі часта плакала.
А яшчэ пра абрад нам расказалі: калі маладыя пераязджалі да жаніха, то ад варот аж да парога хаты бацькі слалі кужаль. І па гэтай засланай сцежцы ішлі маладыя, гэта абазначала, што іх сямейная дарога будзе светлая, чыстая, шчаслівая. Як увасабленне дабра, ручнік трымалі над галавой маладых, калі яны ўваходзілі ў хату.
Рэкець Кацярына, вучаніца 247 групы.
Хлеб-соль таксама заўсёды падаюць на ручніку. Ручнік выступаў як абаронца роду ад усяго чужога. Ручнікі пакідалі ў гумне, над вуллямі, куфрамі – у тых мясцінах, ад дабрабыту якіх залежаў дастатак сям’і. Ручнікі ўжываліся і для ўбрання жылля, абразоў. Ручнікамі прыбіралі не толькі абразы, але і рамкі з фотаздымкамі, люстэркі.
Ручнікі захоўваюцца ў кожнай сялянскай хаце, як абярэг ад бяды. У некаторых вёсках маці давалі ручнікі сынам, калі адпраўлялі ў войска. Гэта абазначала, што ручнік будзе той дарогай, якая прывядзе іх да роднай хаты.
Вось якая легенда бытуе ў Скідзелі…
Ішоў сын у войска, маці дала ў дарогу ручнік і сказала: “Хай гэты ручнік, сынку, беражэ цябе і будзе той дарогай, якая прывядзе цябе да роднай хаты, да родных і блізкіх табе людзей”. У адным з баёў сын быў цяжка паранены. Ен папрасіў сяброў перадаць ручнік – абярэг маці, спадзеючыся, што ён будзе сувяззю з жывымі сародзічамі.
Скончылася вайна, вярнуліся дамоў салдаты. Група салдат зайшла ў адну хату і папрасіла піць. Адзін з воінаў дастаў з рэч-мяшка ручнік. Сціснулася ад болю сэрца маці, слёзы пакаціліся з вачэй. Яна зразумела, што сына няма ў жывых.
Сёння сяляне беражліва захоўваюць вытканыя сваімі рукамі, вышытыя, вывязаныя карункамі, як рэліквію.
Жыццё старадаўніх ручнікоў працягвваецца ў музеях. У нашым літаратурна-краязнаўчым музеі сабрана больш шасцідзесяці ручнікоў, якія размаўляюць з намі на мове мінулых пакаленняў. Ручнікі дапамагаюць выхоўваць у маладога пакалення любоў да сваёй малой радзімы, традыцый, звычаяў продкаў.
Наша Радзіма – гэта край легенд, паданняў. Вось якую цікавую легенду пачулі ў вёсцы Бандары.
Бог дзяліў паміж народамі землі. Прыйшлі беларусы… Яны вельмі спадабаліся Богу. Ён пачаў нас надзяляць:
Даю вам рэкі поўныя, лясы нямераныя, азёры – незлічоныя. Гарачыні ў вас ніколі не будзе, і моцных маразоў таксама не будзе. Не ўродзіць бульба, то ўродзіць жыта, або яшчэ што-небудзь. Звяры і птушкі ў лясах будуць стаямі, пчолы ў вуллях – мільёнамі. А травы духмяныя для чаю. Голаду не будзе.
Жанчыны ў вас будуць прыгожыя, дзеці – моцныя, сады – багатыя, ягад і грыбоў шмат будзе. Вы будзеце таленавітыя, на музыку, песні, вершы – здольныя. І будзеце жыць ды жыць.
Нам трэба ведаць і шанаваць, прадаўжаць тое, чым займаліся нашы продкі, не быць абыякавымі да спадчыны. Бо нашы продкі ўкладвалі ў ручнікі часцінку сваёй душы. І калі мы не будзем адраджаць нацыянальную спадчыну, мы яе можам наогул згубіць, і ўзнавіць ужо не зможам ніколі.
Царова Кацярына, вучаніца 247 групы.
Дадатак 2
Табліца “Крытэрыі і паказчыкі паспяховасці засваення вучнямі кампетэнцый у працэсе даследчай дзейнасці”
| Крытэрыі | Паказчыкі |
| Каштоўна-сэнсавыя кампетэнцыі | - Каштоўнаснае стаўленне да гісторыі, ручніка, уласнай дзейнасці; - Ажыццяўляць праектную дзейнасць на аснове выбраных мэтавых і сэнсавых установак |
| Агульнакультурныя кампетэнцыі | - Валодаць ведамі і вопытам выканання тыповых сацыяльных роляў у рамках праекта; - Ведаць культурную спадчыну, традыцыі |
| Інфармацыйныя кампетэнцыі | - Умець працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі; - Самастойна шукаць, аналізаваць, адбіраць неабходную інфармацыю і прадстаўляць яе; - Прымяняць у рабоце розныя інфармацыйныя тэхналогіі |
| Камунікатыўныя кампетэнцыі | - Умець узаемадзейнічаць у камандзе, прыходзіць да адзінага ўзгодненага меркавання; - Умець размаўляць з людзьмі, ведаць гістарычныя карані і традыцыі; - Распрацоўваць прэзентацыі, выступаць з вуснымі паведамленнямі |
| Кампетэнцыі асабістага самаўдасканалення | - Выконваць сваю працу дакладна ў тэрмін, у адпаведнасці з часавымі рамкамі праекта; - Праяўляць індывідуальнае майстэрства і творчую актыўнасць |
| Прафесійныя кампетэнцыі | - Выконваць эскізы ручнікоў; - Распрацоўваць схемы вышыўкі і выконваць вышыўку; - Выконваць тэхналагічны працэс па вышыўцы ручніка |
Дадатак 3
Фатаграфіі з музея ліцэя
Дадатак 4
ВЫНІК ДАСЛЕДЧАГА ПРАЕКТА –
РУЧНІК
23