СДЕЛАЙТЕ СВОИ УРОКИ ЕЩЁ ЭФФЕКТИВНЕЕ, А ЖИЗНЬ СВОБОДНЕЕ

Благодаря готовым учебным материалам для работы в классе и дистанционно

Скидки до 50 % на комплекты
только до

Готовые ключевые этапы урока всегда будут у вас под рукой

Организационный момент

Проверка знаний

Объяснение материала

Закрепление изученного

Итоги урока

Святы гадавога цыклу

Категория: Прочее

Нажмите, чтобы узнать подробности

Матэрыл змяшчае апісанне некаторых гадавых свят.

Просмотр содержимого документа
«Святы гадавога цыклу»

Зімовы цыкл


Каляды


Каляды – адно з самых містычных святаў у старажытных славян. Яно менш звязана з сельскагаспадарчым цыклам, а больш з будовай і рухам сусвету. Першы дзень калядаў – дзень, у які даўжыня светлавога дня пачынала павялічвацца пасля зімовага сонцастаяння, звычайна прыходзіўся на 23-24 снежня па сучасным стылі, лічыўся пачаткам астранамічнага новага года. У адрозненні ад сельскагаспадарчага новага года, каторы з’яўляўся пачаткам працы ў полі, на каляды "нараджалася новае сонца", час "паварочваўся на вясну". Новае сонца ўвасаблялася ў вобразе дзіцяці, выкрадзенага лютай вядзьмаркай Зімою, каторая ператварыла яго ў ваўка. Але светлыя сілы, вядома, перамагаюць, гарачыя промні маладога сонца спальваюць ваўчыную скуру, яно вызваляецца з палону цёмных сіл і пакрысе "сталее", з кожным днём набіраючы сіл да вясны. 
Само слова "каляды" мае паходжанне ад лацінскага calendae, "календы" - назва першага дня кожнага месяца (ад таго кораня пайшоў і "каляндар"), а таксама ад старажытнай назвы сонечнага дыску – Кола. 
Да каляд абавязкова адказна рыхтаваліся. Прыбіралі хату, убіралі яе самаробнымі ўпрыгожваннямі, рабілі, калі быў патрэбны, рамонт усіх гаспадарчых будынкаў на падвор’і. Да Калядаў стараліся пашыць новае адзенне, абавязкова памыцца ў лазні. Новы год і новае сонца непрыгожа сустракаць, калі непарадак у гаспадарцы ці ў душы. Вось і зараз стараюцца людзі да новага года дарабіць пачатыя справы, разлічыцца з пазыкамі, прыбраць жыллё. А вось замест звычайнай у нашые часы навагодняй яліны асноўным упрыгожаннем хаты таго часу быў сноп збожжа, які ўносілі ў хату ў першы дзень каляд і трымалі там да апошняга. Замест снапа магла быць і саламяная лялька, якая ўяўляла сабой нованароджаны год. 
Каляды – свята вясёлае. Асаблівы святочны настрой стварала, мабыць, і тое, што да пачатку работ у полі – самы цяжкі час для нашых продкаў – было яшчэ далёка. Нават больш – на каляды нельга было рабіць ніякую працу, ані ткаць, праць, рыхтаваць дровы – можна было толькі весяліцца, каб падтрымаць сілы святла сваім настроем ды задорам. Працягваліся Каляды прыкладна 2 тыдні, да Велесава дня, які прыходзіўся на 6-7 студзеня па сучасным стылі. Асаблівае месца ў святкаванні каляд адводзілася абрадаваму сталу і святочным стравам. Стол, вядома, павінен быць багатым, каб наступным годам мець добры ўраджай і здароўе дзеля людзей і жывёл. Пад абрус на стол клалі сена, каторае пасля вячэры скормлівалі каровам, што павінна было зберагчы іх ад ваўкоў і паспрыяць павелічэнню надоеў малака. У кожнай, нават самай беднай, хаце на Каляды даставалі з схованак мяса ды каўбасы, сала, арэхі, яблыкі, мёд. Ад галоўнай стравы Калядаў – куцці (ячневая каша з дабаўленнем мёду, арэхаў, шкварак) – узялі назву тры абавязковыя святочныя вячэры. У першы дзень ладзілася "посная куцця" - на стале былі стравы з рыбы, гародніны, грыбоў, сушанай садавіны, мёду, і, канечне, тая самая ячневая каша-куцця з мёдам. Варылі яе таксама незвычайна, а другой гадзіне ночы старэйшая жанчына ў сям’і ішла ў свіран за зернем, а старэйшы мужчына – па ваду. Ваду і зерне нельга было чапаць да таго моманту, як будзе гатова печка. Нарыхтаванай такім чынам куцці надавалася асаблівае магічнае значэнне, яна павінна была надаваць усім здароўя, моцы, удачы. Пачынаў вячэру, як звычайна, гаспадар, акрамя таго за стол так ці інакш запрашаліся ўсе продкі. Рэшткі куцці падкідвалі пад столь, каб ячмень наступным годам урадзіў высокі. Пасля гэтага крупы скормлівалі хатнім птушкам. На асобнай талерачцы была і каша дзеля Зюзі, зімовага бога, каб улагодзіць яго, бо маразы ў перыяд каляд былі, бадай, самымі моцнымі за ўсю зіму. Гэты даволі распаўсюджаны звычай захаваўся ў некаторых краінах і па сённяшні дзень - традыцыя ставіць на новы год за акно талерачкі з зернем. 
Другая куцця, тоўстая, багатая, шчодрая – ладзілася праз тыдзень, па часу супадала з сучасным новым годам. Як вынікае з назвы, у гэты вечар на стале былі стравы з мяса разнастайных гатункаў – варанага, смажанага, печанага, каўбасы, вяндліны, куцця са шкваркамі. 
Трэцяя куцця прыходзілася на канец святочнага тыдня, Велесаў дзень, звычайна 6 студзеня па сучасным стылі і называлася “вадзяная”. Магчыма, такую назву яна атрымала пазней, ужо ў хрысціянскія часы, таму што супадала з царкоўным святам вадохрышча. Але есць верагоднасць, што за два тыдні святкавання ды набівання страўнікаў, запасы значна памяншаліся і каша на вадзе – бадай, адзінае, чым можна было частаваць гасцей пад канец каляд. 
Немагчыма ўявіць сабе каляды без містрэрыі. Яна пачыналася ў першы ж дзень і скончвалася апошнім. У час зімовага сонцастаяння, як і астатнія такія ж даты, дзеля нашых продкаў адчыняліся дзверы паміж светам існасці і мроі, жывых і памерлых, усё было прасякнута чароўным і небяспечным духам таямніцы. Час лічыўся спрыяльным дзеля ведзьмароў ды нячысцікаў, што насылалі на зямлю траскучыя маразы, але ж таксама і дзеля варажбы, заклёнаў ды абярэгаў. Для беларусаў гэтае спрадвечнае свята і да сённяшняга дня заўжды застаецца радасным, велічным і аптымістычным. 
На Каляды, асабліва ў першы вечар, прынята было збірацца разам, усёй сям’ёй, прычым запрашалі на святкаванне не толькі жывых членаў радзіны, але і продкаў. Лічылася, што яны разам з усімі садзяцца за стол, і калі спадабаецца ім вячэра – абавязкова “замовяць слоўца” і дапамогуць жывым ва ўсіх істотных справах. 
Нельга не ўзгадаць і пра “калядаванне” – адну з самых яркіх традыцый, што дайшла да сучаснасці. Лічылася, што толькі вяселле, шумлівыя гулянні могуць напалохаць злыдняў, павылазіўшых з таго свету, ды аберагчы людзей ад іх. Моладзь збіралася разам, пераапраналіся ў строі істотных татэмных жывёл (мядзведзя – увасабленне Велеса, карову, казу, каня – сімвал дастатку, багацця, бусла – што лічыўся талісманам удачы, ладу) і хадзілі па хатах, спяваючы калядныя песні з пажаданнямі ўсяго лепшага, услаўляючы сілы святла і граючы на музычных інструментах. Чым часцей узгадваліся розныя магічныя формулы, тым больш дзейснымі яны лічыліся. Гаспадары ж, каторых яны наведалі, давалі ў падзяку за абарону ад нячысцікаў розныя прысмакі. Часцей за ўсё гэта былі арэхі, семечкі, пернікі і печыва, сухафрукты, пазней – цукеркі. Гэтая ежа лічылася ахвярай спрыяльным да чалавека баствам, каб заручыцца іх дапамогай. Адмовіць калядоўшчыкам у пачастунках было тое самае што наклікаць на сябе няміласць усіх татэмных жывёл, пазбавіць сябе дабрабыту на ўвесь наступны год. З поўнымі мяшкамі пачастункаў калядоўшчыкі збіраліся ў адным месцы, у вялікай хаце ці на вуліцы, дзе разам “прыгаворвалі” дары, палілі вогнішчы, пелі ды танчылі ўскруг іх, каб сваёй бадзёрасцю і ўзнятым настроем дапамагчы светлым сілам атрымаць перамогу над цёмнымі. Ну і каб сагрэцца, канечне, бо надвор’е стаяла халоднае. 
Ад той пары і да сёння захаваўся звычай ладзіць маскарад на Новы год, абменьвацца падарункамі, вадзіць карагоды. Пераапрананне ў маскі мела не толькі рэлігійнае значэнне, але і псіхалагічнае. Чалавек, апрануўшы маску, ужо лічыўся быццам не самім сабою, і мог дазволіць сабе шмат больш, чым прыпісвалі строгія парадкі, асабліва ў часы хрысціянства. 
А яшчэ на Каляды абавязкова варажылi. З першай куццёй – на ўраджай, а пасля – на жаніцьбу ды прыплод хатняй жывёлы – каго што больш цікавіла. Кідалі на дарогу чаравікі, пыталіся імёны, лілі воск у сцюдзёную ваду, а самыя смелыя хадзілі варажыць у лазню. 
Вельмі распаўсюджанымі былі ў гэты час “жартоўныя” жаніцьбы, своеасаблівыя гульні, якія мелі мэтай пазнаёміць моладзь, стварыць спрыяльныя абставіны дзеля стасункаў. Прыкладам такога роду гульняў з'яўляюцца аналагі “ручайка”, усе магчымыя “даганялкі” хлопцамі дзяўчат, “баяры” і іншые. У атмасферы гульні, “несапраўднасці”, гумару моладзь знаёмілася ды разбівалася па парах значна ахвотней, і вельмі часта здаралася, што складзеныя пад час калядных гульняў пары летам ці пад восень ладзілі сапраўднае вяселле. 
У некаторых мясцінах ладзілі адмысловы “конкурс прыгажосці”. “Міс каляды” звычайна станавілася самая тоўстая маладуха, якая ўвасабляла сабой шчодрасць, багатую колькасць ежы і ўвогуле багацце, здароўе. 
Другі дзень Каляд традыцыйна лічыўся днём, калі заканчваўся тэрмін службы наёмных работнікаў. У гэты дзень гаспадар расплачваўся з работнікам, яны абменьваліся ўражаннямі адзін пра аднаго, выказвалі, калі тыя былі, сваю незадаволенасць і крыўды. Пасля гэтага вырашалі ўсе свае канфлікты, раіліся як быць, публічна мірыліся, каб не несці цяжар крыўды ў новы год і дамаўляліся на наступны год альбо разыходзіліся кожны сваім шляхам. І зараз людзі стараюцца вырашыць старыя канфлікты і набліжэнне Новага году – лепшы час каб пакінуць спрэчкі ў мінулым. 
На працягу калядных тыдняў сярод больш старэйшага пакалення было звычайна хадзіць у госці да родных і сяброў. Частавалі гасцей звычайна каўбасамі, стравамі з мяса, птушкі, рыбы, гарэлкай. 
У апошні вечар Каляд, на трэцюю куццю, праводзіўся абрад “запісвання” Каляд. Гаспадар крэйдай маляваў крыжы на усіх дзвярах, каб нячыстая сіла, што ўцякла пад час вясёлага свята, не змагла прабрацца ў хату ці хлеў. Так заканчвалася самае вясёлае і самае любімае нашымі продкамі свята. 










































Грамнiцы (Стрэчанне)

15 лютага


Стрэчанне, зiмовае свята народнага календара (каталікі адзначаюць яго 2 лютага, а праваслаўныя 15). Мяркуюць, што назва па ходзiць ад язычнiцкага бога Грамаўнiка (Перуна) бога веснавых навальнiц i дажджоў, якiя спрыялi раслiннасцi. Паводле iншых мер каванняў, Грамніцы названы так таму, што Юрай нiбыта выпрабоўвае на нячыстай сiле свае стрэлы i менавiта з гэтага дня ўжо можна пачуць грымоты. Другая назва свята Стрэчанне (ад царкоўнаславянскага «Сретенье») у хрысцiянстве знаменавала сустрэчу Сiмяона з Iсусам Хрыстом, сустрэчу Старога i Новага запаветаў, а ў народзе тлумачылася як сустрэча зiмы з летам: «А ў нас сёння Стрэчанне, Стрэчанне, // Зiма з летам стрэлася, стрэлася. // Лета зiму пiхнула, пiхнула // I ножачку звiхнула, звiхнула. // Зiма пайшла плачучы, плачучы, // Лета пайшло скачучы, скачучы». Дзяцей, зацiкаўленых пабачыць сустрэчу зiмы i лета, пасылалi голых i босых за гумны i гароды, абяцаючы, што зiма iм дасць чырвоныя боты. Пра гэты пераломны дзень казалi: «На Грамнiцы паўзiмiцы». Па стане надворя прадказвалi характар надыходзячых вясны i лета. Якая пагода на Грамніцы, такая i вясна. Калi на Грамніцы вялiкi мароз, то лiчылася, што снег паляжыць нядоўга, а лета будзе пагоднае i сухое; мяцелiца на Грамніцы прадказвала доўгую вясну, а значыць недахоп корму для жывёлы; пацяпленне на Грамніцы сведчыла пра раннюю вясну («Калi на Грамніцы певень напецца вадзiцы, то на Юря вол падесць травiцы»), аднак лета чакалася непагоднае, з невялiкiм ураджаем («На Грамніцы адлiга з ураджаю будзе хвiга»). Асноўным рытуалам на Грамніцы было асвячэнне ў храмах свечак. На свята мацi пяклi з цеста дочкам сярпы, а сынам - косы. Пасля Грамніц сяляне пачыналi рыхтавацца да веснавых работ, мужчыны ладзiлi сохi i бароны, жанчыны садзiлiся за кросны.

















Веснавы цыкл


Гуканне вясны


Галоўнай ідэяй веснавога цыклу народных свят была ідэя адраджэння і аднаўлення прыроды. Вясной пачынаюцца самыя адказныя сялянскія работы: ворыва, сяўба, выган скаціны ў поле.
Абуджэнне прыроды пасля працяглай зімовай спячкі патрабавала аднаўлення чалавека. Ён імкнуўся ачысціць сваю душу, падрыхтаваць арганізм да пераходу на новую ежу. На гэты час выпадае самы працяглы Вялікі пост. Як бы просячы прабачэння ва ўсяго жывога, селянін не толькі не забіваў у пост ніякай скаціны, але не гатаваў малочных і мясных страў. 
Гуканне вясны пачыналася 14 сакавіка (1 па старому стылю). Упоўдзень моладзь збіралася гуртам і ішла за ваколіцу, на ўзвышша, спяваць. Высокае месца выбіралі таму, што яно першае вызвалялася з-пад снегу. 
Паўсюдна, пачынаючы часцей за ўсё з Дабравешчання, дзяўчаты залазілі на горкі, стрэхі будынкаў і гукалі вясну:
Благаславі, Божа,
На ўзгорачку сесці
Вясну гукаці,
Лецечка адмыкаці,
Зіму замыкаці:
Лецечка цяпленька,
Зіма сцюдзёная,
Лецечка ў каточку,
Зіма ў палазочку.

Хлопцы збіралі з усяе вёскі розную старызну і зносілі іх у адно месца і распалівалі вогнішча. Вясна бачылася нашым продкам часам новага ўваскрэсення, святам пачатку новага года, лета. Нараджэнне новага магчыма толькі праз адміранне старога. Таму і ачышчалі хлопцы зямлю, а дзяўчаты поўнілі яе песнямі-гаканнямі. 
Абстрактнае для старажытных людзей паняцце надыходу вясны ўвасаблялася ў зразумелыя чалавечыя вобразы - прыгожую, квітнеючую дзяўчыну, з’яўленне якой звязывалі з прылетам птушак з выраю і таму іх клікалі-гукалі:
Жавароначкі, прыляціце - у-у-у-у! 
Вы нам лецейка прынясіце - у-у-у-у!
А зімачку забярыце - у-у-у-у!
Бо нам зімачка надаела - у-у-у-у!
Усе хлебушкі пераела - у-у-у-у!
Спевы вяснянак і гукальных карагодаў на ўзгорках суправаджаліся подкідваннем уверх печыва ў выглядзе жаўрукоў, кулікоў, буслоў, што павінна было вызваць хутчэйшы надыход вясны.
Важным момантам было паленне агню. Складалі вогнішча з мялля і ўсякай старызны і спявалі ля яго вяснянкі. Часам, як і на купальскія ігрышчы, моладзь ладзіла скокі праз агонь. У рытуале раскладання агню мы бачым адгалоскі старажытных магічных дзеяў: пазбаўленне ад непатрэбнай рэчы па прынцыпе падабенства цягне за сабою пазбаўленне ад непажаданай з’явы; таксама ўзнікаюць асацыяцыі з ахвярным полымем. 
У шмат якіх мясцовасцях у абрад гукання вясны ўваходзіў звычай пячы “жаваранкаў”. Увогуле, абрадавае печыва ў выглядзе больш ці менш стылізаваных птушак ці бусліных лапак характэрна для ўсіх славянскіх народаў. Птушкі з’яўляюцца часта сустракаемым вобразам, да якога звяртаюцца ў вяснянках. Звычайна выпякалася 40 “птушак”, якія раздаваліся дзецям. Звычай падкідаць птушак, імітаваць іх рух павінен быў паскорыць прылёт “сарака выраяў”, а значыць, і прыход цёплай пары. 
Пэўную абрадава-магічную ролю грала і гушканне на арэлях. Чым вышэй арэлі падляталі, тым вышэй, паводле павер’яў, будзе расці лён і іншыя расліны.Існаваў цыкл “арэльных” песень, які выконваўся падчас гушканняў. 
Захаваўся абрад “затанцоўвання” вясны. Моладзь збіралася ў гурт і абыходзіла кожны двор, дзе вадзіла карагод. Гаспадарам зычылі добрага ўраджаю і дабрабыту. Самому карагоду таксама прыпісваліся магічная сіла: па-першае, кола – старажытны сімвал абароны, захаванасці; па-другое, падчас яго выконвалая абрадавая песня-замова: “Дзе карагод ходзіць, там жыта родзіць...”

























Вялікдзень


Адным з урачыстых народных святаў вясенняга цыклаў быў Вялікдзень. Рыхтавацца да яго пачыналі загадзя, яшчэ ў перыяд вялікага ці вялікоднага посту. Апошні тыдзень велікоднага посту называўся чысты: чысты панядзелак, чысты аўторак, чыстая серада. У чысты чацверг, да ўсходу сонца, стараліся памыцца ў лазні ці хаця б у карыце-начоўках, балеі.
Лічылі, наогул, што чысты, ці "страсны" тыдзень быў часам разгулу нячыстай сілы. Увесь жа тыдзень старанна рыхтаваліся да свята: мылі сталы, скамейкі, лавы, вокны, дзверы. Бялілі печ, а то і сцены. Выскаблівалі, вымывалі падлогу (калі яна была ў хаце), вытрасалі сеннікі, перамывалі хатнія начынне, посуд.
Да дня Вялікадня варылі, пяклі, смажылі розныя стравы: булкі, пірагі, каўбасы, сала, фарбавалі і варылі яйкі. Рытуальнай стравай з'яўлялася чырвонае яйка, асвянцонае ў царкве ці касцёле. Пісанкі вялакага распаўсюджання на тэрыторыі Беларусі не мелі.
Напярэдадні Пасхі, ці Вялікадня, у лубку-сявеньку складвалі саму "пасху", ці велікодную булку ці пірог, а то і бохан чорнага хлеба, чырвоныя яйкі. У царкве ці касцеле адбывалася пышнае ўрачыстае богаслужэнне. Гэтай пышнасцю духавенства імкнулася прыцягнуць масы веруючых да царквы ці касцёла.
Пасля заканчэння ўсяночнай пачыналася асвячэнне прынесеных ястваў. 3 царквы ці касцела вярталіся як мага хутчэй, бо, згодна народным павер'ям, хто раней пачне разгаўляцца, таму будзе ў гэтым годзе ўдача ў яго справах і добрае здароўе.
Урачыстае святочнае снеданне пачыналася з чырвонага асвянцонага яйка. Кожны з'ядаў сваю долю яйка са свянцонай соллю і прымаўся за сыр, тварог са смятанай, сала вонджанае, смажанае мяса, каўбасу, пірагі. Наядаліся пры гэтым да адвалу.
Скончыўшы разгаўленне, старыя ў доме клаліся спаць, а малодшыя бралі чырвоныя яйкі і адпраўляліся на вуліцу гуляць у "біткі". Туканкі гэтыя прадаўжаліся амаль увесь тыдзень. У гэтыя дні качаліся на арэлях, каталі яйкі па жолыбе ці "лубку".
Трэба адзначыць, што яйка ў велікоднай абраднасці займала асобнае месца. Яно з'яўлялася сімвалам жыцця, сонца, вясенняй абуджанай прыроды. Адной з асаблівасцей беларускага Вялікадня з'яўляецца хаджэнне валачобнікаў у ноч з першага на другі дзень. У некаторых месцах жанчыны хадзілі пець асобна ад мужчын. Мужчыны часцей хадзілі спяваць на другі дзень Вялікадня.
Валачобныя песні выконваліся толькі ў першыя дні Вялікадня пад акампанімент скрыпкі, радзей - гармоніка. У песнях "валачобным" называецца сам падарунак, які дарылі валачобнікам за іх віншавальныя песні. Звычайна яны віншавалі гаспадароў хаты са святам, жадалі ім здароўя, прыбытку скаціны, добрага ўраджаю на полі.
Аграрныя дахрысціянскія элементы ў Вялікадні яскрава відаць не толькі ў памінавеннях нябожчыкаў у першы ці другі тыдзень, а і ў рытуальных акрапленнях вадою скаціны, жылля, гаспадарчых пабудоў.
Як вядома, Пасха, ці Вялікдзень - старадаўняе свята жывёлаводаў. Пазней яно ператварылася ў земляробчае, час правядзення якога вылічваецца па месяцавым календары. Вялікдзень заўсёды бывае ўслед за вясеннім раўнадзенствам.
Песні валачобныя - гэта гімн наступаючай вясне, сонцу, цяплу. Яны, відавочна, зарадзіліся незалежна ад калядаў і сталі ўнікальнай з'явай.
Характэрна, што асвянцоныя на Вялікдзень хлеб, соль, як і косці ад велікоднага стала, шалупінне ад яек ці самі велікодныя яйкі выкарыстоўваліся ў земляробчай працы, косці ад велікоднага застолля збіралі і закапвалі на ніве, каб пасевы не пацярпелі ад градабіцця. Скарынкі хлеба выкарыстоўвалі пры першым выхадзе на сяўбу зерняных, пры выгане скаціны ў поле і г. д.
У шэрагу раёнаў Беларусі Вялікдзень быў і памінальным днём. У першы дзень яго ішлі на могілкі і качалі на магілах велікодныя яйкі, у іншых месцах там жа і частаваліся, пакідаючы трошкі гарэлкі і закускі нябожчыкам. У каталікоў быў распаўсюджаны звычай хадзіць на магілы на пяты дзень Вялікадня.
Чацверты дзень Вялікадня ў шэрагу месц адзначалі як градавую сераду. Гэты дзень называлі яшчэ лядовым. У гэты дзень у царкве ставілі свечкі ад граду.
У заходніх раёнах Беларусі свечкі на магілы насілі яшчэ ў дзень грамніц, а найчасцей - у дзень усіх святых - першага лістапада па новаму стылю, аднак на могілках не частаваліся і нічога з яды не пакідалі. А ў большасці ж раёнаў Беларусі Вялікдзень мертвых як раней, так і цяпер адзначаюць у аўторак, радзей - у панядзелак. Гэта так называемая Радаўніца, ці Радуніца.
Такім чынам, Вялікдзень, ці Пасха – старажытнае свята жывелаводаў, пазней-земляробаў.


















Радаўніца


Веснавое свята ўсходніх славян, звязанае з культам продкаў, дзень памінання памерлых. Называлі таксама Радуніца, радуніцкія дзяды. Памінальны абрад адбываўся непасрэдна на могілках у аўторак на “правады” (паслявелікодны тыдзень). На Радаўніцу кожная сям’я ішла памінаць родзічаў спачатку ў царкву, а потым на могілкі, дзе прыводзілі ў парадак магілы блізкіх. Расцілалі на насыпе абрус і пачыналі памінальную трапезу. Крыху стравы (фарбаваныя яйкі, куццю, мяса і інш.) і гарэлкі пакідалі “для мёртвых”. У размовах успаміналі нябожчыкаў, часта гучалі галашэнні. Рэшту памінальных страў раздавалі жабракам. Правядзенне радаўніцы заканчвалася застоллем дома ці ў карчме. (Казалі: “На радаўніцу да абеду пашуць, па абедзе плачуць, а ўвечары скачуць”). На  Беларусі функцыю Радаўніцы выконвалі летнія (траецкія) дзяды. З днём правядзення Радаўніцы звязваліся  разнастайныя народныя назіранні і павер’і. Калі яе прыход супадаў з маладзіком – чакалі добрага ўраджаю, калі ж месяц быў у апошняй квадры – прадказвалі няшчымніцу. На Радаўніцу, якая мела назву “вялікадня мёртвых”, не пажадана было нічога садзіць і сеяць. Правядзенне абрадавых рытуалаў на Радаўніцу калісьці накіроўвалася на тое, каб задобрыць душы продкаў, заслужыць іх садзеянне ў жыцці і гаспадарцы. Трывалае існаванне Радаўніцы і ў наш час тлумачыцца душэўнай патрэбай жывых ушанаваць памяць памерлых.


Сёмуха


Цікавым, насычаным рознымі абрадамі, было свята Тройцы, або Сёмухі, якое адзначалася праз сем тыдняў пасля Вялікадня.
На гэта свята ўшаноўвалі продкаў (ім прысвячаліся Стаўроўскія дзяды), расквітнеўшую прыроду (двары і хату ўпрыгожвалі галінкамі бярозы, клёна). Для Тройцы характэрны абрады кумавання дзяўчат, завівання і развівання бярозы, завіванне вянкоў і варажбы на іх аб шлюбе і будучыні наогул.
Асаблівасці
Сёмуха належыць да ліку святаў, якія не маюць выразна акрэсленай даты і адзначаюцца ў залежнасці ад Вялікадня, залежала ад прыродных зрухаў, у першую чаргу ад часу з'яўлення лісця на дрэвах, якія ўсведамляліся як культавыя. На Беларусі такімі былі дуб (сімвал мужчынскага пачатку), клён, ясень (якія таксама ў залежнасці ад мясцовых культурных і прыродных умоў разглядаліся як дрэвы мужчынскага кшталту), бяроза (сімвал і тыповае ўвасабленне жаночага пачатку), ліпа, рабіна і іншыя «жаночыя» дрэвы. 





Летні цыкл


Купалле


На зялёных узлесках, пры жыце, па берагах азёр і рэчак на Беларусі ў ноч з 6 на 7 ліпеня, у пярэдадзень жніва, запальваюцца ўрачыстыя агні і разам з высокім полымем ix у неба ўзлятае купальская песня. Моладзь і старэйшыя людзі, што збіраюцца на  ўлонні прыроды пры купальскім вогнішчы, не прыходзяць адзначыць даўняе земляробчае свята, прысвечанае найбольшаму росквіту жыватворных сіл зямлі,— купалле. Радасць чалавечага яднання песняй, прыродай збірае ix. А заадно міжволі аддаецца даніна  традыцыі, якая бярэ пачатак у такой глыбіні стагоддзяў, што яе можна было б назваць спрадвечнай.
Першыя пісьмовыя ўпаміны пра Купалу адносяцца да XII-XIII стст.
Купалле — старажытная ўрачыстасць, свята, якое перш-наперш звязана з летнім сонцастаяннем, з часам найбольшага росквіту жыватворных сіл прыроды. 
Раскладаць Купалу пачынаюць з ранку 6 чэрвеня: хлопцы запасалі паліва, збіралі па вёсцы старыя рэчы, сухое ламачча, якое засталося з зялёных святак, бо спальваючы гэта, быццам можна была дагадзіць продкам. Лічылася, што ў гэты час прыходзіць каляндарная вяршыня росквіту прыроды, бо хутка прыйдзе Пятрок. 
Перад Купаллем дзяўчаты ішлі збіраць васількі, руты, купаленку і спявалі песні. Гэта павінна было перадаць збіральніцам цудадзейную купальскую сілу зёлак.
Першым рытуалам Купалля было ўрачыстае запрашэнне на свята. Гэтае запрашэнне праходзіла з дапамогай песень. 3 гэтымі песнямі і карагодамі абыходзілі хаты, запрашаючы да свята. У час абыхода кідалі вянкі на стрэхі хат нежанатых хлопцаў і незамужных дзяўчат. Потым з музыкай і танцамі карагодамі купальскі гурт начале з Купалай выходзіў з сяла пад песню. Затым грамада падыходзіла да месца дзе было раскладзена вогнішча, якое заўсёды было на высокім месцы ля ракі ці возера. Калі ўсе збіраліся пачыналася здабыванне "жывога" агню, трэннем дрэва аб дрэва.
Усю ноч гучалі песні, вадзіліся карагоды, гульні, скакалі праз вогнішча, каб ачысціцца ад злых сіл і асцярагчыся ад іх, спальвалі іх антрапаморфную выяву. А ў гонар сонца на шастах або спускаючы з гары падпальвалі прасмаленае кола. Калясо, якое запальвалі на купалле, таксама, на думку многіх  вучоных, магло ва ўяўленні старажытнага чалавека сімвалізаваць сонца. Не выпадкова купальская песня называе сонца сонцавым калясом.
Ля вогнішча частаваліся абрадавымі стравамі (яечняй), варажылі, плялі вянкі. Потым на словы "Ляці, ляці вяночак, лаві, лаві дружочак" кідалі на ваду вянкі і варажылі па іх руху. Часам вянкі кідалі праз вогнішча. Калі ён пападае да дзяўчыны, тая кідала яго ў адказ на сімвалічнае запрашенне разам пераскочыць праз агонь. Калі вянок пападаў да хлопца, ён павінен яго разарваць або кінуць назад.
Пасля скокаў праз вогнішча парамі ішлі шукаць папараць кветку, якая распускалася раз за год і вяртала чалавека да адзінства з прыродай: уладальнік пачынаў разумець шум дрэў, размову жывёл, птушак. Але здабыць папараць кветку вельмі цяжка, бо яе сцярагуць злыя сілы. Але без праблем іх збірае добры купалаўскі дзядок у кошык і калі сустрэнішся з ім, трэба паслаць белы абрус куды ён кіне кветку. Трэба як мага хутчэй схаваць яе пад скуру далоні, разрэзаўшы яе.
Заканчвалася свята ля ракі. Там назіралі за гульнёй сонца на паверхні вады.За гэтым трэба было назіраць або прыжмураўшы вочы, або не маргаючы. Каб паглядзець на тое як гуляе сонца малыя дзеці прачыналіся, як мага раней і беглі на раку. 3 асвечанай зелені вілі вянкі і захоўвалі іх як сродак супраць нашэсця злой сілы. Лічыцца, што ў гэты дзень здзейсняецца пераварот у свеце, цяпер быццам ходзіць па зямлі духі і ведзьмы.
Потым дзяўчаты ў вянках станавіліся ўперамешку з хлопцамі, ствараючы карагод, і спявалі песню, у якой усхвалялі вартасці адных хлопцаў і недахопы другіх. Затым з карагода выходзіла дзяўчына і закрывала сабе твар чубром, кланілася ва ўсе бакі і выбірала хлопца да пары, які здымаў з яе покрыў і павязваў сабе цераз плячо або рукаў, а ўдзельнікі карагода спявалі.
Такім чынам, салярны момант ўяўляецца нам калі не зыходным, дык галоўным у купальскім святкаванні і абрадах. Па-першае, не выпадкова дзень гэты прыпадаў на час летняга сонцастаяння. Адным з асноўных атрыбутаў святочнага рытуалу яго быў агонь, здабыты трэннем. Агонь старажытныя славяне, як і іншыя народы, лічылі адной з важнейшых стыхій. «На пачатаку быў агонь»,— кажа народная касмагонія.




















Восеньскі цыкл


Дзяды


"Прыхадзіце, дзяды-радзіцелі, і старыя, і малыя, хто на гэтай сялібе жываў, хлеба-солі ждаў. Прыхадзіце, дзяды-радзіцелі, к свайму сталу, к нашаму прыпечку, хлеба-солі засылайце, каб было чым душы памінаць год ад году, век ад веку."
Дзяды – гэта гуманны памінальны абрад, якім беларускі народ спрадвеку ўшаноўваў памяць памёрлых продкаў. Адбываліся яны ў асноўным у суботу, напярэдадні Змітравага дня. Дзяды - сваеасаблівы абрад, некалі ён падмацоўваўся вераю, нібыта душа нябожчыка сыходзіць ў гэты дзень на зямлю. Вось чаму да сустрэчы Дзядоў старанна рыхтаваліся: мужчыны прыбіралі панадворак, жанчыны завіхоўваліся ў хаце, як перад прыняццем дарагіх гасцей. Праціралі і завешвалі новымі ручнікамі абразы. Рабілася гэта дзеля таго, каб паказаць продкам, наколькі дбала падтрымліваецца нашчадкамі парадак у гаспадарцы.
На могілкі ішлі ўсей сям'ёй. Успаміналі памёрлых сваякоў, маліліся, амаль над кожнай магілай, галасілі жанчыны, прыпаўшы тварам да насыпу, звяртаючыся да нябожчыка як да жывога. Калі вярталіся дадому, то пачыналі памінальную вячэру.
Стол на Дзяды ахопліваў ледзь не ўсю нацыянальную кухню. Разам з абавязковымі рытуальнымі стравамі гатавалі ласункі, якія былі асабліва любімыя ў памёрлых сваякоў. Пачыналі вячэру часцей за ўсё тады, калі надыходзіў час запальваць агонь. Апраналіся па-святочнаму, засцілалі стол белым абрусам. Гаспадар хаты ці старэйшы ў сям'і, запаліўшы свечку, прымацоўваў яе каля абразоў ці ставіў на стол і чытаў малітву. У народзе падрымліваецца вера, што душы продкаў нябочна прысутнічауць у хаце, для іх проста на стол, на акно ў асобную пасудзіну ў самым пачатку адліваецца гарэлка і адкладваецца ад кожнай стравы.
Як і на звычайных памінках, стол вельмі часта пачыналі з куцці. Потым гаспадар падымаў чарку, памінаў нябожчыкаў, жадаў жывым прыждаць наступных Дзядоў. Застолле праходзіла ва ўспамінах памершых добрым словам, і добрым словам стараліся гаварыць толькі на сумныя тэмы. Сядзелі за сталом доўга. Гаварылі: "Трэба і паплакаць, і пашкадаваць пакойнічкаў, то яны нас не забудуць". Стол, як правіла, пакідалі непрыбранным - для падмацавання сіл памёршых, толькі засцілалі яго зверху абрусам. Так адзначаліся "Дзяды" раней і зараз.