Установа адукацыі
“Смалявіцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны
прафесійны ліцэй
Т
ыдзень беларускай мовы і літаратуры
Правяла выкладчык
Матчэня Анастасія Віктараўна
2021/2022 навучальны год
Мэта правядзення тыдня: выхаванне цікавасці да вывучэння роднай мовы і нацыянальнай культуры праз самарэалізацыю навучэнцаў у разнастайных творчых і інтэлектуальных мерапрыемствах.
У адпаведнасці з пастаўленай мэтай вырашаліся наступныя задачы:
1. Развіць пазнавальную цікавасць вучняў да прадмета;
2. Развіваць творчыя здольнасці навучэнцаў праз далучэнне іх да беларускай гісторыі і культуры;
3. Прывіваць навыкі самастойнай працы;
4. Выхоўваць у вучняў патрыятызм, павагу і гонар да культурнай і гістарычнай спадчыны краіны;
5. Папулярызацыя роднай мовы, літаратуры, культуры.
А
Першы дзень
дкрыццё тыдня. Азнаямленне з планам.
Размяшчэнне інфармацыі на стэндзе “Літаратурная старонка” да 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы.
План тыдня па вучэбных прадметах
“Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”
Першы дзень –07.02.2022
Адкрыццё тыдня. Азнаямленне з планам.
Размяшчэнне інфармацыі на стэндзе “Літаратурная старонка” да 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы.
Кніжная выстава ў кабінеце беларускай мовы і літаратуры да юбілейнай даты пісьменніка.
Другі дзень – 08.02.2022
Адкрыты ўрок па вучэбным прадмеце “Беларуская мова” (гр. 17-21г.)
Конкурс фотаздымкаў “Мая Беларусь”.
Трэці дзень – 09.02.2022
Літаратурная гасцёўня "Слаўны сын беларускай зямлі", прысвечаная 140-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы (гр. 12-21г.).
Чацвёрты дзень – 10.02.2022
Размяшчэнне інфармацыі на стэндзе пра Міжнародны дзень роднай мовы.
Гульня-віктарына “На матчынай мове”.
Пяты дзень – 11.02.2022
Акцыя “Любі, шануй, ведай роднае слова”.
другі дзень
( гр. 17-21г.).
Літаратурная гасцёўня "Слаўны сын беларускай зямлі", Прысвечана 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы.
2022-гі год у нашай краіне праходзіць пад знакам 140-годдзя вялікіх песняроў беларускага народа, класікаў нацыянальнай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.
“
Творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа – гэта тыя вежы, з якіх мы, беларусы, бачым цэлы свет, і па якіх свет бачыць нас”, – так трапна вызначыў ролю нашых славутых песняроў беларускі паэт, празаік, перакладчык Віктар Шніп. І з гэтым цяжка не пагадзіцца. Якуб Колас і Янка Купала – выразнікі нацыянальнай самасвядомасці, народных пачуццяў. У сваіх творах яны раскрылі нацыянальны характар, асаблівасці духоўнага складу і жыцця беларусаў, выявілі незвычайную сілу і творчую магутнасць беларускага слова.
На фотаздымку Якуб Колас і Янка Купала.
З усіх славянскіх народаў беларусы, напэўна, найдаўжэй чакалі з’яўлення сваіх нацыянальных песняроў. Расія ўжо мела А.Пушкіна, Україна – Т.Шаўчэнку, Польшча – А.Міцкевіча… Толькі багатая гістарычнымі падзеямі, славутая здабыткамі папярэднікаў беларуская зямля, пазбаўленая на стагоддзі дзяржаўнасці і права на нацыянальнае самавызначэнне, працягвала чакаць і маліцца.
Нібы адчуваючы нейкую віну за шматвяковую цяжкую і маркотную долю Беларусі, 140 гадоў назад Бог шчодра кінуў сваю зыркую іскру адразу ў дзве душы сялянскіх сыноў – і ў свет прыйшлі два нацыянальныя геніі. Успыхнулі дзве найярчэйшыя зоркі беларускай літаратуры: Янка Купала і Якуб Колас. Успыхнулі, каб паказаць усяму свету, што ёсць такі народ, што ёсць такая мова.
7 ліпеня 1882 года ў фальварку Вязынка (Маладзечанскі раён) нарадзіўся Іван Дамінікавіч Луцэвіч – будучы народны паэт Беларусі Янка Купала. А 3 лістапада гэтага ж года ў вёсцы Акінчыцы (Стаўбцоўскі раён) нарадзіўся Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч – будучы народны паэт Беларусі Якуб Колас.
Іх імёны заўсёды вымаўляюцца разам, іх псеўданімы – з народнага жыцця і фальклору. З сялянскімі мазалямі на руках увайшлі яны ў нацыянальную і сусветную культуру, бо ніколі не аддзялялі сябе ад народа, не выракаліся яго працы, яго побыту, яго мовы.
Яны былі вельмі розныя і як асобы, і як творцы: парывісты, тэмпераментны, узнёслы Янка Купала; ураўнаважаны, падкрэслена рэалістычны Якуб Колас. Адзін – вястун і прарок, другі – летапісец і філосаф. Нават іх паэтычныя імёны гаварылі аб рознасці іх творчай сутнасці: “Колас” – ад зямлі, ад працы, “Купала” – з летуценняў і мар аб папараці-кветцы, аб шчасці.
Але колькі ў іх было роднаснага і аднолькавага: як горача і самаахвярна любілі яны і пясчаную сваю зямельку, і цягавітага ды маўклівага братку-беларуса, і поўную хараства і замілавання матчыну песню. І кожны па-свойму складаў у гонар Айчыны гімн і з надзеяй, і верай шаптаў за яе малітву.
Хвалюючыся за будучыню беларускай літаратуры, Францішак Багушэвіч на схіле XIX стагоддзя пісаў: “Смык” ёсць. А хтось скрыпку, можа, даробе, а там была “Дудка…” – вось мы і зробім музыку”. Гэтыя словы сталі запаветам яго паслядоўнікам. Голасна зайграла “Скрыпка” Цёткі, следам за ёй на ўсе лады заспявала “Жалейка” Купалы, а потым паліліся “Песьні жальбы” Коласа, а яшчэ ў гэтую музыку ўліліся мелодыі купалаўскага “Гусляра”.
Іх песні былі пра родны край, пра яго нядолю, пра адвечную прыгажосць яго чароўных мясцін. Усё ў іх было такое знаёмае для простага чалавека, сваё, бачанае сотні, тысячу разоў, і разам з тым гэта была высокая паэзія, якая сцвярджала сам факт існавання беларускага прыгожага пісьменства.
Янка Купала і Якуб Колас заклалі ў падмурак беларускай літаратуры самыя першыя і самыя асноўныя цагліны, пашырылі яго, распрацавалі новыя літаратурныя жанры. Янка Купала – паэт, драматург. Упершыню ў жыцці, нечакана для многіх, вялікі Купала напісаў камедыю. Такой сталася “Паўлінка”. Гэта быў падарунак генія – камедыя зрабілася шэдэўрам нацыянальнай літаратуры і тэатра.
А між тым, як часта мы чуем: “О, рамантычнейшы Купала! Купала-лірык! “Бандароўна”, “Курган”, “Яна і я”. Інтымная лірыка паэта – гэта вечныя творы, бо вечныя пачуцці, якія яны ўслаўляюць: гераізм, сумленнасць, непадкупнасць і, найперш, каханне.
Лірыка Янкі Купалы – гэта лірыка прарока, прадказальніка. Лірыка Якуба Коласа – перажыванні рэальнага, звычайнага, канкрэтнага чалавека.
І ў Якуба Коласа, і ў Янкі Купалы немагчыма вызначыць галоўны твор іх жыцця. Напэўна, гэта яшчэ адзін доказ велічы, геніяльнасці іх як творцаў. “Бандароўна” ці “Курган”, “Раскіданае гняздо” ці “Паўлінка”, “Сымон-музыка” ці “Казкі жыцця”, “На ростанях” ці “Новая зямля”? Сапраўды, кожны твор унікальны, варты літаратурнай славы.
Якуб Колас – адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры і стваральнікаў беларускай літаратурнай мовы. Шматграннасць яго таленту выявілася як у паэзіі, так і ў прозе, публіцыстыцы, у дзіцячай літаратуры. Якуб Колас заклаў асновы беларускага рамана. Ён – настаўнік некалькіх пакаленняў сучасных беларускіх пісьменнікаў.
Купалу мы ведаем як паэта і драматурга, аўтара цудоўных п’ес «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо». Гэта ўзвышаны і рамантычны паэт. Любоў да Радзімы і нянавісць да яе прыгнятальнікаў гучалі на ўсіх этапах яго творчасці – ад пафасных вершаў «Мужык» і «Там» да шчырай і задушэўнай песні аб будучай перамозе над гітлераўскім фашызмам «Зноў будзем шчасце мець і долю».
Гістарычная заслуга Янкі Купалы і Якуба Коласа заключаецца перш за ўсё ў тым, што яны стварылі сапраўдныя шэдэўры нацыянальнага мастацтва і тым самым узнялі беларускую літаратуру да ўзроўню перадавых літаратур свету.
Янка Купала і Якуб Колас пры жыцці паспелі адчуць народную любоў і ўдзячнасць. Жыццё неаднойчы выпрабоўвала іх на адданасць бацькаўшчыне, і той рэдкі талент, які даў Бог, дапамог ім застацца дзвюма яснымі, чыстымі, нібы слязінкі, зоркамі, што ззяюць на творчым небасхіле нашай планеты, зоркамі з простымі беларускімі імёнамі – Янка Купала і Якуб Колас.
трэці дзень
Літаратурная гасцёўня "Слаўны сын беларускай зямлі", прысвечаная 140-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы (вучэбная група 12-21г.).
“Любі, шануй, ведай роднае слова!”
Мэты: стварыць умовы для абагульнення ведаў вучняў, набытых пад час урокаў беларускай мовы і літаратуры; удасканалення навыкаў групавой работы; развіцця ў школьнікаў творчых здольнасцей, кемлівасці, артыстызму; выхавання любові да роднай мовы, цікавасці да моўнага багацця беларускага народа.
Форма правядзення: гульня-спаборніцтва.
Абсталяванне: карткі-заданні, запісы на дошцы выказванняў пісьменнікаў пра родную мову: “Мова – гэта вялікі народны скарб. Яе нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ” (Іван Мележ); “Хто забыў сваіх продкаў – сябе губляе, хто забыў сваю мову – усё згубіў” (Уладзімір Караткевіч), эпіграф.
Умовы правядзення: удзел прымаюць дзве каманды; пераможцай становіцца тая каманда, якая набярэ большую колькасць балаў.
Колькасць удзельнікаў адной каманды – 6 чалавек.
Эпіграф:
Якія знаёмыя назвы і словы,
Якая цудоўная родная мова!
І ўсё мілагучна для слыху майго:
І звонкае “дзе” і густое “чаго”...
(Пімен Панчанка)
Настаўнік: Прывітанне, паважаныя сябры! “ Беларусь – мая маці і мова, паветра і хлеб”, - сказаў паэт Анатоль Вялюгін. Кожны чалавек непасрэдна звязаны з той зямлёй, на якой нарадзіўся. Так і мы, дзеці нашай мілай маці-Беларусі, павінны ведаць, што краіна, у якой мы жывём, – гэта самы цудоўны падарунак лёсу, самае дарагое, што ёсць у нас. Патрэбна толькі сэрцам адчуць еднасць з ёй, ведаць мінулае роднага краю, ганарыцца яго культурнай спадчынай.
Выходзяць чытальнікі.
1-ы чытальнік:
Як ты дорага мне, мая родная мова!
Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!
Ты калісьці з калыскі мяне падымала
І вучыла ў бацькоў на руках гаварыць.
У жыцці маім слова найпершае “мама”
І цяпер для мяне сама міла гучыць.
2-гі чытальнік:
Я па літарах родных вучыўся чытаць,
І буквар для мяне быў жыцця палавінай.
Быў шчаслівы я роднаю мовай сказаць
Першы раз: “Беларусь мая – сонца краіна!”
3-і чытальнік:
І цяпер для мяне ты ўсіх прыгажэй,
Хоць, я ведаю, моваў на свеце нямала.
І з усіх песняроў мне мілей і бліжэй
Роднай мовы пясняр – неўміручы Купала.
Настаўнік: Гэтыя прыгожыя, звонкія радкі народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча прысвечаны нашай роднай мове. Мове, на якой размаўляем мы з вамі, мове нашых бацькоў і дзядоў, мове, гісторыя якой няпростая і цікавая.
Незвычайнай будзе і наша сённяшняя сустрэча пад назвай “Любі, шануй, ведай роднае слова!” Я спадзяюся, што мерапрыемства-гульня будзе садзейнічаць абагульненню ведаў, набытых пад час урокаў беларускай мовы і літаратуры; дапаможа раскрыць ваш творчы патэнцыял; будзе садзейнічаць выхаванню цікавасці да моўнага багацця беларускага народа. У канцы спаборніцтва мы падвядзём вынікі, і каманда-пераможца атрымае ўзнагароду, але пераможаных не застанецца, бо кожны з нас узновіць ці атрымае новыя веды, далучыцца да духоўных скарбаў роднай Беларусі.
Вітаем удзельнікаў гульні, балельшчыкаў і шаноўнае журы!
Сустракайце каманду “СЛОВА” і яе капітана ...
Запрашаецца каманда “СКАЗ” і яе капітан ...
Ацэньваць конкурсную праграму будзе кампетэнтнае журы ў складзе…
1. Конкурс “Прывітанне”
(Максімальная колькасць балаў – 5).
Настаўнік: Журы павінна ацаніць эмблемы кожнай каманды. Каманды, раскажыце свае прывітальныя вершы.
Каманда “Слова”:
Не паражэнне, а перамогу
Жадаем мы камандзе “Сказ”!
Хай весялосць і розум дапамогуць вам,
Нашым дасціпным, вынаходлівым сябрам!
Каманда “Сказ”:
Прывітанне ўжо гатова
Для ўдзельнікаў каманды “Слова”!
Дзень добры, моцны наш сапернік,
Да перамогі шлях цяжкі!
Хай дапаможа нам вязенне,
А вам – уласныя мазгі!
Настаўнік (зварот да журы):
Вядзі ачкоў падлік сумленна,
Крыштальна чыстае журы!
Камусьці будзе непрыемна,
Ды толькі праўду гавары!
2. Конкурс “Ці ведаеш ты беларускія песні?”
( 1 бал за кожны правільны адказ).
Настаўнік: Звернемся да залатога фонду нашай мовы, да тых адзінак, якія называюць залацінкамі народнай мудрасці. Гэта народныя песні, якія паказваюць, што на нашая мова яркая, каларытная, пявучая. Людзі выкарыстоўваем іх у жыцці, у радасці і горы, аднак ці заўсёды мы добра іх ведаем? Высветлім, што вы ведаеце пра гэтае моўнае багацце. Я вам буду чытаць па 1-му радку песні па чарзе кожнай камандзе, вам патрэбна ўставіць прапушчанае слова. Калі каманда не ведае адказ, 2-я мае мае права назваць правільны адказ і зарабіць бал. Пачынаем.
1. “Саўка ды Грышка ладзілі ………….” (дуду)
2. “Ох і сеяла Ульяніца ……………..” (лянок)
3. “Бывайце здаровы, жывіце …………….” (багата)
4. “Купалінка,Купалінка, цёмная …………” (ночка)
5. “У суботу Янка ехаў ля ………….” (ракі)
6. "Прыехала каляда на .......... "(белым кані),
7. "Бяроза з лістом усю восень ...... "(шумела).
8."Зелянеюць, зелянеюць лугі, ....." (сенажаці).
3. Конкурс “Беларускі каляндар”.
(За кожнае правільнае слова – 1 бал, за няправільнае бал здымаецца. Максімальная колькасць балаў – 12).
Настаўнік: Беларускія месяцы маюць вельмі цікавыя і змястоўныя назвы. Наступны конкурс прысвечаны ім. На працягу 3-х хвілін вам прапануецца знайсці назвы месяцаў, якія «схаваны» ў гэтай табліцы. За кожны правільна знойдзены месяц можна атрымаць 1 бал. Словы могуць быць запісаны справа налева, ламацца, але не можа быць такога, каб некаторыя літары належылі двум словам.
Назвы асенніх месяцаў выдзелены жоўтым колерам, зімовых — сінім, вясенніх — чырвоным, летніх — зялёным.
4. Конкурс “Пазнай твор па яго пачатку”.
(1 бал – назва твора, 1 бал – аўтар).
Настаўнік: А зараз узгадаем вядомыя мастацкія творы беларускіх паэтаў. Па радках з твора вам патрэбна здагадацца, якую назву ён мае і хто яго аўтар. 1-я каманда, увага.
1) Між алешын, кустоў,
Дзе пяе салавей,
І шуміць і грыміць
Срэбразвонны ручэй. (“Ручэй ” Якуб Колас).
2) Паміж пустак, балот беларускай зямлі,
На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай,
Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі, -
Ўдзірванелы курган векавечны. (“Курган” Янка Купала).
3) Не выйшаў ты і ў гэты раз
Мяне спаткаць, паднесці рэчы...
Ля весніц толькі зноў твой вяз
Крануў галінамі за плечы ("Бацьку", Рыгор Барадулін).
4)Зорка Венера ўзышла над зямлёю,
Светлыя згадкі з сабой прывяла...
Помніш, калі я спаткаўся з табою,
Зорка Венера ўзышла. ("Раманс", Максім Багдановіч).
5) Здароў, марозны, звонкі вечар!
Здароў, скрыпучы мяккі снег!
Мяцель не вее, сціхнуў вецер,
І волен лёгкіх санак бег ("Зімой" Максім Багдановіч)
6) Па-над белым пухам вішняў,
Быццам сіні аганёк,
Б’ецца, ўецца шпаркі, лёгкі
Сінякрылы матылёк. (“Маёвая песня” Максім Багдановіч).
7)Не забыць сцежкі той, што цябе
На дарогу выводзіла з дому,
Што у хаце там быў рубель
У цане і па курсу старому. ("Трэба дома бываць часцей" Рыгор Барадулін).
8) Аб ёй мне баюць казкі-сны
Вясеннія праталіны,
I лесу шэлест верасны,
I ў полі дуб апалены. ("Спадчына" Янка Купала).
Настаўнік: Давайце звернемся да журы і паслухаем, колькі балаў да гэтага часу набрала кожная каманда.
6. Конкурс “Папацей, грамацей!”
(Максімальная колькасць балаў – 6. За кожную памылку бал здымаецца).
Настаўнік: Не сумняваюся ў тым, што члены каманды “Слова” і каманды “Сказ” – вельмі граматныя вучні, і ім нічога не каштуе атрымаць “10” за дыктоўку. Аднак наша дыктоўка незвычайная. Яна – камандная. Кожны член каманды піша толькі 1 сказ і перадае лісток наступнаму свайму таварышу. Пачынае пісаць тэкст капітан, і ў канцы ў яго будзе 30 секунд, каб праверыць напісанае і здать дыктоўку журы. Пачынаем.
Зубр
Самы вялікі звер Белавежскай пушчы – зубр. Гэта магутная жывёла. Грудзі ў яго шырокія, шыя кароткая і тоўстая. Поўсць густая, бурая. Зубр у жыцці вельмі спакойны. Няма ў яго ворагаў, ды і чалавек аберагае яго.
7. Конкурс “Смачна есці”.
(За кожны правільны адказ – 1 бал, за няправільны бал здымаецца. Максімальная колькасць балаў – 8).
Настаўнік: Беларусь славіцца сваімі смачнымі стравамі не толькі з бульбы. Некаторыя старадаўнія стравы мы зараз з вамі ўзнавім. На картках – назвы беларускіх страў і словы-самазванцы. Падкрэсліце тое, што вы прапанавалі б з’есці сваім гасцям.
Жур, мачанка, конаўка, хрусты, пячурка, мянташка, ламанцы, локшыны, мачыльня, наліснікі, лядоўня, панцак, жырандоль, жвір, узвар, збіцень, палукашак.
Для даведак
Жвір – буйназярністы жоўты пясок;
Жур – негусты аўсяны кісель;
Жырандоль – фігурны падсвечнік для некалькіх свечак;
Збіцень – гарачае пітво з мёдам і спецыямі;
Конаўка – металічная пасудзіна з ручкай для піцця вады;
Ламанцы – даўняя мучная страва;
Локшыны – самаробныя макароны;
Лядоўня – склеп з лёдам для захавання прадуктаў;
Мачанка – страва з сала, мяса і каўбасы, падкалочаная мукой;
Мачыльня – месца, дзе мочаць лён;
Мянташка – наждачная лапатка, якой востраць касу;
Наліснікі – вельмі тонкія бліны з пшанічнай мукі;
Палукашак - плецены кораб;
Панцак –суп з яечных круп;
Пячурка – невялікая ніша ў сцяне печы;
Узвар –адвар з ягад, траў;
Хрусты – мучны выраб з мукі, малака, яек, масла, цукру.
Вясёлая ВІКТАРЫНА ДЛЯ БАЛЕЛЬШЧЫКАЎ
Настаўнік: Я бачу, нашыя каманды крыху стаміліся, а балельшчыкі засмуткавалі. Давайце правядзем невялікую віктарыну для іх, а каманды адпачнуць. Хто ведае адказ - падымае руку. Права адказаць даецца таму, хто падняў руку першы. За правільны адказ кожны атрымае невялікі прыз і рамонак. Для чаго вам спатрэбіцца кветка, я вам скажу пасля.
1. З чаго пачынаецца і чым канчаецца Нёман? (літарай Н).
2. Які часопіс у лесе знойдзеш? (“Вожык”).
3.Якую соль нельга раствараць? (нота – соль).
4.Калі чалавек залішне рухавы, неспакойны, няўрымслівы, то яна ў яго гарыць; яна шэрхне ў таго чалавека, які адчувае моцны страх, жах. (Скура.)
5.Ім некаторыя людзі падобныя адзін да аднаго так, што і не адрозніш; ён выцягваецца ў таго чалавека, які чым-небудзь расчараваны ці здзіўлены. (Твар.)
6. Якая рака цячэ ў роце? (Дзясна).
7. Ці можа бусел назваць сябе птушкай? (Не. Не ўмее гаварыць).
8. Іх чалавек глытае, калі стараецца стрымаць роспач; імі чалавек абліваецца, калі яму дрэнна і горка. (Слёзы.)
9. Імі людзі кідаюцца, калі неабдумана што-небудзь гавораць. (Словы.)
10. Іх людзі сушаць, калі весела смяюцца, рагочуць (падказка: ляскаюць, калі моцны голад). (Зубы.)
Настаўнік: А зараз алельшчыкі аддадуць свае заробленыя ў конкурсе рамонкі камандам, якія яны падтрымліваюць. Тая каманда, якой падаруюць найбольшую колькасць кветак, атрымае дадатковы бал ад журы.
8. Конкурс “Аматары беларускага фальклору”
(Максімальная колькасць балаў – 10. За няправільную прыказку 1 бал здымаецца).
Настаўнік: У мяне ёсць 2 канверты, аднак лістоў у іх няма. У канвертах знаходзяцца вядомыя беларускія прыказкі. Праўда, нейкі маленькі шкоднік пажартаваў і разрэзаў прыказкі напалам, а пасля яшчэ і ўсё пераблытаў. Але я думаю, для нас гэта не праблема.
Заданне: за 3 хвіліны ўзнавіць як мага больш беларускіх прыказак. А іх тут схавана роўна 10.
1.Са свайго языка спусціш –/ на чужым не зловіш.
2.Родная зямелька – /як зморанаму пасцелька.
3.Не рабі ліхога / і не бойся нікога.
4.Адною рукою/ і вузла не завяжаш.
5.Не той друг, хто мёдам мажа, /а той, хто праўду кажа.
6.Птушка моцная крыламі, /а чалавек дружбаю.
7.Ладзь калёсы зімой, /а сані летам.
8.Лепей мець вераб’я ў руцэ,/ чым арла на суку.
9.Лепш з разумным згубіць, /чым з дурнем знайсці.
10.Госць на парог – /гаспадыня за пірог.
10. Конкурс “ Пазнай фразеалагізм!”
(2 балы за кожны правільны адказ)
Настаўнік: Калі гаварыць пра залацінкі народнай беларускай мудрасці, нельга не ўзгадаць фразеалагізмы. Наступны конкурс дапаможа нам не толькі ўзнавіць некаторыя з іх, але паспрабаваць свае артыстычныя здольнасці.
Некалькі ўдзельнікаў каманды па чарзе выходзяць да стала, за якім знаходзіцца журы, і выцягваюць са стоса картку з фразеалагізмам. Яго задача – з дапамогай мімікі, жэстаў растлумачыць фразеалагізм. Задача членаў каманды – пазнаць гэты фразеалагізм. Калі каманда не можа адказаць, супернікі могуць паспрабаваць зарабіць сабе балы.
Фразеалагізмы: абвесці вакол пальца, закасаўшы рукавы, матаць на вус, па галоўцы гладзіць, брацца за жывот, рукамі разводзіць, сядзець склаўшы рукі, задзіраць нос.
Словы настаўніка на развітанне:
Жадаю вам, дзеці, і далей лагодна
Мовай народа валодаць свабодна.
І ў жыцці каб было вам лягчэй,
Мову сваю вывучайце хутчэй.
А сёння, мае хлапчукі і дзяўчынкі,
Узнагароджу я вас за ўдзел у віктарыне –
Прызы атрымайце за веданне мовы.
Любіце, шануйце роднае слова!
чацвёрты дзень
Паведамленне інфармацыя пра
Міжнародны дзень беларускай мовы
21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы
21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны UNESCO 6 гадоў таму. З ініцыятывай увесці такі дзень выступіў Бангладэш. 21 лютага 1957 года, адстойваючы права вучыцца на роднай мове, там загінулі пяць студэнтаў.
У нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля захавання іх, тых, што зьнікаюць, UNESCO і абвясціла дзень роднай мовы - каб хоць аднойчы на год на іх загаварылі, пра іх успомнілі.
Але, здаецца, гэта нагода для носьбітаў любой мовы яшчэ раз задумацца аб лёсе той, адзінай, якую завём матчынай, на якой думаем, на якой вымавілі першае слова.
Няхай нават сёньня яна - моцная, распаўсюджаная, абароненая заканадаўствам, але няма гарантыі, што ўжо заўтра яна не трапіць у спіс тых трох тысяч, гатовых знікнуць.
21 лютага - яшчэ адна нагода задумацца аб лёсе роднай мовы і беларусам.
Родная мова шмат не патрабуе. Але калі ўжо назваў яе роднай, калі лічыш яе такой для сябе - павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак. Ці хоць часам пра яе думаць. Калі хоць палова з тых сямідзесяці чатырох працэнтаў, якія пад спіс апошняга перапісу назвалі роднай мовай беларускую, падумае аб яе лёсе - значыць, не ўсё яшчэ страчана. Хоць адзін дзень. Калі будзе яе афіцыйнае міжнароднае сьвята.
Хто б ты ні быў - жанчына ці мужчына, дарослы ці малады, селянін, студэнт, рабочы, настаўнік, вайсковец, інжынер ці бізнесовец - ведай, што найлепшы твой твар, вопратка твая, душа твая - беларуская мова.
Калі ты чуеш яе - ці то сучасную літаратурную, ці змешаную "трасянку", або мясцовую дыялектную - знай, што гэта ўсё яна - наша беларуская мова. Не адварочвайся, а прымі яе, бо яе месца ў тваёй краіне. І не падчарка яна тут, а паказвае на спрадвечнасць беларусаў на сваёй зямлі. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету.
Будзь і ты разам з тымі, хто думае пра яе будучыню. Размаўляй па-беларуску, бо заўтра наша мова табе, тваім дзецям і ўнукам стане неабходнай. Размаўляй па-нашаму, каб людзі бачылі тваю вернасць сваёй мове. Размаўляй з прыветнай усмешкай, з пяшчотай на вуснах - і тваёй мовай захочуць гаварыць іншыя. І не саромся недасканалай гаворкі. Мова - жывая тканка, прырастае там, дзе крынічыць людское жаданне. Ведай: учора ты яшчэ не гаварыў па-беларуску, сёння размаўляеш на "трасянцы", а заўтра будзеш гаварыць на чыстай літаратурнай мове.
А людзі, што служаць дзяржаве на чынавенскай пасадзе, табе дзякуй скажуць, бо будуць вучыцца ад цябе. А блізкія і далёкія суседзі адчуюць тваю самапавагу і будуць яшчэ больш цябе паважаць.
З беларускай мовай нам жыць у ХХІ стагоддзі!
Пяты дзень
Акцыя “Любі, шануй, ведай роднае слова”.
Самааналіз тыдня беларускай мовы і літаратуры
У плане работы вучэбнага кабінета “Беларуская мова і літаратура” на люты 2021/2022 навучальнага года было запланавана правядзенне прадметнага тыдня.
На працягу пяці дзён (з 07.02 па 11.02) праходзілі мерапрыемствы. Навучэнцы ўсіх груп прымалі актыўны ўдзел.
У першы дзень прадметнага тыдня 07.02 у кабінеце “Беларуская мова і літаратура” на стэндзе “Літаратурная старонка” была размешчана інфармацыя да 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы.
Таксама была падрыхтавана кніжная выстава ў кабінеце беларускай мовы і літаратуры да юбілейнай даты пісьменніка.
На працягу тыдня ў ліцэі адбываўся конкурс фотаздымкаў “Мая Беларусь”. Навучэнцы ўсіх вучэбных груп актыўна прымалі ўдзел у конкурсе.
08.02 у групе № 17-21г. прайшоў адкрыты ўрок па вучэбным прадмеце “Беларуская мова”. Пад час урока навучэнчы добра паводзілі сябе, а таксама актыўна ўдзельнічалі ў абмеркаванні новага матэрыялу, што спрыяла хуткаму і паспяховаму засваенню ведаў.
11.02 прайшла акцыя “Любі, шануй, ведай роднае слова”. На ўваходзе ў ліцэй працавала каманда навучэнцаў, якія віталі і раілі добрага дня сваім выкладчыкам, сябрам і ўсім супрацоўнікам ліцэя на беларускай мове, якія ў сваю чаргу таксама павінны былі павітацца і пажадаць усім усяго найлепшага на беларускай мове. Усе атрымлівалі памяткі з найлепшымі пажаданнямі на беларускай мове. 11.02 адбылося падвядзенне вынікаў тыдня.
Правядзенне ўсіх мерапрыемстваў тыдня спрыяла выхаванню цікавасці да вывучэння роднай мовы і нацыянальнай культуры праз самарэалізацыю ў разнастайных творчых і інтэлектуальных мерапрыемствах; жаданню размаўляць на роднай мове; цікавасці да жыццёвага і творчага шляху класікаў беларускай літаратуры (Я. Колас і Я. Купала).