«СЛОВА ПРА РОДНУЮ МОВУ»
ДА ТЫДНЯ РОДНАЙ МОВЫ
(Удзельнікі: група 820п,719)
21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны UNESCO 17 лістапада 1999 года.
Кажуць, мова мая аджывае Век свой ціхі: ёй знікнуць пара. Для мяне ж яна вечна жывая, Як раса, як сляза, як зара.
П. Панчанка
Cёння у свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова, якая завецца роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе.
Кожны народ 21 лютага адзначае Дзень роднай мовы. Першапачаткова з такой ініцыятывай выступіў Бангладэш. Менавіта ў гэтай краіне 21 лютага 1957 года загінулі пяць студэнтаў, якія адстойвалі права навучацца на роднай мове. Зараз у нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх пад пагрозай знікнення. Дзеля захавання моў, якія апынуліся на парозе знікнення, міжнародны фонд UNESCO абвясціў дзень роднай мовы — каб хоць у такі дзень на іх загаварылі, пра іх успомнілі.
Дні роднай мовы ў Беларусі пачалі ладзіцца дзяржаўнымі ўстановамі з 2009 года. Сэнс гэтага свята - заахвочванне моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, а таксама спрыянне ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу.
Дзень роднай мовы асаблівы
для кожнай нацыі, кожнага народа,
бо няма народа без мовы,
няма мовы без яго носьбіта.
Беларуская мова — самая мілагучная пасля італьянскай, вырашылі эксперты ЮНЭСКА. Гісторыкі сцвярджаюць, што яна яшчэ і самая старажытная сярод славянскіх.
Словы пісьменнікаў пра мову
Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову. (Я.Колас)
Толькі праз родную мову чалавек можа стаць беларусам, бо ў ёй хімія і фізіка, гісторыя і батаніка, эканоміка і культура таго, што называецца нацыяй, народам. (Я.Сіпакоў)
Мова — гэта вялікі народны скарб. Яе нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ. (І.Мележ)
Хто не шануе родную мову, той не шануе сябе самога, ні свой род, ні сваіх дзядоў-бацькоў, якія той жа мовай гаварылі. (В.Ластоўскі)
Яно добра, а нават і трэба знаць суседскую мову, але найперш трэба знаць сваю. (Ф.Багушэвіч)
Родная мова, быццам цэмент, звязвае людзей. Яна дае ім найлепшы спосаб разумець адзін аднаго, адной думкай жыць, адной долі шукаць. (Цётка)
Там, дзе не шануюць роднай мовы, мялеюць рэкі, нішчацца дубровы, народ той мёртвы, а той край нямы. (Г.Бураўкін)
Што ў цябе ёсць, акрамя мовы, з якой складаюцца твае думкі і словы? (В.Марціновіч)
Такім чынам, гэта свята спрыяе таму, каб людзі задумаліся пра лёс роднай мовы, на якой вымавілі першае слова, на якой размаўлялі іх продкі.
Беражыце РОДНУЮ МОВУ! Размаўляйце па-беларуску!
Матэрыял падрыхтавалі выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры: Петрачэнка Дар’я Мікалаеўна Балаева Ірына Уладзіміраўна