СДЕЛАЙТЕ СВОИ УРОКИ ЕЩЁ ЭФФЕКТИВНЕЕ, А ЖИЗНЬ СВОБОДНЕЕ

Благодаря готовым учебным материалам для работы в классе и дистанционно

Скидки до 50 % на комплекты
только до

Готовые ключевые этапы урока всегда будут у вас под рукой

Организационный момент

Проверка знаний

Объяснение материала

Закрепление изученного

Итоги урока

Урокі навучання грамаце

Нажмите, чтобы узнать подробности

Просмотр содержимого документа
«Урокі навучання грамаце»

Задачы навучання грамаце

Мэта навучання грамаце – фарміраванне базавых ведаў, уменняў і навыкаў чытання і пісьма, агульнавучэбных уменняў, навыкаў і спосабаў дзеянняў; развіццё асноўных відаў вуснага і пісьмовага маўлення, пазнавальнага інтарэсу; выхаванне маральна-этычных якасцей, эмацыянальна-каштоўнасных адносін да навакольнай рэчаіснасці, культуры зносін. Пры гэтым веды, уменні і навыкі разглядаюцца як сродак паўнавартаснага развіцця асобы навучэнца.

Асноўнымі задачамі навучання грамаце выступаюць:

  • развіццё фанематычнага слыху (уменне распазнаваць і вылучаць асобныя гукі ў слове і складзе, вызначаць іх паслядоўнасць);

  • фарміраванне правільнага вымаўлення гукаў беларускай мовы, засваенне літар беларускага алфавіта і развіццё ўмення суадносіць іх з адпаведнымі гукамі;

  • навучанне першапачатковаму чытанню і пісьму;

  • развіццё цікавасці да чытання як сродку пазнання, фарміраванне чытацкага кругагляду, уменняў працы з рознымі крыніцамі інфармацыі;

  • узбагачэнне слоўнікавага запасу;

  • развіццё звязнага вуснага маўлення;

  • фарміраванне ўменняў вучэбнай дзейнасці.


Падыхтоўчы перыяд навучання грамаце

Падрыхтоўчы (дабукварны) перыяд (12 гадзін)

Агульнае ўяўленне аб вусным і пісьмовым маўленні.

Падзел вуснага маўлення на сказы, фарміраванне элементарных уяўленняў пра сказ (сказ выражае думку, у ім пра кагосьці або пра штосьці гаворыцца). Вызначэнне паслядоўнасці і колькасці слоў у сказе. Складанне сказаў з зададзенай колькасцю слоў па малюнках з апорай на схемы. Адлюстраванне з дапамогай схемы слоўнага складу сказа, яго лінейнасці (словы ідуць адно за адным). Работа над інтанацыяй сказа.

Усведамленне намінатыўнай ролі слова, пашырэнне ўяўленняў пра значэнне слова: словамі называюць прадметы, іх прыметы і дзеянні. Называнне аднаго і таго ж аб’екта рознымі словамі (школьнік, вучань; васілёк, валошка). Засваенне слоў розных тэматычных груп («Радзіма», «сваякі», «школьныя прылады» і іншых груп).

Падзел слоў на склады, вызначэнне колькасці і паслядоўнасці складоў у слове, абазначэнне складовага саставу слова на схеме.

Вылучэнне націскнога склада ў слове. Пашырэнне ўяўленняў пра сэнсаадрознівальную ролю націску (праз параўнанне слоў тыпу ка́са – каса́).

Вылучэнне ў словах асобных гукаў. Падбор слоў з зададзеным гукам. Гукавы аналіз слова (адрозніванне на слых і пры вымаўленні зычных і галосных гукаў, цвёрдых і мяккіх, звонкіх і глухіх зычных).


Асноўны перыяд навучання грамаце

Асноўны (букварны) перыяд (61 гадзіна)

Гукавы аналіз слова (вызначэнне паслядоўнасці гукаў у слове, іх характарыстыка – галосны ці зычны; галосны націскны ці ненаціскны; зычны цвёрды ці мяккі, звонкі ці глухі). Вылучэнне ў словах асобных гукаў. Падбор слоў з зададзеным гукам.

Абазначэнне літарамі зычных і галосных гукаў. Правільнае суаднясенне гукаў і літар. Распазнаванне літар па іх характэрных прыметах (ізалявана і ў слове).

Навучанне чытанню прамых складоў «па падабенстве» – са, ла, ма; сі, лі, мі і гэтак далей. Чытанне слоў, сказаў і тэкстаў з вывучанымі літарамі.

Абазначэнне на пісьме мяккасці зычных гукаў літарамі і, я, ю, е, ё, мяккім знакам.

Роля раздзяляльнага ь і апострафа ў словах.

Паступовае навучанне свядомаму, правільнаму і плаўнаму чытанню ўголас і моўчкі асобных слоў, кароткіх сказаў і невялікіх тэкстаў, зразумелых дзецям па змесце.

Практычнае знаёмства са знакамі прыпынку пры чытанні сказаў («.», «!», «?», «,»).

Чытанне сказа з паўзамі і інтанацыямі, адпаведнымі знакам прыпынку.

Засваенне правілаў гігіены чытання.


Заключны перыяд навучання грамаце


Заключны (паслябукварны) перыяд (17 гадзін)

Абагульненне, замацаванне ведаў і ўменняў, набытых у працэсе падрыхтоўчага і асноўнага перыядаў навучання грамаце.

Удасканаленне навыку чытання. Навучанне прыёмам цэласнага чытання слова, плаўнаму, свядомаму чытанню сказа. Развіццё навыкаў асэнсаванага чытання невялікіх твораў розных жанраў (вершаў, апавяданняў, казак, забаўлянак, загадак, прыказак і іншых жанраў).

Развіццё ўмення чытаць тэкст выразна, перадаваць свае адносіны да прачытанага.

Чытанне дыялогаў па асобах.

Інсцэніраванне невялікага знаёмага твора.


Прыёмы гукавога аналізу ў перыяд навучання грамаце

1. Выдзяленне слоў з маўленчай плыні (са сказа); выразнае вымаўленне асобнага слова; падзел слова на склады і выразнае вымаўленне складоў, якія ўваходзяць у яго; выдзяленне націскнога склада, вымаўленне слова з узмоцненым націскам, выразнае вымаўленне слоў па складах з выдзяленнем асобнага гука (шаррр).

2. Выдзяленне новага гука. Вядома некалькі прыёмаў першаснага выдзялення новага гука:

а) Выдзяленне са сказа гука-слова (і са сказа па малюнку “Яблык і

груша”);

б) Прыём гукападражання (жжжжжук, жжжж);

в) Выдзяленне зычнага з закрытага склада (шааа-ррр);

г) Выдзяленне зычнага з адкрытага склада (Ссааа-ша);

д) Выдзяленне галоснага, які ўтварае цэлы склад (а-са);

е) Пералічванне слоў з аднолькавым пачатковым гукам (конь,

камень);

ж) Дагаворванне слова (ле---с).

3. Пералічванне гукаў у слове, іх паслядоўнае называнне, падлік колькасці гукаў у слове, вызначэнне характару сувязі паміж імі, складовага саставу.

4. Супастаўленне, параўнанне слоў па гучанні і па напісанні асабліва эфектыўна пры знаёмстве з парамі мяккіх-цвёрдых, звонкіх-глухіх зычных.

5. Аналіз утварэння гука, яго артыкуляцыі.

6. Складанне табліц галосных і зычных гукаў і літар.

7. “Раздзяленне” складзеных з літар разразной азбукі слоў на наборным палатне, на дошцы, што наглядна дэманструе вучням літарны і складовы састаў слова.


Прыёмы гукавога сінтэзу ў перыяд навучання грамаце


1. Вымаўленне слова або склада, які папярэдне быў прааналізаваны, складанне яго з разразной азбукі; чытанне склада, слова.

2. Утварэнне складовых табліц на аснове галоснага або зычнага; чытанне табліц; складанне табліц з літар разразной азбукі.

3. Чытанне слоў па падабенству (мама - Маша - Саша).

4. Нарашчэнне галосных або зычных у пачатку або ў канцы слова

(рот - крот).

5. Дабаўленне гука ў сярэдзіне слова (плот - пілот).

6. Перастаноўка гукаў (піла - ліпа).

7. Перастаноўка складоў (мала - лама).

8. Адкідванне гука або склада (машына - шына).

9. Дабаўленне склада (наша - Наташа).

5. Важнай умовай паспяховасці навучання грамаце з’яўляецца дыферэнцыраваны падыход да вучняў, якія прыйшлі ў 1 клас.


Дыферэнцыраваны падыход пры навучанні грамаце абумоўліваецца двума прычынамі:


1) ён забяспечвае трываласць засваення матэрыялу, дапамагае ў ажыццяўленні прынцыпаў даступнасці, сістэматычнасці, індывідуальнага падыходу ў межах агульнакласнай работы;

2) дзеці, якія прыйшлі ў 1 клас істотна адрозніваюцца па ўзроўні падыхтаванасці да чытання і пісьма.

Для ажыццяўлення дыферэнцыраванага падыходу ў перыяд навучання грамаце клас умоўна падзяляецца на некалькі груп. Для кожнай групы вызначаюцца свае задачы і свая методыка дыферэнцыраванага навучання. Напрыклад, клас можна падзяліць на 5 груп:

1 група – дзеці, якія чытаюць словамі;

2 група – дзеці, якія чытаюць па складах;

3 група – дзеці, якія чытаюць па літарах (дзве падгрупы –дзеці, якія паступілі ў школу з замацаванымі навыкамі палітарнага чытання; дзеці, якія пакуль не назапасілі значнага вопыту палітарнага чытання);

4 – дзеці, якія прыйшлі ў школу нечытаючымі, але авалодваюць чытаннем хуткімі тэмпамі;

5 – дзеці, якія авалодваюць чытаннем у запаволеным тэмпе.

Задачы 1 і 2 груп – удасканальваць навыкі чытання на дадатковым матэрыяле шляхам самастойнага чытання. Дзеці павінны пастаянна ўключацца ў агульнакласную работу і дапамагаць слабым.

Дзеці з 3 групы павінны перавучвацца, неабходна кансультаваць іх бацькоў.

У падрыхтоўчы перыяд на ўроках чытання можна выконваць наступныя віды самастойных прац:

1. Разгляд бязлітарных малюнкаў першых старонак буквара з мэтай выпрацоўкі першапачатковых навыкаў пераказу таго, што на іх намалявана.

2. Разгляд вывешаных карцін на дошцы і падрыхтоўка дзяцей да перадачы іх зместу.

3. Адгадванне загадак, прапанаваных настаўнікам і вучнямі, узгадванне вучнямі сваіх загадак; прыдумванне сказаў па заданню настаўніка.

На першых уроках пісьма можна даваць дзецям наступныя заданні для самастойнай працы:

1. Вылажыць з палачак пэўную фігуру або прадмет, а потым намаляваць іх у сшытку.

2. Абвесці контуры выразаных з кардону геаметрычных фігур ці іншых прадметаў і заштрыхаваць іх прамымі паралельнымі рыскамі.

3. Намаляваць такі прадмет (настаўнік называе яго канкрэтна), які б нагадваў патрэбны элемент літары, які дзеці будуць пісаць пад кіраўніцтвам настаўніка.

4. Пасля тлумачэння настаўніка самастойна напісаць элемены літар.

У букварны перыяд трэба карыстацца такімі відамі самастойных прац, якія садзейнічаюць выпрацоўцы навыкаў гукавога аналізу і сінтэзу, чытанню слоў і сказаў, дапамагаюць развіццю навыкаў звязнага вуснага і пісьмовага маўлення.

Найбольш эфектыўнымі і актыўнымі з’яўляюцца наступныя віды самастойных прац:

1 група - самастойныя працы, якія маюць на мэце падрыхтоўку дзяцей да тлумачэння новага матэрыялу

• Знайсці вывучаемую літару ў неразрэзанай азбуцы, выразаць яе і запоўніць ёю адпаведную кішэньку касы.

• Прачытаць выстаўленыя настаўнікам на дошцы склады, набраць іх на сваім наборным палатне і прачытаць. Саставіць словы з прапанаваных складоў.

• Настаўнік набірае на класным наборным палатне слова, дзеці чытаюць яго, потым кожны самастойна набірае яго на сваім наборным палатне. Пасля дзецям прапануецца замяніць адну літару ў слове так, каб атрымалася новае слова (напрыклад, мука - рука - рукі - ракі - рака).

• У набраных настаўнікам словах вучням прапануецца дадаць у пачатку або ў канцы літары ці склады, каб атрымаліся новыя словы, набраць гэтыя словы на сваім наборным палатне і прачытаць (луг – лугі - плугі, аса – раса - расада). Гэты від працы можа прадугледжваць не нарашчэнне, а скарачэнне слоў (расада - раса - аса). • Запомніць загадку, адгадаць яе, саставіць на сваім наборным палатне слова-адгадку і прачытаць яго.

• Прыдумаць словы з 2-ма, 3-ма і больш складамі.

• Скласці знаёмыя дзецям словы па першай і апошняй літарах:

м....а (машына), с.....т (самалёт)

• Скласці з прапанаваных настаўнікам слоў сказ і набраць яго на сваім наборным палатне.

• Прыдумаць сказ з трох слоў і набраць яго на наборным палатне. • Скласці апавяданне са сказаў, запісаных на асобных палосках паперы.

• Скласці сказы са слоў, змешчаных на розных картках (словы аднаго сказа змяшчаюцца на картках аднаго колеру). З гэтых сказаў скласці апавяданне (з 3 – 4 сказаў). (Мама даіла карову. І наш Варкот тут як тут. Чаго ён чакае? Ды малачка!)

2 група - самастойныя працы на замацаванне вывучанага матэрыялу

• Разгледзець малюнак у буквары, знайсці на малюнку (або на малюнках) прадметы, у назвах якіх ёсць вывучаемы гук, вымавіць гэтыя словы пра сябе і ўстанавіць на слых месца вывучемага гука ў словах.

• Самастойна паўторна прачытаць або словы ў слупках, або тэкст, або ўсю старонку буквара.

• Выбарачна прачытаць сказы з тэксту на старонцы буквара.

• Надрукаваць літару, з якой вучні ўпершыню пазнаёміліся, і адшукаць у незнаёмым тэксце словы з гэтай літарай.

• Разгледзець сюжэтны малюнак буквара і скласці па ім сваё апавяданне.

• Даць назвы прадметным малюнкам буквара і набраць гэтыя словы з літар разразной азбукі.

3 група - самастойныя працы, якія маюць на мэце праверыць веды дзяцей па матэрыялу папярэдняга ўрока або па ўсёй тэме

• Падрыхтаваць па малюнку вуснае апавяданне, з якога потым выдзеліць словы для гукавого аналізу і сінтэзу.

• Вывесіць на дошцы прадметныя малюнкі (набор малых малюнкаў раздаецца на партах вучням). Дзеці павінны падабраць да кожнага слова пачатковую літару і адкласці яе на парце. Гэты від працы можна пазней ускладніць, даючы дзецям заданне набраць усё слова, якім можна падпісаць малюнак.

• Настаўнік рыхтуе малюнкі, пад якімі надрукаваны словы з пропускам адной літары, складу і дае іх дзецям для самастойнай працы. Вучні самастойна павінны ўстанавіць, якія гэта словы, набраць іх з літар сваёй разразной азбукі, прачытаць і адкласці на парце прапушчаныя літары або склады.

• Падбор да малюнкаў, на якіх паказаны канкрэтныя прадметы (стол, парта), слоў з абагульняючым значэннем (мэбля).

Віды самастойных прац па пісьму ў перыяд навучання грамаце.

• Пісьмо літар па ўзорах, прапанаваных настаўнікам на класнай дошцы, у сшытках вучняў.

• Пісьмо складоў, слоў па ўзорах.

• Пісьмо слоў па памяці.

• Пісьмо па памяці вядомых дзецям галосных або зычных, складоў.

• Падкрэсліць галосныя літары е, ё, ю, я, і або зычныя літары перад гэтымі галоснымі ў адным або некалькіх словах. Правільна прачытаць гэтыя словы.

• Напісаць у сшытках некалькі літар па выстаўленых на наборным палатне друкаваных літарах. З гэтай мэтай лепш за ўсё браць літары з аднолькавымі недастаткова засвоенымі элементамі.

• Пісьмо слоў па першай і апошняй літарах: т.....р (трактар). З гэтай мэтай бяруцца прааналізаваныя і прачытаныя на папярэднім уроку словы.

• Набор слоў да малюнкаў і пісьмо гэтых слоў.

• Дапісванне літар і складоў да слоў, запісаных на дошцы.

• Напісаць усе вядомыя дзецям літары, у якіх ёсць названы настаўнікам элемент.

• Спісаць словы або сказы і падкрэсліць у іх літары, якія абазначаюць мяккія зычныя гукі.

• Спісаць словы ці сказы з друкаванага тэксту буквара.

• Пісьмо па памяці загадак, прыказак, прымавак,змешчаных у буквары або прапанаваных настаўнікам.


Урокі навучання грамаце


У залежнасці ад перыяду навучання і ад дыдактычнай мэты можна выдзеліць некалькі ўрокаў першапачатковага чытання:

  1. урок азнаямлення з тэкстам; 2) урок азнаямлення са сказам; 3) урок азнаямлення са словам; 4) урок азнаямлення з гукам (зычным); 4) урок азнаямлення са складам; 5) урок азнаямлення з націскам; 6) урок азнаямлення з галосным гукам і яго літарай; 7) урок азнаямлення з зычным гукам (або гукамі) і яго літарай; 8) урок азнаямлення са зліяннем ЗГ; 9) урок замацавання; 10) урок паўтарэння і абагульнення.


Структура ўрока (№ 7,8)


1. Паўтарэнне звестак пра зычныя і галосныя гукі. Чытанне вывучаных літар. Настаўнік называе словы, дзеці пры дапамозе картак указваюць у іх вывучаныя гукі. Настаўнік паказвае малюнкі, дзеці вымаўляюць словы, указваюць у іх вывучаныя гукі, паказваюць карткі з адпаведнымі літарамі.

2. Выдзяленне новага гука. Гутарка па малюнку буквара, на якім намалявана слова, з якога выдзяляецца новы гук. Вымаўленне новага гука, звяртаецца ўвага на яго артыкуляцыю.

3. Фізкультхвілінка.

4. Практыкаванні ў слуханні і вымаўленні новага гука ў розных пазіцыях і спалучэннях: у пачатку, у сярэдзіне, на канцы слова. Дзеці вызначаюць, ці ёсць ў слове вывучаемы гук, яго месца ў слове.

5. Знаёмства з адпаведнымі літарамі. Знаходзяць месца літары ў касе літар і складоў. Аналізуюць выяву літары, параўноўваюць алую і вялікую літары. Складваюць літару з палачак, друкуюць яе.

6. Апавяданне па малюнку: гутарка, складанне сказаў, звязнае апавяданне.

7. Фізкультхвілінка.

8. Творчая праца (складанне сказаў, апавяданняў, разгадванне загадак і г.д.).

9. Чытанне новай літары і раней вывучаных літар.

10. Абагульненне.


Структура ўрока (№ 9)

1. Паўтаранне. Чытанне слоў з папярэдне вывучанай літарай. Чытанне сказа з дошкі, у якім ёсць словы з вывучанай літарай. Гутарка, выдзяляюцца словы з вывучаным гукам.

2. Паўтарэнне: чытанне папярэдняй старонкі “Буквара”.

3. Фізкультхвілінка.

4. Практыкаванне ў чытанні слоў з вывучанай літарай у пачатку, канцы і сярэдзіне слова, састаўленне гэтых слоў. Фізкультхвілінка.

Вымаўленне, прагаворванне, склада-гукавы аналіз, гука-літарны аналіз і сінтэз слоў. Праца са схемай склада-гукавога саставу.

5. Развіццё маўлення. Апавяданні па ўяўленню, на аснове малюнка. Павінна быць выкарыстана зададзенае слова.

6. Чытанне новай старонкі “Буквара” або дадатковага тэксту.

Чытанне тэксту, напісанага настаўнікам на дошцы.

7. Адгадванне рэбусаў: словы з новай літарай.

8. Адрозненне мнагазначных слоў, слоў- амонімаў і г.д.

9. Абагульненне.





Навучанне пісьму ў асноўны перыяд навучання грамаце


Пісьмо – гэта адзін з найбольш цяжкіх урокаў для першакласнікаў.

Авалодаць графічным навыкам — гэта значыць трывала засвоіць спосаб фіксацыі на паперы вуснага паведамлення, навучыцца перадаваць гукі мовы адпаведнымі літарамі, пры гэтым усвядоміць і запомніць прынятыя нормы графічных элементаў і іх спалучэнняў.

Згодна з патрабаваннямі існуючай праграмы школьнікі ў перыяд навучання грамаце павінны набыць наступныя спецыфічныя навыкі пісьма:

Ведаць:

асноўнае адрозненне гукаў ад літар (гукі чуем і вымаўляем, літары бачым і пішам);

усе літары беларускага алфавіта (рукапісны варыянт);

спосабы абазначэння мяккасці зычных гукаў на пісьме літарамі е, ё, і, ю, я, ь.

Умець:

правільна, без скажэнняў, пісаць вялікія і малыя літары, іх злучэнні ў словах;

правільна спісваць словы і сказы, напісаныя ад рукі і надрукаваныя;

граматна (без пропускаў, скажэнняў літар) пісаць пад дыктоўку словы, напісанне якіх не разыходзіцца з вымаўленнем;

ужываць вялікую літару ў пачатку, кропку ў канцы сказа;

ужываць вялікую літару ў пачатку ўласных імёнаў (імёнаў і прозвішчаў людзей, клічак жывёл, назваў краін, гарадоў, вёсак, рэк і азёр).

Выкарыстоўваць набытыя веды і ўменні ў паўсядзённых зносінах і ў практычнай дзейнасці:

самастойна падпісваць работу (малюнак, выраб), выкарыстоўваючы вялікую літару для запісу свайго імя;

самастойна складаць і запісваць невялікае паведамленне (1–2 сказы), адрасаванае законным прадстаўнікам непаўналетніх навучэнцаў або сябру;

самастойна чытаць пісьмовы тэкст, адрасаваны дзіцяці (запіскі, невялікія пісьмы, інфармацыйныя паведамленні).

Прыёмы, неабходныя для пісьма:

1. Валоданне прыладай пісьма.

2. Захаванне правільнага становішча сшытка і пасоўванне яго падчас пісьма.

3. Захаванне правільнай паставы, пасадкі пры пісьме.

4. Рух рукі ўздоўж радка падчас пісьма.

Прыёмы пісьма:

1. Уменне параўноўваць узор з вынікам пісьма.

2. Прыёмы пераводу гука ў пісьмовую літару і друкаванай літары ў пісьмовую.

3. Прыёмы напісання літар (пачатак, кірунак пісьма, паварот, злучэнні).

4. Прыёмы злучэнняў літар (без адрыву, з адрывам, зверху, знізу і г. д.).

5. Прыём супастаўлення літар па вышыні — захаванне аднолькавай вышыні літар на радку.

6. Пісьмо літар паміж лініямі радка і на лініі.

7. Пачатак пісьма. Запаўненне радка.

8. Прыёмы правільнага нахільнага пісьма.


Развіццё маўлення і мыслення вучняў у перыяд навучання грамаце

Развіццё маўлення вучняў – адна з важнейшых задач навучання ўвогуле і ўрокаў граматы ў прыватнасці.

Развіваць маўленне дзяцей – г.зн. уздзейнічаць на яе з 4-ох бакоў: 1) прывіваць навыкі гукавой культуры маўлення; 2) узбагачаць слоўнік; 3) вучыць правільна будаваць сказы; 4) навучаць звязваць сказы паміж сабой ц адзінае сэнсавае і граматычнае цэлае.

Дзіця, якое не ўмее правільна гаварыць, не можа навучыцца правільна чытаць і пісаць. Таму першачарговая задача школы – прывіць вучням 1 класа навыкі культуры вуснага маўлення.

Недахопы вуснага маўлення вучняў 1 класа:

1) няправільнае вымаўленне некаторых гукаў, асабліва [р], [в], [л], шыпячых;

2) перастаноўка або пропуск гукаў і складоў у словах;

3) часта гавораць паспешліва, невыразна, слаба артыкулюючы гукі;

4) адхіленні ад правільнага моўнага дыхання: яно павярхоўнае, з частымі шумнымі ўдыхамі, без паўз.

Задачы па выхаванні гукавой культуры маўлення:

1. Устараненне недахопаў у вымаўленні гукаў: удасканаленне работы артыкуляцыйнага апарату, сістэматычная работа над выразным вымаўленнем цяжкіх гукаў.

2. Работа над правільным вымаўленнем слоў і славесным націскам. Тыповыя памылкі ў вымаўленні слоў:

- перастаноўка і пропуск гукаў і складоў, замена гукаў і складоў, скарачэнне слоў (транвай - трамвай);

- дабаўленне гукаў (ігруша - груша);

- памылкі ва ўжыванні славеснага націску (плы΄ла, бы΄ла): трэба паказаць дзецям, што замена націску цягне за сабою і змену значэння слова (ста΄лы- сталы΄, па΄ра - пара΄).

3. Выпрацоўка літаратурнага, арфаэпічна правільнага вымаўлення. Асабліва важнае значэнне гэта работа набывае ва ўмовах мясцовага дыялекту.

4. Удасканаленне дыкцыі – выразнасці вымаўлення слоў і іх спалучэнняў.

5. Выпрацоўка правільнага тэмпу маўлення і якасці голасу.

6. Навучанне выразнасці маўлення: уменню перадаваць інтанацыю пытання і адказу, эмоцыі.

7. Выпрацоўка моўнага дыяфрагмальнага дыхання. Моўнае дыханне – аснова голасаўтварэння і маўлення.

8. Выхаванне культуры маўленчых зносін.

Багацце маўлення залежыць ад слоўніка. Маўленне не можа быць змястоўным, вобразным, гнуткім пры бедным слоўніку. Пашырэнню слоўніка вучняў садзейнічае ўжо само навучанне чытанню і пісьму. У працэсе працы на ўроках па гэтых прадметах на стаўнік знаёміць вучняў з новымі словамі і тэрмінамі (сказ, гук, літара і г.д.), вучыць выдзяляць словы са сказаў, звязваць словы ў словазлучэнні і сказы.

Практыкаванні, якія накіраваны на ўзбагачэнне слоўніка дзяцей:

1. Выдзяленне слоў са сказаў. На самай ранняй стадыі навучанняы словы са сказа выдзяляюцца з дапамогай працяглых паўз паміж кожным словам, а пазней шляхам пастаноўкі пытанняў да кожнага слова ў сказе.

2. Актывізацыя слоўніка. У працэсе слоўнікавай работы вучань не толькі дабіваецца больш глыбокага разумення сэнсу слоў, але і вучыцца ўжываць гэтыя словы ў сваёй штодзённай моўнай практыцы.

3. Тлумачэнне значэння незразумелых слоў. Трэба дабівацца, каб ніводнае незразумелае слова ў буквары не заставалася б нерастлумачаным. Неразуменне сэнсу слова вучнем прыводзіць да таго, што ён вымаўляе слова ў скажоным выглядзе або няправільна ўжывае яго ў сказе.

Прыёмы тлумачэння незразумелых слоў выбіраюцца ў залежнасці ад прычыны, якая выклікала неразуменне слова, і характару незразумелага слова.

1. Калі вучні ніколі не бачылі прадмета, які названы словам, то дэманструецца гэты прадмет у натуры або на малюнку (кіпарыс, метрапалітэн).

2. Калі вучні ведаюць прадмет, прымету прадмета або дзеянне прадмета пад другой назвай, то трэба прапанаваць падабраць да гэтага слова сінонім: волат – асілак, грандыёзны – вялікі.

3. Калі дзеці цьмяна разумеюць лексічнае значэнне таго або іншага слова, то неабходна дапамагчы ім даць апісальны адказ з апорай на жыццёвы вопыт (Брусніцы. – Дзе ты іх бачыў?)

4. Калі трэба растлумачыць значэнне таго слова, якое абазначае дзеянне прадмета, то мэтазгодна прапанаваць вучням імітаваць дзеянне.

5. Калі вучні валодаюць дзвюма мовамі, то можна практыкаваць пераклад з адной мовы на другую.

Такім чынам, асноўная задача слоўнікавай работы – навучыць суадносіць словы з прадметамі і з’явамі рэчаіснасці, выбіраць патрэбнае слова. Аднак словы – гэта яшчэ не мова, а толькі будаўнічы матэрыял для яе. Яны становяцца мовай тады, калі звязваюцца паміж сабой лагічна і граматычна. Таму адначасова з лексічнай работай павінна інтэнсіўна праводзіцца работа над сказам.

Практыкаванні, якія прымяняюцца пры рабоце над сказам:

1. Выдзяленне сказа са звязнага маўлення. Па малюнку ці па пытаннях настаўніка складаецца некалькі сказаў, каб атрымалася апавяданне, потым апавяданне паўтараецца, але без пытанняў і з паўзамі паміж сказамі, і падлічваецца, колькі ў ім сказаў.

2. Навучанне правільнаму інтанаванню сказаў у залежнасці ад знакаў прыпынку на канцы. Асноўнымі прыёмамі, якія садзейнічаюць выпрацоўцы навыкаў правільнага інтанавання сказаў, з’яўляюцца раскрыццё семантыкі сказаў і ўзорнае чытанне настаўніка.

3. Пабудова сказаў па пытаннях.

4. Рэдагаванне сказаў (выпраўленне недахопаў у выбары, размяшчэнні і сувязі слоў).

Слоўнікавая праца і праца са сказам – толькі падрыхтоўчыя ступені ў рознабаковай і складанай дзейнасці настаўніка па навучанні школьнікаў выказваць свае думкі змястоўна, паслядоўна, выразна і правільна.

Звязнае маўленне ў перыяд навучання грамаце – гэта пераказ букварнага тэксту, складанне апавяданняў па малюнках, па назіраннях, на аснове творчых уяўленняў, расказванне, інсцэніраванне казак, дэкламаванне вершаў, баек,скорагаворак, тлумачэнне сэнсу прыказак, адгадванне загадак, рэбусаў.

Пачынаць работу трэба са складання апавядання па серыі малюнкаў. Прыдумваючы загаловак да кожнага малюнка серыі, вучні паступова складаюць звязнае апавяданне.Далей неабходна пераходзіць да апавяданняў на аснове асабістага вопыту (н-д, “Што мы бачылі ў лесе”). Настаўнік ставіць некалькі паслядоўных пытанняў, а вучні, абапіраючыся на іх, складаюць апавяданне.

Выдатным матэрыялам для развіцця маўлення і мыслення вучняў 1 класа з’яўляюцца малыя жанры фальклору – скорагаворкі, прыказкі, загадкі.

Кожная з іх утрымлівае ў сабе лагічны вузельчык, які трэба развязаць.

Вялікі прастор для развіцця маўлення маецца і на ўроках пісьма.

Запісу слова ці сказа папярэднічае слоўнікавая работа – тлумачэнне лексічнага значэння незразумелых слоў. Вучні асэнсоўваюць сказ як камунікатыўную адзінку ў ходзе аналізу сказаў (выдзяленне сказаў з мовы, дзяленне сказаў на словы), пераканструявання (запіс сказаў пасля замены імені дзеючай асобы, дапісванне сказаў, запіс сказаў пасля перастаноўкі ў іх слоў), “рэдагаванне” (запіс сказаў пасля выпраўлення ў іх стылістычных памылак), канструяванне сказаў (па пытаннях, з раскіданых слоў). Дзеці пішуць сачыненні-мініяцюры.

Работа над культурай вуснага маўлення, над словам, сказам і звязным маўленнем праводзіцца адначасова і не толькі на ўроках чытання і пісьма, але і на іншых, а таксама ў пазакласнай рабоце.