Просмотр содержимого документа
«Вербніца. Народныя прыкметы»
Вербніца (апошняя перад Вялікаднем нядзеля)
У гэты святочны дзень у царкве ці касцёле асвячалі галінкі вярбы, неслі іх дадому і злёгку сцябалі імі дамашніх, перш за ўсё дзетак, і прыгаворвалі:
Не я б’ю, вярба б’е,
За тыдзень — Вялікдзень.
Будзь здароў, як вада,
А расці, як вярба!
Будзь здароў на ўвесь год!
Людзі верылі, што такім чынам чалавеку перадаецца моц і прыгажосць гэтага дрэва. Частку асвечаных галінак клалі за бажніцу, утыкалі ў сцены, вокны. На працягу ўсяго года асвячоныя галінкі вярбы выкарыстоўваліся: кожная гаспадыня выганяла на Юр’я сваю карову на пашу, злёгку сцябаючы па баках галінкай, з вербачкай селянін выходзіў засяваць поле, садзіць бульбу.
Вярбная галінка была патрэбная падчас першага грому. Каб не баяцца навальніцы, імкнуліся з’есці па адной пупышцы, а затым легчы на зямлю і перакуліцца. Пачуўшы грымоты, гаспадыня запальвала грамнічную свечку, а вербныя галінкі клала на падаконнік з таго боку, адкуль насоўваліся дажджавыя хмары.
Галінкі ніколі не выкідалі, а захоўвалі да наступнай Вербніцы, каб спаліць у печы і попел рассыпаць па градках.
Вербная нядзеля. У народзе лічылася, што асвечаная вярба валодае гаючымі ўласцівасцямі, ахоўвае ад нячыстай сілы. Таму галінкамі вярбы дакраналіся да людзей, жадаючы ім здароўя, іх ставілі каля галавы хворых, а дзяцей імі нават сцябалі, каб раслі здаровыя і не хварэлі.
Здаўна людзі кажуць
Жаваранак прылятае на праталіну,
Шпак – на прагаліну,
Жораў – з цяплом,
Ластаўка – з лістом.
Усякай птушцы свае гняздо міла.