В О Д Г У К Н А М А С Т А Ц К І Т В О Р
АСНОЎНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ МАСТАЦКАГА СТЫЛЮ
Не ва ўсіх дапаможніках і падручніках аўтары асобна вылучаюць стыль мастацкай літаратуры. Падставай для гэтага служыць тое, што мастацкія тэксты могуць утрымліваць у сабе элементы ўсіх стыляў. У школьнай практыцы мастацкі стыль разглядаецца як самастойная адзінка.
| Сфера выкарыстання і функцыя: | мастацкая; у тэкстах выразна праследжваецца адзінства камунікатыўнай і эстэтычнай функцый, г. зн., што аўтары ставяць задачу не толькі данесці інфармацыю пра пэўную з’яву ці перажыванне, але і ўздзейнічаць на пачуцці, эстэтычныя ўяўленні чытача. |
| Падстылі: | 1) паэтычны (лірыка), 2) празаічны (эпас), 3) драматургічны (драма). |
| Формы рэалізацыі і жанры: | пісьмовая; раман, апавяданне, паэма, верш, п’еса і інш. |
| Асноўныя рысы: | выкарыстанне сродкаў іншых стыляў у эстэтычнай функцыі, экспрэсіўнасць, эмацыйнасць і вобразнасць. Гэтым тлумачыцца шырокае выкарыстанне разнастайных вобразна-выяўленчых адзінак (тропаў і стылістычных фігур), якія павышаюць яго дзейнасць, дазваляюць падкрэсліць своеасаблівасць прадметаў і з’яў, выразіць індывідуальную, суб’ектыўную ацэнку, што адпавядае задачам паведамлення. |
| Тропы – гэта словы, якія ў тэксце набываюць пераносны сэнс. Яны ўзбагачаюць мову твора, надаюць яму асаблівую выразнасць. Пры дапамозе тропаў вылучаюцца характэрныя прыкметы прадметаў і з’яў, перадаюцца адносіны аўтара да таго, пра што ён піша. Да тропаў адносяцца: эпітэт, параўнанне, метафара, метанімія, сінекдаха, перыфраза, гіпербала, літота, іронія. |
| ЭПІТЭТ – гэта вобразнае слова, якое заключае ў сабе мастацкае азначэнне найбольш істотных прыкмет якога-небудзь прадмета ці з’явы. Можа выражацца любой часцінай мовы. Выконвае наступныя асноўныя функцыі: перадае непаўторнасць і глыбіню мастацкага бачання пісьменнікам жыцця; можа выклікаць у чытача зрокавыя ўяўленні (асабліва ў пейзажных замалёўках); уздзейнічае на розныя органы пачуццяў і выклікае пэўнае перажыванне. Кудысьці белымі палямі ўздоўж аголеных бяроз, рассекшы неба правадамі , мяне цягнік паўсонны вёз. (І. Клепікаў) А вечар чуткі, гутарлівы Разносіць гоман, смех шчаслівы І ў сэрцы паліць парыванні І тчэ красёначкі кахання. Якуб Колас Сталыя эпітэты – гэта мастацкія азначэнні, якія ў фальклорных творах трывала замацаваліся за пэўнымі словамі і набылі ўстойлівы, традыцыйны характар: белыя ручанькі, сырая зямелька, шэры воўк, буйны вецер, зялёная дуброва і інш. |
| ПАРАЎНАННЕ – гэта мастацкі вобраз, пабудаваны на супастаўленні дзвюх з’яў ці двух прадметаў на аснове іх падабенства ці адрознення. Асноўныя функцыі: дапамагаюць стварыць каларытны малюнак прыроды; перадаюць эмацыйную напружанасць героя; адыгрывае важную кампазіцыйную ролю. Ты далёка, як тое, што будзе праз год, і таму я самотны, нібы параход, што на беразе ціхім, як прывід, стаіць. (В. Шніп) “На Беларусі пчолы, як гусі”, -- прыгадваў зямляк у выраі. Р. Барадулін Разгорнутае параўнанне – гэта супастаўленне дзвюх карцін: найчасцей пейзажную замалёўку з чалавечым жыццём: Кукавала зязюля У зялёным лесе, Не згадала матуля, Што выйдзе з Алесі. Я. Купала |
| МЕТАФАРА – прыпадабненне аднаго прадмета ці з’явы да другога прадмета ці з’явы, чым-небудзь падобнага да першага. У аснову метафарызацыі можа быць пакладзена падабенства прадметаў: -- па колеры, -- па форме, -- па аб’ёме, -- па прызначэнні, -- па становішчы ў прасторы і часе, -- па стану, працэсу і г. д. Сярод іншых тропаў метафара займае галоўнае месца, яна дазваляе стварыць ёмісты вобраз, заснаваны на яркіх, часта нечаканых, смелых асацыяцыях: Пацяклі, паплылі за гадамі гады (Я. Купала). Увасабленне (персаніфікацыя) – своеасаблівая разнавіднасць метафары; такое адлюстраванне неадушаўлёных прадметаў, раслін або жывёл, пры якім яны гавораць, думаюць і адчуваюць, як чалавек: У лесе затрымаўся вечар і нанач адпачыць прылёг, калі прыціх у голлі вецер, пугач узняў перапалох (А. Астрэйка). |
| МЕТАНІМІЯ – гэта троп, які ўяўляе сабой замену назвы аднаго прадмета назвай іншага прадмета, унутрана звязанага з першым па прасторавай сумежнасці, часу, прычыннай сувяззю. Гэта: перанос назвы пакоя, памяшкання і пад. на людзей, якія там жывуць, вучацца, знаходзяцца: прагожы клас і клас замаўчаў; горад Гродна і Гродна прагаласаваў “за”; перанос назвы пасудзіны ці ёмістасці на колькасць ці меру таго, што змешчана ў іх: чысты слоік і выпіць слоік соку; новае вядро і сабраў вядро суніц; перанос назвы дзеяння на яго вынік: напісалі дыктант і праверыць (раздаць) дыктанты; пасеў азімых распачаўся і пасевы дружна зарунелі; перанос дзеяння, задання на выканаўцаў: несці варту і выставіць варту; пайсці ў разведку і разведка дакладна вызначыла месца; перанос назвы матэрыялу на выраб з гэтага матэрыялу: золата не счарнее і заваявалі золата (г. зн. залатыя медалі); перанос назвы дзеяння на месца, дзе гэта дзеянне адбываецца: пераход з будынка ў будынак і новы падземны пераход; перанос імя аўтара на яго творы: быў знаёмы з Мележам і чытаць Мележа і інш. |
| СІНЕКДАХА – від метаніміі, заснаваны на перайменаванні прадметаў па колькасных прыкметах. Гэта значыць: ужыванне назвы часткі прадмета ці жывой істоты (чалавека) замест цэлага прадмета, жывой істоты (асобы): галава каровы і ў статку 10 галоў; закрыць рот і ў хаце 4 рты; ужыванне адзіночнага ліку замест множнага: у лесе паспела ягада і хутка паявіцца грыб; ужыванне множнага ліку замест адзіночнага: Гарлахвацкія існуюць толькі з зёлкінымі, якія ствараюць найбольш спрыяльныя ўмовы для іх існавання (С. Андраюк); ужыванне канкрэтнай назвы замест агульнай: за лета студэнты зарабілі за мяжой сваю капейку; ужыванне назвы адзення, абутку замест назвы чалавека. Напрыклад, у адным з вершаў Ф. Багушэвіч сваіх персанажаў характарызуе найменнямі асобных элементаў адзення: Тут кажух і шынель, І бурнос, лапсярдак, І сурдут і мундзір, А адзін быў і храк. |
| ПЕРЫФРАЗА – троп, які нагадвае разгорнутую метанімію – назва прадмета, з’явы ці персанажа замяняецца апісаннем іх істотных рыс. Напрыклад, Я. Купала назваў свайго героя мужыка “панам сахі і касы”; В. Таўлай Кастуся Каліноўскага – атаманам мужыцкай праўды. |
| ГІПЕРБАЛА – гэта вобразны выраз, у якім перабольшваюцца тыя ці іншыя якасці або дзеянні прадмета, з’явы. Функцыя гіпербалы – узмацніць мастацкія ўражанні чытача, скіраваць яго ўвагу на істотнае, найбольш важнае для выяўлення ідэі твора. Мая далонь – пляцоўка касмадрома, З якой увысь стартуюць караблі. П. Макаль |
| ЛІТОТА – стылісттычная фігура, супрацьлеглая гіпербале – мастацкае перамяншэнне велічыні, сілы, значэння прадмета, з’явы, падзей. Неўладкаваны чалавечы дом Жывая кропля чорнага сусвету – Зямля мая, Зялёнае гняздо, Адкуль вылётваюць І птушкі і ракеты. П. Панчанка |
| ІРОНІЯ – гэта слова, ужытае ў супрацьлеглым асноўнаму значэнні. Надзвычай часта звяртаюцца да іроніі пісьменнікі-сатырыкі. Багачы і панства, Нашы “дабрадзеі”! Мы на суд вас клічам, Каты вы, зладзеі! Я. Колас |
Стылістычныя фігуры -- вобразна-выяўленчыя сродкі, утвораныя сінтаксічна. Да іх адносяцца:
інверсія (размяшчэнне членаў сказа ў адваротным, непрамым парадку з мэтай узмацніць выказванне; уласціва галоўным членам сказа, дапасаваным азначэнням, дапаўненням, акалічнасцям): Рэчка мутная. Мільганулі дзе-тры плоткі. Каля берага мармычуць жабы, збіраючыся нераставаць. З абалоння ў раку булькоча ручаёк (Я.Брыль);
антытэза (кантрастнае супастаўленне супрацьлеглых паняццяў, думак, вобразаў, якое служыць для ўзмацнення выразнасці мовы): Ад родных ніў, ад роднай хаты, у панскі двор дзеля красы яны, бяздольныя, узяты ткаць залатыя паясы (М.Багдановіч);
анафара (паўтарэнне аднолькавых слоў, выразаў, гукаў у пачатку сказа): У цёмным небе – хараводы сіняватых зорак, у цёмным небе свеціць месяц залатым сярпом (М.Багдановіч);
эпіфара (паўтарэнне аднолькавых слоў, выразаў, гукаў у канцы сказа);
паралелізм (аднолькавая сінтаксічная пабудова суседніх сказаў або ўрыўкаў): Над ракою ў спакою зацвітала каліна; у сяле за ракою вырастала дзяўчына (Я.Купала);
умаўчанне (абрыў фразы, які звычайна абазначаецца шматкроп’ем і ўказвае на незакончанасць або перапынак у выказванні, выкліканы хваляваннем гаворачага або нечаканай неабходнасцю пераходу да іншай тэмы).
Месяц – камень, магніт астранома,
Не схаваная ў час навагодняя цацка,
Учарашнія ўсёдаравальныя промні,
Танны згублены гузік салдацкі…
Адам Глобус
ПРЫКЛАДНЫ ПЛАН ПРАЦЫ НАД ВОДГУКАМ
1. Уважліва прачытаць верш цалкам з МЭТАЙ – выясніць першае сваё уражанне ад яго і запісаць:
– спадабаўся ці не, бо…
– зразумелы ці не, бо…
– чаму (ці каму прысвечаны)
– актуальны для сучаснасці ці не, чым актуальны.
2. Уважліва прачытаць па сказах (строфах), МЭТА:
-- вызначыць структуры сказаў, каб зрабіць выснову тыпу: (Увесь твор складаецца з пяці простых ці пяці складаных, складаназалежных сказаў у якіх і сканцэнтравана асноўная думка пра…
-- вызначыць наяўнасць вобразных сродкаў: ТРОПЫ ці СТЫЛІСТЫЧНЫЯ ФІГУРЫ;
– кантэкстуальнае значэнне слоў;
– мікратэмы кожнага абзаца (страфы);
– уражанні ад кожнай страфы
– кампазіцыю твора (кальцавая ці не, ці паслядоўнасць думак)
3. Устанавіць цэнтральны вобраз і адносіны аўтара да яго:
– колькі разоў паўтараецца ў творы;
– якімі сінонімамі ці перыфразамі замяняецца;
– якія эпітэты акружаюць яго.
– што проціпастаўляецца яму ў творы.
4. Вызначыць тэму і ідэю твора, раскрыццю якіх і падпарадкаваны ўсе сродкі.
Тэма – пра што, чаму прысвечаны … (Верш прысвечаны паказу…
Ідэя – тое, што сцвярджаецца. (Аўтар сцвярджае думку пра … )
5. Скласці ПЛАН тыпу:
Уступ:
-- што я знаю пра аўтара
-- чым мне падабаюцца яго творы
-- што мне вядома пра тэму і праблему, ўзнятыя аўтарам;
-- якіх я ведаю яшчэ аўтараў і іх творы па гэтай тэме;
ГАЛОЎНАЯ ЧАСТКА
1) Тэма верша і адносіны да яе аўтара з указаннем канкрэтных лексічных адзінак, якія пацвярджаюць сказанае;
2) Ідэя верша.
2) Раскрыццю тэмы падпарадкаваны – цэнтральны вобраз(ы). Адносіны аўтара да іх;
3) Адметнасць структуры твора (колькі частак, якія, што гэта дае)
4) Танальнасць верша (гучыць аптымістычны ці не, падабаецца ці не)
ЗАКЛЮЧЭННЕ
1) актуальнасць, запатрабаванасць, своечасовасць твора для сучаснасці, бо дазваляе …
5. Напісаць ВОДГУК
УВАГА! Адносіны аўтара выражаюцца:
словы з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі;
словы з адмоўнай ці станоўчай канатацыяй (валацуга, махляры, развалюха)
прыметнікамі-эпітэтамі;
параўнаннямі;