СДЕЛАЙТЕ СВОИ УРОКИ ЕЩЁ ЭФФЕКТИВНЕЕ, А ЖИЗНЬ СВОБОДНЕЕ

Благодаря готовым учебным материалам для работы в классе и дистанционно

Скидки до 50 % на комплекты
только до

Готовые ключевые этапы урока всегда будут у вас под рукой

Организационный момент

Проверка знаний

Объяснение материала

Закрепление изученного

Итоги урока

Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце «Матэматыка» для I класа

Нажмите, чтобы узнать подробности

Просмотр содержимого документа
«Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце «Матэматыка» для I класа»

 

УТВЕРЖДЕНО

Постановление
Министерства образования
Республики Беларусь
27.07.2017 № 90

Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце
«Матэматыка»
для I класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі
з беларускай мовай навучання і выхавання

МАТЭМАТЫКА

ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА

Навучанне матэматыцы на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі накіравана на фарміраванне першапачатковых уяўленняў пра матэматыку як пра навуку, якая вывучае колькасныя адносіны і прасторавыя формы сапраўднага свету. Вучэбны прадмет «Матэматыка» садзейнічае развіццю наглядна-вобразнага і славесна-лагічнага мыслення, закладвае асновы для фарміравання ў навучэнцаў алгарытмічнай культуры, пазнавальнай самастойнасці, паказвае магчымасці прымянення матэматычных ведаў у паўсядзённым жыцці.

Мэта навучання матэматыцы на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі – фарміраванне ведаў, уменняў і навыкаў, неабходных для працягу навучання матэматыцы і іншым вучэбным прадметам на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, набыццё першапачатковага вопыту рашэння вучэбна-пазнавальных і вучэбна-практычных задач; фарміраванне пазнавальных працэсаў і мысліцельных аперацый навучэнцаў.

Задачы навучання матэматыцы на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі:

сфарміраваць уяўленні пра натуральны ліку і лік нуль на аснове вывучэння ўтварэння, паслядоўнасці, чытання, запісу лікаў, іх разраднага саставу, параўнання лікаў і выканання над імі арыфметычных дзеянняў, вымярэння велічынь і рашэння тэкставых задач;

навучыць распазнаваць, будаваць і даследаваць геаметрычныя фігуры, параўноўваць аднародныя велічыні, вызначаць лікавыя значэнні велічынь з дапамогай вымярэнняў і вылічэнняў;

пазнаёміць са спосабамі прадстаўлення інфармацыі з дапамогай малюнкаў, схем, чарцяжоў, дыяграм, тэсктаў, табліц, матэматычнай сімволікі; сфарміраваць пачатковыя ўменні па пабудове мадэляў рэальных сітуацый з колькаснымі данымі;

стварыць умовы для авалодання асновамі лагічнага і алгарытмічнага мыслення, развіцця прасторавага ўяўлення, матэматычнай мовы;

забяспечыць набыццё пачатковага вопыту прымянення матэматычных ведаў для рашэння вучэбна-пазнавальных і вучэбна-практычных задач;

садзейнічаць развіццю цікавасці да матэматыкі, да даследавання матэматычнай сутнасці аб’ектаў навакольнага свету.

 

Метадычныя прынцыпы адбору зместу навучання матэматыцы на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі

Прынцып вядучай ролі арыфметычнага матэрыялу. У адпаведнасці з дадзеным прынцыпам асноўнае месца ў змесце вучэбнага прадмета «Матэматыка» на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі адводзіцца фарміраванню паняцця цэлага неадмоўнага ліку.

Прынцып канцэнтрызму ў вывучэнні арыфметычнага матэрыялу. Згодна з дадзеным прынцыпам арыфметычны матэрыял на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі структуруецца па канцэнтрах: спачатку вывучаюцца адназначныя лікі, потым двухзначныя лікі, далей – трохзначныя лікі і мнагазначныя лікі да мільёна. Вылучэнне канцэнтраў звязана з асаблівасцямі дзесятковай сістэмы злічэння. У кожным канцэнтры навучэнцы знаёмяцца са спосабамі ўтварэння, чытання і запісу лікаў, паслядоўнасцю лікаў, вучацца параўноўваць лікі і выконваць над імі арыфметычныя дзеянні.

Прынцып узаемасувязі змястоўных ліній вучэбнага прадмета «Матэматыка»: арыфметычнага матэрыялу, велічынь, геаметрычнага матэрыялу, элементаў алгебры. У адпаведнасці з дадзеным прынцыпам змястоўныя лініі вучэбнага прадмета «Матэматыка» на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі ўзаемазвязаны і дапаўняюць адна адну. Вучэбны матэрыял, які вывучаецца ў рамках адной тэмы, спрыяе лепшаму засваенню матэрыялу другой лініі (перавод з адных адзінак вымярэння ў іншыя спрыяе замацаванню нумарацыі лікаў; рашэнне ўраўненняў заснавана на веданні сувязі паміж кампанентамі і вынікамі дзеянняў; вылічэнне перыметра прамавугольніка звязана з веданнем уласцівасцей арыфметычных дзеянняў і інш.). На кожным уроку комплексна рашаюцца задачы па фарміраванні ўяўленняў пра лік, велічыню, геаметрычныя фігуры і элементы алгебры.

Прынцып інтэграцыі вучэбнай матэматычнай тэорыі і практыкі рашэння тэкставых задач з прыкладным зместам. У адпаведнасці з дадзеным прынцыпам асаблівая роля ў вучэбным прадмеце «Матэматыка» на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі адводзіцца тэкставым задачам, на прыкладзе якіх навучэнцы знаёмяцца з магчымасцямі прымянення матэматычнай тэорыі для рашэння прыкладных праблем.

Прынцып спалучэння гульнявой і вучэбна-пазнавальнай дзейнасці пры навучанні матэматыцы. На І ступені агульнай сярэдняй адукацыі вялікае значэнне надаецца выкарыстанню ў навучанні дыдактычных гульняў. У гэты перыяд адбываецца змена вядучага віду дзейнасці (пераход ад гульнявой да вучэбна-пазнавальнай). Дыдактычная гульня інтэгруецца ў вучэбна-пазнавальную дзейнасць, з аднаго боку, ствараючы магчымасці для вывучэння вучэбнага матэрыялу на даступным для навучэнцаў узроўні, з другога боку – стымулюючы развіццё цікавасці да матэматыкі.

Прынцып навучання матэматыцы на аснове дзейнасці мадэліравання. У адпаведнасці з дадзеным прынцыпам навучанне матэматыцы на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі накіравана не толькі на засваенне даступнай для навучэнцаў матэматычнай тэорыі, але і на фарміраванне ў іх пачатковых уяўленняў пра метады пабудовы матэматычных мадэляў. Уменне прадстаўляць істотныя характарыстыкі вывучаемых аб’ектаў з дапамогай мадэляў розных відаў спрыяе ўсвядомленаму фарміраванню матэматычных паняццяў і спосабаў дзейнасці, аказвае станоўчы ўплыў на развіццё пазнавальнай самастойнасці навучэнцаў.

Характарыстыка зместу навучання матэматыцы на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі

У змесце вучэбнага прадмета «Матэматыка» на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі вылучаюцца наступныя асноўныя лініі:

арыфметычны матэрыял;

велічыні і іх вымярэнне;

геаметрычны матэрыял;

алгебраічны матэрыял.

З дапамогай простых і састаўных тэкставых задач навучэнцы ўдакладняюць і абагульняюць веды і ўменні, атрыманыя пры вывучэнні арыфметычнага і геаметрычнага матэрыялу, асноўных велічынь і элементаў алгебры. Тэкставыя задачы даюць магчымасць прымяняць матэматычную тэорыю для вырашэння практычных праблем. У працэсе рашэння задач развіваюцца маўленне, увага, уяўленне і мысленне навучэнцаў. Змест тэкставых задач забяспечвае пашырэнне кругагляду навучэнцаў, дазваляе рэалізаваць выхаваўчую функцыю навучання.

Вядучая роля ў навучанні матэматыцы адводзіцца арыфметычнаму матэрыялу. Арыфметычны матэрыял вывучаецца канцэнтрычна: адназначныя лікі, двухзначныя лікі да 20, лікі ад 21 да 100, трохзначныя лікі, мнагазначныя лікі ад 1000 да 1 000 000. Пераход да новага канцэнтра суправаджаецца не толькі пашырэннем мноства вывучаных лікаў, але і сістэматызацыяй ведаў, увядзеннем новых паняццяў і спосабаў дзеянняў у дзейнасць навучэнцаў. Лінія велічынь, геаметрычны і алгебраічны матэрыял з’яўляюцца спадарожнымі для лініі лікаў і арыфметычных дзеянняў. Знаёмства з велічынямі, вывучэнне элементаў геаметрыі і алгебры размеркавана па адпаведных канцэнтрах.

Арыфметычны матэрыял

Натуральныя лікі і нуль, арыфметычныя дзеянні над імі. У навучэнцаў фарміруюцца ўяўленні пра натуральны лік як вынік лічэння і вымярэння велічынь, пра ўтварэнне, паслядоўнасць, чытанне, запіс лікаў, іх разрадным састаў, пра параўнанне лікаў, арыфметычныя дзеянняі над імі (складанне, адніманне, множанне, дзяленне), пра ўласцівасці арыфметычных дзеянняў (перамяшчальная ўласцівасць складання і множання, спалучальная ўласцівасць складання і множання, размеркавальная ўласцівасць множання), а таксама заснаваныя на гэтых уяўленнях уменні і навыкі.

Долі. На І ступені агульнай сярэдняй адукацыі навучэнцы знаёмяцца з паняццем долі як адной з роўных частак цэлага (прадмета, геаметрычнай фігуры, велічыні), вучацца параўноўваць долі на практычнай аснове, рашаць тэкставыя задачы на знаходжанне долі ліку і ліку па яго долі.

Велічыні і іх вымярэнне

У цеснай сувязі з арыфметычным матэрыялам раскрываецца паняцце велічыні. Важным з практычнага пункта гледжання з’яўляецца навучанне вымярэнню велічынь. Навучэнцы атрымліваюць уяўленне аб тым, што лік з’яўляецца вынікам вымярэння велічынь.

На І ступені агульнай сярэдняй адукацыі навучэнцы знаёмяцца з такімі велічынямі, як даўжыня, плошча, маса, час, і з адзінкамі іх вымярэння. Вызначэнне значэнняў гэтых велічынь заснавана на выкарыстанні вымяральных інструментаў і вылічэнняў. Пры рашэнні тэкставых задач навучэнцы таксама знаёмяцца з прапарцыянальнымі велічынямі, лікавыя значэнні якіх вызначаюцца з дапамогай вылічэнняў (хуткасць, час, адлегласць; цана, колькасць, кошт; ураджайнасць, плошча, ураджай і інш.).

Геаметрычны матэрыял

На І ступені агульнай сярэдняй адукацыі навучэнцы знаёмяцца з геаметрычнымі фігурамі (пункт, прамая, адрэзак, ломаная, вугал, многавугольнік, прамавугольнік, квадрат, акружнасць, круг і інш.); вучацца знаходзіць даўжыні адрэзка і ломанай, перыметр многавугольніка, плошчу геаметрычнай фігуры з дапамогай палеткі, вылічваць плошчу прамавугольніка па даўжынях яго старон, будаваць геаметрычныя фігуры. Навучэнцы выконваюць заданні з геаметрычным зместам, накіраваныя на фарміраванне прасторавых уяўленняў. Знаёмства з геаметрычнымі целамі (куб, прызма, піраміда, цыліндр, конус, шар) у працэсе навучання матэматыцы на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі ажыццяўляецца на прапедэўтычным узроўні.

Алгебраічны матэрыял

На І ступені агульнай сярэдняй адукацыі навучэнцы знаёмяцца з алгебраічнымі паняццямі (лікавы выраз, роўнасць, няроўнасць, пераменная, выраз з пераменнай, ураўненне); вучацца чытаць і запісваць выразы, знаходзіць іх значэнні на аснове правіл парадку выканання дзеянняў, адрозніваць правільныя і няправільныя роўнасці і няроўнасці, абазначаць пераменную літарамі лацінскага алфавіта, знаходзіць значэнне выразу пры зададзеным значэнні пераменнай, рашаць ураўненні на аснове ўзаемасувязі паміж кампанентамі і вынікамі арыфметычных дзеянняў.

ЗМЕСТ ВУЧЭБНАГА ПРАДМЕТА (120 г)

Параўнанне прадметаў і мностваў прадметаў, прасторавыя і часавыя ўяўленні

Атаясамліванне і адрозніванне прадметаў па адной уласцівасці: форме (круглыя, трохвугольныя, квадратныя, прамавугольныя), памеры (малыя, вялікія), колеры. Прасторавыя ўяўленні: зверху, знізу, вышэй, ніжэй, злева, справа, лявей, правей, перад, за, паміж, побач. Часавыя ўяўленні: спачатку, потым, раней, пазней, да, пасля; раніца, дзень, вечар, ноч. Поры года: вясна, лета, восень, зіма.

Класіфікацыя прадметаў па адной і дзвюх уласцівасцях. Упарадкаванне прадметаў дадзенага мноства. Параўнанне мностваў прадметаў па колькасці: столькі ж, больш, менш, больш на, менш на.

Назвы лікаў ад 1 да 20. Лічэнне прадметаў у межах 20.

Асноўныя патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў па раздзеле «Параўнанне прадметаў і мностваў прадметаў, прасторавыя і часавыя ўяўленні»

Ведаць:

прыметы параўнання прадметаў і груп прадметаў;

прасторавыя катэгорыі (зверху, знізу, вышэй, ніжэй, злева, справа, правей, лявей, перад, за, паміж, побач);

часавыя катэгорыі: (спачатку, потым, раней, пазней, да, пасля; раніца, дзень, вечар, ноч; вясна, лета, восень, зіма);

назвы лікаў ад 1 да 20.

Умець:

лічыць прадметы ў межах 20;

параўноўваць колькасці мностваў прадметаў;

даваць характарыстыку размяшчэнню прадмета ў прасторы;

вызначаць часавую паслядоўнасць падзей;

упарадкоўваць прадметы па памеры.

 

Адназначныя лікі (42 г)

Назвы, паслядоўнасць і абазначэнні адназначных лікаў ад 1 да 9.

Лік 0 і яго абазначэнне.

Утварэнне ліку дадаваннем адзінкі да папярэдняга ліку, аднімання адзінкі ад наступнага ліку. Знакі «+», «–».

Параўнанне лікаў. Знакі «», «

Састаў адназначных лікаў. Складанне і адніманне адназначных лікаў на практычнай аснове (з дапамогай лічэння прадметаў). Складанне і адніманне з нулём.

Рашэнне простых задач, якія раскрываюць канкрэтны сэнс арыфметычных дзеянняў складання і аднімання.

Прамая. Пункт. Адрэзак.

Асноўныя патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў па раздзеле «Адназначныя лікі»

Ведаць:

спосабы ўтварэння, паслядоўнасць і абазначэнні адназначных лікаў;

састаў адназначных лікаў;

назвы і абазначэнні арыфметычных дзеянняў складання і аднімання;

адносіны паміж лікамі (больш, менш, роўна);

матэматычныя знакі «», «

структуру задачы, узаемасувязь паміж умовай і пытаннем;

назвы геаметрычных фігур (пункт, прамая, адрэзак).

Умець:

чытаць, запісваць і параўноўваць лікі першага дзясятка;

утвараць лікі шляхам дадавання адзінкі да папярэдняга ліку, аднімання адзінкі ад наступнага ліку;

дадаваць і аднімаць адназначныя лікі на практычнай аснове (з дапамогай лічэння прадметаў);

рашаць простыя задачы, якія раскрываюць канкрэтны сэнс арыфметычных дзеянняў складання і аднімання.

 

Двухзначныя лікі (60 г)

Лік 10. Дзясятак. Састаў ліку 10. Утварэнне лікаў ад 11 да 20. Назвы, чытанне і запіс лікаў ад 11 да 20. Дзесятковы састаў двухзначных лікаў у межах 20. Параўнанне лікаў у межах 20.

Назвы кампанентаў і вынікаў складання і аднімання. Перамяшчальная ўласцівасць складання. Узаемасувязь паміж кампанентамі і вынікам дзеяння складання.

Табліца складання лікаў у межах 10 і адпаведныя выпадкі аднімання. Прыёмы складання і аднімання лікаў: прылічванне (адлічванне) па адным, складанне (адніманне) па частках, складанне з выкарыстаннем перамяшчальнай уласцівасці складання, адніманне з апорай на сувязь паміж кампанентамі і вынікам дзеяння складання.

Пазатаблічнае складанне і адніманне лікаў у межах 20 без пераходу праз дзясятак.

Лікавыя выразы ў 1–2 дзеянні з лікамі ў межах 20 без дужак: чытанне, запіс, знаходжанне значэння.

Падбор невядомага кампанента складання (аднімання) па вядомых кампаненту і выніку.

Рашэнне простых задач на павелічэнне (памяншэнне) ліку на некалькі адзінак.

Рашэнне простых задач на вызначэнне ўмяшчальнасці сасуда і аб’ёму вадкасці (у літрах).

Адзінкі даўжыні: сантыметр, дэцыметр. Даўжыня адрэзка. Параўнанне адрэзкаў па даўжыні. Вымярэнне даўжыні адрэзка з дапамогай лінейкі. Пабудова адрэзкаў зададзенай даўжыні. Параўнанне лікавых значэнняў даўжыні. Складанне і адніманне лікавых значэнняў даўжыні.

Адзінка часу гадзіна. Вызначэнне часу па цыферблатным гадзінніку з дакладнасцю да гадзіны.

Адзінка масы кілаграм. Маса прадмета. Параўнанне прадметаў па масе. Знаёмства з вагамі.

Асноўныя патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў па раздзеле «Двухзначныя лікі да 20»

Ведаць:

спосабы ўтварэння, паслядоўнасць і абазначэнні лікаў ад 10 да 20;

дзесятковы склад лікаў ад 10 да 20;

назвы кампанентаў і выніку дзеянняў складання і аднімання;

перамяшчальную ўласцівасць складання;

узаемасувязь паміж кампанентамі і вынікам дзеяння складання;

табліцу складання лікаў у межах 10 і адпаведныя выпадкі аднімання;

назвы геаметрычных фігур (пункт, прамая, адрэзак, круг, трохвугольнік, квадрат, прамавугольнік);

назвы адзінак даўжыні (дэцыметр, сантыметр), часу (гадзіна), масы (кілаграм).

Умець:

чытаць, запісваць і параўноўваць лікі ў межах 20;

складаць і аднімаць лікі ў межах 20 без пераходу праз дзясятак;

падбіраць невядомыя кампаненты складання (аднімання) па вядомых кампаненце і выніку;

чытаць і запісваць лікавыя выразы ў 1–2 дзеянні без дужак з лікамі ў межах 20, знаходзіць іх значэнні;

рашаць простыя задачы на павелічэнне (памяншэнне) ліку на некалькі адзінак;

рашаць простыя задачы на вызначэнне ўмяшчальнасці сасуда і аб’ёму вадкасці (у літрах);

параўноўваць, складаць і аднімаць лікавыя значэнні вывучаных велічынь;

выражаць значэнне даўжыні ў розных адзінках вымярэння (дэцыметр, сантыметр);

чарціць адрэзак зададзенай даўжыні і вымяраць даўжыню адрэзка;

вызначаць час з дакладнасцю да гадзіны;

распазнаваць і называць вывучаныя геаметрычныя фігуры;

карыстацца вывучанай матэматычнай тэрміналогіяй.

 

Паўтарэнне вывучанага ў І класе (10 г)

Адназначныя лікі: утварэнне, паслядоўнасць, чытанне, запіс. Састаў лікаў у межах 10. Двухзначныя лікі да 20: утварэнне, паслядоўнаць, чытанне, запіс. Дзесятковы састаў двухзначных лікаў да 20. Параўнанне лікаў у межах 20.

Таблічнае складанне лікаў у межах 10 і адваротныя выпадкі аднімання.

Пазатаблічнае складанне і адніманне лікаў у межах 20 без пераходу праз дзясятак.

Знаходжанне значэнняў выразаў у 1–2 дзеянні без дужак з лікамі ў межах 20.

Рашэнне простых задач, якія раскрываюць сэнс арыфметычных дзеянняў складання і аднімання, на памяншэнне і павелічэнне ліку на некалькі адзінак.

Рашэнне простых задач на вызначэнне ўмяшчальнасці сасуда і аб’ёму вадкасці (у літрах).

Геаметрычныя фігуры: распазнаванне квадрата, круга, трохвугольніка, прамавугольніка. Атаясамліванне і адрозніванне фігур па памеры і колеры. Прамая. Пункт. Адрэзак.

Адзінкі даўжыні: дэцыметр, сантыметр. Вымярэнне даўжыні адрэзка з дапамогай лінейкі. Пабудова адрэзка зададзенай даўжыні.

Адзінка часу гадзіна. Вызначэнне часу па цыферблатным гадзінніку з дакладнасцю да гадзіны.

Адзінка масы кілаграм. Параўнанне прадметаў па масе.

Пры вывучэнні матэматыкі ў І класе авалодваюць наступнымі відамі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці:

аналізаваць вучэбнае заданне (вылучаць умову і патрабаванне);

разумець і супастаўляць інфармацыю, прадстаўленую ў выглядзе тэксту, малюнка, схемы, лікавага выразу або няроўнасці;

разумець інфармацыю, прадстаўленую ў таблічнай форме;

параўноўваць і класіфікаваць прадметы па адной (дзвюх) уласцівасцях;

вызначаць заканамернасці (правіла, паводле якога складзены шэраг прадметаў, фігур, лікаў і інш.) і выкарыстоўваць іх пры выкананні заданняў.

Асноўныя патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў

Ведаць:

прыметы параўнання прадметаў і груп прадметаў;

прасторавыя і часавыя катэгорыі;

спосабы ўтварэння, паслядоўнасць і абазначэнні лікаў ад 10 да 20;

адносіны паміж лікамі (больш, менш, роўна), матэматычныя знакі «», «

састаў адназначных лікаў;

дзесятковы састаў лікаў ад 10 да 20;

назвы і абазначэнні арыфметычных дзеянняў складання і аднімання; назвы кампанентаў і выніку арыфметычных дзеянняў складання і аднімання;

перамяшчальную ўласцівасць складання;

узаемасувязь паміж кампанентамі і вынікам дзеяння складання;

табліцу складання лікаў у межах 10 і адпаведныя выпадкі аднімання;

структуру задачы, узаемасувязь паміж умовай і пытаннем;

назвы геаметрычных фігур (пункт, прамая, адрэзак, круг, трохвугольнік, квадрат, прамавугольнік);

назвы адзінак даўжыні (дэцыметр, сантыметр), часу (гадзіна), масы (кілаграм).

Умець:

лічыць прадметы ў межах 20;

параўноўваць колькасці мностваў прадметаў;

даваць характарыстыку размяшчэнню прадмета ў прасторы;

апісваць часавую паслядоўнасць падзей;

упарадкоўваць прадметы па памеры;

чытаць, запісваць і параўноўваць лікі ў межах 20;

складаць і аднімаць лікі ў межах 20 без пераходу праз дзясятак;

падбіраць невядомыя кампаненты складання (аднімання) па вядомым кампаненце і выніку;

чытаць і запісваць лікавыя выразы ў 1–2 дзеянні без дужак з лікамі ў межах 20, знаходзіць іх значэнні;

рашаць простыя задачы, якія раскрываюць канкрэтны сэнс арыфметычных дзеянняў складання і аднімання;

рашаць простыя задачы на павелічэнне (памяншэнне) ліку на некалькі адзінак;

рашаць простыя задачы на вызначэнне ўмяшчальнасці сасуда і аб’ёму вадкасці (у літрах);

параўноўваць, складаць і аднімаць лікавыя значэнні вывучаных велічынь;

выражаць значэнне даўжыні ў розных адзінках вымярэння (дэцыметр, сантыметр);

чарціць адрэзак зададзенай даўжыні і вымяраць даўжыню адрэзка;

вызначаць час з дакладнасцю да гадзіны;

распазнаваць і называць вывучаныя геаметрычныя фігуры;

карыстацца вывучанай матэматычнай тэрміналогіяй.

Выкарыстоўваць набытыя веды і ўменні ў практычнай дзейнасці і паўсядзённым жыцці для:

арыенціроўкі ў навакольнай прасторы;

ацэнкі памераў прадметаў на аснове пачуццёвага ўспрымання, спосабамі прыкладання і накладання;

параўнання прадметаў па масе і сасудаў па ёмістасці;

вызначэння часу па цыферблатным гадзінніку;

канструявання геаметрычных аб’ектаў;

вырашэння ў побыце розных задач, звязаных з лічэннем прадметаў і вылічэннямі.

 

Кантрольныя работы:

Кантрольная пісьмовая работа – 1 (ІІ паўгоддзе).

Праверка навыкаў вуснага лічэння – 1 (ІІ паўгоддзе).