Упраўленне па адукацыі Першамайскага района г. Мінска
Дзяржаўная ўстанова адукацый
“Сярэдняя школа № 84 г. Мінска”
План-канспект урока па беларускай мове ў 6 класе
ТЭМА: “ЗАЙМЕННІК ЯК ЧАСЦІНА МОВЫ: АГУЛЬНАЕ ЗНАЧЭННЕ, МАРФАЛАГІЧНЫЕ ПРЫМЕТЫ, СІНТАКСІЧНАЯ РОЛЯ.
ПАЧАТОВАЯ ФОРМА.
РАЗРАДЫ ЗАЙМЕННІКАЎ
ПА ЗНАЧЭННІ (АЗНАЯМЛЕННЕ)”
Падрыхтавала: Івашкевіч С.У.,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры 2 кваліфікацыйнай катэгорыі
Мінск, 2020
Тэма: “Займеннік як часціна мовы: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля. Пачатковая форма. Разрады займеннікаў (азнаямленне)”.
Мэта: дапамагчы вучням асэнсаваць асаблівасці займенніка як часціны мовы, засвоіць яго граматычныя прыметы;
выпрацоўваць уменні і навыкі знаходзіць займеннікі ў тэксце, ужываць іх у якасці тэкстаўтваральнага сродку;
пашыраць слоўнікавы запас вучняў, выхоўваць у іх любоў і павагу да роднай мовы.
Тып урока: урок засваення новых ведаў.
Абсталяванне: дошка, падручнік, мультымедыйная устаноўка, мультымедыйная прэзентацыя, дыдактычны матэрыял.
Ход урока
(Слайд 1)
I. Арганізацыйны момант. Эмацыянальны настрой на ўрок.
Добрай раніцы! Віктор Гюго сказаў: “Думка – тая ж ежа. Думаць – значыць харчавацца”.
Як вы разумееце словы французскага пісьменніка?
Ці згодны вы з яго сцвярджэннем? Чаму? (Адказы вучняў)
II. Актуалізацыя раней вывучанага.
1. Аналіз вынікаў кантрольных пераказаў.
Работа над памылкамі ў сшытках і каля дошкі.
(Слайды 2)
III. Паведамленне тэмы і мэт ўрока.
Твар румяненькі,
Белая хустачка.
Я ўжо ведаю,
Я – беларусачка!
Назавіце, калі ласка, у гэтым чатырохрадкоўі слова, якое мы заўсёды
ўжываем, калі вядзем гутарку ад свайго імя. Што гэта за слова? (Я) (Адказы вучняў)
А хто мне падкажа, у назве якой часціны мовы знаходзіцца слова “імя”?
(Адказы вучняў) Сапраўды так. (Слайд 3) Як вы ўжо здагадаліся, тэма сённяшняга нашага ўрока – “Займеннік як часціна мовы: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля. Пачатковая форма. Разрады займеннікаў па значэнні”. Сфармулюйце, калі ласка, мэты ўрока: (Слайд 4)
На ўроку я хачу даведацца…
Сёння на ўроку я хачу навучыцца…
Мне для гэтага неабходна ведаць…
IV. Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.
1. Гульня “Слова ў слове”. (Слайды 5, 6)
Звярніце, калі ласка, увагу на словы на слайдзе. Ваша задача заключаецца ў
тым, каб знайсці слова, якое схавана ў другім слове. Словы на слайдзе: ЗАЛАТЫ, МЫШ, ВЫРАЗ, ФЕЯ, СЯМЁН, ЯНА, ВЫМЫТЫЯ.
А хто мне скажа, да якога разраду адносяцца ўсе гэтыя займеннікі?
(Асабовыя) (Адказы вучняў) Так, гэта адзін з разрадаў займеннікаў. А ўсяго іх дзевяць.
Чаму яны называюцца асабовыя? (Адказы вучняў)
2. Праца з тэарэтычным матэрыялам падручніка.
С. 192-193.
3. Вусныя адказы на пастаўленыя пытанні.
Якія разрады паводле значэння маюць займеннікі? (Адказы вучняў)
Як вы лічыце, ці гаваркія іх назвы? (Адказы вучняў)
А якое значэнне займенніка і якія марфалагічныя прыметы ён мае, вы мне можаце адказаць? (Адказы вучняў) Давайце звернемся да дошкі.
4. Франтальная праца са сказамі ля дошкі.
Ён даведаўся ад іх, што такія кветкі прывязуць у магазін праз некалькі дзён.
Пытанні: (Слайд 7)
Скажыце мне, ці зразумелы вам сэнс сказа?
Хто ён?
Ад каго даведаўся?
Якія менавіта кветкі?
Праз колькі дзён іх прывязуць? (Адказы вучняў)
Давайце зменім гэты сказ так, каб сэнс яго стаў нам зразумелы.
Саша даведаўся ад сяброў, што жоўтыя ружы прывязуць у магазін праз два дні.
Давайце яшчэ раз паспрабуем адказаць на пастаўленыя пытанні. (Адказы вучняў)
Скажыце, калі ласка, замест якіх слоў былі ўжыты займеннікі ЁН, ІХ, ТАКІЯ, НЕКАЛЬКІ?
Якімі часцінамі мовы з’яўляюцца гэтыя словы і што яны абазначаюць? (Адказы вучняў)
(Слайд 8)
Маю некалькі ў мове нагрузак патрэбных:
Замяняю назоўнік,
прыметнік,
лічэбнік.
(Слайд 9)
Зробім вывад. Займеннік – гэта самастойная часціна мовы, якая ўказвае на прадмет, прымету, колькасць, але не называе іх.
А якія марфалагічныя прыметы маюць займеннікі, якую сінтаксічную ролю могуць выконваць? Давайце падумаем. (Адказы вучняў)
Сапраўды, калі займеннікі ўжываюцца замест імён, то і змяняюцца яны, як усе іменныя часціны мовы. І сінтаксічную ролю выконваюць тую ж, што і іменныя часціны мовы – могуць быць любым членам сказа.
Фізкультхвілінка.
V. Трэніровачна-карэкцыйны этап.
1. Самастойная праца.
Пр. 338, 339.
2. Франтальная праверка.
VI. Падзвядзенне вынікаў урока.
Якую тэму разглядалі на ўроку?
Чым адрозніваецца займеннік ад іншых самастойных часцін мовы?
Для чаго ўжываецца займеннік ў мове?
У ролі якіх членаў сказа могуць выступаць займеннікі?
VII. Рэфлексія.
(Слайд 10)
1. Прыём “Прадоўжы фразу”.
Сваёй працай на ўроку я…
Я працаваў добра і…
Мне дапамог матэрыял урока…
Мне гэта неабходна…
2. Запаўненне карткі ўліку ведаў.
| Ведаю | Сумняваюся | Патрэбна падтрымка |
| | | |
VIII. Заданне на дом.
§50, пр. 340