Тэма: З.Бядуля “На Каляды к сыну”. Трагедыя Тэклі
Абсталяванне: партрэт З. Бядулі, карткі з прыказкамі і прымаўкамі пра адносіны да бацькоў; фотаздымкі вучняў разам з бацькамі, сардэчкі чырвонага колеру для рэфлексіі; мультымедыйная прэзентацыя, малюнак сэрца, запіс твора Франца Шуберта “Ave Maria”
Эпіграф: “Шануй бацькоў сваіх і прадоўжацца дні жыцця твайго на Зямлі” (Пятая запаведзь Закона Божага).
Ход урока
Арганізацыйны момант
Настаўнік: З прыемнасцю і радасцю вітаю ўсіх вас!Рабяты, у нас сёння госці, але вы не хвалюйцеся і настройцеся на ўрок. Спадзяюся, што наш урок будзе плённым, пройдзе ў атмасферы даверу і супрацоўніцтва.
Стварэнне эмацыянальнага настрою. Матывацыйны этап.
Гучыць мелодыя (запіс твора Франца Шуберта “Ave Maria”)
Настаўнік: Услухайцеся ў чароўныя гукі і паглядзіце на экран.
(Слайды ……..) Можа, хтосьці ведае, што гэта за мелодыя? Каму прысвечана? (Маці).
Настаўнік: Так, гэты музычны твор прысвечаны маці– спрадвечнаму вобразу-сімвалу любові, дабрыні, святасці)
Настаўнік. Я бачу, як прасвятлелі вашы твары, на вуснах з’явіліся ўсмешкі. На слайдах былі вы і вашы матулі.
- Якое месца ў вашым жыцці займаюць матулі?
- Падбярыце словы, якія асацыіруюцца ў вас з паняццем “мама” (радасць, цеплыня, пяшчота, ласка, апора, спакой, дапамога, дабрыня, сям’я, павага, любоў).
- Дзеці, а што такое любоў? (работа з тлумачальным слоўнікам) (Любоў – пачуццё сардэчнай прыхільнасці, глыбокай прывязанасці)
- Якую любоў вы б паставілі на першае месца?( Мацярынскую любоў/ любоў да маці.)
Паведамленне тэмы і вызначэнне мэт урока. Арганізацыйна-пошукавы этап.
Настаўнік: Давайце зачытаем тэму нашага ўрока. ( зачытвае вучань).
Вучні. У Тэклі было добрае сэрца. Яна з’яўлялася маці Лаўрука, якога ўсім сэрцам любіла.
Настаўнік: Давайце паспрабуем паставіць мэты на ўрок. Прадоўжыце фразы.
Сямікласнікі фармулююць мэты ўрока, працягнуўшы фразы ( яны запісаны на адваротным баку дошкі ці на слайдзе):
Даведаюся….(у чым заключаецца трагедыя Тэклі; хто вінаваты ў тым, што Тэкля засталася адна)
Вызначу….(мастацкія сродкі ў творы)
Змагу…(атрымаць добрую адзнаку)
Зраблю…(для сябе жыццёвыя вывады)
Настаўнік: Сёння мы працягваем працу па творы З.Бядулі “На Каляды к сыну”. І вельмі важная задача стаіць перад намі – вызначыць, у чым заключаецца душэўная драма галоўнай гераіні твора)
(Зварот да эпіграфа: зачытвае вучань).
-Як вы разумееце словы?(вучні выказваюцца)
Настаўнік: З дзесяці законаў вечнасці, запаветаў Боскіх толькі адзін запавет мае абяцанне. За выкананне яго абяцаецца ўзнагарода: шануй бацькоў сваіх – і тады дзеці твае будуць шанаваць цябе.
Настаўнік: Дзеці, я давала вам заданне на дом, знайсці прыказкі аб павазе да бацькоў. Хто справіўся? Давайце паслухаем. Якія з іх найбольш падыходзяць да нашай тэмы? (Самая балючая рана ад свайго дзіцяці. Калі ў школе з матчынай гаворкі пасмяешся, то на старасці і ад маці адрачэшся.)
Настаўнік: Сёння нам неабходна адказаць на адно з ключавых пытанняў: Чаму Лаўрук не праяўляе любові і шкадавання да маці? Хто ў гэтым вінаваты?
IV. Праверка дамашняга задання
Настаўнік. Узновім змест твора паводле малюнкаў, якія раскіданы на дошцы. Вам неабходна ўзнавіць змест твора згодна з сюжэтнай лініяй.
Гульня “Узнаві сюжэтны рад” (На дошцы раскіданы малюнкі, кожны з якіх адпавядае пэўнаму моманту апавядання. Вучні па чарзе развешваюць малюнкі ў адзін рад згодна з сюжэтнай лініяй твора, кожнаму малюнку даюць кароткую характарыстыку.)
“Самы ўважлівы чытач” (тэст з узаемаправеркай у парах, выстаўленне адзнакі суседу па парце)
V. Пазнавальны этап
1) Рэпрадуктыўна-эўрыстычная гутарка па змесце твора.
Пытанні:
1. Зачытайце пачатак твора, у якім апісваецца прырода. Як адным словам называецца апісанне прыроды? (“Хмаркі насіліся над лесам….. спеваў”. Пейзаж)
2. Якім чынам з дапамогай пейзажу перадаецца душэўны стан Тэклі? (Дзеянне адбываецца ў вёсцы каля лесу. Лес быў густы і цёмны. З.Б. падкрэслівае, што Тэкля жыла ў глухім месцы вельмі адзінока)
3. Раскажыце пра жыццё Тэклі да смерці Цыпрука. Што мы даведаліся пра яго? (Служыў у пана палясоўшчыкам. З жонкаю быў вельмі грубы, лаяўся і біўся, часам любіў выпіць)
4. Чаму Тэкля і яе муж аддалі свайго сына Лаўрука на выхаванне пану Шчубальскаму? ( Яны спадзяваліся, што сын атрымае адукацыю і выб’ецца ў людзі)
Фізкультхвілінка
Той, хто лічыць сябе добрым сынам,
Падыміся!
Той, хто ўдзячны зямлі Беларусі,
Пакланіся!
Хто бацькоў сваіх паважае,
Усміхніся!
Хто да добрых ведаў імкнецца,
Пацягніся!
Хто сябру дабра жадае,
Прывітайся!
І хутчэй да кнігі, за парту
Вяртайся!
5. Як склалася далейшае жыццё сына? (Спачатку пан Шчубальскі падвучыў хлопчыка ў маёнтку, потым адправіў вучыцца ў гімназію, а пасля – ва ўніверсітэт. На адваката)
6. Як вы думаеце, як адчуваў сябе хлопчык, калі бацькі аддалі яго чужым людзям?
7. Якой была першая сустрэча бацькоў з сынам, калі ён прыехаў на Каляды?
8. Як аднесліся Тэкля і яе муж да таго, што іх сын становіцца панам?
9. Як пачала жыць Тэкля, калі муж памёр? (Часам не было чаго есці, высахла, пастарэла, сумавала і спадзявалася на дапамогу сына)
10. Якія прычыны прымусілі Тэклю пайсці ў горад да сына? (1) набліжэнне Каляд, 2) галоўнае – адчуванне блізкай смерці.)
Настаўнік: Тэкля выправілася ў горад да сына на Каляды. На вашу думку, чаму менавіта на гэта свята? ( Сямейнае свята.Таму што на Каляды, згодна з народнымі традыцыямі, за сталом павінна збірацца ўся сям’я. Тэкля не хацела заставацца адна ў халоднай хаце, хацела, як і ўсе людзі, сустракаць свята з родным сынам)
Настаўнік: Што яшчэ вы ведаеце пра свята Каляды? (Пасля адказаў вучань робіць сціслае паведамленне.)
2) Паведамленне вучня
Калядамі называюцца дні з 6 па 19 студзеня. На Каляды бацькі і дзеці сядалі за стол, засланы белым абрусам, пад якім ляжала сена. Гэта сімвал таго, што на сене нарадзіўся Іісус Хрыстос. На стол ставілі 12 посных страў, і кожную з іх трэба было пакаштаваць. Гаспадар хаты з усімі членамі сям’і дзяліўся аплаткай – сімвалам Божай прысутнасці. Усе прасілі адзін у аднаго прабачэння і зычылі здароўя і шчасця.
7 і 13 студзеня ходзяць калядоўшчыкі, спяваюць песні, жадаюць гаспадарам здароўя, дабрабыту. Гаспадары за гэта частуюць калядоўшчыкаў.
Настаўнік: Дзеці, дарога да горада была цяжкая. Хто дапамагаў ёй у дарозе? (простыя людзі)
Настаўнік: І вось нарэшце доўгачаканая сустрэча Тэклі з сынам. Як сустрэў сваю маці Лаўручок? Зачытайце ўрывак, дзе апісваецца сустрэча Тэклі з сынам.
Як можна акрэсліць душэўны стан старой Тэклі? Што было ў яе на душы ў гэты момант? (Роспач, адчай, крыўда, прыніжэнне)
Дзеці, у чым трагедыя старой Тэклі? (Родны сын не захацеў прызнаць у беднай жанчыне родную маці. Ён саромецца яе. Выбіўшыся ў людзі, ён не змог прызнацца перад слугамі, што гэта старая, бедна апранутая жанчына – яго маці)
А чаму Лаўрук не прызнаў у Тэклі маці? Хто ў гэтым вінаваты?
( Можа, крыўда была на маці)
Бацькі не маглі даць Лаўруку ні такіх грошай, ні такога адзення, як пан Шчубальскі. Ці адмовіліся б вы ад усяго гэтага, каб былі на яго месцы?
3) Вызначэнне мастацкіх сродкаў.
Настаўнік: Дома вам небходна было знайсці ў тэксце мастацкія сродкі, праз якія падаецца характарыстыка жыцця Тэклі, апісанне яе знешняга выгляду, пасля таго, як яна засталася адна. Назавіце іх.
…старыя вочы прыкрываў смутак ( метафара)
…успаміны старадаўнія, як цені лезлі ў душу (параўнанне)
…адну пацеху мае, якая гоіць раны… (метафара)
…сын сядзіць у яе ў грудзях, як верабей у цеплым гняздзе…( параўнанне)
…глядзела на адвечныя хмаркі.. (эпітэт)
…і тады яшчэ болей заканавала ў душы яе цяга да сына (метафара)
…матчына сэрца адкрыла ўсе таямніцы свайго кахання… (метафара)
…зрабілася Тэкля сухой,нізенькай, згорбленай бабулькай, зморшчанай, як той грыб… (параўнанне )
…давай, быццам гарачыя вугалі,
Закрытыя попелам, выгортваць з сэрца свае захаванае жаданні,
Сваю глыбокаю веру ў даражэнькага сына…” (параўнанне )
…на заморшчаным твары ззяла счастлівая ўсмешка…” (метафара)
…у старых вачах бліснуў радасны аганёк ( метафара)
…і шчасце расло…(метафара)
Настаўнік:
-Дзеці, якую памылку ў сваім жыцці зрабіла Тэкля? Кошт гэтай памылкі? (Дзіця павінна выхоўвацца ў сям’і. Калі ж бацькі самі адракліся свайго дзіцяці, дык чаго ж чакаць ад сына?!)
- Якая асноўная думка твора? Чаму вучыць нас гэты твор?
- Што неабходна зрабіць, каб пазбегнуць трагедыі такой, якая была ў Тэклі? (Шанаваць, шкадаваць і любіць адзін аднаго)
- Ці актуальная тэма, якую мы сёння разглядалі, у наш час? (Так. Зараз ёсць дзеці, якія кідаюць сваіх бацькоў, і бацькі, якія кідаюць дзяцей. І зараз гэта сустракаецца вельмі часта)
Настаўнік: Ці адказалі мы на пытанне, якое ставілі перад сабой у пачатку ўрока? (Так)
VI Дамашняе заданне (слайд)
Дамашняе заданне:
5-6 балаў – пераказаць эпізод, які найбольш спадабаўся.
7-8 балаў – прадоўжыць апавяданне, развіваючы сюжэт.
9-10 балаў – напісаць сачыненне на тэму “ А ўсё магло быць так…”.
VII. Выстаўленне і каменціраванне адзнак (2 хвіліны)
VIII. Абагульненне, рэфлексія
Настаўнік: Нашы вучні напярэдадні папрацавалі і ўзялі інтэрв’ю ў настаўнікаў і вучняў нашай школы. Давайце паглядзім на экран.
Прагляд інтэрв’ю (відэа)
Настаўнік:Давайце зробім вывад:
Самы дарагі чалавек для дзяцей – гэта …
Самы дарагі чалавек для бацькоў – гэта …
Настаўнік: У народзе кажуць: “Што мякчэйшае за пух? – Сэрца маці”. У маці сэрца вялікае і добрае, а у вас на сталах ляжыць невялічкі сімвал любві – маленькае сардэчка. Запішыце словы-прызнанні і абяцанні, якія б вам хацелася выказаць, каб сагрэць матуліна сэрца. І прымацуйце іх на вялікае сэрца маці. (на дошцы)
Чытанне настаўнікам урыўка з рамана Н. Гілевіча «Родныя дзеці».
Ты маці, ты на ўсё гатова:
Усё змагчы, усё аддаць,
Адно б вясёлых ды здаровых
Дзяцей пад сонцам аглядаць.
Таму сабе ты ў долі просіш
Зусім не шмат, зусім не шмат:
Над галавою неба просінь,
У дзецях лад, у дзецях лад.