Аглядная экскурсія:
“Як Дамавік Апанас Спадчык запрасіў дзяцей у свет музея”
(для пачатковых классаў)
Пяшко В.С., настаўнік гісторыі і мастацтва,
кіраўнік этнаграфічнага музея “Спадчына”
ДУА «Сярэдняя школа №33 г. Брэста»
М
эта:
Фарміраванне ў вучняў цікавасці да гісторыка-культурнай спадчыны праз знаёмства з казкай пра Дамавіка Апанаса і развіццё творчага мыслення.
Задачы:
Развіваць цікавасць да этнаграфичнага музея і разуменне яго ролі ў захаванні спадчыны.
Стварыць у вучняў уяўленне пра Дамавіка як абаронцу традыцый.
Спрыяць творчай самарэалізацыі праз мастацкую дзейнасць (маляванне).
Пазнаёміць дзяцей з канцэпцыяй музея і яго раздзеламі.
Развіваць навыкі камунікацыі і абмеркавання ў групе.
Абсталяванне:
Тэкст казкі “Як Дамавік Апанас запрасіў дзяцей у свет музея”.
Ліст паперы, каляровыя алоўкі або фарбы.
Каробка ці столік для стварэння “кутка Дамавіка”.
Дадатковыя матэрыялы: тканіна, гліняныя вырабы, фатаграфіі экспанатаў.
Удзельнікі:
Вучні 2-га класа, настаўнік, экскурсавод, музейны работнік (пры магчымасці).
План занятку:
Арганізацыйны момант (5 хвілін):
Прывітанне. Абмеркаванне тэмы і плану занятку.
Кароткае апісанне раздзелаў экспазіцыі музея.
Кароткае апісанне, хто такі Дамавік.
Асноўная частка (15 хвілін):
Чытанне казкі “Як Дамавік Апанас запрасіў дзяцей у свет музея”.
Абмеркаванне казкі (10 пытанняў)
Творчае заданне (15 хвілін):
Намаляваць Дамавіка такім, як яго ўяўляюць дзеці.
Арганізаваць невялікі “куток” для Дамавіка ў класе з дапамогай створаных малюнкаў і дадатковых матэрыялаў.
Рэфлексія (3 хвілін)
Падвядзенне вынікаў (2 хвілін)
1.Арганізацыйны момант (5 хвілін):
1.1.Прывітанне. Настаўнік (ці экскурсавод) вітае вучняў:"Добры дзень, сябры! Сёння нас чакае цікавае падарожжа ў свет музея. Мы не толькі даведаемся нешта новае, але і сустрэнемся з незвычайным героем — Дамавіком!"
Кароткае ўводнае слова пра значнасць музея:
Экскурсавод: "Музей — гэта скарбніца памяці, дзе жывуць рэчы, якія расказваюць нам пра мінулае. Сёння мы даведаемся, што яны могуць нам распавесці."
1.2.Абмеркаванне тэмы і плану занятку:
Настаўнік агучвае план:
Знаёмства з музеем і яго раздзеламі.
Чытанне казкі пра Дамавіка Апанаса.
Творчае заданне: малюнак і стварэнне кутка Дамавіка.
Абмеркаванне і пытанні па казцы.
1.3.Кароткае апісанне раздзелаў экспазіцыі музея:
Экскурсавод коратка расказвае пра асноўныя раздзелы музея і паказвае па ходу галоўныя экспанаты:
1. Беларускае народнае аддзенне. (Сарочка,спадніца, фартух, вянок, шапка)
2. Вышываныя і тканыя рушнікі. (Ручнік, калаўрот, матавіла)
3. Ганчарства. (Гаршок, збан, глечык)
4. Саломка. (Саломка)
5. “Чырвоны куток” (Ручнік, абраз)
6. Сурвэткі вязаныя і вышытыя (мярэжка, сурвэтка)
7. Батлейка. (Батлейка, лялька)
8.Прадметы быту. (Вілачкі, лыжка, прас, чаплея, куфар )
9. Дзіцячая творчасць
"Усе гэтыя рэчы — як ключы, якія адкрываюць нам дзверы ў мінулае!"
1.4. Хто такі Дамавік:
Экскурсавод: Дзеці, хто з вас ведае, хто такі Дамавік? Адказы дзяцей.
Экскурсавод: "Так, добра. Дамавік — гэта дух-ахоўнік дома, які захоўвае парадак і дапамагае людзям. Наш музей таксама мае свайго Дамавіка — яго завуць Апанас. Ён клапоціцца пра рэчы і ахоўвае іх ад забыцця. Сёння мы пра яго даведаемся больш з адной цікавай казкі!"
2. АСНОЎНАЯ ЧАСТКА (15 ХВІЛІН):
2.1.Чытанне казкі “Як Дамавік Апанас запрасіў дзяцей у свет музея”.
Экскурсавод: У вялікай і ўтульнай школе горада Брэста ёсць цікавы этнаграфічны музей, які называеццся "Спадчына". У музеі жыве мноства цікавых рэчаў: вышытыя і тканыя рушнікі, вязаныя і вышытыя сурвэткі, старадаўняе беларускае адзенне і абутак, ганчарны круг і гліняныя гаршкі, прыгожыя вырабы з саломкі, беларуская печ і прадметы быту каля яе і нават некалькі сапраўдных батлеек з лялькамі. Але мала хто ведае, што ў музеі жыве яшчэ адзін жыхар – Дамавік Апанас.
Апанас – гэта маленькі чалавек, у палатняным адзенні з цікавымі вачамі і шэрай барадой. Дзеці, вы хочаце убачыць яго? (Адказы дзяцей)
Тады давай яго паклічам!
Дзеці:Апанас! Ідзі да нас! Апанас! Ідзі да нас!
Экскурсавод дастае ляльку Дамавога Апанаса.
Экскурсавод . Наш Апанас вельмі любіць парадак і клапоціцца, каб у музеі ўсё было на сваіх месцах. А яшчэ ён ведае ўсе гісторыі пра рэчы, якія тут захоўваюцца.
Аднаго дня Апанас пачуў, як настаўніца гісторыі і мастацтва гаварыла дзецям:
– Хто з вас хоча больш даведацца пра нашу спадчыну, прыходзьце ў суботу ў музей.
Дамавік стаў вельмі задаволены. Ён вырашыў зрабіць наведванне музея незабыўным для вас - дзяцей. Увечары, калі ўсе разышліся, ён выняў сваю чароўную скрыначку і сказаў:
– Ой, скрыначка, памажы мне! Дапамажы расказаць дзецям пра наш музей, каб яны ўбачылі, які ён чароўны, багаты і цікавы!
Скрыначка адкрылася, і адтуль з’явіўся маленькі светлячок. Ён абкружыў увесь музей сваёй зіхоткай і ажывіў рэчы. Рушнікі закалыхаліся, як хвалі, гаршкі пачалі перагаворвацца паміж сабой, лялькі ажылі і звязалі некалькі новых сурвэтак па ўзору старадаўніх для папаўнення фонду музея, навялі чысціню ў музеі.
На наступны дзень, калі дзеці прыйшлі, Апанас падрыхтаваў для іх сюрпрыз. Як толькі яны ўвайшлі ў залу, пачуўся яго тонкі вясёлы голас:
– Прывітанне, дарагія госці! Я – Дамавік Апанас, гаспадар гэтага музея. Хачу паказаць вам, які ён цудоўны!
Дзеці былі здзіўлены, але вельмі зацікаўлены. Апанас пачаў расказваць пра кожную рэч. Напрыклад, пра тое, як бабуля ткала рушнікі, укладваючы ў іх сваю любоў і уменне, ці пра тое, як дзеці калісьці гулялі з лялькамі, зробленымі з саломы і тканіны. Апанас раскрыў таямніцу, хто жыве ў батлейцы і на якім паверсе. І нават паказаў, як рабіць гаршок на ганчарным крузе.
Дзеці зацікавіліся і паабяцалі Ананасу прынесці музейныя прадметы ад сваіх бабуль, каб папоўніць музейныя шафы і захаваць праз музей спадчыну сваіх продкаў. Дамавік шчыра падзякаваў.
Пасля экскурсіі Апанас сказаў:
– У мяне ёсць просьба. Каб мы сталі сапраднымі сябрамі, зрабіце для мяне маленькі куток у сваім класе. Я буду там жыць, і вы заўсёды зможаце пытацца ў мяне пра нашы беларускія традыцыі. А каб мне не было сумна, намалюйце мяне, як вы мяне сабе ўяўляеце ды як умееце.
Дзеці з радасцю згадзіліся. Яны вярнуліся ў клас, намалявалі Апанаса і зрабілі для яго маленькі столік з гліняным гаршком, сурвэткай і маленькай лялькай.
З таго часу Апанас не толькі жыве у музеі, але і стаў сапраўдным сябрам дзяцей. Ён дапамагае ім пазнаваць на уроках гісторыю роднага краю, а таксама заўсёды радуецца, калі яны наведваюць яго ў музеі.
Я скажу вам па сакрэту, што у яго ёсць некалькі асабістых чамаданаў з музейнымі прадметамі па тэме кожнаму раздзелу экспазіцыі.
А вы хочаце каб наш музейны Дамавік Ананас прыходзіў да вас у госці на ўрокі са сваім “музеям у чамадане” ? Адказы дзяцей.
Ці з’явілася ў вас жаданне стварыць куток Дамавіка у сябе ў класе?
Адказы дзяцей.
Экскурсавод: (Мараль) Спадчына нашага народа – гэта скарб, які жыве ў сэрцах кожнага, хто шануе і любіць сваю зямлю.
2.2.Пытанні па казцы і прыкладныя адказы (10 хвілін):
Экскурсавод: Дзеці, давайце разам паразважаем пад сэнсам гэтай казкі.
Хто такі Дамавік Апанас?
Адказ: Дамавік Апанас – гаспадар музея, які клапоціцца пра рэчы і расказвае пра іх гісторыі.
Чаму Дамавік запрашае дзяцей у музей?
Адказ: Каб пазнаёміць іх са спадчынай і навучыць шанаваць яе.
Як выглядае Дамавік?
Адказ: З сівымі вусамі і шэрай барадой, падобны да мудрага старога.
Што захоўваецца ў музеі?
Адказ: Рушнікі, гліняныя гаршкі, батлейка, лялькі, адзенне і іншыя прадметы.
Што зрабілі батлеечныя лялькі для Дамавіка?
Адказ: стварылі новыя сурвэткі па ўзору старых, і тым паспрыялі прыумножанню спадчыны.
Чаму важна захоўваць старыя рэчы?
Адказ: Яны дапамагаюць нам памятаць пра нашых продкаў і іх жыццё.
Як дзеці могуць дапамагчы Дамавіку?
Адказ: прынесці яму рэчы для папаўнення фонду музея. Стварыць для яго “куток” і цікавіцца гісторыяй свайго краю.
Што вы найбольш запомнілі з казкі?
Адказ: (Адказ вучняў можа быць індывідуальным.)
Як вы лічыце, ці важна наведваць музеі?
Адказ: Так, гэта дапамагае даведацца пра нашу гісторыю.
Чым магуць быць карысныя вашы малюнкі для Дамавіка?
Адказ: Яны паказваюць, што мы любім і шануем яго працу.
3. ПРАКТЫЧНАЕ ЗАДАННЕ:
Экскурсавод: Сёння я прапаную вам стварыць “Куток Дамавіка” ў класе.
Намаляваць Дамавіка так, як яго ўяўляе кожны вучань.
Знайсці невялікую каробку ці столік і ўпрыгожыць яго сурвэткай.
Размясціць малюнкі вакол і дадаць маленькія прадметы, якія могуць быць звязаны з традыцыйным побытам (мініяцюрны гаршчок, тканіну, званочак).
Уключыць Дамавіка ў школьнае жыццё: напрыклад, прасіць яго дапамогі пры вывучэнні новых тэм.
4.РЭФЛЕКСІЯ:
Экскурсавод звяртаеецца да дзяцей
Што новага вы сёння даведаліся?
Што вас найбольш уразіла ў казцы?
Ці спадабалася вам ствараць малюнак і “куток”?
Як вы думаеце, што сказаў бы Дамавік, убачыўшы ваш куток?
Ці хацелі б вы даведацца яшчэ пра музей?
5.ПАДВЯДЗЕННЕ ВЫНІКАЎ:
Экскурсавод: Дзеці, сёння мы пазнаёміліся з паняццем музея, раздзеламі музея, зразумелі яго значэнне.
Казка пра Дамавіка Апанаса дапамагла нам убачыць традыцыі і гісторыю праз творчы аспект.Створаны “куток” у класе стане пачаткам сяброўства з музеем.
Настаўнік адзначае актыўнасць дзяцей і падкрэслівае, як важна памятаць пра сваю спадчыну. Прапануе дзецям зрабіць фотаздымкі на памяць.
Фотаздымак Дамавіка Апанаса на фоне музейнай экспазыцыі
7