Прадмет: беларуская мова
Клас: 8
Тэма: Азначэнне, яго граматычнае значэнне, роля ў сказе.
Тып ўрока: камбінаваны.
Форма правядзення:
Мэта і задачы: - садзейнічаць сістэматызацыі вывучанага пра азначэнне ў папярэдніх класах, фарміраваць паняцце аб граматычным значэнні, пазнаёміць з прыватнымі значэннямі дапасаваных і недапасаваных азначэнняў;
- выпрацоўваць уменні бачыць азначэнні ў сказе, пісьмовы выдзяляць іх адпаведнымі ўмоўнымі абазначэннямі, вызначаць члены сказа, да якіх адносяцца азначэнні;
- садзейнічаць развіццю лагічнага мыслення, умення карыстацца азначэннямі ў вусным і пісьмовым маўленні, пашыраць слоўнікавы запас вучняў;
- выхоўваць нацыянальную свядомасць вучняў.
Забеспячэнне ўрока: падручнік “Беларуская мова, 8 клас”, планы-падказкі, карткі з заданнямі.
Ход урока
І. Рэлаксацыя.
- Жыве на зямлі адзін народ, які вельмі любіць вітацца. Дазвольце сёння павітаць вас ад яго імя:
Дзень добры!
З чацвяргом вас!
Добрага вам дня!
Добрага вам здароўечка!
Вельмі рада бачыць вас!
Спору ў працы!
А чаго вы пажадаеце самі сабе?
Што за народ вітаўся з вамі?
(Беларусы.)
ІІ. Паведамленне тэмы, мэты і задач занятка. Матывацыя.
Ёсць такі народ працавіты,
Вельмі шчыры
І самавіты –
Беларусы.
Ёсць такі народ памяркоўны
І прыветлівы,
І тактоўны –
Беларусы.
Ёсць такі народ гераічны,
А на выгляд
Сціплы і звычны –
Беларусы.
Ёсць такі
народ неўміручы,
неадольны,
вечна жывучы –
беларусы.
А. Дзеружынскі
- Што ўслаўляе паэт у вершы? (найлепшыя рысы нацыянальнага характару).
- Пры дапамозе якіх моўных сродкаў аўтар гэтага дасягае?
Тэма нашага ўрока “Азначэнне, яго граматычнае значэнне, роля ў сказе”.
Ці знаёмая вам тэма ўрока? Што вы хацелі б даведацца яшчэ па гэтай тэме? Цярпенне ўпрыгожвае беларусаў, у нас усё наперадзе.
Сёння я прапаную вам папрацаваць у групах (вызначэнне груп).
ІІІ. Актуалізацыя раней набытых ведаў.
Беларускі народ вельмі працавіты. Перш, чым пасеяць зерне, ён спачатку падрыхтуе глебу.
Давайце праверым, як вы падрыхтавалі глебу для пасеву зярнят ведаў на вашым полі?
1. Праверка дамашняга задання (пр. 118)
- Якія даданыя члены ёсць у гэтым сказе?
- Якія словазлучэнні вы выдзелілі з гэтага сказа?
- Што агульнага ў словазлучэнняў і даданых членаў сказа?
2. Прэс-канферэнцыя па тэме “Словазлучэнне. Просты сказ”
Ад кожнай групы па чарзе да дошкі выходзяць прадстаўнікі, якія даюць адказы на пытанні вучняў, падрыхтаваныя загадзя дома (V узр.)
ІV. Сістэматызацыя ведаў, уменняў і навыкаў.
- Азначэнне таксама нястомны працаўнік у нашай мове. У знак павагі да яго давайце наладзім яму сёння прэзентацыю.
Праца ў групах.
Падрыхтуйце прэзентацыю азначэння, абапіраючыся на план-падказку:
Прывітанне, я – Азначэнне.
Я жыву ….
Мае сябры …
Я магу….
Я ўмею ….
Без мяне …
Я дапамагаю … або іншыя меркаванні на ваш густ.
У чым заключаецца граматычнае значэнне азначэння? (абазначае прымету?
V. Фарміраванне новых ведаў.
- Дазвольце мне таксама паўдзельнічаць у вашых прэзентацыях і прадставіць вам азначэнне з іншага боку.
Аналіз будовы сказаў на дошцы.
Беларускі народ ганарыцца сваёй гісторыяй.
Народ Беларусі шануе свае традыцыі.
- Выканайце сінтаксічны разбор сказаў (на дошцы).
- Чым выражаны азначэнні, якія адносяцца да слова народ?
- Як вы думаеце, якое з гэтых азначэнняў будзе называцца дапасаваным? Чаму?
- Якое з’яўляцца недапасаваным? Чаму?
- З якімі відамі азначэння мы пазнаёміліся? У чым іх асаблівасці.
Фізкультмінутка
Беларусы вельмі тактоўны зварот. Я прапаную і вам прымяніць сваю тактоўнасць.
Усе становяцца па парах насупраць адзін аднаго. Вучням зачытваюцца ветлівыя звароты з рускай і беларускай моў. Калі зварот гучыць на беларускай мове, усе пажымаюць рукі. Калі на рускай – хаваюць за спіны.
Добро пожаловать!
Памажы, Божа!
Здравия желаю!
Вось дык сустрэча!
Как дела!
Здорово!
Як дуж-здароў?
Будзьце здаровы!
Маё вам шанаванне!
Які са зваротаў-прывітанняў вам запомніўся?
V. Замацаванне ведаў, уменняў і навыкаў.
Самастойная дыферэнцыраваная праца.
Заданне 1 (І узровень) 1-2 балы
Спішыце тэкст, падкрэсліце азначэнні.
Многа паездзіўшы па рэспубліцы, я асмелюся назваць некаторыя досыць тыповыя рысы, уласцівыя народнаму беларускаму характару.
Рысы аблічча мяккія, склад здаецца на першы позірк далікатны, але гэтая далікатнасць падманвае... Там, дзе другі апусціць рукі, беларус будзе цягнуць. Іначай у старыя часы чалавек проста не выжыў бы сярод дрымучых лясоў і неабсяжных балот.
Заданне 2 (ІІ узровень) 3-4 балы
Спішыце тэкст, устаўце замест кропак азначэнні.
... зямля ўсеяна сотнямі тысяч ... магіл. Тут складалі галовы татары, шведы, французы. Свежая яшчэ ў памяці беларускага народа ... сусветная вайна, яго ... шлях бежанства з дзесяткамі тысяч магіл, са спаленымі гарадамі і вёскамі.
Словы для даведак: варожы, беларускі, першы, шматпакутны, безыменны.
Заданне 3 (ІІІ узровень) 5-6 балаў
Спішыце тэкст. Падкрэсліце азначэнні. Дапасаваныя азначэнні пазначце літарай д, недапасаваныя - літарай н.
Пры гэтым, бацькавым, полымі пралі кужаль, трасцілі ніткі, вязалі, чыталі, расказвалі суровую праўду і вясёлыя здарэнні, гісторыі, казкі. Пры ім расказвалі ўсё чысценька пра таго, хто з вёскі натварыў нечага, пра людзей суседніх вёсак. Расказвалася – нібы гэта была школа чалавечнасці, пашаны, любові і ўмення ў працы дакладна сказаць, хораша паспяваць, пастарацца рабіць так, як рабілі самыя ўмелыя, дасціпныя, кемлівыя.
Заданне 4 (ІV узровень) 7-8 балаў
Спішыце тэкст, падкрэсліце азначэнні, замяніце вылучаныя дапасаваныя азначэнні недапасаванымі.
У гісторыю духоўнай беларускай культуры Іван Насовіч увайшоў як першы буйны фалькларыст і лексікограф. Яго дзейнасць можна назваць з’яваю фенаменальнаю.
Сапраўды, І. Насовіч мала вучыўся, яму не давялося слухаць спецыяльных навуковых курсаў у масцітых пецярбургскіх ці маскоўскіх прафесароў, але дзякуючы нястомнай працы ён стаў высокаадукаваным чалавекам свайго часу.
Заданне 5 (V узровень) 9-10 балаў
Спішыце тэкст, падкрэсліце азначэнні. Вызначце, дапасаваныя яны ці недапасаваныя. Прыдумайце працяг тэксту (2–3 сказы) з дапасаванымі і недапасаванымі азначэннямі.
Беларусь - раўнінная краіна. Спакойныя ландшафты краю добра спалучаюцца са спакойным, мірным характарам, тым самым характарам беларуса, рысы якога заўважаюць і цёпла ацэньваюць госці Беларусі.
Пасля выканання практыкавання вучні аб’ядноўваюцца па групах, у адпаведнасці з выбраным заданнем. Адбываецца калектыўная праверка.
- Пра якія яшчэ рысы нацыянальнага характару вы даведаліся?
V. Падвядзенне вынікаў урока.
- Якія веды здабытыя на ўроку стануць для вас карыснымі?
- Дзе вы прыменіце іх?
- Што вам найбольш спадабалася?
- Што выклікала цяжкасці?
- Якія рысы беларускага нацыянальнага характару вам дапамаглі?
- Вызначце тыя рысы характару, якіх вам не хапае ў жыцці?
- А цяпер адкіньце сціпласць і ацаніце сваю працу на ўроку ў працэнтах ад 1 да 100.
VІ. Рэфлексія.
Беларусы – народ неўміручы, неадольны і вечна жывучы, таму я жадаю вам каб вашы веды і ўменні былі неўміручымі і вечна жывучымі.
І каб ніхто ў іх не сумняваўся ў вашых ведах, я прапаную вам для падмацавання такое дамашняе заданне.
Дамашняе заданне.
§ 22, пр. 120 (ІІІ узр.),
выканаць разборы (ІV узр.),
міні-сачыненне “Усмешка восені” (V узр.)