Батлейка "Калядная казка пра дабрыню"
Мэта
Праз батлеечны спектакль пазнаёміць дзяцей з беларускімі каляднымі традыцыямі, важнасцю дабрыні, сяброўства і ўзаемадапамогі.
Задачы
Распавесці пра калядныя абрады і іх значэнне ў беларускай культуры.
Развіваць акцёрскія навыкі, уяўленне і творчыя здольнасці ўдзельнікаў.
Выхоўваць у дзяцей павагу да традыцый і жаданне падтрымліваць народныя святы.
Садзейнічаць фарміраванню пачуцця супольнасці праз калектыўную працу.
Абсталяванне
Батлейка.
Лялькі (Дамавік, Нясцерка, Баба, Дзед, Лесавік, Унучка, Анёл, Злыдзень).
Калядны званочак і зорка.
Рэха-фонавыя гукі лесу і песні.
Святло для эфекту "яркага ззяння".
Касцюмы або аксэсуары для выступоўцаў (калі гульцы — людзі).
Сцэнічныя дэкарацыі для лесу і вёскі.
Удзельнікі
Дзеці (5-9 клас), якія выступаюць як акцёры.
Настаўнікі ці арганізатары — як рэжысёры і каардынатары.
Гледачы: бацькі, вучні, жыхары мясцовасці.
Уступ
Вядучы:
"Добры дзень, дарагія сябры! Запрашаем вас акунуцца ў цудоўны свет батлейкі. Сёння мы пакажам вам калядную казку пра тое, як дабрыня і калядныя песні могуць перамагчы нават самую вялікую цемру. Гатовыя да прыгоды? Тады пачынаем!
Пастаноўка казкі
Акт 1: "Сябры і планы на Каляды"
На сцэне першага паверху батлейкі: Дамавік, Несцерка, Баба і Дзед каля печы.
Нясцерка: Ох, як жа я люблю Каляды! Але вось у нас у вёсцы нешта сумна стала. Ніхто калядак не пяе, свята не адчуваецца!
Баба: Дык што ж тут дзівіцца? Людзі параскідаліся па свеце,у горад з’ехалі, кожны сваімі справамі заняты. Няма ўжо таго цяпла, як раней…
Дамавік: А што, калі мы самі пачнем калядаваць? У мяне ёсць калядны званочак і калядная зорка! Людзі кажуць, што званочак цуды тварыць! А каляднай зоркі ды песні ўся нечысць баіцца!
Дзед: Цуды, кажаш? (усміхаецца) Ну пабачым зараз…
Баба: Званочак званочкам, а хто калядаваць будзе? Песні калядныя ведаеце!
Дамавік: А як жа! Я Дамавы ўсе святочныя песні ведаю. Ох і люблю ж я іх спяваць, калі нікога ў хаце няма! Усе мышы вушы затыкаюць, а каты прачынаюцца ад сню ад маіх спеваў!
Нясцерка: Ну і добра! Я ведаю, што рабіць! Мы пойдзем на вуліцу, на ўзлесак і пазавем усіх, нават анёлаў, каб нам дапамаглі!
Дамавік: Гэта справа! У лес значыць! У народзе кажуць, што на Каляды уся нечысць ад дамой у лес хаваецца, баіцца нечысць святых вечароў! Пакуль каша даспее, мы і вернемся!
Героі збіраюцца і выходзяць. Дзед нясе Калядную зорку, а баба званочак.
Акт 2: "Чарадзейны лес"
Дзея адбываецца на сцэне першага паверху батлейкі. Дэкарацыі: лес, зорнае неба.
Героі ходзяць і прыслухоўваюцца.
Нясцерка: Ціха ў гэтым лесе... Здаецца, сам д’ябал па дарогах хадзіў!
Лесавік: Гэй, не кажы такога! Тут жа я жыву.
З лесу выходзіць Унучка з кошыкам.
Унучка: Ой, дзядзькі, бабуля! Памажыце! Я пайшла праз лес у суседнюю вёску да другой бабулі, каўбасы і пірагоў ёй на свята па даручэнню маці занесла, бо яна ўжо не здужае сама прыгатаваць, а дарогу дамоў згубіла…
Баба: Ну вось, зноў! Так патрэбна было памячаць дарогу: галінку на дрэве надламалаць, ці яркія стужкі развесіць.
Дзед: Нічога, старая, не бубні, разумніца мая! Не хвалюйся дзіця, зараз разам дарогу знойдзем.
З'яўляецца Анёл, яркае святло разліваецца па сцэне.
Анёл: Добры вечар, добрыя людзі! Не бойцеся, я дапамагу вам. Але спачатку папрашу аб дапамозе. У лесе злы дух Злыдзень украў у звяроў калядны свет.
Нясцерка: Ого! А што, хіба і звяркі Каляды святкуюць? Ну, калі святло ўкралі, то хто ж, калі не мы, вернем яго!
Героі вырашаюць ісці далей.
Акт 3: "Хітрыкі Злыдня"
На сцэне батлейкі дэкарацыя логава злога духа Злыдня. Цёмна, але свеціць адзін ліхтар. У цэнтры сядзіць Злыдзень.
Злыдзень: (злосна) Хто гэта асмеліўся мяне турбаваць?
Нясцерка: Гэта мы, людзі добрыя! Прыйшлі табе калядку заспяваць.
Дзед: Я табе Калядную зорку з іконай пакажу! (падымае Зорку ўверх)
Баба: А я ў званочак пазваню табе Злыдню, ды пад самае пад вуха!
Злыдзень: Калядку? Ха-ха-ха! Я вашы песні не хачу слухаць!
Дамавік: Ну тады слухай, можа палюбіш.
Героі пачынаюць спяваць калядную песню. Баба звоніць званочкам. Анёл узмахвае крыламі, з’яўляецца яркае святло. Злыдзень засланяе вочы і знікае.
Злыдзень: Ай-ой! Не можам мы злыдні святыя канты слухаць. Ікон святых баімся! Ад іх мы знікаем…
Анёл: Добрая справа зроблена! Святло вернута.
Нясцерка: Гэта ж мы, гэта ж мы ўсе разам так зрабілі і Злыдня перамаглі святымі каляднымі песнямі!
Акт 4: "Радасць вяртаецца"
На сцэне батлейкі дэкарацыя: вясковыя хаты.
Людзі, дзеці, звяры збіраюцца разам. Анёл трымае званочак, Унучка раздае прысмакі.
Нясцерка: Вось яно сямейнае свята Каляды! Гэта, калі ўсе разам, калі ў кожным сэрцы цяпло і радасць!
Анёл: Хай свята Каляды прынясе вам шчасце, дабро і супакой!
Героі спяваюць калядкі. Усе радуюцца.
Фінал: Калектыўная песня "Ой, радуйся, зямля!".
Анёл: Дабрыня, сяброўства і вера ў цуд робяць Каляды сапраўднымі!
Пытанні і адказы да казкі для гледачоў
Што засмуціла Нясцерку на пачатку казкі?
— У вёсцы людзі перасталі калядаваць, і свята не адчувалася.
Чаму Дамавік прапанаваў пайсці ў лес?
— Ён ведаў, што нечысць баіцца калядных песень і святла зоркі, і таму хаваецца ў лесе.
Каго героі сустрэлі ў лесе?
— Лесавіка, Унучку і Анёла.
Што здарылася з калядным святлом?
— Злыдзень яго ўкраў у звяроў, каб сапсаваць свята.
Як героі перамаглі Злыдня?
— Яны спявалі калядныя песні, а святло Анёла прымусіла Злыдня знікнуць.
Што зрабіў Анёл пасля перамогі над Злыднем?
— Вярнуў каляднае святло і пажадаў шчасця ўсім жыхарам вёскі.
Які галоўны пасыл казкі?
— Дабрыня, сяброўства і калядныя традыцыі робяць свята асаблівым і перамагаюць зло.
Рэфлексія (магчымыя адказы)
Пытанне: Што вам больш за ўсё спадабалася ў казцы?
— Мне спадабалася, як героі перамаглі Злыдня песняй.
— Было цікава глядзець, як яны дапамагалі Унучцы.
Пытанне: Чаму важна ведаць калядныя традыцыі?
— Гэта частка нашай гісторыі і культуры.
— Каб не забываць, як святкавалі нашы продкі.
Пытанне: Як вы лічыце, што аб’ядноўвала герояў?
— Іх сяброўства і ўзаемадапамога.
— Жаданне зрабіць добрыя ўчінкі і свята для ўсіх.
Падвядзенне выніку
Вядучы: "Вось і завершылася наша батлеечнае прадстаўленне. Мы ўбачылі, як калядныя традыцыі здольныя аб’ядноўваць і тварыць цуды. Памятайце, што ў кожным сэрцы павінна гарэць святло дабрыні і радасці, асабліва ў калядныя вечары! Дзякуем за ўвагу і жадаем вам цёплых і шчаслівых Каляд!"
5