Вучыў мяне лес пазнаваць прыгоства, суладнасць і чары прыроды.
Зямля — невычэрпнага скарбу крыніца…
Якуб Колас
Сваё эсэ я прысвячаю гадавіне з дня нараджэння Якуба Коласа.
Ціха! Мы зараз у лесе. Кругом стаяць спакойныя мудрыя дрэвы. Стаяць і пра нешта думаюць. Толькі ківаюць у небе высокімі галовамі. У дрэў таксама ёсць свая памяць, свае думкі…
На радасць і ўцеху чалавеку стварыла матухна-прырода лес на зямлі. Які ён ні ёсць, а ўсё роўна гоіць душу чалавечую,поўніць сэрца лагодаю і добрымі надзеямі. Маўкліва і задуменна цягнуцца да сонца,у прастору неба дрэвы…
Лес… Ён прыгожы круглы год.
Зімою цяжкія галіны апускаюцца пад цяжарам снегу. Лес становіцца сядым і здаецца глыбокім старым, якога пакідаюць апошнія сілы. У гэтую пару лес маўклівы і выглядае зусім апусцелым і сумным.
Вясной ён увесь напаўняецца таямнічымі шолахамі, нябачнымі рухамі. Вострыя свежыя стрэлы першай травы прабіваюць космы мінулагодняй.
Лес прыгожы і летам. У цёплым змроку яго зараснікаў паветра настаялася на паху лісця, травы і смалы.
Восеньскі лес урачысты і засмучаны. Ён барвяны і залаты. Надыходзіць пара лістападу, і ён становіцца зусім празрыстым.
Прырода… Яна заўсёды цудоўная. Я люблю яе дажджы, люблю яе сонейка. Кожная сустрэча з ёй прыносіць вялікую радасць, надзею на нешта лепшае, светлае.
Вельмі любіў і разумеў прыроду Якуб Колас. “Прырода, -- пісаў ён,- найцікавейшая кніга, якая разгорнута перад вачамі кожнага з нас. Чытаць гэту кнігу, умець адгадаць яе мнагалучныя напісы – хіба ж гэта не ёсць шчасце?”
Прырода Я.Коласа, як і чалавек, жыве сваім жыццём. Лес можа быць вясёлым і сумным, гнеўным і ціхім. Паэт быццам вядзе нас па палях і лясах, паказвае, як узыходзіць і заходзіць сонца, як плывуць па небе хмаркі, пачынаецца навальніца, як прылятаюць і адлятаюць птушкі, якія песні спяваюць восень, зіма і вясна. Многа неразгаданых тайн падглядзеў і падслухаў паэт у прыроды. Ён расказаў, як шэпчуцца паміж сабою каласы, пра што шчабечуць птушкі, якія звонкія, радасныя трэлі выводзіць ручэй.
Народныя песні, родны кут, аколіцы Мікалаеўшчыны, беларуская прырода, лес, з якім Якуб Колас парадніўся і сябраваў змалку, люлялі таленты паэта, выхоўвалі ў яго пачуццё прыгожага. А лес… Ён радаваў, цешыў Якуба Коласа і ў маленстве, і ў сталыя гады…
Як толькі чалавек нараджаецца, яго тут жа агортваюць цеплынёй і пяшчотай рукі маці. Потым ён пазнае свет, дарагімі і блізкімі становяцца родныя мясціны: рэчка, дзе дзіцём ты так любіў купацца, лес, куды ты хадзіў з сябрамі, вецер, які ноччу спяваў табе калыханку. І вось ты—дарослы, жыццё закідвала цябе ў розныя куткі нашай Зямлі, але болей нідзе ў свеце ты не чуў той калыханкі, не знайшоў той сцежкі, таго дрэўца, таго каменьчыка, што нагадвалі б табе пра самыя шчаслівыя дні. Так было і з Якубам Коласам.
Сям’я лесніка па загаду пана вымушана была часта пераязджаць: Акінчыцы, Смольня, Ласток, Альбуць. У Альбуці была надзвычай цікавая прырода. Лоўля рыбы, збіранне ягад і грыбоў, работы каля дому, на полі і ў лузе – усё гэта давала багаты змест жыццю…
Альбуць!
Старых дубоў
Зялёная падкова,
Пазалацелы луг,
Крынічкі срэбны звон…
Альбуць!
Як сэрцу шмат
Гаворыць гэта слова,
І гэты цёмны бор,
І неба сіні схон.
Паэт вельмі любіў лес, ведаў адметнасць кожнага дрэва паблізу сваёй сядзібы. Таму нездарма вобраз лесу ў купалаўскай паэзіі такі шматзначны, шматсэнсавы і багаты. Паэт паказвае нам лес і ў выглядзе дрымучага бору, дзе чалавек згубіць дарогу да шчасця, да лепшай долі, і ў ролі лепшага сябра, які дапамагае знайсці чалавеку душэўны спакой і раўнавагу. Пяснар паказвае лес як часцінку Радзімы і прыроды, з якой лірычны герой дзеліць долю і нядолю, гора і радасць.
Лес… Ён часта сніўся Коласу па начах, то разгневаны нечым, сярдзіты, то ціхі, лагодны, быццам родная маці. Ён чуў, як стогнуць і гудуць векавыя дубы і хвоі, бачыў, як гойдаюцца іх пышныя вершаліны, адчуваў, як пахне смала ў бары і лісце на чарналессі.
Якуб Колас пакінуў нам, сваім нашчадкам, запавет: любіць і ахоўваць прыроду, разумна выкарыстоўваць яе багацці, ствараць вакол сябе прыгожае, захапляцца дзіўным хараством, што знаходзіцца вакол нас, але якое мы не заўжды ўмеем заўважыць і ацаніць.