Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Гімназія г. Буда-Кашалёва”
“Я знаю, скарб ляжыць у куфрах старадаўніх” Пімен Панчанка
Эсэ
г. Буда-Кашалёва, 2019г
-1-
“Я знаю, скарб ляжыць у куфрах старадаўніх” Пімен Панчанка
Час і наша жыццё, як страла,
ляцяць у адным кірунку, уперад.
Назад мы можам рухацца толькі памяццю.
Леанід Дайнека
Аднойчы надыходзіць перыяд жыццёвай сталасці і мудрасці, калі чалавек пачынае ўсведамляць важнасць свайго прыходу ў жыццё, задае пытанне сабе і іншым: хто мы і куды ідзём? Ён разумее, што, з аднаго боку спалучаны са сваімі продкамі, а з другога—з нашчадкамі. Сапраўды, чалавек падобны да птушкі, якая лунае ў сучасным на двух крылах—будучыні і мінулага. І гэты жыццёвы палёт падараваны кожнаму дзеля памяці продкаў і будучыні нашчадкаў.
Веданне гістарычнага мінулага як ніколі неабходнае нам, каму ў спадчыну продкі пакінулі “зямлю пад белымі крыламі”, накінулі запавет любіць і берагчы яе. Гісторыя нашай Бацькаўшчыны, яе культура, традыцыі—гэта наш святы скарб.
Адчыняючы куфры нашых продкаў, мы бачым ручнік і абрусы, мы помнім такія народныя традыцыі, як заручыны і вяселле, калядкі і масляніцу, мы ўспамінаем дранікі і клёцкі, песні, прыказкі і прымаўкі, што прыйшлі да нас з даўніны.
Мова…Мова родная…Матчына мова… Так ласкава мы называем свой духоўны набытак. Яна ўваходзіць у наша жыццё з вуснаў маці. Блізкія і дарагія словы злучаюць нас з продкамі, з нашай гісторыяй. І калі гаварыць пра скарб, нельга не сказаць пра нашу беларускую мову.
Яна многімі стагоддзямі складвалася, шліфавалася і ўзбагачалася. Тысячы людзей слоўца да слоўца, гук да гуку, песню да песні збіралі і зберагалі гэты неацэнны скарб. I кожнае пакаленне старалася дабавіць да яго штосьці сваё, дарагое, вартае доўгай памяці. Мільёны прыходзілі ў гэты свет
-2-
і пакідалі яго з матчыным словам на вуснах. I сёння мы не можам не памятаць гэтага, не раіцца з тымі, хто жыў да нас. Не мы стварылі нашу мову, і нам трэба вельмі асцярожна абыходзіцца з ёю, каб не абразіць волю і вопыт беларусаў, што адышлі ў гісторыю чалавецтва, бо за кожным словам — іх жыццё, іх надзеі, іх пакуты і кроў, іх мудрасць і запавет.Наша мова—гэта аснова ўсіх звычаяў, традыцый, паданняў.
Найвялікшы са скарбаў Зямлі — хлеб. Я лічу, што гэта — святы дар нам з нябёсаў. Колькі пашаны гучыць у голасе кожнага чалавека пры вымаўленні гэтага слова! Самі не ведаючы чаму, людзі заўсёды схіляюць перад ім галаву, як перад Богам. Усе мы ведаем такую ісціну, што калі б на Зямлі засталіся толькі хлеб і вада, чалавецтва не знікла б, а працягвала жыццё. Таму можна з упэўненасцю сцвярджаць, што хлеб—гэта аснова жыцця. Ад пакалення да пакалення, ад дзядоў да бацькоў і дзяцей перадавалася пачуццё павагі да хлеба. На жаль, наша моладзь не ўмее шанаваць сапраўдныя скарбы сваёй зямлі, у пагоні за сучаснасцю забывае пра сваё мінулае, свае карані, з абыякавасцю адносіцца да хлеба. А ён жа спрадвеку быў у пашане народа: колькі прыказак, прымавак, фразеалагізмаў, песень, паданняў і казак створана пра “цара зямлі”!
У жыцці часта здараецца так, што мы не прыкмячаем сапраўдных скарбаў. А скарбы гэтыя тут, зусім блізка ад нас.
Дзе мой скарб? Чым з’яўляецца гэты скарб? Калі ім не з’яўляецца зямное дабро — то што тады? Гэты скарб, які ўкрыты ў глыбіні нашых сэрцаў, кожны з нас можа адкрыць і адчуць, што ён у нас ёсць.
І калі ў сваім жыцці мы не забывалі пра скарб, якім з’яўляюцца вечныя даброты, то гэты скарб заўсёды будзе са мною, яго ніхто не забярэ, нават смерць. Ён будзе пры мне. Бо гэты скарб стане часткай мяне. А ў кладавую
-3-
майго сэрца ніхто не мае доступу, апрача Бога. Таму так важна клапаціцца пра сэрца, каб менавіта туды збіраць непрамінальнае дабро.
Нельга марнаваць дадзенае нам жыццё. Так, яно нам даецца толькі адзін раз, але да канца яно не з’яўляецца нашым. Мы адказныя за сябе і за іншых і таму заўсёды павінны быць падрыхтаванымі, каб разлічыцца за тыя скарбы і даброты, якія мы атрымалі.
Ужо само жыццё чалавека з’яўляецца скарбам. І створана яно не дзеля таго, каб гэта жыццё пражыць абы-як, бо яго вельмі лёгка можна знішчаць праз дрэнныя звычкі і паводзіны. Яно створана, каб годна пражыць на гэтай зямлі. Каб выканаць тое заданне, якое дае мне Бог: у сям’і быць добрай і пяшчотнай, стаць вернай жонкай і клапатлівай маці; адказна прымаць рашэнні не толькі за сябе, але і за тых, каму патрэбна дапамога. Бо важныя не толькі нашы патрэбы, але і тых, з кім я знаходжуся побач. Я павінна з гэтым лічыцца. Бо перад такім, а не іншым, жыццёвым заданнем стаіць чалавек.
Мы, беларусы, багатыя людзі. І гэта складае не толькі наш гонар. У найбольшай ступені гэта наш абавязак. Абавязак—памятаць, шанаваць, берагчы нашы скарбы.