Інфармацыйны ліст “Ускладнены сказ. Сказы з аднароднымі членамі”
Ускладнены сказ – просты сказ, які ўскладняецца аднароднымі, адасобленымі членамі сказа, пабочнымі i ўстаўнымі канструкцыямі, звароткам, параўнальнымі зваротамі.
Сказы з аднароднымі членамі сказа
Члены сказа, якія адказываюць на адно і тое ж пытанне, адносяцца да аднаго і таго ж слова і вымаўляюцца з інтанацыяй пералічэння, называюцца аднароднымі. Аднароднымі могуць быць як галоўныя, так і даданыя члены сказа. Аднародныя члены сказа пашыраюць структуру выказвання, ускладняюць яго, выражаюць лагічную аднароднасць паняццяў.
Коска ставіцца:
1. Паміж аднароднымі членамі пры адсутнасці злучнікаў:
Згінулі сцюжы, марозы, мяцеліцы.
На палатах, на стрэхах ляжаў іней.
2. Паміж аднароднымі членамі, звязанымі адзіночнымі супраціўнымі злучнікамі а, але, ды (у значэнні але), аднак, затое.
Цячэ вада ў сіняе мора, ды не выцякае.
Праз галлё прабівалася яркае, але ўжо халоднае сонца.
3. Калі аднародныя члены звязаны паўторнымі злучнікамі (і- і, ні - ні, або - або, ці - ці, то - то і інш.), то коска ставіцца перад другім з іх:
На латках і вінаград, і яблыкі, і слівы.
Ні чалавек, ні звер, ні птушка не парушалі яго ранішняга спакою.
4. Перад першым з паўторных злучнікаў, калі аднародны член з гэтым злучнікам працягвае пачатае пералічэнне:
На латках вінаград, і яблыкі, і слівы.
Ды ўспомню пажары, і варожыя хмары, і завеі халодных вятроў, і слату, і нягоды, і начныя паходы, і агні партызанскіх кастроў.
5. Паміж парамі аднародных членаў, звязаных злучнікам і:
Мора – гэта Капітан Нэма і Рабінзон Круза, піраты і людаеды, васьміногі і не адкрытыя яшчэ астравы.
6. Перад другой часткай парнага злучніка, які звязвае аднародныя члены (як – так і, не толькі – але і, не так - як):
Гіпапатам хоць і жыве ў вадзе, але корміцца на зямлі.
Урач не толькі ратуе ад смерці, але і выклікае веру ў жыццё.
Коска не ставіцца:
1. Паміж аднароднымі членамі, звязанымі адзіночнымі
Вакол лятуць бары і гоні.
Шуміць сасняк ды бярэзнік голы.
2. Перад першым аднародным членам, калі пералічэнне пачынаецца з паўторнага злучніка:
Вакол і лес, і хмызнякі, і зялёная дубрава.
3. Унутры ўстойлівых словазлучэнняў тыпу: і смех і грэх, ні жывы ні мёртвы, ні тое ні сёе, ні свет ні зара і г.д.
4. Паміж азначэннямі, якія не з’яўляюцца аднароднымі: Першыя мокрыя сняжынкі ўпалі на зямлю.