Тэма: Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага па раздзеле “Бяззлучнікавыя складаныя сказы: будова, значэнне, ужыванне” (9 клас)
Мэты: сістэматызаваць веды і ўменні вучняў, набытыя на папярэдніх уроках; удасканальваць уменне самастойна ствараць бяззлучнікавыя складаныя сказы з рознымі сэнсава-граматычнымі часткамі, расстаўляць і абгрунтоўваць знакі прыпынку, перабудоўваць бяззлучнікавыя складаныя сказы ў злучнікавыя; удасканальваць уменне адказваць вусна на пытанні па тэме, граматычна правільна афармляць сказы на пісьме; стварыць умовы для развіцця ўменняў звязна і лагічна выказваць свае думкі, уменняў і навыкаў самастойнай і калектыўнай працы, навыкаў кантролю і самаацэнкі; садзейнічаць развіццю памяці, увагі, лагічнага мыслення; садзейнічаць выхаванню пачуцця адказнасці за вынікі сваёй працы, пачуцця павагі да роднага слова.
Тып урока: урок абагульнення і сістэматызацыі ведаў.
Абсталяванне: карткі з заданнямі, каляровыя сцікеры.
Ход урока
І. Арганізацыйны момант (псіхолага-педагагічная падрыхтоўка да ўрока).
Слова настаўніка: -- Вітаю вас. Я заўважаю парадак на рабочых месцах, а па вашых вачах магу зрабіць вывад: вы ўсе падрыхтаваліся, рады нашай сустрэчы, і настрой у вас добры. Шчыра ўсміхніцеся адзін аднаму, добраму надвор’ю… Няхай ад усмешкі зробіцца цяплей на душы, хай яна дапаможа лёгка і радасна працаваць сёння на ўроку.
ІІ. Паведамленне тэмы ўрока, мэтавызначэнне.
Слова настаўніка: --На зямным шары больш за 3000 моў. І наша родная мова, якую беларускі народ пранёс праз стагоддзі, з’яўляецца найвялікшым нацыянальным скарбам. І гэты скарб ніхто і ніколі адабраць у нас не здолее. Лёс роднай мовы залежыць ад нас. Але каб добра ёю валодаць, спачатку трэба яе вывучыць. І таму сённяшняя наша сустрэча накіравана на далейшае паглыбленне ведаў па беларускай мове.
Мы з вамі вывучылі тэму “Бяззлучнікавы складаны сказ”. І сёння правядзём урок падагульнення і сістэматызацыі ведаў.
-- Якія мэты і задачы вы ставіце перад сабою сёння? (адказы вучняў)
-- А я хачу, каб мы з вамі сёння … (настаўнік агучвае мэты ўрока). Але перш, чым працаваць далей, прапаную вам прыдумаць дэвіз нашага ўрока. Умова: гэта павінен быць бяззлучнікавы складаны сказ, які адпавядаў бы схеме [ ] – [ вынік ]. (Вывучыш матэрыял па тэме “Бяззлучнікавы складаны сказ” — паспяхова здасі экзамен і пад.) (Вучні агучваюць свае варыянты дэвіза, найлепшы запісваецца на дошцы і ў сшыткі).
ІІІ. Паўтарэнне тэарэтычнага матэрыялу.
1. Франтальнае апытванне (выкарыстанне стратэгіі актыўнай ацэнкі):
-- Якія складаныя сказы называюць бяззлучнікавымі?
-- Якія знакі прыпынку могуць ставіцца паміж часткамі ў БСС?
-- Калі ставіцца коска?
-- Калі ставіцца кропка з коскай?
2. Работа ў парах:
-- Узгадайце правілы пастаноўкі двукроп’я і працяжніка паміж часткамі ў БСС і праверце адзін аднаго.
ІV. Практычная частка.
1. Расставіць знакі прыпынку ў схемах (ля дошкі):
1) [ ] , [адначасовасць/паслядоўнасць].
2) [ ] : [тлумачэнне/паясненне].
3) [ ] -- [параўнанне].
4) [ абагульняльны сказ ] : [ ], [ ] .
5) [ ] : [прычына].
6) [ ] – [ вынік ].
7) [ ] – [супрацьпастаўленне].
8) [ ], [ ] -- [ абагульняльны сказ ].
Заданні на картках:
Слова настаўніка: -- А цяпер я прапаную вам шэраг заданняў, якія дапамогуць не толькі сістэматызаваць веды пра БСС, але і падрыхтавацца да экзамена, бо ўсе яны грунтуюцца на матэрыяле экзаменацыйнага зборніка. Звернемся да заданняў на картках.
2. “Перабудуй сказ”. (Перабудаваць бяззлучнікавыя складаныя сказы ў злучнікавыя)
На сярэдзіне ракі пачаў трашчаць мост: (бо) не вытрымаў ён карэту з чацвёркай коней.
З дзяцінства памятаю: (што) ніколі не прапускалі мы гэтай чароўнай асенняй пары.
(Калі) Хочаш многа знаць – трэба мала спаць.
(Калі) Няма лёсу – няма жыцця.
Яшчэ пару рыўкоў – (і) сініца будзе ў руцэ.
Выкінь адно звяно – (і) усё распадзецца, знікне.
3. ”Закончы сказ”. (Дапісаць, каб атрымаўся бяззлучнікавы складаны сказ. Паставіць неабходныя знакі прыпынку; па варыянтах)
1 варыянт
Раптам чуюць…(: спявае хтосьці)
Мы ведалі…(: у нашай хаце будзем жыць мы, нашы дзеці, унукі і праўнукі)
Так з таго часу і пайшло…(: улетку сонца моцна прыпякала, і рака ў тым месцы перасыхала)
Жывеш ты …(-- жыве з табой птаства, звяр’ё і шмат чаго іншага адушаўлёнага і неадушаўлёнага)
2 варыянт
Мы былі рады …(: сажалка наша расла як на дражджах)
Прыйдзеш увечары …(-- плюхайся хоць да самай ночы)
Увесь час мне рупіла думка …(: толькі б не астацца ў даўгу перад табою)
Так і чакай цяпер …(: рака вось-вось узбунтуецца)
4. “Выберы мяне”( тэставае заданне). Выпісаць нумары сказаў, дзе трэба паставіць двукроп’е.
1 варыянт
Скажу проста гэтая крынічка, напэўна, частавала вадою яшчэ нашых дзядоў.
Гарачыня, парнасць дабіліся свайго у адзін дзень неба густа зацягнулася хмарамі.
Бягуць у мурашнік без грузу чакай дажджу ці навальніцы.
Звычайна мурашы мітусяцца нехта прыбірае з дарогі ігліцу хтосьці ўсцягвае яе на мурашнік.
Дрэвы як дрэвы трава як трава.
Каля ганка растуць кветкі задуменныя яліны ўзнімаюць у неба сіняватыя кроны.
2 варыянт
Ёсць лета і зіма ёсць дзень і ноч усход і заход сонца.
Але дзівіць іншае зярняты прараслі і далі ўсходы.
Валя апусціла ражок з хлебам і салам над агнём сала пачало ліцца тлушчам на вогнішча.
Гэтыя істоты выглядаюць дужа смешна вушы ў іх малыя, пярэднія канечнасці зменены ў крылы.
Хату, дзеткі, у чысціні трымайце зранку і ўвечары падмятайце.
Косы сонца не прабіваліся скрозь сучча бяроз або шырокія лапы хвой густы цень ляжаў на дарозе.
(Узаемаправерка. Адказы – на дошцы: 1 в. –1,2,4; 2 в. – 2,4,5)
5. “Карэктар”. (Выправіць памылкі. Адрэдагаваны варыянт запісаць у сшыткі)
Глянуў у акно – над вёскай стаяла цёмная хмара.
Сышоў снег; зелянелі пагоркі; прыляцелі птушкі.
Усе былі заняты справай: Саша капаў ямкі, Косця садзіў дрэўцы.
Адзін раз зманіш – другі раз не павераць.
Косця вельмі перажываў, дрэўцы раслі слаба.
(Самаправерка)
Глянуў у акно: над вёскай стаяла цёмная хмара.
Сышоў снег, зелянелі пагоркі, прыляцелі птушкі.
Усе былі заняты справай: Саша капаў ямкі, Косця садзіў дрэўцы.
Адзін раз зманіш – другі раз не павераць.
Косця вельмі перажываў: дрэўцы раслі слаба.
Фізкультхвілінка
Фізкультурна-лінгвістычная хвілінка
Зачытваецца бяззлучнікавы складаны сказ – устаць.
Зменіцца квадра – пераломіцца надвор’е.
Паміраць збіраешся, а жыта сей.
Загараецца зара, гасне ноч над зямлёю.
Назаўтра ледзь паказалася сонца, хлопцы былі ўжо на нагах.
Ніхто спрачацца з тым не будзе, што ўсюды шмат мясцін прыгожых.
Вакол стала глуха і цёмна.
Зіма снежная – лета будзе дажджлівая.
6. Арфаграфічная хвілінка
1. Адзначце словы, у якіх прапушчана літара е
С...мнаццаць, в...чоркі, п...сняр, к...фір, г...ктар, прадз...д, заз...лянець, дз...вяты
Складзіце бяззлучнікавы складаны сказ, выкарыстоўваючы як мага больш слоў з прыведзеных.
“Шыфроўка”.
Слова настаўніка: -- Мы з вамі выканалі дастаткова многа самых розных заданняў, паўтарылі правілы. А цяпер я прапаную вам заліковае заданне. Трэба ўважліва праслухаць сказ і ўпісаць у адпаведную клетку знак прыпынку, які неабходна паставіць у бяззлучнікавым сказе. Жадаю поспехаў!
Адчыніш фортку – павее халадок.
Дзесьці вухкаў пугач, яго крык гулка разносіўся па лесе.
Цяпер я зразумеў: дарога гэтая не такая ўжо простая.
Адбяруць у чалавека любімую працу – пустым стане яго жыццё.
Вечарам загараліся вогнішчы, засыпаючы іскрамі зорнае неба; у кацялках булькаў гай.
Ветрык развеяў туман, перастала імжыць.
Гультаю ўсё некалі: раніцай росна, удзень млосна, увечары камары кусаюць.
Дні стаялі ўвесь час пагодныя, духмяныя; неба сінела высокае, бяздоннае і чыстае
Ліпа лічылася і ахоўным сродкам: яе галінкамі апляталі рогі кароў.
Працуюць (бабры) усю ноч – будзе дождж.
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10
-- , : -- ; , : ; : --
-- Шыфроўкі падпішыце і здайце, калі ласка, мне.
V. Падагульненне.
Слова настаўніка: --Наш урок падыходзіць да завяршэння. Скажыце, ці дасягнулі вы задач, пастаўленых перад сабою на пачатку ўрока? (адказы вучняў).
-- Ацаніце сваю работу на ўроку.
VІ. Рэфлексія.
Слова настаўніка:-- На ўроку мы выконвалі разнастайныя віды работ. Іх назвы запісаны на дошцы (Работа ля дошкі, “Перабудуй сказ”, “Закончы сказ”, “Выберы мяне”, “Карэктар”, Фізкультхвілінка, Арфаграфічная хвілінка, “Шыфроўка”).
Прымацуйце свой сцікер на той сектар, які вам быў найбольш карысны. Аргументуйце свой выбар (2-3 вучні)
“
Падарунак”: -- А цяпер падарыце, калі ласка, сваім аднакласнікам пажаданне, выказанае БСС (Некалькі вучняў выцягваюць картку, з прапанаваных настаўнікам, зачытваюць сказ і адрасуюць яго камусьці з аднакласнікаў)