Нацыянальны беларускі арнамент
Духоўны скарб не грошы і не мода.
Ён, быццам сонца, ззяе для людзей.
Выхоўваць на традыцыях народа
Павінны змалку мы сваіх дзяцей.
М Грудзінскі
Вялікае значэнне ў народнай творчасці мае арнамент. Арнамент – гэта
ўзор, які складаецца з элементаў, якія паўтараюцца. Беларускі арнамент
дзеліцца на тры віды
геаметрычны,
раслінны,
жывёльны.
Вышыванымі ўзорамі ўпрыгожвалі прадметы быту : ручнікі, посцілкі, абрусы.
Вялікую ўвагу надавалі ўпрыгожванню вышыўкай адзення. Людзі верылі, што багата аздобленае ўзорамі адзенне абараняе іх ад няшчасцяў, злых духаў, адхіляе бяду. Вышыўкай упрыгожвалі рукавы, плечавыя ўстаўкі, падол, каўнер і пярэднюю частку – манішку. Лічылася, што магічную сілу абрадаваму касцюму надае чырвоны колер вышывак. Толькі ў 20 ст. для вышыўкі пачалі выкарыстоўваць чорны, сіні, а пазней зялёны і блакітны колеры.
Узоры на вышытых вырабах – гэта зашыфраваная аповесць аб жыцці народа. Кожны сімвал мае назву і сімвалізуе дабро, праўду, любоў чалавека, яго працу, мары і спадзяванні. Па ўзорах арнамента можна дазнацца пра сонейка і зоркі, пра людзей, пра хваробу і пра здароўе, пра дзявочую долю, пра ўсё, што ёсць у жыцці.
Галоўны сімвал – вобраз моцнай дзяржавы, моцнай сям’і. Сям’я – чатыры крыжападобна спалучаныя разеткі, нярэдка ў арнаментальнай аблямоўцы.
Людзі кажуць: “Нарадзіўся чалавек – на небе з’явілася зорка”. Чалавек – аснова жыцця на зямлі, прадаўжэння роду, моцы дзяржавы. Так, у народнай свядомасці сімвалам чалавека з’яўляецца зорка.
Вобраз Беларусі перадаецца ў выглядзе разеткі, апраўленай гірляндай з кветак. Вышываючы гэты ўзор, майстрыха гаворыць аб сваёй любові да Радзімы, прапануе, каб людзі захапляліся Беларуссю і яшчэ больш шанавалі яе.
У старыя часы, калі нашы продкі не ўмелі капаць калодзежы, чыстую ваду яны бралі з крыніцы. Гэта было святое месца. Крынічная вада лічылася
карыснай, гаючай, чароўнай. У народзе верылі, што калі чалавек нап’ецца, будзе дужы і здаровы. Таму крыніца – гэта сімвал жыццёвай сілы, здароўя.
Жыццё нашых продкаў было цесна звязана з лесам. Бо ён даваў дрэва на будаўніцтва, карміў грыбамі і ягадамі, ачышчаў паветра. Таму ў народнай творчасці часта прысутнічае вобраз дрэва.
Таксама натхняла рукадзельніц прыгажосць квяцістых лугоў і палёў, якія залацяцца спелым жытам.
Вялікдзень, Купалле, Каляды, Масленіца і шмат іншых святаў знайшлі сваё адлюстраванне ў арнаментах. Выкарыстанне ручнікоў, абрусаў і іншых твораў у такія дні з такімі ўзорамі было звязана з магіяй, адмысловымі рытуаламі.
Галоўнай крыніцай існавання людзей на зямлі былі жывёлагадоўля і земляробства. Іх адлюстраванне – сімвал багацця і дабрабыту. Тут мы знойдзем вобраз Ярылы, бога ўрадлівасці, Жыценя, Жытняй бабы, Палявіка, Дажджа, Вялікага Сонца, Маці Зямлі-Карміцелькі, і канешне, Хлеба, як сімвалу дастатка і дабрабыту.
Акрамя гэтых сімвалаў у арнаментах беларусаў можна знайсці ўзоры душы, узоры гаданняў, мараў, надзей.
Калі дзяўчаты вышывалі, яны спявалі песні. Асабліва ім падабаліся песні аб каханні. Песні і ўзоры суправаджалі беларускую сялянку на працягу ўсяго жыцця. Розныя па настроі песні выклікалі нараджэнне розных узораў.
Кожнае мастацтва адзначанае сваім тайнапісам, сімволікай і глыбінным сэнсам. Не выключэнне і беларускі арнамент, які перажыў столькі гадоў і ўсё роўна не страціў асноўных матываў, не спыніў свайго існавання.
Змянялася ўлада на нашай зямлі, прыносячы і забіраючы з сабой свае сімвалы — то белага арла, то гітлераўскую свастыку, то савецкую зорку. А таямнічыя старажытныя знакі, якія ведалі нашыя бабулі, увесь гэты час жылі і застаюцца жыць.
Дзякуй за ўвагу!
Багач | Жытняя баба | Варажба | Жаночая доля |
Жыцень | Зямля абуджаецца вясною | Зямля | Маці-радзіцельніца |
Песня | Русалка | Сонца | |
Хлеб | Чалавек | Ярыла | |