ПРАЕКТ АДКРЫТАГА ВУЧЭБНАГА ЎРОКА
Спецыяльнасць:
Дысцыпліна: Беларуская мова
Тэма: Сістэма часцін мовы. Назоўнік і яго граматычныя катэгорыі
Від заняткаў: камбінаваны ўрок
Удзельнікі:
Мэты навучання, развіцця і выхавання:
-узнавіць веды па тэме “Сістэма часцін мовы”;
-сістэматызаваць і паглыбіць веды вучняў па тэме “Назоўнік”;
-удасканальваць уменне знаходзіць у тэкстах назоўнікі, даваць ім лексіка-граматычную характарыстыку; адрозніваць адушаўленыя назоўнікі ад неадушаўлёных; рабіць марфалагічны разбор назоўніка; пашыраць слоўнікавы запас;
-узнавіць веды пра род назоўнікаў; засяродзіць увагу вучняў на ўжыванні назоўнікаў, род якіх не супадае ў беларускай і рускай мовах;
-развіваць звязнае маўленне, памяць і мысленне;
-выхоўваць любоў і пашану да роднай мовы.
-садзейнічаць развіццю цікавасці да вывучэння беларускай мовы;
-садзейнічаць павышэнню ўзроўня матывацыі на ўроках праз сродкі навучання;
У выніку засваення вучэбнага матэрыялу вучні павінны:
-валодаць інфармацыяй па тэме “Сістэма часцін мовы”;
-паглыбіць веды па тэме “Назоўнік”;
-умець знаходзіць назоўнікі ў тэкстах;
-умець правільна вызначаць лексіка-граматычныя разрады назоўнікаў, рабіць іх марфалагічны разбор;
-умець правільна вызначаць род, лік, скнон назоўнікаў;
-запомніць назоўнікі, род якіх не супадае ў рускай і беларускай мовах;
-развіваць вуснае і пісьмовае маўленне;
-паважаць беларускую мову;
Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне: інтарактыўная дошка, праектар.
Сродкі:
-Беларуская мова: вучэб. дапам. для 10-кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. Мовамі навучання / Г. М. Валочка і інш.—Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2016. — 240 с.
-аўтарская мультымедыйная прэзентацыя;
-карткі з заданнямі;
Міждысцыплінарныя і ўнутрыдысцыплінарныя сувязі: актуалізацыя паняццяў: часціны мовы, назоўнік, род, лік, склон; лексічнае значэнне запазычаных слоў; руская мова (словы, род якіх не супадае ў беларускай мове).
Структура і змест вучэбнага занятку : (тэхналагічная карта прыкладаецца)
Ход урока
I Арганізацыйны момант
(слайд 1)
Настаўнік вітаецца з вучнямі; правярае падрыхтаванасць вучняў да працы; выяўляе адсутных; стварае рабочую атмасферу.
Слова настаўніка. – Добры дзень! Я рада вітаць вас сёння на ўроку. Думаю, вы згадзіцеся са мной, што добры настрой на працу – гэта палова справы. Давайце ўсміхнёмся адзін аднаму і з добрым настроем прымемся за працу.
II Праверка дамашняга задання
( Пр.213, с.143) (Індывідуальнае апытванне)
Паўнапраўны, штохвіліна, словаўжыванне, своечасовасць, фатаграфія, вагонарамонтны, вогнеўстойлівы, васьмігадовы, шасціствольны, трохдзённы, шклозавод, добрасуседскі, высокавітамінны, даўгалецце, стагоддзе, галаваломка, навагодні, рознакаляровы, стагадовы.
Што называецца сінонімамі?
Што такое антонімы? Прывядзіце прыклады.
Гульня “Складзі слова” (слайд 2)
Для таго, каб даведацца як засвоены тэмы “Марфема як мінімальная значымая адзінка мовы”, “Спосабы ўтварэння слоў”, правядзём гульню “Складзі слова” . Вам трэба скласці слова з частак, якія можна ўзяць з прапанаваных слоў. (Вусна)
1. Вазьміце корань у слова зорка, суфікс i канчатак, як у слова лясны.(зорны)
2. Вазьміце прыстаўку ў слова пад’езд, корань у слова бяроза, суфіксы ў слова снегавік, канчатак у слова алоўкі.(падбярозавікі)
III Актуалізацыя апорных ведаў
Эпіграф да ўрока (слайд 3)
“Мова — вопратка думак” (Сэмюэл Джонсан)
Слова настаўніка. Скажыце, калі ласка, ці згодны вы з гэтым выказваннем крытыка і што яно азначае? Дайце тлумачэнне. (Развіццё вуснага маўлення)
Эўрыстычная гутарка
(слайд 4)
З захаду даносіўся прыглушаны грукат, мільганула бліскавіца.
Там проста ў белы дзень абчысцяць, не даруюць, залезуць у кішэнь, а потым павіншуюць.
За вокнамі — позняя, мокрая восень.
Молада, хораша, звонка іграў гармонік.
Сем і восем — пятнаццаць.
Яны надзейныя сябры.
Слова настаўніка. Што гэта такія за словы? Што агульнага паміж імі? Гэта ўсе часціны мовы (самастоўныя). Дык якая ж тэма сённяшняга нашага ўрока?
IV Паведамленне тэмы ўрока, пастаноўка мэт заняткаў
(слайд 5)
Тэма : “СІСТЭМА ЧАСЦІН МОВЫ. НАЗОЎНІК І ЯГО ГРАМАТЫЧНЫЯ КАТЭГОРЫІ”
(слайд 6)
Мэты:
-узнавіць веды па тэме “Сістэма часцін мовы”;
-сістэматызаваць і паглыбіць веды вучняў па тэме “Назоўнік”;
-удасканальваць уменне знаходзіць у тэкстах назоўнікі, даваць ім лексіка-граматычную характарыстыку; адрозніваць адушаўленыя назоўнікі ад неадушаўлёных; рабіць марфалагічны разбор назоўніка; пашыраць слоўнікавы запас;
-узнавіць веды пра род назоўнікаў; засяродзіць увагу вучняў на ўжыванні назоўнікаў, род якіх не супадае ў беларускай і рускай мовах;
-развіваць звязнае маўленне, памяць і мысленне;
-выхоўваць любоў і пашану да роднай мовы.
-садзейнічаць развіццю цікавасці да вывучэння беларускай мовы;
-садзейнічаць павышэнню ўзроўня матывацыі на ўроках праз сродкі навучання;
V Тлумачэнне новага матэрыялу
( слайд 7 )
Слова настаўніка. Часціны мовы — гэта лексіка-граматычныя разрады, якія аб’ядноўваюць словы паводле семантычных, марфалагічных і сінтаксічных прымет. Семантычныя прыметы паказваюць абагульненае значэнне прадмета, дзеяння, якасці і г.д., марфалагічныя — граматычныя катэгорыі, уласцівыя слову, сінтаксічныя — ролю слова ў сказе.
У беларускай мове выдзяляецца дзесяць часцін мовы, якія падзяляюцца на самастойныя, службовыя і выклічнік. Да самастойных часцін мовы адносяцца назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік, дзеяслоў і прыслоўе. Да службовых часцін мовы належаць прыназоўнікі, злучнікі і часціцы. Адметнае становішча займаюць выклічнікі. Яны не адносяцца ні да самастойных, ні да службовых часцін мовы, бо выражаюць нашы пачуцці і волевыяўленні, не называючы іх.
( слайд 8)
Назоўнік – самастойная часціна мовы, якая аб’ядноўвае словы са значэннем прадметнасці і мае граматычныя катэгорыі роду, ліку, склону. Адказвае на пытанні хто? што? і на пытанні ўскосных склонаў.
Тыповая сінтаксічная функцыя назоўніка — выступаць у ролі ДЗЕЙНІКА (у форме назоўнага склону) або ДАПАЎНЕННЯ (у форме ўскосных склонаў). Радзей назоўнікі выступаюць у ролі іншых членаў сказа — выказніка, акалічнасці, недапасаванага азначэння.
(слайд 9)
У залежнасці ад лексічнага значэння і граматычных катэгорый назоўнікі дзеляцца на агульныя і ўласныя, канкрэтныя і абстрактныя, адушаўлёныя і неадушаўлёныя, асабовыя і неасабовыя, зборныя і рэчыўныя.
(слайд 10)
УЛАСНЫЯ назоўнікі ўключаюць імёны, прозвішчы, тапанімічныя і астранамічныя назвы, клічкі жывёл ( Васіль, Іван Паўлавіч, Беларусь, Марс, Мурка), а таксама назвы канкрэтных прадметаў ці з’яў ( газета “Наша Ніва”, цукеркі “Ласунак”).
АГУЛЬНЫЯ назоўнікі з’яўляюцца назвамі цэлых класаў аднародных прадметаў, з’яў, паняццяў і г. д.: кніга, снег, сястра, чалавек, радасць, зеляніна.
Некаторыя ўласныя назоўнікі ў сваю чаргу могуць стаць агульнымі: агульныя назоўнікі рэнтген, ватман, маўзер, наган, дызель, ампер, кулон, ом, габелен, батыст, рэглан утварыліся ад імёнаў асоб, якія былі іх вынаходнікамі, адкрывальнікамі;
калі набываюць абагульняльны сэнс і пачынаюць ужывацца з пераносным значэннем. Гэта звычайна прозвішчы літаратурных тыпаў, якія ўжываюцца як абагульненыя характарыстыкі людзей пэўных паводзін: зёлкіны, тулягі, гарлахвацкія, быкоўскія.
(слайд 11)
КАНКРЭТНЫЯ назоўнікі абазначаюць прадметы, аб’екты, з’явы і г.д., якія ўспрымаюцца як асабныя рэаліі і паддаюцца лічэнню: пенал, ручка, лес, канал, стол, сонца, год, метр.
АБСТРАКТНЫЯ назоўнікі абазначаюць разнастаўныя адцягненыя паняцці, пачуцці, стан, дзеянні і працэсы: радасць, злосць, цярпенне, бег, хадзьба, голад, хвароба, клімат. Абстрактныя назоўнікі звычайна ўжываюцца толькі ў форме адзіночнага ліку і не спалучаюцца з колькаснымі лічэбнікамі, аднак могуць у пэўным кантэксце набываюць форму множнага ліку: першыя ўражанні, нечаканыя цяжкасці. Асобныя абстрактныя назоўнікі маюць форму толькі множнага ліку: замаразкі, прыцемкі, канікулы, агледзены і інш.
(слайд 12)
ЗБОРНЫЯ назоўнікі абазначаюць сукупнасць аднародных або падобных прадметаў як адно цэлае: лісце, калоссе, вучнёўства, галлё, настаўніцтва. Яны не маюць формы множнага ліку, аднак могуць спалучацца з няпэўна-колькаснымі словамі: многа галля, трохі насення.
РЭЧЫЎНЫЯ назоўнікі абазначаюць рэчывы аднароднага саставу: карысныя выкапні, металы, газы (вугаль, жалеза, азон, нафта), лекі і прэпараты (валідол, аспірын, цытрамон), прадукты харчавання (мёд, хлеб, малако, мука, сыр, сок), злакі, травы, ягады, агародныя культуры (авёс, чабор, асот, суніцы, цыбуля, гарох, агрэст), тканіны (сукно, шоўк, паркаль), прыродныя з’явы (снег, град, іней) і інш. Рэчыўныя назоўнікі, як правіла, ужываюцца толькі ў форме адзіночнага ліку і не спалучаюцца з колькаснымі лічэбнікамі. Такія назоўнікі могуць спалучацца з няпэўна-колькаснымі словамі шмат, мала, трохі, столькі, колькі, некалькі: шмат бульбы, столькі пяску. Некаторыя рэчыўныя назоўнікі маюць форму толькі множнага ліку: апілкі, дрожджы, духі, кансервы. Такія рэчыўныя назоўнікі, як соль, вада, метал, мазь, сталь, лён, у пэўным кантэксце могуць ужывацца ў форме множнага ліку: каляровыя металы, калійныя солі.
(слайд 13)
НЕАДУШАЎЛЁНЫЯ назоўнікі — гэта назвы прадметаў, прылад, рэчываў, дрэў і раслін, з’яў прыроды, абстрактных паняццяў і інш.: завод, акно, дуб, радасць, сум, а таксама назоўнікі, якія абазначаюць сукупнасць прадметаў ( атрад, натоўп, статак, моладзь, студэнцтва).
АДУШАЎЛЁНЫЯ назоўнікі абазначаюць назвы людзей, жывёл, птушак, рыб, насякомых: слесар, воўк, кнігаўка;
(слайд 14)
Граматычнае паняцце «адушаўлёнасць – неадушаўлёнасць» не адпавядае паняццю «жывое – нежывое» ў біялогіі. Да адушаўлёных належаць некаторыя назоўнікі, якія абазначаюць нежывых істот:
назвы фантастычных і міфалагічных персанажаў: лясун, чорт;
назвы цацак: лялька, заяц, ліса, вавёрка;
назвы шахматных фігур: слон, кароль, конь, ферзь;
назвы страў: карп, шчупак, лешч;
назоўнікі нябожчык, тапелец;
(слайд 15)
Некаторыя неадушаўлёныя назоўнікі пры іх выкарыстанні ў пераносным значэнні набываюць граматычныя прыметы адушаўлёных, калі яны абазначаюць асоб: прывезці языка, убачыць гэтага арыгінала.
Пры скланенні адушаўлёных назоўнікаў форма В.скл. мн.л. супадае з формай Р.скл.: бачу людей, вучняў — няма людзей, вучняў, а неадушаўлёных — з формай Н.скл.: бачу азёры, горы — успамінаюцца азёры, горы.
(слайд16 )
Катэгорыя РОДУ – адна з асноўных граматычных катэгорый назоўніка. Назоўнікі ў форме адзіночнага ліку адносяцца да аднаго з трох родаў: мужчынскага, жаночага, ніякага.
(слайд 17)
Назоўнікі, якія ўжываюцца толькі ў множным ліку, катэгорыі роду не маюць: духі, калготы, Асіповічы.
(слайд 18)
Род некаторых назоўнікаў у беларускай мове не супадае з родам аналагічных назоўнікаў у рускай мове:
сабака, медаль, шынель, стэп, мазоль, палын — мужчынскі род, а ў рускай — жаночы род
гусь, таполя, жырафа — жаночы род, а ў рускай — мужчынскі род.
(слайд 19)
Род нескланяльных назоўнікаў.
(слайд 20)
Род абрэвіятур.
(слайд 21)
ЛІК назоўнікаў – гэта граматычная катэгорыя, якая выражае колькасць прадметаў, паказваючы на адзін або некалькі прадметаў.
У сучаснай беларускай мове два лікі: адзіночны і множны. Назоўнікі адзіночнага ліку абазначаюць адзін прадмет, множнага – два і больш аднародных прадметаў. Катэгорыя ліку вызначаецца марфалагічна і сінтаксічна.
Марфалагічнымі паказчыкамі катэгорыі ліку з'яўляюцца канчаткі: для адзіночнага ліку – канчаткі -а(-я), -о, -е, нулявы канчатак; для множнага – канчатак -ы(-і), канчатак -е для невялікай групы назоўнікаў: палачанін – палачане.
(слайд 22)
Сінтаксічны сродак (дапасаванае азначэнне і выказнік) з'яўляецца адзіным паказчыкам ліку для нескланяльных назоўнікаў: прыгожы кенгуру – прыгожыя кенгуру, цёплае паліто – цёплыя паліто.
(слайд 23)
Лік назоўнікаў
(слайд 24)
СКЛОН – граматычная катэгорыя, якая паказвае адносіны назоўніка да іншых слоў у словазлучэннях і сказах.
(слайд 25)
Тыпы скланенняў.
(слайд 26)
ПАРАДАК МАРФАЛАГІЧНАГА РАЗБОРУ НАЗОЎНІКА
Часціна мовы.
Пачатковая форма (Н. скл., адз.л.).
Марфалагічныя прыметы:
нязменныя: агульныя ці ўласныя, адушаўлёны ці неадушаўлёны, канкрэтны ці абстрактны, зборны, рэчыўны; род, скланенне;
зменныя:склон, лік.
Сінтаксічная роля.
VI. Першаснае замацаванне набытых ведаў
(слайд 27) Заданне 1
Распазнайце адушаўлёныя і неадушаўлёныя назоўнікі. Адушаўлёныя падкрэсліце адной рыскай, а неадушаўлёныя – дзвюма.
Зіма, студэнт, зубр, бяроза, мама, селянін, народ, слова, брат, мова, лёд, бацька, натоўп, качаня, вучань, настаўнік, подзвіг.
(слайд 28) Заданне 2
Растлумачце, чаму назоўнікі у адным выпадку пішуцца з вялікай літары, а ў другім - з маленькай.
Вера - вера, Раман - раман, Надзея - надзея, Колас - колас, Танк – танк.
I варыянт. Складзіце сказ з агульнымі назоўнікамі.
II варыянт. Складзіце сказ з уласнымі назоўнікамі.
(слайд 29) Заданне3
Размеркаваць назоўнікі ў табліцу: канкрэтныя, абстрактныя, зборныя, рэчыўныя.
Дом, радасць, калоссе, малако, нафта, насенне, сум, чалавек, камбайн, дабрыня, карэнне, аспірын.
(слайд 30)
Канкрэтныя: дом, чалавек, камбайн
Абстрактныя: радасць, сум, дабрыня
Зборныя: калоссе, насенне, карэнне
Рэчыўныя: малако, нафта, аспірын
Гульня “Знайдзі знаёмага”
– Я чытаю словы, вы пляскаеце ў далоні, пачуўшы назоўнікі.
Пушча, сінявокая, рэчка, адплывае, Бацькаўшчына, расцвітаць, граніца, надзейны, крынічка, аблічча.
4.Заданне па групах (дыферэнцыраванае)
I група. Пачытайце прыказкі, растлумачце іх сэнс. Спішыце, абазначце скланенне назоўнікаў. Падкрэсліце назоўнікі з супрацьлеглым значэннем.
1. Горкая праўда лепш за сладкую хлусню.
2. На чужым горы шчасця не пабудуеш.
3. Які пачатак, такі і канец.
4. Што вывучыў у маладосці, таго не забудзеш у старасці.
5. Мір будуе, а вайна разбурае.
II група. Да назоўнікаў з рускай мовы падбярыце беларускія адпаведнікі. Вызначце іх род у абедзвюх мовах (пры неабходнасці карыстайцеся руска- беларускім слоўнікам). Складзіце 3 словазлучэнні.
Полынь, боль, инженер, яблоко, тень, шинель, гусь, пыль, собака, запись, степь, медаль, тополь.
(палын-м.р., боль-м.р, інжынер-м.р., яблык-м.р., цень-м.р., шынель-м.р., гусь-ж.р., пыл-м.р., сабака-м.р., запіс-м.р., стэп-м.р, медаль-м.р., таполя-ж.р.)
III група. Запішыце назоўнікі мужчынскага і жаночага роду ў форме роднага склону адзіночнага ліку, вызначце іх канчаткі.
Чалавек, хмызняк, куст, рака, лес, звер, вецер, дарога, сцежка, хвоя, нос, холад, кот, венік.
(чалавека, хмызняку, куста, ракі, лесу, звера, ветру, дарогі, сцежкі, хвоі, носа, холаду, ката, веніка)
VII фарміраванне ўменняў і навыкаў
5 заданне. (слайд 31)
Спішыце тэкст, устаўце прапушчаныя літары. Вызначце асноўную думку тэксту. Абазначце назоўнікі, выделіце іх склонавыя канчаткі. Зрабіце сінтаксічны разбор першага сказа. Якую сінтаксічную ролю выконваюць назоўнікі?
Р..днае слова – гэта першая кр..ніца, праз якую мы пазнаём ж..ццё і акаляючы нас свет. Пагэтаму вам неабходна так старанна вывучаць сваю родную мову, ведаць і любіць лепшыя творы б..ларускай літаратуры. І перш за ўсё тр..ба ведаць свой народ, яго гісторыю, яго багатую вусную творчасць. (Якуб Колас)
ВЫКАЗВАННІ ПРА МОВУ
(Паказ сацыяльнай рэкламы)
(слайд 32) Заданне 6
Слова настаўніка. Вызначце, якім членам сказа з’яўляецца выдзелены назоўнік у прыведзеных прыкладах. Зрабіце марфалагічны разбор слоў маўчанне і вёскай.
Слова — срэбра, маўчанне — золата. (дзейнік)
Пад кустом яна ўбачыла птушаня. (дапаўненне)
Маладыя хлопцы — браты. (просты іменны выказнік)
За вёскай пачыналася поле. (акалічнасць)
З-пад брыля быў відаць нос гарбінкай. (недапасаванае азначэнне)
Праз хвіліну мы ўжо пераязджалі раку Нёман.(прыдатак)
Маўчанне — назоўнік, пач.ф. — маўчанне, агульны, абстрактны, неадушаўлёны; н.р., 2 скл., Н. скл., ужыв. толькі ў адз. ліку; у сказе выконвае функцыю дзейніка.
Вёскай — назоўнік, пач.ф. — вёска, агульны, канкрэтны, неадушаўлёны, ж.р., 1 скл., Т.скл., адз. л.; у сказе выконвае функцыю акалічнасці.
VIII. Падвядзенне вынікаў урока
Заданне 7 (слайд 33) Адгадай слова з дапамомай граматычных значэнняў.
Настаўнік, радасць, сонца, Віця, сястра, кніга, каханне, калоссе, духі, сок
Бліц-апытванне
1. Назоўнік – часціна мовы, якая абазначае ...?
2. Якія марфалагічныя (граматычныя) прыметы ўласцівы назоўнікам? Якія з іх пастаянныя, а якія зменныя?
3. Назавіце пачатковую форму назоўніка.
4.. Якія назоўнікі называюцца ўласнымі?
5. Якую сінтаксічную ролю выконваюць у сказе назоўнікі?
IX. Дамашняе заданне
(слайд 34)
§27-29, пр. 233
X. Рэфлексія, выстаўленне адзнак
Выстаўленне адзнак
І самае апошняе, што вы зробіце, запоўніце ліст самаадчування.
Ліст самаадчування 1. Ці спадабаўся вам урок? _____________________________ 2. На якую адзнаку працаваў настаўнік? __________________ 3. На якую адзнаку вы працавалі на ўроку? ________________ 4. Ацаніце ваш настрой на ўроку ў балах: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9 ,10 |
(слайд 35)
Вялікі дзякуй усім за працу! Усяго вам найлепшага!
13