Свята “Беларусь мая – родны край”, 1-2 клас
Падрыхтавала: Сяргеенка Н.М.,
настаўнік гімназіі г.Лагойска
Задачы: развіццё у вучняў першапачатковых уяўленняў аб дзяржаўнасці; выхаванне пачуцця любові і павагі да роднай краіны, гонару за родны край, прывіццё цікавасці да гісторыі свайго народа; фарміраванне свядомасці і актыўнай жыццёвай пазіцыі.
Форма правядзення: свята з элементамі музычна-літаратурнай кампазіцыі.
Удзельнікі: вучні, бацькі, госці.
Афармленне: на дошцы назва “Беларусь мая – родны край!”, дзяржаўныя сімвалы, малюнкі прыроды роднага краю, выява бусла і кветкі васількі (з паперы) ўпрыгожваюць сцены класа, падрыхтавана выстава кніг пра Беларусь.
Абсталяванне: карта “Палітычная карта Рэспублікі Беларусь”, кампьютар, відэаролікі , музычнае суправаджэнне, карткі з літарамі “БЕ-ЛА-РУ-СЬ”.
(Пад гукі музыкі твора В. Іванова “Спеў дубраў” настаўнік чытае верш.)
Настаўнік
Неба чыстае і глыбокае
І бярозавы ціхі гай.
Беларусь мая сінявокая,
Беларусь мая – родны край!
У густых садах ты красуешся,
Сілай поўная маладой.
У агнях уся ярка свецішся,
Разліваешся збажыной.
Вучні: Беларусь мая сінявокая,
Беларусь мая – родны край!
Настаўнік
- Дарагія сября! Шчыра вітаем усіх вас на нашым свяце! Сёння будзем размаўляць аб самым каштоўным, галоўным – аб Беларусі, родным краі, Бацькаўшчыне.
- Беларусь! Белая Русь… Гэта назва гучыць для нас ціхім шолахам лісця ў лесе, вясёлай гаворкай крынічкай у полі, развітальным курлыканнем журавоў высока ў небе, шумным гоманам дзятвы, блішчыць у промнях узыходзячыга сонца. Усё гэта яна – Белая Русь… Паглядзіце!
(Прагляд відэароліка “Дарагая Беларусь”, выдавецтва “Пачатковая школа”, 4, да 5 хв.)
Пытанні якія асвятляюцца:
Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь.
Прырода роднага краю.
Беларусы – працавіты, міралюбівы народ.
Гісторыя Беларусі.
Сталіца – горад-герой Мінск.
Настаўнік
- Рака пачынаецца з ручаін. Дрэва мае карані, а чалавечая годнасць і вартасць нараджаецца з глыбокай адданасці сваёй Радзіме, з пашаны да яе спадчыны, з ведання сваёй гісторыі, з любові да роднай мовы.
- Праверыць вашы веды дапаможа віктарына, якую правядзе дзяўчынка- беларусачка. Запрашаем. (Выходзіць дзяўчынка ў беларускім касцюме.)
(Гучыць беларуская песня “Люблю наш край старонку гэту”)
- Я, дзяўчынка, беларусачка,
У вачах маіх сінь васількоў.
Я, дзяўчынка, беларусачка,
Шаўкавісты вянок валасоў.
Я, дзяўчынка, беларусачка,
Сэрца, дзе дабрыня і любоў.
Тут з дзяцінства ўсё мне знаёма
Сцежка кожная, кожны лясок.
Свеціць сонца бацькоўскага дома
Дзе паветра гаючы глыток.
Нарадзілася я ў Беларусі
Я айчыне пра шчасце спяю.
Дзе ні буду – сюды я вярнуся
Па душу і па песню сваю.
- Прывітанне! Шчыра вітаю ўсіх. Зараз я буду задаваць пытанні, а вы на іх адказваць.
Віктарына “Беларусь - мая Радзіма”
1. Што з’яўляецца дзяржаўнымі сімваламі Рэспублікі Беларусь?
2. Што з’яўляецца галоўнай песняй любой краіны і нашай таксама? (Гучыць гімн)
3. Якія колеры ўваходзяць у склад нацыянальнага сцяга?
4. Што азначае чыровны колер сцяга? Зялёны колер?
5. У якой вобласці вы жывеце?
6. Як называецца ваш населены пункт?
7. Які горад з’яўляецца сталіцай Беларусі?
- Малайцы, добра справіліся з пытаннямі віктарыны. А ці ведаеце вы вершы на беларускай мове ?
Вучні чытаюць вершы
1. Люблю наш край – старонку гэту,
Дзе я радзiлася, расла,
Дзе першы раз пазнала шчасце,
Слязу нядолi пралiла.
Люблю народ наш беларускi,
Хацiны ў зеленi садоў,
Залочаныя збожжам нiвы,
Шум нашых гаяў i лясоў.
2. Блакіт нябёс, і белы бусел,
І кветкі ў полі, як абрус…
Мой край завецца Беларуссю,
А сам я – хлопчык –беларус.
3. Я – дзяўчынка-беларуска
З васільковымі вачыма.
Хоць малая, але знаю:
Беларусь – мая Радзіма…
4. Тварык румяняенькі,
Белая хустачка.
Я ўжо ведаю,
Я – беларусачка!
І хачу
Так, як тата і мама,
Родны край свой любіць
Я таксама.
5. Я – беларус маленькі,
З блакітнымі вачыма.
Хачу і я, каб лепей
Жыла мая Радзіма.
Настаўнік
- Гісторыя – гэта культура, а культура адлюстроўваецца ў фальклоры, музыцы, песні. Выкананне беларускай народнай песні “Саўка ды Грышка”.
(Вучні выконваюць песню з інсцэніроўкай)
- Мову родную трэба любіць, а яшчэ вучыць і ведаць. Гульня “Перакладчык”.
Я буду называць слова на рускай мове, вам трэба перавесці на беларускую мову.
Словы: картошка-бульба, учебник - падручнік, шкаф – шафа, тетрадь- сшытак, карандаш – аловак, краски- фарбы, мальчик – хлопчык, улица – вуліца, цветы – кветкі, девочка - дзяўчынка, петух - певень, ковер - дыван.
- Малайцы, добрыя перакладчыкі з вас атрымаліся.
(Гучыць твор І.Лучанка “Мой родны кут”, настаўнік чытае верш.)
Настаўнік
- На карце вялікага свету
Яна як кляновы лісток,
Песня гарачага лета,
Крынічнай вады глыток.
Мяжуе з Польшай, Украінай,
Расіяй, Латвіяй, Літвой.
Твой родны край, твая Айчына –
Жыццё тваё і гонар твой.
(Выходзяць два вучні і дзве вучаніцы з карткамі літар: БЕ-ЛА-РУ-СЬ. Усе вучні чытаюць атрыманае слова. Настаўнік прымацоўвае слова на дошку ля карты. Музыка сціхае.)
Настаўнік
- Рэспубліка Беларусь – незалежная суверэнная дзяржава. (Настаўнік паказвае на карце Беларусь і яе суседнія краіны.) Мінск – сталіца Рэспублікі Беларусь.
(Прагляд відэароліка “Мінск – мой родны горад”, выдавецтва “Пачатковая школа”, 10, 27 хв.)
Настаўнік
- Мы жывём у Еўропе побач з іншымі народамі, у якіх свая гісторыя. Але перш за ўсё мы павінны ведаць наша мінулае – каб разумець, хто мы ёсць, адкуль ідзём і куды хочам прыйсці.
- Вялікая Айчынная вайна пакінула трагічны след у гісторыі краіны. Загінуў кожны трэці жыхар Беларусі. Вечна будзе жыць у нашых сэрцах удзячнасць тым, хто заваяваў нам Перамогу! У 2015 годзе адзначаецца 70-годдзе з дня
Перамогі.
(Гучыць песня “Продедушка” на рускай мове.)
Настаўнік
- Што вы даведаліся пра нашу Радзіму? (Адказы вучняў.)
- Малайцы, дзеці! Вы з любоўю і гонарам гаварылі пра нашу краіну, чыталі вершы. Помніце, што Беларусь – мірная і прыгожая краіна. Але мы не павінны забываць тых, хто не шкадаваў свайго жыцця, абараняючы яе свабоду і незалежнасць.
- Вы яшчэ пакуль маленькія, але вы ўжо грамадзяне нашай Радзімы. Радзіма ў нас адзіная, як мама. Помніце, “Беларусь мая – родны край!”
Усе вучні (гучна)
- Беларусь мая – родны край! Ганаруся табой, Беларусь!
5