Вясновыя святы народнага календара
Гуканне вясны (з 14 сакавіка)
Благаславі, Божа, вясну заклікаці, лета сустракаці!
Першае вясновае свята. Дзяўчаты збіраліся на ўзгорках (каб было бліжэй да неба) і спявалі вяснянкі — песні, у якіх клікалі вясну. Вадзілі карагоды, спальвалі пудзіла зімы, як на Масленку. Падчас спеваў вяснянак і гукальных карагодаў дзяўчаты падкідвалі ўверх печыва ў выглядзе птушак — жаўрукоў, кулікоў, буслоў, што павінна было, як і спевы, хутчэй выклікаць надыход вясны.
С
аракі (22 сакавіка)
22 сакавіка, дзень, як зараз кажуць, “вясенняга раўнадзенсва”. Гэты дзень лічыўся нараджэннем новага года, пачаткам абуджэння зямлі ад зімовага сну. Некалькі назваў мае ён. Найбольш распаўсюджаны – “саракі”. Сёння існуе некалькі тлумачэнняў, чаму менавіта так. Найбольш верагодным можна лічыць тлумачэнне, звязанае з коранем “рок” (год) – пачатак новага года. Акрамя таго, з гэтага дня пачыналі адлічваць яшчэ 40 дзЁн, адмечаных маразамі па начах, па заканчэнні якіх можна было пачынаць сеяць – адну з самых важных сельскагаспадарчых спраў на ўвесь год. Кліматычныя ўмовы не дазвалялі памыліцца, пасееш рана – вымерзне, позна – высахне, і можна застацца без збожжа зімой, што было раўнаважна смерці. Таму так уважліва адносіліся нашыя продкі да гэтага дня.
Камаедзіца
Беларускае народнае свята, звязанае з сустрэчай вясны, лічыцца праявай татэмізму. Уключае ў сябе шэсце пераапранутых з удзелам мядзведзя і святочны абед, імітуюцца звычкі жывёлы. Святкуецца перад Дабравешчаннем. Назва свята паходзіць ад камоў (літаральна: есці камы) — сушаны рэпнік, аўсяны кісель, якія лічыліся ласункам лясной істоты.
Дабравешчанне, або Звеставанне
На Дабравешчанне дзеўка касу не пляце, а птушка гнязда не ўе. Нашы продкі лічылі, што ў гэты дзень прыходзіць вясна. Гэта свята прылёту бусла і ластаўкі. Шчасціла таму, хто ўбачыць першага бусла, які ляціць, а не стаіць. Гаспадыня падымалася раней мужа, каб выканаць абрад “развязвання сахі”. Пасля абеду “гукалі вясну”. Дзяўчаты збіраліся ля гумнаў і лазняў, забіраліся нават на стрэхі і спявалі вяснянкі. Разводзілі невялікія вогнішчы, вадзілі вакол іх “танкі” (карагоды). Гаспадыні пяклі печыва ў выглядзе птушак. У гэты дзень не дазвалялася працаваць.
Вясновыя святы народнага календара
Вербніца (апошняя перад Вялікаднем нядзеля)
У гэты святочны дзень у царкве ці касцёле асвячалі галінкі вярбы, неслі іх дадому і злёгку сцябалі імі дамашніх, перш за ўсё дзетак, і прыгаворвалі:
Не я б’ю, вярба б’е,
За тыдзень — Вялікдзень.
Будзь здароў, як вада,
А расці, як вярба!
Будзь здароў на ўвесь год!
Людзі верылі, што такім чынам чалавеку перадаецца моц і прыгажосць гэтага дрэва. Частку асвечаных галінак клалі за бажніцу, утыкалі ў сцены, вокны. На працягу ўсяго года асвячоныя галінкі вярбы выкарыстоўваліся: кожная гаспадыня выганяла на Юр’я сваю карову на пашу, злёгку сцябаючы па баках галінкай, з вербачкай селянін выходзіў засяваць поле, садзіць бульбу.
Вярбная галінка была патрэбная падчас першага грому. Каб не баяцца навальніцы, імкнуліся з’есці па адной пупышцы, а затым легчы на зямлю і перакуліцца. Пачуўшы грымоты, гаспадыня запальвала грамнічную свечку, а вербныя галінкі клала на падаконнік з таго боку, адкуль насоўваліся дажджавыя хмары. Галінкі ніколі не выкідалі, а захоўвалі да наступнай Вербніцы, каб спаліць у печы і попел рассыпаць па градках.
Вялікдзень
Вялікае свята вясны, якое адзначаецца ў першую нядзелю пасля поўні, якая з’явіцца пасля дня веснавога раўнадзенства. Ад гэтага дня пачынаюць спяваць птушкі, а сонца на Вялікдзень, падымаючыся, “іграе” – раздвойваецца, разбягаецца, а потым зноў сыходзіцца.
У ноч перад Вялікаднем не спалі: фарбавалі і распісвалі яйкі як сімвал двайнога нараджэння, а таму вечнага жыцця, палілі вогнішчы, пяклі велікодны пірог, які з першай зоркай пасля хроснага абыходу асвячалі разам з абавязковымі мясам, сырам, яйкамі, хрэнам у царкве і ўрачыста неслі дахаты разгаўляцца скаромным пасля доўгага сямітыднёвага перадвелікоднага пасту. Па дарозе ўсіх сустрэчных радасна тройчы віталі: “Хрыстос уваскрос, Хрыстос уваскрос, Хрыстос уваскрос!” Пасля адказу: “Сапраўды ўваскрос, сапраўды ўваскрос, сапраўды ўваскрос!” – тройчы цалаваліся.
З велікоднага тыдня пачыналіся веснавыя карагоды, гульні, скокі, біццё і качанне яек, “ваджэнне і пахаванне стралы” да Ушэсця і шматлікія іншыя маляўнічыя дзеі вясны – росквіту прыроды.
Радаўніца
Радаўніца (Ра́даніца, Ра́дуніца, Радаўні́цкія Дзяды́, На́ві Дзень) – дзень памінання памерлых ва ўсходніх славян, на які са старажытных часоў адбываліся трапезы на магілах бацькоў і блізкіх сваякоў. Назва Наві Дзень паходзіць ад старажытна-славянскага навь – нябожчык. Радаўніца адзначаецца праз тыдзень пасля Вялікадня, заўжды ў аўторак. Спачатку ідуць памінаць блізкіх у царкву, а потым на могілкі.
Летнія святы народнага календара
Юр'я.
Юр'я – традыцыйнае свята, якое адзначаецца 6 мая Гэта адно з найбольш адметных святаў земляробчага календара, абстаўлена шэрагам урачыстых абрадавых дзеянняў. Свята адзначаецца ў гонар Св. Георгія Пераможцы – заступніка свойскай жывёлы і сялянскай нівы. У хрысціянскія часы ён пераняў рысы і функцыі язычніцкага бога Ярылы. Варыянты назваў свята, прысвечанага гэтаму боству — Ярылавіца, Ярылкі. Веснавы Юрай знаменаваў сабою сапраўдны пачатак вясны. Менавіта з гэтага дня, як лічылі амаль усюды, пачынае кукаваць зязюля. На Юр'е сяляне выходзілі з песнямі і ахвярнымі стравамі аглядаць свае зарунелыя палеткі. З Юр'ем звязваўся, як правіла, і першы выпас жывёлы. Адначасна з апякунствам свойскай жывёлы Юр'я лічыўся валадаром ваўкоў. У народзе ўяўлялі, што Юр'я едзе на белым кані і замыкае пашчы дзікім звярам, пасля чаго тыя менш нападаюць на скаціну. Свята было напоўнена шматлікімі абрадавымі дзеяннямі, песнямі, павер'ямі, прыкметамі апатрапеічнага і заклінальнага характару.
Зялёныя святкi або Сёмуха.
Свята найвышейшага росквіту прыроды. Вядома пад назвай Сёмухі, Тройцы. Святкуецца гэтае свята на сёмым і восьмым тыдні пасля Вялікадня. Гэтае свята з'яўляецца гімнам маці-прыродзе, сімвалізуе ўласцівае канцу вясны і пачатку лета ўшанаванне зеляніны, дрэў і кветак, што знаходзяцца ў сваім росквіце. Яны – прыроднае атачэнне свята, яго вобразнасць і змест.
Некалі даўно маладыя дзяўчаты з песнямі хадзілі ў лес. Абіралі там маладыя бярозкі і завівалі паміж сабой стужачкамі, каб атрымаліся такія ўпрыгожаныя варотцы. Пасля праз іх праходзілі. Даследчыкі кажуць, што гэта такі архаічны сімвал таго, што жанчына ўступае ў шлюбны ўзрост і тым яднаецца з прыродай, паказвае сусвету, што яна ўжо гатовая пайсці замуж і нараджаць дзетак.
Купалле.
У разгар лета ў Беларусі адзначаюць Купалле – адно з найстарадаўнейшых народных свят, прысвечаных сонцу і росквіту зямлі. Гэтае свята насычана прыгожымі язычніцкімі звычаямі. Сутнасць гэтага свята засталася некранутай да нашых дзён. Увасабленнем былі ачышчальныя вогнішчы, ачалавечаны вобраз жанчыны Купалы і нават яго дочкі. Сёння згодна з праваславным календаром свята адзначаюць у ноч з 6 на 7 ліпеня. З Купаллем звязана шмат дзіўных легенд і паданняў. У народзе верылі, што ў гэту ноч рэкі свецяцца асаблівым нерэальным святлом, а ў іх водах купаюцца душы памерлых у абліччы русалак. Па зямлі ходзяць ведзьмы, чарадзеі і духі, якія імкнуцца нашкодзіць чалавеку, расліны і жывёлы размаўляюць, а сонца на золку “гуляе”.
Убачыць гэтыя цуды, зразумець мову звяроў і птушак можна з дапамогай кветкі папараці, якая зацвітае, згодна з павер'ямі, усяго на імгненне раз у год. Яна давала незвычайную здольнасць бачыць будучыню і знаходзіць усе схаваныя скарбы свету, але раздабыць яе мог толькі вельмі смелы чалавек. Пошук “папараць-кветкі” – адзін з самых таямнічых рытуалаў купальскай ночы.
Вясна
Сакавік
Сакавік – пара абуджэння прыроды ад зімовага сну. І хоць яшчэ скрозь ляжыць снег, а на дварэ часам здараецца сапраўдная завіруха, вясна бярэ сваё. Дзень становіцца даўжэйшы. 22 сакавіка ён роўны ночы. Неба паступова вызваляецца ад цяжкіх халодных хмар. А сонейка ўзнімаецца ўсё вышэй і вышэй ды пасылае на зямлю свае ласкавыя промні. “Плачуць” пад сакавіцкім сонцам доўгія ледзяшы, што звісаюць з дахаў, цямнеюць снягі, з’яўляюцца першыя праталіны, а пад канец месяца рэшткі снежнага покрыва застаюцца толькі ў глыбокіх ярах ды лясах.
Пачынаецца крыгаход. Рэчкі скідаюць з сябе зімовы лёдавы панцыр і вырываюцца на шырокі прастор. Разводдзе – гэта сапраўдная прыродная стыхія.

Красавік
Красавік – сярэдзіна вясны. Стаіць пераважна яснае, бясхмарнае надвор’е. Цяплее... Знікаюць апошнія плямкі снегу, а на рэках пачынаецца разводдзе.
Народная мудрасць гаворыць – красавік ваду падбірае, красачкі пушчае. Першым сярод траў зацвітае падбел. Яго залаціста-жоўтыя кветкі-кошыкі, нібы ліхтарыкі, гараць на падворках, дзе, здаецца, яшчэ ўчора ляжаў снег. Праз тыдзень пачынаюць красаваць пралескі, кураслеп. Затым – сон-трава, лотаць і шмат іншых. Адсюль і назва месяца – “красавік”.
Пульсуе па жылах дрэваў сок. Набрынялі пупушкі. Вось-вось распусцяцца першыя лісточкі на бярозе і вольсе.
Зялёным дываном пакрываюцца палі і лугі. Ажывае пасля вясенняга сну вясновы лес. З ранку да позняга вечара і нават у глыбокую ноч тут стаіць птушыны гоман.

Май (травень)
Травень – гэта старажытнабеларуская назва месяца. Яна паходзіць ад слова “трава”. Менавіта ў гэтым месяцы зямля пакрываецца зялёным дываном з розных траў.
У зялёнае ўбранне апранаюцца таксама дрэвы. Першая “расплятае свае косы” бяроза”
У траўні квітнее чаромха. Звычайна падчас яе цвіцення надараюцца халады. У народзе іх называюць “чаромхавымі”.
Пасля чаромхі зацвітае бэз. Бэз, у адрозненне ад чаромхі, любціь цёплыя і сонечныя дні.
У бялюткім убранні – сады. З надыходам цяпла паяўляецца шмат рознай машкары. У гэты час вяртаюцца з выраю ластаўкі і стрыжы, якія кормяцца насякомымі.
Травень – месяц птушыных спеваў.
Мудрасць народных назіранняў
Як у сакавіку туман, дык у жніва дожджык – пан!
Сакавік зялёны – ураджай благі.
17 сакавіка – дзень прылёту гракоў. Калі яны адразу на гнёзды садзяцца – вясна будзе дружная.
Прыйшоў марац – адмарозіў палец.
Як у сакавіку снег задувае, будзе ўраджай на агародніну.
Рана пачне раставаць – доўга не растае.
Сакавіцкая вада гаючая; ёй мыюцца ад вяснушак.
Доўгія ледзяшы вісяць на стрэхах – доўгая зіма, позняя вясна.
Калі ў дзень веснавога раўнадзенства (22 сакавіка) надвор’е прыгожае, цёплае, роўнае – астатнія дні вясны і ўсё лета таксама будуць роўныя, цёплыя, прыгожыя. А калі гэты дзень віхурны, дажджлівы, перападзісты – такія ж будуць астатнія дня вясны і летнія месяцы.

Красавік з вадою – травень з травою.
Калі ў касавіку чолы не вылецелі – чакай халадоў.
Зязюля пачне кукаваць на голы лес, то год будзе неўраджайны.
Вароны садзяцца на вяршыні дрэў – будзе цёпла, рассаджваюцца на галінках – холадна.
Авёс кажа: кінь мяне ў гразь, то я буду князь.
Калі бяроза распусціла лісты раней за вольху – чакай сонечнага лета. Калі ж наадварот – лета будзе дажджлівае і халоднае.
Калі бярозавы сок цячэ добра, то лета будзе дажджлівае. А акалі слаба - сухое

Май – і пад кустом рай.
Мокры май – жыта як гай.
Мокры май і халодны – год хлебародны.
Прыляцелі птушкі, але доўга не шчабечуць – яшчэ будзе холадна.
Майскія жукі вечарам лятаюць і гудуць – назаўтра будзе гожы дзень.
Калі птушкі робяць гнёзды з сонечнага боку – чакаецца халоднае лета.
Вераб’і цярэбяцца – будзе пацяпленне.
Дзьмухаўцы раскрыліся раніцай – на добрае надвор’е.
К вечару захаладала і падзьмуў паўночны вецер – на дрэннае надвор’е.
Раніцай пчолы вылятаюць з вулля – на пагодлівы дзень.
Жабы скачуць на бераг і ўдзень квакаюць, а рыбы выскокваюць з вады – на дождж.
Кураняты не адыходзяць ад квактухі – чакаецца блізкая і працяглая непагадзь.
Лёля

Лёля – багіня вясны. Ва ўяўленні беларусаў гэта маладзенькая, прыгожая, стройная, высокая дзяўчына, з залатой касою. Яна была дачкою марскога цара і ездзіла па моры ў залатой лодцы, вяслуючы сярэбранымі вёсламі. Лёля дзеля сваёй прыгажосці называлася часам Ляля. Да сёння захавалася пагаворка адносна прыгожых і стройных дзяўчат: “Прыгожая, як Лёля”.

Ярыла
Ярыла – бог урадлівасці, любові, сілы і адвагі. Гэта малады, прыгожы юнак у белым плашчы і з вянком кветак на галаве. Ён раз’язджае на белым кані, трымаючы ў руках жменю аржаных каласоў. У Юр’яў дзень Ярыла па загаду маці Лады адмыкае вароты неба і на белым кані прыязджае на зямлю. З яго прыездам пачынаецца сапраўдная вясна. У гэты ж дзень упершыню выпускаюць жывёлу ў поле. У гонар Ярылы ў канцы красавіка дзяўчаты ладзілі вясёлую ўрачыстасць: адну дзяўчыну ўбіралі за Ярылу, апрануўшы яе белаю прасцінкаю, на галаву клалі вянок з палявых кветак, саджалі на белага каня і навокал вадзілі карагод, пяючы:
А дзе ён нагою – там жыта капою!
А дзе ён зірне – там колас зацвіце!