Эсэ. Мая Радзіма
Люблю цябе такой, якая ёсць,
Зямля мая, зямля бацькоў святая, —
Мая слязінка — са святла наскрозь,
Маё прычасце, мой святлісты лёс…
З табой і паміж бедаў я світаю.
Н. Загорская
Што такое Радзіма? Што гэта паняцце значыць для кожнага з нас? Чаму такое пытанне задаюць сабе людзі?
Калісьці даўно прачытала фразу: «Дзяцінства - гэта калі цацачнай лапаткай раскідваеш гурбу ў двары свайго дома і верыш, што гэтым паскорыш надыход вясны».
Напэўна, я не памылюся, калі скажу, што «адчуванне» Радзімы прыходзіць да кожнага з нас менавіта ў дзяцінстве. Гэта і гурба, у якую ты падаеш са смехам, і ручай, у які пускаеш папяровыя караблікі, і бяроза пад акном, і алея ў парку, і аблокі – асаблівыя. Гэта і смех шчаслівай мамы, і апавяданні бабулі аб «днях мінулых», гэта сябры, лісты, чаканне і настрой.
Радзіма, якой я ганаруся, гэта тое, калі дзесьці працягвае існаваць усё, чым ты жыў. І звычаі, і сямейныя святы. І дом тваіх успамінаў. І сябар. А яшчэ гэта тое месца, дзе цябе любяць і чакаюць.
Пералічваць усё тое, што значыць для мяне Радзіма – гэта ўсё роўна, што пералічваць кожную кроплю ў велізарным струмені.
Я ганаруся тым, што Радзіма для мяне – гэта самы цудоўны падарунак лёсу, самае дарагое, што ў мяне ёсць. Я ганаруся тымі людзьмі, для якіх паняцце «Радзіма» - не проста слова. Тымі, хто ішоў у агонь вайны, не думаў пра сябе, хто закрываў сабой жанчыну з дзіцем, хто працаваў у тыле, хто каваў перамогу. Мала засталося тых, хто перажыў страшныя дні Другой Сусветнай. І хіба не здрыганецца ў вас сэрца, калі вы падарыце простую вясновую кветку самотнаму сядому ветэрану, праходзячы па прыбраных майскіх вуліцах?
Я думаю, што проста любіць, паважаць Радзіму і ганарыцца ёю – гэтага мала. Бо не словы ўпрыгожваюць чалавека, а яго справы. І жыць трэба так, каб атрымліваць задавальненне ад кожнага пражытага дня. А кожны такі дзень можа быць напоўнены ўчынкамі, якімі можаш ганарыцца ты, твае блізкія, бацькі і сябры.
Для кожнага чалавека Радзіма – гэта выключна ўнутраныя адчуванні. Гэта горад, у якім ты нарадзіўся, гэта вуліца, па якой ходзіш у школу, гэта парк з тваімі любімымі квітнеючымі каштанамі. Чым старэй я станаўлюся, тым больш адчуванняў і ўяўленняў аб Радзіме збіраецца ў маім «я».
Радзіма – гэта, у першую чаргу, людзі. І я ганаруся хлопцамі, якія праходзяць ваенную службу, бабулямі, якія выхоўваюць унукаў, лекарамі, што не адыходзяць ад хворых у рэанімацыйных палатах, настаўнікамі, лётчыкамі і шахцёрамі, рабочымі і студэнтамі.
Я ганаруся духам беларускага чалавека, яго характарам. Ён знаходзіцца ў пастаянных пошуках сябе. Гэта натура, якая патрабуе развіцця, якая імкнецца да духоўнай дасканаласці. Галоўная ўласцівасць беларускага чалавека – ахвяраваць сабой дзеля іншага, парадавацца чужому шчасцю, дараваць ворагу. Гэта адкрытая і добрая душа, гэта ўменне бачыць прыгажосць ва ўсім, што цябе акружае, гэта любоў да «малой радзімы», да месца, дзе нарадзіўся і вырас – а гэта ўжо аснова асноў сапраўднага патрыятызму і духоўнасці.
Любоў да Радзімы – у кожным з нас. Яна ў нас з нараджэння, яна ў нас ад нашых бацькоў і дзядоў. Гэтая любоў – у кожнай сняжынцы, у кожнай усмешцы, у кожным павароце дарогі пад назвай жыццё.
Я разумею, што не проста даваць клятву Радзіме на вернасць да смерці. Але сваёй Радзіме я ніколі не здраджу, бо ганаруся тым, што нарадзілася ў Беларусі, у маленькім горадзе пад назвай Буда-Кашалёва. Я вельмі люблю свой горад, мне дарагі кожны яго куточак. Я не магу ўявіць сябе без яго цудоўных краявідаў, без маёй мовы, без меладычных песень маёй матулі. Мая “малая Радзіма” ўрасла каранямі ў сэрца, і адабраць яе можна толькі разам з жыццём. А колькі цудоўных людзей узгадавала мая “малая радзіма”! Валянцін Дрозд, Рыгор Купрыяшчанка, Яўген Далецкі, Анатоль Зэкаў, Барыс Адашкевіч, Алена Шульга, Міхаіл Новікаў… На жаль, не ўсе яны зараз жывуць побач са мной…
Радзіма - месца, якое дае сілу жыць. Радзіма - месца, дзе паветра напоўненае энергіяй і святлом. Радзіма - месца, куды заўсёды цягне вярнуцца! Мы не выбіраем, дзе нарадзіцца. Дзе нарадзіўся—там і твая радзіма! Мая радзіма – Буда-Кашалёва! Яго абшары, дабрыня і працавітасць яго народа дае мне ўпэўненасць у заўтрашнім дні.