Пазакласнае мерапрыемства “Знаўцы беларускай мовы”
Роднае слова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і навакольны свет. Словы бываюць розныя: вясёлыя і сумныя, маленькія і вялікія. Ёсць словы вельмі важныя: мір, зямля, прырода, праца, свабода, хлеб. Ёсць словы родныя, дарагія: мама, тата, школа, сябар, бабуля, дзядуля, Беларусь. А зараз паслухайце вершы пра родную мову:
1в. Як ты дорага мне, мая родная мова!
Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!
Ты калісьці з калыскі мяне падымала
І вучыла ў бацькоў на руках гаварыць
2в. Мова,
Пявучая родная мова,
Ты – уладарка нявызнаных скарбаў,
Столькі значэнняў, гучання і фарбаў
Мае ў сабе твае кожнае слова...
Ціха гучаць у мове маёй
Словы пяшчотныя, словы крынічныя, росныя.
Чуюцца ў ёй і грымотныя, зычныя .
3в. Родная мова, цудоўная мова!
Ты нашых думак уток і аснова!
Ты самацветаў яскравая нізка
Кожнай драбіначкай ты варта пашаны,
Кожнае слова вякамі стварана.
І на вякі яно жыць застанецца,
Вечнае так, як народнае сэрца.
- Дзеці, я думаю, што любімая ваша рэч, напэўна, кніга. Кнігі вам спачатку, калі вы былі яшчэ маленькімі, чыталі вашы мамы, таты, бабулі, дзядулі. Але вы выраслі, цяпер самі ўжо ўмееце чытаць і можаце абыходзіцца без дапамогі старэйшых. І самае першае, што вы чыталі, напэўна, гэта казка. Дзеці, сення мы з вамі адправімся на незвычайны востраў – гэта востраў Гульняслоў. Жадаю вам усім дасягнуць перамогі, паказаць свае веды, кемлівасць, а так сама добрыя паводзіны і зладжанную працу.
- А зараз мы пачынаем нашу конкурсную праграму.
Знаёмства з членамі журы
Знаёмства з камандамі “Прывітанне”
Знаёмімся з нашымі ўдзельнікамі: каманда “ Сябры”, каманда “Вясёлка”, каманда “Буслікі”, каманда “Каласкі”. Павітаем нашых удзельнікаў.
Чырвоны, аранжавы, жоўты, зялёны –
Адкуль столькі колераў, столькі паўтонаў?
Блакітны, як неба, і сіні, як рэчка,
Яшчэ фіялетавы, нібы парэчка
1 конкурс “Загадкі” (кожнай камандзе па 2 загадкі, 1 бал кожная)
*Улетку адпачываюць,
А ўзімку дзяцей катаюць.
(Санкі)
*Днём і ноччу я іду,
Ранкам вас не падвяду.
Нават тых, хто моцна спіць,
Здольны хутка разбудзіць. (Будзільнік)
*У школьнай сумцы я ляжу, як ты вучышся скажу (Дзённік)
*Па пакоі ходзіць робат -
У яго гумовы хобат.
І з усіх гырчыць ён сіл,
І глытае ўсюды пыл,
Суне ўсюды доўгі нос.
А завецца ...
(Пыласос)
*Не кароль, а ў кароне
Не гусар, а пры шпорах,
Гадзінніка не мае, а час знае (Певень)
*У краўца іголак сотня, але з ніткай – аніводнай (Вожык)
*Што за гаспадар лясны,
Спіць пад снегам да вясны,
Ну а летам да халод
Ходзіць красці чужы мёд (Мядзведзь)
*Хто з зялёнымі вачамі
Грозна бліскае начамі?
Мае пухленькія лапкі
А на лапках кіпці-драпкі (Кот)
2 конкурс “Перакладчыкі”
(Патрэбна перакласці словы на беларускую мову )
Охота – паляванне, петух – пеўнік, сапогі – боты, лодырь – гультай, тарелка – талерка, вилка – відэлец, мусорка – сметнік, ружьё – стрэльба, клюв – дзюба, вор – злодзей.
3 конкурс "Назаві адным словам"
- Даць агульную назву прапанаваным словам. За правільны адказ — 1 бал.
Пчала, жук, чмель (насякомыя).
Званочак, рамонак, васілёк (кветкі).
Верабей, ластаўка, сарока (птушкі).
Сукенка, спадніца, футра (адзенне).
Заяц, воўк, мядзведзь (звяры).
Чаравікі, боты, туфлі (абутак).
-А зараз мы паслухаем журы. Якая з каманд, колькі балаў атрымала па выніку 3 конкурсаў.
4 конкурс “ Складзі прыказку”
Хто бацькоў шануе, той …..(і дзецям добрую долю гатуе).
Бацькоў слухаць - …. (гора не знаць).
Як ты да людзей, ……(так і людзі да цябе).
Слоўка, як птушка - ….(выпусціў – не вернеш).
Пры сонейку цёпла, …..(а пры маці добра).
Гульня з гледачамі: ЗАДАННІ ДЛЯ ЎСМЕШКІ
Назаві мелодыю, якую любяць вучні ў канцы ўрока. (Званок)
Чым канчаецца даль? (Літарай ь)
Якая музычная нота патрэбна дзя супу? (Соль)
Без чаго хлеба не бывае? (Без скарынкі)
Пад якім кустом заяц спіць ў дождж? (Пад мокрым)
Што кусаецца, але не брэша? (Крапіва)
Як назваць сухую траву чатырма літарамі? (Сена)
Назаві словы, у якіх сто зычных (Стол, стог, стогн, стос)
Што ўсіх нас робіць людзьмі? (Мова)
5 конкурс “Выпраў памылкі”
"Малако дае карова", —
Напісаў на кошцы Вова. (Дошцы)
Закрычаў Рыгорка:
3 неба упала горка!" (Зорка)
Назбіралася народу.
Дзіва, поўны вулей лёду. (Мёду)
Весела звініць збанок,
Кліча: "Дзеці, на ўрок". (Званок)
Не праедзем,дружа,
На да розе ружа. (Лужа)
Кажа Славік Светцы:
"Цесна тыгру ў кветцы". (Клетцы)
6 конкурс “З якой казкі герой”
конкурс “Наборшчыкі"
-3 прапанаваных літар скласці як мага больш слоў, запісаць на ліст паперы, перадаць журы. На падрыхтоўку адводзіцца 2 хвіліны. Каманда, у якой запісана большая колькасць слоў, атрымлівае 3 балы, астатнія — 2 балы. Дадатковы бал прысуджаецца той камандзе, якая складзе самае доўгае слова.
А, К, Т, Ы, Г, А, Р, М, А (граматыка)
8 станцыя “Адпачывальная”
Інсцэніраванне казкі “Рэпка”
Дзедка:
Пасдзіў я рэпку ў градцы мяккай, цёплай,
Паліваў я рэпку смачнаю вадой.
Палюбіла моцна сонца нашу рэпку,
І сябруе рэпка з зорачкай адной.
Рэпка падрастала,
Вышэй градкі стала.
Рэпцы месца нестае,
Рэпка неба дастае!
Пачастую рэпкай усю вёску нашу.
Эх, наварыць Бабка саладзенькай кашы (Цягне рэпку)
Певень:
Куры, куры! Ку-ка-рэ-ку!
Паглядзіце, цягне рэпу!
Куры, куры! Ко-ко-ко.
Вось цікава, хто каго?
Народ:
Цягне-пацягне...
Выцягнуць не можа...
Бабка маладзейшая.
Бабка дапаможа!
Бабка:
Ну-ка, певень, кыш дамоў,
Тут зусім не да размоў.
Мы паглядзім, “хто каго”!
Я бабулька ого-го-го!
Замест ранішняй зарадкі
Я палю заўсёды градкі,
І магу я для Унучкі
Наварыць салодкай бручкі.
Зараз вырвем рэпку з Дзедам.
Як я стану за ім следам (Цягнуць рэпку)
Певень:
Куры, куры! Ку-ка-рэ-ку!
Паглядзіце, цягнуць рэпу!
Куры, куры! Ко-ко-ко.
Вось цікава, хто каго?
Народ:
Цягнуць-пацягнуць...
Выцягнуць не могуць...
Унучка маладзейшая.
Унучка дапаможа!
Унучка:
Пачакай жа, Бабка,
Пачакай жа, Дзедка,
Пачакай і ты мяне
У агародзе, рэпка.
Я зрабілю прычоску,
Туфлікі абую,
Крэмам змажу ручкі,
Вам дапамагу я.
Да чаго ж салодкая
Параная рэпка!
Вось як трэба, Бабка,
Трэніруйся, Дзедка.
Певень:
Куры, куры! Ку-ка-рэ-ку!
Паглядзіце, цягнуць рэпу!
Куры, куры! Ко-ко-ко.
Вось цікава, хто каго?
Народ:
Цягнуць-пацягнуць...
Выцягнуць не могуць...
Жучка маладзейшая.
Жучка дапаможа!
Жучка:
Што за шум і што за гам?
Распачалі тарарам!
У мяне так многа спраў.
Гаў-гаў-гаў!
Я абгаўкала рапуху
І суседчыну квахтуху,
Потым я сядзела, ела,
Цэлы дзень хвастом вярцела,
Замарылася, гаў-гаў.
Вось як многа ў мяне спраў!
Яшчэ трэба працаваць?
Добра, буду рэпку рваць.
Певень:
Куры, куры! Ку-ка-рэ-ку!
Паглядзіце, цягнуць рэпу!
Куры, куры! Ко-ко-ко.
Вось цікава, хто каго?
Народ:
Цягнуць-пацягнуць...
Выцягнуць не могуць...
Кошка маладзейшая.
Кошка дапаможа!
Кошка:
Я – Кэт, або Катцэ.
Завуць мяне й Кошка
На мовах усіх
Я мурлыкаю трошкі.
Свае кіпцюрыкі з манікюрам
Люблю я паказываць курам.
Такія, як я, - далікатныя, рэдкія,
Якая мне справа да Дзедавай рэпкі?
Адкрыю я вам па сакрэту:
Я рыбу люблю, а не рэпу.
Вам пярыць не магу,
Так і быць – дапамагу!
Певень:
Куры, куры! Ку-ка-рэ-ку!
Паглядзіце, цягнуць рэпу!
Куры, куры! Ко-ко-ко.
Вось цікава, хто каго?
Народ:
Цягнуць-пацягнуць...
Выцягнуць не могуць...
Мышка маладзейшая.
Мышка дапаможа!
Мышка:
Я – Мышка. Я вельмі дужая!
І льва і слана я адужаю,
Я не баюся ніякай работы,
Заўсёды працую да сёмага поту.
Станавіся па парадку!
Не тапчыце толькі градку!
Ну-ка, Дзедка, за рэпку хапайся,
А ты, Бабка, за дзедку трымайся,
Ты ж, Унучка, не ляніся:
Мацней за бабку ўчапіся.
Жучка – за Унучку,
Кошка – за Жучку.
Мяне, Кошка, не кусай,
От задам я наганяй!
Дзедка:
Эх, ухнем!
Бабка:
Эх, охнем!
Унучка:
Эй, ахнем!
Жучка:
Эй, гаўкнем!
Кошка:
Эй, мяўкнем!
Мышка:
Эй, піскнем!
Певень:
Куры, куры! Ку-ка-рэ-ку!
Мышка выцягнула рэпу!
Вось дык Мышка, маладзец,
Але казцы не канец!
Паглядзіце, вось дык рэпа!
Ку-ка-рэ-ку! Ку-ка-рэ-ку!
Народ:
Заняла яна ўвесь двор!
Да якіх жа гэта пор?
У двары ні стаць, ні сесці?
Трэба будзе рэпку з’есці!
Мышка:
Рэпку выцягнула я.
Рэпка, значыцца, мая!
Ведаю я паратунак –
Усіх заву на пачастунак!
Дзедка:
Слава Мышцы! Ну і дужая!
Бабка:
Сапраўды слана адужае!
Унучка:
Выцягнула рэпку нашу!
Жучка:
Значыць, многа ела кашы
Кошка:
Гэтай мышкі я баюся.
Мышка:
Ну, я з кошкамі не б’юся
Народ:
Вас віншуем з ураджаем!
Дзед, Бабка, Унучка, Жучка, Кошка, Мышка:
Усіх на рэпку запрашаем!
Падвядзенне вынікаў.
Журы падводзіць вынікі конкурcaў. Пераможцы ўзнагароджваюцца граматамі.
Заключная частка
Вось і закончылася наша гульня – свята сустрэчы з роднай мовай. Мы яшчэ раз пераканаліся, якія багатая і чароўныя наша родная беларуская мова. Яна вучыць нас любіць сваю Радзіму, з павагай адносіцца адзін да аднаго, марыць аб шчаслівым заўтрашнім дні, які абавязкова наступіць. Поспехаў вам!