Беларуская мова 5 клас
Тэма: Словазлучэнне. Галоўнае і залежнае словы ў словазлучэнні
Мэта: азнаямленне вучняў з функцыяй і будовай словазлучэння як сінтаксічнай адзінкі, тлумачэнне неабходнасці і абгрунтаванасці выкарыстання словазлучэнняў у маўленні.
Задачы: 1) дапамагчы сфарміраваць уяўленне вучняў пра спалучальныя магчымасці слоў розных часцін мовы; 2) садзейнічаць выпрацоўцы ўмення выяўляць пары слоў, звязаных па сэнсе і граматычна, ставіць пытанні ад галоўнага да залежнага слова, вызначаць граматычныя сродкі сувязі, класіфікаваць і ўтвараць назоўнікавыя і дзеяслоўныя словазлучэнні; удасканальваць правапіс канчаткаў прыметнікаў у мужчынскім, жаночым і ніякім родзе адз. і мн. ліку, развіваць навыкі карыстання словазлучэннямі ў вусным і пісьмовым маўленні; 3) садзейнічаць выхаванню нацыянальнай самасвядомасці.
Тып урока: камбінаваны
Абсталяванне: вучэбны дапаможнік, прэзентацыя, карткі
Ход урока
Мова продкаў нашых і нашчадкаў –
Шэпт дубровы і пчаліны звон, -
Нам цябе ласкава і ашчадна
Спазнаваць ажно да скону дзён…
Генадзь Бураўкін
Арганізацыйны момант. Стварэнне эмацыянальнага настрою
Знаёмства з прытчай “Чыя праца лягчэйшая”
Здалося аднойчы веніку, што ў шуфліка больш лёгкая праца. Ну што ў ёй такога: ляжы ды чакай, пакуль у цябе смецця намятуць.
А шуфлік сам даўно ўжо думку затаіў, што яго доля цяжкая. А вось абавязак у веніка: толькі і ведай, мяці сабе з задавальненнем!
І вырашылі яны аднойчы сваімі працамі памяняцца. Венік назваўся шуфлікам. Шуфлік назваў сябе венікам. І што тут пачалося!..
Шуфлік стаў па падлозе шоргаць і на вуглы не забывацца. А венік смецце на яго насыпаць – у вядро адносіць.
Прыйшлі гаспадары і спужаліся. Уся падлога пашкоджаная, шпалеры абадраныя, усюды смецце, а пасярод пакоя – шуфлік і венік без сіл ляжаць.
Гутарка:
- Аб чым гэтая прытча?
- Чаму яна вучыць? (Нікому не трэба зайздросціць, добра выконваць свае абавязкі)
- Дык давайце будзем сёння працаваць дружна і зладжана.
II. Работа з эпіграфам
Работа са словам: дуброва, продкі, нашчадкі, скон дзён, ашчадна ( тлумачальны слоўнік)
III. Праверка дамашняга задання: работа з тэкстам у парах. Вызначыць тып маўлення; даказаць, што гэта тэкст; вызначыць від сувязі сказаў, тэму і асноўную думку.
Восень
Прыйшла на зямлю залацістая восень. Усе дрэвы ў лесе прыбраліся ва ўрачысты ўбор. Ніякая чалавечая рука не размалюе так прыгожа кожны лісточак. Навокал пад нагамі ляжыць жоўтае, барвовае, чырвонае лісце.
IV. Арфаграфічная хвіліна (словы з прапушчанымі літарамі на дошцы): каляндар, легенда, кефір, смятана, сметанковы, ляснік, герой, леснічоўка, секунда, сяржант.
V. Матывацыйны этап.
1. Гутарка па пытаннях (слайд 1).
Што такое сінтаксіс?
Што такое пунктуацыя?
Што такое словазлучэнне?
Якое слова ў словазлучэнні з’яўляецца галоўным, а якое – залежным?
Праблемнае пытанне.
Настаўнік: Вы ўжо здагадаліся, што з сённяшняга ўрока мы пачнём вывучаць новы раздзел, які называецца “Сінтаксіс і пунктуацыя”
Запіс даты і тэмы ўрока ў сшыткі.
Пытанні класу:
Зыходзячы з назвы тэмы, аб чым мы даведаемся на ўроку?
Чаму будзем вучыцца?
Для чаго гэта неабходна?
Настаўнік: Запрашаю вас у вялікае і захапляльнае падарожжа на адзін з астравоў Мовазнаўства, які называецца “Сінтаксіс і пунктуацыя”(слайд 2). На гэтым востраве ёсць маленькая, але незвычайная краіна Словазлучэнне. Тут словы жывуць па сваіх законах. Сёння на ўроку мы пазнаёмімся з гэтымі законамі (слайд 3).
VI. Інфармацыйна-пошукавы этап.
Праца з вучэбным дапаможнікам.
Настаўнік: Каб адказаць на першыя тры пытанні на слайдзе , звернемся да вучэбнага дапаможніка (с. 72) Чытанне правіла
Што ж такое сінтаксіс, пунктуацыя? (Значэнне слова “пунктуацыя” на слайдзе 4)
А што такое словазлучэнне?
Праца з малюнкам (слайд 5).
Паглядзіце на малюнак. Што вы бачыце на ім? (На слайдзе дэманструецца выява бярозы, якая расце на беразе ракі). Падзяліце старонку сшытка на два слупкі (сем лінеек уніз)
Назавіце прадметы, якія бачыце на малюнку. Запішыце іх у правы слупок. (Вада, бяроза, рака, трава, лісце, неба, луг)
Што можна сказаць пра гэтыя прадметы, якія яны?
Запішыце гэтыя словы ў левы слупок.
Паглядзіце ўважліва, дзе больш дакладна гаворыцца пра ваду, бярозу, раку, неба?
Чыстая | Вада |
Стройная | Бяроза |
Шырокая | Рака |
Зялёная | Трава |
Жоўтае | Лісце |
Блакітнае | Неба |
скошаны | Луг |
Настаўнік: Перад вамі словазлучэнні. Гэтае слова складаецца з дзвюх частак: слова+ злучаць. Словазлучэнне звычайна складаецца з двух і больш слоў. Якіх жа? ( Чытанне правіла на с.75)
Выкананне задання вусна (слайд 6).
Настаўнік: Паглядзіце на словы. Ці з’яўляюцца яны словазлучэннямі? Што неабходна зрабіць, каб яны сталі словазлучэннямі?
(Прыгожы, зямля; высокі, неба; далёкая, сябар; магутнае, зубр; плысці, неба.)
А зараз праверым, як вы справіліся з заданнем (слайд 7).
Гутарка:
Якое слова ў словазлучэнні галоўнае? (Ад якога ставіцца пытанне)
Якое слова з’яўляецца залежным? (Да якога ставіцца пытанне)
Назавіце ў кожным словазлучэнні галоўнае і залежнае словы (слайд 8).
Як уплывае галоўнае слова на залежнае? (Ставіць яго ў патрэбных формах) (слайд 9)
Настаўнік: Такая сувязь у словазлучэнні называецца граматычная.
Настаўнік: Так. Словы ў словазлучэнні звязаны па сэнсе і граматычна.
І бываюць словазлучэнні розныя. Калі галоўнае слова з’яляецца назоўнікам, то такія словазлучэнні называюцца назоўнікавымі, а калі дзеясловам – дзеяслоўнымі (слайд 10).
Назавіце, якія з утвораных словазлучэнняў назоўнікавыя, а якія дзеяслоўныя (слайд 7).
Пр.124, с.73 (вусна па ланцужку) . Назваць, якое словазлучэнне: назоўнікавае ці дзеяслоўнае.
Работа з дошкай на адваротным баку. 1 вучань выконвае заданне за дошкай, астатнія на картках. Потым абмяняліся работамі ў парах і праверылі.
Заданне: знайсці словазлучэнні, падкрэсліць іх. Над дзеяслоўнымі паставіць дз., над назоўнікавымі наз.
Позняя восень, праз лес, блакітнае неба, чытаць кнігу, люблю край, я вучуся, узыход сонца, апошні ліст, вецер дзьмуў, дзьмуў з поўначы.
Праца ў групах (па радах). 3 вучні каля дошкі (на слайдзе 11 і ў кожнага на парце)
Заданне: З дадзеных слоў утварыце словазлучэнні. Дапасуйце ў родзе, ліку і склоне. Запішыце ў сшыткі
1 група | 2 група | 3 група |
Ззялі ў (трава) | Маленькі (гусяня) | Гул (рака) |
На (ясны) неба | Бачыцца ў (туман) | Віднеецца на (гарызонт) |
Родны (краі) | Пад маім (акно) | Напісана ў (кніга) |
Заве да (ты) | Магутная (дуб) | Сказаць (ты) |
Глядзіць (гучны) | Смачны (кніга) | Квадратныя (шарыкамі) |
З якіх слоў не атрымалася скласці словазлучэнні? Чаму?
Назавіце дзеяслоўныя і назоўнікавыя словазлучэнні?
Зварот да эпіграфа. Назваць і запісаць словазлучэнні. Зрабіць іх разбор і вызначыць, якія яны назоўнікавыя ці дзеяслоўныя.
Дзён – фанетычны разбор.
Работа з тэкстам “Восень” . Сінтаксічны разбор 1га сказа (1 вучань каля дошкі). Назваць ўсе словазлучэнні.+ 2 разбора па саставе. Якое слова ўжыта ў пераносным значэнні?
! Дыферэнцыраванае заданне на картках.
Пр. 130, с. 76 (вусна) + 2 сказы пісьмова
VII. Падагульняльна-рэфлексійны этап
Гутарка:
А цяпер мы можам адказаць на пастаўленыя ў пачатку ўрока пытанні?
Што вывучае сінтакіс?
Што называецца словазлучэннем?
Якое слова ў словазлучэнні з’яўляецца галоўным, а якое – залежным?
Што не з’яўляецца словазлучэннем? (слайд 12)
Гульня “Ручаёк”. Настаўнік называе слова, а вучні па чарзе падбіраюць да яго залежнае так, каб атрымалася словазлучэнне. Хто затрымаецца, той выбывае. Словы для гульні: працаваў ( старанна, у полі, на зямлі, дружна, актыўна, да сёмага поту, з задавальненнем), вучыўся ( у школе, у настаўніка, на токара, чытанню, з захапленнем, старанна), дзень (бясконцы, зімовы, незабыўны, халодны, перамогі)
Праверачны тэст (слайд 13). Кожны выконвае ў сшытку. Самаправерка
Адзначце словазлучэнні:
а) хадзіць і назіраць
б) на лясной паляне
в) хадзіць па лесе
г) наступіла восень
2) Адзначце дзеяслоўныя словазлучэнні:
а) люблю канікулы
б) позняя восень
в) захапляцца пейзажам
г) чырвоная рабіна
Адказ: 1 – б, в. 2 – а, в (слайд 14)
VIII. Дамашняе заданне: параграф 15, 16, пр. 132
IX. Рэфлексія (слайд 15)
Кожны вучань мае на парце 3 фішкі (чырвоная, жоўтая, зялёная). На слайдзе тлумачэнне. Выбірае адпаведную і піша на ёй сваё прозвішча. Пакідае на парце. Зялёная – я ўсё зразумеў (ла), у мяне ўсё атрымалася. Жоўтая – я ўсё зразумеў (ла), але ў мяне нешта не атрымалася, я ведаю што патрэбна для гэтага, у наступны раз я спраўлюся. Чырвоная – я не зразумеў (ла), я не справіўся (лася), мне патрэбна дапамога сябра або настаўніка.
Настаўнік : Закончыць наш урок мне хацелася б радкамі з верша Васіля Жуковіча “Чароўная мова”.
Гучы, беларуская мова, гучы!
Мой друг, сваю родную мову вучы,
Як вучаць кітайцы, японцы, палякі,
Як вучыць народ на планеце ўсялякі…
Хай вечна гучыць мілагучна і звонка
На мове чароўнай жывая гамонка!