4
Практыка-арыентаваныя заданні на ўроках
беларускай літаратуры як эфектыўны сродак грамадзянска-патрыятычнага выхавання
Прыярытэтнай задачай сістэмы адукацыі ў Рэспубліцы Беларуь з’яўляецца выхаванне грамадзяніна з унутранай патрыятычнай пазіцыяй і ўсведамленнем таго, што ён гаспадар на сваёй зямлі, запатрабаваны ў грамадстве, адказны за свой лёс і мае магчымасць для ўласнай рэалізацыі.
Вялікую ролю ў патрыятычным выхаванні школьнікаў адыграваюць урокі беларускай літаратуры. Галоўная мэта навучання прадмету – далучэнне вучняў да мастацтва слова ў кантэксце духоўнага і сацыяльна-гістарычнага жыцця народа і фарміраванне на гэтай аснове мастацкага мыслення, эстэтычных пачуццяў, чытацкай і маўленчай культуры, выхаванне чалавека з глыбокім гуманістычным і дэмакратычным светапоглядам, з развітым пачуццём нацыянальнай і асабістай самапавагі, патрыёта, адданага агульначалавечым ідэалам [1].
На ўроках беларускай літаратуры вучні чытаюць мастацкія тэксты, засвойваюць беларускую лексіку, знаёмяцца з культурай Беларусі, пашыраюць свае веды па гісторыі, геаграфіі, вучацца ўзаемадзейнічаць і вырашаць пастаўленыя перад імі задачы.
Аднак урок не дасягне сваіх мэт, калі вучні застануцца пасіўнымі, абыякавымі да вучэбнага матэрыялу. Сучасныя даследаванні ў педагогіцы і псіхалогіі паказваюць, што патрыятызм і грамадзянкасць фарміруюцца ў канкрэтных відах дзейнасці. Як адзначае ў сваіх даследаваннях кандыдат педагагічных навук Захарава С.М., асноўнымі праблемамі ў рэалізацыі грамадзянска-патрыятычнага выхавання з’яўляюцца недастатковая колькасць новых метадычных распрацовак, пасіўнасць удзельнікаў адукацыйнага працэсу, абмежаваны метадычны інструментарый і інш [2].
Актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў будзе спрыяць стварэнне на вучэбных занятках адпаведных сітуацый, выкарыстанне практыка-арыентаваных заданняў. Заданні павінны быць праблемнага і пошукавага характару, павінны прадугледжваць неабходнасць комплекснага прымянення ведаў і ўменняў вучняў, павінны стымуляваць засваенне вучнямі новых спосабаў мыслядзейнасці, г. зн. павінны быць кампетэнтнасна-арыентаванымі [3, с. 14].
Выхаванню любові да Радзімы, павагі да гісторыі і культурнай спадчыны беларускага народа могуць спрыяць наступныя практыка-арыентаваныя заданні:
Паслухайце песню “Мой родны кут, як ты мне мілы!” у выкананні ансамбля “Песняры”. Вазьміце інтэрв’ю ў сваіх аднакласнікаў, звярнуўшыся да іх з пытаннем: ці магла б гэтая песня стаць своеасаблівай візітнай карткай Беларусі. Аформіце вынікі інтэрв’ю пісьмова.
Праслухайце запісы песень “Спадчына”, “Слуцкія ткачыхі”, “Трэба дома бываць часцей”. Запішыце гэтыя песні на лічбавыя носьбіты, прапануйце аднакласнікам прагаласаваць у хіт-парадзе, каб вызначыць, якая песня на словы беларускіх паэтаў больш падабаецца сучасным падлеткам. Падумайце, чаму падлеткі зрабілі такі выбар.
Уявіце, што вам неабходна падрыхтаваць інформ-дайджэст для вучняў малодшых класаў “Багата, родная ты мова!”. Да якіх вершаў беларускіх паэтаў пра мову вы звернецеся?
Уявіце, што ў вашым класе наладзілі конкурс на стварэнне лепшага кластару па тэме “Грамадзянская лірыка”. Вы прымаеце ўдзел і перамагаеце. Намалюйце кластар, які прынёс вам перамогу.
Уявіце, што вы працуеце ў экскурсійным бюро і вам неабходна падрыхтаваць цікавы аповед пра паходжанне назвы возера Нарач. Якія творы беларускай літаратуры вы выкарыстаеце для сваёй працы?
Уявіце, што вы ствараеце постар, на якім адлюстроўваеце асноўную думку верша Алеся Казекі “Я – маленькая кропля з крыніцаў святых…”. Што вы напішаце на постары?
Уявіце, што работнік бібліятэкі звярнуўся да вас па дапамогу ў складанні каталога вершаў беларускіх паэтаў пра прыроду. Якія творы вы прапануеце для каталога? Абгрунтуйце свой выбар.
Перад прачытаннем казкі У. Караткевіча “Нямоглы бацька” раскажыце, чаму навучылі вас вашы бабулі і дзядулі.
Уявіце сябе кінааператарам, якому прапанавалі зняць невялікі фільм паводле верша А. Ставера “Жураўлі на Палессе ляцяць…”. Якія малюнкі прыроды лягуць у аснову вашага фільма? Якую музыку вы падбераце для суправаджэння фільма?
Уявіце, што вы працуеце мастаком у выдавецтве і вам прапанавалі праілюстраваць верш А. Пісьмянкова “Продкі” ў фармаце коміксу. Якія фрагменты верша вы праілюструеце?
Пасля прачытання верша П. Броўкі “Прысяга сэрцам” прыміце ўдзел у ток-шоу “5+”, выказаўшыся на тэму “Беларусь для мяне – гэта…”, прывядзіце не менш за 5 аргументаў.
Уявіце, што ў якасці дамашняга задання па інфарматыцы вы атрымалі заданне падрыхтаваць мультымедыйную прэзентацыю “Літаратурна-мастацкія сімвалы Беларусі”. Як вы выканаеце дамашняе заданне?
Выкарыстанне падчас вывучэння літаратурнага твора практыка-арыентаваных заданняў садзейнічае выпрацоўцы ўменняў і навыкаў, якія можна прымяняць у канкрэтных жыццёвых абставінах. Актуальнымі будуць і такія запатрабаваныя падлеткамі формы пазнання свету, як квэст, флэшмоб, чэлендж і інш. Напрыклад, можна прапанаваць прыняць удзел у квэсце “Знайдзі папараць-кветку, выканаўшы 10 заданняў па літаратурным творы”. Або прыняць удзел у флэшмобе, прачытаўшы калектыўна з аднакласнікамі верш. Або прыняць удзел у чэленджы, назваўшы аўтарскія і ўласныя эпітэты да слова “Радзіма”.
Сёння адным з актуальных напрамкаў рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу ўрока з’яўляецца выкарыстанне метапрадметнага мадэлявання жыццёвых сітуацый. Дзейсным у такім выпадку будзе выкарыстанне метаду ролевай гульні. На этапе абагульнення вывучанага мэтазгодна правядзенне такіх гульняў, як “Прафесія рэпарцёр”, “Экскурсійнае бюро”, “Віртуальная сустрэча”, “Паседжанне рэдкалегіі”, “YouTube-канал” і інш.
З мэтай выхавання любові да роднай прыроды ў курсе беларускай літаратуры шырока прадстаўлены творы пейзажнай лірыкі. Пры вывучэнні такіх твораў даволі дзейсным будзе выкарыстанне такіх практычных прыёмаў, як “Прачытай верш на камеру” (падрыхтаваць выразнае асэнсаванае чытанне твора для запісу на відэакамеру), “Лінгвістычны эксперымент” (прачытаць верш, апусціўшы эпітэты), “Пяціхвіліннае эсэ” (напісаць эсэ “Чым людзей прывабліваюць воблакі?”), “Рэстаўрацыя” (аднавіць верш пасля таго, як ён трапіў пад дождж), “Асацыяцыі” (падабраць асацыяцыі да паэтычнага вобраза), “5што” (падрыхтаваць для аднакласніка пяць пытанняў па ідэйна-тэматычным змесце твора, каб яны пачыналіся словам “што”), “Мікрафон” (выступіць па тэме “Аўтарскае і маё асабістае разуменне праблемы”), “Ліст-падзяка аўтару” (падрыхтаваць зварот да аўтара) і інш.
Удалы падбор дыдактычнага матэрыялу спрыяе развіццю кругагляду вучняў, пазнавальнай цікавасці да прадмета, выхоўвае пачуццё гонару за сваю Радзіму, любоў і павагу да культурнай і гістарычнай спадчыны народа. Менавіта пры арганізацыі такіх шматбаковых зносін на ўроку адбываецца ўзаемадзеянне ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, выхаваўчы патэнцыял ўрока становіцца дасягальным. Вучні актыўна працуюць, паспяхова выконваюць заданні, радуюцца свайму поспеху і поспеху іншых, вучацца жыць у суладдзі з грамадствам.
Спіс выкарыстаных крыніц
Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце “Беларуская літаратура” для V класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання.
Захарова, С.Н. Активные форм и методы гражданского воспитания школьников [Электронный ресурс]. / С.Н. Захарова. – Режим доступа: http://elib.bsu.by. – Дата доступа: 06.11.2022.
Метапредметный урок: проектирование и критерии оценки: материалы областного фестиваля методических разработок / сост. Д.В. Лустенкова. – Могилёв: МГОИРО, 2017. – 137 с.