Складаназалежныя сказы (тэст)
І варыянт
1.Адзначце сродкі сувязі частак складаназалежнага сказа: а) спалучальныя злучнікі; б) супраціўныя злучнікі; в) размеркавальныя злучнікі; г) падпарадкавальныя злучнікі; д) злучальныя словы.
2.Адзначце складаназалежныя сказы: а) У самае спакойнае лета лужкі перасыхалі зусім, і гразь камянела, трэскалася; б) Над маладзіком, які чырванеецца рожкамі ўгору, невысока блішчыць Венера; в) Нанач браўся туман, сіняваты, густы, як завараны крухмал; г) Над Прыпяццю сінее лес, адтуль нясе церпкім густым водарам; д) Выйшлі з двара надвячоркам, калі ўздоўж вуліцы наскрозь ружавеў ад сонца ўзняты каровамі пыл.
3.Адзначце складаназалежныя сказы, у якіх даданая частка знаходзіцца перад галоўнай: а) Каб нешта знайсці пачытаць, трэба было ехаць у раённы цэнтр; б) Калі я ўпершыню ляцеў на самалёце, пры пасадцы вельмі прасіў лётчыка праляцець скрозь воблакі; в) Гаварыць з Аркадзем было цяжка, нават балюча, хоць ніякай асабістай віны перад ім Багдан не адчуваў; г) Як толькі дзядзька адчыніў старыя, скрыпучыя дзверы, у гуменца хлынула маладое, румянае сонца; д) Бераг, на якім чарнела сцяна лесу, адыходзіў прэч, аддаляўся ўсё больш.
4.Адзначце адпаведнымі дужкамі межы даданых частак: а) Шум стаіць над лясістай дуброваю, нібы рада аб нечым ідзе; б) Бацькі былі ўсцешаны тым, што дзеці знайшлі сваю дарогу ў жыцці; в) Спелая гронка рабіны, нібыта гэта была раскошная кветка, заглядвала ў акно; г) Хоць вецер ужо заціх, але дрэвы яшчэ шумелі; д) Клімат і расліннасць, якія ўласцівы Беларусі сёння, устанавіліся тут каля дваццаці тысяч гадоў таму.
5.Адзначце сказы, у якіх слова што з’яўляецца злучнікам: а) Дзе ж тая скрыпка, што нас паланіла і ўсхвалявала нашыя сэрцы?; б) Нягледзячы на тое, што была позняя ноч, людзі яшчэ не спалі; в) За адзін дзень хлопец так змяніўся, што яго нельга было пазнаць; г) Я слаўлю дружбу, што здабыта цаной высокаю жыцця!; д) Звініць дзявочы голас, што ветрык гарэзлівы свішча.
6.Адзначце складаназалежныя сказы з даданай азначальнай часткай: а) Лес, дзе дрэвам суджана валіцца, не аплаквае сухія пні; б) Як мы не паверым чалавеку, што нам сябе пакінуў усяго; в) Паэт жыве ў народзе праз вякі, пакуль жыве яго ў народзе слова; г) Там красуе жыта і пшаніца, дзе была адвечная дрыгва; д) З тых дзён, як помню я сябе, помню і свайго дзеда.
7. Адзначце складаназалежныя сказы з даданай дапаўняльнай часткай: а) Хлопец убачыў, што на падводзе мужчына з белай павязкай на галаве; б) Увесь яго выгляд быў такі, быццам ён прыбег аднекуль; в) Яму неабходна было як найхутчэй трапіць сёння на той бераг ракі, каб апынуцца пад аховай лесу; г) Васілю было чутно, як б’ецца каля яго рукі Ганніна сэрца; д) І стала прасіць маладое насенне, каб вецер узяў яго з сабою і панёс у аблюбаваную далечыню.
8. Адзначце складаназалежныя сказы з даданай акалічнаснай часткай: а) Я ўспомніў, колькі ўжо мала засталося хвілінак з майго часу, і махнуў рукой; б) Стала на душы шчасліва ад таго, як добра музыка перадае нашы пачуцці; в) На купінах, каля пнёў, дзе каса не кранула травы, застылі мокрыя ад расы блакітныя званочкі; г) Стаю і слухаю, як у цішы зрываецца з галінкі спелы яблык; д) Дзе лозы ніцыя ў тумане журбу выплаквалі да дна, там адзінока на кургане стаяла стромкая сасна.
9.Расстаўце прапушчаныя знакі прыпынку, вызначце від даданай часткі: а) На вуліцы пасвятлела хоць ужо надыходзіў вечар ( ); б) Дзяўчына сядзела звесіўшы з абрыву босыя загарэлыя ногі і адзін за адным кідала ў ваду каменьчыкі якіх багата валялася на пясчаным беразе ( ); в) Лён дацвітае сваім бледна-дробненькім цветам што пры дарозе шчодра асыпаўся на пясок ( ); г) Некалі я лічыў што струны гэтай скрыпкі нават самі па сабе не могуць гучаць кепска ( ); д) Іван Іванавіч доўга стаяў ля акна пазіраючы ў цемру дзе шырока раскінулася велізарнае сузор’е агнёў горада потым падышоў да стала ( ).
10.Расстаўце прапушчаныя знакі прыпынку, зрабіце сінтаксічны разбор сказа:
Косцік пастаяў пачакаў пакуль Мікіта зноў пачаў касіць і пайшоў у хату забыўшыся пра ўсё.
Складаназалежныя сказы (тэст)
ІІ варыянт
1.Адзначце віды даданых частак, якія адносяцца да акалічнасных: а) даданая дапаўняльная; б) даданая мэты; в) даданая месца; г) даданая азначальная; д) даданая ўступальная.
2.Адзначце складаназалежныя сказы: а) У жніўні сярпы звіняць, камбайны гудуць, снапы покатам кладуцца; б) Макоўчык подбегам падаўся ў той бок, дзе была лагчына; в) Хмары не было відно, а грымоты набліжаліся; г) Пры конях, якіх мы паставілі ў зацішку за гумном, застаўся Ермакоў; д) Зямля, нібы белай коўдрай, пакрылася пушыстым снегам.
3.Адзначце складаназалежныя сказы, у якіх даданая частка знаходзіцца ў сярэдзіне галоўнай:
а) Кожнага чалавека варта паслухаць, калі ён расказвае пра сябе ды не надта выхваляецца, не хлусіць; б) Мірон хадзіў па хаце, кратаў пальцамі ўсё, што трапляла пад рукі, і думаў, думаў; в) Марыя Адамаўна завітала ў пакой, прайшлася між ложкаў, упэўнілася, што ўсе спяць, і прысела на Лізін ложак; г) Калі Рыгорка яшчэ толькі першы раз прыехаў да бабулі, яму было ўсяго тры гады; д) Кар’ер, да якога назаўтра накіраваліся юныя лыжнікі, знаходзіўся кіламетры за тры-чатыры ад вёскі, за ўзлессем.
4.Адзначце адпаведнымі дужкамі межы даданых частак: а) У мяне такое адчуванне, быццам на свет зноў нарадзіўся; б) Як ворану вышэй за арла не лятаць, так ворагу нашай зямлі не таптаць; в) У хаце, куды ўвайшоў Алёша следам за лесніком, стаяў густы змрок; г) Дзень за вокнамі хіліўся на вечар, хоць сонца яшчэ вісела над лесам; д) Хлопцы рушылі да трох хат, што стаялі крыху наводшыбе вуліцы.
5.Адзначце сказы, у якіх слова што з’яўляецца злучальным словам: а) Пасля я абследаваў усе пакоі ў другім крыле і пераканаўся, што схавацца там няма дзе; б) Былі такія ночы, што раса выпадала ўсюды і трымалася аж да ўсходу сонца; в) Па сцежачцы, што вілася ад лесу і бегла праз поле, павольна ішлі два чалавекі; г) Сёння нікога не здзіўляе, што за некалькі гадзін можна апынуцца на іншым кантыненце; д) Шызыя хвалі ходзяць па жытнёвых палетках, што нядаўна адкрасавалі і наліваюцца зернем.
6.Адзначце складаназалежныя сказы з даданай азначальнай часткай: а) Вадзім і Аляксей выйшлі з сабора і спыталі ў сівога дзядулі з кульбачкай, як трапіць у бліжэйшы ўнівермаг ; б) Трое хлапчукоў, якія вынеслі з двара папяровага змея з доўгім ільняным хвастом, застылі ў нерашучасці; в) Ходзіць па нашым краі пагалоска пра пана Заблоцкага, што жыў надта даўно, яшчэ за князем Дрыгайлам; г) Хутка ўсе даведаліся, што пажылы камандзір – бацька артысткі; д) Пайшоў Петрык пад тое дрэва, адкуль стук чуўся.
7. Адзначце складаназалежныя сказы з даданай дапаўняльнай часткай: а) Стаіш і чуеш, як пранікае птушыная песня ў сэрца, напаўняе яго радасцю; б) Чакаюць верасы і каласы, каб зноў дажджу напіцца; в) Ганну мала хвалявалі размовы, што раз-пораз ішлі ад розных людзей; г) Усё навокал так чыста, ш
то на душы становіцца святлей і радасней; д) У гэты момант пачулася, як зашоргалі па ржэўніку нечыя ногі.
8. Адзначце складаназалежныя сказы з даданай акалічнаснай часткай: а) Павінен жа нехта паслухаць, як смутна-тужліва зязюля кукуе на познім змярканні ў бары; б) Вясной, як забуяюць росы, зашуміць, загойдае калоссе; в) Ісціна, што няма нічога тайнага, была вядома вяскоўцам больш за ўсякую іншую; г) Калі ўзыходзіць сонца, тады пяе ўсход; д) Дзе чыгунка ішла чыстым полем, цягнік браў разгон.
9.Расстаўце прапушчаныя знакі прыпынку, вызначце від даданай часткі: а) Між алешын кустоў дзе пяе салавей і шуміць і грыміць срэбразвонны ручэй ( ); б) Жадалі госці шчыра часінаю такой каб шчасце было ў доме і мір і супакой ( ); в) І хоць наш клімат вельмі адрозніваецца ад афрыканскага страусам звыклым да цеплыні ён прыйшоўся даспадобы ( ); г) Калі дождж ашалеў не на жарт я ўжо стаяў ля акна і таропіўся ў шыбіну забыўшыся пра ўсё на свеце нават пра Рытку ( ); д) Сёння я прыехаў у горад каб знайсці свайго аднакласніка запрасіўшага мяне выступіць у школе ( ).
10.Расстаўце прапушчаныя знакі прыпынку, зрабіце сінтаксічны разбор сказа:
Я ехаў па дарозе роўнай прыгожай абсаджанай ліпамі дзе мне было знаёма кожнае дрэва і кожны куст.