Гуканне вясны
(Тэатралізаванае прадстаўленне ў чатырох дзеях)
Дзея 1
Бабуля сядзіць і вяжа. Дзеці бегаюць па крузе з папяровымі жавароначкамі ў руках і прыпяваюць.
Жавароначкі, прыляціце,
Зямлю-матухну абудзіце,
І дожджыкам напаіце.
Каб травічкі нарасціла,
Каб волікаў накарміла.
Бабуля. Дзеткі, а якую ж добрую песеньку вы спяваеце! Адкуль вы яе ведаеце?
Дзіця. У школе вывучылі.
Дзіця. І птушачак з паперы зрабілі.
Дзіця. Вясну будзем гукаць.
Бабуля. Так, дзеткі. Гэта даўні звычай. І я ў маладосці таксама вясну гукала. (Дзеці садзяцца ля бабулі.) Весела, шумна тады яе гукалі. У вёсках вясну гукалі аж тры разы! Першы раз – на Стрэчанне, потым – на другі дзень Вяльканца, і трэці раз – на Саракі. Упершыню вясну гукалі 15 лютага. Снегу тады было! Якая там вясна?! Зімна, маразы, завеі. А ці ж моладзь гэтым спужаеш?!
Дзея 2
Моладзь збіраецца на высокім месцы за вёскай.
1 гурт. Вясна наша вясёлая! Гу-у-у!
Развесялі зямлю, ваду! Гу-у-у!
2 гурт. Ой, вясна, вясна вясёлая.
Нарасці травы зялёнай. Гу-у-у!
3 гурт. Ідуць хлопцы гуляючы,
А дзеўкі – спяваючы. Гу-у-у!
Дзяўчаты (усе). Ну што, ідзём вясну гукаць!
Хлопцы (усе). Не. Ідзём зіму палохаць!
Хлопец. Дзеўкі, ёлку ўбірайце!
(Карагод. Дзяўчаты ўбіраюць ёлку цацкамі – папяровымі птукшачкамі.)
Хлопец. Тройчы вёску абнясём,
Зіму напалохаем.
Вясну пагукаем, пазавём!
Хлопец. Благаславі, Божа, на ўзгорачку сесці.
Вясну гукаці, лецейка адмыкаці, зіму замыкаці!
(Моладзь ідзе пад музыку з інструментамі абносіць вёску).
Дзяўчына. Ну што, замерзлі. Гайда да мяне грэцца. Хата вялікая. Месца хопіць усім. І прысмакі не забудзьцеся!
Дзея 3
Сялянская хата. Пад музыку хутка накрываюць стол абрусам, ставяць гаршочкі з рознымі стравамі.
Хлопец. Ну што, хлопцы, дзеўкі! За стол сядаем! Вясну ўслаўляем!
Дзяўчаты спяваюць.
Ой, вясна, вясна, вясняначка!
Ой, была, былы дачка Янячка!
Назбірала гаршочак з сырам,
Ды ўсіх хлопцаў запрасіла.
Дзяўчына (гаспадыня).
Ой, ешце, хлопцы, ды мачайце,
Вясну дужымі сустракайце!
Дзяўчына: Хто бульбы не з’еў, той галодны сеў.
Дзяўчына: Гора будзе ваша, калі перапрэе каша.
Дзяўчына: Не дорага ежка, дорага пацешка.
Хлопец. Смачны ў Янячкі квас!
Гайда ў карагод да нас!
Гульня “У карагодзе мы былі”. Хлопцы і дзяўчаты бяруцца за рукі і становяцца ў круг. У сярэдзіне яго адна пара, на шыі абодвух нізка абаранкаў. Удзельнікі карагода рухаюцца вакол іх, спяваючы такія словы, дзе кожны радок паўтараецца 2 разы:
У карагодзе мы былі. Ай, люлі, мы былі.
Каго вы там відзелі? Ай, люлі, відзелі!
Мы відзелі парачку. Ай, люлі, парачку.
Ванечку і Янячку (ці) Волеску і Вовачку?
Ты, парачка, патанцуй! Ай, люлі, патанцуй. (Пара, патанцаваўшы, абменьваецца прысмакамі. Іх месца займае другая пара.)
Пасля карагоду дзеці становяцца ў два рады і ў пераклічцы паўтараюць словы.
Усе (1 рад)
Прыйдзі, прыйдзі, вясна!
Прынясі, вясна!
Дзяўчына.
На зямліцу травіцу!
Хлопец.
На лясочак лісточак!
Дзяўчына.
Краскі на лужочак!
Усе (2 рад)
Прыйдзі, прыйдзі, вясна!
Прынясі, вясна!
Дзяўчына.
На травіцу расіцу!
Дзяўчына.
На ясны дзянёчак!
Хлопец.
Дзеўкам на вяночак!
Карагод “Вясна, вясна наставала”
Вясна, вясна наставала,
Снягі ў полі саганяла.
Ой, наставала, ой, саганяла.
Вясна, вясна вясёлая,
Кругом трава зялёная.
Ой, вясёлая, ой, зялёная.
Звесяліла землю, воду,
І мяне, мяне малоду.
Ой, землю, воду, ой, мяне малоду.
Дзяўчына: Благаславі, маці,
Вясну заклікаці!
Дзяўчына: Адамкнуць зямліцу,
Выпусціць травіцу!
Дзяўчына: На ранняе лета,
На буйнае жыта!
Усе: Прыйдзі, вясна-красна!
Прыйдзі, вясна-красна!
Дзея 4
Бабуля і ўнукі.
Бабуля. Вось так на Стрэчанне вясну гукалі. І пары там сустракаліся. З дзядулем вашым мы так і стрэціліся. Добры быў звычай вясну гукаць. Не забывайцеся пра яго, дзеткі. Шчаслівы той, хто продкаў паважае. Хто іх традыцыі, абрады адраджае!