Дзяржаўная ўстанова адукацыі
"Сярэдняя школа № 16 г. Барысава"
Двукроп’е ў бяззлучнікавым складаным сказе
( урок беларускай мовы ў 9-ым класе)
Настаўнік беларускай мовы
і літаратуры
Петручэня Н.І.
Тэма: Двукроп’е ў бяззлучнікавым складаным сказе.
Мэта : пазнаёміць вучняў з правіламі пастаноўкі двукроп’я ў бяззлучнікавых складаных сказах; фарміраваць уменне ўстанаўліваць сэнсавыя адносіны паміж часткамі бяззлучнікавых складаных сказаў;
Развіваць уменне выкарыстоўваць розныя сінанімічныя канструкцыі для перадачы аднаго і таго ж сэнсу; папаўняць слоўнікавы запас вучняў, удасканальваць вуснае маўленне;
стварыць умовы для выхавання беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя;
Ход урока
І Арганізацыйны момант
Добры дзень! Я рада вас бачыць. Сёння наш урок трошкі незвычайны, бо да нас завіталі госці, але як казалі старажытныя грэкі : “ Добры настрой – гэта палова перамогі”. Таму ўсміхніцеся адзін аднаму, прывітайце ўсмешкай нашых гасцей, і я вам жадаю сёння на ўроку атрымаць перамогу ў барацьбе за веды.
ІІ Лінгвістычная размінка
Урок мы пачынаем з лінгвістычнай размінкі, якая складаецца з двух этапаў
1 слайд. Арфаграфічная хвілінка.
Устаўце прапушчаныя літары,патлумачце іх правапіс.
Бя…злучнікавы, …каз, …вязаны, ра…тлумачыць, …’ўляецца, бе…памылковы, ра…казаць, ра…межаваць, …шытак, ра…дзяліць.
За правільны адказ – 1 бал
2 слайд. Пунктуацыйная хвілінка.
1 Праз хвіліну лесавік – праваднік зноў загаварыў пра сваё : “Наша Свіцязь ўсім азёрам возера.”
2 Вясна , кажуць, прыгожая ўсюды : і ў полі, і ў лесе, і ў горадзе.
3 Ісці па балоце было цяжка : мароз не паспеў яго скаваць.
Заданне:
1 Вызначце структуру сказаў;
2 патлумачце пастаноўку двукроп’я ў першым і другім сказах;
3 ці можаце вы патлумачыць пастаноўку двукроп’я ў трэцім сказе ?
ІІІ Новая тэма ўрока
Сфармулюйце тэму ўрока
3 слайд. Тэма ўрока
Двукроп’е ў бяззлучнікавым складаным сказе.
Якія задачы мы павінны рашыць на ўроку?
Выясніць умовы пастаноўкі двукроп’я ў БСС;
Умець тлумачыць пастаноўку двукроп’я ў БСС;
Удасканальваць пунктуацыйныя навыкі;
-
ІV Тлумачэнне новага матэрыялу
Вернемся да трэцяга сказа
4 слайд.
[ Ісці па балоце было цяжка] :[ мароз не паспеў яго скаваць.]
На што ўказвае другая частка сказа? Пабудуйце схему гэтага сказа.
5 слайд.
Чаму ? Прычына
[ ] : [ ]
6 слайд.
[ І неспадзявана адбылося незвычайнае] :[ ціхая, нявідная, у жнівеньскім росквіце рабіна заружавела, зазырчэла яркім полымем агністых гронак.]
Якая роля другой часткі БСС? Пабудуйце схему сказа.
7 слайд.
а іменна Паясненне
[ ] : [ ]
8 слайд.
[ Паглядзеў на неба] :[ шэрыя воблакі нізка навіслі над зямлёй.]
Якая роля другой часткі БСС? Пабудуйце схему сказа.
9 слайд
І ўбачыў, што
І пачуў , што
І адчуў, што Дапаўненне
[ ] : [ ]
Пытанне: якую новую інфармацыю нясуць наступныя схемы?
10 слайд.
1 [ 1ч.] : [ 2 ч. прычына ] [ ] , ( таму што , бо )
2 [ 1 ч. ] : [ 2 ч. дапаўненне] [ ] , ( што )
Адказ: БСС можна замяніць сінанімічным СЗС.
11 слайд
1 Ісці па балоце было цяжка : мароз не паспеў яго скаваць.
2 Паглядзеў на неба : шэрыя воблакі нізка навіслі над зямлёй.
1 Ісці па балоце было цяжка , таму што мароз не паспеў яго скаваць.
2 Паглядзеў на неба і ўбачыў, што шэрыя воблакі нізка навіслі над зямлёй.
V Замацаванне матэрыялу.
1 Тэарытычны матэрыял.( стар. 142 – 143 )
2 Практ. 132
У табліцу запісаць нумары сказаў адпаведна ўмовам пастаноўкі двукроп’я ў БСС .
12 слайд
І - прычына | ІІ - паясненне | ІІІ – дапаўненне |
[ ] : [ ] чаму № 1 ,3 | [ ] : [ ] а іменна № 2 | [ ] : [ ] І ўбачыў, што № 4 |
Правільны адказ – 2 балы.
3 Перабудуйце СЗС у БСС і патлумачце пастаноўку двукроп’я ў БСС.
13 слайд.
?
[ ] , ( ) [ ] : [ ]
1 Барвовае полымя шыбае ўверх роўна , бо ў густым бярэзніку не праймае вецер.
2 Я чую , як пахне смаловае вецце, як стукае дзяцел па звонкай сасне.
3 Сумна на полі ў жніўні , бо ўбрана збажына , пажоўк бульбоўнік.
4 Фізкультхвілінка.
Паслухайце складаныя сказы, вызначце БСС.
1 Бярозы ў шэрані сівеюць, палі бялеюць, як паркаль.
2 Сцежка то вузее, то зусім знікае ў сумётах.
3 Заснулі дрэвы ў пухавых аснежаных уборах, і чыстым золатам на іх ліюцца ціха зоры.
4 Падаў першы снег , весела мітусіліся ўвішныя сняжынкі.
5 Усё было пакрыта снегам : і дрэвы, і палі, і стрэхі дамоў.
6 Цісне мароз, на рэчцы страляе лёд, завея снегам сыпле ў твар – гэта зіма лютуе.
7 Прырода паступова ўбіралася ў бель і на вачах прыгажэла , бо зіма хавала пад снегам увесь зямны бруд.
8 Знаёмыя гукі і пахі поўнілі ранак : лёгкі шоргат сняжынак , шэры слупок дыму над страхою, звон вёдзер каля студні, водар свежага снегу.
9 Прыціснуў мароз , і рака заснула да самай вясны.
10 Цісне сухі, скрыпучы марозік, усюды ляжаў глыбокі роўны снег.
5 Пунктуацыйная пераклічка.
Настаўнік чытае БСС з першай групы, вучні вызначаюць умовы пастаноўкі двукроп’я і знаходзяць аналагічны прыклад з другой групы.
14 слайд.
1 Звыклыя гукі напаўнялі лясны гушчар : у галлі заварушылася сонная птаха, бязгучна мільганула сава. 2 Паглядзеў на неба : яно было сухое , белае , абяцала гарачы дзень. 3 Як позна ліпы сёлета цвітуць : было так доўга холадна і хмарна. | 1 Ні адной галінкі не зламаю : на зямлі павінна ўсё цвісці. 2 Усё было па – ранейшаму : шумеў лес , нізка плылі над зямлёю хмары. 3 Мы адчулі : цішыня зрабілася насцярожанаю. |
Адказ: 1 – 2; 2 – 3; 3 – 1;
За правільны адказ – 3 балы.
5 Развіццё мовы.
Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Устаўце прапушчаныя літары і расстаўце знакі прыпынку. Графічна растлумачце знакі прыпынку ў БСС.
15 слайд.
Лес зімой падобны да казкі. Прыслухайцеся дзесьці недалёка звіняць л…сныя званочкі. Вы не чуеце іх ? Не хвалюйцеся. Наведаецца ветр…к і зноў задзін…каюць званочкі. Смела ідзіце гэтыя званочкі не знікнуць. Пад…дзіце бліж…й і ўбачыце лісце вымытае снегам і загартаванае марозам. Яно вісіць на тонкіх нітачках і пры кожным дотыку ветр… звініць.
За правільны адказ – 4 балы.
16 слайд.
Лес зімой падобны да казкі. [ Прыслухайцеся ] : [ дзесьці недалёка звіняць лясныя званочкі.] Вы не чуеце іх ? Не хвалюйцеся. Наведаецца ветрык і зноў задзінькаюць званочкі. [ Смела ідзіце] : [ гэтыя званочкі не знікнуць.] Падыдзіце бліжэй - і ўбачыце лісце , вымытае снегам і загартаванае марозам. Яно вісіць на тонкіх нітачках і пры кожным дотыку ветру звініць.
6 Тэставае заданне.
Адзначце сказы, у якіх паміж сэнсава – граматычнымі часткамі патрэбна паставіць двукроп’е.
17 слайд.
1 Серабрацца невялікія звілістыя рэчкі звіняць сцюдзёныя крыніцы.
2 Падарожны прыслухаўся у зімовым лесе ні гуку.
3 Шмат снегу шмат хлеба.
4 Не праспі зіму ў пасцелі за зімой ідзе вясна.
5 Зіма снежная лета дажджлівае.
За правільны адказ – 3 балы.
Адказ – 2 , 4.
6 Творчае заданне
На дошцы размешчаны малюнкі прыроды.
Заданне : разгледзьце малюнкі, выкажыце сваё ўражанне, ужываючы БСС ( 2 – 3 сказы )
Зімою ў лесе прыгожа : усё пакрыта снегам, нерухома стаяць велічныя дрэвы.Мароз моцна скаваў зямлю , у паветры кружацца рэдкія сняжынкі.Да лесу падысці цяжка : дарога знікла пад тоўстым пластом снегу.Глядзіш на гэту прыгажосць – і атрымліваеш задавальненне.
VI Абагульненне матэрыялу.
Абагульненне правядзём у форме гульні “ Так ці не “. Адзначце правільнае сцвярджэнне ( так – картка сіняга колеру, не – картка жоўтага колеру)
1 Складаныя сказы, у якіх сэнсава – граматычнае ўзаемадзеянне наладжваецца з дапамогай інтанацыі, называюцца бяззлучнікавымі. ( Так )
2 Знакі прыпынку ў БСС не залежаць ад сэнсава – граматычных адносін паміж часткамі. (Не )
3 Двукроп’е паміж часткамі ў БСС ставіцца, калі другая частка ўдакладняе , раскрывае змест першай . ( Так)
4 Кропка з коскай паміж часткамі ў БСС ставіцца, калі часткі развітыя, маюць свае знакі прыпынку і вызначаюцца адноснай самастойнасцю. (Так )
5 Двукроп’е паміж часткамі ў БСС ставіцца, калі першая частка раскрывае прычыну таго , пра што гаворыцца ў другой частцы. ( Не )
6 Коска ставіцца паміж часткамі ў БСС, калі часткі разнатыпныя, нераўназначныя, адна частка ўдакладняе або паясняе другую.( Не )
7 Двукроп’е паміж часткамі ў БСС ставіцца, калі другая частка дапаўняе першую, развіваючы дзеяслоў – выказнік. ( Так )
VII Выстаўленне адзнак.
VIII Рэфлексія.
ІХ Дамашняе заданне.
§ 28, практ. 134 ці напісаць міні – сачыненне “ Любімая пара года”, ужываючы БСС.