Урок – спаборніцтва па прадмету “Чалавек і свет” у
2 класе на тэму “Свет жывёл” (абагульняючы ўрок).
настаўніца Супрановіч Т.В.
Мэта: выпрацаваць умовы для абагульнення і сістэматызацыі ведаў вучняў пра жывёл роднага краю, садзейнічаць актуалізацыі патрэбнасці ў гуманным стаўленні да жывёл, усведамленні вучнямі, што ў прыродзе няма карысных і шкодных жывёл.
Задачы: пашырыць веды другакласнікаў пра жывёл, іх разнастайнасць; садзейнічаць развіццю ўмення распазнаваць і апісваць жывёл, тлумачыць асаблівасці іх будовы ў сувязі з ладам жыцця, тлумачыць і ўстанаўліваць сувязі ў прыродзе; падтрымліваць цікавасць да вывучэння звяроў.
1. Арганізацыйны момант.
- Я хачу пажадаць … ( вучні паварочваюцца адзін да другога тварам і жадаюць паспяховай і цікавай працы на ўроку).
2. Уводзіны ў тэму, мэта ўрока.
- Сёння вас чакае цікавы ўрок-спаборніцтва, на якім вы будзеце гуляць, разам шукаць і знаходзіць адказы на цікавыя пытанні, задаваць іх, практыкавацца ў кемлівасці, спаборнічаць у выкананні розных заданняў.
( Вучні дзеляцца на 2 каманды, даюць ім назвы, напрыклад “Вавёрачка” і “Сінічка”).
3. Праца па сістэматызацыі і замацаванні ведаў.
Першае выпрабаванне “Кемлівасць”.
1) Гульня “Назаві чацвёртае”.
Барсук, зубр, балотная чарапаха…(любую жывёлу,занесеную ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь).
Лімонніца, конік, муравей…(любое насякомае).
2) Гульня “Хто лішні”.
-Назаві лішнюю жывёлу ў кожным радзе і растлумачце свой выбар.
Барсук, мядзведзь, заяц-русак, воўк. (Заяц-русак як
раслінаедная жывёла).
Заяц, лось, ліса, мыш. (Ліса як драпежнік).
Вуж, трытон, гадзюка, яшчарка. (Трытон як земнаводнае, астатнія – паўзуны).
Заяц, вавёрка, рысь, дзяцел. (Дзяцел як птушка).
Качка, лебедзь, гусь, бусел. (Бусел як невадаплаўваючая птушка).
Буры мядзведзь, зубр, бабёр, вярблюд. ( Вярблюд- на тэрыторыі Беларусі яго няма).
3) Галаваломка “Пераўтварэнні”.
(На выкананне даецца 2 хвіліны. Прачытайце словы, замяніце ў іх адну літару так, каб атрымалася назва жывёлы, заданне даецца на картках 2 камандам аднолькавае).
Ліда - … (ліса); палка -… (галка); барана -… (варона);
сон –…(сом); паяц –…(заяц); ліст –…(ліса); бук-…(жук).
Фізкультхвілінка для вачэй.
Другое выпрабаванне ”Хто трапны?”
1). Гульня “Пазнай па прыкметах”.
1. Вялікі, рыжы, любіць мёд, рыбу – гэта…(мядзведзь).
2. Рыжая, прыгожая, хітрая, любіць мышэй, зайцаў- гэта…(ліса).
3. Вынослівы, клапатлівы, зубасты, шэры, драпежнік –гэта…(воўк).
4. Шэры, белы, труслівы, асцярожны, любіць моркву, кару асінкі – гэта… (заяц).
5. Пушыстая, любіць арэшкі, грыбы – гэта…(вавёрка).
6. Чырвоны клюў і ногі, доўгія, чорна-белае апярэнне, жабы – гэта… (бусел).
7. Верх чорны, ніз – белы, доўгі вільчаты хвост, харчуецца насякомымі, якія лятаюць у паветры – гэта…(ластаўка).
8. Доўгі нос, маленькія вочкі, кароткія ножкі, не баіцца гадзюк – гэта…(вожык).
Трэцяе выпрабаванене “Шукай сувязі”.
1). Гульня “ Таму, што… “
(Раздаюцца карткі, на якіх запісаны пачатак аднаго ці двух сказаў, вучні павінны закончыць іх).
1. Вавёрка хутка скача з галінкі на галінку таму, што у яе… .
2. Зайца-беляка не бачна зімою на снезе таму, што…
3. У ваўка доўгія, моцныя ногі, таму ён… .
4. Рапуха робіць скачкі значна далей, чым жаба таму, што у яе… .
5. У сініцы цэпкія доўгія лапкі, таму яна… .
2). Гульнявое заданне” Знайдзі прапушчанае”.
(Заданне выконваецца на дошцы 2 прадстаўнікамі ад кожнай каманды).
1. Асінка - … - воўк; сасна – караед - … .
2. Жолуд – мыш - …; расліна – камар - … .
3. Расліна – гусень – рапуха - …; капуста - … -жаба.
Фізкультхвілінка “Пантаміма звяроў”.
3). Бліцвіктарына.
1. Колькі ног у жужаля? (6).
2. Жывёлы, якія пакрыты луской і сліззю, маюць плаўнікі, дыхаюць пры дапамозе жабраў – гэта…? (Рыбы).
3. Якая птушка выводзіць птушанят зімою? (Крыжадзюб).
4. Якога жука называюць сябрам агарода? (Жужаля).
5. Якая птушка злосны вораг мышэй? (Сава).
6. З якім дрэвам “дружаць” зайцы, ласі, бабры? (Асіна).
7. Якая птушка нашых лясоў мае самы цікавы клюў?
(Крыжадзюб).
8. У якой птушкі цікавае размяшчэнне пальцаў на нагах: два – уперадзе, два – назад? (У дзятла).
4. Падвядзенне вынікаў урока.
(Падводзяцца вынікі спаборніцтва, падлічваецца колькасць набраных кожнай камандай кружкоў).
5. Рэфлексія.
- Што больш за ўсё спадабалася на ўроку?
-Што больш за ўсё здзівіла?
-Што вы хочаце сказаць адзін аднаму?
-Якую б жывёлу вы нарысавалі б на агульным малюнку?
-Які настрой у вашай жывёлы? – Чаму?
6. Дамашняе заданне.
Адказаць на пытанні рубрыкі “Правер сябе” (с 109-110 вучэбнага дапаможніка).