| ЗАЦВЕРДЖАНА Пастанова Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь 21.06.2016 № 49 |
Вучэбная праграма інтэграванага вучэбнага курса «Уводзіны ў школьнае жыццё» для I клаcа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання і выхавання
ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА
Пачатак навучання на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляецца найважнейшым этапам у развіцці дзіцяці. Вучню трэба прывыкнуць да зменаў у рэжыме дня і распарадку вучэбных заняткаў ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі, навучыцца мець зносіны і ўзаемадзейнічаць з настаўнікамі і аднакласнікамі, асвоіць новую для яго дзейнасць – вучэбную.
Найбольш складанымі для ўсіх вучняў з’яўляюцца першыя тыдні навучання, таму ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі ствараюцца асаблівыя ўмовы для арганізацыі адукацыйнага працэсу ў першапачатковы перыяд навучання.
Інтэграваны вучэбны курс «Уводзіны ў школьнае жыццё» праводзіцца ў верасні ў рамках агульнай колькасці вучэбных гадзін, прадугледжаных тыпавым вучэбным планам для арганізацыі адукацыйнага працэсу ў I класе.
На вывучэнне курса вылучаецца 60 вучэбных гадзін, якія размяркоўваюцца раўнамерна – па 3 гадзіны ў дзень на працягу першых 20 вучэбных дзён.
Роля інтэграванага вучэбнага курса «Уводзіны ў школьнае жыццё» абумоўлена яго функцыянальным прызначэннем – адаптацыяй, развіццём і дыягностыкай. Паступовае ўключэнне вучняў у адукацыйны працэс забяспечвае паспяховасць прыстасавання арганізма дзіцяці да новых умоў жыццядзейнасці. Курс закладвае аснову для развіцця вучняў – актывізуе адвольнасць псіхічных працэсаў і іх уласцівасцяў (мыслення, памяці, увагі, успрымання, уяўлення), самарэгуляцыю паводзін, спрыяе фарміраванню элементарных агульнавучэбных уменняў і навыкаў, засваенню спосабаў вучэбнага ўзаемадзеяння. Змест вучэбных заданняў дазваляе педагогу ў гульнявой форме правесці дыягностыку асаблівасцей індывідуальнага развіцця вучняў, вызначыць іх гатоўнасць да засваення зместу вучэбных прадметаў, якія будуць вывучацца пасля заканчэння курса «Уводзіны ў школьнае жыццё».
Асноўная мэта курса «Уводзіны ў школьнае жыццё» – стварэнне аптымальных умоў для паспяховай адаптацыі вучняў І класа да навучання ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі.
Дасягненне мэты ажыццяўляецца за кошт рашэння наступных задач:
развіццё вучэбнай матывацыі, фарміраванне станоўчых эмацыянальна-каштоўнасных адносін да школы, навучання і новай сацыяльнай ролі «вучня»;
дыягностыка, падтрымка і развіццё індывідуальнасці вучня, актывізацыя успрымання, увагі, уяўлення, памяці, мыслення, развіццё сенсаматорных навыкаў;
засваенне асноўных форм узаемадзеяння з настаўнікам і аднакласнікамі ў працэсе ажыццяўлення вучэбнай дзейнасці, развіццё навыкаў зносін і навучальнага супрацоўніцтва;
фарміраванне элементарных агульнавучэбных уменняў, навыкаў і спосабаў дзеяння, засваенне найпрасцейшых прыёмаў самакантролю і самаацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці.
Рашэнне пастаўленых задач забяспечвае дасягненне вучнямі асобасных і метапрадметных вынікаў.
Асобасныя вынікі ўключаюць адаптацыю вучняў да новых умоў навучання на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі, прыняцце і засваенне сацыяльнай ролі вучня, праяўленне цікавасці да атрымання новых ведаў і засваення новых спосабаў дзеяння, жаданне вучыцца, прыняцце правілаў школьнага жыцця і іх выкананне, гатоўнасць да засваення вучэбных прадметаў і пераадоленне цяжкасцей у працэсе навучання.
Метапрадметныя вынікі ўключаюць засваенне вучнямі элементарных агульнавучэбных уменняў і навыкаў (вучэбна-дзейнасных, вучэбна-арганізацыйных, вучэбна-інтэлектуальных, вучэбна-інфармацыйных, вучэбна-камунікатыўных) як састаўной часткі ўніверсальных вучэбных дзеянняў.
Вучні набываюць першапачатковы вопыт ажыццяўлення вучэбнай дзейнасці: прымаюць ад настаўніка вучэбна-практычную задачу; назіраюць і аналізуюць прадметы навакольнага свету з мэтай выдзялення іх істотных прыкмет; вылучаюць сістэму арыенціраў – вучацца арыентавацца ў прасторы, на старонцы вучэбнага дапаможніка і лісце (без разліноўкі і з разліноўкай у клетку і лінейку); удзельнічаюць у пабудове арыенціровачнай асновы вучэбных дзеянняў, плануюць паслядоўнасць выканання асобных аперацый, засвойваюць рацыянальныя прыёмы запамінання вучэбнага матэрыялу; прытрымліваюцца пакрокавай інструкцыі пры выкананні вучэбнага задання; кантралююць сваю дзейнасць і ацэньваюць яе вынік па зададзеных крытэрыях.
Пры арганізацыі вучэбнага дня і вучэбных заняткаў курса «Уводзіны ў школьнае жыццё» варта ўлічваць узроставыя асаблівасці вучняў. Дзіця шасцігадовага ўзросту хутка стамляецца, працэсы ўзбуджэння ў яго пераважаюць над працэсамі тармажэння. Вучань стамляецца ад статычнай паставы, яму цяжка сядзець за партай нерухома. Узроставыя асаблівасці вучняў І класа патрабуюць стварэння для іх асаблівых умоў навучання.
Адукацыйны працэс арганізуецца такім чынам, каб вучань меў магчымасць рухацца, перамяшчацца па класе, адпачываць ад статычнай паставы. Правільная пасадка вучня за партай неабходна толькі ў час выканання пісьмовых заданняў.
На ўроках чаргуюцца розныя віды дзейнасці, выкарыстоўваюцца разнастайныя формы арганізацыі вучэбнай дзейнасці вучняў, у тым ліку вучэбная работа ў парах і групах, калектыўная і індывідуальная творчасць навучэнцаў. Ствараюцца сітуацыі для арганізацыі вучэбнага дыялогу: вучні задаюць адзін аднаму пытанні, каменціруюць адказы аднакласнікаў. Забяспечваецца знаёмства вучняў з разанастайнымі формамі кантрольна-ацэначнай дзейнасці: самакантролем і самаацэнкай, узаемакантролем і ўзаемаацэнкай, кантролем і ацэнкай з боку настаўніка.
Курс «Уводзіны ў школьнае жыццё» прадугледжвае шырокае выкарыстанне нагляднасці, займальнага матэрыялу, дыдактычных гульняў і практыкаванняў гульнёвага характару. Гульнёвая сітуацыя павінна быць непасрэдна звязана з вучэбным матэрыялам урока. Метады і прыёмы навучання павінны спрыяць актывізацыі пазнавальнай дзейнасці, самастойнасці вучняў, падтрымліваць іх адвольную ўвагу.
Паспяховасць адаптацыі вучняў І класа да навучання ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі забяспечваюць асноўныя педагагічныя ўмовы, якія неабходна стварыць пры вывучэнні курса: рэалізацыя індывідуальнага падыходу да вучняў; арганізаваны пачатак вучэбнага дня (ранішняя сустрэча, зарадка і інш.); выкананне асноўных рэжымных момантаў у структуры вучэбнага дня (дынамічныя перапынкі, фізкультхвілінкі і інш.); чаргаванне форм арганізацыі вучэбнай дзейнасці; здароўезберагальны рэжым вучэбнай нагрузкі на ўроку; спалучэнне гульнёвых і вучэбных матываў дзейнасці; засваенне спосабаў ажыццяўлення вучэбнай дзейнасці; навучанне на змястоўна-ацэначнай аснове без выкарыстання адзнак.
ЗМЕСТ ВУЧЭБНАГА КУРСА
Змест урокаў інтэграванага вучэбнага курса «Уводзіны ў школьнае жыццё» складае комплекс гульняў і практыкаванняў развіваючага характару, накіраваных на актывізацыю ўспрымання, уяўлення, памяці, адвольнай увагі, разумовых аперацый, выпрацоўку сенсаматорных навыкаў, знаёмства з правіламі школьнага жыцця, засваенне агульнавучэбных уменняў і навыкаў, спосабаў пазнавальнай дзейнасці.
Рэалізацыя названых мэт дасягаецца ў выніку засваення наступнага абагульненага зместу адукацыі.
Раздзел «Правілы школьнага жыцця»
Знаёмства з установай агульнай сярэдняй адукацыі (экскурсія). Школьныя памяшканні, іх прызначэнне. Праца дарослых ва ўстанове адукацыі. Знаёмства з прафесіяй настаўніка.
Вучэбны клас. Абавязкі дзяжурных па класе. Выкананне найпрасцейшых даручэнняў настаўніка па падтрыманні парадку ў вучэбным памяшканні.
Правілы паводзін у школьнай сталовай, бібліятэцы, спартыўнай зале, актавай зале. Абавязкі дзяжурных у сталовай.
Правілы паводзін вучня на ўроку і перапынку. Правілы школьнага прывітання. Знаёмства з правіламі: «Калі адказвае адзін вучань, усе слухаюць», «Гатовы да адказу – падымі руку», «Вучань адказвае стоячы», «У адказ на словы прывітання вучні моўчкі ўстаюць», «У пачатку і канцы кожнага ўрока вучні стоячы вітаюць настаўніка».
Увядзенне знакаў «Паднятая рука», «Забарона паднятай рукі», «Адказ хорам», «Работа ў пары», «Праблема», «Пастка».
Знаёмства з вучэбнымі прадметамі, якія трэба будзе вывучаць пасля завяршэння курса «Уводзіны ў школьнае жыццё».
Сімвалічнае прысвячэнне дзяцей у вучні.
Раздзел «Спосабы арганізацыі вучэбнай дзейнасці. Агульнавучэбныя ўменні і навыкі»
Практычнае знаёмства з прызначэннем асноўных вучэбных прыналежнасцей і правіламі іх выкарыстання. Падрыхтоўка неабходных вучэбных прыналежнасцей і рабочага месца да ўрока (пад кіраўніцтвам настаўніка). Падтрыманне парадку на рабочым месцы. Засваенне рацыянальных спосабаў размяшчэння на парце вучэбных прыналежнасцей, іх збору пасля выканання вучэбнага задання і пасля ўрока.
Засваенне ўменняў збіраць партфель (ранец) і падтрымліваць у ім парадак (калі вучэбныя прыналежнасці захоўваюцца ў партфелі або ранцы).
Арыенціроўка ў вучэбным дапаможніку на аснове выкарыстання нумарацыі старонак або ўмоўных абазначэнняў новага вучэбнага дня (сонейка) і новага ўрока (званок). Арыенціроўка на старонцы вучэбнага дапаможніка. Пошук вучэбнага задання на старонцы вучэбнага дапаможніка.
Планаванне дзейнасці: прыняцце мэты, адбор сродкаў для выканання вучэбнага задання; вызначэнне паслядоўнасці дзеянняў.
Спосабы кантролю і ацэнкі дзейнасці. Знаёмства з найпрасцейшымі формамі самакантролю і самаацэнкі. Крытэрыі для ацэнкі выкананай работы: правільнасць (без памылак), адпаведнасць узору.
Выкарыстанне знакаў «+», «–», «?» для фіксацыі вынікаў кантрольна-ацэначнай дзейнасці. Лінеечкі самаацэнкі.
Узаемаправерка і ўзаемаацэнка вучнямі выкананай работы.
Суаднясенне вынікаў самаацэнкі, узаемаацэнка з ацэнкай настаўніка.
Удзел у падвядзенні вынікаў кожнага этапу ўрока. Рэфлексіўны аналіз вучэбных дзеянняў па пытаннях настаўніка: «Чаму навучыліся, выконваючы гэта практыкаванне (гэтыя заданні)?», «Пра што даведаліся?», «Што паўтарылі?», «Што зацікавіла?», «Ці дасягнулі пастаўленай мэты (адказалі на пытанне)?», «Які вынік атрымалі?» і інш.
Асэнсаванне вынікаў дзейнасці ў канцы ўрока. Калектыўны вучэбны дыялог з працягам выказванняў: «Сёння на ўроку я навучыўся ...», «На ўроку я даведаўся (зразумеў), што ...», «У мяне атрымалася ...», «Я змог ...», «Мне вельмі спадабалася заданне ...», «На ўроку мне было лёгка (цяжка) ...» і інш.
Раздзел «Спосабы арганізацыі вучэбнага супрацоўніцтва»
Правілы вучэбнага супрацоўніцтва: дагавор аб размеркаванні работы, добрасумленнае выкананне работы для атрымання агульнага выніку, ацэнка ўкладу кожнага члена групы, справаздача аб праведзенай рабоце.
Работа ў пары. Размеркаванне роляў для работы ў пары. Уменне дамовіцца аб выкананні агульнага задання. Узгадненне крытэрыяў для ацэнкі. Узаемакантроль і ўзаемаацэнка выкананай работы.
Работа ў групе. Размеркаванне роляў і абавязкаў у групе. Адказнасць кожнага за агульны вынік дзейнасці. Ацэнка свайго ўкладу ў агульны вынік. Правілы справаздачы групы.
Удзел у вучэбным дыялогу: уменне ставіць пытанне, будаваць адказ, абменьвацца рэплікамі, шукаць доказы (тлумачыць). Уменне элементарна абгрунтоўваць выказванне.
Арганізацыя міжгрупавога ўзаемадзеяння. Вучэбны дыялог паміж парамі і групамі.
Культура ўзаемадзеяння. Правілы вырашэння канфліктаў.
Раздзел «Спосабы пазнання навакольнага свету. Актывізацыя псіхічных працэсаў»
Арыенціроўка ў прасторы.
Паняцці «права», «лева», «верх», «ніз».
Арыенціроўка на лісце без разліноўкі: цэнтр ліста, правы верхні вугал, правы ніжні вугал, левы верхні вугал, левы ніжні вугал. Размяшчэнне прадметаў на лісце ў адпаведнасці з названымі арыенцірамі.
Арыенціроўка на лісце з разліноўкай у клетку. Маляванне фігур па клетках. Графічная дыктоўка.
Арыенціроўка ў клетцы: цэнтр клеткі, правы верхні вугал, правы ніжні вугал, левы верхні вугал, левы ніжні вугал.
Арыенціроўка на лісце з разліноўкай у лінейку. Рабочы радок. Верхняя і ніжняя лініі рабочага радка. Нерабочы радок (міжрадковая прастора). Размяшчэнне элементаў літар у рабочым радку.
Узаемаразмяшчэнне прадметаў у прасторы. Паняцці «за», «перад», «на», «пад». Размяшчэнне прадметаў па вызначаным парадку (правілу).
Злучэнне кропак па правілу з выкарыстаннем лінейкі і без лінейкі.
Развіццё ўспрымання, уяўлення, увагі.
Развіццё зрокава-прасторавага ўспрымання і зрокава-маторнай каардынацыі.
Развіццё навыкаў успрымання формы, велічыні і колеру. Фарміраванне зрокавых уяўленняў аб прадметах і з’явах рэчаіснасці.
Засваенне спосабаў абследавання прадметаў: успрыманне прадмета ў цэлым; вылучэнне асноўных частак, дробных дэталей і суадносін паміж імі; знаходжанне адметных прыкмет.
Засваенне прыёму назірання. Разглядванне прадметаў навакольнага свету ў адпаведнасці з прапанаванай мэтай. Вылучэнне прыкмет (уласцівасцей) прадметаў.
Назіранне і эксперыментаванне з захаваннем колькасці вадкасці. Назіранне за эфектам зрокавага «памяншэння» і «павелічэння» вады пры яе пераліванні ў шырокую і вузкую пасудзіны.
Назіранне і эксперыментаванне з захаваннем колькасці рэчыва (на прыкладзе пластыліну).
Назіранне і эксперыментаванне з захаваннем колькасці прадметаў лічэння.
Развіццё творчага ўяўлення. Маляванне на зададзеную тэму і па ўласнай задуме. Прарысоўванне дэталей у сітуацыі выбару аднаго з прапанаваных варыянтаў. Лепка па задуме і ўзоры. Канструяванне з геаметрычных фігур па задуме і ўзоры. Фантазіраванне (складанне расказаў).
Развіццё адвольнай увагі. Трэніроўка пераключэння і размеркавання ўвагі.
Засваенне прыёмаў лагічнага мыслення.
Засваенне прыёму параўнання: вылучэнне прыкмет (уласцівасцей) аб’екта на аснове супастаўлення яго з іншым аб’ектам; вызначэнне агульных і адметных, істотных (галоўных) і неістотных (другарадных) прыкмет параўноўваемых аб’ектаў. Пошук адказаў на пытанні: «Чым падобныя?», «Чым адрозніваюцца?», «Хто такі ж, як ...?» і інш. Параўнанне сюжэтных малюнкаў, пошук адрозненняў. Выказванне меркавання на аснове параўнання.
Засваенне прыёму абагульнення: аб’яднанне прадметаў (з’яў) па іх агульных і істотных прыкметах. Пошук адказаў на пытанні: «Як назваць адным словам?», «Па якой прыкмеце прадметы аб’яднаны ў адну групу?» і інш.
Засваенне прыёму класіфікацыі: аднясенне канкрэтнага аб’екта да зададзенага класа (напрыклад, кубак – да класа «посуд»); канкрэтызацыя агульнага паняцця праз адзінкавыя (напрыклад, «мэбля» – гэта шафа, канапа, стол); групоўка аб’ектаў на аснове агульных прыкмет; размеркаванне аб’ектаў па класах на аснове вылучанай прыкметы. Пошук адказаў на пытанні: «На якія групы можна падзяліць ...?», «Якія яшчэ прадметы адносяцца да дадзенай групы?», «Што лішняе, хто лішні?» і інш.
Засваенне прыёму сістэматызацыі: вылучэнне розных прыкмет (уласцівасцей) прадметаў; супастаўленне прадметаў па вылучанай прыкмеце; вызначэнне заканамернасці ў пабудове шэрага прадметаў (па адной прыкмеце; па дзвюх і больш прыкметах); парадкаванне аб’ектаў па ступені інтэнсіўнасці (змяншэнні або ўзрастанні) аднаго або некалькіх прыкмет. Пошук адказаў на пытанні: «Якая прыкмета паўтараецца?», «Што змяняецца?», «Як працягнуць рад?», «У якім парадку трэба размясціць карцінкі?» і інш.
Засваенне прыёму сэнсавага суаднясення: вылучэнне сувязі прадметаў на аснове адносіны «частка – цэлае» (дах – дом), падабенства ці супрацьлегласці ўласцівасцей, функцый (ручка – аловак; дзень – ноч), прыналежнасці да аднаго роду або віду (яблык – груша), зададзенай залежнасці (малпа – банан) і інш. Пошук адказаў на пытанні: «Якая сувязь існуе паміж прадметамі?», «Чаму прадметы ўтвараюць пару?», «Па якой прыкмеце прадметы аб’яднаны ў пару (тройку)?» і інш.
Замацаванне прыёмаў лагічнага мыслення ў працэсе работы з загадкамі. Адгадванне загадак і доказ правільнасці адгадкі: вылучэнне прыкмет (уласцівасцей) невядомага аб’екта; супастаўленне ўсіх вылучаных прыкмет; суаднясенне прыкмет з пэўным прадметам (з’явай); доказ правільнасці адказу на аснове пералічэння прыкмет, уласцівых адгаданаму прадмету (з’яве). Прыдумванне загадак па алгарытме.
Засваенне рацыянальных прыёмаў запамінання.
Трэніроўка вобразнай памяці на аснове зрокавага запамінання прадметаў.
Трэніроўка славесна-лагічнай памяці на аснове запамінання групы слоў, невялікіх вершаў, паведамленняў.
Развіццё адвольнасці працэсаў запамінання і ўзнаўлення.
Засваенне прыёму паўтарэння: выкананне дзеяння ў знешнім плане (паўтарэнне з прагаворваннем услых, шэптам ці бязгучна, толькі варушачы вуснамі) і ўнутраным (разумовае паўтарэнне, пералік аб’ектаў запамінання).
Засваенне прыёмаў лагічнага запамінання: групоўка; сэнсавае суаднясенне.
Засваенне прыёмаў завучвання на памяць вершаў: на аснове рухальнай памяці (суправаджэнне дэкламацыі вершаў рухамі); вылучэнне апорных слоў; «пераказ» верша сваімі словамі (устанаўленне паслядоўнасці падзей, узнаўленне сюжэта).
Раздзел «Развіццё маўлення»
Развіццё гукавой культуры мовы.
Развіццё слыхавай памяці і маўленчага апарату, увагі да гукавога боку чутнай гаворкі (сваёй і чужой).
Удасканаленне маўленчых навыкаў: навучанне няспешнаму тэмпу і рытму маўлення, правільнаму маўленчаму дыханню, умеранай гучнасці і правільнаму інтанаванню (уменне паніжаць і павышаць голас).
Развіццё фанематычнага слыху. Распазнаванне і вылучэнне першага і апошняга гукаў у слове.
Слоўнікава-лексічная работа, словаўтварэнне.
Правільнае разуменне і ўжыванне слоў – назваў прадметаў, прыкмет, дзеянняў. Выкарыстанне абагульняючых слоў, адпаведных узроўню ведаў і жыццёвых уяўленняў вучняў: цацкі, школьныя прыналежнасці, адзенне, абутак, посуд, мэбля, інструменты, прадукты, садавіна, агародніна, ягады, кветкі і інш.
Тэматычная групоўка слоў, іх родавідавая суаднесенасць.
Практычнае знаёмства з прыёмамі словаўтварэння (у гульнявой форме). Канструяванне слоў па прапанаваным узоры.
Падбор блізкіх і супрацьлеглых па сэнсе слоў (па ўзоры).
Развіццё граматычнага ладу маўлення.
Складанне сказаў на пэўную тэму (па пытаннях настаўніка).
Абдумванне адказу на пытанне настаўніка, дакладнае яго фармуляванне, выкарыстанне пры адказе поўных і няпоўных сказаў.
Пабудова вуснага выказвання па плане-алгарытме.
Развіццё звязнага маўлення.
Складанне невялікага расказа па малюнку, серыі сюжэтных малюнкаў, асабістых назіраннях вучняў, зададзенай тэме (пад кіраўніцтвам настаўніка).
Складанне расказа-апісання па плане-алгарытме.
Раздзел «Падрыхтоўка вучняў да пісьма»
Знаёмства з гігіенічнымі правіламі пісьма: правільная пасадка, размяшчэнне сшытка на парце, уменне правільна трымаць у руцэ ручку і аловак.
Падрыхтоўка рукі да пісьма: пальчыкавая гімнастыка, свабодны рух рукі ў зададзеным кірунку. Развіццё дробнай маторыкі пальцаў, каардынацыі кісці рукі. Практыкаванні для адпачынку і зняцця мышачнага напружання рук.
Штрыхоўка ў зададзеным кірунку. Размалёўванне. Абвядзенне па контуры. Дамалёўванне фігур. Маляванне па ўзоры.
Развіццё графічных навыкаў пісьма: прамыя лініі (вертыкальныя, гарызантальныя, нахільныя), паралельныя лініі, лініі з закругленнем унізе, лініі з пятлёй, круг і паўкруг, авал і паўавал, элементы друкаваных і пісьмовых літар. Практыкаванні ў узнаўленні элементаў пісьмовых літар на рабочым радку.
Раздзел «Выхаванне і развіццё асобасных якасцей вучняў. Спосабы ўзаемадзеяння з акружаючымі»
Беларусь – наша Радзіма. Павага да дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь. Павага да гісторыі і традыцый Рэспублікі Беларусь.
Удакладненне ўяўленняў вучняў аб прафесіях і працы дарослых.
Засваенне этычных норм паводзін. Уважлівае стаўленне да акружаючых людзей. Правілы ветлівасці ў розных жыццёвых сітуацыях (у школе, сям’і, транспарце, магазіне). Словы падзякі. Правілы ветлівасці падчас ежы.
Дабро і зло ў жыцці чалавека. Усведамленне маральнага боку ўчынкаў людзей («добрыя» і «дрэнныя» ўчынкі, справы).
Беражлівыя адносіны да прыроды. Клопат і догляд хатніх жывёл, пакаёвых раслін. Дапамога птушкам зімой.
Беражлівыя адносіны да рэчаў, вучэбных прыналежнасцей. Захаванне парадку і чысціні ў школе і дома.
Пашырэнне ўяўленняў пра абавязкі дзіцяці ў сям’і, пасільную дапамогу дарослым.
Пашырэнне ўяўленняў пра паняцці «сябар», «сяброўства». Фарміраванне ўмення мірыцца, прасіць прабачэння ў аднакласніка.
Пашырэнне ўяўленняў пра здаровы лад жыцця, пра карысць зарадкі і заняткаў спортам для здароўя дзяцей, дарослых.
Бяспечныя паводзіны па дарозе ў школу і дадому. Сігналы святлафора. Дарожныя знакі «Пешаходны пераход», «Падземны пераход». Асноўныя правілы пераходу праезджай часткі.
Правы і абавязкі вучняў. Знаёмства з асноўнымі правамі дзіцяці (на прыкладзе казачных сюжэтаў). Права на жыццё. Права на адукацыю. Права на ахову i ўмацаванне здароўя. Права на адпачынак. Права на пражыванне ў сям’і. Права на абарону гонару і годнасці. Неабходнасць захавання правоў і выканання абавязкаў вучняў.
Раздзел «Дыягностыка індывідуальных якасцей вучняў»
Першаснае вывучэнне матываў і памкненняў дзяцей пры паступленні ў школу: даўно марылі аб школе і вельмі хацелі пайсці вучыцца як мага хутчэй; хацелі ў школу, але было вельмі сумна развітвацца з дзіцячым садам, яшчэ на адзін год пагадзіліся б застацца дашкольнікамі; прыйшлі ў школу таму, што бацькі сказалі, што яны ўжо дарослыя і ім трэба вучыцца.
Дыягностыка асаблівасцей асобаснага развіцця вучня: стаўленне да акружаючых дарослых; узаемаадносіны з аднакласнікамі; стаўленне да самога сябе (самаацэнка).
Дыягностыка развіцця зрокава-прасторавага ўспрымання і зрокава-маторнай каардынацыі.
Дыягностыка развіцця адвольнай рэгуляцыі дзеянняў. Графічная дыктоўка (дыягнастычная методыка Д. Б. Эльконіна).
Дыягностыка развіцця пераключэння і размеркавання ўвагі вучняў.
Дыягностыка індывідуальнай гатоўнасці вучняў да засваення зместу вучэбных прадметаў «Навучанне грамаце», «Матэматыка», «Чалавек і свет», «Працоўнае навучанне», «Выяўленчае мастацтва»: развіццё дробнай маторыкі і графічных уменняў; вызначэнне круга ведаў і ўяўленняў аб прадметах і з’явах навакольнай рэчаіснасці.
Вывучэнне вучэбных пераваг вучняў у працэсе знаёмства з вучэбнымі прадметамі «Навучанне грамаце», «Матэматыка», «Чалавек і свет», «Працоўнае навучанне», «Музыка», «Выяўленчае мастацтва», «Фізічная культура і здароўе».
ПРЫКЛАДНАЕ РАЗМЕРКАВАННЕ ВУЧЭБНАГА МАТЭРЫЯЛУ ПА ВУЧЭБНЫХ ДНЯХ*
(20 дзён па 3 урока, усяго 60 гадзін)
______________________________
* Настаўнік мае права ўносіць змены ў прыкладнае размеркаванне вучэбнага матэрыялу.
Першы вучэбны дзень
Урок 1. Беларусь – наша Радзіма.
Урок 2. Знаёмства з настаўнікам і аднакласнікамі.
Урок 3. Экскурсія па ўстанове адукацыі.
Другі вучэбны дзень
Урок 1. Правілы паводзін вучня на ўроку і перапынку.
Урок 2. Знаёмства з правіламі пісьма: вучымся правільна сядзець, трымаць ручку і аловак. Прасторавая арыентацыя.
Урок 3. Рэжым дня вучня.
Трэці вучэбны дзень
Урок 1. Арыенціроўка на лісце з разліноўкай у клетку.
Урок 2. Арганізацыя рабочага месца. Дзяжурства вучняў.
Урок 3. Асваенне прыёму параўнання: вылучэнне прыкмет прадметаў на аснове іх супастаўлення.
Чацвёрты вучэбны дзень
Урок 1. Выкананне дзеянняў па алгарытме.
Урок 2. Арыенціроўка па лінейках рабочага радка. Развіццё графічных навыкаў: прамыя лініі, круг і паўкруг.
Урок 3. Правілы ветлівасці.
Пяты вучэбны дзень
Урок 1. Выкананне дзеянняў на аснове сістэмы арыенціраў.
Урок 2. Засваенне прыёмаў абагульнення і класіфікацыі.
Урок 3. Добрыя ўчынкі ў жыцці чалавека.
Шосты вучэбны дзень
Урок 1. Узаемаразмяшчэнне прадметаў у прасторы.
Урок 2. Развіццё адвольнай увагі.
Урок 3. Абагульненне і класіфікацыя прадметаў па розных прыкметах.
Сёмы вучэбны дзень
Урок 1. Засваенне прыёму сэнсавага суаднясення.
Урок 2. Рацыянальныя прыёмы завучвання на памяць.
Урок 3. Падрыхтоўка рукі да пісьма. Развіццё графічных навыкаў: лініі з закругленнем унізе, паўавал.
Восьмы вучэбны дзень
Урок 1. Засваенне прыёму сістэматызацыі.
Урок 2. Алгарытм складання загадак.
Урок 3. Правілы зносін у сітуацыі супрацоўніцтва.
Дзявяты вучэбны дзень
Урок 1 Часавыя прадстаўленні: суткі, дні тыдня.
Урок 2. Выкананне дзеянняў па правілу, інструкцыі.
Урок 3. Абагульненне ведаў аб правілах дарожнага руху.
Дзясяты вучэбны дзень
Урок 1. Вылучэнне агульных і адметных прыкмет прадметаў.
Урок 2. Падрыхтоўка рукі да пісьма. Развіццё графічных навыкаў: паралельныя лініі, лініі з пятлёй, паўавал.
Урок 3. Замацаванне прыёмаў запамінання і ўзнаўлення.
Адзінаццаты вучэбны дзень
Урок 1. Развіццё зрокава-прасторавай каардынацыі і ўяўлення.
Урок 2. Складанне апавядання па апорных словах.
Урок 3. Выкананне дзеянняў у сітуацыі выбару.
Дванаццаты вучэбны дзень
Урок 1. Замацаванне прыёмаў параўнання, класіфікацыі і сістэматызацыі.
Урок 2. Падрыхтоўка рукі да пісьма. Развіццё каардынацыі руху, графічных навыкаў.
Урок 3. Маляванне на тэму «Школа».
Трынаццаты вучэбны дзень
Урок 1. Умацаванне здароўя: зарадка, заняткі спортам.
Урок 2. Засваенне прыёмаў запамінання і ўзнаўлення на аснове зрокавай памяці.
Урок 3. Развіццё зрокава-прасторавай каардынацыі і ўяўлення.
Чатырнаццаты вучэбны дзень
Урок 1. Канструяванне з геаметрычных фігур па задуме і ўзоры.
Урок 2. Часавыя ўяўленні: год, месяц, пара года.
Урок 3. Падрыхтоўка рукі да пісьма. Развіццё графічных навыкаў: лініі з закругленнем унізе, паўавал, круг.
Пятнаццаты вучэбны дзень
Урок 1. Маляванне на тэму «Мая сям’я».
Урок 2. Развіццё зрокава-прасторавага ўспрымання і каардынацыі рухаў.
Урок 3. Успрыманне часавай працягласці.
Шаснаццаты вучэбны дзень
Урок 1. Замацаванне прыёмаў лагічнага мыслення: класіфікацыя, сэнсавае суаднясенне.
Урок 2. Развіццё творчага ўяўлення: фантазіраванне.
Урок 3. Развіццё ўспрымання, увагі і ўяўлення.
Сямнаццаты вучэбны дзень
Урок 1. Развіццё гукавой культуры мовы, знаёмства з прыёмамі словаўтварэння.
Урок 2. Складанне апавядання-апісання па алгарытме.
Урок 3. Падрыхтоўка рукі да пісьма. Развіццё графічных навыкаў: авал, паўавал.
Васямнаццаты вучэбны дзень
Урок 1. Вылучэнне частак цэлага на аснове зрокавага ўспрымання і ўяўлення.
Урок 2. Засваенне прыёму паслядоўнага аналізу.
Урок 3. Маляванне на тэму «Мой сябар, мае сябры».
Дзевятнаццаты вучэбны дзень
Урок 1. Замацаванне прыёмаў лагічнага мыслення: параўнанне, абагульненне, сэнсавае суаднясенне.
Урок 2. Падрыхтоўка рукі да пісьма. Развіццё каардынацыі руху, графічных навыкаў.
Урок 3. Мадэліраванне колькасных адносін.
Дваццаты вучэбны дзень
Урок 1. Правы і абавязкі вучняў.
Урок 2. Знаёмства з вучэбнымі прадметамі.
Урок 3. Свята «Пасвячэнне ў вучні».
АСНОЎНЫЯ ПАТРАБАВАННІ ДА ВЫНІКАЎ ВУЧЭБНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ ВУЧНЯЎ
Ведаць і разумець:
значэнне вучобы ў жыцці чалавека;
правілы школьнага прывітання настаўніка, аднакласнікаў, работнікаў школы;
правілы зносін з настаўнікам, аднакласнікамі, работнікамі школы;
правілы паводзін на ўроку і перапынку;
правілы вучэбнага супрацоўніцтва ў пары, групе.
Умець (валодаць спосабамі пазнавальнай дзейнасці):
выкарыстоўваць параўнанне для ўстанаўлення агульных і адметных уласцівасцей аб’ектаў;
размяркоўваць аб’екты ў групы па агульнай прыкмеце (такія ж, як ...);
усталёўваць і называць характэрныя (якія лёгка адрозніваюцца) прыкметы назіраемага аб’екта;
вусна апісваць аб’ект назірання па прапанаваным алгарытме;
выконваць дзеянні ў пэўнай паслядоўнасці (па інструкцыі, алгарытме);
суадносіць вынік сваёй дзейнасці з эталонам, узорам;
ацэньваць вынікі сваёй дзейнасці ў адпаведнасці з пастаўленай задачай і абраным крытэрыем.
Выкарыстоўваць набытыя веды і ўменні ў практычнай дзейнасці і паўсядзённым жыцці:
выкарыстоўваць вучэбныя прыналежнасці ў адпаведнасці з іх прызначэннем;
выконваць правілы бяспекі работы з вучэбнымі прыналежнасцямі;
рыхтаваць рабочае месца, падтрымліваць парадак на рабочым месцы;
коратка расказваць пра сябе, сябра, аб сваёй сям’і, школе;
састаўляць невялікія расказы з элементамі апісання прадмета (па алгарытму);
састаўляць расказы па малюнку, серыі сюжэтных малюнкаў;
удзельнічаць у дыялогу ва ўмовах штодзённых зносін: задаваць простыя пытанні (хто, што, дзе, калі) і адказваць на пытанні суразмоўцы;
выкарыстоўваць нормы маўленчага этыкету ў сітуацыях штодзённых і вучэбных зносін (зварот, прывітанне, развітанне, знаёмства, удзячнасць, прабачэнне, віншаванне);
працаваць у пары і групе (дамаўляцца, размяркоўваць работу, атрымліваць вынік, ацэньваць свой уклад);
планаваць сваю дзейнасць і ажыццяўляць кантроль яе хода;
знаходзіць памылкі ў сваёй і чужой вучэбнай рабоце і здымаць іх.
Вучэбна-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу
Цірынава, В. І. Уводзіны ў школьнае жыццё / Введение в школьную жизнь : вучэб. дапам. для 1-га класа ўстаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / В. І. Цірынава. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2016.
Тиринова, О. И. Введение в школьную жизнь в 1 классе : учеб.-метод. пособие для учителей учреждений общ. сред. образования с белорус. и рус. яз. обучения / О. И. Тиринова. – Минск : Нац. ин-т образования, 2016.
Цірынава, В. І. Уводзіны ў школьнае жыццё ў 1 класе: вучэб.-метад. дапам. для настаўнікаў устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / В. І. Цірынава. – Мінск : Аверсэв, 2012.
Тиринова, О. И. Введение в школьную жизнь. 1 класс. Дидактический материал : учеб. нагляд. пособие для учителей учреждений общ. сред. образования с белорус. и рус. яз. обучения. – Минск : Нац. ин-т образования, 2011; Аверсэв, 2012.