СДЕЛАЙТЕ СВОИ УРОКИ ЕЩЁ ЭФФЕКТИВНЕЕ, А ЖИЗНЬ СВОБОДНЕЕ

Благодаря готовым учебным материалам для работы в классе и дистанционно

Скидки до 50 % на комплекты
только до

Готовые ключевые этапы урока всегда будут у вас под рукой

Организационный момент

Проверка знаний

Объяснение материала

Закрепление изученного

Итоги урока

Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце «Навучанне грамаце» для I класа

Нажмите, чтобы узнать подробности

Просмотр содержимого документа
«Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце «Навучанне грамаце» для I класа»

ЗАЦВЕРДЖАНА

Пастанова

Міністэрства адукацыі

Рэспублікі Беларусь

21.06.2021 № 131












Вучэбная праграма

па вучэбным прадмеце «Навучанне грамаце»

для I класа ўстаноў адукацыі,

якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі

з беларускай мовай навучання і выхавання

















ГЛАВА 1

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ


1. Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце «Навучанне грамаце» (далей – вучэбная праграма) прызначана для I класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання і выхавання.

Вучэбны прадмет «Навучанне грамаце» ў адпаведнасці з пунктамі 5.3, 6.3.4 адукацыйнага стандарта пачатковай адукацыі, зацверджанага пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 26 снежня 2018 г. № 125, уключаны ў пералік абавязковых для вывучэння вучэбных прадметаў і папярэднічае сістэматычнаму вывучэнню беларускай мовы і беларускай літаратуры.

2. Дадзеная вучэбная праграма разлічана на 180 гадзін (6 гадзін на тыдзень).

На ўрокі навучання чытанню выдзяляюцца вучэбныя гадзіны, прадугледжаныя тыпавым вучэбным планам агульнай сярэдняй адукацыі на вывучэнне вучэбнага прадмета «Беларуская літаратура», – 90 гадзін (3 гадзіны на тыдзень).

На ўрокі навучання пісьму выдзяляюцца вучэбныя гадзіны, прадугледжаныя тыпавым вучэбным планам агульнай сярэдняй адукацыі на вывучэнне вучэбнага прадмета «Беларуская мова», – 90 гадзін (3 гадзіны на тыдзень).

Урокі навучання грамаце могуць быць камбінаванымі: на адным і тым жа ўроку настаўнік можа вучыць як чытанню, так і пісьму.

3. Мэта навучання грамаце – фарміраванне базавых ведаў, уменняў і навыкаў чытання і пісьма, агульнавучэбных уменняў, навыкаў і спосабаў дзеянняў; развіццё асноўных відаў вуснага і пісьмовага маўлення, пазнавальнага інтарэсу; выхаванне маральна-этычных якасцей, эмацыянальна-каштоўнасных адносін да навакольнай рэчаіснасці, культуры зносін. Пры гэтым веды, уменні і навыкі разглядаюцца як сродак паўнацэннага развіцця асобы вучня.

4. Асноўнымі задачамі навучання грамаце выступаюць:

развіццё фанематычнага слыху (уменне распазнаваць і выдзяляць асобныя гукі ў слове і складзе, вызначаць іх паслядоўнасць);

фарміраванне правільнага вымаўлення гукаў беларускай мовы, засваенне літар беларускага алфавіта і развіццё ўмення суадносіць іх з адпаведнымі гукамі;

навучанне першапачатковаму чытанню і пісьму;

развіццё цікавасці да чытання як сродку пазнання, фарміраванне чытацкага кругагляду, уменняў працы з рознымі крыніцамі інфармацыі;

узбагачэнне слоўнікавага запасу;

развіццё звязнага вуснага маўлення;

фарміраванне ўменняў вучэбнай дзейнасці.

5. Асноўнай формай правядзення вучэбных заняткаў па вучэбным прадмеце «Навучанне грамаце» з’яўляецца ўрок. Для ўрока навучання грамаце характэрна перавага калектыўных форм арганізацыі вучэбнай дзейнасці вучняў у спалучэнні з рознымі формамі дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі адукацыйнага працэсу. У залежнасці ад задач кожнага этапу ўрока выкарыстоўваецца калектыўная, групавая або індывідуальная форма працы вучняў, разгортваецца агульнакласная, міжгрупавая або ўнутрыгрупавая вучэбная дыскусія.

Пры наяўнасці камп’ютарнай і мультымедыйнай тэхнікі настаўнік выкарыстоўвае электронныя сродкі навучання.

Змест навучання грамаце прадугледжвае выкарыстанне дзейнасных метадаў навучання, у тым ліку адкрыццё пад кіраўніцтвам настаўніка элементарных моўных з’яў, заканамернасцей. У працэсе навучання грамаце неабходна рацыянальнае спалучэнне разнастайных метадаў навучання, як прадуктыўных, так і рэпрадуктыўных: тлумачальна-ілюстрацыйнага (інфармацыйна-рэцэптыўнага), рэпрадуктыўнага, праблемнага, часткова-пошукавага (эўрыстычнага).

Навучанне першапачатковаму чытанню і пісьму ажыццяўляецца на аснове гукавога аналітыка-сінтэтычнага метаду навучання грамаце з шырокім выкарыстаннем гульнявых метадаў і прыёмаў.

У навучанні грамаце вызначальным з’яўляецца складовы (пазіцыйны) прынцып беларускай графікі. Ён знаходзіць сваё ўвасабленне ў абазначэнні мяккасці зычных і гука [й’] на пісьме. Толькі ў кантэксце склада, арыентуючыся на наступную літару галоснага, вучань здольны вызначыць цвёрдасць і мяккасць зычнага і правільна прачытаць склад.

Тэхналогія навучання першапачатковаму пісьму вызначаецца наступнымі прынцыпамі: паэлементнага напісання літар (фарміраванне ў памяці вучня выразнай зрокавай выявы літары, якая складаецца з пэўных элементаў); аднаварыянтнага (стабільнага) напісання літар (ідэнтычнасць формы літарнага знака і паслядоўнасці яго напісання, напрыклад, усе літары, якія змяшчаюць у сваім складзе авал, маюць адзіны варыянт яго напісання); групоўкі літарных знакаў (аб’яднанне літар у групы па прымеце наяўнасці ў іх агульнага элемента).

Усе прынцыпы на практыцы рэалізуюцца праз паэлементна-цэласны метад навучання пісьму, які ўключае наступныя метадычныя прыёмы: аналітычнага ўспрымання; практычнага канструявання; капіравання; такціравання; алгарытмізацыі.

Метады і прыёмы, якія выкарыстоўвае настаўнік на ўроках навучання пісьму, накіраваны на развіццё мелкіх мышцаў рукі, адпрацоўку правільнага напісання літар і іх рацыянальных злучэнняў у словах, рытмічнасці і плаўнасці пісьма, фарміраванне разборлівага, дастаткова прыгожага пісьма, якое з’яўляецца неад’емнай прыметай культуры пісьмовых зносін.

З мэтай захавання здароўя вучняў выключаецца патрабаванне абавязковага безадрыўнага напісання літар, складоў і слоў. У час пісьма вучню неабходны чаргаванні напружанняў і расслабленняў. Вучань мае права рабіць невялікія паўзы пасля прапісвання асобных элементаў, літар і складоў. Гэта дае магчымасць своечасова зняць мускульнае напружанне рукі і цела вучня ў працэсе пісьма.

Вядучы метад навучання на занятках па пазакласным чытанні – чытанне-разгляд дзіцячых кніг. У вучняў фарміруецца цікавасць да дзіцячай кнігі і самастойнага чытання. 

Выбар формаў і метадаў навучання і выхавання пры арганізацыі працы па развіцці маўлення вызначаецца настаўнікам самастойна на аснове мэт і задач вывучэння канкрэтнай вучэбнай тэмы, патрабаванняў да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў, якія сфармуляваны ў главе 2 дадзенай вучэбнай праграмы.

Для дыягностыкі засваення зместу адукацыі і вызначэння вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў па вучэбным прадмеце «Навучанне грамаце» рэкамендуюцца наступныя формы кантролю: дыягностыка гатоўнасці да навучання грамаце ў пачатку навучальнага года; вуснае франтальнае апытанне, праверачныя работы па асобных (ключавых) вучэбных тэмах; комплексная праверачная работа; праверка навыку чытання; кантрольнае спісванне (ІІ паўгоддзе, 15–20 слоў).

6. Вядучымі падыходамі да пабудовы адукацыйнага працэсу па вучэбным прадмеце «Навучанне грамаце» выступаюць асобасна арыентаваны, лінгвакультуралагічны і кампетэнтнасны.

Асобасна арыентаваны падыход прадугледжвае ўлік інтарэсаў вучняў і вызначэнне перспектыў развіцця кожнага вучня згодна з яго магчымасцямі і здольнасцямі. Навучанне чытанню і пісьму арганізуецца згодна з прынцыпамі прыродаадпаведнасці і індывідуалізацыі, што мае на ўвазе ўлік узроставых і індывідуальных асаблівасцей вучняў 6–7-гадовага ўзросту.

У якасці галоўнага арыенціра культуралагічнага падыходу выступае фарміраванне творчай асобы вучня, развіццё яго як чалавека культуры, здольнага да культурнага самаразвіцця. Важным прынцыпам навучання грамаце з’яўляецца прынцып мульцікультурнасці – арыентацыі на асваенне нацыянальнай культуры ў адзінстве з агульначалавечымі каштоўнасцямі. У працэсе навучання грамаце ажыццяўляецца нацыянальна-культурная сацыялізацыя вучня, фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці на аснове лепшых узораў вуснай народнай творчасці і класічнай літаратуры для дзяцей.

Кампетэнтнасны падыход прадугледжвае атрыманне ў працэсе навучання грамаце асобасных, метапрадметных і прадметных вынікаў.

Да асобасных вынікаў належаць цікавасць да вывучэння беларускай мовы, сфарміраванасць асобаснага сэнсу яе вывучэння і каштоўнасных адносін да мовы; пазітыўныя адносіны да чытання, жаданне самастойна чытаць дзіцячыя кнігі; імкненне авалодаць пісьмом як сродкам зносін, які дазваляе выражаць свае думкі ў пісьмовай форме.

Метапрадметныя вынікі ўключаюць наступныя складнікі: дзейсны (здольнасць да актыўнай творчай дзейнасці ў пазнанні моўных з’яў), інтэлектуальны (валоданне элементарнымі дзеяннямі аналізу, сінтэзу, параўнання, абагульнення, класіфікацыі моўных адзінак), камунікатыўны (уменне ўстанаўліваць кантакты, разумець выказванні іншага чалавека і выражаць свае пачуцці, эмоцыі, жаданні, задаваць пытанні, аргументаваць свае меркаванні), інфармацыйны (здольнасць арыентавацца ў такіх крыніцах інфармацыі, як кніга, расказ дарослага або аднагодкаў, схема; прымяняць атрыманую інфармацыю ў сваёй дзейнасці).

Прадметныя вынікі ўключаюць валоданне элементарнай тэхнікай чытання і пісьма; валоданне першапачатковымі ўяўленнямі пра лексічныя, арфаэпічныя, граматычныя нормы беларускай мовы, правілы маўленчага этыкету; здольнасць будаваць нескладаныя звязныя выказванні для вырашэння камунікатыўных задач; валоданне ўменнем спісваць невялікі па аб’ёме тэкст, пісаць пад дыктоўку асобныя словы і сказы; валоданне пачатковымі навыкамі сэнсавага чытання тэксту, чытацкай самастойнасці, наяўнасць чытацкага кругагляду – уяўленняў пра творы, іх аўтараў, жанры.

7. Змест вучэбнага прадмета «Навучанне грамаце» структураваны па раздзелах: навучанне грамаце (навучанне чытанню і навучанне пісьму); пазакласнае чытанне; развіццё маўлення.

У навучанні грамаце вылучаюцца перыяды: падрыхтоўчы (дабукварны), асноўны (букварны) і заключны (паслябукварны).

Пазакласнае чытанне праводзіцца адзін раз у два тыдні, займаючы другую частку ўрока чытання.

Праца па развіцці маўлення праводзіцца на кожным уроку навучання грамаце на працягу вучэбнага года.

На вывучэнне асобных раздзелаў зместу вучэбнага прадмета «Навучанне грамаце» даецца прыкладная колькасць гадзін. Настаўнік сам вызначае неабходную колькасць гадзін на кожную тэму, зыходзячы з уласнага вопыту, улічваючы падрыхтаванасць вучняў, умовы іх работы.






ГЛАВА 2

ЗМЕСТ ВУЧЭБНАГА ПРАДМЕТА. Асноўныя патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучнЯў


Навучанне грамаце (180 гадзін)


Навучанне чытанню (90 гадзін)


Падрыхтоўчы (дабукварны) перыяд (12 гадзін)

Агульнае ўяўленне аб вусным і пісьмовым маўленні.

Падзел вуснага маўлення на сказы, фарміраванне элементарных уяўленняў пра сказ (сказ выражае думку, у ім пра кагосьці або пра штосьці гаворыцца). Вызначэнне паслядоўнасці і колькасці слоў у сказе. Складанне сказаў з зададзенай колькасцю слоў па малюнках з апорай на схемы. Адлюстраванне з дапамогай схемы слоўнага складу сказа, яго лінейнасці (словы ідуць адно за адным). Работа над інтанацыяй сказа.

Усведамленне намінатыўнай ролі слова, пашырэнне ўяўленняў пра значэнне слова: словамі называюць прадметы, іх прыметы і дзеянні. Называнне аднаго і таго ж аб’екта рознымі словамі (школьнік, вучань; васілёк, валошка). Засваенне слоў розных тэматычных груп («Радзіма», «сваякі», «школьныя прылады» і іншых).

Падзел слоў на склады, вызначэнне колькасці і паслядоўнасці складоў у слове, абазначэнне складовага саставу слова на схеме.

Вылучэнне націскнога склада ў слове. Пашырэнне ўяўленняў пра сэнсаадрознівальную ролю націску (праз параўнанне слоў тыпу ка́са – каса́).

Выдзяленне ў словах асобных гукаў. Падбор слоў з зададзеным гукам. Гукавы аналіз слова (адрозніванне на слых і пры вымаўленні зычных і галосных гукаў, цвёрдых і мяккіх, звонкіх і глухіх зычных).


Асноўны (букварны) перыяд (61 гадзіна)

Гукавы аналіз слова (вызначэнне паслядоўнасці гукаў у слове, іх характарыстыка – галосны ці зычны; галосны націскны ці ненаціскны; зычны цвёрды ці мяккі, звонкі ці глухі). Выдзяленне ў словах асобных гукаў. Падбор слоў з зададзеным гукам.

Абазначэнне літарамі зычных і галосных гукаў. Правільнае суаднясенне гукаў і літар. Распазнаванне літар па іх характэрных прыметах (ізалявана і ў слове).

Навучанне чытанню прамых складоў «па падабенстве» – са, ла, ма; сі, лі, мі і гэтак далей. Чытанне слоў, сказаў і тэкстаў з вывучанымі літарамі.

Абазначэнне на пісьме мяккасці зычных гукаў літарамі і, я, ю, е, ё, мяккім знакам.

Роля раздзяляльнага мяккага знака і апострафа ў словах.

Паступовае навучанне свядомаму, правільнаму і плаўнаму чытанню ўголас і моўчкі асобных слоў, кароткіх сказаў і невялікіх тэкстаў, зразумелых дзецям па змесце.

Практычнае знаёмства са знакамі прыпынку пры чытанні сказаў («.», «!», «?», «,»).

Чытанне сказа з паўзамі і інтанацыямі, адпаведнымі знакам прыпынку.

Засваенне правілаў гігіены чытання.


Заключны (паслябукварны) перыяд (17 гадзін)

Абагульненне, замацаванне ведаў і ўменняў, набытых у працэсе падрыхтоўчага і асноўнага перыядаў навучання грамаце.

Удасканаленне навыку чытання. Навучанне прыёмам цэласнага чытання слова, плаўнаму, свядомаму чытанню сказа. Развіццё навыкаў асэнсаванага чытання невялікіх твораў розных жанраў (вершаў, апавяданняў, казак, забаўлянак, загадак, прыказак і іншых).

Развіццё ўмення чытаць тэкст выразна, перадаваць свае адносіны да прачытанага.

Чытанне дыялогаў па асобах.

Інсцэніраванне невялікага знаёмага твора.


Асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў


Ведаць і разумець:

разумець, што мова з’яўляецца асноўным сродкам зносін паміж людзьмі, што беларуская і руская мовы – дзяржаўныя мовы Рэспублікі Беларусь;

ведаць усе літары беларускага алфавіта, асноўныя характарыстыкі гукаў мовы (галосныя і зычныя гукі, зычныя мяккія – цвёрдыя, звонкія – глухія);

разумець асноўнае адрозненне гукаў ад літар (гукі чуем і вымаўляем, літары бачым і чытаем);

ведаць спосабы абазначэння мяккасці зычных гукаў на пісьме літарамі е, ё, і, ю, я, мяккім знакам.

Умець:

вычляняць слова ў сказе, гукі ў слове, вызначаць іх паслядоўнасць;

адрозніваць галосныя і зычныя гукі;

правільна вымаўляць мяккія і цвёрдыя зычныя гукі ў слове і ізалявана;

падбіраць словы з зададзеным гукам;

вызначаць месца націску ў слове;

злітна чытаць аднаскладовыя і двухскладовыя словы і плаўна па складах – шматскладовыя;

чытаць невялікія тэксты і вусна расказваць аб прачытаным;

Выкарыстоўваць набытыя веды і ўменні ў паўсядзённых зносінах і ў практычнай дзейнасці:

самастойна або па пытаннях настаўніка пераказваць добра знаёмы праслуханы або прачытаны мастацкі твор;

самастойна чытаць друкаваны тэкст, адрасаваны дзіцяці (запіскі, невялікія пісьмы, інфармацыйныя паведамленні).



Навучанне пісьму (90 гадзін)


Падрыхтоўчы (дабукварны) перыяд (12 гадзін)

Падрыхтоўка рукі дзіцяці да пісьма: расфарбоўка, маляванне ўзораў, абвядзенне па контуры, штрыхоўка ў розных напрамках, напісанне элементаў літар, іх злучэнне.

Выпрацоўка правільнай паставы вучня, асваенне правіл размяшчэння сшытка на парце, умення трымаць ручку пры пісьме.


Асноўны (букварны) перыяд (61 гадзіна)

Абазначэнне гукаў адпаведнымі літарамі друкаванага і рукапіснага шрыфтоў. Знаёмства з напісаннем усіх вялікіх і малых літар, асноўнымі тыпамі іх злучэнняў. Выпрацоўка звязнага і рытмічнага напісання літар і іх злучэнняў у словах, правільнае суаднясенне літар па велічыні, нахіле, раўнамернае размяшчэнне літар і слоў у радку.

Запіс слоў і сказаў з прагаворваннем па складах пасля папярэдняга іх склада-гукавога разбору з настаўнікам, а затым і самастойна.

Засваенне алгарытму спісвання. Спісванне слоў і сказаў з узораў (рукапісных і друкаваных) з арфаграфічным прагаворваннем. Праверка напісанага праз параўнанне з узорам.

Засваенне алгарытму пісьма пад дыктоўку. Пісьмо пад дыктоўку літар, складоў і слоў, напісанне якіх не разыходзіцца з вымаўленнем.

Вялікая літара ў пачатку сказа, кропка ў канцы яго. Вялікая літара ў імёнах і прозвішчах людзей, клічках жывёл, назвах гарадоў, вёсак, краін, рэк, азёр.

Знаходжанне слоў, напісанне якіх разыходзіцца з вымаўленнем (словы з парнымі звонкімі і глухімі зычнымі).

Фарміраванне ўмення пераводзіць друкаваны тэкст у рукапісны. Замацаванне і ўдасканаленне прадуктыўных спосабаў чытання слоў і сказаў. Чытанне рукапіснага тэксту.


Заключны (паслябукварны) перыяд (17 гадзін)

Удасканальванне навыку пісьма. Захаванне вучнямі асноўных гігіенічных патрабаванняў да пісьма. Замацаванне графічна правільных напісанняў літар і спосабаў злучэння іх у слове. Практыкаванні ў рытмічным напісанні літар, складоў, слоў, невялікіх сказаў (з 2–3 слоў).

Удасканальванне ўмення правільна (без пропускаў і перастановак літар і складоў) спісваць невялікія тэксты з рукапіснага і друкаванага ўзору, пісаць словы, напісанне якіх не разыходзіцца з вымаўленнем.

Перанос слоў па складах.

Практычнае прымяненне правіл правапісу вялікай літары ў імёнах і прозвішчах людзей, клічках жывёл, назвах гарадоў, вёсак, краін, рэк, азёр; афармлення сказаў на пісьме (вялікая літара ў пачатку, кропка ў канцы сказа).


Асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў


Ведаць і разумець:

ведаць усе літары беларускага алфавіта (рукапісны варыянт);

разумець асноўнае адрозненне гукаў ад літар (гукі чуем і вымаўляем, літары бачым і пішам);

ведаць спосабы абазначэння мяккасці зычных гукаў на пісьме літарамі е, ё, і, ю, я, мяккім знакам.

Умець:

правільна, без скажэнняў, пісаць вялікія і малыя літары, іх злучэнні ў словах;

правільна спісваць словы і сказы, напісаныя ад рукі і надрукаваныя;

граматна (без пропускаў, скажэнняў літар) пісаць пад дыктоўку словы, напісанне якіх не разыходзіцца з вымаўленнем;

ужываць вялікую літару ў пачатку, кропку ў канцы сказа;

ужываць вялікую літару ў пачатку ўласных імёнаў (імёнаў і прозвішчаў людзей, клічак жывёл, назваў краін, гарадоў, вёсак, рэк і азёр).

Выкарыстоўваць набытыя веды і ўменні ў паўсядзённых зносінах і ў практычнай дзейнасці:

самастойна падпісаць работу (малюнак, выраб і іншае), выкарыстоўваючы вялікую літару для запісу свайго імя;

самастойна скласці і запісаць невялікае паведамленне (1–2 сказы), адрасаванае бацькам або сябру;

самастойна чытаць пісьмовы тэкст, адрасаваны дзіцяці (запіскі, невялікія пісьмы, інфармацыйныя паведамленні).



Пазакласнае чытанне


На занятках па пазакласным чытанні ў вучняў фарміруецца цікавасць да дзіцячай кнігі і самастойнага чытання.

Кола чытання. Невялікія мастацкія творы (1–2 старонкі) з дзіцячай кнігі аб’ёмам 10–20 старонак, назва якой, ілюстрацыі на вокладцы і ў тэксце поўнасцю адпавядаюць яе зместу. Дзіцячыя кнігі ў адпаведным афармленні (багата ілюстраваныя, з буйным шрыфтам).

Тэматыка чытання. Творы для чытання настаўнікам услых: аўтарскія і народныя творы розных жанраў (вершы, дзіцячыя песні, казкі, загадкі, прыказкі, апавяданні). Асноўныя тэмы дзіцячага чытання: пра Радзіму, дзяцей, сяброўства, працу, школу, раслінны і жывёльны свет.

Работа з дзіцячай кнігай. Пашырэнне ўяўленняў аб тэматыцы дзіцячых кніг. Знаёмства з новымі кнігамі (адна кніга на кожных занятках); выхаванне цікавасці да дзіцячых кніг, выпрацоўка ўмення адрозніваць кнігі па змесце. Фарміраванне ўменняў правільна называць кнігу (загаловак, прозвішча аўтара), чытаць услых назву дзіцячай кнігі на вокладцы, тлумачыць назву і суадносіць са зместам твора, пазнаваць знаёмыя эпізоды і сітуацыі на ілюстрацыях дзіцячых кніг, называць герояў, узнаўляць змест эпізоду або сітуацыі з апорай на ілюстрацыю, расказваць аб прачытаным.

Выкананне правіл гігіены чытання і захавання кніг.

Удзел у літаратурных гульнях па прачытаных у класе кнігах.

Знаёмства са школьнай бібліятэкай. Выбар кнігі ў бібліятэцы (кніжная выстава, ілюстраваны рэкамендацыйны спіс).


Асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў


Ведаць і разумець:

ведаць асноўныя правілы знаёмства з новай кнігай;

разумець неабходнасць выканання правіл гігіены чытання і захавання кніг.

Умець:

правільна называць знаёмыя кнігі, персанажаў любімых казак, апавяданняў;

інсцэніраваць вядомыя літаратурныя творы, асобныя эпізоды з твораў.

Выкарыстоўваць набытыя веды і ўменні ў паўсядзённых зносінах і ў практычнай дзейнасці:

самастойна або пры дапамозе дарослых (выкладчыка, бібліятэкара, бацькоў) выбіраць кнігу па тэме, якая зацікавіла;

самастойна чытаць невялікія па аб’ёме творы з кніг і часопісаў для дзяцей, расказваць аб прачытаным.


Развіццё маўлення


Гукавая культура маўлення. Развіццё слыхавой памяці і маўленчага апарату, увагі да гукавога боку мовы (сваёй і чужой). Удасканальванне моўных навыкаў: навучанне нармальнаму тэмпу і рытму маўлення, правільнаму моўнаму дыханню, патрэбнай гучнасці (уменне гаварыць без напружання) і правільнаму інтанаванню (уменне паніжаць і павышаць голас).

Навучанне вымаўленню слоў у адпаведнасці з нормамі арфаэпіі, з захаваннем націску. Правільнае вымаўленне ўсіх гукаў мовы (ізаляванае і ў словах, сказах).

Работа над словам. Удакладненне, узбагачэнне і актывізацыя слоўніка вучняў. Правільнае разуменне і ўжыванне слоў – назваў прадметаў, прымет, дзеянняў. Тлумачэнне іх значэння. Тэматычная групоўка слоў, іх рода-відавое суаднясенне.

Назіранне за сэнсавымі адценнямі слоў (мамачка, сынок, дачушка, сонейка, слонік і іншых). Адрозніванне і разуменне самых простых выпадкаў мнагазначнасці слоў (іголка швейная, медыцынская і іншых), аманіміі (лісічкі, каса), сінаніміі (жораў, журавель; гожы, прыгожы і іншых), антаніміі (мала, шмат; вузкі, шырокі і іншых).

Выкарыстанне правільнай граматычнай формы слоў.

Выкарыстанне слоў ветлівасці.

Работа над сказам і звязным маўленнем. Абдумванне адказаў на пытанні настаўніка, дакладнае іх фармуляванне, ужыванне ў адказе сказаў рознага тыпу.

Пераказ знаёмай казкі ці невялікага апавядання (па пытаннях настаўніка).

Складанне па малюнку ці серыі малюнкаў невялікага апавядання (пад кіраўніцтвам настаўніка).

Адказы на пытанні па прачытаных сказах і тэкстах.

Слоўнае маляванне з дапамогай настаўніка па змесце прачытанага. Дапаўненне сюжэта, самастойнае прыдумванне падзей, як папярэдніх, так і наступных да адлюстраваных.

Выказванне сваіх уражанняў ад прагледжаных мультфільмаў, тэлеперадач, тэатральных спектакляў, экскурсій, назіранняў.

Адгадванне загадак, тлумачэнне сэнсу прыказак, блізкіх да жыццёвага вопыту вучняў.

Завучванне на памяць вершаў, пацешак, песень, лічылак і ўзнаўленне іх з захаваннем інтанацыі, якая дыктуецца зместам.


Асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў


Ведаць і разумець:

разумець важнасць умення правільна гаварыць на беларускай мове, захоўваць правілы маўленчага этыкету.

Умець:

правільна вымаўляць гукі беларускай мовы;

правільна ўжываць у маўленні словы згодна з іх значэннем, выбіраць найбольш прыдатныя словы для выражэння думкі;

карыстацца вобразнымі выразамі (эпітэтамі, параўнаннямі, метафарамі і да таго падобным);

правільна змяняць формы слоў, будаваць сказы розных тыпаў;

самастойна або па пытаннях настаўніка пераказваць добра знаёмы праслуханы або прачытаны мастацкі твор;

складаць апавяданне па малюнку, серыі малюнкаў, на зададзеную тэму, расказваць пра падзеі з асабістага жыцця;

інсцэніраваць вядомыя літаратурныя творы, асобныя эпізоды з твораў;

ведаць на памяць 4–6 вершаў, выразна іх дэкламаваць.

Выкарыстоўваць набытыя веды і ўменні ў паўсядзённых зносінах і ў практычнай дзейнасці:

арфаэпічна правільна вымаўляць словы беларускай мовы;

інтанацыйна выразна афармляць сваё выказванне;

падтрымліваць размову на знаёмую тэму, адбіраючы неабходныя моўныя сродкі для вырашэння пазнавальных, практычных і камунікатыўных задач (праяўляць разуменне і ўзаемаразуменне, задаваць пытанне, адказваць, выказваць пажаданне, згоду або нязгоду, завяршаць размову).